7. Характарыстыка асноўных прававых сем’яў
^ Вверх

7. Характарыстыка асноўных прававых сем’яў

 

а) рамана-германская (кантынентальная) прававая сям’я

Да рамана-германскай (кантынентальнай) прававой сям’і адносяцца прававыя сістэмы, якія пачалі фармавацца ў кантынентальнай Еўропе ў ХІІ–ХІІІ ст. на падставе: рэцэпцыі рымскага права, кананічных норм і мясцовага звычаёвага права. Значную ролю ў станаўленні рамана-германскай прававой сям’і адыгралі найстарэйшыя універсітэты Італіі, Францыі, Германіі. Менавіта ва універсітэтах гістарычнае рымскае права, у асаблівасці Звод законаў Юс­цініяна, было падвергнута дасканаламу вывучэнню, пачала фармавацца юрыдычная навука (дактрына). Паралельна з даследаваннем рымскага права адбывалася вывучэнне кананічнага права і нацыянальных прававых сістэм. Усё гэта ў сінтэзе падрыхтавала глебу да наступных кадыфікацый у кантынентальнай Еўропе на падставе агульных дактрынальных палажэнняў, навуковых і юрыдычных схем і канструкцый.

Кананічнае права навучала дакладнасці, фармальнай азначанасці і лагічнасці ў выкладанні разнастайных прававых эквівалентаў. Юрыдычная навука спрыяла фармаванню шырокіх, абстрактнага характару абагульненняў. Класічнае рымскае права прадаставіла гатовыя, універсальныя прававыя схемы і канструкцыі, якія можна было рэцэпіраваць амаль цалкам і выкарыстаць пры рэгуляванні набіраўшых развіццё ў гэты час у Еўропе таварна-грашовых адносін. А мясцовае звычаёвае права стала той прававой глебай, той скарбонкай прававога вопыту, які павінен быў быць апрацаваны, сістэматызаваны і выкладзены ў лагічнай паслядоўнасці з дабаўленнямі прававых палажэнняў, якія адпавядалі новаму часу.

Натуральна, што ўсе вышэйакрэсленыя фактары сталі перадумовамі фармавання адзіных нацыянальных прававых сістэм, а затым і сям’і рамана- германскага права. Рухаючымі сіламі працэсу, які завяршыўся стварэннем нацыянальных прававых сістэм і прававой сям’і, сталі: а) фармаванне агульнацыянальных рынкаў; б) фармаванне цэнтральнай дзяржаўнай улады.

Для прававых сістэм рамана-германскай прававой сям’іхарактэрна тое, што ўсе яны маюць добра распрацаваныя сістэмы заканадаўства, у якіх прызнаецца вяршэнства закона над іншымі нарматыўна-прававымі актамі і ўвогуле крыніцамі права. Асноўным законам у іх з’яўляецца пісаная Канстытуцыя, праводзіцца сістэматызацыя і кадыфікацыя заканадаўства. Прызнаецца дзяленне права на публічнае і прыватнае. Вялікая роля адводзіцца навуцы (дактрыне), якая раней распрацавала асноўныя прынцыпы пабудовы гэтай прававой сістэмы, а зараз, у сучасны перыяд, мае вялікі ўплыў на заканатворчасць і ў правапрымяняльным працэсе. Для захавання Канстытуцыі, для падтрымання строгай іерархіі сярод крыніц права ў прававых сістэмах рамана-германскай прававой сям’і ствараюцца спецыяльныя органы канстытуцыйнага нагляду (кантролю) – Канстытуцыйныя суды.

 

б) сям’я агульнага права (англа-амерыканская прававая сям’я)

Сваімі каранямі гэта сістэма звязана з нарманскім заваяваннем Англіі ў 1066 г. Асноўная роля ў яе фармаванні належыць каралеўскім судам. Справа ў тым, што да нарманскага заваявання на тэрыторыі Англіі дзейнічала мясцовае звычаёвае права, якое мела мясцовы, «партыкулярны» характар. Стварэнне агульнай для Англіі прававой сістэмы ўзялі на сябе каралеўскія суды, якія, пачынаючы з XIII ст., засядалі ў Вястмінсцеры. Да сям’і агульнага права належаць прававыя сістэмы Англіі і Уэльса (Шатландыя і Паўночная Ірландыя не падпарадкоўваюцца англійскаму праву), ЗША, Канады, Аўстраліі, Новай Зеландыі, а таксама прававыя сістэмы іншых былых калоній Брытанскай імперыі.

У адрозненне ад дзяржаў рамана-германскай прававой сям’і, дзе асноўнай крыніцай права з’яўляецца такая крыніца права, як нарматыўны прававы акт, у англа-амерыканскай прававой сям’і такая роля належыць судоваму прэцэдэнту – норме, якая была сфармулявана судом пры разглядзе канкрэтнай справы. Для англа-амерыканскай прававой сям’і не ўласціва дзяленне права на публічнае і прыватнае, на права цывільнае, гандлёвае, адміністрацыйнае і
г. д. Але ў англійскай прававой сістэме існуе іншы структурны па­дзел: агульнае права, заснаванае на прэцэдэнце; права справядлівасці, якое дапаўняе і карэктуе агульнае права; статутнае права – пісанае права, створанае парламентам.

Гістарычныя асаблівасці фармавання англійскага права прывялі да таго, што пераважнае значэнне надавалася не нормам матэрыяльнага права, якія ўстанаўліваюць правы і абавязкі ўдзельнікаў грамадскіх адносін, а працэдуры, працэсуальным нормам. Справа ў тым, што каралеўскія суды разглядалі спрэчкі толькі па загаду караля, канцлера. Каб атрымаць такі загад (дазвол), трэба было захаваць пэўную працэдуру. Англійскае права развівалася па прынцыпу: права там, дзе ёсць і абарона.

 

в) мусульманская прававая сям’я

Прававыя сістэмы мусульманскіх дзяржаў маюць свае асаблівасці, разам з тым усе яны сфармаваліся і дзейнічаюць на падставе іслама. Мусульманскае права склалася ў Арабскім халіфаце ў VII–X ст. Іслам зыходзіць з таго, што права прыйшло ад Алаха, які адкрыў яго людзям праз прарока Мухамеда. Своеасаблівасць мусульманскага права ў тым, што яно ахоплівае ўсе сферы сацыяльнага жыцця, а не толькі тыя, якія адносяцца да прававой сферы.

Асноўнай крыніцай права ў мусульманскім праве лічыцца Каран. Цесна да яго прымыкае Суна – збор расказаў (ходзісаў) тых людзей, якія блізка ведалі Мухамеда. У гэтых расказах апісваюцца ўчынкі, паводзіны, выказванні прарока. Каран складаецца з 114 сур (главаў), а Суна – з шасці кананічных зборнікаў. Трэцяя крыніца права – іджма – адзінагалосная думка знаўцаў іслама, вучоных-правазнаўцаў, якія на падставе Карана і Суны сфармулявалі норму мусульманскага права. Чацвёртая крыніца – кіяс-аналогія. У мусульманскім праве выдзяляецца пісанае права – шарыят і звычаёвае права – адаты. Нормы, якія зыходзяць ад дзяржавы,не могуць супярэчыць прадпісанням іслама