Бойка М.П. РАБОТА З КАЗКАЙ НА ЎРОКАХ І ПАЗАКЛАСНЫХ ЗАНЯТКАХ З ВЫКАРЫСТАННЕМ КАМП’ЮТАРНЫХ ТЭХНАЛОГІЙ І СРОДКАЎ МУЛЬТЫМЕДЫЯ
^ Вверх

Бойка М.П.

студэнтка 1 курса педагагічнага факультэта

(навуковы кіраўнік – Крофта Г.Ў., кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання)

 

РАБОТА З КАЗКАЙ НА ЎРОКАХ І ПАЗАКЛАСНЫХ ЗАНЯТКАХ З ВЫКАРЫСТАННЕМ КАМП’ЮТАРНЫХ ТЭХНАЛОГІЙ І СРОДКАЎ МУЛЬТЫМЕДЫЯ

 

В статье описываются возможности использования мультимедийных презентаций в начальной школе. Рассматриваются приёмы работы со сказкой на уроках белорусского языка и литературы с использованием средств мультимедиа. 


Час дыктуе новыя патрабаванні да навучання. Усё часцей крэйда і школьная дошка адыходзяць на задні план. Працэс інфарматызацыі грамадства імкліва рухаецца ўперад, а значыць, дзяцей неабходна навучыць апрацоўваць інфармацыю, вырашаць практычныя задачы, рэагаваць на змены, якія адбываюцца ў навуцы і ў грамадскім жыцці.

Камп’ютарныя тэхналогіі, і ў прыватнасці мультымедыйныя прэзентацыі, – адзін з эфектыўных сродкаў прыарганізацыі навучання на ўроках.

Менавіта ў пачатковай школе адбываецца змена вядучай дзейнасці дзіцяці з гульнявой на вучэбную. Прымяненне камп’ютарных тэхналогій у навучальным працэсе дазваляе арганічна сумясціць гэтыя два віды дзейнасці. Выкарыстанне багатых графічных, гукавых і інтэрактыўных магчымасцей камп’ютара стварае станоўчы эмацыйны фон на занятках, спрыяе развіццю асобы вучня, прычым адбываецца гэта непрыкметна для яго. Гэтым забяспечваецца такая неабходная для дзяцей малодшага школьнага ўзросту плаўная змена відаў дзейнасці, а значыць, навучанне становіцца цікавым. [1,с. 52]

Інфармацыйныя тэхналогіі ў параўнанні з традыцыйным навучаннем маюць шэраг пераваг:

  • камп’ютарныя сродкі дазваляюць падаваць навучальны матэрыял у даступнай малодшым школьнікам візуальнай форме;
  • выкарыстанне пры падачы вучэбнай інфармацыі руху, гуку, мультыплікацыі надоўга прыцягвае ўвагу вучняў;
  • падача на экране камп’ютара заданняў у гульнявой форме выклікае ў вучняў цікавасць да навучальнага матэрыялу і забяспечвае іх уключэнне ў дзейнасць па яго засваенню;
  • камп’ютарныя сродкі падтрымліваюць матывацыю вучняў заахвочваннем да правільнага рашэння вучэбных задач;
  • ёсць магчымасць самастойнага рэгулявання вучнем тэмпу работы на камп’ютары;
  • камп’ютар заўсёды аб’ектыўны  ў ацэнцы вынікаў[2].

Камп’ютарныя тэхналогіі дазваляюць зрабіць урок больш цікавым і эфектыўным, спрыяючы актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў, развіццю навыкаў самакантролю, фарміраванню інфармацыйна-камунікацыйнай кампетэнцыі школьнікаў [3].

Адной з найбольш удалых формаў падачы навучальнага матэрыялу на ўроках у пачатковай школе з'яўляюцца мультымедыйныя прэзентацыі.

Мультымедыйная прэзентацыя –унікальны спосаб паказу нагляднай інфармацыі.Яшчэ К.Д. Ушынскі заўважаў: «Дзіцячая прырода патрабуе нагляднасці».

Прэзентацыя дае магчымасць настаўніку скампанаваць навучальны матэрыял, зыходзячы з асаблівасцяў пэўнага класа, тэмы, прадмета. Інфармацыя падаецца ўпарадкавана, сістэматызавана.

У сваю чаргу вучняў прываблівае навізна ўрокаў. Яны становяцца больш актыўнымі,у іх з’яўляецца інтарэс да вывучаемага матэрыялу, яны гатовы выконваць дадатковыя заданні, хочуць дасягнуць больш высокага выніку.

Прэзентацыю зручна выкарыстоўваць настаўніку пры падрыхтоўцы ўрокаў яшчэ і таму, што слайды можна падрыхтаваць да кожнага этапа ўрока. Аднак пры стварэнні прэзентацыі неабходна прытрымлівацца наступных патрабаванняў:

  • на слайдзе не павінна быць вялікай колькасці інфармацыі;
  • на кожным слайдзе павінна быць не больш за два малюнкі;
  • памер шрыфту павінен быць вялікі (24-28 пунктаў);
  • анімацыю выкарыстоўваць 1 раз на працягу 5 хвілін;
  • усе слайды павінны быць аформлены ў адным стылі(фон, памер шрыфту, колер і таўшчыня ліній);
  • падбіраць аптымальнае для ўспрымання колеравае спалучэнне фону і шрыфту;
  • прэзентацыя павінна дапаўняць,ілюстраваць тое, пра што гаворыцца на занятку;
  • не трэба выкарыстоўваць музычнае суправаджэнне, калі яно не нясе сэнсавай нагрузкі.

Інфармацыйна-камп’ютарныя тэхналогіі прымяняюцца ў сучаснай школе пры вывучэнні ўсіх прадметаў. Безумоўна, варта іх выкарыстоўваць і пры навучанні мове, маўленню і чытанню. У малодшым школьным узросце дзеці асабліва ўспрымальны для засваення мовы. Таму вельмі важна не прапусціць найбольш зручны час для ўзбагачэння і пашырэння слоўнікавага запасу вучняў, фарміраванне іх маўленчых навыкаў.

Адна з найважнейшых задач сённяшняй школы –выхаванне інтэлектуальна развітай, духоўна багатай, нацыянальна свядомай творчай асобы. Вялікую ролю ўфарміраванні чалавека выконвае роднае слова. Якуб Колас пісаў: «Скрозь адчыненыя дзверы роднай мовы льецца у школу шырокая, магутная плынь, плынь асветы, людкуючы розум і пачуцці дзяцей» [4, с. 319].К.Д.Ушынскі адзначаў, што «не толькі ўмоўным гукам вучыцца дзіця, вывучаючы родную мову, але п’е духоўнае жыццё і сілу з грудзей роднага слова» [5, с.12].

Эфектыўным прыёмам у рабоце па развіцці маўлення малодшых школьнікаў з’яўляецца работа з мультымедыйнай казкай. Народныя творы заўсёды цікавыя дзецям. Яны дапамагаюць выхоўваць у іх цікавасць да мовы, развіваць маўленне і памяць. Праца з казкай удасканальвае навыкі звязнага маўлення, узбагачае слоўнікавы запас вучняў.

У працэсе фарміравання ў малодшых школьнікаў творчых адносін да казак настаўнік дапамагае ім уяўляць тое, пра што расказваецца ў творы, выконваць тэкст эмацыянальна, выяўляць падчас расказвання свае адносіны да тых з’яў і падзей, што адлюстроўваюцца ў творы, складаць казкі, выкарыстоўваць у сваім маўленні трапныя выразы і вобразныя словы.

Роля казак павялічваецца ў сітуацыі блізкароднаснага білінгівізму. Яны з’яўляюцца адным з найбольш эфектыўных сродкаў навучання рускамоўных дзяцей першапачатковым навыкам беларускай мовы, узнаўлення пачутага, паступовага засваеня мовы на прадуктыўным узроўні.

Актыўнаму ўспрыманню дзецьмі казкі садзейнічае выкарыстанне ІКТ, у прыватнасці, мультымедыйных прэзентацый, якія забяспечваюць паспяховае ўспрыманне інфармацыі дзякуючы нагляднасці. Персанажы казак могуць ажываць дзякуючы анімацыі: рухаюцца малюнкі, словы, літары. Пры дапамозе прэзентацыі можна патлумачыць незнаёмае дзецям слова, напрыклад, назвы элементаў нацыянальнага касцюма, прадметаў побыту (світка, кросны, збан, кудзеля і інш.).

З выкарыстаннем сродкаў мультымедыя зручна ажыццяўляць міжпрадметныя сувязі, асабліва паміж урокамі беларускай мовы і літаратурнага чытання. Выкарыстанне слоўнага матэрыялу казак для засваення пэўных правіл беларускай мовы садзейнічае абуджэнню зацікаўленасці школьнікаў. Вядома, што веды найлепш засвойваюцца, калі яны падмацаваны эмацыйным успрыманнем. Сродкі мультымедыя дапамагаюць  праводзіць слоўныя гульні, дэманстраваць красворды, ілюстрацыі да прыказак і фразеалагізмаў, якімі нярэдка насычаны фальклорныя творы.

Акрамя таго, можна прапанаваць і аўтарскую лінгвістычную казку, населеную такімі персанажамі, як гукі, літары, словы, і падаць яе ў форме прэзентацыі. Зручна выкарыстоўваць сродкі мультымедыя і пры напісанні сачыненняў, размяшчаючы на слайдах цяжкія для напісання ці незнаёмыя словы, пункты плану, малюнкі, якія павінны выклікаць водгук у школьнікаў, абуджаць іх творчыя здольнасці.

Безумоўна, выкарыстанне прэзентацый павінна спрыяць стварэнню сітуацыі дыялогу паміж настаўнікам і вучнем. Матэрыял, прапанаваны на слайдах, мусіць актывізаваць творчае супрацоўніцтва, выклікаць дзіця да дыялогу, да пошуку адказаў, абудзіць творчае мысленне. Можна разнастаіць заняткі дзякуючы выкарыстанню фрагментаў музычных твораў, відэазапісаў, дэманстрацыі твораў жывапісу. Дзякуючы гэтаму ўспрыманне зместу казкі адбываецца на высокім эмацыянальна-эстэтычным узроўні. Развіваецца густ школьнікаў, пашыраецца іх кругагляд. Абмеркаванне мастацкіх твораў спрыяе развіццю звязнага (дыялагічнага і маналагічнага) маўлення.

На аснове казак можна ствараць модулі-трэнажоры для самастойнай работы на пазакласных занятках ці дома.У займальны сюжэт уключаюцца разнастайныя элементы працы са словам. Вучань можа атрымаць «падказку» ад камп’ютара, ён мае магчымасць працаваць самастойна, у індывідуальным тэмпе. У канцы ён атрымлівае ацэнку вынікаў сваёй працы. Выкананыя заданні павінны ацэньвацца карэктна, ствараць сітуацыю поспеху, матываваць да далейшай працы. Такім чынам, камп’ютар дазваляе індывідуалізаваць працэс навучання, павышае матывацыю, садзейнічае фарміраванню навыкаў самастойнай працы ў малодшых школьнікаў. Камп’ютар – гэта своеасаблівы электронны рэпетытар, які дапаможа хутка і эфектыўна пашырыць слоўнікавы запас вучняў, павысіць узровень пісьменнасці, паўтарыць правілы, праверыць свае веды.

Такім чынам, выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій  стварае ўмовы для актыўнай і творчай дзейнасці на ўроках. ІКТ дазваляе коратка і маляўніча падаць неабходны матэрыял вучням, дапамагае развіваць самастойнасць, творчасць і крытычнасць мыслення малодшых школьнікаў. Дзякуючы выкарыстанню мультымедыйных прэзентацый урокі становяцца яркімі, насычанымі і дынамічнымі.

 

Спіс літаратуры

 

1. Михайловская, И.С. Информационные технологии в начальной школе. Ресурсы развития качества образовательного процесса / И.С.Михайловская // Пачатковая школа. – 2009. – №11. – с. 52–53.

2. Ларских, З.П. Организация обобщающего повторения материала по орфографии с компьютерной поддержкой / З.П. Ларских // Начальная школа. – 2014. – №7. – с. 53–56.

3.Тюкало, И.И.  Мультимедийные презентации на уроках в начальных классах / И.И. Тюкало // Народная асвета. – 2012. – №11. – с. 53–55.

4. Колас Я. Методыкароднаймовы // Збортвораў: У 14 т. - Т.12. [Тэкст] / Я. Колас. –Мінск : Мастацкаялітаратура, 1976. – 457 с.

5. Ушинский, К.Д. Избр. пед.соч.: В 2-х т. / К.Д.Ушинский. - М., 1974. - .