4. Дзяржава прававая, сацыяльная і дзяржава эфектыўная
^ Вверх

4. Дзяржава прававая, сацыяльная і дзяржава эфектыўная

 

У сучаснай юрыдычнай навуцы існуюць тэрміналагічныя выразы і словаспалучэнні, з дапамогай якіх апісваюцца розныя бакі сучаснай дзяржавы – прававая дзяржава, сацыяльная прававая дзяржава, дзяржава сацыяльная і эфектыўная. Кожнае з гэтых слова­спалучэнняў і выразаў абазначае асобныя бакі дзяржавы, падкрэслівае тыя ўласцівасці, якія характарызуюць сучасную дзяржаву.

Асобныя элементы тэорыі сацыяльнай дзяржаўнасці пачалі актыўна распрацоўвацца ў канцы ХIХ–пачатку ХХ ст. Гэта было абумоўлена развіццём у тагачасных дзяржаў актыўнай сацыяльнай дзейнасці. Функцыянаванне дзяржаў на прынцыпах лібералізму, калі дзяржавы не выказвалі ўмяшальніцтва ў эканамічныя і сацыяльныя працэсы, хутка прывяло да таго, што ў грамадстве накапілася вельмі шмат сацыяльных супярэчнасцей, якія выклікалі непажаданыя сацыяльныя катаклізмы і выбухі. Актыўнае ўмяшальніцтва дзяржавы ў размеркаванне і пераразмеркаванне матэрыяльна-фінансавых каштоўнасцей суправаджалася распрацоўкай сацыяльнай палітыкі і ўсебаковым развіццём сацыяльнай функцыі. Асабліва бурнае і шырокае развіццё сацыяльная дзейнасць дзяржавы набыла ў Германіі часоў Бісмарка. Менавіта ў той час пачалі складвацца і развівацца асноўныя складаныя часткі сацыяльнай функцыі, якая атрымала бурнае развіццё ў сучаснай Федэратыўнай Рэспубліцы Германіі.

Міжнароднае супрацоўніцтва дзяржаў у сацыяльнай сферы, якое было заканамерным вынікам распрацоўкі і рэалізацыі ўнутрыдзяржаўнай сацыяльнай палітыкі, прывяло да з’яўлення міжнародна-прававых дакументаў (пактаў і дэкларацый), у якіх на між­народным узроўні замацоўваліся разнастайныя сацыяльныя, ­грамадзянскія і культурныя правы і свабоды. Так з’явіліся міжнародна-прававыя пакты і правы чалавека і асобы першага і другога пакаленняў.

Развіццё сацыяльнай функцыі заўсёды суправаджаецца значным умяшальніцтвам дзяржавы ў працэсы размеркавання і пераразмеркавання матэрыяльных каштоўнасцей, ростам бюджэту дзяржавы і асабліва той яго часткі, якая накіравана на ажыццяўленне разнастайных сацыяльных праграм. Акрамя гэтага, сучасная дзяржава актыўна ўмешваецца ў вытворчыя працэсы, у эканамічную сферу існавання супольнасці. Усё гэта, безумоўна, садзейнічае росту дабрабыту людзей, спрыяе развіццю чалавека і асобы, але адначасова суправаджаецца і ростам утрыманскіх настрояў і ўтрыманскай псіхалогіі ў грамадстве. Таму заканамерна паўстае пытанне аб межах і аб’ёмах сацыяльнай дзейнасці дзяржавы, узнікае праблема эфектыўнасці сродкаў, якія выдаткоўваюцца дзяржавай на ажыццяўленне эканамічнай і сацыяльнай дзейнасці. Такі ракурс разгляду пытанняў эканамічнай і сацыяльнай дзейнасці ў спалучэнні з развіццём разнастайных дзяржаўных праграм і планаў прыкладна ў сярэдзіне 70-х гадоў мінулага стагоддзя абумовіў з’яўленне ў заходнееўрапейскай палітыка-прававой літаратуры паняцця эфектыўнай дзяржавы.

Паняцці і тэрміны прававой, сацыяльнай і эфектыўнай дзяржаўнасці адлюстроўваюць розныя бакі дзяржавы. Гэта не асобыя этапы яе развіцця, не асобныя фазы і тым больш тыпы, гэта асобныя паняцці і тэрміны, з дапамогай якіх абазначаюцца і характарызуюцца асобныя ўласцівасці і якасці сучаснай дзяржавы.