1. Эканамічная сістэма першабытнага грамадства
^ Вверх

1. Эканамічная сістэма першабытнага грамадства

 

Два моманты найбольш адметна характарызуюць эканамічную сістэму любога, у тым ліку і першабытнага грамадства – форма ўласнасці на сродкі вытворчасці і матэрыяльныя каштоўнасці, а таксама характар размеркавання і спажывання.

Для першабытнага грамадства характэрна наяўнасць дзвюх форм уласнасці – агульнай (калектыўнай) і індывідуальнай (прыватнай). Пануючай формай была калектыўная (агульная) форма ўласнасці, у якой знаходзіліся тыя сродкі вытворчасці і матэрыяльныя каштоўнасці, што: 1) стварыліся агульнымі намаганнямі супольніцтва і 2) выкарыстоўваліся агульнымі намаганнямі першабытных людзей. Да калектыўнай уласнасці адносіліся: зямля – прамысловыя тэрыторыі з усімі аб’ектамі, паляўнічыя загоны, рыбалоўныя запоры, лодкі, сеткі, жыллё, вогнішча і г. д. Да індывідуальнай уласнасці адносіліся: вырабленыя асобай індывідуальныя сродкі працы – кап’ё, лук, сякера і інш. Існаванне індывідуальнай уласнасці было абумоўлена патрэбамі вытворчасці і адпавядала інтарэсам супольнасці, бо найбольш эфектыўнае выкарыстанне азначаных сродкаў працы было магчымым толькі тады, калі яны адпавядалі індывідуальным асаблівасцям уладальніка.

Характар узаемаадносінаў паміж калектыўнай і індывідуальнай формамі ўласнасці вызначаўся паступовым пераходам матэрыяльных сродкаў, перш-наперш сродкаў вытворчасці, з калектыўнай у прыватную ўласнасць, што вяло да ўзвышэння значнасці прыватнай уласнасці ў параўнанні з калектыўнай уласнасцю. Першапачаткова ў індывідуальную ўласнасць сталі пераходзіць ежа, зброя, упрыгажэнні, у больш позні час – жанчыны, якія былі ўкрадзены ў суседзяў, затым – прыручаныя дамашнія жывёлы, жытло, зямля і, нарэшце, рабы. Акрэслены парадак узаемадачыненняў паміж калектыўнай і прыватнай уласнасцю быў абумоўлены выключна эканамічнымі прычынамі, бо пераход каштоўнасцей з адной у другую форму ўласнасці садзейнічаў павышэнню вытворчых вынікаў працы, яе эфектыўнасці, што ў сваю чаргу ішло на карысць як асобе, так і ўсёй супольнасці.

Самай старажытнай формай размеркавання і спажывання матэрыяльных каштоўнасцей была сістэма, якая была заснавана на дамінаванні нейкай асобы. Яна адпавядала сацыяльнай структуры і арганізацыі ўлады, якія былі ўласцівы чалавечаму статку, праабшчыне. Згодна з дадзенай сістэмай перавагу ў размеркаванні атрымлівала найбольш дужая ў фізічных адносінах асоба. Дадзеная сістэма паступова саступіла месца іншаму парадку размеркавання, які быў заснаваны на падзеле і спажыванні ежы паміж тымі, хто непасрэдна прысутнічаў і прымаў удзел у гэтай справе, прычым кожны з прысутных атрымліваў не больш за іншых.

Такі характар размеркавання і спажывання можна назваць «роўназабяспечваючым», бо ён улічвае ўжо не толькі фізічную сілу асобы, як пры размеркаванні каштоўнасцей у папярэдняй сістэме «дамінавання». Пры новай сістэме размеркавання пачалі ўлічваць не толькі розніцу ў патрэбах па полу і ўзросту, але і вышэйшыя інтарэсы калектыву цалкам. Усе індывіды мелі права на здабычу, кожны мог узяць сваю долю, але такім чынам, каб гэта не пазбаўляла іншых індывідаў магчымасці атрымаць сваю частку. Пры дастатку ежы доля кожнага вызначалася яго патрэбнасцямі, а пры яе недахопе – суадносінамі рэальных патрэбнасцей у ежы. Адметнай рысай размеркавання ў першабытным грамадстве было тое, што яно непасрэдна супадала са спажываннем. Гэта азначала, што «прыватызавалася» тая частка ежы, якая засвойвалася індывідам. Тое, што не было засвоена, заставалася ў калектыўнай уласнасці. Пры неабходнасці, асабліва пры знешняй небяспецы, дарослыя паляўнічыя-воіны маглі спажыць апошнія кускі ежы.

Пры характарыстыцы размеркавання ў першабытным грамадстве часта выкарыстоўваецца тэрмін «разборка», паколькі ніводзін індывід не атрымліваў сваю долю ад кагосьці. Ён яе браў дзеля таго, каб тут жа яе ўжыць. Забаранялася адносіць сваю долю, распараджацца ёю, перашкаджаць іншым індывідам рэалізоўваць іх «права» на долю здабычы. Разам з тым, усё, што было здабыта сумеснымі намаганнямі супольнасці, знаходзілася ў поўнай яе ўласнасці.

Такім чынам, мы бачым, што ўзаемаадносіны паміж формамі ўласнасці і ўзаемадачыненні пры размеркаванні ў першабытным грамадстве не заставаліся нязменнымі. Эканамічная сістэма ўскладнялася і трансфармавалася ў кірунку павышэння эфектыўнасці.