Лекцыя 1
1. Асноўныя тэндэнцыі дзяржаўнага будаўніцтва Савецкай Беларусі ў 20-я гг. ХХ ст.
2. Ідэалогія беларусізацыі. Адыход ад беларусізацыі, умацаванне таталітарнай сістэмы.
3. Развіццё прававой думкі, беларускай юрыдычнай навукі і адукацыі.
1. Асноўныя тэндэнцыі дзяржаўнага будаўніцтва Савецкай
Беларусі ў 20-я гг. ХХ ст.
У рэалізацыі ідэі дзяржаўнага суверэнітэту Беларускай ССР у палітыка-прававой думцы і партыйна-дзяржаўнай практыцы 20-х гадоў відавочны дзве тэндэнцыі (напрамкі развіцця, схільнасці, імкненні).
Першая тэндэнцыя – так званае «абласніцтва», Беларусь уяўлялася як частка (вобласць) РСФСР.
Другая тэндэнцыя – Беларусь павінна быць вольнай і незалежнай дзяржавай.
Разгледзім першую тэндэнцыю, так званае «абласніцтва». Яго змест раскрыў В.Г. Кнорын, сакратар Паўночна-Заходняга абласнога камітэта РКП(б), які ў газеце «Звязда» (ад 6 кастрычніка 1918 года) пісаў: «Мы считаем, что белорусы не являются нацией и что те этнографические особенности, которые их отделяют от остальных русских, должны быть изжиты». На практыцы гэта азначала, што вышэйшыя кіраўнікі разглядалі Беларусь не як суверэнную дзяржаву, а толькі як вобласць РСФСР (адсюль і тэрмін «абласніцтва»). Пазіцыя прыхільнікаў «абласніцтва», па сутнасці сваёй, цесна прымыкала да вядомай нам палітыкі «заходнерусізму», якую праводзіў у адносінах да Беларусі царскі ўрад.
Прыхільнікі другога напрамку лічылі, што Беларусь павінна стаць незалежнай дзяржавай. Ідэю незалежнасці Беларусі падзялялі кіраўнікі Белнацкама З. Жылуновіч, Я. Канчар, Ф. Шантар і іншыя.
1918 год выдаўся як год «незалежных рэспублік» – абвясцілі аб незалежнасці Украіна, Эстонія, Літва і Латвія. У гэтых умовах палітбюро ЦК РКП(б) у снежні 1918 года прыняло пастанову аб утварэнні Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь (ССРБ). 30 снежня 1918 года 1 з’езд КП(б)Б у Смаленску абвясціў аб стварэнні ССРБ. 1 студзеня 1919 года быў абвешчаны Маніфест урада ССРБ, у якім Беларусь была названа «вольнай незалежнай Беларускай Сацыялістычнай Рэспублікай».
Такім чынам, дэ-юрэ (лац. de jure, літаральна – па праву) быў рэалізаваны другі напрамак – Беларусь Маніфестам урада ССРБ была абвешчана свабоднай і незалежнай дзяржавай.
Але дэ-факта (лац. de facto, літаральна – на справе), на практыцы ўсё склалася па-іншаму. У пастанове ІІІ з’езда КП(б)Б (1920 г.) статус ССРБ у складзе РСФСР быў вызначаны такім чынам: «Белоруссия, являясь Социалистической Советской Республикой, одновременно является составной частью РСФСР, и все органы в области общих мероприятий должны быть подчинены соответствующим комиссариатам РСФСР, но иметь определенную свободу в области разрешения вопросов местной жизни, в которых они должны руководствоваться ЦИК и Совнаркомом Белоруссии».
Сапраўды, склалася так, што ССРБ не мела ўласных грошай, яна фінансавалася з бюджэту РСФСР; заканадаўства РСФСР дзейнічала на тэрыторыі Беларусі; пошта, тэлеграф, чыгунка, усе галіны эканомікі ССРБ знаходзіліся пад кіраўніцтвам Расіі. На гэтай падставе прафесар Я.А. Юхо слушна адзначыў, што ў 1917 – 1922 гг. ССРБ «фактычна з’яўлялася аўтаномнай вобласцю РСФСР» [1].
Такім чынам, у 1919 – 1922 гг. выявілася дваістасць дзяржаўнасці ССРБ: дэ-юрэ – незалежная дзяржава, дэ-факта – на практыцы Беларусь з’ўлялася аўтаномнай вобласцю РСФСР.
2. Ідэалогія беларусізацыі. Адыход ад беларусізацыі, умацаванне таталітарнай сістэмы
Узмацненне дзяржаўнасці ССРБ адбылося ў сувязі з беларусізацыяй – ідэалогіяй і палітыкай нацыянальна-дзяржаўнага і нацыянальна-культурнага будаўніцтва ў Беларускай ССР у 20-я гады ХХ стагоддзя. Ініцыятарамі і аўтарамі палітыкі беларусізацыі былі дзеячы нацыянальна-вызваленчага руху, якія свядома перайшлі на бок савецкай улады і з савецкай уладай звязалі свае надзеі на нацыянальна-дзяржаўнае самавызначэнне беларускага народа.
Некаторыя з гэтых дзеячоў займалі высокія дзяржаўныя пасады ў Беларускай ССР: А.Р. Чарвякоў займаў пасаду старшыні ЦВК і СНК БССР, У.М. Ігнатоўскі – быў наркамам асветы, А.Л. Бурбіс – намеснікам наркама замежных спраў, З.Х. Жылуновіч – рэдактарам газеты «Советская Белоруссия» і інш.
Палітыка беларусізацыі была б немагчымай без падтрымкі Камуністычнай партыі, якая ў тыя часы мела ўсю паўнату ўлады. Х (1921 г.) і ХІІ з’езды (1923 г.) РКП(б) абвясцілі ліквідацыю фактычнай няроўнасці народаў СССР у галінах сацыяльна-палітычнага і культурнага развіцця.
VІІ з’езд КП(б) Беларусі (1923 г.), зыходзячы з рашэнняў РКП(б), акрэсліў новыя задачы: адраджэнне беларускай культуры, развіццё беларускай мовы – фактычна з’езд сфармуляваў асноўныя прынцыпы палітыкі беларусізацыі.
15 ліпеня 1924 года сесія ЦВК БССР прыняла пастанову «Аб практычных мерапрыемствах па правядзенню нацыянальнай палітыкі», згодна з якой беларусізацыя стала афіцыйнай дзяржаўнай палітыкай Беларускай ССР. Рэалізуючы гэтую пастанову, ужо ў 1928 годзе каля 80 % школ былі пераведзены на беларускую мову навучання, на беларускую мову было пераведзена справаводства ў некаторых партыйных і дзяржаўных органах Беларускай ССР.
Адным з важных напрамкаў палітыкі беларусізацыі была так званая каранізацыя – вылучэнне кадраў з карэннага насельніцтва на партыйную, дзяржаўную і грамадскую работу.
Палітыка і практыка беларусізацыі вызвалі імкненні насельніцтва Заходняй Беларусі да ўз’яднання з БССР, што і адбылося ў верасні 1939 года. Пад уздзеяннем беларусізацыі ў кастрычніку 1924 года адбыўся самароспуск Беларускай Народнай Рэспублікі, дзеячы якой В. Ластоўскі, А. Цвікевіч і іншыя пераехалі з-за мяжы ў Мінск, дзе атрымалі высокія пасады. Палітыка беларусізацыі спрыяла стварэнню нацыянальных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. У ходзе адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1924 – 1929 гг. на тэрыторыі Беларусі былі створаны 23 яўрэйскіх, 19 польскіх, 5 латышскіх, 2 украінскія і 2 нямецкія сельскія саветы; у 1933 годзе быў створаны польскі раён з цэнтрам у Койданаве (зараз Дзяржынск, радзіма Ф.Э. Дзяржынскага).
Але працэс беларусізацыі быў прымусова перапынены. У 1929 годзе сталінская групоўка захапіла ў СССР уладу, яна пачала зварочваць палітыку НЭПа, а разам з гэтым пачаўся адыход ад палітыкі беларусізацыі. Ідэалагічнае абгрунтаванне было зроблена Сталіным, які ў дакладзе «Аб нацыянальных момантах у партыйным і дзяржаўным будаўніцтве» (1923 г.) заявіў: «...Права на самавызначэнне не можа і не павінна служыць перашкодай справе ажыццяўлення права рабочага класа на сваю дыктатуру. Першае павінна адступіць перад другім».
Кастрычніцкі пленум ЦК КП(б) Беларусі (1930 г.) абвясціў прыхільнікаў беларусізацыі нацдэмамі (нацыянальнымі дэмакратамі), якія арыентуюцца не на пралетарскую Маскву, а на буржуазную Варшаву. Палітыка беларусізацыі пачала тлумачыцца як імкненне да рэстаўрацыі на Беларусі капіталістычных парадкаў, да стварэння буржуазнай культуры па змесце і нацыянальнай толькі па форме. Пачаліся рэпрэсіі супраць прыхільнікаў палітыкі беларусізацыі – нацдэмаў, была сфальсіфікавана справа так званага «Саюза вызвалення Беларусі» (СВБ), за прыналежнасць да якога былі асуджаны 90 чалавек, галоўным чынам дзеячаў навукі і культуры, кіраўнікоў Беларускай ССР. Былі рэпрэсіраваны А.А. Баліцкі – наркам асветы, Д.Ф. Прышчэпаў – наркам земляробства і іншыя. Прэзідэнт АН БССР У.М. Ігнатоўскі, абвінавачаны ў прыналежнасці да СВБ, скончыў жыццё самагубствам. Абвінавачванні былі скіраваны і супраць старшыні ЦВК БССР А.Р. Чарвякова, які таксама пакончыў з сабою.
Абвінавачваліся ў прыналежнасці да СВБ Якуб Колас і Янка Купала, апошні таксама спрабаваў пакончыць жыццё самагубствам. Тэрмін «беларусізацыя» знікае з ужытку, беларуская мова зыходзіць са справаводства, яна перастае гучаць у партыйных, дзяржаўных і грамадскіх установах Беларусі, праз нейкі час поўнасцю замяняецца рускай мовай.
Са згортваннем палітыкі беларусізацыі на тэрыторыі СССР і БССР пачаў узмацняцца таталітарны рэжым – поўнае панаванне дзяржавы над усімі бакамі жыцця грамадства; дэмакратычныя метады кіраўніцтва падмяняюцца прымусовымі, адміністрацыйна-каманднымі; дэмакратычныя свабоды і правы чалавека падмяняюцца дэкларатыўнымі заявамі.
Пачалі звужвацца паўнамоцтвы Беларускай ССР, фактычная ўлада ўсё больш пачала адыходзіць да цэнтральных органаў Саюза ССР. На лютаўска-сакавіцкім пленуме ЦК УКП(б) 1937 года Сталін дабіўся ўхвалення яго тэзісу: быццам па меры руху да сацыялізму класавая барацьба ў СССР будзе абвастрацца. Гэты тэзіс Сталіна паслужыў ідэалагічным абгрунтаваннем масавых рэпрэсій супраць усіх не згодных з пануючай у той час ідэалогіяй і палітыкай.
Разам з тым неабходна адзначыць, што пад уплывам канкрэтных гістарычных абставін партыйна-дзяржаўнае кіраўніцтва Саюза ССР дапускала ў некаторых сферах пашырэнне паўнамоцтваў саюзных рэспублік, у тым ліку і Беларускай ССР. Пасля крызісу Лігі Нацый, якая не змагла прадухіліць Другую сусветную вайну, узнікла ідэя ўтварыць Арганізацыю Аб’яднаных Нацый (ААН) як міжнародны гарант міру і стабільнасці ў свеце. У Сталіна ўзнікла ідэя: вярнуць саюзным рэспублікам знешнепалітычныя паўнамоцтвы і патрабаваць, каб іх прынялі членамі-заснавальнікамі ААН. У гэтым выпадку Савецкі Саюз меў бы ў ААН 16 галасоў (15 саюзных рэспублік + СССР).
Рэалізуючы гэтую ідэю, 1 лютага 1944 года Вярхоўны Савет СССР прыняў закон: «Аб прадстаўленні саюзным рэспублікам паўнамоцтваў у вобласці знешніх зносінаў і аб пераўтварэнні наркамата замежных спраў з агульнасаюзнага ў саюзна-рэспубліканскі наркамат». Паводле гэтага закону Беларуская ССР атрымала права:
– мець свой наркамат замежных спраў:
– уступаць у непасрэдныя адносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі дагаворы, абменьвацца дыпламатычнымі і консульскімі прадстаўнікамі.
У адказ на знешнепалітычную ініцыятыву Сталіна прэзідэнт ЗША Рузвельт заявіў, што калі СССР запатрабуе членства ў ААН сваіх 15 рэспублік, тады ЗША паставяць пытанне аб членстве ў ААН сваіх 48 амерыканскіх штатаў. Патрэбен быў кампраміс, які ўдалося адшукаць на Крымскай (Ялцінскай) канферэнцыі вышэйшых кіраўнікоў ЗША, СССР і Вялікабрытаніі (4 – 11 лютага 1945 гг.). Удзельнікі канферэнцыі прынялі рашэнне прадставіць у ААН членства, акрамя СССР, Украіне і Беларусі, як дзяржавам, якія прынялі на сябе ўдары нямецкіх войск, панеслі найбольшыя людскія і матэрыяльныя страты і выставілі больш за 1 мільён байцоў у Чырвоную Армію.
26 чэрвеня 1945 года на міжнароднай канферэнцыі ў Сан-Францыска (ЗША) дэлегацыя Беларускай ССР падпісала Статут ААН, наша рэспубліка ў ліку 51 краіны свету лічыцца краінай – заснавальніцай ААН. (Больш падрабязна: Снопковский, Е.Е. Путь Беларуси в ООН. 1944 – 1945 гг. / Е.Е. Снопковский. – Минск, 1994).
3. Развіццё прававой думкі, беларускай юрыдычнай думкі і адукацыі
Палітычная і прававая думка Савецкай Беларусі ў даваенны час развівалася пад уплывам дзвюх супярэчлівых тэндэнцый. З аднаго боку Беларусь атрымала сваю дзяржаўнасць, з другога боку – пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года пачалося станаўленне так званага «рэвалюцыйнага права» як сродку ажыццяўлення дыктатуры пралетарыяту.
Разгледзім першую тэндэнцыю. Беларускі народ у 1919 годзе атрымаў сваю нацыянальную дзяржаўнасць у форме Беларускай ССР, займеў сваю канстытуцыю, парламент, урад, мясцовыя органы дзяржаўнай улады і кіравання, тэрыторыю. І хаця Беларуская ССР цалкам залежала ад цэнтральных саюзных органаў улады і кіравання, з набыццём нацыянальнай дзяржаўнасці многія жыхары Беларусі звязвалі лепшыя надзеі на перспектывы яе развіцця.
Паявіліся працы, у якіх рабілася спроба абагульніць і прааналізаваць тэндэнцыі беларускай гісторыі, на падставе гістарычнага вопыту адшукаць найбольш рацыянальныя шляхі развіцця беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці.
Сярод іх адзначым працы Ігната Абдзіраловіча (Канчэўскага). На сённяшні дзень мы не маем ніводнага грунтоўнага манаграфічнага даследавання яго палітычных і прававых поглядаў, хаця ягоныя працы адлюстроўваюць важную і актуальную праблему – пошук Беларуссю ўласнага шляху развіцця ў сучасным супярэчлівым свеце пры захаванні пачаткаў сваёй самабытнасці, адметнасці і ідэнтычнасці.
Зараз назіраюцца пэўныя зрухі ў вывучэнні і асэнсаванні творчасці Ігната Абдзіраловіча. Яго палітычныя і прававыя погляды сёння лічацца настолькі важнымі і актуальнымі, што яны ўключаны ў навучальныя дапаможнікі і вывучаюцца ў вышэйшых навучальных установах рэспублікі, у манаграфічную літаратуру, у Беларускую энцыклапедыю і Энцыклапедыю гісторыі Беларусі.
Каб усвядоміць погляды Ігната Абдзіраловіча, неабходна звярнуцца да яго жыццёвага шляху, да тых складаных і супярэчлівых абставін, у асяродку якіх ён жыў і працаваў.
Абдзіраловіч – гэта псеўданім, які ім узяты з аповесці Максіма Гарэцкага «Дзве душы». Яго сапраўднае прозвішча – Ігнат Уладзіміравіч Канчэўскі. Нарадзіўся ён у 1896 годзе ў сям’і сакратара акруговага суда. Скончыў Віленскае рэальнае вучылішча, вучыўся ў Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце, затым на гісторыка-філалагічным факультэце Маскоўскага ўніверсітэта, падзяляў погляды і праграму эсэраў.
Увосень 1917 года ён паступіў на Вышэйшыя кааператыўныя курсы пры універсітэце імя А.А. Шаняўскага, затым працаваў ў кааператыўных арганізацыях. Пасля абвяшчэння Беларускай ССР пераехаў у Мінск, уключыўся ў беларускі нацыянальна-асветніцкі рух. Затым пераехаў у Вільню, з’яўляўся членам Беларускага навуковага таварыства ў Вільні, друкаваў палітычныя артыкулы, вершы і літаратурныя рэцэнзіі ў газетах «Наш сцяг», «Наша думка», «Беларускія ведамасці», «Наша будучыня». Біяграфія Абдзіраловіча сведчыць, што яму было накавана зведаць і універсітэцкую аўдыторыю, і працу ў кааператыўных таварыствах, у якіх у той час панаваў пэўны дух творчасці і прадпрымальніцтва ў добрым сэнсе гэтага слова. Гэтыя жыццёвыя абставіны былі спрыяльнай глебай для тэарэтычных абагульненняў і прагматычных падыходаў, якія знайшлі глыбокае адлюстраванне ў яго працах.
Цяжкія матэрыяльныя ўмовы тагачаснага жыцця, недахоп ва ўсім, у тым ліку і ў харчаванні, прывялі Ігната да сухотаў, ад якіх ён памёр 24 красавіка 1923 года ў Вільні, на 27 годзе свайго жыцця. Газета «Новае жыццё» змясціла прысвечаны Абдзіраловічу некралог, які напісаў вядомы беларускі дзеяч Антон Луцкевіч. «Быццам дыямэнт цудоўны, дзіўным хараством гарэла Яго душа сярод жыцьцёвага бруду, маны, крывадушнасці, – пісаў Антон Луцкевіч. – Але ў кожным выяўленьні яго працы перш за ўсё відаць было гарачае ўмілаваньне да чалавека. І ў беларусе ён хацеў вызваліць чалавека».
Найбольш знакамітым творам Абдзіраловіча з’яўляецца яго праца «Адвечным шляхам: дасьледзіны беларускага сьветагляду», якая была выдадзена ў Вільні ў 1921 годзе. Твор невялікі па аб’ёму – усяго 44 старонкі, па форме – філасофскае эсэ.
Хаця з моманту выхаду эсэ прайшоў значны час, але многія навукоўцы адзіныя ў тым, што азначаны твор, як і іншыя працы Абдзіраловіча, няпоўна вывучаны і належным чынам не асэнсаваны ні гісторыкамі (у тым ліку і гісторыкамі дзяржавы і права), ні філосафамі, ні сацыёлагамі. Магчыма, на гэта паўплывала неспрыяльная абставіна – эсэ Абдзіраловіча больш паўвека праляжала ў спецсховішчы і толькі ў 1990 годзе яно было ўключана ў зборнік «Вобраз-90», а затым у перакладзе на рускую мову было апублікавана ў часопісе «Неман». Асобнай кніжкай эсэ Абдзіраловіча было выдана ў Мінску толькі ў 1993 годзе.
Структурна эсэ падзяляецца на кароткую прадмову і чатыры раздзела.
У прадмове Абдзіраловіч з сумам адзначыў: «Нашы часы – часы агульнай заблутанасьці... Тое, што раней здавалася чыстым і сьветлым, штодзенна аплятаецца жыцьцёвым брудам і пылам... У такія часы адзінокая чалавечая душа шукае, пераглядаючы ўсё тое, што здавалася каштоўным, сьвятым і жаданым» [2, с.7].
Погляд Абдзіраловіча на тагачасныя падзеі як на «часы агульнай заблутанасьці» стане больш зразумелым, калі нагадаем, што пачатак ХХ стагоддзя – гэта быў час змены парадыгмы ў еўрапейскім мысленні, які супаў з радыкальнымі палітычнымі і сацыяльнымі пераўтварэннямі на Беларусі, вызначальная рыса якіх – імкненне да пабудовы сваёй дзяржаўнасці.
Рэвалюцыйныя падзеі пачатку ХХ ст. аказалі свой ўплыў і на філасофскае эсэ Абдзіраловіча, у якім зроблена спроба пераглядзець і падсумаваць гістарычны вопыт зместу і спецыфічных формаў жыцця беларускага народа, поглядаў яго дзеячоў мысліцеляў і на гэтай інтэлектуальнай аснове адшукаць і прапанаваць беларускаму грамадству спецыфічные нацыянальные шляхі свайго развіцця.
Абдзіраловіч галоўным у адраджэнні Беларусі лічыў яе дзяржаўную незалежнасць, разглядаў яе як агульначалавечы ідэал. Ён адзначыў спецыфічную гістарычную асаблівасць Беларусі ў тым, што яна, быццам маятнік, вагаецца паміж Усходам (Расіяй) і Захадам (Польшчай), прымыкаючы да найбольш моцнай і ўплывовай дзяржавы на многія стагоддзі. «Ваганьне паміж Захадам і Ўсходам і шчырая няпрыхільнасьць ні да аднаго, ні да другога зьяўляецца асноўнаю адзнакаю гісторыі беларускага народу» – адзначае Абдзіраловіч [2, с.9]. Адметнасць беларусаў, на яго погляд, у тым, што іх «дзесяцёхвяковае ваганне» выявіла, «што беларусы, як украінцы і балканскія славяны, не маглі шчыра прылучыцца ні да аднаго, ні да другога кірунку. Мы не зрабіліся народам Усходу, але і не прынялі і культуры Заходняй Эўропы» [2, с.8].
Суседзямі Беларусі былі магутныя дзяржавы, таму, каб выжыць, на погляд Абдзіраловіча, «беларускі народ ня ставіць апору ні ўсходняй, ні заходняй хвалі і яны вольна перакочваюцца над яго галавой» [2, с.11].
Разам з тым, зазначае Абдзіраловіч, уплыў Захаду і Усходу «гвалцілі душу беларуса» і ён разумеў «што ў чужой скуры заўсёды дрэнна, што трэба вытварыць нешта сваё, роднае, блізкае, арганічнае» [2, с.11]. Само жыццё заклікала беларускі народ «на будоўлю новага агульначалавечага ідэалу» [2, с.11].
Асэнсоўваючы гістарычны лёс беларускага народа, які, быццам маятнік, вагаецца паміж Усходам і Захадам, можна зрабіць вывад аб «залатым часе» беларускай дзяржаўнасці. Гістарычны вопыт паказвае, што бываюць такія спецыфічныя перыяды развіцця, калі Усход (Расія) і Захад (Польшча) так моцна заглыблены ў свае ўнутраныя праблемы, што ім «не да Беларусі», яны цалкам захоплены вырашэннем сваіх уласных і неадкладных лёсавызначальных нацыянальных пытанняў. Вось менавіта ў гэты час, калі гістарычны маятнік знаходзіцца ў ніжняй кропцы, Беларусь і можа заняцца вырашэннем сваіх нацыянальна-дзяржаўных праблем без увагі на суседзяў. У гэты «залаты час» Беларусь павінна стварыць свае нацыянальныя органы дзяржаўнай улады і кіравання, сваю адметную эканоміку, «ісьці пароўні з іншымі народамі на будоўлю агульначалавечага ідэалу» – увайсці ў сусветныя і еўрапейскія супольнасці, каб пры іх дапамозе і абароне будаваць сваю нацыянальную дзяржаву, заснаваную на прызнанні прыярытэту агульначалавечых каштоўнасцяў.
Для гэтага зараз маюцца добрыя магчымасці, гэтаму спрыяе і менталітэт беларусаў, які, на погляд Абдзіраловіча, адметны ад менталітэту суседзяў – народаў заходніх і ўсходніх дзяржаў.
На погляд беларускага мысліцеля, заходні менталітэт заснаваны на кампрамісе, пагадненні на аснове ўзаемных уступак. На «Захадзе барацьба вынікае толькі ў асобыя часы агульнага сполаху і тады па ўсёй зямлі ідзе забойства, гараць вогнішчы з гэрэтыкамі і ворагамі, – адзначае ў сваім эсэ Абдзіраловіч, – але потым, супакоіўшыся, варожыя кірункі мірна істнуюць разам і знаходзяць компраміс, згоду...» [2, с.13]. І гэта сапраўды так, бо ў заходняга менталітэту, на наш погляд, свой асаблівы гістарычны падмурак – сістэма сюзарэнітэта-васалітэта, якую складаюць асабістыя іерархічные адносіны сеньёра з яго васаламі, у аснове якіх часта ляжала ўзаемная дамова, а ўсялякая дамоўленасць, як вядома, заснавана на кампрамісе, г.зн. на ўзаемных уступках.
Усходні менталітэт, на погляд Абдзіраловіча, гістарычна грунтуецца на крайніх формах, гэта – схільнасць да крайнасцяў. «Найболей выразнаю адзнакаю іх характару (усходніх славян – І.Б.) зьяўляецца нахіласьць да ўсяго скрайнага, выразнага, ясна падкрэсьленага, – адзначана ў эсэ. – Усходні славянін ня любіць нічога палавіннага, вечна шукае нейкай агульнай, адналітай формы, якой і пасьвячае сваё жыцьцё» [2, с.12].
На думку Абдзіраловіча, душу і настрой думак вялікароса найлепш характарызуюць наступныя радкі:
Коль любить – так без рассудку,
Коль ругнуть – так сгоряча,
Коль рубнуть – так уж сплеча… [2, с.12].
Калі усходні чалавек незадаволены «істнуючым, дык яго абхоплівае зуда перавярнуць ўсё дагары нагамі, – адзначае Абдзіраловіч, – ...змаганьне на Ўсходзе ідзе да той пары, пакуль ня згіне апошні адкрыты вораг. Там компрамісу няма, уступкі ня робяцца ні ў аднэй драбніцы» [2, с.12, 13]. Усё гэта вызначае, на яго думку, ўсходні менталітэт як адналітную форму, калі «ўва ўсіх павінен быць адзін выгляд, адны пераконаньні, адзін погляд на жыцьцё. Гэтым тлумачыцца дзіцячая самаўпэўненасьць расейскіх камуністых, што яны ўсё жыцьцё пераробяць на адзін капыл» [2, с.13].
Выкажам меркаванне, што усходні менталітэт, «нахіласьць да ўсяго скрайнага», мае свой адметны гістарычны падмурак – цэзарапапізм – ідэалогію візантыйскай царквы, якая прызнае імператара стаўленнікам Бога на зямлі, а з Богам, як вядома, дамоваў не заключаюць, веруючыя павінны няўхільна выконваць яго волю. Таму з царом-самадзержцам для яго падданных немагчымы ніякія кампрамісы. Так гістарычна сфарміраваўся ўсходні менталітэт – схільнасць да крайніх форм жыцця.
Зусім іншы погляд на формы жыцця на Захадзе. Любая ідэя, якая «хоча абхапіць усё жыцьцё: яе ў Заходняй Эўропе затруць, скароцяць, абцягнуць тысячамі компрамісаў», – адзначае Абдзіраловіч. На Захадзе культура вырасла «на барацьбе з скрайнімі кірункамі, якія захацелі абхапіць жыцьцё цалком» [2, с.13]. У якасці прыклада ён спасылаецца на каталіцкую рэлігію: «У Заходняй Эўропе ня вытрымала спробы ідэя адзінай рэлігіі: каталіцтва не апанавала ўсіх краёў, а нарадзіла шмат пратэстанскіх вучэньняў, што далёка разышліся як ад свайго карэньня, так і паміж сабой» [2, с.13].
Да якога менталітэту адносяцца беларусы? «Вольнага разьвіцьця наша духу не запяўняе ні заходняя ні ўсходняя культура, – зазначае Абдзіраловіч. – ...Каб запеўніць нашаму народу вольную творчасьць ува ўсіх галінах жыцьця, трэба стварыць і адпаведныя, свае, беларускія, формы жыцьця» [2, с.17].
Абдзіраловіч выказаў ідэю трэцяга, беларускага шляху развіцця, канцэпцыю якога ён абгрунтаваў у сваім артыкуле «Кааперацыя» (1922 г.) На погляд Абдзіраловіча, «трэці шлях» – паміж «дзікім капіталізмам» і «тыранічным сацыялізмам» – гэта шлях вольных сялянска-рамесных брацтваў, шлях кааперацыі, якую ён разумеў як творчае супрацоўніцтва людзей, як спецыфічную форму іх арганізацыі працы для дасягнення агульных карысных мэтаў. Кааперацыю Абдзіраловіч называў «праўдзівым жыцьцёвым кірункам» [2, с.41], бо гэтае непрымусовае аб’яднанне патрабуе творчых адносін людзей да сваіх абавязкаў. Ён выказаў упэўненасць, што «каапэрацыя – адзінае грамадзянскае зьявішча, якое няпрымусова аб’еднавае сяброў і не дэкляруе прымусу для іншых. ...Каапэрацыя ня кажа: “Я маю гатовую праўду: прыходзь і бяры”, яна толькі кажа: “Твары, творачы – руйнуем”. У каапэрацыі няма гатовых шаблёнаў, штампаў на кожны выпадак жыцьця; калі такія штампы зьяўляюцца, жыцьцё іх выкідвае вельмі лёгка, без рэвалюцыяў, за вакно. У сваім аб’яднаньні асоб каапэрацыя не застаецца абавязковай: калі табе па дарозе, ідзі разам, а не – ідзі, куды хочаш» [2, с.41].
Абдзіраловіч крытычна ставіцца да прыватнай уласнасці, якая «становіць камень датыканьня буржуазных і соцыялістычных вучэньняў» [2, с.42]. На яго погляд, інстытут прыватнай уласнасці не вечны, ён згіне «як туман перад сонцам, калі згіне прымус, калі запануе вольная творчая асоба» [2, с.42].
Шмат увагі Абдзіраловіч у сваім эсэ ўдзяляе такой грамадскай з’яве, як духоўнае мяшчанства. На яго погляд, асноўная загана духоўнага мяшчанства ў тым, што «яно ня лічыцца са зьменнасьцю вечнай цякучасьцю жыцьця» [2, с.22], адсюль у людзей выяўляецца «прыхільнасьць да рознага роду аўторытэтаў» [2, с.22], а ўсё ўрэшце зводзіцца да таго, што чалавеку становіцца непатрэбным «у кожным выпадку думаць, як трэба рабіць, і зьвяртацца да ўласнага сумленьня» [2, с.22], а жыць «як усе», па агульных правілах, не зважаючы, якія гэта правілы і да якіх вынікаў прывядзе такое жыццё.
Абдзіраловіч даў жорсткую крытыку сацыялістычных тэорый, у тым ліку і марксізму. Ён адзначыў, што «да апошніх часоў соцыялізм быў адзінаю касулькаю, адзінай надзеяй на магчымасьць лепшай будучыны» [2, с.31]. Гэтая надзея грунтавалася на прыкладах, калі «соцыялістычныя мучанікі сваёй крывёю, сваім бязрадасным ахвярным жыцьцём без сьвятла і асабістага шчасьця рабілі, здавалася, фундамэнт сонечнай будучыны» [2, с.31]. У Ігната выклікаюць глыбокую павагу першыя рэвалюцыянеры-сацыялісты, якія «лятуцелі не аб захапленьні ўлады, не аб дыктатутры штыха і кулямёта, а аб звальненьні чалавечага духу, аб пераменнасьці жыцця для ўсіх зьняважаных і пакрыўджаных» [2, с.31].
Але з часам, на яго погляд, «згасьлі вялікія жаданьні і лятункі аб вольным чалавеку. Заместа “утопіяў” высынулася “навучная” ідэя захапленьня палітычнага апарату, каб сілком вясьці масы ў соцыялістычны рай» [2, с.31]. І хаця размова ідзе аб прыгнечаных масах, але, зазначае Абдзіраловіч, «з учарайшага раба выходзіць найлепшы рабаўладца» [2, с.32].
У эсэ Абдзіраловіч значную ўвагу ўдзяліў праблемам дзяржавы і права. На яго погляд, адна з асноўных задач дзяржавы ў тым, каб стварыць такія ўмовы, пры якіх чалавек сумленнай працай мог забяспечыць сабе дастойнае жыццё. «Чаму ў працоўнай рэспубліцы ніхто літаральна ня мае магчымасьці жыць з уласнай працы, – ставіць ён пытанне, – а павінен шукаць непрацоўнага заробку: у спэкуляцыі, хабарніцтве і іншым, што забаронена законамі?» [2, с.37].
У эсэ адчуваецца і бунтарскі дух Абдзіраловіча, які шмат у чым, на наш погляд, мяжуе з анархізмам. Творчы падыход у Абдзіраловіча ўвасобіўся ў ідэі «ліючаяся» формы, якую ён разумее як «зьменная, заўсёды адпаведная жыцьцёвым праявам форма» [2, с.21]. Мысліцель расчараваны тым, што людзі для дабра «стварылі сямью, гаспадарства, суд, касьцёл, партыю», якія, замест таго каб служыць чалавеку, пачынаюць кіраваць ім, «заціскаючы сваей уладай праўдзівае чалавечае жыцьцё» [2, с.20, 21].
Абдзіраловіч у сваім эсэ шмат увагі ўдзяліў шляхам знішчэння прымусу ў палітычных, эканамічных, ідэалагічных, культурных зносінах людзей. «Тое, што істнуе цяпер: прымусовае гаспадарства, ўрады, цьвёрды закон, турма, кара – ёсьць вынік чалавечай, грамадзянскай нятворчасьці, – адзначыў ён. – Гэта ўсё згіне не пад прымусам, ня будзе зруйнована сілай, а будзе зруйнована далейшай чалавечай творчасьцю» [2, с.42].
Для абгрунтавання сваіх поглядаў Абдзіраловіч паспрабаваў адшукаць у гісторыі прыклады сацыяльных аб’яднанняў, якія садзейнічалі творчаму развіццю асобы. У якасці ўзора ён упамінае «беларускія сябрыны, паўночна-славянскія ватагі, чорнагорскія ўдружэньні, чэскія задругі», якія займаліся промысламі, у іх асяродку панаваў вольны, творчы дух, а калі каму там не падабалася, то ён свабодна мог «пакінуць сябрыну, адыйсьці»; калі ўсе незадавольны – у такім выпадку «сябрына распадаецца» [2, с.40].
Негатыўна Абдзіраловіч ставіцца і да дысцыпліны, якая «бывае рэлігійная, грамадзянская, партыйная, моральная, навуковая; ў кожным разе забараняе чалавеку рабіць па яго ўласнаму сумленьню, а толькі па выпрацаванай форме. Гэта – ланцугі, каторымі свядома апутаны чалавек, каб ён сядзеў ціха і не рыпаўся» [2, с.23].
Абдзіраловіч крытыкуе бюракратызм – сістэму кіравання чыноўніцкай адміністрацыі, якая адарвалася ад інтарэсаў народа, у якой пануе канцыляршчына, папяровая валакіта, фармальныя адносіны да справы. «Што робяць нашы парлямэнты, ўрады, суды, цэрквы, партыі, як не ўганяюць жыцьцё ў труну формаў? – разважае ён. – Характэрным зьявішчам Эўропы зьяўляецца канцэлярыя. Праца яе сьціснута статутамі, інструкцыямі, палажэньнямі…. Уціснуць жыццё ў формулу – вось яе заданьне…. Дух зьмярцьвеласці вісіць над усёй грамадзянскай працай» [2, с.24].
Разам з тым Абдзіраловіч не адмаўляе форму, бо, на яго погляд, «форма павінна быць, без яе жывое ня можа абыйсьціся» [2, с.25], але формы жыццядзейнасці павінны адпавядаць «зьменнасьці, ліючасьці, у шуканьні формаў жыцьця элястычных, цякучых, зьменных», у якіх заключаны «зьмест будучыны, зьмест індывідуальнага і соцыяльнага ідэалу» [2, с.25]. Таму ён заклікае ўспрымаць жыццё так, каб не было «для чалавека нічога нярухомага, сьвятога: ні дактрын, хаваючых ўсё жыцьцё ў труну выразнай формы, ні зацьверджанай моралі на кожны дзень і гадзіну, на кожнае ўздыханьне» [2, с.27]. Ён крытычна ставіцца да пашаны «пісаных законаў і канстытуцыяў» [2, с.22], бо усё гэта, на яго погляд, «затрымлівае жыцьцё, пазбаўляе яго творчасьці» [2, с.27, 28].
Каб людзі набылі магчымасць «грамадзянскай творчасці», на погляд Ігната, яны павінны пазбавіцца «чужынскага прымусу», займець палітычную незалежнасць, сваю дзяржаўнасць, бо менавіта толькі палітычная незалежнасць з’яўляецца першай падставай «для народу быць самім сабой» [2, с.34].
Але незалежнасць не ёсць панацэя ад усіх бед, бо, на яго погляд, справа незалежнасці толькі ў першыя часы мела свой «праўдзівы, шчыры характар», але гэты перыяд ён называе «ўтопічным, романтычным» [2, с.34]. У далейшым развіцці незалежнасць сустракалася з такімі неадалімымі цяжкасцямі і супярэчнасцямі, якія кіраўнікі не маглі праўдзіва вырашыць і атрымаць пры гэтым станоўчыя вынікі. Таму «першы беларускі Ўрад, што стаяў на грунце прынцыповай незалежнасьці, – адзначае Абдзіраловіч, – не дасягнуў ніякіх практычных вынікаў» [2, с.34]. Кіраўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі, – зазначае Ігнат, – імкнулася «згаварыццца з урадам Пілсудскага», яно адышло ад незалежнасці і было «фактычна блізка ад здавальненьня культурна-нацыянальнай аўтаноміяй», але і «гэты кірунак як мала жыцьцёвы практычна адкінуты» [2, с.34]. У парыве сацыяльнага ўздыму і агульнага грамадскага натхнення нараджаюцца высокія ідэі і палітычныя партыі, а «праз колькі гадоў, бачыш, – з сумам адзначае Ігнат, – жменька здольных хлапцоў круціць чалавечыя галовы, а разам не запамінае і аб сваёй кішэні» [2, с.21].
Адзіраловіч не абыходзіць увагай і істотныя недахопы дзяржаўнага кіравання і ў Савецкай Беларусі. Ігнат ставіць пытанне: хаця ад «старой Расеі не засталося і каменя на камені», грунт жыцця стаў новым, але чаму «у дэталях жыцьцё так прыкра падобна да старога?» Паводле яго назіранняў «трудавая павіннасьць падобна да паншчыны, сучасныя адміністратары да старых гараднічых, чаму адкрыта кажуць: “Не абманеш – не паедзеш”» [2, с.37].
Усё неразумнае, на думку Абдзіраловіча, – «вымагае творчасьці; цераз творчасьць яно імкне да разумнага, але па сваім зьдзяйсненьні зараз жа робіцца неразумным, г.зн. вымагае новай творчасьці» [2, с.38]. Таму не патрэбна і нават шкодна, на яго погляд, задавальняцца дасягнутым, бо «жыцьцё вечна імкне, ліецца, цячэ. Вечны творчы працэс ад неразумнага да разумнага і ніколішняе недасягненьне да апошняга – вось істота жыцьцёвага працэсу» [2, с.39].
Цікавыя разважанні мысліцеля мы знаходзім у яго эсэ і аб праве. Першым людскім маральным кодэксам ён лічыў «Дзесяць запаведзяў», якія прыйшлі да людзей «з маланкаю і грамніцамі ад самога Бога» [2, с.21].
Абдзіраловіч высока цаніў звычаёвае права, якое ён называў «маральным законам», у творчасці якога прымае ўдзел «амаль што ўвесь народ», таму звычаёвае права «заўсёды мае ад’знаку боскасьці», яно мае «магчымасьць валадаць людцамі» [2, с.21].
Завяршыў эсэ Абдзіраловіч словамі Евангелля ад Матфея – «Прыходзьце да Мяне ўсе струджаныя і пакрыўджаныя і я супакою вас. Бярыце ярмо маё на сябе і навучэцеся ад мяне; бо я – сьціплы і сьмірны сэрцам, і знойдзеце спакой душам вашым» [2, с.43].
Такім чынам, творчасці Ігната Уладзіміравіча Абдзіраловіча (Канчэўскага) належыць важнае месца ў гісторыі палітычнай і прававой думкі Беларусі. У эсэ «Адвечным шляхам» ён зрабіў спробу пераацэнкі старых каштоўнасцяў і ідэалаў, пошуку новых форм жыцця, уласнага для Беларусі шляху развіцця пры захаванні пачаткаў сваёй самабытнасці і ідэнтычнасці.
Разам з тым Ігнат Абдзіраловіч не пазбегнуў і бунтарскага духу, ад якога адчуваецца подых бязмежнай вольнасці, які мяжуе з анархізмам.
У даваенны перыяд значны ўклад у беларускую культуру, палітычную і прававую думку ўнёс Уладзімір Іванавіч Самойла (1878 – 1941), беларускі і расійскі публіцыст, літаратурны крытык, філосаф. Нарадзіўся ў Мінску, скончыў Петраградскі ўніверсітэт, адзін з заснавальнікаў кніжнага таварыства «Мінчук». Пры яго садзеянні ў газеце «Северо-Западный край» у 1905 годзе быў надрукаваны на беларускай мове верш Янкі Купалы «Мужык» – першае выступленне паэта ў друку. Самойла адзін з першых высока ацаніў і падтрымаў творчасць Янкі Купалы. З 1908 года ён супрацоўнічаў у мінскіх і віленскіх перыядычных выданнях, у 1918 – 1922-х гг. выступіў з серыяй публіцыстычных артыкулаў пра становішча на Віленшчыне. У 1923 – 1927 гг. Самойла быў адным з вядучых публіцыстаў заходнебеларускага перыядычнага друку вызваленчага кірунку (яго артыкулы: «Які “самаўрад” гатуе беларускаму народу Польская рэспубліка»; «Беларускі клуб у польскім сейме»; «Урады і народы»; нарыс «Трыумфуе Беларусь» і інш.). Пасля разгрому БСРГ Самойла адышоў ад актыўнага ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці, у ліку іншых беларускіх дзеячаў быў арыштаваны органамі НКУС у кастрычніку 1939 года.
У сваім філасофскім эсэ «Гэтым пераможаш!» (1924 г.) Самойла даў крытыку палітычным рэжымам, якія сваю ўладу засноўваюць на запалохванні грамадзян. Дзяржавы, у якіх закон грунтуецца не на прынцыпах маралі і справядлівасці, а на запалохванні людзей карным апаратам, на погляд Самойлы, толькі памнажаюць зло, яны не трывалыя, ідуць да банкруцтва. «Рэвалюцыйны метад барацьбы з злом дарогай фізычнага зьнішчэньня яго дарогай гвалту аказваецца бязсільным; – адзначае Самойла, – інакш кажучы, “мэтад санкцыі” стары, “біблейны”, сярэднявечны мэтад барацьбы з злом толькі плодзіць і памнажае ў сусьвеце гэнае зло, ад масы якога ў канцы канцоў гібее ўвесь гэты сьвет» [3, с. 199].
У цывілізаванай дзяржаве, на думку Самойлы, падпарадкаванне грамадзян уладзе і закону грунтуецца не на страху перад паліцыяй, а на павазе да ўлад і закона. Дзяржавы, у якіх павага да закона існуе як для грамадзян, так і для ўлады, такія дзяржавы стабільныя, яны пазбягаюць разбуральных рэвалюцый, бо палітычныя, прававыя і сацыяльныя супярэчнасці яны маюць магчымасці вырашыць дэмакратычнымі метадамі. Аднаўленчую ролю ў такіх дзяржавах адыгрываюць прадугледжаныя законам выбары, якія Самойла называе «запраўднымі маленькімі, прадугледжанымі канстытуцыяй гаспадарства, перыядычнымі рэвалюцыямі, якія народ робіць не мячом, а ня менш забойчым для дрэннай улады, хаця і бязкроўным аружжам – выбарнай картачкай» [3, с. 199].
Самойла ставіць пытанне: якія законы могуць выклікаць павагу ў грамадзян? На гэтае пытанне ён адказвае так: «...калі іх нормы сапраўды карысны для грамадзянства, запраўды нармуюць, а не забіваюць энэргію людзей, калі забясьпечываюць лад, мір і разьвіцьцё грамадзянства ды гэтым усім узвышаюць, а не абніжаюць тып яго духоўнай актыўнасьці» [3, с. 199].
Такім чынам, выказаныя Самойлам ідэі пра адпаведнасць дзяржаўных законаў нормам агульначалавечай маралі і прынцыпам справядлівасці, неабходнасці падпарадкавання закону усіх грамадзян, у тым ліку і кіраўнікоў і служачых дзяржаўнага апарату, і зараз з’яўляюцца актуальнымі і важнымі, яны дапамагаюць рэалізаваць адвечную мару беларускага народа аб справядлівых дзяржаве і праве.
У перадваенны час некаторыя беларускія мысліцелі працавалі за мяжой, іх навуковыя працы мелі еўрапейскае значэнне. Сярод такіх навукоўцаў – Леў Іосіфавіч Петражыцкі (1867 – 1931), правазнаўца і сацыёлаг, адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў псіхалагічнай школы права. Нарадзіўся ў Віцебскай губерні, скончыў юрыдычны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта. Доктар юрыдычных навук, у 1898 – 1918 гг. узначальваў кафедру энцыклапедыі і філасофіі права ў Пецярбургскім універсітэце. Быў дэпутатам Дзяржаўнай думы, з 1918 года ўзначальваў кафедру сацыялогіі Варшаўскага ўніверсітэта, напісаў працы: «О мотивации человеческих поступков», СПб., 1904; «Основы эмоциональной психологии», СПб., 1906; «Введение в изучение права и нравственности. Эмоциональная психалогия», СПб., 1908; «Теория права и государства в связи с теорией нравственности», В 2 т. СПб., 1909 – 1910, і іншыя.
У канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. адбылося станаўленне псіхалогіі як самастойнай навукі, таму прадстаўнікі розных навук спрабавалі выкарыстаць яе магчымасці ў сваіх інтарэсах. Паспяховую спробу выкарыстаць магчымасці псіхалогіі ў інтарэсах юрыспрудэнцыі зрабіў Леў Іосіфавіч Петражыцкі, які з’яўляецца заснавальнікам і найбольш значным прадстаўніком псіхалагічнай тэорыі права.
Сваю канцэпцыю Петражыцкі будаваў на грунце звычайнай жыццёвай этыкі і псіхалогіі, якія, на яго думку, могуць даць заканадаўцу сродкі ўздзеяння на паводзіны людзей. На яго думку, рэальна існуюць толькі псіхалагічныя працэсы, астатнія ж сацыяльна-гістарычныя ўтварэнні з’яўляюцца толькі знешняй праекцыяй – «эмацыянальнымі фантазіямі». Петражыцкі лічыў нездавальняючым падзел псіхічных з’яваў на пазнанне, пачуццё і волю, бо першыя два феномены – пасіўныя і толькі трэці – актыўны. Таму Петражыцкі ўвёў паняцце эмоцый, якія маюць двухбаковы, актыўна-пасіўны характар (напрыклад, голад, смага і г.д.). Паводле Петражыцкага, эмоцыі кіруюць чалавечымі паводзінамі. Сярод розных эмоцый асноўную ролю ён адводзіў эмоцыям этычным, якія падзяляюцца на маральныя і прававыя. Маральныя эмоцыі ён лічыў імператыўнымі, гэта значыць абавязковымі; прававыя характарызаваў як неабходную сувязь абавязку і права. Развіццё права, маралі, эстэтычных з’яваў і нават пераход ад прававой сістэмы рабства да права свабоднай працы і канкурэнцыі тлумачыў «прагрэсам народнай псіхікі».
У сваіх творах па тэорыі і філасофіі права Петражыцкі падзяляў права на афіцыйнае, неафіцыйнае, пазітыўнае і інтуітыўнае.
Афіцыйнае права належыць прымяненню дзяржаўнай уладай і забяспечваецца дзяржавай.
Неафіцыйнае права пазбаўлена такога значэння, але яно ўсё ж дзейнічае. Кожная сацыяльная група стварае сваё ўласнае права незалежна аж дзяржавы.
Пазітыўнае права Петражыцкі адносіў да права, якое пануе ў гэты час ў грамадстве, яно апіраецца на нарматыўныя крыніцы (кодэксы, законы, звычаі і г.д.).
Інтуітыўнае права – гэта вынік унутранага, інтуітыўнага самавызначэння індывіда, яно выступае суб’ектыўным крытэрыем ацэнкі пазітыўнага права.
На погляд Петражыцкага, у разладзе паміж афіцыйным і неафіцыйным, пазітыўным і інтуітыўным правам і заключаецца галоўная прычына сацыяльных рэвалюцый, паўстанняў і іншых грамадскіх узрушанняў. У гэтай сувязі Петражыцкі прапанаваў ідэю аб стварэнні прыкладной навукі пад назвай «палітыка права», якая павінны займацца распрацоўкай прававых каштоўнасцяў і пачаткаў такога права і заканадаўства, якое будзе станоўча ўспрымацца грамадствам і якое будзе здольнае папярэдзіць сацыяльныя ўзрушэнні.
Такім чынам,на погляд Петражыцкага, палітыка права будзе мець магчымасць папярэджваць праяўленне ў псіхалогіі людзей антысацыяльных схільнасцяў і накіроўваць іх паводзіны ў бок агульнага дабра, а значыць, весці чалавецтва ў кірунку стабільнасці і грамадскага спакою.
Такія асноўныя рысы першай тэндэнцыі ў развіцці палітычнай і прававой думкі Савецкай Беларусі ў перадваенны перыяд.
Другая тэндэнцыя, як мы ўжо адзначалі, заключалася ў тым, што пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года пачалося станаўленне так званага рэвалюцыйнага права, якое разглядалася як сродак ажыццяўлення дыктатуры пралетарыяту.
У савецкім энцыклапедычным слоўніку выдання 1954 года (М., т. 2, с. 716, 717) даецца наступнае вызначэнне права: «Права – гэта сукупнасць правіл паводзін (нормаў), усталяваных ці санкцыянаваных дзяржаўнай уладай, якія выражаюць волю пануючага класа, прымяненне якіх забяспечваецца прымусовай сілай дзяржавы ў мэтах аховы, замацавання і развіцця грамадскіх адносін, пажаданых і выгадных пануючаму класу».
Як мы бачым, права разглядалася як адлюстраванне інтарэсаў выключна пануючага класа – пралетарыяту. Таму прававая сістэма СССР адпавядала мэтам і задачам кіруючай камуністычнай партыі, якая дзейнічала спачатку ва ўмовах дыктатуры пралетарыяту, а з 30-х гадоў – у дзяржаве з таталітарным палітыка-прававым рэжымам; у змест права ўкладваўся класавы змест.
Як адзначаюць некаторыя сучасныя даследчыкі, вынікам такога падыходу з’явілася тое, што савецкае права згубіла маральнасць [3, с. 210], бо права было зведзена да інструмента класавага ўціску, да прымусовай сілы для «аховы, замацавання і развіцця грамадскіх адносін, пажаданых і выгадных пануючаму класу». Такое разуменне права і маралі адпавядала поглядам Леніна. «Для нас, – пісаў Ленін, – мараль падначалена інтарэсам класавай барацьбы пралетарыята» (Ленин, В.И. Полн. собр. соч. / В.И. Ленин. – М., 1974.– Т. 41. – С. 310).
У Канстытуцыі 1927 года Беларуская ССР абвяшчалася сацыялістычнай дзяржавай дыктатуры пралетарыяту, гэта азначала, што ў рэспубліцы пануе нічым і нікім не абмежаваная ўлада аднаго класу – пралетарыяту. Дыктатура ў той час разглядалася як найвышэйшая праява дэмакратыі, бо пралетарыят у саюзе з найбяднейшым сялянствам складаў большасць насельніцтва краіны.
Разам з тым на практыцы замацаваны Канстытуцыяй 1927 года прынцып дыктатуры пралетарыяту істотна абмяжоўваў правы іншых сацыяльных груп насельніцтва. Пакажам гэтыя абмежаванні на прыкладзе выбарчага права. Так, артыкул 71 Канстытуцыі БССР 1927 года вызначаў, што не могуць быць выбаршчыкамі і не могуць быць выбранымі ў органы ўлады прыватныя гандляры, гандлёвыя і камерцыйныя пасрэднікі, манахі, духоўныя служачыя ўсіх рэлігійных культаў, асобы, якія выкарыстоўваюць наёмную працу з мэтай атрымання прыбытку, служачыя былой паліцыі і інш., бо лічылася, што азначаныя асобы маглі б выкарыстаць свае выбарчыя правы супраць савецкай улады. Канстытуцыя БССР 1927 года ўвяла шматступенчатыя выбары, пры якіх насельніцтва выбірала толькі нізавыя органы савецкай улады (сельсаветы і раённыя Саветы ў гарадах); затым дэпутаты ніжэйшых узроўняў выбіралі дэпутатаў вышэйшых узроўняў улады. Такая шматступенчатая выбарчая сістэма фактычна адхіляла насельніцтва ад фарміравання, акрамя нізавых, усіх вышэйстаячых органаў савецкай улады.
Згодна з Канстытуцыяй БССР 1927 года не дзейнічаў прынцып тайнага галасавання; галасаванне адбывалася на агульных сходах работнікаў прадпрыемстваў і ўстаноў шляхам адкрытага іх волевыяўлення.
Усё гэта сведчыць аб істотным абмежаванні дэмакратыі ў Савецкай Беларусі.
Значным крокам у развіцці канстытуцыйнага права стала Канстытуцыя Беларускай ССР 1937 года. Зыходзячы з палітычных і эканамічных змен, якія адбыліся за 10 гадоў савецкай улады (разгром палітычнай апазіцыі, ліквідацыя эксплуататарскіх класаў, індустрыялізацыя і калектывізацыя сельскай гаспадаркі), у Канстытуцыі быў зроблены вывад аб пабудове асноў сацыялізму.
Вывад аб пабудове асноў сацыялізму дазволіў унесці ў Канстытуцыю СССР 1936 года і Канстытуцыю БССР 1937 года шэраг прынцыповых змен і дапаўненняў. У Канстытуцыі СССР 1936 года і Канстытуцыі БССР 1937 года не ўпаміналася аб дыктатуры пралетарыяту, адзначалася, што СССР і БССР з’яўляюцца дзяржавамі рабочых і сялян (арт. 1). Былі ўнесены карэнныя змены ў выбарчую сістэму. Канстытуцыя БССР 1937 года вызначала, што выбары ў Саветы ўсіх узроўняў праводзяцца на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні (арт. 109). Канстытуцыя ўстанаўлівала, што права вылучаць кандыдатаў у дэпутаты прадстаўляецца партыйным, прафсаюзным, кааператыўным, маладзёжным арганізацыям і культурным таварыствам (арт. 116).
Але фактычным правам вылучаць кандыдатаў у дэпутаты карысталіся выключна партыйныя камітэты. Галасаванне праводзілася на безальтэрнатыўнай аснове, бо на адно месца вылучаўся толькі адзін кандыдат. Канстытуцыя 1937 года выключала шматпартыйнасць, прыватную форму ўласнасці, многія палажэнні Канстытуцыі насілі дэкларатыўны характар, Канстытуцыя не пазбавіла насельніцтва Беларусі ад масавых рэпрэсій.
Стрымлівала развіццё палітычнай і прававой думкі на Беларусі і яшчэ адна акалічнасць. У той час марксісцка-ленінская ідэалогія была пануючай. «Шэраг паняццяў і вывадаў марксісцка-ленінскай тэорыі сталі догмамі і аксіёмамі, – адзначае прафесар С.Ф. Сокал, – сумненні ў навуковасці, справядлівасці якіх не маглі нават ставіцца» [4, с. 133]. Такім догмамі былі: вучэнне аб сацыяльна-эканамічных фармацыях, аб класавым характару і змесце дзяржавы і права, аб сацыялістычнай дэмакратыі, аб сацыялістычнай дзяржаве і савецкім праве як найвышэйшых дасягненнях грамадства і думкі. Для прававой думкі і законатворчасці вызначальнымі былі прынцыпы дзяржаўнай манаполіі ўласнасці на зямлю, нетры, лясы, воды; вяршэнства дзяржаўнай уласнасці ў адносінах да іншых форм уласнасці; прыярытэт яе абароны; перспектывы ўтварэння адзінай агульнанароднай уласнасці [4, с. 133]. «Задача навукі ў сувязі з гэтым зводзілася да таго, – адзначае прафесар С.Ф. Сокал, – каб знайсці дадатковыя аргументы, прыклады з жыцця, доказы ісціннасці і мудрасці названых вучэнняў» [4, с. 133]. Працы, якія хоць у нейкай меры супярэчылі марксізму-ленінізму, не публікаваліся, а іх аўтары часта падвяргаліся рэпрэсіям. Так здарылася з кнігай «Гісторыя Беларусі» Мітрафана Віктаравіча Доўнар-Запольскага (1876 – 1936). В. Сербента (1895–1980), намеснік загадчыка аддзела друку ЦК КП(б)Б, у 1926 годзе ў сваёй рэцэнзіі на кнігу адзначыў, што Доўнар-Запольскі ў сваёй працы палічыў «дыктатуру пралетарыяту не існуючай і ва ўсякім разе незаконнай», што кніга «гэта здзек над партыяй і савецкай уладай», таму В. Сербента зрабіў наступны вывад: «Нельга даць магчымасць беларускаму нацыянал-дэмакратызму атрымаць ідэалагічнае афармленне. Кнігу нельга дазволіць да друку» [5]. Кніга М.В. Доўнар-Запольскага праляжала ў спецсховішчы да пачатку 90-х гг. мінулага стагоддзя, была надрукавана ў Мінску толькі ў 1994 годзе, і зараз прызнана адной з лепшых прац свайго часу па гісторыі Беларусі.
Ад рэпрэсій пацярпелі многа вучоных-юрыстаў Беларусі. У 1938 годзе Інстытут філасофіі і права Акадэміі навук Беларусі фактычна спыніў сваё існаванне па прычыне таго, што значная частка яго супрацоўнікаў была рэпрэсіравана [4, с. 133].
Меліся і іншыя перашкоды ў развіцці тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, галін права. Як вядома, Звод законаў Расійскай імперыі быў адменены Дэкрэтам РСФСР аб судзе 22 лістапада 1917 года. Новыя, савецкія кодэксы законаў распрацаваны не былі. Атрымаўся вакуум права, які запаўняўся без усякай сістэмы службовымі інструкцыямі, дэкрэтамі, загадамі, палажэннямі і г.д. Спачатку урад РСФСР нават не імкнуўся стварыць кодэксы законаў. Так, у «Кіруючых пачатках па крымінальнаму праву РСФСР», якія былі выданы наркаматам юстыцыі РСФСР 12 снежня 1919 года, было запісана, што «…без особых правил, без кодексов вооруженный народ справлялся и справляется со своими угнетателями …пролетариат применяет те или другие меры насилия, но применяет их на первых порах без особой системы, от случая к случаю, неорганизованно».
Такім чынам, крымінальнае права РСФСР і БССР у 1917 – 1921 гг. грунтавалася не на законе, а на дэкрэтах, інструкцыях, палажэннях і інш., а таксама на рэвалюцыйнай самасвядомасці работнікаў рэвалюцыйных трыбуналаў, Усерасійскай Надзвычайнай Камісіі і яе мясцовых органаў, судоў і іншых устаноў.
Толькі ў 1922 годзе, у перыяд НЭПа, у РСФСР быў выдадзены першы савецкі крымінальны кодэкс, дзеянне якога было распаўсюджана і на тэрыторыю Беларускай ССР. Але і ў гэтым кодэксе адчувалася рэвалюцыйнае права. Пакажам гэта на прыкладзе паняцця злачынства. Крымінальны кодэкс РСФСР вызначаў злачынства як «усякае грамадскае небяспечнае дзеянне ці бяздзеянне, пагражаючае асновам савецкага ладу і правапарадку, усталяванаму рабоча-сялянскай уладай на пераходны да камуністычнага ладу перыяд часу». Аналіз паняцця злачынства паказвае, што злачынцам можна абвясціць нават таго грамадзяніна, які не парушыў закона, але калі яго «дзеянне ці бяздзеянне» магло уяўляцца небяспечным для савецкага ладу. У крымінальным кодэксе РСФСР меўся артыкул 7, які прадугледжваў, што ў адносінах асоб, «уяўляючых небяспеку па сваёй мінулай дзейнасці, прымяняюцца меры сацыяльнай абароны». Гэты артыкул можна было ў любы час прымяніць да ўсіх, хто крытычна ставіўся, нават у мінулым, да палітыкі савецкай улады. Пастулат, які быў вядомы яшчэ з часоў рымскага права і Судзебніка Казіміра 1468 года – без віны не можа быць крымінальнай адказнасці – быў груба парушаны савецкім заканадаўствам.
У 1936 годзе была прынятая новая Канстытуцыя СССР, згодна з якой крымінальнае і грамадзянскае заканадаўства былі аднесены да кампетэнцыі Саюза ССР. Але склалася так, што крымінальны і грамадзянскі кодэксы СССР не былі прыняты. На тэрыторыі Беларусі дзейнічалі нарматыўныя акты СССР, Беларускай ССР, у тым ліку і кодэксы законаў БССР, пры вяршэнстве заканадаўчых актаў Саюза ССР. Такая сітуацыя захавалася да 1957 года, да прыняцця закона СССР, якім былі размежаваны сферы праватворчай дзейнасці паміж Вярхоўным Саветам СССР і Вярхоўнымі Саветамі саюзных рэспублік.
20 – 30-я гг. ХХ стагоддзя – гэта час станаўлення беларускай юрыдычнай навукі і адукацыі. Пачатковы этап беларускай юрыдычнай навукі звязаны са стварэннем у Мінску Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта), які ў 1929 годзе быў пераўтвораны ў Акадэмію навук Беларускай ССР.
Першапачаткова ў БДУ працавалі тры факультэты: рабочы, грамадскіх навук і медыцынскі. На факультэце грамадскіх навук мелася аддзяленне права. У 1931 годзе быў адкрыты Інстытут савецкага будаўніцтва і права АН БССР.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў БДУ было 6 факультэтаў, 33 кафедры, на якіх працавалі 17 прафесараў і 41 дацэнт; ва ўніверсітэце займаліся 1337 студэнтаў і 60 аспірантаў. Кадры ўніверсітэта моцна пацярпелі ад масавых рэпрэсій: з 7 рэктараў БДУ даваеннага часу 6 рэктараў (у іх ліку і першы рэктар У.І. Пічэта) былі рэпрэсіраваны.
Найбольш значны ўклад у развіццё юрыдычнай навукі ў 1920 – 1930-я гг. унеслі навукоўцы-правазнаўцы М.М. Гуткоўскі (крыніцы заканадаўства БССР), Р.Я. Парэчын (канстытуцыйнае права; гісторыя дзяржавы і права), У.Н. Дурдзянеўскі (дзяржаўнае права замежных краін), М.О. Грэдзінгер і Ф.І. Гаузе (грамадзянскае і грамадзянска-працэсуальнае права), В.Н. Шыраеў (крымінальнае права), У.І. Пічэта (гісторыя дзяржавы і права) і іншыя.
Адзначым працы некаторых беларускіх навукоўцаў таго часу.
Мікалай Макаравіч Гуткоўскі (1886 – 1938), беларускі юрыст і грамадскі дзеяч, скончыў юрыдычны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта. 3 1922 года працаваў навуковым супрацоўнікам Інбелкульта, выкладчыкам БДУ. У 1924 – 1925 гг. з’яўляўся супрацоўнікам Пастаяннага прадстаўніцтва БССР пры ўрадзе СССР, у апараце ЦВК СССР. Вывучаў крыніцы заканадаўства БССР, праблемы яго сістэматызацыі, функцыянальныя асаблівасці цэнтральных органаў улады і кіравання. У 1929 годзе была апублікавана яго праца «Сістэматычны паказчык (спроба сістэматызацыі) заканадаўства Беларускай ССР за 1919 –1928 гг.», які, паводле ацэнкі спецыялістаў, стаў значнай падзеяй у сістэматызацыі заканадаўства БССР. Удзельнічаў у распрацоўцы беларускай навуковай тэрміналогіі. У 1930 годзе быў арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Рэабілітаваны пасмяротна.
Рыгор Яўхімавіч Парэчын (1894 – 1938) беларускі правазнаўца. Нарадзіўся на Міншчыне, скончыў Маскоўскі ўніверсітэт. Працаваў намеснікам старшыні Камісіі заканадаўчых меркаванняў пры СНК БССР, у Інстытуце савецкага будаўніцтва і права АН БССР. Даследаваў пытанні савецкай федэрацыі і нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва ў Беларускай ССР, канстытуцыйнага права. Аўтар прац: «Савецкія рэспублікі і іх ўзаемаадносіны» (Мінск, 1922); «Наша Канстытуцыя» (Мінск, 1928) і інш. У сваёй кнізе «Наша Канстытуцыя» даў аналіз Канстытуцыі Беларускай ССР 1927 года, супаставіў палажэнні беларускай канстытуцыі з канстытуцыямі замежных краін. Кніга Парэчына была рэкамендавана ў якасці падручніка для сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і сістэмы прафесійнай тэхнічнай адукацыі. Каштоўным быў яго артыкул «Ідэя беларускай дзяржаўнасці перад утварэннем Савецкай Беларусі» (1929 г.), у якім дадзена пазітыўная ацэнка беларускаму нацыянальна-вызваленчаму руху, пачынаючы з Кастуся Каліноўскага. У артыкуле ўтрымліваецца аналіз працэсу ўтварэння і фарміравання беларускай нацыі. Але ў 1937 годзе артыкул быў ацэнены як нацыяналістычны, Парэчын быў арыштаваны, у 1938 годзе Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957 годзе.
Уладзімір Іванавіч Пічэта (1878 – 1947). Акадэмік АН БССР (1928 г.) і АН СССР (1946 г.). Скончыў Маскоўскі ўніверсітэт, у 1918 годзе абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Аграрная рэформа Сігізмунда-Аўгуста ў Літоўска-Рускай дзяржаве». У 1920 – 1921 гг. быў экспертам на савецка-польскай мірнай канферэнцыі ў Рызе. З 1921 года з’яўляўся рэктарам БДУ. Даследаваў гісторыю славянскіх народаў, праблемы гісторыі Беларусі і Вялікага княства Літоўскага. У працы «Літоўска-Руская дзяржава» (1910 г.) разгледзеў пытанне пра ўключэнне беларускіх зямель у склад Вялікага княства Літоўскага, адзначыў, што большая іх частка была далучана не прымусова. У 1920-я гады адмовіўся ад тэрміна «Літоўска-Руская дзяржава» і замяніў яго на «Літоўска-Беларуская дзяржава». У апошнія гады свайго жыцця Пічэта карыстаўся назвай «Вялікае княства Літоўскае». Аўтар больш за 500 навуковых прац.
Для нашага курса асабліва каштоўнай з’яўляецца праца У.І. Пічэты «Беларусь і Літва ХV – ХVІ стст. (даследаванне па гісторыі сацыяльна-эканамічнага і палітычнага і развіцця)», якая была выдадзена у 1961 годзе. Аб’ём працы – 814 старонак, яна уключае ў сябе значную частку творчай спадчыны Уладзіміра Іванавіча. У кнізе дадзена падрабязная характарыстыка эканамічнага развіцця Беларусі і Літвы ў ХV – ХVІ стагоддзях, раскрыты асноўны змест валочнага статута каралевы Боны, паказаны склад насельніцтва, юрыдычнае становішча сельскага насельніцтва на дзяржаўных і прыватнаўласніцкіх землях у пачатку ХVІ стагоддзя. У кнізе падрабязна разгледжаны праблемы развіцця гісторыі феадальнага права Беларусі і Літвы ў ХV – ХVІ стст., дадзены грунтоўны гістарыяграфічны агляд распрацоўкі літоўска-беларускага права, паказаны крыніцы Статута Вялікага княства Літоўскага 1529 года, апякунскае права ў Статуце 1529 года, зямельнае права ў Статутах 1529 і 1566 гг. Значная частка кнігі Пічэты прысвечана Літоўска-Польскім уніям і стаўленню да іх літоўска-беларускай шляхты, дадзена характарыстыка Люблінскай уніі і яе наступстваў. У сваіх працах У.І. Пічэта складванне беларускай народнасці датаваў ХIV – ХVI стагоддзямі, адзначаў этнічную роднасць беларускага, рускага і ўкраінскага народаў.
У 1930 годзе Пічэта быў арыштаваны, яго абвінавацілі ў вялікадзяржаўным шавінізме, беларускім буржуазным нацыяналізме і празаходняй арыентацыі. Адбываў ссылку спачатку ў г. Вятка, затым у Варонежы, дзе ён працаваў прафесарам у педагагічным інстытуце. У 1935 годзе справа Пічэты была перагледжана, ён пераехаў у Маскву, выкладаў у вышэйшых навучальных установах.
Такім чынам, у 20 – 30-я гг. ХХ стагоддзя паступова афармлялася юрыдычная навука Савецкай Беларусі. Распрацоўваліся найбольш актуальныя праблемы амаль што ўсіх галін тагачаснага права, узніклі наватарскія ідэі і падыходы ў нацыянальна-дзяржаўным будаўніцтве. Былі распрацаваны і прыняты тры канстытуцыі Беларускай ССР (1919, 1927 і 1937 гг.).
Разам з тым у канцы 20-х – 30-я гады адбыўся адыход ад палітыкі беларусізацыі, склалася таталітарная сістэма, пры якой ажыццяўляўся татальны кантроль дзяржавы і яе органаў усіх сфер жыцця грамадства. Адбыліся грубыя парушэнні дэмакратычных свабодаў і правоў асобы, масавыя рэпрэсіі, якія закранулі і вядучых вучоных-юрыстаў. Усё гэта стрымлівала развіццё палітычнай і прававой думкі ў Савецкай Беларусі.