6.2. Нетрадыцыйныя формы арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу
^ Вверх

6.2. Нетрадыцыйныя формы арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу

 

Неабходна адзначыць, што пераход на пэўную тэхналогію вымагае адпаведнай карэкціроўкі праграмы па літаратуры, а гэта даволі складана. Напрыклад, модульная тэхналогія не дазваляе ахапіць дробны матэрыял. Больш просты шлях — эпізадычнае выкарыстанне розных тэхналогій для вывучэння пэўных тэм. Менавіта так можа выкарыстоўвацца тэхналогія перспектыўных ліній.

Тэхналогія перспектыўных ліній — гэта вывучэнне матэрыялу, якое патрабуе вылучэння асобнай тэмы як скразной лініі ў праграме па літаратуры, наяўнасці зрокавага раду, своеасаблівых інфармацыйных апор. Гэтыя апоры даюць магчымасць пастаяннага ўзнаўлення, актуалізацыі, перспектыўнага бачання, сінтэзавання і інтэгравання матэрыялу.

Абраўшы, напрыклад, творчасць Максіма Багдановіча як адну з перспектыўных ліній, настаўнік на аснове праграм складае інфармацыйныя карткі-апоры. Для невялікіх твораў можна падаваць тэкст, для вялікіх – вельмі сціслы змест, пра што гаворыцца ў творы, тэма, праблематыка, аўтарская пазіцыя, мастацкая адметнасць.

Яны могуць выглядаць наступным чынам:

К а р т к а 1

5 клас

М. Багдановіч

Верш “Зімой”

Перададзена маляўнічасць зімовага вечара, уражвае зрокавая і слыхавая выразнасць пейзажнага малюнка. Паэт захапляецца гармоніяй красы, еднасцю настрою прыроды і чалавека.

 

 

Пасля правядзення ўрока да карткі настаўнік можа прыкласці лепшы пісьмовы разгорнуты адказ вучня, эцюды, водгукі, эсэ, малюнкі і інш.

 
 
К а р т к а  ІІ

6 клас

М. Багдановіч

Верш “Вадзянік”

Міфалагічны вобраз, паэт дапамагае адчуць багацце фантазіі, душэўную чуласць, паэтычнае ўспрыманне свету нашых далёкіх продкаў.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Колькасць картак рыхтуецца згодна праграме, у якой вызначана вывучэнне пэўных твораў аўтара ў розных класах.

Наяўнасць картак-апор дапамагае настаўніку якасна наладзіць паўтарэнне, вучням – узнавіць матэрыял, які пройдзены. Так, прыступаючы да вывучэння ў шостым класе верша М. Багдановіча “Маёвая песня”, настаўнік змесціць на дошцы карткі 1 і 2, вучні прыгадаюць знаёмыя вершы, цікава шасцікласнікам будзе ўбачыць свае ілюстрацыі, пачуць ацэнкі, якія яны давалі вершам у чацвёртым і пятым класах. Гэта настроіць на актыўную працу над новым творам.

Можна дэманстраваць вучням усе карткі. Гэта фарміруе бачанне перспектывы і ўрэшце цэласнае ўспрыманне матэрыялу. Акрамя таго, гэта тэхналогія дае настаўніку магчымасць выбудоўваць супастаўленне. Напрыклад, пасля вывучэння паэмы Янкі Купалы “Курган” на ўроку па творах для чытання і абмеркавання можа быць выкарыстана картка – М. Багдановіч “Музыка”. Знаёмства з сумежнымі відамі мастацтва, з дадатковым матэрыялам таксама можна адлюстраваць у картках-апорах, такім чынам, вучні атрымаюць глыбокія веды пра М. Багдановіча — паэта, філосафа, перакладчыка, крытыка – і пазнаёмяцца з мастакамі і кампазітарамі, якіх натхнілі творы высокай красы.

На аснове перспектыўных ліній вывучаюцца найбольш яркія постаці роднай літаратуры. Можна таксама вывучыць тэарэтыка-літаратуразнаўчыя паняцці, выбудоўваючы на аснове патрабаванняў праграмы ланцужок паняццяў. Адзін з магчымых: рыфма — рытм — стапа — вершаскладанне — і г.д.

Даволі шырокае распаўсюджанне атрымала на сённяшні дзень і тэхналогія модульнага навучання. Больш актыўна ўкараняецца модульнае навучанне для вывучэння мовы. Працаёмкасць, немагчымасць ахапіць дробны матэрыял (мінімальная колькасць урокаў па тэме — 6), самастойнае засваенне, пагроза спрошчанага ўспрымання літаратуры змяншаюць цікавасць да дадзенай тэхналогіі і яе выкарыстання пры аналізе мастацкіх твораў.

Модульнае навучанне — такая арганізацыя працэсу, пры якой вучань працуе з праграмай, што складаецца з модуляў. Модуль-блок уключае наступнае:

– дакладна сфармуляваныя мэты і задачы;

– лагічна завершаны вучэбны матэрыял;

– банк інфармацыі (крыніцы, тэксты, літаратуры);

– метадычныя парады па дасягненні мэт;

– дакладнае планаванне і праектаванне ўрока і сістэмы ўрокаў;

– мікрамэты, формы справаздачнасці і крытэрыі адзнакі;

– кантрольныя пытанні, заданні, тэксты.

Характэрная асаблівасць модульнага навучання — рэйтынгавая ацэнка паспяховасці. Для гэтага на кожнага вучня заводзіцца тэхналагічная карта вывучэння модуля. Адзін з варыянтаў выглядае наступным чынам:

  

 

Тэма

Плануемы вынік

І узровень

ІІ узровень

ІІІ узровень

ІV узровень

V узровень

1-2

3-4

5-6

7-8

9-10

Самакантроль

 

 

 

 

 

Кантроль

 

 

 

 

 

 

Настаўнік сам фармуе модуль, зыходзячы з матэрыялаў і патрабаванняў школьных праграм па беларускай літаратуры. Напрыклад, пры вывучэнні трагікамедыі “Тутэйшыя” тэхналагічная карта модуля можа мець чатыры часткі.

У першай частцы ў графе “тэма” будзе запісана — “Трагікамедыя “Тутэйшыя” Янкі Купалы.

У графах, якія адлюстроўваюць узроўні, запісваюцца адпаведныя заданні.

І узровень — Веданне фабулы п’есы.

ІІ узровень — Характарыстыка часу і месца, адлюстраваных у творы. Персанажы і іх лёсы. Выбарачныя пераказы.

ІІІ узровень — Сістэма вобразаў. Этымалогія прозвішчаў персанажаў.

ІV узровень — Праблема “тутэйшасці”.

V узровень — Жанр. Аўтарская пазіцыя. Сцэнічны лёс трагікамедыі.

У другой частцы ў графе “тэма” — “Вобраз Мікіты Зносака”.

І  узровень — Пераказ лёсу героя.

ІІ узровень — Пераказ лёсу героя з цытаваннем. Бачанне героя ў сістэме вобразаў.

ІІІ узровень — Агульная характарыстыка Мікіты Зносака: учынкі, погляды, мэты.

ІV узровень — Самавыкрыццё і самахарактарыстыка героя. Назіранні над мовай персанажа.

V узровень — Усебаковая характарыстыка героя. Прыёмы стварэння вобраза. Супастаўленне Мікіты Зносака і Адольфа Быкоўскага.

Па аналогіі з вышэй названымі падаюцца яшчэ дзве тэмы: “Сатырычныя персанажы п’есы” і “Станоўчыя вобразы ў трагікамедыі”.

Вартаснасць тэхналагічных карт заключаецца ў тым, што, раздадзеныя перад вывучэннем твора, яны нацэльваюць вучняў на змест і вынікі працы.

Дарэчы, распрацоўваючы заданні, настаўнік можа кіравацца крытэрыямі, якія вынікаюць з узроўняў чытацкага ўспрымання. У агульных рысах гэтыя крытэрыі ўкладаюцца ў наступную схему:

  

Віды ўзроўняў

Вучні здольны адказаць на наступныя пытанні

  1. Ніжэйшы ўзровень — падзейны

Што адбываецца ў творы?

Пра каго расказана? Які фінал твора?

Калі і дзе адбываюцца падзеі?

2. Павярхоўна-ацэначны ўзровень

Станоўчы ці адмоўны герой?

Якая тэма твора?

Як вы ацэньваеце падзеі?

3. Сярэдні ўзровень – анэстэтычны (безуважны да глыбокага бачання мастацкіх сродкаў)

Чаму такі герой і яго ўчынкі?

Якія можна зрабіць высновы?

Што характарызуе падзеі, героя?

4. Высокі ўзровень – асэнсаваны

Якая аўтарская пазіцыя?

Як яна выяўляецца?

Як вы патлумачыце жанравую спецыфіку твора?

 

5. Вышэйшы ўзровень – асэнсавана-аналітычны

Праз якія мастацкія сродкі раскрываецца аўтарская пазіцыя, ідэя твора?

Якія сродкі стварэння характараў? Якія мастацкія асаблівасці твора?

Якія вы можаце прасачыць паралелі з ужо вядомым, іншымі аўтарамі і творамі?

 

Модульная тэхналогія дае асэнсаванае засваенне матэрыялу, разуменне прычынна-выніковых сувязей, прывівае культуру самастойнай працы.

Праца па Дальтон-плану. Гэта тэхналогія ў практыцы сучаснай школы перажывае час адраджэння, таму што яна шырока выкарыстоўвалася з сярэдзіны 20-х гадоў у савецкай школе.

Сутнасць дадзенай тэхналогіі заключаецца ў тым, што ўвесь вучэбны матэрыял, акрэслены праграмай па літаратуры на год, дзеліцца на колькасць навучальных тыдняў. Настаўнік складае план-графік урокаў-заданняў, крокаў кансультацый і карэкцыі і выніковых заняткаў. Па тэме даецца заданне вучням для самастойнай працы, вызначаецца тэрмін выканання. Педагог выступае ў якасці кансультанта, кіруе самастойнай працай, затым праводзіць карэкцыйна-кантрольны ўрок або выніковую канферэнцыю. Вучань працуе самастойна. Справаздача аб вывучанай тэме праводзіцца ў вуснай або пісьмовай форме (даклады, рэфераты, сачыненні, эсэ і інш.). Настаўнік аналізуе, вызначае тыповыя недахопы, пра якія вядзецца гаворка на выніковых уроках. Асновай служыць артыкул праграмы. Ён пераўтвараецца ў сістэму заданняў з дадатковымі пытаннямі з падручніка, дапаўняецца рэкамендацыйным спісам літаратуры.

У гісторыка-метадычным нарысе “Вывучэнне беларускай літаратуры ў школе” (1994 г.) В.Я. Ляшук, разглядаючы стан беларускай літаратуры як прадмета ў 20-я гады, раскрыла слабыя і моцныя бакі працы па Дальтон-плану. Тое, што гэты метад ставіць вучня ў такія ўмовы, пры якіх яго праца праходзіць самастойна і актыўна, актуальна і сёння. У спалучэнні з іншымі тэхналогіямі сучасная педагагічная навука дапускае правядзенне Дальтон-тыдня, Дальтон-дня, Дальтон-гадзіны. На Дальтон-уроку на першы план выходзіць самастойнасць, але эфектыўным такі ўрок будзе толькі пры ўмове, што вучань правільна зразумее мэту, будзе бачыць шляхі яе дасягнення і калі будуць у наяўнасці крыніцы, што дадуць магчымасць справіцца з заданнем.

Роля настаўніка на такім уроку выяўляецца ў выдзяленні асноўнай інфармацыі, якая будзе служыць базісам для вывучэння тэмы, у стварэнні ўмоў для плённай самастойнай працы вучняў.

Напрыклад, у дзевятым класе пры вывучэнні жыццёвага і творчага шляху Янкі Купалы, улічваючы, што вучні ўжо знаёміліся з біяграфіяй паэта ў папярэдніх класах, можна звярнуцца да азначанай вышэй тэхналогіі. Для актывізацыі творчай працы вучняў настаўнік вылучае праблему: для таго, каб зразумець глыбіню творчай спадчыны Купалы, неабходна прайсці яго жыццёвымі сцежкамі. Вучням прапануецца стаць даследчыкамі жыццёвага шляху вялікага песняра і ў першую чаргу азнаёміцца з наступнай літаратурай:

– Лойка А. Як агонь, як вада… Раман-эсэ пра Янку Купалу;

– Пуцявінамі Янкі Купалы: Дакументы і матэрыялы. Склад. Кісялёў Г.;

– Такі ён быў: Успаміны пра Янку Купалу;

– Юрэвіч У. Янка Купала: нарыс жыцця і творчасці;

– матэрыялы падручніка.

Каб праца вучняў была мэтанакіраванай, даецца схема, якая адначасова з’яўляецца і алгарытмам, і заданнем, і формай справаздачы. Адзін з магчымых варыянтаў можа быць такі: Вучні складуць літаратуразнаўчую характарыстыку жыцця і творчасці Янкі Купалы ў выглядзе наступнай табліцы:

 

1. Агульная характарыстыка гістарычнага перыяду, у які працаваў Янка Купала. Якія падзеі ўплывалі на фармаванне яго светапогляду?

 

2. Асноўныя рысы тагачаснага літаратурнага працэсу.

 

3. Кароткія звесткі біяграфічнага характару. Лёсавызначальныя эпізоды жыцця Янкі Купалы.

 

4. Сацыяльная пазіцыя пісьменніка.

 

5. Пачатак і этапы літаратурнай дзейнасці.

 

6. Асноўныя паэтычныя зборнікі і драматычныя творы.

 

7. Значэнне дзейнасці пісьменніка, яго суаднесенасць з сусветным літаратурным працэсам.

 

 

Настаўнік можа прапанаваць вучням і індывідуальныя заданні:

1. Паэзія Янкі Купалы ў творчасці беларускіх кампазітараў;

2. Янка Купала ў творчасці беларускіх мастакоў;

3. Ацэнкі твораў у сувязі са зрухамі ў грамадска-палітычных абставінах: новае прачытанне;

4. Творчая праца ў жанры эсэ «Рысы характару Янкі Купалы — чалавека і паэта, якія зрабілі на мяне асаблівае ўражанне».

На Дальтон-уроку адбудзецца абмеркаванне падрыхтаваных вучнямі табліц і прэзентацыя творчых прац.

Адметная рыса дадзенай тэхналогіі яшчэ і ў тым, што пры аналізе самастойных прац настаўнік дае магчымасць вучням выявіць недапрацоўкі, выправіць іх, а сам уключаецца ў працу толькі тады, калі вучні не могуць справіцца без яго дапамогі.

Французская майстэрня — гэта лакальная тэхналогія, яна ахоплівае большую ці меншую частку матэрыялу. Яна складаецца з рада заданняў, якія накіроўваюць працу вучняў у патрэбнае рэчышча, але ўнутры кожнага задання вучні абсалютна вольныя. Яны кожны раз выбіраюць шлях даследавання, выбіраюць сродкі для дасягнення мэты. Праца часта пачынаецца з актуалізацыі ведаў кожнага па дадзеным пытанні, якія затым узбагачаюцца. Схематычна працэс выглядае наступным чынам:

 

 

У тэхналогіі майстэрняў галоўнае не паведаміць і засвоіць інфармацыю, а перадаць спосабы працы (у літаратуры гэта найперш аналіз мастацкага твора), магчымасць для вучняў ісці да ведаў сваім шляхам. Вучань мае права на памылкі, бо гэта крокі да ісціны. Вядома, што на ўроку вучні часта баяцца выказваць сваю думку, бо лічаць, што памылковае выказванне паўплывае на адзнаку. Дадзеная тэхналогія ўвогуле не прадугледжвае выстаўлення адзнак, ацэнка ідзе па выніковых, кантрольных працах. Відаць, больш правільна адзнакі выстаўляць, але за цікавыя творчыя адказы або адказы пасля карэкцыйнага плана. Гэта будзе стымуляваць, пабуджаць да актыўнасці, уважлівасці, стараннасці. Пазіцыя настаўніка — не перадаваць гатовыя веды, а нацэльваць, каб іх здабывалі, як бы выбудоўваць разам з вучнямі.

Напрыклад, пры знаёмстве з  вершам «Мая вера», настаўнік скіроўвае ўвагу вучняў на тое, што Янку Купалу вабіла не гучная слава паэта. Адзіным жаданнем яго было — стаць паэтам свайго народа, выказнікам яго дум. Самае дарагое для паэта — лёс Радзімы, яе свабода і шчасце. Верш “Мая вера” — аўтарскі маналог, напісаны ў высокім прамоўніцкім стылі.

Вера — надзея — любоў. Звыклае спалучэнне, але разуменне яго для кожнага чалавека сваё. Сваё яно і для Янкі Купалы. У што верыць паэт? На гэта пытанне павінны адказаць вучні.

Даецца заданне ўважліва прачытаць верш. Затым, перачытваючы кожную страфу, запісаць свае разважанні, расшыфраваць вобразы-сімвалы хлусні і ашуканства, вызначыць своеасаблівасць інтанацыі, расшыфраваць гістарычную аснову верша.

Атрымаўшы заданне, вучні выбудоўваюць індывідуальную інтэрпрэтацыю, затым абменьваюцца думкамі ў парах, затым у групе (дзве парты). Пасля абмеркавання прадстаўнікі груп агучваюць выпрацаванае разважанне. Выпрацаваны агульнымі намаганнямі адказ на пастаўленае пытанне і будзе той сумай ведаў, якая адпавядае тэмам урока. Вучні атрымліваюць трывалыя веды і назапашваюць навыкі аналізу мастацкіх твораў.

Усе пададзеныя вышэй тэхналогіі носяць выразны развіваючы характар, дапамагаюць росту вучняў як у асобасным сэнсе, так і ў акадэмічным.

Урокі па вывучэнні мастацкага твора — цэнтральная праблемы методыкі выкладання літаратуры. Гэтым вытлумачваецца тая акалічнасць, што пошукі ў дадзеным накірунку і сёння не страцілі актуальнасці. Як вядома, уздзеянне мастацкага твора на чытача тым большае, чым больш глыбокае эстэтычнае перажыванне яно выклікае. Аднак памылкова было б думаць, што для ўзнікнення такога перажывання дастаткова толькі чытання. Чытанне літаратурна-мастацкага твора — гэта праца і творчасць. “Змест мастацкага твора, — трапна пісаў В. Асмус, — не пераходзіць — як вада, што пераліваецца з аднаго посуду ў другі, — з твора ў галаву чытача. Ён успрымаецца, узнаўляецца самім чытачом па арыенцірах, якія дадзены ў творы, але з канчатковым вынікам, што вызначаецца разумовай і духоўнай дзейнасцю самога чытача”. Мэтанакіраванасць жа такой дзейнасці павінен надаць настаўнік, плануючы вывучэнне таго ці іншага твора, а таксама арыентуючыся на ўстаноўку арганізаваць працэс аналізу цікава, эфектыўна і творча.

Працэс вывучэння мастацкага твора на пачатковым этапе можна параўнаць з першымі крокамі па невядомай дарозе. Як ісці? Якая дарога? Што чакае наперадзе? Калі на гэтыя ўмоўныя пытанні вучні не будуць мець адказу, то нельга, вядома, разлічваць і на плённае спасціжэнне імі (вучнямі) мастацкага тэксту.

Найбольш пашыраным і распрацаваным у методыцы пачаткам працэсу вывучэння, што дае неабходныя арыенціры, былі і застаюцца ўступныя заняткі. Іх эфектыўнасць бясспрэчная. Яны дапамагаюць настаўніку рэалізаваць у асноўным чатыры мэты: даць неабходны для разумення твора гісторыка-літаратурны каментар; падрыхтаваць і накіраваць на ўспрыманне і аналіз; стварыць неабходны эмацыйны настрой; зацікавіць.

Менавіта вырашэнне гэтых мэт дазваляе наблізіць чытацкі вопыт школьніка да мастацкага матэрыялу, забяспечыць паўнацэннае яго ўспрыманне. На першы погляд як бы не існуе ніякай неабходнасці ўводзіць нешта новае. Але сёння распрацоўваецца педагагічная парадыгма асобасна-арыентаванага навучання. На першае месца выходзяць не пытанні перадачы і набыцця пэўнага аб’ёму ведаў, а яшчэ і авалоданне ўменнямі і метадалогіямі. Для гэтага традыцыйных мадэляў навучання ўжо недастаткова. Патрабуюцца новыя падыходы, а таксама і мадэрнізацыя традыцыйных тэхналогій, дзе абагуленай дамінантай выступае арганізацыя навучання як творчага пошуку, дзе пазіцыя вучня, “пражыванне” ім навучальнага працэсу, выяўляецца ў ролі актыўнага ўдзельніка гэтага працэсу. Важна акрэсліць, што якраз найбольш эфектыўнымі з’яўляюцца тыя новыя падыходы, якія дапаўняюць або інтэгруюцца з лепшымі здабыткамі методыкі, выпрабаваннямі шматгадовай практыкай. Да ліку такіх тэхналогій можна аднесці і праектную тэхналогію, якая бярэ пачатак ад метаду праектаў, што ўзнік у другой палове ХІХ ст. у сельскагаспадарчых школах ЗША і быў перанесены пасля ў агульнаадукацыйныя школы. У нас сёння гэту тэхналогію дакладней было б назваць вернутай, бо яна шырока выкарыстоўвалася ў Расіі і Беларусі ў 20-я гады ХХ стагоддзя. І дарэчы будзе дадаць, што прычынай адмаўлення ў 1931 годзе гэтай тэхналогіі (тады яе называлі метадам праектаў) стала яе абсалютызацыя. У сучаснай практыцы гэтай памылкі стараюцца пазбегнуць, асабліва пры навучанні літаратуры, выкарыстоўваючы і далучаючы і станоўчы вопыт уступных заняткаў, і напрацоўкі з новых формаў урокаў, і інш. А таму псіхолага-дыдактычнымі сродкамі рэалізацыі сёння праектнай тэхналогіі з’яўляюцца развіццё творчага і крытычнага мыслення, фарміраванне вопыту і інструментарыя даследчай дзейнасці, ролевае і імітацыйнае мадэляванне, пошук і ініцыятыва, спрагназаванасць і рэйтынгавасць ацэнкі. Як зазначае А. Хутарской, пад тэхналогіяй праектаў “прынята разумець сістэму навучання, пры якой вучні набываюць веды і ўменні ў працэсе планавання і выканання практычных заданняў-праектаў”. Пры вывучэнні, напрыклад, літаратурнага твора вучні адразу атрымліваюць інфармацыю пра тое, на што будзе скіроўвацца ўвага, якія заданні будуць дадзены (вучні маюць права прапаноўваць свае), якія крытэрыі адзнак.

Мэтанакіраванасці працы вучняў садзейнічае сама структура праектнай тэхналогіі. Яна складаецца з шасці этапаў.

Першы этап — падрыхтоўка. Настаўнік знаёміць вучняў з мэтай праекта. У межах нашага метадычнага разгляду — гэта камедыя Янкі Купалы “Паўлінка”. Для пастаноўкі мэт і задач увага вучняў скіроўваецца на артыкул з праграмы, загадзя запісаны на дошцы.

Узор.

Вучні, якія ўжо да гэтага прачыталі п’есу самастойна, абмяркоўваюць тэму з настаўнікам, атрымліваюць пры гэтым дадатковую інфармацыю. У дачыненні да дадзенай тэмы настаўніку варта падкрэсліць, што Янка Купалы востра адчуваў глыбінную сутнасць зрухаў у народнай свядомасці пад уздзеяннем вялікіх сацыяльных перамен, якія адбываліся ў свеце. Забягаючы наперад, зазначым, што ключавыя моманты (як падкрэслена намі) неабходна запісваць на дошцы. Гэтыя запісы дапамогуць вучням у вызначэнні накірункаў працы.

Далей будзе сказана, што гэта адчуванне адлюстравалася ў змесце твораў. Так, у камедыі “Паўлінка” вельмі ярка і запамінальна Купала паказаў абуджэнне і фарміраванне новай сацыяльнай і духоўнай свядомасці, якое пачалося ў беларускай вёсцы на пачатку ХХ стагоддзя, і выклікала канфлікт старога і новага, бацькоў і дзяцей.

На аснове праграмнага артыкула і таго, што паведаміў настаўнік, а таксама прачытанага зместу п’есы вучні свядома вызначаць мэты і задачы праекта.

Другі этап — планаванне. Ён вельмі важны, бо вучні з дапамогай настаўніка (ён прапануе шэраг заданняў і мікратэм для вучэбных заняткаў) выпрацоўваюць план дзеяння. Вызначаюцца крыніцы, спосабы збору і аналізу інфармацыі, выбіраюцца формы справаздачы (прэзентацыі атрыманых ведаў), размяркоўваюцца абавязкі. І, што вельмі важна і каштоўна ў праектнай тэхналогіі, вылучаюцца крытэрыі ацэнкі. Асаблівай увагі, як бачым, заслугоўваюць пытанні змянення функцый як таго, каго навучаюць, так і таго, хто навучае. Школьнік выступае ўжо не аб’ектам, а паўнапраўным суб’ектам працэсу навучання, паколькі сам вызначае, што павінен ведаць, што павінен зрабіць, каб атрымаць гэтыя веды, і дакладна ўяўляць перспектыву атрымання той або іншай ацэнкі.

Праектная тэхналогія істотна змяняе і ролю настаўніка. Ён з носьбіта гатовых ведаў ператвараецца ў арганізатара пазнавальнай дзейнасці, арыентуе яе прыярытэт даследчага, пошукавага, творчага характару.

Прапануючы свае заданні і нацэльваючы вучняў на ўнясенне іх прапаноў, настаўніку неабходна ўлічваць узроставыя асаблівасці, папярэднюю падрыхтоўку, вопыт і густы сваіх выхаванцаў. Важна арыентавацца і на наяўнасць неабходнага матэрыялу.

Выпрацаваны план рэалізацыі праекта запісваецца на дошцы па наступнай схеме: заданні, крыніцы інфармацыі, формы выканання, магчымыя ацэнкі.

 

Праект “Камедыя Янкі Купалы “Паўлінка” можа ўключаць прыкладна такія заданні.

Купала-драматург. Падручнік. Шаўлоўская М.Ф. Беларуская драматургія.

Пятро Васючэнка. “Драматургічная спадчына Янкі Купалы”.

Форма выканання — інфармацыйны плакат.

Час і гісторыя напісання п’есы. — Разгорнутае паведамленне.

Камедыя “Паўлінка”. — Фабула — сюжэт — кампазіцыя. — Схема з тлумачэннямі.

Канфлікт “бацькі-дзеці” ці яшчэ і “трэцяй сілы” (П.Васючэнка) — Міні-рэферат.

Галерэя вобразаў — сюжэтныя лёсы . — Эсэ.

Вечная тэма. Параўнальны аналіз (Шэкспір “Кароль Лір”, “Рамэо і Джульета”, В. Дунін-Марцінкевіч “Пінская шляхта”).

Сцэнічны лёс п’есы. “Паўлінка” часу Купалы і сённяшняя (Купалаўскі тэатр).

Комплекс праблемных пытанняў (прывядзём некалькі):

Што гавораць прозвішчы герояў?

Чаму для Крыніцкага Быкоўскі “блін ды яшчэ маслам мазаны”?

Ці можна пагадзіцца з вызначэннем у падручніку “Якім Сарока нібы кіруе яе (Паўлінкі) учынкамі і паводзінамі, прачытаўшы рэпліку Паўлінкі: “Бацька сваё, Якім сваё, а я — сваё!”?

Ці правамерна сказаць, што ў Купалы не знайшлося для Быкоўскага “ніводнай светлай фарбы”?

Трэці этап — даследаванне. Назапашванне інфармацыі, праца з літаратурай, чытанне і аналіз тэксту. Апошні праводзіцца на ўроку, але абавязкова са зваротам да праблемных пытанняў і заданняў. Настаўнік кіруе дзейнасцю вучняў, раіць, кансультуе.

Чацвёрты этап — аналіз інфармацыі. Афармленне заданняў, фармулёўка высноў. Праца выконваецца вучнямі самастойна. Настаўнік карэктуе іх працы.

Пяты этап — прэзентацыя. Праводзіцца цэласная справаздача з абаронай. Вучні прадстаўляюць тое, што яны падрыхтавалі ў рамках праекта, абмяркоўваюць, дыскутуюць. Настаўнік выступае ў ролі рэжысёра, слухае і ўдзельнічае ў дыскусіі.

Шосты этап — ацэнка і рэфлексія. Падводзяцца вынікі працы, сістэматызуецца інфармацыя, фармулююцца агульныя высновы. Вучні адказваюць на дадатковыя, удакладняючыя пытанні, робяць самаацэнку, карыстаючыся агаворанымі на этапе планавання крытэрыямі. Настаўнік аналізуе, характарызуе якасць працы над праектам, выстаўляе адзнакі. Вучні маюць магчымасць напісаць індывідуальны разгорнуты адказ-разважанне, стрыжнем якога будуць з’яўляцца праграмныя патрабаванні. Неабходна нацэльваць вучняў на тое, што адзнакі за ўдзел у стварэнні праекта, даследаванні, эксперыментальныя ўменні, справаздачныя працы атрымаюць усе.

Абагульняючы ацэнку эфектыўнасці праектнай тэхналогіі, можна падкрэсліць, што яна дае магчымасць выкарыстоўваць мноства дыдактычных падыходаў — сумеснае навучанне, эўрыстычныя і праблемныя метады, дыскусіі, групавую працу і інш.

Новыя тэхналогіі даюць магчымасць разнастаіць форму ўрокаў і пашыраюць сферу суб’ектыўнасці ў працэсе самавызначэння, творчасці і канкрэтнага ўдзелу, прыносяць задавальненне вучням, садзейнічаюць іх самаразвіццю, забяспечваюць глыбокае засваенне ведаў.

 

Спіс літаратуры

  1. Аскірка, В. Вывучэнне біяграфіі пісьменнікаў з выкарыстаннем камп’ютэрнай тэхналогіі: На прыкладзе біяграфіі Максіма Багдановіча. ХІ клас / В. Аскірка // Роднае слова. – 2007. – № 4.
  2. Бухавец, В.У. Выкарыстанне сучасных адукацыйных тэхналогій на ўроках беларускай мовы і літаратуры / В.У. Бухавец / пад агул. рэд. С.І. Цыбульскай. – Мінск, 2006. – 208 с.
  3. Грынько, М.У. Выкарыстанне тэхналогіі праектаў як адзін з аспектаў падрыхтоўкі студэнтаў да краязнаўчай працы (на прыкладзе жыцця і творчасці Элізы Ажэшка) М.У. Грынько // Краязнаўства як адзін з накірункаў вучэбна-выхаваўчай работы ў школе і ВНУ: матэрыялы рэсп. навук. канф., Брэст, 28 – 29 сак. 2008 г. / пад агул. рэд. У.А. Сенькаўца. – Брэст: Альтернатива, 2008. – С. 20 – 25.
  4. Лазарук, М.А. Урок літаратуры ў школе / М.А. Лазарук. – Мінск, 1995.
  5. Руцкая, А.В. Выкарыстанне новых тэхналогій пры вывучэнні творчасці Янкі Купалы ў школе / А.В. Руцкая // Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні: матэрыялы навук. канф., 24 кастр. 2003 г. Гродна / пад рэд. У.І. Каялы. – Гродна: ГрДУ, 2003. – С. 96 – 100.
  6. Руцкая, А.В. Выкарыстанне праектнай тэхналогіі пры вывучэнні драматургіі Янкі Купалы / А.В. Руцкая // Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні: зб. навук. прац / рэдкалегія: У.І. Каяла (адк. рэд.) [і інш.]. – Гродна: ГрУД, 2007. – С. 78 – 84.
  7. Тарасава, С.М. Выкарыстанне інтэрактыўных метадаў навучання на занятках па роднай літаратуры / С.М. Тарасава // Актуальныя праблемы выкладання мовы і літаратуры ў вышэйшай і сярэдняй школе: мат. рэсп. навук. канф. 30 кастрычніка 2002 г. / пад рэд. У.І. Каялы, Т.І. Тамашэвіча. – Гродна: ГрДУ, 2003. – С. 69 – 73.
  8. Хандрыка, С.В. Вучэбны мазгавы штурм па паэме Янкі купалы “Курган” / С.В. Хандрыка // Беларуская мова і літаратура. – 2003. – № 5.
  9. Шыбайла, З.В. Педмайстэрня па апавяданні Змітрака Бядулі “На каляды к сыну” / З.В. Шыбайла // Беларуская мова і літаратура. – 2003. – № 5.