2. Фармаванне поглядаў на прававую дзяржаву
^ Вверх

2. Фармаванне поглядаў на прававую дзяржаву

 

Разгледжаныя праявы ўзаемаадносін паміж дзяржавай і правам назіраліся ў рознай ступені на доўгім гістарычным шляху развіцця дзяржавы і права, іх суіснавання. Адзначаныя элементы ўзаемаадносін паміж дзяржавай і правам, узроўні ўзаемаадносін і іх накірункі – своеасаблівыя каардынаты, у межах якіх будуюцца самыя розныя формы арганізацыі дзяржаўнасці. Адной з такіх форм з’яўляецца прававая дзяржава.

Некалькі момантаў трэба мець на ўвазе пры разглядзе пытання аб фармаванні тэорыі (поглядаў) на прававую дзяржаву. Па-першае, тэорыя прававой дзяржавы не ўяўляе сабой завершаную канцэпцыю, яна пастаянна ўдакладняецца і развіваецца. Па-другое, назва тэорыі, а, адпаведна, і яе змест гучаць па-рознаму ў залежнасці ад дактрынальна-прававых традыцый, у межах якіх разглядаецца тэорыя прававой дзяржавы. Па-трэцяе, далёка не заўсёды назва, якая абазначае тую ці іншую сацыяльна-прававую рэальнасць, адпавядае яе сутнасці.

Тэрмін «прававая дзяржава» з’явіўся ў першай палове ХIХ ст. у працах нямецкіх навукоўцаў К.Т. Велькера, Р.Ф. Моля, а асобныя навуковыя палажэнні, высновы і канцэпцыі, якія затым увайшлі арганічнымі складанымі часткамі ў тэорыю прававой дзяржавы, выказваліся яшчэ старажытнымі грэкамі. Было б, аднак, памылкова лічыць, што старажытныя грэкі распрацоўвалі тэорыю прававой дзяржаўнасці. Аб такой сацыяльна-прававой рэчаіснасці стала магчымым разважаць пасля фармавання раннебуржуазных дзяржаўных утварэнняў. Вось чаму звычайна лічаць тэорыі раннебуржуазных мысліцеляў Г. Гроцыя, Дж. Лока, Т. Мора, Т. Гобса, Ш. Мантэск’е, І. Канта, Ж.-Ж. Русо, у якіх разглядаліся розныя бакі сучаснай ім раннебуржуазнай дзяржаўнасці, найбольш значнымі ў распрацоўцы тэорыі прававой дзяржаўнасці.

Далейшыя даследаванні тэорыі прававой дзяржаўнасці найперш абапіраліся на вопыт развіцця буржуазнай дзяржаўнасці. Эвалюцыя дадзенай формы дзяржаўнасці (формы ў шырокім сэнсе слова), асабліва ў заходнееўрапейскіх дзяржавах, давала шмат­лікія прыклады для абагульнення вопыту пабудовы прававой дзяржавы і яго пераймання іншымі дзяржавамі. Перайманне перадавога вопыту пабудовы прававой дзяржавы заўсёды суправаджалася мадыфікацыяй запазычаных элементаў падзелу ўлады і забеспячэння адзінства дзяржаўнай улады, пабудовы цывільнай супольнасці і яе элементаў – самакіравання, шматпартыйнасці, дэмакратычнай дзяржаўнасці і г. д. Вось чаму нельга гаварыць аб нейкай ідэальнай мадэлі прававой дзяржаўнасці, толькі аб нейкіх тэндэнцыях ва ўладкаванні самой дзяржаўнай улады, арганізацыі яе ўзаемадачыненняў з грамадствам, узаемаадносін з правам, з чалавекам і асобай.