6. Паняцце прававой сістэмы грамадства і прававой сям’і
Прававая сістэма ўяўляе, па-першае, разгорнутую ва ўсіх адносінах і існуючую ў трох формах сутнасць права, па-другое, уключае структурную арганізацыю сутнасці права і, па-трэцяе, працэсы рэалізацыі і прымянення права. Яна складваецца з наступных асноўных кампанентаў (элементаў): а) прававыя адносіны (першасныя і другасныя); б) прававая свядомасць; в) нормы права; г) крыніцы права; д) стварэнне права і яго рэалізацыя
Асобнае месца ў прававой сістэме займае суд і звязанае з яго дзейнасцю правасуддзе. Сутнасць судовай улады, на наш погляд, зводзіцца да таго, каб забяспечыць уласцівы той альбо іншай супольнасці нармальны, правільны, справядлівы і выніковы шлях фармавання, усведамлення, замацавання і рэалізацыі прававых эквівалентаў. Такім чынам, судовая ўлада ўяўляе нейкую асобную функцыю грамадства, а яе носьбіт – суд – асобны, незалежны ад заканадаўчай і правапрымяняльнай частак прававой сістэмы сродак захавання, развіцця і функцыянавання права і прававой сістэмы на ўсіх этапах іх станаўлення і існавання. Адсюль вынікае, што самастойнасць, незалежнасць судовай улады – не нейкая тэарэтычная канструкцыя, модны тэзіс, а безумоўнае, найістотнейшае патрабаванне, што вынікае з самой сутнасці права.
Прававая сістэма кожнай дзяржавы адлюстроўвае заканамернасці развіцця грамадства, яго гістарычныя, нацыянальныя, культурныя асаблівасці, адметнасць станаўлення, развіцця і функцыянавання права кожнай супольнасці. На змест і дынаміку прававой сістэмы ўздзейнічае ўся духоўная культура грамадства: рэлігія, філасофія, мараль, мастацкая культура, навука. Вялікі ўплыў аказвае таксама дзяржава, палітыка цалкам, палітычная культура.
Кожная дзяржава мае сваю прававую сістэму, якой уласцівы свае спецыфічныя, адметныя рысы. Разам з тым у ёй прысутнічаюць і нейкія рысы, якія існуюць у прававых сістэмах іншых дзяржаў. Па свайму падабенству, адзінству прававыя сістэмы дзяржаў аб’ядноўваюцца ў групы, «прававыя сем’і». Аб’яднанне прававых сістэм у сем’і адбываецца на падставе юрыдычнага інструментарыя: крыніц права, месца суда ў прававой сістэме, дзялення дзеючых норм права на матэрыяльныя і працэсуальныя, а таксама на нормы публічнага і прыватнага права. У юрыдычнай навуцы склаліся розныя падыходы да выдзялення прававых сем’яў. Кіруючыся рознымі метадалагічнымі падыходамі, яны выдзяляюць часта розныя па зместу прававыя сем’і, якія перасякаюцца, называюць розную іх колькасць. Ахарактарызуем у самых агульных рысах некаторыя прававыя сем’і.