5. Функцыі і эфектыўнасць права
^ Вверх

5. Функцыі і эфектыўнасць права

 

Падобна прынцыпам права, яго функцыі таксама «высвечваюць» сутнасць права, асноўныя ўласцівасці і якасці яго зместу. Але, у адрозненне ад прынцыпаў права, якія адлюстроўваюць сутнасць права ў яе, так сказаць, «статычным плане», функцыі раскрываюць яго сутнасць у «дынаміцы», у ходзе ўздзеяння права на грамадскія адносіны.

Пад функцыямі права можна разумець азначаемыя яго сутнасцю асноўныя напрамкі ўздзеяння на грамадскія адносіны і паводзі­ны людзей. У функцыях права праяўляюцца яго адметныя, спецы­фічныя ўласцівасці, якія вынікаюць з яго якаснай самастойнасці і праяўляюцца пры ўздзеянні на грамадскія адносіны. Гэта такія напрамкі ўздзеяння права, якія ажыццяўляюцца кожнай з форм існавання права, але ўласцівымі кожнай з іх механізмамі. Функцыі права характарызуюцца пастаянствам, паколькі яны накіраваны на ажыццяўленне карэнных задач, што абумоўліваюць існаванне самаго права як сацыяльнай з’явы. Разам з тым са зменай зместу грамадскіх адносін, рэгулюемых правам, мяняюцца механізмы, формы, сродкі, з дапамогай якіх права ўздзейнічае на сацыяльныя працэсы. Гэта азначае, што ў межах асноўных напрамкаў уздзеяння права на грамадскія адносіны ў яго змесце адбываюцца перамены, сэнс якіх у тым, каб забяспечыць адэкватнае, суразмернае рэагаванне на ўзнікаючыя праблемы грамадскага існавання.

У юрыдычнай літаратуры склаліся розныя погляды на класіфікацыю функцый права, характарыстыку іх зместу і механізмаў ажыццяўлення.

Найбольш грунтоўным уяўляецца сістэмны падыход да разгляду функцый права. Яго асаблівасць заключаецца ў тым, што выдзяленне саміх функцый і характарыстыка іх зместу адбываюцца ў залежнасці ад ролі права ў жыцці грамадства і яго асобных элементаў. Разгледзім функцыі права ў залежнасці ад яго ролі да грамадства цалкам, да дзяржавы і да асобы. Гэтыя ракурсы даследавання функцый дзяржавы заснаваны на асноўных структурных сувязях права ў сістэме сацыяльных каардынат. Адносна грамадства права выконвае сацыяльную місію па захаванню стабільнасці і ўмоў для самаразвіцця грамадства, і гэтая місія павінна быць суразмернай і адэкватнай тым імператывам, якія вылучае грамадства. Праз сувязі з дзяржавай высвятляюцца яго «дзяржаваўтваральныя» магчымасці, якія заснаваны на ўнутраных якасцях права, якія характарызуюць толькі дадзены сацыяльны рэгулятар. А праз узаемадзеянне з асобай – рэгулятыўныя магчымасці права, якія заснаваны на перадачы асобе пэўных імператыўных вяленняў прававога зместу і ў прававой форме. Характарыстыка кожнай з адзначаных структурных сувязей можа ажыццяўляцца праз вызначэнне задач, якія вырашаюцца правам.

У адносінах да грамадства цалкам права вырашае тры важнейшыя задачы. Па-першае, права павінна ўладкаваць грамадскія адносіны, стабілізаваць іх, замацаваць існуючыя сацыяльныя сувязі. Па-другое, права павінна забяспечыць магчымасць развіцця і ўдасканалення грамадскіх адносін. Па-трэцяе, права павінна гарантаваць абарону ўжо існуючых грамадскіх адносін і тых адносін, якія толькі складваюцца. Гэтыя тры задачы вырашаюцца шляхам ажыццяўлення трох функцый права. Першая задача – рэгулятыўна-статычнай функцыяй, другая – рэгулятыўна-дынамічнай, трэцяя – ахоўнай функцыяй. Кожная з адзначаных функцый рэалізуецца адметнымі юрыдычнымі сродкамі і механізмамі. Рэгулятыўна-статычная функцыя ажыццяўляецца з дапамогай забарон на нейкія сацыяльныя дзеянні шляхам ускладання на ўдзельнікаў грамадскіх адносін пасіўных абавязкаў. Для рэгулятыўна-дынамічнай функцыі характэрна надзяленне сацыяльных суб’ектаў правамі, замацаванне самых розных, у тым ліку і агульных дазволаў на сацыяльныя дзеянні, ускладанне на іх актыўных абавязкаў. Ахоўная функцыя праводзіцца ў жыццё шляхам прымусу да здзяйснення нейкіх дзеянняў і ўскладання юрыдычнай адказнасці. Ахоўная функцыя права з’яўляецца ў адносінах да першых дзвюх у пэўным сэнсе слова «інтэграцыйнай», бояна гарантуеіхрэалізацыю.

Як пры характарыстыцы функцый дзяржавы адзначалася неабходнасць вывучэння і захавання межаў уздзеяння дзяржавы на грамадскія адносіны, так гэта трэба падкрэсліць і адносна функцыянальнай характарыстыкі права. Права не ў стане закансерваваць развіццё і тым больш забараніць тыя адносіны грамадства, якія параджаюць права, з’яўляюцца яго «родавай пупавінай». Права разам з тым не ў стане стварыць якасна новыя грамадскія адносіны. У праве можна замацаваць прававыя магчымасці для актыўных дзеянняў суб’ектаў грамадскіх адносін, можна замацаваць прававыя стымулы для актыўных паводзін, напрыклад, усталяваць пэўныя льготы па падаткаабкладанню пры ажыццяўленні пэўнага віду грамадска-карыснай дзейнасці, але саму грамадска-карысную дзейнасць стануць ажыццяўляць суб’екты грамадскіх адносін, вынікам дзеяння якіх і можа стаць новы від грамадскіх адносін.

У праве можна замацаваць разнастайныя забароны і ўсталяваць юрыдычную адказнасць за ажыццяўленне пэўных дзеянняў і пэўнага віду грамадскай дзейнасці, але калі грамадства ў сваёй большасці не выступае супраць такіх дзеянняў і відаў дзейнасці, то само па сабе права выцесніць іх з жыцця грамадства не ў стане.

У адносінах да дзяржавы права вырашае дзве галоўныя задачы і выконвае, адпаведна, дзве функцыі. Па-першае, права з’яўляецца адзіна магчымым нарматыўным рэгулятарам, з дапамогай якога можна дакладна і адназначна акрэсліць паўнамоцтвы дзяржавы, яе органаў і ўстаноў, суадносіны гэтых органаў паміж сабой, парадак іх фармавання і ліквідацыі. Па-другое, права з’яўляецца адзіна магчымым сродкам, з дапамогай якога дакладна ­акрэсліваюцца ўзаемаадносіны дзяржавы і грамадства. Права ­з’яўляецца ў гэтым выпадку той адзіна магчымай «мовай», на якой дзяржава размаўляе з грамадзянамі. У першым выпадку мы маем справу з арганізацыйнай функцыяй права, у другім – з кіруюча-рэгулятыўнай.

У адносінах да асобы, якая знаходзіцца ў сферы дзеяння таварна-грашовых і абумоўленых імі сацыяльных сувязей, права вырашае дзве галоўныя задачы. Па-першае, права з’яўляецца адзіна магчымым сацыяльным рэгулятарам, у якім асоба знаходзіць дакладна азначаныя арыенціры паводзін у прававой сферы, атрымлівае інфармацыю аб мерах і формах магчымых і абавязковых паводзін. Ніводзін іншы сацыяльны рэгулятар дадзеную задачу вырашыць не ў стане. Па-другое, прававая сацыялізацыя асобы, якая забяспечвае цалкам адэкватныя паводзіны ў сферы дзеяння права, адбываецца толькі шляхам засваення прававых каштоўнасцей. Такім чынам, у адносінах да асобы права выконвае дзве функцыі: арыентацыйную (інфармацыйную) і выхаваўчую (каштоўнасна-арыентацыйную).

Функцыянальная характарыстыка сацыяльных з’яў звычайна суправаджаецца аналізам іх выніковасці. У самым агульным плане пад эфектыўнасцю права можна разумець выніковасць уздзеяння права на грамадскія адносіны, на дзяржаву і на асобу. Выніковасць можа быць дакладна вымерана, вызначана праз супастаўленне права з іншымі сацыяльнымі рэгулятарамі пры вырашэнні адных і тых самых задач. Толькі пры гэтай умове можна зрабіць выснову аб тым, наколькі вынікова права вырашае тыя задачы, якія вынікаюць з яго структурных сувязей з грамадствам, дзяржавай і асобай. Без параўнання вынікаў уздзеяння права на таварна-грашовыя адносіны і адносіны, якія шчыльна з імі ўзаемазвязаны, з уздзеяннем на гэтыя самыя грамадскія адносіны іншых сацыяльных рэгулятараў аб выніковасці права разважаць немагчыма. Але паколькі абсалютна зразумела, што толькі права можа вырашыць тыя задачы адносна грамадства цалкам, дзяржавы і асобы, аб якіх было адзначана ніжэй, і ніякі іншы сацыяльны рэгулятар зрабіць гэта не можа па сваёй прыродзе, то ў метадалагічных адносінах пастаноўка пытання аб эфектыўнасці права з’яўляецца некарэктнай.

Разам з тым, сказанае адносна магчымасцей вымярэння эфектыўнасці права не азначае негатыўнага, адмоўнага стаўлення да права, тым больш прыніжэння яго ролі ў жыцці грамадства, што характэрна да такой з’явы, як прававы нігілізм. Разуменне рэальных магчымасцей права ў жыцці грамадства стварае перашкоды і для іншай, не менш адмоўнай з’явы – прававога ідэалізму ці прававога фетышызму, якія характарызуюцца перабольшаннем ролі і значнасці права ў жыцці грамадства. Права здатнае толькі на тое, дзеля чаго яно было створана, дзеля забеспячэння адэкватнага і суразмернага ўздзеяння на грамадскія адносіны. Калі ж забеспячэнне эквівалентнасці ў грамадскіх адносінах не вырашае шматлікіх праблем у грамадстве, то ў гэтым віна не права, а грамадства. Яно ў гэтым разе павінна шукаць адказы на тое, якім чынам можна вырашыць свае праблемы не ў сферы права, а ў іншых сферах свайго існавання. Забеспячэнне ж эквівалентнасці ў грамадскіх адносінах дасягаецца адзіным шляхам – шляхам удасканалення прававых эквівалентаў, іх развіццём і найбольш поўнай рэалізацыяй у грамадскіх адносінах.

Зразумела, што паміж функцыямі права і функцыямі дзяржавы існуюць не толькі шчыльныя ўзаемаадносіны, але і падабенства. Як функцыі дзяржавы, так і функцыі права ўяўляюць асноўныя накірункі дзеяння гэтых вельмі важных інстытутаў грамадства на само грамадства, г. зн. вызначаць ролю часткі цэлага адносна цэлага. Функцыянальная характарыстыка дзяржавы абапіраецца на адносную самастойнасць дзяржавы ад грамадства. Гэта ўласціва і для права, якое складаецца з сістэмы прававых эквівалентаў, якія адэкватны і суразмерны прыродзе грамадскіх адносін, але не тоесны тым эквівалентам, якія існуюць у рэальных грамадскіх адносінах. Гэта дазваляе праву ўздзейнічаць на грамадскія адносіны не «люстэркава», а з улікам задач, якія паўстаюць перад грамадствам і дзяржавай. Гэта значыць, што права дае магчымасць выбару розных механізмаў, метадаў і прыёмаў прававога ўздзеяння. Як для функцый дзяржавы застаюцца нязменнымі асноўныя кірункі ўздзеяння на грамадскія адносіны, так і для права яны застаюцца ста­більнымі і аднымі і тымі самымі, праўда, пры змене механізмаў, метадаў і прыёмаў прававога ўздзеяння. У залежнасці ад мэт і задач грамадства і дзяржавы права можа кансерваваць і стабілізаваць розныя пласты і віды грамадскіх адносін рознымі метадамі і рознымі прыёмамі.

Як вядома, функцыі дзяржавы ажыццяўляюцца праз тры універсальныя формы: праваствараючую, правапрымяняльную і праваахоўную. У сваю чаргу, асноўнымі формамі, якія забяспечваюць існаванне і функцыянаванне права, таксама з’яўляюцца такія формы функцыянавання дзяржавы, як яе ўздзеянне на права пры яго фармаванні (стварэнні права), яго рэалізацыі і ахове (абароне).