2. Сацыяльны лад першабытнага грамадства
^ Вверх

2. Сацыяльны лад першабытнага грамадства

 

Сацыяльная сістэма першабытнага грамадства, як і эканамічная яго сістэма, не заставалася нязменнай. Яна развівалася і трансфармавалася ад простых да больш складаных структур. Ускладненне сацыяльнай сістэмы было абумоўлена шэрагам прычын як біялагічнага, так і выключна сацыяльнага характару. Асноўнымі этапамі (стадыямі) развіцця, якія прайшла ў сваім развіцці сацыяльная сістэма першабытнага грамадства, былі: праабшчына (малая роднасная група) – родавая абшчына (мацярынская і бацькоўская) – першабытная суседская абшчына. 

Першабытная праабшчына ўяўляла невялікую групу людзей, якая складалася звычайна з некалькіх дзесяткаў індывідаў (20–30 дарослых асоб). У значнай ступені адносіны ў такіх калектывах нагадвалі адносіны, якія характарызуюць звярыную зграю, адсюль і выцякае назва – першабытны чалавечы статак, якая часта ўжываецца ў навуковай літаратуры для абазначэння праабшчыны. Цалкам верагодна, што пад уздзеяннем асобных акалічнасцей, асабліва ва ўмовах знешняй небяспекі, што пагражала першабытным людзям, такія праабшчыны маглі аб’ядноўвацца ў больш-менш трывалыя аб’яднанні праабшчын.

Першабытныя праабшчыны вялі адносна адасоблены адна ад другой лад жыцця, былі раскіданы на вялізных тэрыторыях, трымаліся на прыгодных для збіральніцтва і палявання тэрыторыях, прычым суадносіны збіральніцтва і палявання ў іх мяняліся ў розныя гістарычныя эпохі, у розныя сезоны, у розных геаграфічных умовах. Паляванне, аднак, было больш прагрэсіўнай галіной гаспадаркі, бо яно стымулявала арганізаванасць праабшчыны, прымушала да больш шчыльнага супрацоўніцтва індывідаў у працоўным працэсе, дэманстравала моц калектывізму.

Жыццё праабшчыны, хутчэй за ўсё, было аседлым. Па-першае, аседлы лад жыцця, асабліва ва ўмацаваным жытле, мог надзейна гарантаваць бяспеку чалавека. Па-другое, маючы пастаяннае жытло (стойбішча), чалавек мог надзейна захаваць тыя расліны і плады, ад якіх залежала яго існаванне. Старажытны чалавек вымушаны быў быць запаслівым і накопліваць тое харчаванне, якое збіраў у навакольным асяроддзі, бо ад гэтага залежала яго выжыванне. А захаваць і зберагчы накопленае можна было толькі маючы сталыя збудаванні. Цяжка ўявіць сітуацыю, каб старажытны чалавек пакінуў склады і амбары і не ахоўваў іх ад іншых людзей і жывёл. Наадварот, ён павінен быў стала размяшчацца каля іх. А гэта азначае, што ён быў вымушаны весці аседлы лад жыцця.

І калі, магчыма, на самых першасных этапах сваёй гісторыі, займаючыся пераважна збіральніцтвам, знаходзячыся ва ўмовах прысвойваючай эканомікі, чалавек найчасцей вымушаны быў вандраваць, бо асвоеная ім тэрыторыя пераставала забяспечваць яго патрэбы, то паступова, асабліва ва ўмовах пераходу да вытворчай эканомікі, ён вымушаны быў перайсці да аседлага ладу жыцця. Аседлы лад жыцця спрыяў не толькі росту вытворчасці працы, павышэнню дабрабыту грамадства і асобы, але і садзейнічаў развіццю сацыяльнай сістэмы грамадства.

На змену першабытнай праабшчыне прыйшла больш складаная і дасканалая форма сацыяльнай арганізацыі – родавая абшчына. Род – аб’яднанне першабытных людзей, якія вядуць сумесную гаспадарчую дзейнасць на грунце роднасных сувязяў. Родавая абшчына прайшла ў сваім развіцці два этапы – матрыярхат (мацярынскі род) і патрыярхат (бацькоўскі род). 

У навуковай літаратуры абмяркоўваецца пытанне аб тым, якія падставы ляжалі ў падмурку пераходу грамадства ад першабытнай прааабшчыны да родавай абшчыны (прычым да мацярынскай родавай абшчыны). Выказаны дзве досыць абгрунтаваныя версіі. 

Першая з іх заснавана на тым, што пераход да родавай мацярынскай абшчыны быў абумоўлены галоўным чынам біялагічнымі фактарамі. Адносная адасобленасць першабытных праабшчын вяла да эндагаміі, г. зн. да шлюбаў унутры абшчын паміж усімі мужчынамі і ўсімі жанчынамі. Гэта прыводзіла да кровазмяшэння. Кровазмяшэнне абумоўлівала фізічнае выраджэнне і выміранне. Забарона на такія шлюбы заканамерна азначала ўзвышэнне ролі жанчыны, бо толькі жанчына магла дакладна ведаць бацьку і падтрымліваць такім чынам экзагамныя забароны (табу).

Другая версія заснавана на тым, што ўсталяванне забарон на неўладкаваныя палавыя адносіны было абумоўлена выключна сацыяльна-эканамічнымі (іншымі словамі, вытворчымі) прычынамі. Неабходнасць захавання праабшчыны ў якасці гаспадарчай і грамадскай адзінкі падштурхнула людзей да ўсталявання забарон на неўладкаваныя палавыя адносіны, бо адсутнасць рэгулюемых шлюбаў вяла да шматлікіх сутыкненняў у праабшчыне і разбурала яе. 

Можна прывесці досыць грунтоўныя доказы на карысць як першай, так і другой версіі ўсталявання палавых забарон, але бясспрэчным застаецца той момант, што з саміх палавых забарон вырас інстытут рода. Як толькі былі трывала ўсталяваны забароны на палавыя адносіны паміж бліжэйшымі родзічамі, адразу ж сфармаваўся род, а дакладней, мацярынскі род. У гэтых умовах надзвычай важнай становіцца роля жанчыны. Менавіта па ёй устанаўліваюцца нашчадкі, а таму родавы лад непазбежна ўзнікае першапачаткова як мацярынскі род.

Пасля таго, як з палавых адносін паступова былі выключаны ўсе блізкія і больш аддаленыя суродзічы, натуральны фактар страціў рашаючую ролю ў сацыяльным развіцці. Наступныя змены ў сацыяльным ладзе сталі вынікам сацыяльна-эканамічных прычын. На першае месца ў родзе вылучаецца мужчына, ён узначальвае род, родавая абшчына становіцца бацькоўскай, на змену матрыярхату прыходзіць патрыярхат. 

На больш позніх этапах развіцця родавага ладу асобныя роды аб’ядноўваюцца ў плямёны блізкіх родаў, а затым і саюзы плямёнаў. Узбуйненне грамадскіх структур ішло на карысць людзям, бо яно дазваляла ім больш эфектыўна супрацьстаяць сілам прыроды, выкарыстоўваць больш дасканалыя сродкі і прыёмы працы (напрыклад, паляванне загонам), стварыла ўмовы для спецыялізацыі ў вытворчасці і кіраванні, дазваляла больш паспяхова адбіваць напады суседзяў і самім нападаць на іх.

На змену родавай абшчыне прыходзіць такая форма арганізацыі сацыяльнага ладу, як першабытная суседская абшчына. Яна характарызуецца тым, што на адной і той жа тэрыторыі, у адным і тым жа паселішчы побач стала пражываюць прадстаўнікі розных родаў і плямёнаў.