Лекцыя 1
1. Асаблівасці развіцця палітычнай і прававой думкі ў канцы ХVIII – ХІХ стст. Праект адраджэння Вялікага княства Літоўскага М.К .Агінскага.
2. Кансерватыўны напрамак. Тэорыя «заходнерусізму». «Паліцэйскі сацыялізм» (зубатаўшчына) на Беларусі.
3. Ліберальны напрамак.
4. Рэвалюцыйна-дэмакратычны напрамак.
1. Асаблівасці развіцця палітычнай і прававой думкі ў канцы ХVIII – ХІХ стст.
Праект адраджэння Вялікага княства Літоўскага М.К. Агінскага
Пасля далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі на Беларусі ў палітычнай і прававой думцы з’явіўся новы блок праблем:
– пошук шляхоў аднаўлення Вялікага княства Літоўскага;
– ідэалагічнае замацаванне ўключэння беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі;
– асэнсаванне пытанняў беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці.
Разгледзім гэтыя праблемы.
Пошук шляхоў аднаўлення Вялікага княства Літоўскага. Як вядома, беларускія землі каля 500 гадоў былі ў складзе Вялікага княства Літоўскага. Некаторыя даследчыкі лічаць, што Вялікае княства было найперш беларускай дзяржавай. Зразумела, усё гэта пакінула значны след у свядомасці беларускага народа, яго мысліцеляў і палітычных дзеячоў. Перадавыя людзі таго часу пачалі пошук аднаўлення Вялікага княства Літоўскага, але, улічваючы рэаліі, – у дзяржаўных рамках Расійскай імперыі. Найбольш значным быў праект графа Міхаіла Клеафаса Агінскага (1765 – 1833), буйнога землеўладальніка, былога падскарбія Вялікага княства Літоўскага, аўтара вядомага паланэза «Развітанне з Радзімай».
У 1811 годзе Агінскі падаў Аляксандру І Запіску і праект указа аб аднаўленні Вялікага княства Літоўскага ў складзе Расійскай імперыі. Агінскі прапанаваў у склад Вялікага княства са сталіцай у Вільні ўключыць Гродзенскую, Віленскую, Мінскую, Віцебскую, Магілёўскую, Кіеўскую, Падольскую і Валынскую губерні, Беластоцкую і Тарнопальскую акругі. Вышэйшым кіраўніком Вялікага княства Літоўскага будзе імперскі намеснік. Кіраўніцтва княствам павінна ажыццяўляць Адміністрацыйная рада, сябры якой будуць прызначацца расійскім імператарам. Прадугледжвалася захаваць Статут 1588 года, які павінен быць «грамадзянскім законапалажэннем для краю». Вышэйшай судовай установай будзе Літоўскі трыбунал. Судаводства павінна весціся на польскай мове, пасады ў органах дзяржаўнага кіравання павінны замяшчацца ўраджэнцамі Вялікага княства [1].
Праект аднаўлення Вялікага княства Літоўскага Аляксандр І сустрэў варожа, бо землі былога Вялікага княства разглядаліся ім як «исконно русские», таму аднаўленне Вялікага княства Літоўскага разглядалася царскім урадам як замах на цэласнасць Расійскай імперыі. Аляксандр І не зацвердзіў праект Агінскага.
Адмова Аляксандра І аднавіць Вялікае княства мела для Расіі негатыўныя палітычныя наступствы. Каб заручыцца падтрымкай польскай і беларускай шляхты, Напалеон 1 ліпеня 1812 года аднавіў Вялікае княства Літоўскае ў граніцах Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губерняў. Быў створаны часовы ўрад княства, пачалі фарміравацца мясцовыя органы кіраўніцтва.
Спярша гэтыя меры былі станоўча ўспрыняты шляхтай. Паводле дадзеных прафесара Я.А. Юхо, у 600-тысячнай арміі Напалеона было 100 тысяч палякаў [2, с.245]. Л.М. Талстой у рамане «Вайна і мір» прыводзіць размову ў Вільні Напалеона з ад’ютантам Аляксандра І Балашовым: «У мяне саюзнікі, гэта палякі, іх 80 тысяч, – заявіў Напалеон. – яны ваююць як львы. Іх будзе 200 тысяч» [3].
Але Напалеон, як вядома, разглядаў Беларусь як сваю ваенную здабычу, падаткі і рэквізіцыі з якой павінны былі забяспечваць яго армію. Такая пазіцыя адштурхнула беларускую шляхту і насельніцтва ад падтрымкі Напалеона, выклікала партызанскую вайну супраць французскіх войск. З паражэннем войск Напалеона ў вайне з Расіяй адпала і ідэя аднаўлення Вялікага княства Літоўскага пад апекай Францыі.
2. Кансерватыўны напрамак. Тэорыя «заходнерусізму». «Паліцэйскі
сацыялізм» (зубатаўшчына) на Беларусі
У ХІХ ст. узнік яшчэ адзін блок палітычна-прававых праблем – ідэалагічнае замацаванне Расійскай імперыі на Беларусі, зацвярджэнне вялікадзяржаўных расійскіх ідэй. Гэтыя праблемы вырашаліся рознымі шляхамі, у тым ліку і кансерватыўным, які знайшоў сваё адлюстраванне ў тагачаснай палітыка-прававой думцы.
Кансерватызм (ад лац. consevare – захоўваць) – гэта ідэалогія, якая арыентуецца на абарону традыцыйных устояў грамадскага і дзяржаўнага ладу, адмаўляе ўсякія рэвалюцыйныя перамены.
На Беларусі кансерватыўная думка пачала афармляцца ў пачатку ХІХ ст., яе цэнтрам была Полацкая езуіцкая акадэмія. Прадстаўнікі акадэміі вялі публічную палеміку з прафесарамі Віленскага ўніверсітэта, якія ў той час былі носьбітамі ліберальных ідэй.
Кансерватыўны напрамак узмацніўся пасля паражэння паўстання 1931 года. Група інтэлігентаў стварыла «Пецярбургскі гурток», у які ўваходзілі пісьменнік Г. Ржавускі, крытык М. Грабоўскі, епіскап У. Галавінскі і іншыя. Найбольш прыкметнай асобай быў Генрых Ржавускі (1791 – 1866), які ў сваіх творах «Мешаніна традыцый», «Маральныя і палітычныя эсэ» імкнуўся аргументаваць ідэю, што толькі самадзяржаўе можа прынесці стабільнасць і забяспечыць нармальнае развіццё беларускіх зямель.
Прыхільнікі кансерватыўных ідэй аб’ядналіся вакол выданняў «Вестник Северо-Западной России», «Виленский вестник», яны вялі актыўную прапаганду сваіх поглядаў, ганьбілі праціўнікаў кансерватызму, асабліва востра крытыкавалі рэвалюцыйных дэмакратаў, якіх называлі «воўчай зграяй», быццам яны «страцілі ўсякую любоў да Айчыны», з’яўляюцца «недавучанымі, пустымі летуценнікамі».
Кансерватары лічылі самадзяржаўе надкласавай уладай, якая абараняе інтарэсы ўсяго насельніцтва Расійскай імперыі, а таму можа забяспечыць стабільнасць у дзяржаве, грамадскі пакой і парадак. Як праціўнікі ўсякіх перамен кансерватары выступалі за некапіталістычны шлях развіцця Расіі, быццам менавіта гэты шлях абароніць народы Расіі ад «балячак» капіталізму.
Ідэйнай базай кансерватызму на Беларусі была тэорыя заходнерусізму, якую актыўна прапагандавалі І. Аксакаў, І. Карнілаў, П. Бацюшкаў і іншыя. Прыхільнікі гэтай тэорыі імкнуліся даказаць, што беларусы не самастойны этнас (народ), а толькі адна з галін агульнага дрэва рускага народу. Асаблівасці беларусаў (мова, звычкі, культура) – гэта быццам вынік 400-гадовага ўплыву уній з Польшчай, якія патрэбна найхутчэй выкараніць. Беларусь разглядалася як Паўночна-Заходні край Расійскай імперыі (адсюль узнік і тэрмін – заходнерусізм).
Заходнерусізм меў значны ўплыў на беларускую інтэлігенцыю. Нават акадэмік Яўхім Фёдаравіч Карскі (1860 –1931), ураджэнец Гродзеншчыны, у сваіх творах разглядаў беларусаў як галіну рускага народу, а беларускую мову – як «сярэднерускую гаворку».
Заходнерусізм адстойваў і рускі гісторык беларускага паходжання Міхаіл Каяловіч (1828 – 1891). У сваіх працах «Лекцыі па гісторыі Заходняй Русі», «Гісторыя рускай самасвядомасці» і іншых Каяловіч адзначаў, што зліццё Беларусі з Расіяй складае найвышэйшы сэнс і сутнасць існавання Беларусі, бо тры народы – беларусы, украінцы і вялікарусы ствараюць адзіны рускі народ. Гаспадаром «рускай зямлі» павінен быць вялікарус, бо сама гісторыя яго выхавала як лідара і правадыра [4].
Ідэалогія заходнерусізму ўзмоцнілася пасля рэвалюцыі 1905 – 1907 гг. На Беларусі пачалі выдавацца дзесяткі газет і часопісаў, якія адкрыта адстойвалі ідэі заходнерусізму [5].
У канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. меліся захады ажыццявіць кансерватыўныя ідэі шляхам рэформаў. Адна з такіх рэформаў атрымала ў літаратуры назву «паліцэйскі сацыялізм» або «зубатаўшчына».
Начальнік Маскоўскага ахоўнага аддзялення С.В.Зубатаў (адсюль – зубатаўшчына) паспрабаваў рэалізаваць на практыцы ідэю кансерватараў, быццам цар – надкласавая ўлада, таму ён клапоціцца аб усіх класах і саслоўях, у тым ліку і аб рабочых. Зубатаў выказаў погляд, быццам праз урадавы апарат самадзяржаўя (жандараў і паліцыю) рабочыя змогуць аказаць ціск на наймальнікаў, дабіцца ад наймальнікаў павышэння зарплаты, скарачэння рабочага дня, паляпшэння ўмоў працы, адмены незаконных звальненняў, штрафаў і іншага.
Зубатаў схіліў да супрацоўніцтва кіраўнікоў некаторых палітычных партый і рабочых арганізацый, праз жандараў дапамагаў ім адстаяць некаторыя эканамічныя патрабаванні рабочых. Першапачаткова партыі і арганізацыі, якія працавалі пад кантролем Зубатава, мелі значны поспех у рабочых.
У 1901 годзе прыхільнікі Зубатава Вільбушэвіч, Волін, Шаевіч стварылі ў Мінску «Яўрэйскую незалежную рабочую партыю», якая праіснавала да 1903 года, мела свае аддзяленні ў Вільні і Адэсе.
У 1901 годзе зубатаўцы М. Вільбушэвіч і А. Чамярыскі, пры падтрымцы жандараў, дапамаглі мінскім слесарам выйграць забастоўку, увесці законны 12-гадзінны рабочы дзень. Пад уплывам і кантролем зубатаўцаў вясной 1901 года ў Мінску знаходзіліся 4 прафсаюзныя рабочыя арганізацыі.
Зубатава падтрымліваў П.Д. Святаполк-Мірскі, які ў 1902 – 1904 гг. займаў пасаду віленскага і гродзенскага генерал-губернатара, а з 1904 года – міністра ўнутраных спраў Расіі. Святаполк-Мірскі лічыў зубатаўшчыну мэтазгоднай як легалізацыю рабочых саюзаў пад наглядам паліцыі.
Спярша зубатаўскія арганізацыі мелі значны поспех у рабочых, бо пры дапамозе жандараў маглі рэальна адстаяць свае эканамічныя патрабаванні. Частка рабочых заяўляла, што зубатаўцы «делают дело», а іншыя партыі «только болтают». У 1902 годзе ў Маскве зубатаўцы правялі маніфестацыю, у якой удзельнічалі каля 45 тыс. рабочых. Маніфестанты ўсклалі вянок да помніка Аляксандру ІІ, у прамовах ухвалялі цара і яго палітыку.
Але «паліцэйскі сацыялізм» Зубатава доўга існаваць не мог, бо быў скіраваны на вырашэнне толькі дробных эканамічных патрабаванняў рабочых, ён не меў сацыяльнага падмурку.
У красавіку 1903 года ў Адэсе, паводле ініцыятывы зубатаўца Шаевіча, на ліцейным заводзе адбылася стачка, скіраваная на аднаўленне на рабоце незаконна зволенага рабочага. Але нечакана для паліцыі і Зубатава кіраўніцтва стачкай захапілі сацыял-дэмакраты; у ліпені 1903 года ў Адэсе баставалі каля 40 тыс. рабочых, што паралізавала ўсё жыццё горада. Стачка была падаўлена войскамі, хаця некаторыя эканамічныя патрабаванні рабочых былі задаволены.
Пачалося расследаванне стачкі, у ходзе якой выяснілася, што яе ініцыятарамі былі зубатаўцы. Цар зволіў Зубатава са службы і саслаў у горад Уладзімір, пасля чаго значная частка яго арганізацый распалася, хаця некаторыя арганізацыі працягвалі існаваць. У Пецярбургу працягваў сваю дзейнасць вядомы святар Гапон, які супрацоўнічаў з паліцыяй і на яе грошы арганізоўваў легальныя рабочыя гурткі і саюзы. У студзені 1905 года Гапон арганізаваў народнае шэсце да Зімняга дварца, якое было расстраляна царскімі войскамі і паліцыяй, былі забіты і паранены каля 4,6 тыс. чалавек. «Паліцэйскі сацыялізм» Зубатава і Гапона завяршыўся вялікай крывёю. Кансерватыўная ідэя праз паліцыю ажыццяўляць кіраўніцтва рабочымі арганізацыямі і гэтым умацаваць самадзяржаўе пацярпела поўны крах. (Літаратура па «паліцэйскаму сацыялізму»: Спиридович, А. Записки жандарма / А. Спиридович. – Берлин, 1925. Рэпр. выд.– М., 1991; Овченко, Ю.Ф. Сергей Васильевич Зубатов / Ю.Ф. Овченко // Вопросы истории. – 2005. – № 8. – С. 47–67).
Такім чынам, кансерватыўная думка Беларусі ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў была шматвектарнай, але яна была скіравана на вырашэнне асноўнай задачы – на захаванне і ўмацаванне самадзяржаўя.
3. Ліберальны напрамак
Пад паняццем лібералізм (ад лац. liberalis – свабодны) звычайна разумеецца ідэйная і сацыяльна-палітычная плынь, якая заснавана на прызнанні асобы, яе свабоды і самарэалізацыі найвышэйшай каштоўнасцю і ўмовай развіцця грамадства. Тэрмін «лібералізм» увайшоў у навуковы ўжытак у 1830 – 1840-я гг., калі ў Заходняй Еўропе ўзніклі палітычныя партыі лібералаў. Заснавальнікамі класічнага лібералізму былі Дж. Лок, Адам Сміт (Вялікабрытанія), Мантаск’ё, Ф. Гізо (Францыя), І. Кант (Германія), Т. Джэферсан, Б. Франклін (ЗША), А.М. Радзішчаў (Расія).
Ліберальная думка на Беларусі пачала складвацца з канца ХVІІІ – пачатку ХІХ стагоддзяў і прайшла ў сваім развіцці два адметных перыяды:
1 перыяд – дарэформенны (да адмены прыгоннага права ў 1861 г.);
2 перыяд – паслярэформенны (1861 г. – пач. ХХ ст.).
Разгледзім дарэформенны перыяд развіцця ліберальнага напрамку палітычнай і прававой думкі на Беларусі.
У гэты перыяд асноўным асяродкам ліберальнай думкі быў Віленскі ўніверсітэт, у якім у 1801 годзе навучаліся 256 студэнтаў (шляхціцаў 167 чалавек, мяшчан – 79, разначынцаў 10 чалавек) [6]. Прыхільнікамі лібералізму былі некаторыя выкладчыкі ўніверсітэта, пад іх ідэйным уплывам ва ўніверсітэце ўзніклі тайныя студэнцкія арганізацыі філаматаў і філарэтаў.
Філаматы (ад грэч. philomathes – аматар ведаў) – тайнае студэнцкае таварыства, якое існавала ў Віленскім універсітэце ў 1817 – 1823 гг. Таварыства заснавалі студэнты Восіп Ежоўскі, Ян Чачот, Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, Ігнат Дамейка і іншыя (12 чалавек), прэзідэнтам філаматаў быў абраны Восіп Ежоўскі.
У ідэйным развіцці філаматаў можна вылучыць два этапы.
1 этап – 1817 па 1818 г. На гэтым этапе пераважалі культурна-асветніцкія задачы навуковага і маральнага ўдасканалення. Філаматы пасля ўніверсітэта выказвалі жаданне працаваць настаўнікамі, выхоўваць моладзь у духу польскай культуры.
2 этап займае час з 1818 па 1823 гг. На гэтым этапе ў філаматаў з’яўляюцца палітычныя ідэі, асабліва з паяўленнем арганізацыі «прамяністых». У 1820 годзе філамат Тамаш Зан з дазволу кіраўніцтва Віленскага ўніверсітэта стварыў легальную студэнцкую культурна-асветніцкую арганізацыю пад назвай «прамяністыя» (выпраменьваць дабратворныя ідэі). Членамі «прамяністых» сталі каля 200 чалавек. Масавасць напалохала кіраўніцтва ўніверсітэта, і ў тым жа 1820 годзе «прамяністыя» загадам зверху былі распушчаны. Тады «прамяністыя» з легальнай пераўтварыліся ў тайную арганізацыю, пад назвай філарэты (ад грэч. philaretos – аматар дабрадзейнасці).
Філарэты дзейнічалі як філіял арганізацыі філаматаў, іх прэзідэнтам стаў Тамаш Зан. Філаматы арганізацыйна падзяляліся на 4 секцыі, кожная секцыя падзялялася на групы.
У аснову светапогляду філаматаў і філарэтаў была пакладзена катэгорыя свабоды. Спярша філаматы ўяўлялі свабоду як магчымасць удасканалення асобы ў галіне маралі і навукі. Затым катэгорыя «свабоды» набывае ў філаматаў больш акрэслены змест: свабода процістаўляецца ўсякім сацыяльным перашкодам – дэспатызму, гвалту, прыгнёту і г.д. У праграме філаматаў было запісана: «Пакуль не будзе знішчана ганебнейшая... перашкода – няволя сялян, праціўная натуральнаму праву, цвярозаму розуму, нельга гаварыць аб грамадскім прагрэсе» [7]. Ідэалам філаматаў становіцца асоба свабодная, рашучая, якая змагаецца са злом і прыгнётам.
Паступова склалася сацыяльна-палітычная праграма філаматаў:
– дэспатызм (самадзяржаўе) філаматы лічылі галоўнай перашкодай у развіцці грамадства, таму выступалі супраць самадзяржаўя і за ўвядзенне канстытуцыі;
– шчаслівую будучыню Беларусі яны звязвалі з радыкальнымі рэформамі, скіраванымі на ліквідацыю прыгоннага права, стварэнне сістэмы народнай адукацыі і інш.
Філаматы ставілі на мэце «вырваць уладу з рук дэспата», разам з тым яны не ўяўлялі, якім чынам гэта ажыццявіць, таму выступалі за адраджэнне Рэчы Паспалітай, за росквіт шляхты, якую яны лічылі сярэднім класам на Беларусі.
Дух і жыццёвую сілу першых тайных студэнцкіх арганізацый добра перадае верш Адама Міцкевіча «Песнь филаретов» (1820 г.
Эй, больше в жизни жара
Живём один лишь раз:
Пусть золотая чара
Недаром манит нас.
К чему тут речь чужая?
Ведь польский пьем мы мёд.
Нас всех дружней сближает
Песнь, что поет народ.
Вот там юристы сели.
И им бокал поставь:
Сегодня – право силы,
А завтра – сила прав.
Звернем увагу на апошнія два радкі верша:
«Сегодня – право силы,
А завтра – сила прав».
Магчыма, Адам Міцкевіч хацеў гэтымі радкамі выказаць такую думку: «Сёння права сілы (самадзяржаўе), а заўтра сіла права (канстытуцыя)».
У 1823 годзе на класнай дошцы ў Віленскім універсітэце з’явіўся надпіс: «Няхай жыве Канстытуцыя 3 мая». Гэта быў заклік да адраджэння Рэчы Паспалітай і яе Канстытуцыі 1791 года. Улады пачалі расследаванне, у ходзе якога выкрылі філаматаў і філарэтаў. У тым жа 1823 годзе арганізацыі філаматаў і філарэтаў былі забаронены, пачалося следства, якое працягвалася 11 месяцаў. У маі 1823 года быў аб’яўлены прыгавор, падпісаны Аляксандрам І, у якім гаварылася, што «за распространение безрассудного польского национализма посредством науки» 9 філарэтаў і 11 філаматаў (Зан, Чачот, Міцкевіч, Дамейка і інш.) высылаліся ва ўнутраныя губерні Расіі, іншыя былі аддадзены ў салдаты. У 1832 годзе царскі ўрад закрыў Віленскі ўніверсітэт, які больш 30 гадоў быў асяродкам ліберальнай думкі на Беларусі.
Адзначым, што некаторыя былыя філаматы і філарэты сталі вядомымі навукоўцамі і паэтамі. А. Кавалеўскі быў рэктарам Казанскага універсітэта, Дамейка эмігрыраваў у Чылі, займаў пасаду рэктара ўніверсітэта ў Сант’яга, Чачот пасля 10-гадовай ссылкі, вярнуўся у Шчорсы, дзе да канца жыцця вёў навуковую работу ў бібліятэцы Храптовіча, Адам Міцкевіч стаў знакамітым паэтам і г.д.
Да ліберальнага накірунку належалі браты Снядэцкія (Андрэй і Ян), гісторык Іяхім Лялевель і іншыя.
Андрэй Снядэцкі (1768 – 1838) нарадзіўся ў Польшчы, больш 40 гадоў працаваў у Вільні, прафесар медыцыны, аўтар навуковых прац па хіміі і біялогіі. Снядэцкі лічыў, што сацыяльныя ўмовы з’яўляюцца галоўнымі ўмовамі фарміравання асобы. Творчая праца – дабро, яна спрыяе развіццю асобы; праца ва ўмовах рабства, прыгнёту з’яўляецца няшчасцем для чалавека. Сацыяльныя супярэчнасці Снядэцкі звязваў з неадукаванасцю грамадства, выйсце бачыў ва ўвядзенні ўсеагульнай адукацыі.
Андрэй Снядэцкі быў рэдактарам газеты «Вулічныя навіны», якая з’яўлялася друкаваным органам ліберальна-асветніцкага таварыства «шубраўцаў» (літаральны пераклад – валацугаў, свавольнікаў). Газета заклікала да асветы, роўнасці людзей перад законам, да паляпшэння становішча сялян, востра крытыкавала маральную дэградацыю шляхты. Газета выступала за адраджэнне Літоўска-Польскай канфедэрацыі, у якой Літва будзе мець палітычную аўтаномію.
Ян Снядэцкі (1756 – 1830), брат Андрэя Снядэцкага. У 1806 – 1815 гг. займаў пасаду рэктара Віленскага ўніверсітэта, з 1811 года – член-карэспандэнт Пецярбургскай Акадэміі навук, напісаў працы па матэматыцы, астраноміі, геаграфіі. Як член Адукацыйнай камісіі прымаў актыўны ўдзел у распрацоўцы праграмы радыкальнай рэформы сярэдняй і вышэйшай школы на Беларусі на пачатках лібералізму. На падставе ліберальных ідэй і падыходаў Снядэцкага складваліся новыя ўніверсітэцкія праграмы, уводзіліся новыя вучэбныя курсы, дзякуючы якім Віленскі ўніверсітэт справядліва параўноўвалі з найбольш вядомымі ўніверсітэтамі Еўропы, аб чым сведчаць наступныя радкі з паэмы вядомага расійскага паэта ХІХ ст. Аляксандра Паляжаева.
О родины прямых студентов –
Геттинген, Вильна и Оксфорд!
У вас не может брать патентов
Дурак, алтынник или скот;
Звонарь не может колокольный
У вас на лекции сидеть,
Вертеться в шляпе треугольной
И шпагу при бедре иметь.
У вас студент есть муж почтенный,
А не паршивый, не сопляк,
Не полузнайка просвещенный
И не с червонцами дурак.
Рэктарскую дзейнасць Яна Снядэцкага характарызавала яшчэ адна важная дэталь. Калі раней М. Пачобут і І. Страйноўскі часта імкнуліся прыцягнуць ва ўніверсітэт навукоўцаў з-за мяжы, то Ян Снядэцкі рабіў ўсё магчымае, каб падрыхтаваць мясцовых вучоных і выкарыстаць іх ва ўніверсітэце. Паводля сведчання беларускага гісторыка і публіцыста ХІХ ст. А. Кіркора, у 30-я гады ХІХ ст. з ліку 47 прафесараў Віленскага ўніверсітэта 36 было мясцовых.
Іяхім Лялевель (1786–1861). Нарадзіўся ў Варшаве, з 1821 года працаваў у Віленскім універсітэце, выкладаў усеагульную гісторыю, быў ідэйным настаўнікам філаматаў, карыстаўся высокім аўтарытэтам сярод студэнтаў. Лекцыі Лялевеля па гісторыі высока ацэньваліся студэнтамі і выкладчыкамі ўніверсітэта, бо ў іх адлюстроўваліся не толькі прошлае, але і рысы будучага. Адам Міцкевіч, на той час студэнт Віленскага ўніверсітэта, так пісаў аб лекцыях Лялевеля:
Внимает истину из уст твоих народ,
О том что было, есть, что нас в грядущем ждет.
У 1824 годзе, у сувязі з працэсам над філаматамі, Лялевель быў зволены з Віленскага ўніверсітэта. Ён прымаў удзел у паўстанні 1830 – 1831 гг., уваходзіў у склад Часовага ўрада паўстанцаў. Даследчыкі лічаць, што Лялевель быў стваральнікам знакамітага лозунга «За нашу і вашу свабоду!», які выкарыстоўваўся падчас паўстання 1830 – 1831 гг. За ўдзел у паўстанні Лялевель быў завочна асуджаны да смяротнага пакарання, таму быў вымушаны жыць за мяжой; падтрымліваў сувязі з А. Герцэнам, К. Марксам, Ф. Энгельсам.
Лялевель выказаў шэраг ідэй па ўдасканаленні грамадскага ладу. Зямля, на яго думку, з’яўляецца агульным набыткам, таму ёю павінны валодаць сяляне-землеўласнікі, прыгоннае права павінна быць скасавана. На погляд Лялевеля, сяляне маглі атрымаць ва ўласнасць зямлю альбо шляхам яе выкупу, альбо праз паўстанне, у выніку якога да ўлады прыйдзе рэвалюцыйны ўрад, які і перадасць зямлю сялянам.
Лялевель быў адным з першых гісторыкаў, які высока ацэньваў гісторыю беларускай дзяржаўнасці, ён ставіў Полацк побач з Вялікім Ноўгарадам.
Недахопам гістарычных прац Лялевеля было тое, што ён падтрымліваў прэтэнзіі палякаў на беларускія землі, пры гэтым ён спасылаўся на Ягайлу, які быццам абяцаў далучыць іх да Польшчы, а таму яны «належалі Польшчы, а не Літве» [8, с.126].
Даследчыкі лічаць, што погляды Лялевеля склалі падмурак для фарміравання светапогляду рэвалюцыянераў 20 – 60-х гг., у тым ліку і Кастуся Каліноўскага.
У першай палове ХІХ ст. працавалі і іншыя знакамітыя навукоўцы і дзеячы ліберальнага напрамку. Адзначым некаторых з іх.
Ігнат Мікалаевіч Даніловіч (1787 – 1843), беларускі гісторык і правазнаўца, з сям’і ўніяцкага святара. Скончыў Віленскі ўніверсітэт, у якім у 1814 – 1824 гг. выкладаў права. Адзін са складальнікаў праекта Звода мясцовых законаў заходніх губерняў. Упершыню апісаў усе рукапісныя і друкаваныя паасобнікі Статута ВКЛ, падрыхтаваў першае навуковае выданне Статута ВКЛ 1529 г. У працы «Гістарычны агляд літоўскага заканадаўства» (1837 г.) даў характарыстыку развіцця права на Беларусі і Літве, ён першым спрабаваў высветліць яго крыніцы, сцвярджаў самабытны характар літоўска-беларускага права. У «Скарбніцы грамат...» (т. 1 – 2, 1860 – 1862 гг.) апісаў, пераказаў змест і часткова апублікаваў каля 2500 розных пісьмовых крыніц па гісторыі Беларусі і Літвы ад выпісак з твораў Герадота да актаў 1569 года.
Іосіф Бенядзіктавіч Ярашэвіч (1793 –1860), беларускі і польскі гісторык, этнограф і юрыст. Скончыў Віленскі ўніверсітэт, прафесар права. Напісаў навуковыя працы: «Пра ўплыў хрысціянскай рэлігіі на цывілізацыю славян» (1826 г.); «Вобраз Літвы з пункту гледжання цывілізацыі ад найстаражытнейшых часоў да канца ХVІІІ века» (т. 1–3, 1844 – 1845 гг.), вывучаў паходжанне плямён, якія жылі на тэрыторыі Беларусі, фальклор і этнаграфію беларускага насельніцтва.
Тэадор Нарбут (1784 – 1864). Нарадзіўся і значную частку жыцця пражыў на Лідчыне, гісторык і археолаг. Аўтар «Гісторыі літоўскага народа» (у 2 тамах, падзеі давёў да 1569 года). Увёў у навуковы ўжытак «Хроніку Быхаўца».
2 этап развіцця ліберальнай думкі на Беларусі прыходзіцца на паслярэформенны перыяд (1861 г. – пачатак ХХ ст.). Ён характарызуецца актывізацыяй грамадскага жыцця, у тым ліку палітычнай і прававой думкі, якая была выклікана адменай прыгоннага права, эпохай буржуазных рэформаў.
У 1858 годзе Аляксандр ІІ наведаў Мінск і Вільню, у Вільні цар звярнуўся з прамовай да беларускіх дваран. Прамова Аляксандра ІІ у Вільні ўсяліла надзеі на буржуазныя рэформы на Беларусі. У гэты час сярод беларускіх лібералаў быў папулярны верш, у якім былі наступныя радкі:
Уставайце, братцы, да дзела, да дзела!
З поўначы певень залопаў крылом!
Як вядома, певень лопае крылом і спявае на досвітку, на пачатку новага дня. «З поўначы певень залопаў крылом!» азначала, што з поўначы, з Пецярбурга набліжаюцца рэформы, таму беларусам патрэбна не праспаць – «Уставайце, братцы, да дзела, да дзела!».
Лідарам ліберальнага руху стаў гродзенскі губернскі прадвадзіцель дваранства граф Віктар Старжынскі (1826 – 1882). У 1862 годзе Старжынскі прадставіў Аляксандру ІІ праект мясцовых рэформаў, у якім меліся прапановы стварыць на Беларусі мясцовае самакіраванне, вярнуць Статут ВКЛ 1588 года, адкрыць у Вільні ўніверсітэт і інш.
Такім чынам, праект графа Старжынскага прадугледжваў нацыянальна-культурную аўтаномію беларускіх зямель у складзе Расійскай імперыі. Вядома, нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусі не ўкладвалася ў дзяржаўнае рэчышча расійскага самадзяржаўя, таму праект Старжынскага не мог быць падтрыманы царскім урадам.
З 2-й паловы ХІХ ст. ліберальныя ідэі набылі шырокую папулярнасць сярод беларускай інтэлігенцыі, якая пачала гуртавацца вакол друкаваных выданняў; у Мінску – гэта была газета «Минский листок», першая прыватная незалежная газета. У гэтае згуртаванне ўваходзілі гісторык М. Доўнар-Запольскі, публіцысты А. Багдановіч, Д. Бохан, паэт Я. Лучына і іншыя. «Минский листок» выступаў як супраць рэвалюцыі, так і супраць рэакцыі. Газета асуджала «азвярэнне» сялян, якія рабілі падпалы і забойствы, таксама асуджала «нахабства» рабочых, якія выступалі супраць фабрыкантаў. Разам з тым газета заклікала царскі урад праяўляць гнуткасць у барацьбе з рэвалюцыяй, пазбягаць неапраўданых жорсткасцяў і парушэнняў правоў чалавека.
Лібералы шукалі кампрамісу з самадзяржаўем, патрабавалі пераўтварэння Расіі ў канстытуцыйна-прадстаўнічую манархію шляхам склікання парламента – земскага сабора з шырокім народным прадстаўніцтвам.
«Минский листок» выступаў за памяркоўныя рэформы, у аснову якіх былі б пакладзены меры па падтрымцы сялян і народнай адукацыі: стварыць сялянскі банк, касы ўзаемадапамогі, спажывецкія таварыствы, адкрыць курсы, бібліятэкі, народныя тэатры і музеі.
Нацыянальнае пытанне лібералы спрабавалі вырашыць праз праект дабраахвотнага і раўнапраўнага аб’яднання ўсіх нацый у федэрацыю з пэўнай абласной самастойнасцю.
Сярод юрыстаў найбольш знакамітым прадстаўніком ліберальнай думкі гэтага перыяду быў Уладзімір Данілавіч Спасовіч (1826 – 1906). Спасовіч нарадзіўся на Міншчыне, скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. Ён быў прыхільнікам ліберальных поглядаў і праграм. Спасовіч пісаў: «Я за ўсякі прагрэс, але за легальны, за ўсякую эвалюцыю, але не рэвалюцыю, за ўстанаўленне парадку на падставе згоды ўсіх партый на арэне парламенту – без крывапраліцця і забойстваў» [8, с.148].
Ліберальные погляды Спасовіч адлюстраваў у сваім падручніку па крымінальным праве (1863 г.), у якім ён асуджаў знявагу чалавечай годнасці асуджаных, прычыненне ім маральных і фізічных мучэнняў. Ён адмоўна ставіўся да цялесных пакаранняў, быў праціўнікам смяротнай кары. На погляд Спасовіча, мэтай пакарання павінна быць не помства, а бяспека грамадства. У барацьбе са злачыннасцю Спасовіч важную ролю адводзіў прававому і маральнаму выхаванню.
Спасовіч адстойваў прынцыпы незалежнасці і нязменнасці суддзяў, спаборніцтва на судовым працэсе бакоў, галоснасці судаводства, роўнасці грамадзян перад законам.
Цікавыя разважанні Спасовіч пакінуў аб адвакатах (прысяжных павераных). Без адваката, на думку Спасовіча, немагчыма справядлівае правасуддзе. Адвакат павінен выкарыстаць усе магчымыя законныя сродкі для абароны правоў асобы, якая абвінавачваецца; абарона павінна быць скіравана на адшуканне разам з суддзямі ісціны, але не павінна пераўтварацца толькі ў апраўданне злачынцы.
Спасовіч шмат увагі ўдзяляў вучэнню аб справядлівасці. Справядлівасць Спасовіч разглядаў як аб’ектыўны крытэрый суадносін паміж злачынствам і пакараннем, як ісціну ў судзе.
Найбольш поўна рэалізаваць свае ліберальныя погляды Спасовіч атрымаў магчымасць з пераходам на працу ў адвакатуру (1866 г.) Ён выступаў абаронцам на найбуйнейшых палітычных працэсах таго часу: па справе Нечаева (Достоевский, Ф.М. Бесы / Ф.М. Достоевский. – М.: Худ. лит., 1990. – 669 с.); на «Працэсе 93-х» (праходзілі каля 4 тыс. чалавек; народнікі А. Жалябаў, С. Пяроўская, С. Кавалік і іншыя).
Спасовіч пакінуў пасля сябе багатую навуковую спадчыну; у 1913 годзе быў апублікаваны збор яго твораў у 10 тамах. Разам з тым неабходна адзначыць, што погляды, навуковая творчасць і дзейнасць Спасовіча вывучаны слаба, гэтыя навуковыя праблемы яшчэ чакаюць сваіх даследчыкаў.
Такім чынам, ліберальная думка прайшла некалькі адметных этапаў свайго развіцця, але заўсёды яна была скіравана на пошук шляхоў эвалюцыйнага развіцця грамадства і дзяржавы, яна асуджала гвалтоўныя метады захопу ўлады, імкнулася стварыць прававое поле для кампрамісаў паміж палітычнымі партыямі, класамі і сацыяльнымі групамі для годнага жыцця людзей.
4. Рэвалюцыйна-дэмакратычны напрамак
Рэвалюцыйна-дэмакратычны напрамак у грамадскай думцы Беларусі стаў афармляцца пасля падаўлення паўстання 1830 – 1831 гг., ён набыў шырокі размах у 60-я гг. ХІХ ст.
У адрозненні ад лібералаў рэвалюцыйныя дэмакраты былі прыхільнікамі не эвалюцыйных, а рэвалюцыйных форм барацьбы – ліквідацыі самадзяржаўя, прыгоннага права, ставілі перад сабой задачу пабудовы сацыяльна справядлівага грамадства.
Даследчыкі лічаць, што ўпершыню ў палітычнай думцы Беларусі менавіта рэвалюцыйныя дэмакраты выказалі ідэю, што разбуральнікам старога грамадства несправядлівасці і рухальнай сілай грамадскага прагрэсу будзе працоўны народ.
Адным з пачынальнікаў рэвалюцыйна-дэмакратычнага напрамку на Беларусі быў Міхаіл Казіміравіч Валовіч (1806 – 1833). Нарадзіўся ў сям’і слонімскага падкаморага, удзельнік паўстання 1830 – 1831 гг., пасля яго разгрому эмігрыраваў у Францыю. У 1833 годзе ён тайна вярнуўся на радзіму, стварыў невялікі сялянскі паўстанцкі атрад, які быў разбіты ўрадавымі войскамі; сам Валовіч быў павешаны ў Гродне ва ўзросце 27 гадоў.
На погляд Валовіча, адна з прычын паражэння паўстання 1830 – 1831 гг. заключалася ў тым, што паўстанне не мела «агульначалавечай мэты» [9, с.380]. Паўстанне выражала інтарэсы шляхты, а шляхта імкнулася скінуць царызм, каб самой эксплуатаваць сялян.
Валовіч выступаў за адмену прыгоннага права і бязвыплатную перадачу зямлі сялянам у калектыўную ўласнасць, за права кожнага народа на самастойнае развіццё. Сродкам дасягнення дэмакратычнага і справядлівага грамадскага ладу лічыў сацыяльную рэвалюцыю еўрапейскага маштабу [9, с.379, 380].
Рэвалюцыйна-дэмакратычныя ідэі Валовіча былі падмуркам поглядаў Францішка Савіча (1815 – 1846). Ён нарадзіўся на Піншчыне, у сям’і ўніяцкага святара, за казённы кошт вучыўся ў Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, там стварыў тайную арганізацыю «Дэмакратычнае таварыства». У 1837 годзе разам з Канарскім, былым кіраўніком паўстання 1830 – 1831 гг., Савіч пачаў падрыхтоўку да сялянскага паўстання, хаця ў статуце «Дэмакратычнага таварыства» такая задача не прадугледжвалася. Арганізацыя была раскрытая, Савіч быў сасланы салдатам на Каўказ. Некалькі разоў ладзіў уцёкі з Каўказа, памёр ад халеры ва ўзросце 31 год.
Аб поглядах Савіча мы можам меркаваць па яго творах: «Успаміны», «Споведзь пакутніка», яго вершах, а таксама па напісанаму ім статуту «Дэмакратычнага таварыства».
Адзіным сродкам барацьбы за справядлівае грамадства Савіч лічыў рэвалюцыю, а галоўнай яе сілай – народ, і ў першую чаргу – сялянства.
Палітычным ідэалам Савіча была дэмакратычная рэспубліка, у якой «не будзе ні заможных, ні бедных, ні цароў, ні слуг, усе будуць браты, будуць людзі» [9, с.544].
Савіч адстойваў ідэю роўнасці нацый, у нацыянальным пытанні ён найперш разглядаў тое, што аб’ядноўвала людзей і народы – барацьба супраць царскага дэспатызму. У дакументах «Дэмакратычнага таварыства» адзначалася, што ўсе нацыі роўныя і ніхто не павінен адчуваць нянавісць адзін да аднаго, нягледзячы нават на нацыянальныя адрозненні, на тое, рускі ён, паляк ці яўрэй, што веравызнанне не павінна раздзяляць людзей. Заклікам «Дэмакратычнага таварыства» быў лозунг: «За нашу і вашу свабоду!».
Савіч сцвярджаў, што годнасць людзей залежыць не ад тытулаў і багацця, а ад здольнасці асобы, яе таленту і вынікаў працы.
Прыхільнікам Савіча быў Юльян Бакшанскі (1824 – 1863). Нарадзіўся на Смаргоншчыне, вучыўся ў Віленскай гімназіі, за сувязь з тайнымі студэнцкімі гурткамі ў 1842 годзе быў сасланы ў Разанскую губерню. У 1846 годзе вярнуўся з ссылкі і ў 1847 годзе напісаў «Адозву да смаргонскіх сялян», у якой заклікаў сялян аб’яднацца з мяшчанамі і салдатамі і разам выступіць супраць памешчыкаў. Бакшанскі разглядаў народнае паўстанне як асноўны сродак вырашэння сацыяльных праблем. Быў асуджаны на 12 гадоў катаргі ў Нерчынску, якую адбываў да 1858 года. У 1863 годзе на радзіме арганізаваў атрад паўстанцаў і ў сутычцы з урадавымі войскамі загінуў.
На тэрыторыі Беларусі меліся не толькі асобныя рэвалюцыянеры, але і тайныя арганізацыі. У 1846 – 1849 гг. на тэрыторыі Беларусі і Літвы існавала тайная арганізацыя «Саюз свабодных братоў» (іншыя назвы: «Братні саюз літоўскай моладзі», «Саюз літоўскай моладзі», «Змова братоў Далеўскіх» і інш.). Заснавана збяднелымі шляхціцамі братамі Францішкам (1825 – 1904) і Аляксандрам (1827 – 1862.) Далеўскімі. Цэнтр арганізацыі знаходзіўся ў Вільні, члены Саюза вялі рэвалюцыйную работу ў Гродне, Навагрудку, Лідзе, Слоніме і іншых гарадах.
Галоўная мэта «Саюза свабодных братоў» – нацыянальнае адраджэнне Рэчы Паспалітай «праз працу, праўду і справядлівасць». У Саюзе склаліся дзве плыні – радыкальная і памяркоўная. Радыкальная плынь на чале з А. Янкоўскім выступала за рух народных мас супраць цара і шляхты, за грамадства, у якім будуць вольнасць і дастатак народа, выбарная ўлада, нізкія падаткі і народнае апалчэнне. Памяркоўная плынь на чале з Францішкам Дылеўскім спадзявалася пераканаць багатых пайсці на ахвяры і адрачыся ад эгаістычных мэтаў.
На красавік 1849 года арганізацыя рыхтавала паўстанне, але пачаліся арышты, да следства былі прыцягнутыя каля 200 чалавек. Браты Далеўскія былі пакараны катаржнымі работамі, іншыя члены Саюза асуджаны на розныя тэрміны катаргі або аддадзены ў салдаты.
Найбольш поўна рэвалюцыйна-дэмакратычная праграма была распрацавана Кастусём (Вікенціем) Каліноўскім (1838 – 1864). Нарадзіўся на Гродзеншчыне, з незаможнага шляхецкага роду, закончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863 года; па прыгавору ваенна-палявога суда быў павешаны ў Вільні ва ўзросце 26 гадоў.
Аб палітычных і прававых поглядах Каліноўскага мы можам меркаваць па яго літаратурнай спадчыне: сямі нумарах газеты «Мужыцкая праўда» (напісаны лацінкай на беларускай мове), па рэвалюцыйных інструкцыях, закліках, загадах, пісьмах, у тым ліку па вядомым «Пісьмам з-пад шыбеніцы», якія ён напісаў у турме і сумеў перадаць на волю.
Каліноўскі даў вострую крытыку прыгонніцкіх адносін, дзяржаўнага апарату і суду Расійскай імперыі, ён параўноўваў царскіх чыноўнікаў з саранчою, якая пераўтварае аазісы ў пустыню, а царскі суд – з воўчай зграяй, дзе не разбіраюцца па сутнасці, а рвуць людзей на часткі.
Каліноўскі рассейваў сялянскія ілюзіі пра «добрага цара і яго дрэнных слуг». У газеце «Мужыцкая праўда» ён адзначаў, што менавіта ад цара зыходзяць усе беды народа.
Кастусь Каліноўскі быў прыхільнікам сялянскага абшчыннага сацыялізму Герцэна і Чарнышэўскага, ён прапаноўваў раздаць зямлю сялянам, адмяніць усе класавыя, нацыянальныя і рэлігійныя льготы і абмежаванні, галоўным крытэрыям ацэнкі чалавека лічыць яго справы, а не сацыяльнае паходжанне. На погляд Каліноўскага, новае грамадства павінна быць грамадствам працоўных.
Палітычным ідэалам Каліноўскага была дэмакратычная рэспубліка, найвышэйшай мэтай дзяржавы ён лічыў абарону інтарэсаў народа. «Для таго каб была справядлівасць і праўда на свеце і злыя людзі не свавольнічалі і крыўды другім не рабілі, – пісаў Каліноўскі, – ёсць урад, які збірае падаткі, уладкоўвае школы, вучыць кожнага жыць па праўдзе, устанаўлівае суд, а калі гэта не дапамагае і робіцца несправядлівасць, то наймае войска і такім шляхам абараняе кожнага ад разбурэння і крыўды» [10, с.52]. На яго думку, «не народ існуе для ўрада, а ўрад для народа» [10, с.52]. Такім чынам, погляды беларускага мысліцеля адпавядалі канцэпцыі народнага суверэнітэту. Вырашыць задачы ўсталявання дэмакратычнага ладу, на погляд Каліноўскага, магчыма толькі праз народную рэвалюцыю, у якой галоўнай сілай будзе сялянства.
Цікавыя погляды Каліноўскага на царкву. Ён адзначаў ў газеце «Мужыцкая праўда» (№ 6), што ўніяцкая царква з’яўляецца беларускай нацыянальнай царквой.
У навуковай літаратуры ідуць спрэчкі аб падыходах Каліноўскага да нацыянальна-дзяржаўнага вызначэння Беларусі. Прафесар В.Ф. Шалькевіч лічыць, што Каліноўскі выказваўся «за нацыянальнае «самаўрадства»« (самакіраванне), утварэнне самастойнай беларускай дзяржавы» [11, с.218]. Погляды прафесара Шалькевіча падтрымліваюць і іншыя даследчыкі, пры гэтым яны спасылаюцца на мемуары генерал-маёра В.Ф. Ратча «Звесткі аб польскім мяцяжы 1863 года ў Паўночна-Заходняй Расіі», які сцвярджаў, што Каліноўскі выступаў супраць «зліцця з Польшчаю» і настойваў на тым, каб на пачатковым этапе вызваленчай барацьбы адносіны паміж Беларуссю, Літвой і Польшчай будаваліся на падставе раўнапраўя і суверэннасці. «Канстанцін Каліноўскі, – пісаў В.Ф.Ратч, – настойліва праводзіў ідэю аб самастойнасці Літвы» [10, с.49].
Доктар гістарычных навук Міхаіл Восіпавіч Біч прытрымліваецца іншага погляду. Ён адзначаў, што сучасныя даследчыкі прааналізавалі ўсе сем нумароў «Мужыцкай праўды», адозвы, загады Каліноўскага, але не адшукалі там яго прамых заклікаў да барацьбы за дзяржаўную самастойнасць Беларусі [12].
Каб зразумець погляды Каліноўскага на перспектывы дзяржаўнага будаўніцтва на Беларусі, на наш погляд, патрэбна звярнуцца да перыядызацыі беларускага вызваленчага руху ў ХVІІІ – пачатку ХХ ст., якая дадзена беларускім гісторыкам і літаратуразнаўцам Аляксеем Канстанцінавічам Каўка. У сваім артыкуле «Беларускі вызваленчы рух: спроба агляду» (Спадчына. –1991. – № 5) А.К. Каўка падзяліў беларускі вызваленчы рух на два адметныя перыяды.
1 перыяд (1794 – 1863 гг., ад паўстання Касцюшкі да паўстання 1863 г.) – гэта быў «рух у сабе», ці «пачатковы падсвядомы рух». Адметнасць гэтага перыяду – беларускае нацыянальнае пытанне разглядалася ў межах польскага вызваленчага руху за аднаўленне граніц Рэчы Паспалітай 1772 года (да 1-га падзелу Рэчы Паспалітай).
У сучаснай літаратуры даюцца розныя ацэнкі паўстанняў 1794 і 1863 гг. і іх кіраўнікам. Прафесар Я. Юхо і У. Емельянчык адзначаюць, што «Андрэй Тадэвуш Касцюшка – «сябар прыгнечаных, вораг прыгнятальнікаў», наш нацыянальны герой» [13].
Зусім па-іншаму ацэньвае Т. Касцюшку доктар гістарычных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАНБ Пётр Ціханавіч Петрыкаў. У сваёй працы «Очерки новейшей историографии Беларуси (1990-е – начало 2000-х годов» (Мінск, 2007) ён пісаў: «Чаго хацей ён (Тадэвуш Касцюшка – І.Б.) як кіраўнік польскага нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 года? Аднаўлення Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Гэта значыць новай інкарпарацыі Беларусі ў склад польска-літоўскай дзяржавы, што супярэчыла нацыянальным інтарэсам беларускага народа. Для Беларусі гэта было рэакцыйнае, антыбеларускае патрабаванне. Таму наш народ паўстанне не падтрымліваў, і лічыць польскага Касцюшку беларускім нацыянальным героем няма падстаў» [14, с.120].
Такі ж крытычны падыход прафесар П.Ц. Петрыкаў выказвае і ў адносінах Кастуся Каліноўскага. «Савецкая гістарыяграфія зрабіла з Каліноўскага сапраўды нацыянальнага героя беларускага народа, – адзначае П.Ц. Петрыкаў. – І замоўчвала той факт, што ён таксама выступаў за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года, лічыў беларусаў «грамадзянамі Польшчы». Таму прыйшоў час перагледзець месца і ролю Канстанціна Каліноўскага ў гісторыі Беларусі» [14, с.121].
Выкажам і мы сваю ацэнку дзейнасці Тадэвуша Касцюшкі і Кастуся Каліноўскага. На наш погляд, ацэнкі гэтым дзеячам патрэбна даваць зыходзячы з канкрэтных гістарычных умоў, з тых ідэй і праграм рэвалюцыйна-вызваленчай барацьбы, якія былі пануючымі ў той час у грамадстве.
Мы ўжо адзначалі, што Т. Касцюшка і К. Каліноўскі дзейнічалі ў перыяд «пачаткова падсвядомага вызваленчага руху», калі беларускія землі ўсвядамляліся грамадствам як частка Рэчы Паспалітай. Таму ў праграмах вызваленчага руху прысутнічалі менавіта такія, а не іншыя, патрабаванні, бо яны адпавядалі пануючым інтарэсам тагачаснага грамадства. Патрабаваць ад Т. Касцюшкі і К. Каліноўскага пастаноўкі і вырашэння задач адраджэння беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці ўяўляецца у тых гістарычных умовах заўчасным, таму што для гэтага яшчэ не склаліся неабходныя ўмовы і прадпасылкі.
Але самаахвярная барацьба Т. Касцюшкі і К. Каліноўскага не прапала дарма, бо іх намаганнямі была падрыхтавана глеба для ўсведамлення грамадствам новых задач беларускага вызваленчага руху, задач яго другога перыяду – пасля 1863 г. – 1919 г., (да ўтварэння Беларускай ССР). Гэта быў, як адзначае А.Каўка, – «рух для сябе», адметнасць якога ў тым, што паступова ў грамадстве склалася ўсведамленне аб канчатковай мэце вызваленчага руху – адраджэнне беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці.
Такім чынам, палітыка-прававая думка Беларусі ХІХ ст. увасабляла ў сябе шырокі спектр палітычных і нацыянальна-адраджэнскіх ідэй, якія адлюстроўвалі розныя шляхі пошуку перспектыў і прагрэсу для развіцця беларускага грамадства – ад кансерватыўнага да рэвалюцыйна-дэмакратычнага, ад ідэй эвалюцыйнага развіцця да рэвалюцыйнай перабудовы грамадства і дзяржавы.