Лекцыя 2
1. Уплыў Вялікай Айчыннай вайны на грамадска-палітычную думку.
2. Напрамкі палітычнай думкі ў паслясталінскі перыяд.
3. Развіццё юрыдычнай навукі.
1. Уплыў Вялікай Айчыннай вайны на грамадска-палітычную думку
Вялікая Айчынная вайна, перамога над фашысцкай Германіяй аказалі значны ўплыў на грамадска-палітычнае жыццё Беларусі, на яе грамадска-палітычную думку. Пасля вайны склаліся два напрамкі гэтага ўплыву – дэмакратычны і кансерватыўны.
Дэмакратычны напрамак заключаўся ў тым, што, перанёсшы цяжкасці ваеннага ліхалецця, людзі спадзяваліся на лепшае жыццё ў пасляваенны час. Франтавікі – салдаты і афіцэры пабывалі ў еўрапейскіх краінах, пазнаёміліся з грамадскім жыццём іх насельніцтва, што дало штуршок для пераасэнсавання шмат якіх бакоў савецкай рэчаіснасці.
Найбольш радыкальна паводзіла сябе моладзь, асабліва навучэнцы і студэнты. Вясной 1946 года ў Слоніме ўзнікла падпольная арганізацыя «Чайка». Падпольныя групы з’явіліся ў Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце, на Брэсцкім чыгуначным вузле, у Жыровіцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме, Ганцавіцкім педагагічным вучылішчы. Галоўнымі іх мэтамі былі абарона нацыянальных правоў і свабодаў, барацьба за захаванне і развіццё беларускай культуры, мовы і гісторыі [6, с. 337].
Летам 1947 года члены падпольных арганізацый былі арыштаваны. Яны абвінавачваліся ў тым, што «праводзілі антысавецкую нацыяналістычную прапаганду, рыхтавалі кадры для правядзення тэрарыстычных актаў, збіралі зброю, распаўсюджвалі нацыяналістычную літаратуру» [6, с. 337]. Іх справы разглядалі некалькі закрытых ваенных трыбуналаў у Баранавічах і Мінску.
У пачатку 1946 года ў Глыбоцкім педагагічным вучылішчы ўзнікла падпольная арганізацыя «Саюз беларускіх патрыётаў» (СБП). Дзейнасць арганізацыі была скіравана на павышэнне нацыянальнай самасвядомасці навучэнцаў. Аб масавасці СБП можа сведчыць наступны факт: трыбуналам Беларускай ваеннай акругі ў чэрвені 1947 года былі асуджаны 33 члена СБП, яны былі пазбаўлены волі ад 5 да 25 гадоў [6, с. 337].
У Мінску, а таксама на тэрыторыі Маладзечанскай і Пінскай абласцей, была раскрытая арганізацыя «Свабодная Беларусь» [6, с. 337].
Прыведзеныя факты сведчаць аб новых настроях беларускай моладзі пасля вайны, аб жаданні рэформаў і зменаў у грамадска-палітычным жыцці рэспублікі.
Ідэя неабходнасці перамен у грамадска-палітычным жыцці вітала і сярод некаторых прадстаўнікоў вышэйшых партыйных і савецкіх структур, у тым ліку і сярод юрыстаў.
Пасля вайны ў вышэйшыя эшалоны ўлады СССР і Беларускай ССР было вылучана нямала неардынарных, таленавітых кіраўнікоў, якія бачылі неабходнасць перамен і садзейнічалі ім. Аб новых настроях у вышэйшых эшалонах улады сведчаць падрыхтаваныя ў той час праекты Канстытуцыі СССР і Праграмы УКП(б), у якіх быў змешчаны шэраг новых палажэнняў, якія закраналі перспектывы развіцця камуністычнай партыі і савецкай дзяржавы. У праектах, у прыватнасці, прадугледжвалася пашырэнне правоў і свабодаў працоўных; пры панаванні грамадскай уласнасці дапускалася існаванне дробнай аднаасобнай гаспадаркі сялян і дзейнасць саматужнікаў. Але такія праекты не маглі быць рэалізаванымі ва ўмовах сталінскага таталітарнага рэжыму, таму яны былі адкладзены на значны час [6, с. 338] (новая Праграма партыі была прынята ў 1961 годзе; Канстытуцыя СССР – у 1977 г.; Канстытуцыя Беларускай ССР – у 1978 г.).
У пасляваенны перыяд у грамадска-палітычным жыцці СССР і Беларускай ССР праявілася і другая тэндэнцыя – кансерватыўная. На дзяржаўным узроўні пачалося «закручванне гаек», якое было скіравана на захаванне ў нязменным відзе (кансервацыя) старой сістэмы грамадскіх адносін. Кансерватыўны напрамак, паводле вопыту 30-х гадоў, ажыццяўляўся двума шляхамі: узмацненнем ідэалагічнай апрацоўкі свядомасці людзей і рэпрэсіямі супраць іншадумцаў.
Пачалася «чыстка» і вышэйшых эшалонаў улады. У 1949 годзе была сфабрыкавана «ленінградская справа», па якой было рэпрэсіравана больш за 200 партыйных і савецкіх работнікаў, некаторыя з іх былі прыгавораны да расстрэлу. Былі расстраляны сакратар ЦК УКП(б) А.А. Кузняцоў, старшыня Дзяржплана СССР М.А. Вазнясенскі і інш.
Актывізаваліся рэпрэсіі і на Беларусі. У разгортванні рэпрэсій шмат намаганняў прыклаў міністр дзяржаўнай бяспекі Беларускай ССР Л.Ф. Цанава (сапраўднае прозвішча Джанджгава), (1900 – 1955). Паводле падлікаў гісторыкаў, у першы год знаходжання Цанавы на пасадзе наркама ўнутраных спраў БССР на Беларусі па палітычных матывах былі арыштавана 27 тыс. чалавек. Зараз раскрыты правакацыі Цанавы супраць С.В. Прытыцкага, які ў той час працаваў першым сакратаром Гродзенскага абкама КПБ. Цанаве ўдалося ўзвесці паклёп і ашальмаваць многіх сумленных кіруючых работнікаў Беларускай ССР. Такая бяда напаткала міністра асветы БССР Платона Васільевіча Саевіча (1892 – 1956), які быў беспадстаўна абвінавачаны ў шпіянажы, нацыяналізме і контррэвалюцыйнай дзейнасці. У 1951 годзе Саевіча арыштавалі, ваенны трыбунал БВА прыгаварыў яго да 25 гадоў папраўча-працоўных лагераў.
Пасля смерці Сталіна Цанава быў арыштаваны па абвінавачванні ў арганізацыі забойства ў Мінску яўрэйскага тэатральнага дзеяча С.М. Міхоэлса. Памёр Цанава ў 1955 годзе ў Бутырскай турме (Масква), па іншай версіі – скончыў там жыццё самагубствам.
Рэпрэсіі ў партыйных, савецкіх работнікаў, юрыстаў спараджалі страх, яны баяліся ўсяго новага, працавалі з аглядкай, баяліся праяўляць ініцыятыву, выступаць з новымі ідэямі і канцэпцыямі. Усё гэта стрымлівала навуковыя распрацоўкі актуальных праблем развіцця дзяржавы, тэорыі і галін права, садзейнічала застою палітычнай і прававой думкі.
Ідэалогія пасляваеннага сталінізму характарызавалася крайнім дагматызмам, абсалютнай непрымірымасцю да любых поглядаў, якія адрозніваліся ад афіцыйнага пункту гледжання. Адсюль выцякаў галоўны пастулат сталінскай ідэалогіі – весці актыўную барацьбу супраць іншадумства і плюралізму думак. З гэтай мэтай была спланавана сістэма палітычных кампаній, якія навязвалі жорсткія ідэалагічныя стэрэатыпы, выключалі з жыцця агульначалавечыя каштоўнасці, падаўлялі нацыянальную самасвядомасць народа, абмяжоўвалі міжнародныя кантакты інтэлігенцыі.
У 1947 годзе ЦК УКП(б) прыняў пастанову «Аб судах гонару ў міністэрствах СССР і цэнтральных ведамствах». Згодна з гэтай пастановай у міністэрствах і ведамствах ствараліся выбарныя органы для барацьбы з асобамі, «якія губляюць гонар і вартасць савецкага работніка» [6, с. 340]. «Суд гонару» ў 1947 годзе адбыўся над акадэмікам АН БССР Антонам Раманавічам Жэбракам (1901 – 1965), беларускім генетыкам, селекцыянерам, грамадскім дзеячам, прэзідэнтам Акадэміі навук Беларусі, які на канферэнцыі ў Сан-Францыска (ЗША), разам з іншымі падпісаў у 1945 годзе Статут ААН. Фармальным повадам для суда паслужыў яго артыкул «Савецкая біялогія», які яшчэ ў 1945 годзе быў апублікаваны ў амерыканскім часопісе «Навука». У гэтым артыкуле вучоны выказаў крытыку ў адрас антынавуковай тэорыі акадэміка Т.Д. Лысенка, якая падтрымлівалася ўладамі Савецкага Саюза. «Суд гонару» вынес Жэбраку грамадскае ганьбаванне за антыпатрыятычны ўчынак, якім ён быццам зганьбіў «дасягненні савецкай біялагічнай навукі і вядомага савецкага вучонага-наватара Т.Д. Лысенку». Жэбрака вызвалілі ад пасады прэзідэнта АН БССР. Ганенне на А.Р. Жэбрака ўзмоцнілася, калі ён разам з акадэмікам АН БССР В.С. Нямчынавым выступіў на сесіі УАСГНІЛ (1948 г.) у падтрымку тэорыі спадчыннасці, супраць якой вёў барацьбу Лысенка. У 1948 годзе прэзідыум АН БССР асудзіў выступленне вучоных на сесіі і прызваў «выкараніць жэбракаўшчыну», што было адобрана і бюро ЦК КП(б)Б. «Выкараненне» прывяло да ліквідацыі ў Інстытуце біялогіі АН БССР аддзела генетыкі раслін, былі зняты з працы дырэктар Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі М.М. Каўцэвіч, прафесар гэтай акадэміі Б.А. Вакар, дэкан біялагічнага факультэта БДУ В.Д. Акімава і інш. [6, с. 340].
У СССР і на Беларусі праводзіліся кампаніі, накіраваныя на навязванне жорсткіх ідэалагічных стэрэатыпаў у навуцы, культуры і літаратуры. У 1946 годзе была прынята пастанова ЦК УКП(б) «Аб часопісах “Звязда” і “Ленінград”», у якой літаратары М. Зошчанка і Г. Ахматава былі абвінавачаны ў прапагандзе безыдэйнасці і апалітычнасці, якія атручваюць савецкую моладзь.
У студзені 1947 года была апублікавана пастанова ЦК УКП(б) «Аб рабоце ЦК КП(б) Беларусі», у якой рэзкай крытыцы падвяргаліся беларускія пісьменнікі К. Крапіва за п’есу «Мілы чалавек» і А. Кучар за п’есу «Заложнікі». Пастанова ЦК КП(б)Б асудзіла гэтыя творы беларускіх пісьменнікаў як безыдэйныя, якія «няправільна адлюстроўваюць савецкую рэчаіснасць і барацьбу беларускіх партызан» [6, с. 339]. Пастанова спрыяла ўзмацненню рэпрэсій супраць беларускіх пісьменнікаў. Даследчыкамі падлічана, што ўсяго ў Беларусі за час сталінскай дыктатуры былі рэпрэсіраваны 238 літаратараў, з іх выйшлі з лагераў толькі каля 20 чалавек [6, с. 339]. Былі рэпрэсіраваны беларускія пісьменнікі С. Шушкевіч, С. Грахоўскі, Б. Мікуліч, А. Александровіч, А. Пальчэўскі і іншыя.
Сталінскі рэжым імкнуўся кантраляваць усе бакі жыцця савецкага грамадства, у тым ліку – што чытаюць савецкія людзі. З 1947 года па ўсёй краіне праводзілася цэнзурная праверка бібліятэчных фондаў. З бібліятэк былі выняты і адпраўлены ў спецсховішчы кнігі, аўтары якіх былі рэпрэсіраваны, а таксама літаратура, у якой упаміналіся асобы, абвешчаныя «ворагамі народа».
У той жа час афіцыйная прапаганда ўсяляк узвялічвала вобраз Сталіна, яму надаваўся арэол непагрэшнасці і геніяльнасці. Вялізарнымі тыражамі выходзіла «Кароткая біяграфія Сталіна», у 1947 – 1951 гадах на беларускай мове быў выдадзены збор твораў Сталіна. У аснову палітычнай вучобы на прадпрыемствах і ўстановах было пакладзена вывучэнне сталінскіх твораў і яго біяграфіі. У 1947 годзе ў Беларускай ССР працавала 7250 гурткоў па засваенню біяграфіі Сталіна.
Праводзіліся маштабныя прапагандысцкія кампаніі па ўслаўленню асобы Сталіна. У снежні 1949 года на мітынгах і сходах, якімі было ахоплена больш за 3 мільёны чалавек, абмяркоўвалася пісьмо «Вялікаму Сталіну ў слаўнае 70-годдзе з дня нараджэння ад беларускага народа», у якім былі такія радкі:
Ты наша сонца, наша красаванне.
Жыві ж, наш бацька любы, многа год,
Прымі ж ад сэрцаў чыстых прывітанне,
Што беларускі шле табе народ!
Такім чынам, у пасляваенны час у грамадска-палітычным жыцці Беларускай ССР меліся дзве тэндэнцыі – дэмакратычная і кансерватыўная. Дэмакратычная тэндэнцыя жорстка блакіравалася савецкім палітычным рэжымам, які выкарыстоўваў для гэтага як ідэалагічны прэсінг, так і масавыя рэпрэсіі з мэтай падтрымання ў народзе пакорлівасці і веры ў мудрасць і непагрэшнасць тагачаснай улады.
2. Напрамкі палітычнай думкі ў паслясталінскі перыяд
5 сакавіка 1953 года памёр Сталін, 26 чэрвеня 1953 года быў арыштаваны Берыя. У верасні 1953 года першым сакратаром ЦК КПСС быў абраны М.С. Хрушчоў. Пачаўся новы этап – паслясталінскі, які ў грамадска-палітычным жыцці, як і папярэдні этап, вызначаўся двума асноўнымі напрамкамі – дэмакратычным і кансерватыўным.
Асаблівасці разглядаемага этапу ў тым, што пасля смерці Сталіна ўзмацніўся дэмакратычны напрамак, які, з падачы журналістаў, атрымаў у літаратуры назву «хрушчоўскай палітычнай адлігі».
На наш погляд, тэрмін «хрушчоўская адліга», які прыйшоў з публіцыстыкі, даволі ўдала перадае асаблівасці грамадска-палітычнага жыцця СССР і Беларускай ССР, якія склаліся пасля смерці Сталіна. Адліга – пацяпленне зімой; хрушчоўскія рэформы былі скіраваны не на адмену савецкай таталітарнай сістэмы (зімы), а толькі на яе змякчэнне (на адлігу). У часы «хрушчоўскай палітычнай адлігі» хаця і не поўна, але на практыцы былі рэалізаваны некаторыя дэмакратычныя ідэі таго часу. Прымаліся меры па ўмацаванні законнасці і правапарадку. У верасні 1953 года была ліквідавана сумна вядомая Асобая нарада пры МУС СССР, якая выносіла ў масавым парадку жорсткія пакаранні. Былі ліквідаваны пракуратуры і трыбуналы войск МУС. Паступова аднаўляўся парадак, паводле якога грамадзяне маглі быць пазбаўлены волі толькі ў адпаведнасці з рашэннем суда. 27 сакавіка 1953 года быў прыняты Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР «Аб амністыі», па якім пачалася кампанія па перагляду спраў і вызваленню вязняў. Разам з тым пад амністыю папалі крымінальныя злачынцы-рэцыдывісты, іх масавае вызваленне значна пагоршыла ў краіне крымінальную сітуацыю (гэта яскрава адлюструе кінафільм «Халоднае лета 1953»).
24 мая 1955 года Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР зацвердзіў «Палажэнне аб пракурорскім наглядзе ў СССР», якое значна пашырыла правы пракуратуры па кантролю за захаваннем законнасці. Палажэнне, з аднаго боку, патрабавала ўзмацніць барацьбу з найбольш небяспечнымі злачынствамі супраць дзяржавы, грамадскай і асабістай уласнасці, жыцця і здароўя грамадзян, з другога боку, палажэнне абавязвала пракурораў асабліва ўважліва ставіцца да выдачы санкцый на арышты людзей.
Прымаліся меры па скарачэнні адміністратыўнага апарату, па змяншэнні валакіты і бюракратызму. У 1953 годзе ў Беларускай ССР была праведзена рэарганізацыя цэнтральнага апарату, у выніку якой зменшылася колькасць міністэрстваў і ведамстваў. У 1954 годзе на Беларусі было скарочана 5 абласцей, прайшло ўзбуйненне сельскіх саветаў. За 1954 – 1955 гг. штат адміністрацыйнага апарату БССР скараціўся на 10 тысяч чалавек.
Пашыраліся паўнамоцтвы саюзных рэспублік. Да 1957 года заканадаўчая дзейнасць Вярхоўнага Савета БССР была абмежавана законамі па народнагаспадарчых планах, дзяржаўнаму бюджэту рэспублікі, а таксама па зацвярджэнні ўказаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета рэспублікі. У 1957 годзе быў прыняты Закон аб размежаванні кампетэнцыі Вярхоўнага Савета СССР і Вярхоўных Саветаў саюзных рэспублік у праватворчай дзейнасці. Згодна з Законам 1957 года ў артыкул 19 Канстытуцыі Беларускай ССР былі ўнесены змены, па якіх да кампетэнцыі БССР былі аднесены ўстанаўленне абласнога дзялення тэрыторыі БССР, кіраўніцтва дарожным будаўніцтвам, транспартам, прадпрыемствамі сувязі рэспубліканскага значэння, а таксама прыняцце заканадаўства аб судовым ладзе, судаводстве, грамадзянскае і крымінальнае заканадаўства.
На падставе Закона СССР 1957 года і адпаведных зменаў у Канстытуцыі БССР, у рэспубліцы ў 60 – 70-я гг. былі прыняты новыя кодэксы законаў: Грамадзянскі і Грамадзянска-працэсуальны кодэксы БССР (1964 г.), Крымінальны кодэкс БССР (1961 г.), Кодэкс законаў аб шлюбу і сям’і (1969 г.), Кодэкс законаў аб працы (1972 г.), Зямельны кодэкс БССР (1970 г.) і іншыя.
У 1978 годзе была прынятая новая Канстытуцыя Беларускай ССР, якая значна пашырыла кампетэнцыю рэспублікі. У артыкуле 70 Канстытуцыі было запісана, што да кампетэнцыі БССР адносіцца ўстанаўленне парадку карыстання зямлёй, нетрамі, водамі і лясамі, прадстаўніцтва БССР у міжнародных адносінах, кіраўніцтва галінамі народнай гаспадаркі саюзна-рэспубліканскага і рэспубліканскага падпарадкавання, амністыя і памілаванне грамадзян, асуджаных судамі БССР. У артыкуле 73 Канстытуцыі БССР 1978 года было запісана, што тэрыторыя Беларускай ССР не можа быць зменена без яе згоды.
У 1961 годзе была прынятая новая Праграма КПСС, у якой ставілася задача ў кароткія тэрміны (за 20 гадоў) пабудаваць у Савецкім Саюзе камуністычнае грамадства. Праграма партыі ўтрымлівала і новыя важныя тэарэтычныя палажэнні аб дзяржаве і праве ў будучым камуністычным грамадстве. «Историческое развитие неизбежно ведёт к отмиранию государства, – сцвярджалася ў Праграме КПСС. – Развитие социалистической государственности приведет к преобразованию ее в общественное коммунистическое самоуправление, в котором объединяются Советы, профессиональные, кооперативные и другие массовые организации трудящихся» [7, с.310].
Радыкальныя ідэі былі запісаны ў новай Праграме КПСС і аб праве. Праграмма КПСС сцвярджала, што паступова ў савецкім грамадстве «сложатся единые общепризнанные правила коммунистического общежития, соблюдение которых станет внутренней привычкой людей» [7, с. 310].
Такім чынам, новая Праграма КПСС заяўляла, што пры камуністычным грамадстве адбудзецца адміранне дзяржавы і права, дзяржава будзе заменена «общественным коммунистическим самоуправлением», а права – «едиными общепризнанными правилами коммунистического общежития». Гэтыя праграмныя ўстаноўкі нацэльвалі вучоных-юрыстаў на распрацоўку агульначалавечых, дэмакратычных каштоўнасцяў, правоў і свабодаў чалавека без аглядкі на ранейшыя ідэалагічныя пастулаты і на іх класавую сутнасць. У рэчышчы гэтых змяненняў былі распрацаваны і выдадзены работы беларускіх вучоных-юрыстаў С.Р. Драбязкі, А.А. Галаўко, В.Р. Кучынскага і іншых.
У Савецкім Саюзе гістарычна склалася, што развіццё грамадска-палітычнага жыцця шмат у чым залежала ад асобы Генеральнага (першага) сакратара ЦК КПСС, якому, паводле савецкай традыцыі, яшчэ з сталінскіх часоў, належала вялікая ўлада. Менавіта толькі генсеку пануючай ў савецкім грамадстве Камуністычнай партыі належала ключавая роля ў кіраўніцтве дзяржавай; толькі генсек меў рэальныя магчымасці ўносіць змены ў палітычны курс дзяржавы, праводзіць рэформы, уносіць змены ў Канстытуцыю і савецкае заканадаўства.
У 1964 годзе Камуністычную партыю ўзначаліў Л.І. Брэжнеў. З яго прыходам да ўлады змяніліся акцэнты ў палітычным курсе дзяржавы, ў яе палітычным і прававым рэгуляванні. Увага была перанесена з мерапрыемстваў «палітычнай адлігі» на ўзмацненне дзяржаўнасці і яе інстытутаў, на ўзмацненне органаў цэнтралізаванага кіраўніцтва, на іх больш эфектыўнае выкарыстанне. У гэтым напрамку працаваў і шэраг беларускіх вучоных-юрыстаў. Выйшлі працы В.І. Шабайлава прысвечаныя развіццю савецкіх федэратыўных адносін, статусу саюзнай рэспублікі ў складзе Савецкай федэрацыі, тэрытарыяльным аспектам савецкага федэралізму, міжнацыянальным адносінам. А.М. Абрамовіч апублікаваў шэраг змястоўных прац аб фарміраванні сістэмы дзяржаўнага кіравання эканомікай, А.В. Матусевіч аб сацыяльным развіцці Беларускай ССР, І.І. Марціновіч прысвяціла свае працы гісторыі станаўлення і развіцця праваахоўных органаў Беларускай ССР.
Значнай падзеяй грамадска-палітычнага жыцця нашай рэспублікі стала пашырэнне яе міжнародных паўнамоцтваў, асабліва пасля таго, як рэспубліка стала членам ААН. Пашырэнне міжнародных паўнамоцтваў БССР знайшло сваё замацаванне ў новай Канстытуцыі рэспублікі 1978 года. У артыкуле 74 Канстытуцыі было запісана, што Беларуская ССР мае права ўступаць у адносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі дагаворы, абменьвацца дыпламатычнымі і консульскімі прадстаўнікамі, удзельнічаць у дзейнасці міжнародных арганізацый.
Разам з тым, як намі ўжо адзначалася, усе гэтыя дэмакратычныя рэформы былі толькі адлігай (пацяпленнем), але яны не адмянялі таталітарнай сістэмы і адміністрацыйна-камандных метадаў кіраўніцтва. Таму ў грамадска-палітычным жыцці СССР і Беларускай ССР захаваўся, а па асобных пазіцыях нават узмацніўся кансерватыўны напрамак, скіраваны на захаванне старой таталітарнай сістэмы і адміністрацыйна-камандных метадаў кіравання.
З другой паловы 1950-х гг. пачаўся новы віток русіфікацыі. На святкаванні 40-годдзя БССР (1959 г.) першы сакратар ЦК КПСС М.С. Хрушчоў заявіў: «Чым мы ўсе хутчэй будзем размаўляць на рускай мове, тым хутчэй пабудуем камунізм» [3, с.223].
У Праграме КПСС (1961 г.) быў запісаны тэзіс, што развіццё «национальных отношений в СССР характеризуется дальнейшим сближением наций и достижением их полного единства» [7, с.312, 313]. Працягам гэтай лініі быў ХХIV з’езд КПСС (1971 г.), які адзначыў, што ў СССР узнікла новая гістарычная супольнасць людзей – савецкі народ. Для тэарэтычнай распрацоўкі паняцця «савецкі народ» былі падключаны многія навуковыя ўстановы, вучоныя. Усё рабілася каб паказаць, быццам у Савецкім Саюзе нацыі – гэта ўжо не нацыі, а толькі часткі нейкай новай супольнасці савецкіх людзей.
Зыходзячы з партыйных дырэктыў, у Беларускай ССР пачаўся масавы перавод народнай адукацыі на рускую мову. У навуковых працах таго часу атрымаў шырокае распаўсюджванне тэзіс аб пераадольванні беларускіх нацыянальных адметнасцяў і развіцці інтэрнацыянальных, агульных рысаў і характарыстык.
Такія падыходы да нацыянальнага пытання не маглі не выклікаць нездавальнення інтэлігенцыі і студэнтаў. У 1968 годзе адбыліся стыхійныя акцыі студэнтаў беларускага аддзялення філалагічнага факультэту БДУ супраць рашэння рэктарата аб выкладанні грамадскіх дысцыплін (гісторыі КПСС, марксісцка-ленінскай філасофіі, палітэканоміі і навуковага камунізму) на рускай мове. У 1974 годзе ўзнікла група вучоных Акадэміі навук БССР, якія выступалі супраць русіфікацыі беларускага насельніцтва, фальсіфікацыі гісторыі Беларусі, за адраджэнне яе культуры.
Пасля адстаўкі М.С. Хрушчова (1964 г.) у СССР і БССР пачаўся адыход ад палітыкі «палітычнай адлігі»; на Беларусі ўзмацніўся жорсткі кантроль ЦК КПБ над грамадскай думкай, былі ўведзены абмежаванні правоў і свабод інтэлігенцыі на свабоду творчасці. Як водгук на адыход ад «палітычнай адлігі» і спробу рэстаўрацыі неасталінізму (неа – першая частка складаных слоў, якая азначае новы) ў СССР і БССР пачаўся так званы «дысідэнцкі рух» (ад лац. dissidens – не згодны). Хаця дысідэнцтва на Беларусі не прыняло такіх памераў, як у Расіі, усё ж яго ідэі знайшлі сваё адлюстраванне ў грамадска-палітычнай думцы рэспублікі. Беларускія дысідэнты выступалі супраць русіфікацыі нацыянальнай культуры, за пашырэнне беларускай мовы, за абарону дэмакратычных правоў і свабод.
У сярэдзіне 1960-х гг. дысідэнцкі гурток узнік на філалагічным факультэце БДУ, у які ўвайшлі студэнты А. Белавус, Ю. Міцкевіч (унук Якуба Коласа), студэнт гісторык М. Ткачоў, які затым працаваў прафесарам нашага універсітэта. Дысідэнцкія групы ўзніклі на фізічным факультэце БДУ, на Мінскім трактарным заводзе. Беларускія дысідэнты не заклікалі да адкрытай барацьбы з уладаю, яны выказваліся аб лёсе Беларусі, аб магчымых шляхах набыцця рэспублікай незалежнасці, аб стаўленні Крамля да беларускіх праблем. Дысідэнты былі выкрыты, абвінавачаны ў нацыяналізме і антысавецкай дзейнасці, некаторыя з іх былі выключаны з БДУ.
Для барацьбы з іншадумствам улады стварылі адпаведную прававую аснову. Артыкул 67 Крымінальнага кодэкса БССР прадугледжваў за агітацыю і прапаганду, «якая праводзіцца ў мэтах падрыву ці паслаблення савецкай сістэмы» пазбаўленне волі ад 6 месяцаў да 7 гадоў (артыкул 67 выключаны з Крымінальнага кодэкса БССР толькі ў 1994 годзе).
Адстойванне беларускімі дысідэнтамі сваіх поглядаў адбывалася рознымі, нават самымі нечаканымі шляхамі і метадамі. Так, прафесар У. Мірончык, загадчык кафедры мінскага медыцынскага інстытута, на працягу 1972 –1982 гг. дасылаў у самыя высокія партыйныя інстанцыі так званыя «сустрэчныя заклікі да ЦК КПСС», напрыклад: «Далоў афганскую авантуру, а вінаватых за яе пад суд!», «Няхай выбары ў Саветы будуць дэмакратычнымі!», «Няхай у Беларусі не закрываюцца беларускія школы» і іншыя. Аўтара абвінавацілі ў паклёпе на СССР, ён быў выключаны з КПСС, зняты з пасады загадчыка кафедры і змешчаны на прымусовае лячэнне у псіхіятрычную бальніцу [3, с. 227, 228].
У працах гісторыкаў, філосафаў, правазнаўцаў таго часу рабіліся спробы тэарэтычнага і практычнага абгрунтавання вывадаў КПСС «аб поўнай і канчатковай перамозе сацыялізму» (1959 г.); аб «разгорнутым будаўніцтве камунізму» (1961 г.); аб «развітым сацыялізме»; аб «новай гістарычнай супольнасці людзей – савецкім народзе» (1972 г.) і інш. Як слушна адзначыў прафесар С.Ф. Сокал, «задача навукі ў сувязі з гэтым зводзіліся да таго, каб знайсці дадатковыя аргументы, прыклады з жыцця, доказы ісціннасці і мудрасці названых вучэнняў. Таму такая “навука” нярэдка выраджалася ў сацыялістычную схаластыку, у псеўданавуку» [4, с. 133].
Разам з тым, у СССР і ў Савецкай Беларусі афіцыйная навука не ўспрымала многія тэарэтычныя палажэнні і канцэпцыі, якія ў той час набылі сусветнае прызнанне. Так, тэорыя прававой дзяржавы была абвешчана «буржуазнай лжэнавукай». Савецкая юрыдычная навука лічыла ідэю прававой дзяржавы непрымальнай, бо яна супярэчыла марксісцка-ленінскаму вучэнню аб дзяржаве.
Такім чынам, у пасляваенны час у грамадска-палітычнай і прававой думцы Беларусі склаліся два напрамкі – дэмакратычны і кансерватыўны. Значны ўклад у развіццё дэмакратычнага напрамку унесла так званая «палітычная адліга». Нягледзячы на цяжкасці і значныя перашкоды, дэмакратычны напрамак атрымаў развіццё, шмат якія яго ідэі сталі падмуркам для будаўніцтва незалежнай, суверэннай Рэспублікі Беларусь.
3. Развіццё юрыдычнай навукі
Развіццё юрыдычнай навукі савецкай Беларусі было абумоўлена патрэбнасцямі таго часу, да якіх можна аднесці:
– выхад Беларускай ССР на міжнародную арэну. Як член ААН і яе органаў Беларусь удзельнічала ў распрацоўцы і прыняцці міжнародных дакументаў і рэзалюцый. Дэлегацыя Беларускай ССР у ААН уносіла свае прапановы, якія патрабавалі ад беларускіх юрыстаў адпаведных новых даследаванняў;
– «палітычная адліга», як мы ўжо адзначалі, садзейнічала пашырэнню самастойнасці саюзных рэспублік, у іх ліку і Беларускай ССР, развіццю іх праватворчай дзейнасці; патрабавалася распрацоўка і прыняцце кодэксаў законаў Беларускай ССР, усё гэта садзейнічала развіццю юрыдычнай навукі;
– прынятая ў 1961 годзе новая Праграма КПСС, як намі ўжо адзначалася, прадугледжвала змяненні функцый дзяржавы і права, што таксама ставіла перад беларускімі юрыстамі-навукоўцамі важныя тэарэтычныя праблемы, патрабавала іх глыбокай тэарэтычнай распрацоўкі.
Адзначаныя патрэбнасці садзейнічалі навуковым даследаванням ў галіне дзяржаўнага і міжнароднага права. Убачылі свет навуковыя працы прысвечаныя суверэнітэту Беларускай ССР у складзе СССР, міжнароднай правасуб’ектнасці рэспублікі, характарыстыцы заходніх дэмакратый і дзяржаўнага апарату.
Адклікаючыся на патрабаванні часу, беларускія вучоныя-юрысты падрыхтавалі шэраг значных прац, сярод якіх адзначым работы В.А. Дарогіна «Суверэнітэт у савецкім дзяржаўным праве»; С.Р. Віхарава «Суверэнітэт Беларускай ССР у складзе СССР»; Ю.П. Броўкі «Міжнародная правасуб’ектнасць Беларускай ССР» і іншыя.
Значны ўклад унеслі беларускія навукоўцы і ў развіццё грамадзянскага права. У 1975 – 1978 гг. выйшла калектыўная праца «Грамадзянскае права БССР» (у 3 кнігах). Былі апублікаваны кнігі Ф.І. Гаузе «Абавязацельнае права» і «Сацыялістычны грамадзянска-прававы дагавор», працы В.Ф. Чыгіра «Савецкае жыллёвае права», «Савецкае сямейнае права» (у сааўтарстве) і іншыя.
У пасляваенны час узнікла новая галіна прававой навукі – гісторыя дзяржавы і права Беларускай ССР. Згодна з канцэпцыяй таго часу перыядызацыя гісторыі дзяржавы і права Беларусі пачыналася з 1 студзеня 1919 года – з абвяшчэння БССР, бо лічылася, што толькі з утварэннем Беларускай ССР беларусы атрымалі сваю дзяржаўнасць. Па гэтай прычыне вяліся навуковыя даследаванні ў асноўным савецкага перыяду беларускай гісторыі. У 70-я гг. ХХ ст. Інстытутам філасофіі і права АН БССР была падрыхтавана «Гісторыя дзяржавы і права Беларускай ССР» у 2 тамах, якая асвятляла гісторыю беларускай дзяржавы з 1919 года – з утварэння БССР.
Актыўна праводзіліся навуковыя даследаванні ўзнікнення і развіцця Беларускай ССР. Адзначым манаграфію В.А. Круталевіча «Нараджэнне Беларускай Савецкай Рэспублікі»; працы С.П. Маргунскага «Дзяржаўнае будаўніцтва БССР на першым этапе яе развіцця», «Стварэнне і ўмацаванне беларускай дзяржаўнасці»; работы І.І. Марціновіч «Гісторыя суда ў БССР», «Адвакатура ў БССР»; манаграфію А.А. Галаўко «Дзейнасць Саветаў Беларусі па ажыццяўленню эканамічнай палітыкі ў вёсцы ў 1927 – 1936 гг.» і іншыя.
У канцы 1960 – 1970-я гг. з’яўляюцца працы Я.А. Юхо, прысвечаныя гісторыі дзяржавы і права Беларусі феадальнага перыяду. Адзначым працу Я.А. Юхо «Прававое становішча насельніцтва Беларусі ў ХVІ ст.», у якой дадзены аналіз прававога становішча розных класаў, саслоўяў і сацыяльных груп насельніцтва, крыніц феадальнага права, развіцця права, судовых органаў і г.д.
Паявіліся значныя працы і ў галіне судовай псіхалогіі. У гэтай галіне працавалі А.В. Дулаў, Г.Р. Шыханцоў, Ф.В. Глазырын, М.І. Порубаў і ншыя. Іх працы прысвечаны праблемам псіхалагічнага аналізу папярэдняга следства, псіхалогіі працы следчага і іншым пытанням. А.В. Дулавым былі падрыхтаваны работы «Пытанні тэорыі судовай экспертызы», «Уводзіны ў судовую псіхалогію», «Асновы псіхалагічнага аналізу па папярэднім следстве»; Д.П. Котаў і Г.Р. Шыханцоў распрацавалі «Практыкум па судовай псіхалогіі», М.І. Порубаў апублікаваў манаграфію «Допыт у савецкім крымінальным працэсе і крыміналістыцы», якія атрымалі станоўчыя водгукі вучоных і юрыстаў-практыкаў.
Значны ўклад у юрыдычную навуку ўнеслі і навукоўцы юрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Нагадаем некаторыя падзеі з гісторыі факультэта. У 1978 годзе ва універсітэце было створана аддзяленне правазнаўства, якое спярша на грамадскіх пачатках узначаліў дацэнт, кандыдат юрыдычных навук І.В. Гушчын. У 1979 годзе была створана першая кафедра юрыдычнага профілю – кафедра дзяржавы і права. Першая спецыялізаваная кафедра юрыдычнага профілю – кафедра тэорыі і гісторыі дзяржавы і права была створана на факультэце у 1980 годзе. Затым на юрыдычным факультэце з’явіліся кафедры: працоўнага, грамадзянскага права і працэсу, крымінальнага права, працэсу і крыміналістыкі, дзяржаўнага, працоўнага і сельскагаспадарчага права і іншыя.
У 1981 годзе на базе аддзялення правазнаўства быў створаны самастойны факультэт правазнаўства, які ўжо ў 1994 годзе быў перайменаваны ў факультэт права і эканомікі, а ў 1997 годзе ён атрымаў назву юрыдычны факультэт.
У 1982 годзе выйшаў у свет першы зборнік навуковых прац выкладчыкаў юрыдычнага факультэта «Пытанні ўдасканалення прававога рэгулявання грамадскіх адносінаў». У 1989 годзе на кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права адкрыта першая на юрыдычным факультэце аспірантура па спецыяльнасці 12.00.01 – тэорыя і гісторыя права і дзяржавы; гісторыя палітычных і прававых вучэнняў.
Значны ўклад у юрыдычную навуку ўнеслі ўсе кафедры юрыдычнага факультэта. На працягу 1981 года калектыў кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права прымаў удзел у распрацоўцы навукова-даследчай тэмы «Праблемы павышэння эфектыўнасці прававога рэгулявання грамадскіх адносін». У 1982 – 1985 гг. выкладчыкі гэтай кафедры даследавалі тэму «Актуальныя праблемы тэорыі і гісторыі дзяржавы і права і эфектыўнасць прымянення права», вынікі даследавання атрымалі станоўчую ацэнку вучоных-юрыстаў рэспублікі.
У 1986 – 1990 гг. навукоўцы факультэта распрацоўвалі тэму «Развіццё нацыянальнай дзяржаўнасці і ўдасканаленне законатворчай дзейнасці ў Беларускай ССР». Дадзеныя, атрыманыя ў ходзе даследавання, былі апублікаваны ў артыкулах, атрымалі станоўчую ацэнку на навуковых канферэнцыях, былі выкарыстаны пры падрыхтоўцы манаграфій і навучальных дапаможнікаў.
Выкладчыкі юрыдычнага факультэта прымалі ўдзел у распрацоўцы калектыўных манаграфій, іншых значных навуковых прац. Так, прафесар С.Ф. Сокал у складзе аўтарскага калектыву навукоўцаў з Літвы і Беларусі ўдзельнічаў у напісанні манаграфіі «Філасофская і грамадска-палітычная думка Беларусі і Літвы». С.Ф Сокал. і А.У. Марыскін унеслі значны ўклад у распрацоўку слоўніка, каментарыяў і ў падрыхтоўку да выдання фундаментальнай працы – «Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 года» (1989 г.). Пяру прафесара С.Ф. Сокала належыць шэраг змястоўных артыкулаў, якія ён падрыхтаваў для фундаментальнага выдання: «Францыск Скарына і яго час: энцыклапедычны даведнік» (Мінск: БелСЭ, 1989).
Навукоўцы юрыдычнага факультэта падтрымлівалі цесную сувязь з прамысловымі прадпрыемствамі Гродзеншчыны і аказвалі ім значную юрыдычную дапамогу. У 1980 годзе выкладчыкі кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права разам з кафедрай працоўнага, грамадзянскага права і працэсу ўдзельнічалі ў распрацоўцы гаспадарча-разліковай тэмы «Вывучэнне прычын і папярэджванне правапарушэнняў сярод рабочых і служачых Гродзенскага прадзільна-нітачнага камбіната». Навуковыя рэкамендацыі вучоных-юрыстаў па гэтай праблеме былі высока ацэнены кіраўніцтвам прадпрыемства, яны садзейнічалі ўмацаванню на камбінаце працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны.
У 1981 – 1983 гг. выкладчыкі факультэта ўдзельнічалі ў навуковым даследаванні па тэме «Дынаміка працоўных правапарушэнняў і іх прафілактыка на Лідскім лакафарбавым заводзе». Даследаванне садзейнічала паляпшэнню работы адміністрацыі завода па прафілактыцы правапарушэнняў, што прывяло да ўмацавання на заводзе працоўнай дысцыпліны.
Такім чынам, нягледзячы на цяжкасці і перашкоды, юрыдычная навука ў Савецкай Беларусі ў пасляваенны час атрымала значнае развіццё, яна стала падмуркам для юрыдычнай навукі суверэннай Рэспублікі Беларусь.
Спіс літаратуры
1. Юхо, Я. Беларускія ўрады ў 1918 – 1920 гг. і іх правамоцтвы / Я. Юхо // Беларускі гістарычны часопіс. – 1993. – № 4. – С. 68.
2. Абдзіраловіч, І. Адвечным шляхам: Дасьледзіны беларускага светапогляду / І. Абдзіраловіч. – Мінск, 1993. – 44 с.
3. Вішнеўская, І.У. Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі: дапам. / І.У. Вішнеўская. – Мінск, 2004. – 272 с.
4. Сокал, С.Ф. Кароткі агляд гісторыі палітычнай і прававой думкі Беларусі /С.Ф. Сокал. – Магілёў, 1999. – 142 с.
5. Доўнар-Запольскі, М.В. Гісторыя Беларусі / М.В. Доўнар-Запольскі. – Мінск, 1994. – С. 506.
6. Нарысы гісторыі Беларусі. У 2 ч. Ч. 1. / М.П. Касцюк [і інш.]. – Мінск, 1995. – 560 с.
7. ХХІІ съезд КПСС: стенограф. отчет. В 3 т. Т. 3. – Москва, 1962. – 592 с.
Пытанні для самаправеркі
1. Якія вызначальныя тэндэнцыі ў рэалізацыі ідэі дзяржаўнага суверэнітэту меліся ў палітыка-прававой думцы і партыйна-дзяржаўнай практыцы 20-х гг. ХХ ст.?
2. Раскрыйце сутнасць палітыка-прававой ідэі «абласніцтва».
3. Ахарактарызуйце дваістасць (дэ-факта і дэ-юрэ) дзяржаўнасці ССРБ у 1919 –1922 гг.
4. Раскрыйце змест ідэалогіі і палітыкі беларусізацыі.
5. Выкажыце сваё меркаванне – чаму была спынена палітыка і практыка беларусізацыі?
6. Выкажыце свой погляд на канцэпцыю І. Абдзіраловіча аб гістарычных ваганнях Беларусі паміж Захадам (Польшчай) і Усходам (Расіяй).
7. Як І. Абдзіраловіч характарызаваў ўсходні і заходні менталітэты? Да якога менталітэту ён адносіў беларусаў?
8. Як вы ставіцеся да думкі І. Абдзіраловіча аб трэцім, беларускім шляху развіцця?
9. У чым праяўляўся бунтарскі дух (анархізм) І. Абдзіраловіча?
10. Выкажыце сваё стаўленне да погляду У.І. Самойлы: на чым павінна грунтавацца падпарадкаванне грамадзян закону – на страху пакарання ці на павазе да закону і ўладаў?
11. Як вы ставіцеся да падзелу Л.І. Петажыцкім права на афіцыйнае, неафіцыйнае, пазітыўнае і інтыуітыўнае?
12. Ці падтрымліваеце вы погляд, што савецкае права 20 – 50-х гг. ХХ ст. згубіла сваю маральнасць?
13. Якія, на ваш погляд, догмы марсксізма-ленінізма стрымлівалі развіццё палітычнай і прававой думкі ў СССР і БССР?
14. Як вы разумееце паняцце «рэвалюцыйнае права» і які ўплыў яно аказала на станаўленне савецкага права?
15. Раскрыйце ўклад М. Гуткоўскага ў сістэматызацыю заканадаўства Беларускай ССР за 1919 – 1928 гг.
16. Ахарактарызуйце ўплыў Вялікай Айчыннай вайны на грамадска-палітычную думку Беларусі.
17. У чым праявілася кансерватыўная тэндэнцыя ў грамадска-палітычным жыцці Беларускай ССР пасля Вялікай Айчыннай вайны?
18. На ваш погляд, чым была выклікана «хрушчоўская палітычная адліга»? Ці змяніла яна таталітарны рэжым СССР?
19. Ахарактарызуйце ўплыў новай Праграмы КПСС на развіццё ў СССР і БССР палітычнай і прававой думкі?
20. Выкажыце сваё меркаванне, паводле якіх прычын у палажэнні Праграммы КПСС аб адміранні дзяржавы і права ў СССР аказаліся нясбытачнымі?
21. Ахарактарызуйце ўклад навукоўцаў Беларускай ССР у развіццё дзяржаўнага і міжнароднага права.
22. Раскрыйце ўклад у юрыдычную навуку прафесарска-выкладчыцкага саставу юрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітета імя Янкі Купалы.