Лекцыя 2
1. Дзяржаўна-прававыя ідэі ў беларускай літаратуры іпубліцыстыцы.
2. Пытанні дзяржаўнага будаўніцтва і права ў праграмах палітычных партый.
3. Ідэі дзяржаўнага будаўніцтва ў спадчыне дзеячоў беларускага нацыянальнага руху (І. Луцкевіча, А. Луцкевіча, Я. Лёсіка, В .Ластоўскага, А. Цвікевіча)
1. Дзяржаўна-прававыя ідэі ў беларускай літаратуры і
публіцыстыцы
Дзяржаўна-прававыя ідэі знайшлі сваё адлюстраванне і ў беларускай літаратуры і публіцыстыцы (публіцыстыка – літаратура па грамадска-палітычных пытаннях сучаснасці).
Беларускую адраджэнскую літаратуру падрыхтавалі яе папярэднікі – Ян Чачот, Ян Баршчэўскі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Адам Міцкевіч, Францішак Багушэвіч і іншыя.
Ян Чачот (1796 – 1847), беларускі і польскі паэт і фалькларыст. Нарадзіўся на Навагрудчыне, вучыўся ў Віленскім універсітэце, сябраваў з Адамам Міцкевічам. Адзін з кіраўнікоў тайнага студэнцкага таварыства філарэтаў. Працаваў у бібліятэцы Храптовічаў на Навагрудчыне. Напісаў цыкл песень-балад «Спевы пра даўніх ліцвінаў да 1434 г.» на польскай мове (на беларускай мове апублікаваны ў 1996 г.). «Спевы...» заснаваны на гістарычных фактах, узятых з шматтомнай «Гісторыі літоўскага народа» Т. Нарбута, у іх асвятляецца гісторыя Вялікага княства Літоўскага ад яго ўнікнення да смерці князя Ягайлы. Чачот выдаў «Сялянскія песні» – 6 фальклорных зборнікаў, куды ўвайшло каля 1 тыс. песень, а таксама прыказкі і прымаўкі, слоўнік беларускай мовы, яго ўласныя беларускія вершы.
У сваіх творах Ян Чачот адстойваў інтарэсы самага бяспраўнага класа тагачаснага беларускага грамадства – сялянства, заклікаў паважаць і паляпшаць дабрабыт простага мужыка, крытыкаваў жорсткасць прыгоннікаў, выказваўся за адмену прыгоннага права.
Ян Баршчэўскі (1794 – 1851), нарадзіўся на Полаччыне, беларускі і польскі пісьменнік, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры. Вучыўся ў Полацкай езуіцкай калегіі, падарожнічаў па Беларусі, збіраў фальклор. На аснове народных легендаў, паданняў і казак напісаў свой знакаміты твор: «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях». Як пісалі рэцэнзенты гэтай кнігі (М. Грабоўскі, В. Пракаповіч) у кожным слове «Шляхціца Завальні» «чуецца беларус», яны параўноўвалі твор Баршчэўскага з казкамі Шахеразады («1001 ноч»).
Сучасныя даследчыкі адзначаюць, што погляды Баршчэўскага былі супярэчлівымі. У сваіх творах ён спачуваў прыгонным сялянам, адмаўляў адчужанасць паміж людзьмі, якая нараджалася новымі буржуазнымі адносінамі, разам з тым ідэалізаваў патрыярхальнае мінулае, заклікаў да класавага міру.
Звернем увагу на адзін з першых буйных твораў беларускай літаратуры новага часу «Энеіда навыварат» (напісана не пазней пачатку 1830-х гг.). Да нас дайшоў толькі ўрывак з паэмы (палавіна 1-й песні). Большасць даследчыкаў лічаць, што паэма нарадзілася ў заходняй Смаленшчыне, цесна звязана з Беларуссю, яе аўтар В.П. Равінскі. Твор парадзіруе паэму «Энеіда» старажытнага рымскага паэта Вергілія. Адзначым, што твор В.П. Равінскага прымыкае да шэрагу «Энеід», якія, пачынаючы з ХVІІ ст., узніклі ў многіх еўрапейскіх літаратурах як дэмакратычная рэакцыя на класіцызм. Сюжэт паэмы – прыгоды легендарнага героя Энея – заснавальніка дзяржавы ў старажытным Лацыуме. Твор напоўнены рэаліямі беларускага жыцця часоў прыгонніцтва, мае выразную дэмакратычную антыфеадальную накіраванасць.
Другім найбуйнейшым творам таго часу была ананімная сатырычна-гумарыстычная паэма«Тарас на Парнасе», якая была напісана каля 1850-х гг. Сюжэт твора – прыгоды палясоўшчыка Тараса, які блукаў па пушчы і трапіў на Парнас – месца, дзе жылі багі і паэты. У паэме даецца яскравая карціна побыту беларускіх сялян, створаны вобраз Тараса – адзін з першых рэалістычных вобразаў чалавека з народа ў беларускай літаратуры. У паэме адлюстраваны неўміручасць народа, яго таленавітасць і жыццялюбства. У аснове мовы твора – ўсходнебеларускія гаворкі, адчуваецца цесная сувязь з фальклорам, з народным гумарыстычным апавяданнем.
Класікам беларускай літаратуры ХІХ ст. быў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (1808 – 1884). Ён нарадзіўся на Бабруйшчыне, вучыўся ў Пецярбургу, служыў каморнікам Мінскага межавога суда, служачым палаты крымінальнага суда. У 1840 годзе набыў маёнтак Люцынка (зараз Валожынскі раён), пакінуў дзяржаўную службу. Аўтар кніг «Гапон», «Вечарніцы і Апантаны», «Дудар Беларускі, або Усяго патроху», асноўны змест якіх складалі беларускія вершаваныя аповесці і апавяданні. Напісаў фарс-вадэвіль «Пінская шляхта», які ўвайшоў у залаты тэатральны фонд Беларусі. Пісаў свае творы пераважна на беларускай мове, сваімі працамі будзіў гістарычную памяць беларускага народа, абуджаў у кожным беларусе пачуццё грамадзяніна.
Найбуйнейшым паэтам ХІХ ст. быў Адам Міцкевіч (1798 – 1855), ураджэнец Навагрудчыны. Вучыўся ў Віленскім універсітэце, філамат. Свае творы пісаў на польскай мове (польскамоўны паэт Беларусі). Яго вершы «Песня філарэтаў», «Ода да маладосці» былі агульнапрызнанымі сімваламі філамацкага руху, кодэксам паводзін яго членаў. «Шчырасць, веды і айчына» – так спяваецца ў «Песні Адама», якая стала гімнам таварыства філаматаў. У «Песні філарэтаў» вызваленне айчыны і вернасць ёй сімвалізаваны ў вобразе чары, якую сябры-паплечнікі перадаюць па крузе, і для кожнага з іх глыток з гэтай святой чары – прычасце.
У «Одзе да маладосці» ёсць такія радкі:
Друзья младые! Вставайте разом!
Счастье всех – наше цель и дело.
В единстве мощь, в упоении разум.
Друзья младые! Вставайте смело!
Гэты твор быў маніфестам паўстанцаў 1830 – 1831 гг.
Самы значны мастацкі твор Міцкевіча яго паэма «Пан Тадэвуш». На сюжэтным фоне канфлікту паміж двума старашляхецкімі суседнімі родамі Сапліц і Гарэшкаў, паэт яскрава раскрыў характэрны ўклад жыцця і побыту патрыятычна настроеных слаёў шляхты, для якіх найважнейшым было пачуццё ўласнай рыцарскай годнасці, адказнасці за лёс сваёй зямлі, айчыны і былых дэмакратычных асноў яе дзяржаўнага ладу.
Паэму «Пан Тадэвуш» даследчыкі лічаць каштоўнай крыніцай вывучэння грамадскага і палітычнага ладу беларускіх зямель пасля далучэння іх да Расійскай імперыі. У паэме прыводзяцца назвы службовых асоб мясцовай адміністрацыі, даецца апісанне народных звычаяў, мясцовых органаў дзяржаўнай улады і дзяржаўнага кіравання.
У паэмах «Гражына», «Конрад Валенрод» выказаны матывы гістарычнага змагання старажытных ліцвінаў-беларусаў супраць крыжакоў. Паказаны легендарна-гераічны вобраз змагара-адзіночкі за айчыну, які свядома адмовіўся ад асабістага шчасця дзеля высокага вызваленчага ідэалу.
У эмігранцкі перыяд, у Парыжы, Міцкевіч стварыў знакамітыя «Кнігі польскага народа і польскага пілігрымства», дзе ў стылі біблейскіх прарокаў выказаў веру ў вызваленне народа (маючы на ўвазе поліэтнічны народ Рэчы Паспалітай), які стане сімвалам і прадвеснікам свабоды ўсіх еўрапейскіх народаў.
Адам Міцкевіч з любоўю ставіўся да Беларусі, у паэме «Пан Тадэвуш» ён пісаў:
Літва! Бацькоўскі край, ты як здароўе тое:
Не цэнім, маючы, а страцім залатое –
Шкада, як і красы твае, мой родны краю.
Тугою па табе тут вобраз твой ствараю.
Адама Міцкевіча называюць «пілігрымам (песняром) свабоды». Яго творы і сёння карыстаюцца высокай пашанай і попытам у чытачоў.
Адным з пачынальнікаў беларускай літаратуры даследчыкі лічаць Францішка Багушэвіча (1840 – 1900). Нарадзіўся на Віленшчыне ў збяднелай шляхецкай сям’і. Удзельнік паўстання 1863 года, у баях быў паранены. Вучыўся ў Нежынскім юрыдычным ліцэі, працаваў судовым следчым на Украіне і Валагодчыне; у Вільні быў адвакатам пры акруговым судзе, дзе паказаў сябе абаронцам беларускіх сялян. Аўтар паэтычных зборнікаў «Дудка беларуская» і «Смык беларускі», кніжкі-апавядання «Тралялёначка». Пры жыцці Багушэвіча яго творы ў царскай Расіі былі забаронены. Падчас рэвалюцыі 1905 – 1907 гг. творы Багушэвіча былі выдадзены асобнымі кнігамі і лістоўкамі, але ў 1908 годзе на іх быў накладзены арышт. У Савецкай Беларусі ўпершыню яго творы былі выдадзены ў 1922 годзе, але ўжо ў канцы 20-х – 30-я гг. у БССР творчасць Багушэвіча была абвешчана буржуазна-кулацкай, нацыяналістычнай, да 1940-х гг. яго кнігі ў Савецкай Беларусі не друкаваліся.
На погляд Багушэвіча, у аснове сацыяльных супярэчнасцяў ляжыць несправядлівае размеркаванне грамадскага прадукту. Новае грамадства, на яго думку, павінна быць пабудавана на справядлівасці, дзе чалавек чалавеку будзе братам, а не воўкам.
Галоўным героем твораў Багушэвіча быў беларускі селянін, якога абдзялілі пры скасаванні прыгону, абдзірае казна, крыўдзяць суд і царскія чыноўнікі, але ён не скарыўся, захаваў сваю чалавечую годнасць. Найважнейшыя ідэалы паэта – павага да чалавека працы, роўнасць усіх людзей, адданасць сваёй Бацькаўшчыне.
Свабоду Багушэвіч разумеў як чалавечы стан, дасягненне якога несумяшчальнае з тагачаснымі грамадскімі адносінамі. Таму адзіна магчымай жыццёвай пазіцыяй лічыў непрыняцце і адмаўленне існуючай рэчаіснасці. «Відзеў птушку я ў клетцы, як галоўкай потым б’ецца... і сканае... жыць не хоча. Нашто – гадзіну, медзянку, пусці ў шкляное начынне, – сама сябе без прастанку будзе жаліць, покі не згіне! – пісаў Багушэвіч. – Як ужо скаціна тая або гадзіна праклята і та цану волі знае, што ж для нашага-то брата, меўшы розум не скацінны, як знаць волю мы павінны?» [15, с.53].
Багушэвіч лічыў, што беларусы – асобная нацыя, бо яны збераглі сваю тэрыторыю, мову і культуру. У прадмове да зборніка «Дудка беларуская» Багушэвіч выклаў свае погляды на беларускую мову, нам «ад Бога даную», «для нас святую». Паэт лічыў мову «адзеждаю душы», асновай існавання нацыі. Таму праблему мовы ён вылучаў як асноўную праблему нацыянальнага жыцця. Багушэвіч пісаў: «Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш мову сваю..., а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі» [15, с.17].
Як юрыст Багушэвіч пакінуў цікавыя разважанні аб праве. На думку паэта, царскія законы і інтарэсы працоўных – паняцці розныя, таму бедныя слаі насельніцтва пазбаўлены аховы законаў.
Багушэвіч крытыкуе прадажнасць царскіх чыноўнікаў, бо паводле яго назіранняў, яшчэ да пачатку судовага пасяджэння суды ўжо мелі падрыхтаваныя прыгаворы. На думку Багушэвіча, закон павінен быць скіраваны супраць самаўпраўства царскіх чыноўнікаў і адміністрацыі, толькі ў гэтым выпадку закон забяспечыць дзяржаве стабільнасць і росквіт.
У развіццё беларускай літаратуры і публіцыстыкі шмат унеслі першыя легальныя беларускія газеты «Наша доля» і «Наша Ніва».
Першым легальным перыядычным выданнем на беларускай мове была штотыднёвая газета «Наша доля», якая выдавалася ў Вільні кірыліцай – для праваслаўных беларусаў, лацінкай – для каталікоў. У заснаванні і выданні газеты ўдзельнічалі Цётка і браты Луцкевічы. У праграмным артыкуле «Да чытачоў» газета ставіла перад сабой мэты змагацца за сацыяльныя і нацыянальныя свабоды, асвету на роднай мове, за сацыяльнае і культурнае адраджэнне роднага краю. Ужо у першым нумары газеты быў апублікаваны верш Цёткі (Алаізы Пашкевіч) з заклікам да нацыянальнага абуджэння.
Наш палетак не араты,
Палынамі цвіце ніва.
Ну-ка, братцы, кумы, сваты,
Да работы станьма жыва! [16].
У газеце друкаваліся вострапубліцыстычныя артыкулы і фельетоны, ў якіх выкрывалася антынародная палітыка царскага ўрада. Газета выдавалася ўсяго з верасня па снежань 1906 года, затым яе выданне было забаронена ўладамі; з 6 нумароў 4 нумары газеты былі канфіскаваны паліцыяй.
Справу нацыянальнага адраджэння пасля закрыцця «Нашай долі» прадоўжыла штотыднёвая беларуская грамадска-палітычная, навукова-асветніцкая і літаратурна-мастацкая газета «Наша Ніва», якая выдавалася ў Вільніз 1906 г. па 1915 г. Заснавальнікамі газеты былі браты Луцкевічы, В. Іваноўскі, А. Пашкевіч (Цётка) і інш. Выдавалася на беларускай мове кірыліцай (да кастрычніка 1912 г. і лацінкай). У праграмным артыкуле першага нумара было падкрэслена, што «Наша Ніва»– газета ўсіх беларусаў і ўсіх тых, хто ім спагадае. Мела больш за 3 тыс. сталых і часовых карэспандэнтаў на Беларусі і Расіі, а таксама за мяжой. Паводле ацэнкі царскай цэнзуры, матэрыялы газеты нагадвалі падпольныя пракламацыі, якія могуць усхваляваць чытача беларускай газеты і выклікаць у яго непавагу да суда, паліцыі, земскага начальніка, памешчыка, войска, да законаў дзяржавы. Пасля рэвалюцыі 1905 – 1907 гг. газета «Наша Ніва» пераарыентавалася на абарону адраджэнскіх ідэалаў Беларусі, яна выступала за прагрэс праз дэмакратызацыю цэнтральных і мясцовых органаў улады, за стварэнне ўрада, адказнага перад парламентам, выбранага шляхам усеагульнага, роўнага і прамога галасавання. Газета адстойвала неабходнасць рэарганізацыі сельскай гаспадаркі Беларусі, выступала за сялянскае землеўладанне і фермерскую гаспадарку. Яна адстойвала культурна-нацыянальную аўтаномію, развіццё адукацыі, друку і кнігавыдання на роднай мове.
На старонках газеты былі апублікаваны многія творы Янкі Купалы (паэма «Курган», каля 170 вершаў і 30 артыкулаў), Якуба Коласа (каля 125 вершаў, апавяданняў, нарысаў, артыкулаў, урыўкі з паэмы «Новая зямля»), а таксама творы М. Багдановіча, Цёткі, А. Гаруна, З. Бядулі, Ц. Гартнага, К. Буйло, Ядвігіна Ш. і многіх іншых. У 1910 годзе ў газеце была ўпершыню апублікавана «Кароткая гісторыя Беларусі» Вацлава Ластоўскага.
Такім чынам, газета «Наша Ніва» была народнай агульнабеларускай газетай нацыянальна-адраджэнскага тыпу.
У пачатку ХХ ст. з’явілася мастацкая літаратура, якая ўжо звярталася непасрэдна да мужыка-беларуса, спрабавала дакрычацца да народу, з інтарэсаў простага беларуса вызначыць паняцці дабра і зла.
Важныя ідэі беларускага нацыянальнага адраджэння выказалі класікі беларускай літаратуры Янка Купала і Якуб Колас.
У сваім артыкуле «Незалежнасць» (1919 г.) Янка Купала адзначаў: «І толькі адна поўная дзяржаўная незалежнасць можа даць і праўдзівую свабоду, і багатае існаванне, і добрую славу нашаму народу» [17, с.307]. У артыкуле «Незалежная дзяржава і яе народы» (1919 г.) Янка Купала сцвярджаў, што вольная Беларусь будзе дэмакратычнай дзяржавай, у якой «усе роўныя перад дзяржаўнай уладай, усе роўныя перад правам і законам» [17, с.311]. Нацыянальныя меншасці будуць «вольна развіваць сваю нацыянальную культурнасць і самабытнасць і кіруючыся ў сваёй грамадзянскай працы дабрабытам агульнай бацькаўшчыны-Беларусі» [17, с.311].
Для аграрнай Беларусі важнае значэнне мела зямельнае пытанне. На погляд Янкі Купалы, «Беларускі земляроб верыць і чакае, што панская зямля пяройдзе раней ці пазней у яго рукі і што гэтай зямлі для яго хопіць, абы толькі падзяліць яе па справядлівасці, як прыстала на добры лад і парадак у дзяржаве» [17, с.334].
Янка Купала ў артыкуле «Беларускае войска» (1919 г.) адзначаў, што самастойная дзяржава не можа існаваць без свайго войска, бо «само жыццё гэтага вымагае, вымагае гэтага самаабарона» [17, с.321]. Таму, быў упэўнены паэт, «Войска беларускае павінна быць, і яно будзе» [17, с.321]. У 1920 годзе Купала напісаў цыкл вершаў пад назвай «На вайсковыя матывы». У вершы «Будзь здаровы, бацька, маці...» Купала адзначыў:
Будзь здаровы, бацька, маці –
Мы пайшлі ўжо ваяваці...
Паваюем, пагаруем,
Зато дома запануем...
Запануем, як і людзі,
У хату вораг лезць не будзе.
Асабісты лёс Янкі Купалы, як і многіх беларускіх паэтаў таго часу, склаўся трагічным. У 1930 годзе Янка Купала спрабаваў пакончыць жыццё самагубствам. У перадсмяротнай запісцы паэт адзначыў, што адной з прычын такога кроку было абвінавачванне яго ў контррэвалюцыі. «Яшчэ раз, перад смерцю, заяўляю, – пісаў паэт, – што я... ніколі не быў контррэвалюцыянерам і да контррэвалюцыі не імкнуўся. Быў толькі паэтам, які думаў аб шчасці Беларусі» [17, с.432]. Абвінавачваннем паэта ў контррэвалюцыі, як гэта адзначана ў яго перадсмяротнай запісцы, быў яго верш «Паўстань...», які Лёсік надрукаваў у газеце «Звон» 17 верасня 1919 года, перад прыездам у Мінск Пілсудскага. У купалаўскім вершы былі такія радкі:
Паўстань з народу нашага, Ўладар,
Адбудаваць свой збураны пасад,
Бо твой народ забыў, хто гаспадар
І хто яго абдзёр з каронных шат.
Фармальна выходзіла, быццам Купала ўладаром Беларусі заклікаў стаць Пілсудскага. На самой справе верш «Паўстань...» паэтам быў напісаны 28 жніўня 1919 года, падчас польскай акупацыі беларускіх зямель. У тых умовах, каб дабіцца незалежнай Беларусі, паэт заклікаў, каб з’явіліся свае воіны, прарокі і свой уладар, які павінен сабраць «у адну ўсю Беларусь сям’ю» [17, с.302]. У сваёй перадсмяротнай запісцы паэт адзначаў, «што верш мой справакавалі» аб яго публікацыі «я не ведаў, бо быў у вёсцы» [17, с.432].
Пачалося цкаванне паэта. Чаго толькі каштавалі наступныя радкі з верша Дзям’яна Беднага:
Изменил поэт народу,
Заплясал панам в угоду,
Да, в угоду…
Янки посвист соловьиный
Превратился в шип змеиный,
Да, в змеиный…
Жыццё Янкі Купалы трагічна абарвалася 28 чэрвеня 1942 года. Паводле афіцыйнай версіі, Янка Купала выпаў з лесвічнай пляцоўкі 10-га паверха гасцініцы ў Маскве. Маюцца розныя версіі гэтага здарэння: магчыма гэта было самагубства, неасцярожнасць, некаторыя даследчыкі лічаць, што выпасці з 10-га паверха паэту памаглі органы НКУС (гл. больш падрабязна: Сачанка, Б. Сняцца сны аб Беларусі... / Б. Сачанка.– Мінск, 1990. – С. 157 – 182).
Значны ўклад у беларускую адраджэнскую літаратуру ўнёс Якуб Колас. У паэме «Новая зямля» (1911 – 1923 гг.) ён адлюстраваў вострыя сацыяльныя і нацыянальныя супярэчнасці канца ХІХ – пачатку ХХ ст., духоўнае хараство і маральную веліч чалавека працы, яго адвечную мару «выбіцца ў людзі», быць гаспадаром на ўласнай зямлі. Паэт маляўніча паказаў побыт беларускага селяніна, стан народнай адукацыі. Каб даць хоць нейкую адукацыю дзецям, у беларускіх сем’ях таго часу наймалі ў якасці школьных настаўнікаў (дырэктарамі) іншых дзетак, якія нейкі час навучаліся ў школе. Вобраз такога «дырэктара» Яські Якуб Колас падае ў сваёй паэме такімі радкамі:
У дзве нядзелькі па пакровах
Прывезлі Яську ў лапцях новых...
А сам дырэктар, з вузел ростам,
У сваім уборы бедным, простым,
У зрэбных портках і кашулі,
Стаяў, як бы яго прыгнулі,
Такім мізэрным і маўклівым,
У халаце суконным, сівым...
Ён толькі летась скончыў школку
І веды меў у адну столку,
Ды й тых патраціў з палавіну,
У поле гонячы скаціну.
У паэме «Сымон-музыка» (1911 – 1925 гг.) паэт намаляваў вобраз маладога беларуса – свядомага тварца свайго лёсу, які рыхтуе сябе да працы па духоўным адраджэнні «забытага краю». Паэт выказвае канцэпцыю своеасаблівага нацыянальнага шляху беларусаў, якім выпала жыць на скрыжаванні розных культур, рэлігійных канфесій, геапалітычных памкненняў. Якуб Колас асуджаў імкненні як Польшчы, так і царскай Расіі авалодаць беларускімі землямі, навязаць беларусам свой «рай»:
Меч, агонь знішчалі край:
З двух бакоў «айцы» дубінай,
Заганялі нас у рай.
Якуб Колас адзначаў, што асабістая воля беларуса неразрыўна звязана з нацыянальным адраджэннем, з пабудовай сваёй дзяржавы. У паэме «Сымон-музыка» паэт пісаў:
Ды хіба мы праў не маем,
Сілы шлях свой адзначаць.
І сваім уласным краем
Край свой родны называць?
У трылогіі «На ростанях» (1921 – 1954 гг.) Колас стварыў галерэю партрэтаў нацыянальнай інтэлігенцыі першага пакалення – «адраджэнцаў», «нашаніўцаў», іх пошук лепшай долі для народа. У паэме «Рыбакова хата» Якуб Колас у паэтычнай форме зрабіў спробу асэнсаваць лёс жыхароў Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд.
Такім чынам, беларуская літаратура пачатку ХХ ст. адлюстравала ў сваіх творах супярэчлівы працэс фарміравання нацыянальнай свядомасці беларусаў, іх імкненні да нацыянальнай дзяржаўнасці, да заснавання роўных умоў развіцця з іншымі народамі, каб «людзьмі звацца».
2. Пытанні дзяржаўнага будаўніцтва і права ў праграмах
палітычных партый
Палітычныя партыі і рухі адлюстроўваюць інтарэсы класаў і сацыяльных груп. Іх праграмы ўвасаблялі ў сябе ідэі аб рэформах грамадскага і дзяржаўнага ладу, судовай сістэмы, права, таму праграмы палітычных партый уяўляюць для нас значную цікавасць.
Адным з першых на Беларусі палітычных рухаў было народніцтва. Пад народніцтвам уяўляецца сацыяльная дактрына другой паловы ХІХ ст., заснаваная на упэўненасці ў тым, што Расія можа мінуць капіталістычную стадыю развіцця і праз сялянскую абшчыну адразу перайсці да сацыялізму. Некаторыя даследчыкі лічаць роданачальнікамі дактрыны народніцтва А.І. Герцэна і М.Г. Чарнышэўскага, адносяць яе ўзнікненне да 1840 – 1860-х гг.
Народніцтва не было аднародным, у ім выдзяляюцца дзве плыні – рэвалюцыйная і ліберальная. Рэвалюцыйныя народнікі звязвалі дасягненне сацыялізму з усерасійскім паўстаннем; ліберальныя народнікі разлічвалі на мірны, рэфармісцкі шлях развіцця грамадства.
Народнікі 1860 – 1870-х гг. у праграмах сацыяльных пераўтварэнняў зыходзілі з формулы «усё для народа, усё сіламі народа». Народніцтва прадстаўлялі арганізацыі «Зямля і воля», «Народная воля», «Чорны перадзел» і іх гурткі. Ідэолагамі народніцтва былі М.А. Бакунін, П.Л. Лаўроў, І.М. Ткачоў, М.К. Міхайлоўскі. Ідэямі Бакуніна (анархізм і апалітызм) з 1870-х гг. кіравалася большасць народніцкіх арганізацый.
У 1860-я гг. дзейнічала арганізацыя С.Г. Нячаева «Народная расправа». Праграмным дакументам з’яўляўся так названы «Катэхізіс рэвалюцыянера», у якім мэтай арганізацыі ставілася вызваленне народа шляхам «всесокрушающей народной революции», якая «уничтожит в корне всякую государственность и истребит все государственные традиции порядка и классы в России» [18, с.4]. У «Катэхізісе» адзначалася: «Наше дело страшное, полное, повсеместное и беспощадное разрушение» [18, с.4]. Рэвалюцыянер, па «Катэхізісу» гэта «человек обреченный», які разарваў усе асабістыя і грамадскія сувязі, які адмаўляе грамадзянскія законы, прыстойнасці і годнасць. Рэвалюцыянер павінен ведаць «только одну науку, науку разрушения»; «нравственно для него все, что способствует торжеству революции. Безнравственно и преступно всё, что помешает ему» [18, с.5]. «Нячаеўшчына» пакладзена Ф.М. Дастаеўскім ў аснову рамана «Бесы».
У процівагу «нячаеўцам» узніклі і іншыя накірункі народніцтва, якія падрыхтавалі «хаджэнне ў народ» рэвалюцыйнай інтэлігенцыі (адсюль і назва «народніцтва»), але ім не ўдалося выклікаць паўстання.
У Беларусі ідэі народніцтва падзялялі К. Каліноўскі, В. Урублеўскі, З.І. Серакоўскі і іншыя кіраўнікі і ўдзельнікі паўстання 1863 – 1864 гг. У канцы 1862 года ў склад «Зямлі і волі» ўвайшоў ваенна-рэвалюцыйны Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы, значная частка якога былі ўраджэнцы беларуска-літоўскіх губерняў. У студзені 1882 года была створана Паўночна-Заходняя арганізацыя «Народнай волі», якая аб’яднала гурткі Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай і Ковенскай губерняў. У 1881–1883 гг. у Вільні, Мінску, Пінску, Віцебску, Гродне, Бабруйску, Оршы, Магілёве існавалі гурткі афіцэраў-нарадавольцаў. У Беларусі існавалі і народніцкія гурткі вучнёўскай моладзі.
Знакамітым рэвалюцыянерам-нарадавольцам быў Ігнат Грынявіцкі (1856 – 1881), ураджэнец Бельскага павета Гродзенскай губерні (зараз у Польшчы), з дробных дваран. Вучыўся ў Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце, дзе паступіў у нарадавольцы. 1 сакавіка 1881 года бомбай, кінутай Грынявіцкім, быў забіты Аляксандр ІІ. Ігнат Грынявіцкі верыў, што пасля забойства цара для Расіі і Беларусі наступіць лепшае будучае.
У перадсмяротнай запісцы Грынявіцкі пісаў: «Аляксандр ІІ павінен памерці... Гэта неабходна дзеля свабоды, бо ў выніку значна пахіснецца тое, што хітрыя людзі называюць кіраваннем – манархічным, неабмежаваным, а мы – дэспатызмам... Я не ўбачу перамогі, не буду жыць ні дня, ні гадзіны ў тым светлым часе, але лічу, што сваёй смерцю зраблю ўсё, што павінны быў зрабіць... Задача рэвалюцыйнай партыі – запаліць ужо назапашаны гаручы матэрыял, кінуць іскру у порах і потым зрабіць усё дзеля таго, каб пачаты рух скончыўся перамогаю...» [19].
Але на справе ўсё атрымалася па-іншаму. Грынявіцкім быў забіты цар-рэфарматар Аляксандр ІІ, пасля якога на расійскі трон уступіў яго пераемнік Аляксандр ІІІ, прыхільнік палітыкі – «Назад к старому милому времени». Буржуазныя рэформы былі згорнуты, наступіла так званая «эпоха контррэформаў», якая адкінула развіццё Расіі і Беларусь на шмат гадоў назад.
У 80 – 90-х гг. ХІХ ст. капіталізм у Расіі стаў відавочным, сялянская абшчына не здолела прадухіліць яго развіццё. Гэта пахіснула веру ў магчымасці сялянскай абшчыны, вызвала крызіс народніцтва. Частка народнікаў перайшла да марксізму, які пачаў хутка распаўсюджвацца ў Еўропе, у тым ліку і на Беларусі.
Першы марксісцкі гурток быў створаны ў Мінску летам 1884 года студэнтам Э. Абрамовічам. Затым марксісцкія гурткі ўзніклі ў Гомелі, Віцебску, Гродне, Брэсце, Смаргоні, Ашмянах і інш. У сакавіку 1898 года ў Мінску адбыўся І з’езд РСДРП. Праграма партыі была прынята ў 1903 годзе, на ІІ з’ездзе РСДРП, на якім адбыўся раскол партыі на дзве плыні – бальшавікоў (Ленін) і меньшавікоў (Мартаў).
Праграма РСДРП бліжэйшую задачу партыі вызначыла ў тым, каб дабіцца звяржэння самадзяржаўя і ўсталяваць у Расіі дэмакратычную рэспубліку.
Канчатковая мэта расійскіх сацыял-дэмакратаў – устанаўленне дыктатуры пралетарыяту (нікім і нічым не абмежаванай улады) і пабудова сацыялізму.
У праграме РСДРП было вызначана і нацыянальна-дзяржаўнае пытанне: абвешчана права нацый Расіі на самавызначэнне да аддзялення і ўтварэння самастойных дзяржаў. Адзначым, што гэтае праграмнае патрабаванне па нацыянальна-дзяржаўным пытанні было ўключана ў савецкія Асноўныя Законы – Канстытуцыі. У Канстытуцыі Беларускай ССР 1927 года было запісана: «За Беларускай ССР захоўваецца права свабоднага выхаду з Саюза ССР» (арт. 4). Гэтае ж палажэнне было захавана і ў наступных савецкіх Канстытуцыях: у Канстытуцыі БССР 1937 года (арт. 15) і ў апошняй Канстытуцыі Беларускай ССР 1978 года (арт. 69).
З народніцкіх гурткоў узнікла і партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў) – дробнабуржуазная партыя, якая існавала ў Расіі і на Беларусі ў 1902 – 1922 гг. Лідарамі партыі эсэраў былі Е. Азэф, Р. Гершуні, А. Гоц, Б. Савінкаў, В. Чарноў і іншыя.
Праграма партыі эсэраў была прынятая ў 1902 годзе і складался з праграмы-мінімум і праграмы-максімум.
Праграма-максімум прадугледжвала пабудову сацыялізму. Але ў праграме не тлумачылася, як эсэры ўяўлялі сабе грамадства пад назвай сацыялізм і якімі шляхамі яно будзе пабудавана.
У праграме эсэраў было запісана: «Пока солнце социализма взойдет, роса теперешних порядков … глаза выест» [20]. Таму патрэбна было, на думку эсэраў, «силой вырвать у капиталистов» меры праграмы-мінімум, якія ўключалі:
– дэмакратычную рэспубліку, якая будзе мець шырокую аўтаномію абласцей і абшчын, як гарадскіх, так і сельскіх;
– Расія будзе адзінай і непадзельнай, нацыі на яе тэрыторыі будуць мець права на самавызначэнне, але толькі ў межах адзінай Расіі;
– будзе ўведзена ўсеагульнае, роўнае і прамое выбарчае права для ўсіх грамадзян з 20-гадовага ўзросту, без абмежаванняў адносна полу, рэлігіі і нацыянальнасці. Падача галасоў на выбарах закрытая (тайнае галасаванне);
– «прямое народное законодательство (референдум и инициатива)» [20];
– «выборность, сменяемость... и подсудность всех должностных лиц, включая депутатов и судей, …бесплатное судопроизводство» [20];
– «земля ничья и право на пользование ею дает лишь труд… поэтому земля обращается в общенародное достояние без выкупа» [20]. Гэта азначала, што купля-продаж зямлі забаранялася, любы чалавек мог атрымаць у карыстанне столькі зямлі, колькі мог яе апрацаваць сіламі сваёй сям’і (без найму рабочай сілы), ці ў «товариществе» (у кааперацыі).
– «уничтожение постоянной армии и замена её народным ополчением» [20];
– «неприкосновенность личности и жилища»; «установление обязательного для всех общего светского образования за государственный счет»; «введение родного языка в местные государственные учреждения»;
– свабода друку, сходаў, саюзаў, стачак, выбару роду заняткаў і інш.
Дэвізам партыі эсэраў быў заклік: «Только в борьбе обретешь ты право свое!». Дэвіз змяшчаўся на дакументах, таму па наяўнасці такога дэвіза можна меркаваць аб іх партыйнай прыналежнасці да сацыялістаў-рэвалюцыянераў.
Цікавыя погляды эсэраў на шляхі, якімі яны меркавалі рэалізаваць на практыцы сваю праграму-мінімум. Праз тэрор, забойствы паплечнікаў цара, членаў яго сям’і заставіць расійскага імператара пайсці на радыкальныя рэформы: правесці ў Расіі ўсеагульныя выбары пры тайным галасаванні, на якіх выбраць Усерасійскі устаноўчы сход (Земскі сабор) з заканадаўчымі функцыямі. Сход прыме законы, якімі надасць юрыдычную сілу эсэраўскай праграме-мінімум, створыць «народнае праўленне» (народны ўрад Расіі), які ў аснову сваёй дзейнасці пакладзе праграму партыі эсэраў.
Такім чынам, на погляд эсэраў, праз напалоханага тэрорам цара і яго рэформы на практыцы можна будзе ажыццявіць у Расіі іх палітычную праграму.
Сярод кіраўнікоў партыі эсэраў быў і Еўна Фішалевіч Азэф (1869 – 1918), ураджэнец Гродзеншчыны (з мястэчка Лыскава). Паводле ўласнай ініцыятывы з 1892 года ён пачаў сакрэтна супрацоўнічаць з Дэпартаментам паліцыі Расіі; у 1903 годзе ўзначаліў баявую арганізацыю партыі эсэраў. Прымаў удзел у арганізацыі забойстваў міністра ўнутраных спраў Расіі Плеве, былога генерал-губернатара Масквы вялікага князя Сяргея Аляксандравіча, выдаў царскай паліцыі шэраг эсэраўскіх арганізацый, па яго даносам 7 эсэраў былі пакараны смерцю. У 1908 годзе Азэф быў выкрыты эсэрам Бурцавым як сакрэтны супрацоўнік царскай паліцыі. ЦК партыі эсэраў ён быў прыгавораны да смяротнага пакарання, але сумеў наладзіць уцёкі за мяжу. Памёр у Берліне ў 1918 годзе. (Тэлесерыял «Империя под ударом», адна з серый «Великий провокатор» поўнасцю прысвечана Азэфу).
Партыя канстытуцыйных дэмакратаў (кадэтаў; поўная назва – канстытуцыйна-дэмакратычная партыя, партыя народнай свабоды). Арганізацыйна аформілася ў гады рэвалюцыі 1905 – 1907 гг., існавала ў Расіі і Беларусі да 1917 года. Яе лідарамі былі П. Мілюкоў, П. Струве, А. Шынгароў і іншыя.
Найбольш аптымальным варыянтам грамадскага прагрэсу кадэты лічылі капіталізм. Выступалі за эвалюцыйныя формы развіцця грамадства, за замену самадзяржаўя канстытуцыйна-парламенцкай манархіяй англійскага тыпу.
Праводзілі ідэю аб падзеле заканадаўчай, выканаўчай і судовай улад, стварэння адказнага перад парламентам урада, рэформы суда, мясцовага самакіравання. Выступалі за ўвядзенне ў Расіі ўсеагульнага выбарчага права і дэмакратычных свабод: сумлення, слова, друку, сходаў, сходаў і іншыя.
Расія павінна быць унітарнай дзяржавай з правам культурна-нацыянальнага самавызначэння для ўсіх народаў, што насяляюць Расійскую імперыю, з выкарыстаннем нацыянальнай мовы ў школе ў і судзе.
Зямлёй кадэты планавалі надзяліць беззямельных і малазямельных сялян за кошт дзяржаўных, удзельных, манастырскіх зямель, а таксама за кошт часткі панскіх зямель за выкуп.
У праграме кадэтаў шмат увагі надавалася правам асобы. Прадугледжвалася адмена саслоўяў, цэнзуры, атрыманне кожным грамадзянінам Расіі права свабодна выязджаць за мяжу. Асоба, якая затрымана паліцыяй, не пазней 24-х гадзін у гарадах ці 3-х сутак у іншых населеных пунктах, павінна быць прадстаўлена судовай уладзе або вызвалена з-пад варты. Калі асоба затрымана паліцыяй без дастатковых абгрунтаванняў, яна мае права на «возмещение государством понесенных убытков» [21, с.48]. Кадэты адстойвалі ідэю, што правы грамадзян, якія будуць замацаваны будучай канстытуцыяй, павінны забяспечвацца судовай абаронай [21, с.49].
Пасля стварэння Часовага ўрада ў 1917 годзе кадэты фактычна сталі правячай партыяй у Расіі, спярша самастойна, а потым у кааліцыі з эсэрамі і меншавікамі. Пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 года ў праграму партыі кадэтаў былі ўнесены змены: замест канстытуцыйнай манархіі прызнавалася неабходным устанаўленне ў Расіі дэмакратычнай рэспублікі, ліквідацыя двоеўладдзя, скліканне пасля сканчэння вайны Устаноўчага сходу, які павінен прыняць канстытуцыю, вырашыць пытанне аб дзяржаўным ладзе і правесці неабходныя сацыяльна-эканамічныя рэформы.
Галоўнай перашкодай на шляху дэмакратыі кадэты лічылі Саветы рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў. Восенню 1917 года кадэты прыйшлі да ідэі, што Расіі патрэбна моцная ўлада, ваенная дыктатура.
Пасля перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года дэкрэтам СНК РСФСР ад 11 снежня 1917 года партыя кадэтаў была названа партыяй «ворагаў народа» і аб’яўлена па-за законам. Кадэты падтрымлівалі Дзянікіна, Калчака, Урангеля; пасля іх разгрому ў 1920 годзе партыя кадэтаў спыніла сваё існаванне ў Расіі.
У Расіі і на Беларусі меліся і прыхільнікі анархізма (ад грэч. anarchia – безуладдзе). Галоўны змест анархізму – адмаўленне дзяржавы ўвогуле, пропаведзь неабмежаванай свабоды асобы, стыхійнасці ў грамадскім развіцці. Анархізм праявіўся ў 1840 – 1860-я гг. у Еўропе, яго тэарэтыкамі былі П. Прудон, М. Бакунін, пазней П. Крапоткін, І. Люст, Ж. Сарэль і іншыя. Мы ўжо адзначалі, што ў Расіі ідэі анархізму ў канцы 1860-х гг. успрынялі народнікі. У 1903 годзе ўзнікла група анархістаў у Беластоку, яе стварылі Ш. Кагановіч і Г. Брумер. У 1903 – 1904 гг. групы анархістаў меліся ў Баранавічах, Брэсце, Ваўкавыску, Гродне, Ружанах, Смаргоні і інш. Але на Беларусі анархізм не меў ні глыбокіх каранёў, ні цеснай сувязі з насельніцтвам. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года частка анархістаў змяніла свае погляды, фактычна прызнала савецкую форму дзяржавы і нават імкнулася супрацоўнічаць з Саветамі. Другая частка анархістаў спрабавалі арганізаваць узброеныя выступленні супраць улады Саветаў, стваралі спецыяльныя дружыны так званай «чорнай гвардыі», да іх часам далучаліся крымінальныя злачынцы. На Беларусі невялікія легальныя групы анархістаў існавалі да сярэдзіны 1920-х гадоў.
Дэвіз анархістаў: «Ни бога, ни господина, ни Отечества. Смерть и разрушение – да водрузиться будущее!» [22]. У праграмных дакументах анархістаў было запісана: «Государство с его принудительной властью есть орудие угнетения… и насилия над человеком. Насильственное разрушение всех государств… приведет к установлению нового общества…» [22].
Новае грамадства ў праграмных дакументах анархістаў адлюстравана цьмяна, невыразна: новае грамадства – гэта вольны саюзвольных абшчын, у якім будзе поўная роўнасць людзей, неабмежаваная свабода для іх палітычнай і эканамічнай дзейнасці. Суды і войска павінны быць распушчаны, бо яны «орудия насилия». Зямля не павінна належыць нікому, яна будзе апрацоўвацца свабоднымі абшчыннікамі.
Такім чынам, анархісты адмаўлялі ўсе інстытуты дзяржавы і выступалі за стыхійнасць грамадскага развіцця.
Нацыянальнай партыяй леванародніцкага кірунку была Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ), якая была ўтворана зімой 1902 – 1903 гг. на аснове нацыянальна-культурных гурткоў беларускай вучнёўскай і студэнцкай моладзі, якія існавалі ў Мінску, Пецярбургу і Вільні. Стваральнікамі і кіраўнікамі БСГ былі браты Іван і Антон Луцкевічы, А. Пашкевіч (Цётка), А. Бурбіс, К. Кастравіцкі (Карусь Каганец), В. Іваноўскі і іншыя. У 1903 годзе, на 1 з’ездзе, БСГ прыняла праграму, у якой яна характарызавала сябе як сацыяльна-палітычная арганізацыя «беларускага працавітага народу». Сваёй канчатковай мэтай БСГ абвясціла знішчэнне капіталістычнага ладу і пераход у грамадскую ўласнасць зямлі, сродкаў вытворчасці і камунікацый, а бліжэйшай задачай – звяржэнне самадзяржаўя ў Расіі ва ўзаемадзеянні «з пралетарыятам усіх народаў Расійскай дзяржавы».
У нацыянальным пытанні БСГ выступала за тое, каб усе народы мелі свабоду, а формай забеспячэння нацыянальнай свабоды ў часы капіталізму прызнавала незалежную дэмакратычную рэспубліку. Палітычную аснову рэспублікі павінны былі скласці: прамое, агульнае, роўнае выбарчае права з тайным галасаваннем, народнае заканадаўства з правам ініцыятывы і санкцый, вышэйшая ўлада павінна належыць Канстытуцыйнаму сходу, ліквідацыя пастаяннай арміі з заменай яе агульным апалчэннем народа, раўнапраўе ўсіх людзей незалежна ад полу, нацыянальнасці і веравызнання, бясплатны суд, выбарныя суддзі, падсудныя чыноўнікі, поўная свабода слова, друку, сходаў, таварыстваў, забастовак і інш.
У аграрным пытанні праграма БСГ прадугледжвала скасаванне прыватнай зямельнай уласнасці, абвяшчала права кожнага чалавека на апрацоўку зямлі «сваімі рукамі без карыстання з чужой працы» і заяўляла пра неабходнасць прапаганды «ідэі ўсестаронняга сябравання і таварыстваў» з мэтай пераходу да «сацыялістычнай гаспадаркі».
У праграме БСГ былі запісаны і іншыя сацыяльныя патрабаванні: 8-гадзіннага рабочага дня, устанаўлення мінімуму заработнай платы, роўнай аплаты пры роўнай працы, дзяржаўнага страхавання ад няшчасных выпадкаў, хваробы і старасці, бясплатнай медыцынскай дапамогі і інш.
Некаторыя даследчыкі лічаць, што ў праграме БСГ спалучаўся рэвалюцыйны дэмакратызм з утапічным народніцкім (сялянскім) сацыялізмам (ідэі ўраўняльнага землекарыстання і ўсебаковай кааперацыі як шлях да сацыялізму) і ншыя.
Погляды БСГ на перспектывы беларускага дзяржаўнага будаўніцтва з часам мяняліся. У 1906 годзе, на другім з’ездзе партыі, была прынятая новая праграма, у якой БСГ выказалася за ўтварэнне Расійскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі з свабодным вызначэннем і культурна-нацыянальнай аўтаноміяй народнасцей. Для Беларусі БСГ патрабавала аўтаноміі з мясцовым сеймам у Вільні. На другім з’ездзе БСГ адмовілася ад эсэраўскай ідэі сацыялізацыі зямлі і адобрыла тэзіс пра ўтварэнне абласнога зямельнага фонду з казённых, удзельных, царкоўных і памешчыцкіх уладанняў, што больш адпавядала патрабаванням аўтаноміі Беларусі.
Ажыццяўленне ўсіх праграмных палітычных і сацыяльных пераўтварэнняў БСГ звязвала з рэвалюцыйным звяржэннем самадзяржаўя і скліканнем Устаноўчага сейма для Беларусі на аснове ўсеагульнага, роўнага, прамога і тайнага выбарчага права, які павінен быў выпрацаваць умовы адчужэння памешчыцкай зямлі і надзялення сялян зямлёй на правах пажыццёвай арэнды. Пра пераход сялянскіх гаспадарак на сацыялістычны шлях у праграме БСГ не ўпаміналася.
Легальным друкаваным органам БСГ была газета «Наша доля», а пасля яе закрыцця – «Наша Ніва».
У пачатку 1918 года адбыўся канчатковы раскол БСГ. Частка партыі прыняла ўдзел у абвяшчэнні Беларускай Народнай Рэспублікі. Петраградская і Маскоўская арганізацыі сталі на шлях утварэння беларускай дзяржаўнасці на савецкай аснове і аб’явілі урад БНР – Народны сакратарыят самазванай установай.
У выніку абвастрэння супярэчнасцей па пытаннях аб стаўленні да германскіх акупантаў, беларускай дзяржаўнасці, зямлі і інш. да лета 1918 года БСГ распалася на шэраг партый: Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю, Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларускую партыю сацыялістаў-федэралістаў; выхадцы з левага крыла БСГ удзельнічалі ў рабоце Беларускага нацыянальнага камісарыята (Белнацкама, аддзела Народнага камісарыята па справах нацыянальнасцей РСФСР), некаторыя з іх уступілі ў беларускія секцыі РКП(б).
У 30 – 40-я гг. ХХ ст. дзейнічала Беларуская нацыянал-сацыялістычная партыя (БНСП) – арганізацыя беларускіх фашыстаў. БНСП пачала стварацца ў 1933 годзе ў Вільні па ініцыятыве групы пранямецка настроеных беларускіх нацыяналістаў (старшыня партыі Ф. Акінчыц, друкаваны орган – часопіс «Новы шлях»). У 1937 годзе партыя была забаронена польскімі ўладамі. БНСП не мела падтрымкі сярод беларускага насельніцтва, яна распалася пасля смерці Акінчыца (быў застрэлены партызанамі ў Мінску ў сакавіку 1943 г.).
Такім чынам, праграмы палітычных партый пачатку ХХ ст. па пытаннях дзяржаўнага будаўніцтва на Беларусі мелі шырокі спектр ідэй – ад моцнай цэнтралізаванай улады да безуладдзя анархістаў, ад самастойнай беларускай дзяржавы да ўваходжання Беларусі ў склад Расійскай Федэрацыі на аўтаномных пачатках.
3. Ідэі дзяржаўнага будаўніцтва ў спадчыне дзеячаў
беларускага нацыянальнага руху (І. Луцкевіча, А. Луцкевіча,
Я. Лёсіка, В. Ластоўскага, А. Цвікевіча)
Цікавай у навуковым плане па пытаннях перспектываў дзяржаўнага будаўніцтва на Беларусі ўяўляе сабой літаратурная спадчына дзеячоў беларускага нацыянальнага руху пачатку ХХ ст.
Разгледзім погляды на перспектывы беларускай дзяржаўнасці Антона Іванавіча Луцкевіча (1884 – 1946), беларускага палітычнага і грамадскага дзеяча, гісторыка, публіцыста, літаратурнага крытыка. Паходзіў з шляхецкага роду, нарадзіўся на Ковеншчыне (Літва), вучыўся на фізіка-матэматычным факультэце Пецярбургскага і юрыдычным факультэце Дэрпцкага (цяпер Тартускі) універсітэтаў. Адзін з заснавальнікаў Беларускай рэвалюцыйнай грамады і аўтараў яе праграмы. Удзельнічаў у выпуску газет «Наша доля», «Наша Ніва», «Гоман». Быў старшынёй урада Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1920 годзе падаў ў адстаўку, выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі, затым адышоў ад палітычнай дзейнасці.
Пасля вызвалення Заходняй Беларусі Чырвонай Арміяй Антона Луцкевіча запрасілі на сход беларускай інтэлігенцыі. 30 верасня 1939 года ён быў арыштаваны. Асобай нарадай пры НКУС СССР прыгавораны да 6 гадоў зняволення. Паводле афіцыйнай версіі, Антон Луцкевіч памёр у Сяміпалацінскай вобласці (Казахстан). Рэабілітаваны ў 1989 годзе.
Палітычныя і прававыя погляды Луцкевіча нам вядомы з яго твораў: «Польская акупацыя на Беларусі», «За дваццаць пяць гадоў (1903 – 1928)» (прысвечана гісторыі БСГ), «Чатырохсотлецце першага кодэксу беларускага права» (прысвечана Статуту ВКЛ 1529 г.), «Статут Вялікага княства Літоўскага на фоне эвалюцыі нацыянальных адносін у Беларусі», «Эвалюцыя беларускай адраджэнскай ідэалогіі і адбіццё яе ў літаратуры», «Краёвае становішча», «Праграма ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі» і інш., пераклаў на беларускую мову працу М.В. Доўнар-Запольскага «Асновы дзяржаўнасці Беларусі», адзін з перакладчыкаў Новага запавету і Псалтыра.
У сваіх творах пачатку ХХ ст. Антон Луцкевіч крытыкаваў нацыянальную і аграрную палітыку царызму, выказваўся за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне беларускага народа, асуджаў нацыяналізм. Развіццё беларускага вызваленчага руху звязваў з развіццём капіталістычных адносін і станаўленнем нацыянальнай буржуазіі («Эканамічная эвалюцыя і беларускі рух», 1917 г.).
Антон Луцкевіч крытыкаваў нацыянальную і аграрную палітыку кіраўніцтва СССР, якое яно распачало з «года вялікага пералому» (1929 г.); у артыкуле «Цень Азефа» (1930 г.) ён даў рэзкую адмоўную характарыстыку Сталіну і яго акружэнню.
Погляды Антона Луцкевіча на перспектывы дзяржаўнага будаўніцтва змяняліся ў адпаведнасці з канкрэтнай гістарычнай абстаноўкай.
Спярша Антон Луцкевіч быў прыхільнікам ідэі канфедэрацыі Вялікага княства Літоўскага. У 1915 годзе быў апублікаваны ўніверсал канфедэрацыі, у якім паведамлялася, што асноўная мэта канфедэрацыі ў тым, каб літоўскія і беларускія землі, якія здаўна належалі да Вялікага княства Літоўскага, аб’ядналіся на падмурку незалежнасці Літвы і Беларусі як суцэльнай дзяржавы, у якой усе нацыі будуць роўныя. Унутраны лад будучай Беларуска-Літоўскай дзяржавы павінен быў вызначыць Устаноўчы сойм. У склад адроджанай дзяржавы павінны былі ўвайсці: Ковенская і Віленская губерні, беларускія і літоўскія часткі Гродзенскай і Сувалкаўскай губерняў, частка Мінскай і літоўская частка Курляндскай губерні.
У 1916 годзе Антон Луцкевіч, які займаў на той час пасаду старшыні Беларускага народнага камітэта, абгрунтаваў ідэю больш шырокай канфедэрацыі – Злучаных Штатаў ад Балтыйскага мора да Чорнага. У гэтую канфедэрацыю павінны былі ўвайсці Беларусь, Літва, Латвія і Украіна.
Такім чынам, на змену ідэі аб незалежнай дзяржаве з аўтаномнымі тэрыторыямі прыйшла ідэя канфедэрацыі незалежных дзяржаў.
У 1918 годзе Антон Луцкевіч быў адным з аўтараў ІІІ Устаўнай граматы, якая абвясціла Беларускую Народную Рэспубліку незалежнай і вольнай дзяржавай.
Такім чынам, погляды Антона Луцкевіча на перспектывы беларускай дзяржаўнасці змяняліся ў адпаведнасці з гістарычнымі ўмовамі – ад канфедэрацыі да незалежнай нацыянальнай дзяржавы.
Іван Іванавіч Луцкевіч (1881 – 1919), старэйшы брат Антона Луцкевіча. Вучыўся ў Маскоўскім археалагічным інстытуце, Пецярбургскім універсітэце, удзельнічаў у стварэнні «Беларускай сацыялістычнай грамады», газет «Наша доля», «Наша Ніва», «Гоман», выдавецтва «Наша хата», першых беларускіх школ на Віленшчыне, Гродзеншчыне і Беласточчыне, Віленскай гімназіі.
Разам з братам Антонам і Вацлавам Ластоўскім і інш. распрацоўваў пытанні дзяржаўнага самавызначэння Беларусі – ад канцэпцыі краёвай аўтаноміі, аднаўлення на канфедэратыўнай аснове дзяржаўнай уніі Беларусі і Літвы, – да абвяшчэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі ў яе этнаграфічных межах. Выступаў за аднаўленне на Беларусі царкоўнай уніі дзеля аб’яднання рэлігійнага і грамадска-палітычнага рухаў у адзіным нацыянальна-адраджэнскім працэсе.
Паводле ініцыятывы Івана Луцкевіча і з яго асабістым удзелам пытанне аб нацыянальным самавызначэнні беларускага народа ўпершыню прагучала на міжнародных форумах – канферэнцыі сацыялістычных і рэвалюцыйных партый (Фінляндыя, 1905 г.), на Славянскім з’ездзе прагрэсіўных студэнтаў (Прага, 1908 г.), Міжнароднай канферэнцыі нацый (Лазана, 1916 г.).
Антон Луцкевіч быў прыхільнікам раўнапраўных адносін Беларусі з Расіяй, Польшчай, Украінай і Літвой. Ён быў практыкам-арганізатарам, таленавітым прамоўцам, спрыяў абуджэнню нацыянальнай свядомасці вучнёўскай і студэнцкай моладзі, інтэлігенцыі. Аўтар навукова-публіцыстычных прац па гісторыі, мастацтве, кніжнай культуры Беларусі.
Язэп (Іосіф) Юр’евіч Лёсік (1883 – 1940), беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, мовазнаўца, пісьменнік, педагог. Акадэмік АН Беларусі (1928 г.), дзядзька Якуба Коласа. Скончыў Ноўгарад-Северскае гарадское вучылішча, працаваў настаўнікам. За ўдзел у рэвалюцыйных выступленнях 1905 года быў прыгавораны да бестэрміновага пасялення ў Сібіры. Са ссылкі вярнуўся пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года, стаў адным з лідараў Беларускай сацыялістычнай грамады. Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917 года, адзін з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. 25 красавіка 1918 года разам з іншымі кіраўнікамі падпісаў ад імя Рады БНР тэлеграму на імя кайзера Германіі Вільгельма ІІ, у якой адзначалася, што будучыню Беларусі бачаць «толькі пад апекай германскай дзяржавы». Пасля заканчэння грамадзянскай вайны застаўся ў БССР, заявіў аб прызнанні Савецкай улады. У наступныя гады адышоў ад палітычнай дзейнасці, займаўся навуковай, культурна-асветніцкай і літаратурнай працай. У 1928 годзе ён быў зацверджаны правадзейным членам Беларускай акадэміі навук, працаваў дырэктарам Інстытута навуковай мовы. У 1930 годзе арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі», сасланы на 5 гадоў. У 1938 годзе зноў быў арыштаваны і асуджаны асобай нарадай на 5 гадоў за «антысавецкую агітацыю». Паводле афіцыйнай версіі, памёр ад сухотаў у саратаўскай турме. Па прыгаворы 1938 г. рэабілітаваны ў 1958 г.; па прыгаворы 1931 г. – у 1988 г.
У публіцыстыцы Язэпа Лёсіка 1917 – 1920 гг. асноўнае месца займалі праблемы незалежнасці Беларусі, яе нацыянальнага адраджэння, гісторыі і будучыні (брашура «Аўтаномія Беларусі», артыкулы: «Вольная Беларусь», «Нацыянальны ўціск», «Праціўнікам беларускага руху», «Нашы патрэбы», «Нашто нам федэрацыя?» і іншыя).
Спярша Лёсік быў прыхільнікам аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай Федэрацыі. Акрамя Беларусі, на погляд Лёсіка, у федэрацыю павінны былі ўвайсці Украіна, Літва, Латвія, Фінляндыя, Эстонія і інш. У сваёй брашуры «Аўтаномія Беларусі» (1917 г.) Язэп Лёсік так вызначыў статус Беларусі ў будучай федэрацыі: «Мы павінны мець свой беларускі парламент, сваю Беларускую Краёвую Раду, цалкам незалежную ў межах свайго краёвага заканадаўства ад цэнтральнага, агульнадзяржаўнага ўрада. Толькі такія справы, як зносіны з загранічнымі дзяржавамі, мытна-грашовая сістэма, вярхоўнае кіраўніцтва ваеннымі сіламі, важнейшыя жалезныя дарогі, павінны знаходзіцца пад загадам агульнадзяржаўнай уласці, каторая гэтаксама павінна складацца з прадстаўнікоў усіх нацый і краёў».
Пасля разгону Усебеларускага з’езда 1917 года і падпісання Брэсцкага міру 1918 года Лёсік памяняў свой погляд на перспектывы дзяржаўнага будаўніцтва на Беларусі, ён перайшоў на пазіцыі незалежнай Беларускай дэмакратычнай рэспублікі.
Вацлаў Юстынавіч Ластоўскі (1883 – 1938), беларускі грамадска-палітычны дзеяч, гісторык, публіцыст, пісьменнік, літаратуразнаўца. Нарадзіўся на Віленшчыне ў сям’і беззямельнага селяніна. У аўтабіяграфічнай анкеце Ластоўскі адзначыў, што «асвету атрымаў дамавую» [23, с.451]. У 1904 –1905 гг.у Пецярбурзе, слухаў, як ён сам пазней пісаў, «зайцам» лекцыі ва ўніверсітэце. Потым спрабаваў здаць дзяржаўныя экзамены на атэстат сталасці, але, паводле ягоных слоў «зрэзаўся па расійскай мове»; далей ужо ані часу, ані магчымасцей атрымаць адукацыю ў яго не было [24, с. 112].
Разам з тым шляхам самаадукацыі Ластоўскі змог дасягнуць значных навуковых рубяжоў. У сваёй аўтабіяграфічнай анкеце Ластоўскі адзначыў, што ён быў выбраны членам-карэспандэнтам Украінскай акадэміі грамадазнаўства ў Празе (1926 г.) і правадзейным членам Інстытута беларускай культуры (1927 г.) [23, с.451].
У 1909 – 1914 гг. Ластоўскі рэдагаваў часопісы «Саха», «Беларускі сцяг», газету «Гоман». Быў членам партыі эсэраў, у 1919 – 1923 гг. узначальваў урад БНР за мяжой. У 1927 годзе пераехаў у БССР, працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, сакратаром Беларускай акадэміі навук.
У 1930 годзе ён быў арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі», пазбаўлены звання акадэміка, высланы на 5 гадоў у Саратаў. Рэпрэсіі псіхічна зламалі Ластоўскага. У 1936 годзе ён пісаў Адаму Багдановічу: «Здоровье мое крепко пошатнулось… Во рту ни одного зуба. ...Все кругом чужое. Люди? Люди злы, в том числе и я. Нет людей добрых, не надо обманываться. Жалкие крысы, вечно голодные, вечно враждующие, и злее дикого зверя. Чувство глубокого отвращения к такой жизни, да!» [23, с.448, 449].
Паўторна ён быў арыштаваны ў 1937 годзе; Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР «як агент польскай разведкі і ўдзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі» прыгавораны да расстрэлу. Па першым прыгаворы рэабілітаваны ў 1988 г., па другім – у 1958 г.
Ластоўскі пакінуў пасля сябе значную літаратурную спадчыну, па якой мы можам меркаваць аб яго палітычных і прававых поглядах. У 1910 годзе Ластоўскі выдаў «Кароткую гісторыю Беларусі» (паўторна апублікавана ў Мінску ў 1992 г.). Як зазначыў прафесар А. Грыцкевіч, «новым у працы Вацлава Ластоўскага было тое, што ён паказаў (беларускі – І.Б.) народ не толькі як аб’ект гісторыі, залежны ад волі суседзяў, але і як суб’ект – творцу свайго лёсу» [24, с.119]; кніга Ластоўскага была напісана «пра Беларусь і для беларусаў» [24, с. 119].
Разам з тым «Кароткая гісторыя Беларусі» была кампілятыўнай працай, заснаваная на тагачасных працах рускіх, польскіх і ўкраінскіх гісторыкаў, у якой меліся і яўныя памылкі. «Памыляецца гісторык, – адзначае прафесар А. Грыцкевіч у пасляслоўі да кнігі Ластоўскага, – калі лічыць, што літоўскія князі, у тым ліку і Міндоўг, належалі да роду полацкіх Рурыкавічаў, бо тым самым падтрымлівае легенду, якая з ХVІІІ ст. пашыралася сярод многіх рускіх гісторыкаў. Пра гэта, дарэчы, пісала ў адной з сваіх кампілятыўных прац Кацярына ІІ, каб апраўдаць прэтэнзіі рускага царызму на літоўскую тэрыторыю» [24, с.121].
Ластоўскі не прызнаваў назвы «Беларусь» і «беларусы», лічыў іх выдумкай расійскіх вялікадзяржаўных ідэолагаў і прапанаваў старую племянную назву: крывічы, Крывія. «Мы Крывічы, а не Русь Літоўская, Варажская ці Маскоўская, Белая ці Чорная; мы асобны славянскі народ», – пісаў Ластоўскі [8, с.185].
У 1926 годзе ў артыкуле «Што спрыяе росту і ўпадку народаў і дзяржаў» Ластоўскі падкрэсліваў, што здаровае развіццё нацыі можа быць забяспечана толькі яе палітычнай незалежнасцю. А каб дасягнуць яе, беларусам неабходна звязаць парваную ніць сваіх гістарычных традыцый. На думку Ластоўскага, нацыянальная дзяржава беларускага народу мае поўнае права на існаванне [8, с.185].
Ластоўскі крытыкаваў Рыжскі мірны дагавор 1921 года, паводле якога «Польшча і Расія, разарвалі надвае, падзялілі паміж сабой жывы беларускі народ» [23, с.355]. Ён крытычна ставіўся да дзяржаўнага статуса Беларускай ССР. У 1924 годзе ён адзначаў: «У савецкай Расіі “незалежная” Сацыялістычная Беларуская Рэспубліка не мае ні сваіх уласных грошай, ні свайго беларускага войска, ні сваёй асобнай беларускай пошты, ні сваіх чыгунак, ні сваіх прадстаўніцтваў за граніцай. Якая ж [гэта] незалежнасць...» [23, с.356].
Ластоўскі выказаў думку, што «Беларускаму народу няма вызвалення ні праз Варшаву, ні праз Маскву. І праз Маскву, і праз Варшаву на Беларусь ідзе руіна і знішчэнне» [23, с.358]. Разам з тым, на погляд Ластоўскага, «Беларускі народ мае права на дзяржаўную незалежнасць. Карані гэтай незалежнасці жывы ў беларускім народзе, аб чым сведчыць культура і гісторыя Беларусі» [23, с.358], а для гэтага, на яго думку, «Беларусь, разарваная Рыжскім мірам і падзеленая паміж Польшчай і Расіяй, павінна быць аб’яднана ў адзін суцэльны дзяржаўны механізм» [23, с.358]. У 1924 годзе Ластоўскі схіляўся да «брацкай еднасці Беларускага і Літоўскага Народаў», бо гэтыя народы, на яго думку, «лучаць і гісторыя, і эканоміка, і аднастайны сялянскі склад жыхарства» [23, с.359].
Аляксандр Іванавіч Цвікевіч (1883 – 1937), беларускі палітычны дзеяч, гісторык, філосаф, публіцыст. Нарадзіўся ў Брэсце, скончыў Пецярбургскі ўніверсітэт, працаваў прысяжным павераным (адвакатам) у Брэст-Літоўску і Пружанах. У 1921 – 1923 гг. – міністр замежных спраў ва ўрадзе БНР, выступаў за яе міжнароднае прызнанне. З 1923 года – прэм’ер-міністр БНР у Празе. Пад уздзеяннем палітыкі беларусізацыі, якая праводзілася ў Беларускай ССР, стаў прыхільна ставіцца да Савецкай Беларусі і прыйшоў да высновы аб неабходнасці спынення дзейнасці урада БНР і прызнанні Мінска адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі, што і зафіксавала скліканая і праведзеная па яго ініцыятыве ў 1925 годзе Другая Усебеларуская канферэнцыя ў Берліне. Пасля канферэнцыі пераехаў у Мінск, працаваў вучоным сакратаром Інбелкульта, у Інстытуце гісторыі Беларускай акадэміі навук. У 1930 годзе ён быў арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і сасланы ў ссылку ў г. Перм. У 1937 г. ён зноў быў арыштаваны і прыгавораны да расстрэлу. Па першым прыговоры рэабілітаваны ў 1988 годзе, па другім – у 1989 г.
Палітычныя і прававыя погляды Цвікевіча адлюстроўвае яго літаратурная спадчына. У сваіх працах Цвікевіч даследаваў праблемы нацыянальна-дэмакратычнага адраджэння Беларусі, фарміравання грамадска-палітычнай думкі, станаўлення самасвядомасці і развіцця дзяржаўнасці беларускага народа.
У 1918 годзе Цвікевіч у Кіеве выдаў «Кароткі нарыс узнікнення Беларускай Народнай Рэспублікі», у якім характарызаваў беларускі нацыянальны рух у 1917 – 1918 гг. У 1919 годзе апублікаваў працу «Беларусь: палітычны нарыс» (2-е выд. у 1990 г.), у якой прасачыў станаўленне беларускай ідэі, акрэсліў тагачасны стан вызваленчага руху. У кнізе «Адраджэнне Беларусі і Польшчы» (1921 г.) прааналізаваў канцэпцыі польскіх гісторыкаў, палітыкаў і публіцыстаў адносна «ўсходняга пытання», паказаў значэнне беларускіх зямель для польскага капіталу, імкненне кіруючых вярхоў Польшчы зрабіць Беларусь сваёй калоніяй.
У сваёй працы «Усе дарогі вядуць у Беларусь» Цвікевіч пісаў: «Адзіны лозунг, які павінен аб’яднаць нацыянальныя арганізацыі рознага палітычнага накірунку – гэта свабодная і незалежная Беларусь» [25]. Разам з тым Цвікевіч бачыў Беларусь не ізаляваным краінай, а ў саюзе з іншымі дзяржавамі і народамі. «...Мы жадаем поўнай незалежнасці ад другіх, – пісаў Цвікевіч, – не адкідваючы ў той самы час прынцыпа саюзу з другімі сусветнымі народамі ў справах эканамічных, стратэгічных і г.д.» [25].
Апошняя і найбольш значная кніга Цвікевіча ««Западно-русизм»: Нарысы з гісторыі грамадзскай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в.» (1929 г., 2-е выд. у 1993 г.). У прадмове А. Цвікевіч адзначыў цяжкасці, з якімі ён спаткаўся пры напісанні працы, і сярод іх – «поўная адсутнасць крыніц», бо аўтары «ніколі не закранаюць Беларусь як асобны аб’ект дасьледваньня» [5, с.5]. Таму, адзначае А. Цвікевіч – «няхай чытач не чакае ад нашае працы грунтоўнейшае распрацоўкі узьнятага пытаньня. Мы характарызуем “западно-русизм” толькі нарысамі, а ня робім монографічнага дасьледваньня. Таму тут няўнікнёны пропускі, ня поўнае, а часам можа прыпадковае распрацаваньне некаторых тэм» [5, с.6].
Нягледзячы на адзначаныя аўтарам недахопы сваёй працы, у ёй даволі аргументавана паказана гісторыя ўзнікнення і афармлення грамадскай плыні «заходнерусізму», якая была інспіравана царскімі ўладамі. Цвікевіч у сваёй кнізе разгледзеў погляды і дзейнасць тэарэтыка «заходнерусізму» ХІХ ст. М.В. Каяловіча, прыхільнікаў гэтай тэорыі Л. Саланевіча, П. Каранкевіча, Кавалюка і інш., паказаў гісторыю эвалюцыі «заходнерусізму» ад барацьбы з польскім ўплывам на Беларусь да барацьбы супраць беларускага адраджэння.
Такім чынам, у канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. пачала афармляцца нацыянальная беларуская ідэя, адбываўся пошук асноўных форм яе рэалізацыі рознымі шляхамі – праз мастацкую літаратуру, нацыянальны друк, нацыянальныя палітычныя арганізацыі. Вынікам развіцця нацыянальнай ідэі стала канцэпцыя пабудовы незалежнай, суверэннай дзяржавы як адзінага сродку захавання беларускай нацыі і поўнай рэалізацыі яе сацыяльных, палітычных і духоўных патрэб.
Спіс літаратуры
1. Запіска графа М. Агінскага, пададзеная Аляксандру І 15 мая // Адраджэнне: гістар. альманах. Вып. 1. – Мінск, 1995. – С. 207; Праект указа аб новай арганізацыі заходніх губерняў // Тамсама. – С. 212, 213.
2. Юхо, Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі / Я.А. Юхо. – Мінск, 1992. – 269 с.
3. Толстой, Л.Н. Соч. В 22 т. / Л.Н. Толстой. – Т. 6. – Москва, 1980. – С. 32.
4. Коялович, М.И. Чтения по истории западной России / М.И. Коялович. – Минск, 2006. – Чтение ХVI.
5. Цьвікевіч А. «Западно-руссизм»: Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в. / А. Цьвікевіч. – Мінск, 1983. – 352 с.
6. Швед, В.В. Паміж Польшчай і Расіяй: грамадска-палітычнае жыццё на землях Беларусі (1772 – 1863 гг.) / В.В. Швед. – Гродна, 2001. – С. 207.
7. Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). – Минск, 1973. – С. 266.
8. Вішнеўская, І.У. Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі: дапам. / І.У. Вішнеўская. – Мінск, 2004. – 272 с.
9. Мысліцелі і асветнікі Беларусі: энцыкл. даведнік. – Мінск, 1995. – 671 с.
10. Калиновский, К. Из печатного и рукописного наследия / К. Калиновский. – Минск, 1988. – С. 48–52.
11. Шалькевіч, В.Ф. Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі / В.Ф. Шалькевіч. – Мінск, 2002. – 248 с.
12. Нарысы гісторыі Беларусі. У 2 ч. Ч. 1. – Мінск, 1994. – С. 323.
13. Юхо, Я. «Нарадзіўся я ліцьвінам...»: Тадэвуш Касцюшка / Я. Юхо, У. Емельянчык. – Мінск, 1994. – С. 67.
14. Петриков, П.Т. Очерки новейшей историографии Беларуси (1990-е – начало 2000-х годов) / П.Т. Петриков. – Минск, 2007. – 292 с.
15. Багушэвіч, Ф. Творы / Ф. Багушэвіч. – Мінск, 1991. – С. 17, 53.
16. Цётка. Выбраныя творы / Цётка. – Мінск, 2001. – С. 79.
17. Купала, Я. Жыве Беларусь: вершы, артыкулы / Я. Купала. – Мінск, 1993. – 476 с.
18. Достоевский, Ф. Бесы: роман / Ф. Достоевский. – Москва, 1990. – 672 с.
19. «Народная воля» в документах и воспоминаниях. – Москва, 1930. – С. 249, 250.
20. Программа партии в общедоступном изложении. – Петроград: Изд. комитета социал-революционеров, 1917 (листовка).
21. Программы русских политических партий. – СПб., 1905. – 65 с.
22. Велихов, Л. Сравнительные таблицы русских политических партий / Л.Велихов. – СПб., 1906.
23. Ластоўскі, В. Выбраныя творы / В. Ластоўскі. – Мінск, 1997. – 512 с.
24. Ластоўскі, В. Кароткая гісторыя Беларусі / В. Ластоўскі. – Мінск, 1992. – 124 с.
25. Цвікевіч, А. Усе дарогі вядуць у Беларусь / А. Цвікевіч // Спадчына. – 1997. – № 3. – С. 3.
Пытанні для самаправеркі
1. Ахарактарызуйце праект М. Агінскага аб аднаўленні Вялікага княства Літоўскага ў складзе Расійскай імперыі.
2. Што ўяўляе з сябе тэорыя заходнерусізму?
3. У чым сутнасць «паліцэйскага сацыялізму» (зубатаўшчыны) на Беларусі?
4. Параўнайце палітычныя погляды філаматаў і філарэтаў.
5. Раскрыйце ўклад Яна Снядэцкага ў развіццё вышэйшай і сярэдняй адукацыі на Беларусі.
6. Ахарактарызуйце асноўныя палажэнні праекта Гродзенскага губернскага прадвадзіцеля дваранства графа В. Старжынскага, пададзенага ім у 1862 годзе Аляксандру ІІ ?
7. Раскрыйце асноўныя палітычныя і прававыя погляды У.Д. Спасовіча.
8. Параўнайце палітычныя погляды лібаралаў і рэвалюцыйных дэмакратаў Беларусі ХІХ ст. ?
9. Ахарактарызуйце палітычныя і прававыя погляды Кастуся Каліноўскага.
10. Як вы ставіцеся да перыядызацыі беларускага вызваленчага руху ХVІІІ – пачатку ХХ ст., прапанаваную гісторыкам А.К. Каўкам?
11. Правядзіце супастаўляльны аналіз дзяржаўна-прававых ідэй у беларускай літаратуры і публіцыстыцы канца ХІХ – пачатку ХХ ст.
12. Якія ідэі беларускага нацыянальнага адраджэння адлюстраваны ў творчасці Янкі Купалы?
13. Які ўклад у беларускую адраджэнскую літаратуру ўнёс Якуб Колас?
14. Прааналізуйце, як адлюстраваны праграмныя патрабаванні РСДРП па нацыянальна-дзяржаўным пытанні ў Канстытуцыях Беларускай ССР 1937 і 1978 гг.?
15. Параўнайце праграмныя палажэнні РСДРП і партыі эсэраў па перспектывах дзяржаўнага ўладкавання Расіі.
16. Назавіце асноўныя палажэнні праграмы партыі кадэтаў па пытаннях дзяржавы і права.
17. Выкажыце сваё меркаванне, па якіх прычынах партыя кадэтаў дэкрэтам СНК РСФСР ад 11 снежня 1917 года была аб’яўлена партыяй «ворагаў народа»?
18. Назавіце праграмныя патрабаванні Беларускай сацыялістычнай грамады аб дзяржаве, па аграрным і сацыяльным пытаннях.
19. У чым сутнасць праектаў аднаўлення Вялікага княства Літоўскага і Канфедэрацыі Злучаных Штатаў ад Балтыйскага да Чорнага мора?
20. Якія магчымыя перспектывы дзяржаўнага ўладкавання Беларусі вызначаў Язэп Лёсік?