Лекцыя 2
1. Навагрудская праваслаўная мітраполія. Грамадска-палітычныя погляды і дзейнасць Грыгорыя Цамблака.
2. Прававая думка на Беларусі ў ХІV–ХV стст.
1. Навагрудская праваслаўная мітраполія. Грамадска-палітычныя погляды і
дзейнасць Грыгорыя Цамблака
У папярэдніх лекцыях адзначалася, што ў сярэднявеччы гасудары імкнуліся мець дзве апоры сваёй улады: свецкую (атрымліваць прастол праз выбары ці па спадчыне), і духоўную (мець сваю аўтакефальную (незалежную) царкву).
Шлях да Літоўскай аўтакефальнай праваслаўнай мітраполіі быў супярэчлівым і пакручастым. На нашу думку, патрэбна разглядзець гэты шлях, ён дапаможа нам усвядоміць шмат якія адметныя рысы станаўлення беларускай дзяржаўнасці.
У ХІV – ХV стст. вялікія князі літоўскія Віцень, Альгерд, Вітаўт імкнуліся мець асобную літоўскую праваслаўную мітраполію. Спярша гэта ідэя рэалізавалася паспяхова. Мы ўжо адзначалі, што ў 988 годзе князь Уладзімір заснаваў у Кіеве першую праваслаўную мітраполію на тэрыторыі Кіеўскай Русі. Але затым гістарычная сітуацыя змянілася. У 1240 годзе татара-мангольскі хан Батый разбурыў і спаліў Кіеў. Мітрапаліт Кіеўскі і «усея Русі» Максім пакінуў спалены татарамі Кіеў і перанёс сваю рэзідэнцыю ў горад Уладзімір (пад Маскву). Такім чынам, украінскія і беларускія землі былі пазбаўлены сваёй праваслаўнай мітраполіі.
У гэтых умовах вялікі князь Віцень звярнуўся да візантыйскага цэсара (імператара) з просьбай дазволіць адкрыць асобную літоўскую праваслаўную мітраполію ў Навагрудку. Просьба Візантыяй была задаволена і пры канстанцінопальскім патрыярху Іоане Глікісу ў 1316 годзе (некаторыя даследчыкі лічаць, што ў 1317 або ў 1291 гг.) была ўтворана Літоўская праваслаўная мітраполія. З дакументаў вядома, што першым мітрапалітам быў Феафіл, грэк па паходжанні. Цэнтр мітраполіі знаходзіўся ў Навагрудку, кафедральным саборам была Барысаглебская царква, а рэзідэнцыяй мітрапаліта – манастыр пры гэтай царкве. Мітраполія была надзелена значнымі зямельнымі ўгоддзямі і грашовымі ўкладамі багатых вернікаў.
Існаванне Навагрудскай мітраполіі пацвярджаюць дакументы Канстанцінопальскай патрыярхіі, у якіх упамінаецца, што наваградскія мітрапаліты бралі ўдзел ў сінодах 1317, 1327, 1329 гг.
Такім чынам, ва ўсходніх славян склаліся два цэнтры праваслаўя – мітраполіі ва Уладзіміры (пад Масквой) і ў Навагрудку. Пачалася шматгадовая барацьба паміж Вялікім княствам Літоўскім і Масквою за права мець праваслаўнага мітрапаліта з тытулам «кіеўскі і ўсея Русі», што азначала – Літвы і Масквы. У барацьбе вызначыліся два асноўныя шляхі. Першы шлях – Літва і Масква імкнуліся дабіцца ад візантыйскага патрыярха зацвярджэння свайго стаўленіка мітрапалітам з наданнем яму тытула «кіеўскі і ўсея Русі», гэта азначала б Літвы і Масквы. Другі шлях – калі не атрымаецца займець свайго мітрапаліта з азначаным тытулам, у такім разе, без згоды канстанцінопальскага патрыярха, абвясціць свайго мітрапаліта «кіеўскім і ўсея Русі», гэта азначала займець сваю аўтакефальную (незалежную ад Візантыі) праваслаўную мітраполію.
Спярша Літва пайшла па першым шляху. Яна накіравала ў Візантыю свайго кандыдата на пасаду мітрапаліта – некага Рамана. Але візантыйскі патрыярх у 1409 годзе мітрапалітам, з тытулам «кіеўскі і ўсея Русі», зацвердзіў прадстаўніка Масквы Фоція. З Уладзіміра мітраполія пераехала ў Маскву і атрымала назву «маскоўская».
Такім чынам, Візантыя адкрыта стала на бок Масквы, магчымасці першага шляху былі вычарпаны. Тады для Літвы застаўся другі шлях – стварыць сваю аўтакефальную (незалежную ад Візантыі) праваслаўную мітраполію. У 1415 годзе ў Навагрудку, пры падтрымцы князя Вітаўта, без згоды Візантыі, быў скліканы царкоўны сабор, на якім прысутнічалі 8 епіскапаў, шмат іншага праваслаўнага духавенства. Навагрудскі царкоўны сабор не прызнаў Фоція, адзначыў, што Масква набыла тытул мітрапаліта ў Візантыі за хабар, аб чым сабор «скорбяху и в печали бехом» [6, с.83]. Сабор нагадаў, што паводле правілаў «времен опостальских... два или три епископа рукополагають митрополита» [6, с.84]. На Навагрудскім саборы, як мы ўжо адзначалі, прысутнічалі 8 епіскапаў, таму гэтыя 8 епіскапаў вырашылі «по благодати, данной нам от святого Духа, поставихом митрополитом святой нашей церкви Киевской и всей Руси именем Григория» [6, с.84 ] (Цамблака – І.Б.).
Так была заснавана Навагрудская (Літоўская) аўтакефальная мітраполія на чале з мітрапалітам Цамблакам Грыгорыем. Літоўская аўтакефальная праваслаўная мітраполія праіснавала 209 гадоў (1415 – 1624 гг.), правяла тры царкоўныя саборы. Апошні царкоўны сабор адбыўся ў 1624 годзе, ён прыняў рашэнне аб прымірэнні з уніятамі, што азначала ліквідацыю незалежнай Літоўскай праваслаўнай мітраполіі. У Навагрудку захаваліся Барысаглебская царква, вёска Мітраполь – былое месца рэзідэнцыі навагрудскіх мітрапалітаў.
Пасля ўтварэння Літоўскай мітраполіі Масква не спыніла барацьбы, але яна пайшла па іншым напрамку – шляхам стварэння Маскоўскай патрыярхіі. У 1453 годзе Канстанцінопаль быў захоплены туркамі (мусульманамі). Летам 1588 года ў Маскву прыехаў канстанцінопальскі патрыярх Іерамія «для собрания милостины». Масква абласкала збяднелага Іерамію і папрасіла яго згоды на заснаванне ў Маскве асобнай патрыярхіі. Згода была дадзена, у 1589 годзе Іерамія ўзвёў маскоўскага мітрапаліта Іова ў сан маскоўскага патрыярха. Была напісана ўстаўная грамата, у якой гаварылася, што першым усяленскім свяціцелем з’яўляецца патрыярх Канстанцінопальскі, другім – Александрыйскі, трэцім – «Московский и всея Руси».
У 1589 годзе Іерамія выехаў з Масквы ў Канстанцінопаль з багатымі падарункамі, ён вёз 2 тысячы залатых манет – на «строение» новай патрыяршай царквы ў Канстанцінопалі. Канстанцінопальскае духавенства заснаванне Маскоўскай патрыярхіі ўхваліла. Патрыярхія існуе і зараз, хаця ў сваім развіцці прайшла складаны шлях (патрыярхія была ліквідавана Пятром І, заменена Сінодам, адноўлена ўжо пасля кастрычніцкай рэвалюцыі (у снежні 1917 года).
Але звернемся зноў да Вялікага княства, данавагрудскага мітрапаліта Грыгорыя Цамблака (1364 (?) – 1450 (?) гг.). (У дакументах яго прозвішча называецца па-рознаму: Цамвалак, Сімвілак і інш., Грыгорый – імя манаскае). Нарадзіўся ён ў Балгарыі, жыў у манастырах Візантыі, у 1409 годзе пасяліўся ў Кіеве, там пазнаёміўся з князем Вітаўтам, падзяляў яго ідэю аўтакефальнай літоўскай мітраполіі. Вядомы назвы каля 40 твораў Цамблака, але з іх зберагліся толькі 26 твораў. Працы Цамблака мелі шырокае распаўсюджанне на Беларусі, яны перапісваліся ў Слуцкім, Жыровіцкім, Аршанскім і іншых манастырах.
Дзейнасць Цамблака як мітрапаліта вывучана слаба. Вядома, што ён у складзе дэлегацыі ВКЛ у 1418 годзе браў удзел у рабоце Канстанцкага каталіцкага сабора (г. Канстанц, Германія). У літаратуры склаліся два асноўныя падыходы пры ацэнцы задач і дзейнасці Цамблака на Канстанцкім саборы. Некаторыя даследчыкі адзначаюць, быццам Цамблак хацеў заключыць унію (саюз) паміж праваслаўнай і каталіцкай цэрквамі на тэрыторыі ВКЛ. Быццам у 1418 годзе Цамблак прысягнуў ад імя праваслаўнай царквы ВКЛ рымскаму папе Марціну V, але гэтая ўнія не была рэалізаванай з-за супраціўлення праваслаўнага духавенства. У Маскве Цамблака абвінавацілі ў падтрымцы рымскага папы і яго імя было ўключана ў артыкул праклёнаў [7]. Іншыя даследчыкі лічаць, што Цамблак на Канстанцкім саборы сапраўды выступаў за яднанне праваслаўнай і каталіцкай цэркваў, але на аснове раўнапраўнага саюза. Такім чынам, Цамблак застаўся верным праваслаўю, думкі пра яго каталіцкія сімпатыі няслушныя.
У 1419 годзе Цамблак вярнуўся ў Навагрудак. Пра далейшы яго лёс і зараз сярод даследчыкаў ідуць спрэчкі. Некаторыя даследчыкі лічаць, што ў пачатку 1420 года Цамблак памёр і, магчыма, яго магіла знаходзіцца ў Навагрудку (гл.: Памяць: Гістор.-дакум. хроніка Навагрудскага раёна. – Мінск, 1996. – С. 82). Іншыя даследчыкі сцвярджаюць, што пасля Канстанцкага сабора Цамблака пачалі абвінавачваць у здрадзе праваслаўю, таму ў 1420 годзе ён з Навагрудка з’ехаў у Малдавію, памёр там у манастыры ў 1450 годзе [7].
Такім чынам, Грыгорый Цамблак увайшоў у гісторыю як першы праваслаўны мітрапаліт Навагрудскай аўтакефальнай мітраполіі, як паплечнік вялікага князя Вітаўта.
2. Прававая думка на Беларусі ў ХІV– ХV стст.
Палітычныя і прававыя ідэі ХІV – ХV стст. нам вядомы з прывілеяў, Судзебніка Казіміра 1468 года і іншых дакументаў таго часу.
Юрыдычнае афармленне саслоўя шляхты пачынаецца з агульнадзяржаўных прывілеяў Ягайлы 1387 года. Але ў гэтых і іншых прывілеях была замацавана няроўнасць шляхты – каталікоў і праваслаўных. Стабільнасць і цэласнасць Вялікага княства патрабавалі адзінства шляхецкага саслоўя. У агульназемскіх прывілеях 1432 і 1434 гг. былі ўраўнаваны эканамічныя правы шляхты-каталікоў і шляхты-праваслаўных. Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, быццам былі ўраўнаваны ўсе правы шляхты – каталікоў і праваслаўных. На наш погляд, гэтага не адбылося. Нагадаем, што артыкул 9 Гарадзельскага прывілея 1413 года ўстанаўліваў, што ў дзяржаўным апараце Вялікага княства маглі служыць выключна толькі каталікі. Гэтая норма (артыкул 9) была адменена толькі праз 150 гадоў, у 1563 годзе прывілеем Жыгімонта ІІ Аўгуста.
У прывілеі 1434 года атрымала юрыдычнае замацаванне ідэя асабістай свабоды і недатыкальнасці асобы шляхціца, якога можна было пакараць толькі паводле прыгавора суда ў адпаведнасці з законамі Вялікага княства. У прывілеі Казіміра 1447 года было замацавана права шляхты на свабодны выезд за мяжу «для лепшага шчастья набытия, а либо учинков рытерских».
Прывілеем Казіміра 1447 года былі замацаваны тэрытарыяльная цэласнасць і суверэнітэт дзяржавы. Вялікаму князю было забаронена раздаваць дзяржаўныя маёмасць і пасады іншаземцам. Гэтым жа прывілеем быў замацаваны важнейшы прынцып крымінальнага права – індывідуалізацыя крымінальнай адказнасці за злачынствы.
Некаторыя гісторыкі, на наш погляд, абгрунтавана лічаць, што менавіта з прывілея Аляксандра 1492 года пачалося заканадаўчае афармленне тэндэнцыі абмежавання вялікакняскай улады і кантролю за дзейнасцю князя з боку паноў-рады. Сапраўды, гэтым прывілеем упершыню ў княстве раздзяляліся даходы дзяржаўнай казны і асабістыя даходы князя. Прывілей забараняў князю без згоды паноў-рады змяняць законы ці прымаць новыя, вырашаць пытанні вайны ці міру, накіроўваць паслоў у замежныя дзяржавы і інш.
Шмат прававых ідэй знайшлі сваё заканадаўчае замацаванне ў Судзебніку Казіміра 1468 года. У Судзебніку вызначана паняцце злачынства як «выступ з права», як супрацьпраўнае дзеянне. Абгрунтаваны новы погляд на мэту пакарання. Мы ўжо адзначалі, што ў старажытным праве галоўная мэта пакарання была ў тым, каб забяспечыць маёмасную кампенсацыю пацярпеламу. Судзебнік 1468 года галоўную мэту пакарання вызначыў як запалохванне злачынцаў, адначасова запалохванне разглядалася як і мера папярэджвання злачынстваў. Судзебнік замацоўваў ідэю непазбежнасці пакарання за злачынствы; у артыкуле 12 Судзебніка запісана – «а над злодеем милости не надобе».
Такім чынам, развіццё палітычнай і прававой думкі ў Вялікім княстве Літоўскім у ХІV – ХV стст. было абумоўлена ўмацаваннем феадальных грамадскіх адносін. Прывілеі і Судзебнік 1468 года замацавалі ў гэтых мэтах перадавыя для таго часу прававыя прынцыпы і паняцці: індывідуалізацыя пакарання за злачынствы, паняцце злачынства як супрацьпраўнага дзеяння, ураўнаванне правоў шляхты як мера, скіраваная на стабільнасць Вялікага княства Літоўскага, і іншыя.
Спіс літаратуры
1. Шалькевіч, В.Ф. Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі / В.Ф. Шалькевіч. – Мінск, 2002. – 247 с.
2. Аповесць жыцця і смерці Еўфрасінні Полацкай // Старажытная беларуская літаратура (ХІІ – ХVІІ стст.).– Мінск, 2007. – С. 69–87.
3. Прыповесць пра чалавечую душу і цела, або Пра Сляпога і Кульгавага // Старажытная беларуская літаратура (ХІІ – ХVІІ стст.).– Мінск, 2007. – С. 57–61.
4. Послание, написанное Климентом, Митрополитом русским, Фоме, пресвитеру, истолковоно Афанасием Мнихом // Философская мысль Беларуси: учеб. пособие /А.А. Козел. – Минск, 2004. – С. 48.
5. Беларускія летапісы і хронікі. – Мінск, 1997. – 432 с.
6. Саборная грамата беларуска-украінскіх епіскапаў на абранне мітрапалітам Грыгора Цамблака 15 лістапада 1415 г. // Памяць: Гістор.-дакум. хроніка Навагрудскага раёна. – Мінск, 1996. – С. 83, 84.
7. Мысліцелі і асветнікі Беларусі: энцыкл. даведнік. – Мінск, 1995. – С. 154.
Пытанні для самаправеркі
1. Якія абставіны аказалі вызначальны ўплыў на развіццё ў ІХ – ХІІІ стст. палітычнай і прававой думкі на беларускіх землях?
2. Наколькі верагодны і аргументаваны погляд, быццам у Х – ХІ стст. на беларускіх землях гістарычна склаліся два цэнтры хрысціянства: у Полацку – усходняга абраду (праваслаўе), а ў Тураве – заходняга абраду (каталіцызм)?
3. Параўнайце старажытны прынцып таліёна з адпаведнымі пастулатамі Нагорнай Пропаведзі Хрыста?
4. Як вы разумееце паняцце «цэзарапапізм»?
5. Чым абгрунтавала Еўфрасіння Полацкая свой выбар манаскага жыцця?
6. Ахарактарызуйце асноўныя грамадска-палітычныя погляды Еўфрасінні Полацкай.
7. Раскрыйце асноўныя ідэі твора Кірылы Тураўскага «Прыповесць пра чалавечую душу і цела, або Пра Сляпога і Кульгавага».
8. Абгрунтуйце запіс у Іпацьеўскім летапісу, што Клімент Смаляціч «Быў кніжнік і філосаф, якіх у Рускай зямлі не бывала».
9. Раскрыйце асноўныя палітычныя ідэі «Летапісу вялікіх князёў Літоўскіх».
10. У чым унутранае і міжнароднае значэнне канцэпцыі аб рымскім паходжанні беларуска-літоўскай шляхты?
11. Якія прычыны вымушалі вялікіх князёў літоўскіх Віценя, Альгерда, Вітаўта дамагацца асобнай літоўскай праваслаўнай мітраполіі?
12. Якімі абставінамі Навагрудскі царкоўны сабор 1415 года абгрунтаваў выбары мітрапалітам Грыгорыя Цамблака і заснаванне Літоўскай аўтакефальнай праваслаўнай мітраполіі?
13. Прааналізуйце асноўныя палітычныя і прававыя ідэі ХІV – ХV стст., якія вядомы нам з агульназемскіх прывілеяў і Судзебніка Казіміра 1468 года.