6. Прабелы ў праве, спосабы запаўнення і ліквідацыі прабелаў у праве
^ Вверх

6. Прабелы ў праве, спосабы запаўнення
і ліквідацыі прабелаў у праве

 

Калі права існуе ў першапачатковай сваёй форме, на ўзроўні (у форме) праваадносін, то натуральна, што ні аб якіх прабелах (пустотах) у праве не можа ісці размова. Калі ў сферы грамадскіх адносін, якія складваюцца пад непасрэдным уплывам таварна-грашовых адносін, эквівалентных па сваёй прыродзе, узнікае патрэба ў стварэнні адпаведнага эквіваленту, стандарта, правіла, то яно ў любым выпадку ствараецца. Першапачаткова як аднаразовае, а затым яно паўтараецца і становіцца нормай права.

Але як толькі права набывае сваю класічную форму існавання – трохузроўневую структуру, то адразу высвятляецца, што ў праве могуць узнікнуць (утварыцца) пустоты (прабелы). Па самых розных прычынах аб’ектыўнага і суб’ектыўнага парадку ў сістэме дзеючых норм права ў пэўны перыяд адсутнічаюць неабходныя нормы права для рэгулявання прававых па свайму зместу грамадскіх адносін. Можна нават сцвярджаць, што такія пустоты (прабелы) знаходзяцца заўсёды, таму што не існуе люстэркавасці і тоеснасці паміж прававымі па свайму зместу грамадскімі адносінамі і нормамі права, у якіх павінны быць замацаваны створаныя ў рэальных грамадскіх адносінах прававыя стандарты (эквіваленты). А ў сітуацыі, калі права ствараецца шляхам «зверху–уніз», то ўвогуле адсутнасць патрэбных норм права абумоўліваецца недасканаласцю правіл фармулявання і стварэння лагічна замкнутай і несупярэчлівай сістэмы норм права.

Такім чынам, праблема з прабельнасцю ў праве існуе пры ўмове, што само права функцыянуе ў трох сваіх іпастасях – у форме прававых адносін, у форме правасвядомасці і ў форме норм права. Аб прабельнасці ў праве сведчаць некалькі момантаў. Па-першае, адсутнасць неабходных для рэалізацыі і прымянення норм права. Па-другое, адносіны і сітуацыі, адносна якіх і да якіх павінны быць рэалізаваны і прыменены нормы права, маюць прававую прыроду, як часта кажуць, знаходзяцца ў сферы прававога рэгулявання. Зразумела, што адсутнасць патрэбных для рэалізацыі і прымянення норм права высвятляецца ў ходзе рэалізацыі і прымянення права.

Адсутнасць неабходных для належнага функцыянавання права норм стварае пэўныя нязручнасці, таму што механізм прававога рэгулявання пачынае даваць збоі, права губляе сваю выніковасць. Адзіным легальным шляхам ліквідацыі знойдзеных прабелаў права з’яўляецца стварэнне неабходных норм права. Але стварэнне неабходных норм права – даволі працяглы ў часе працэс, а часта здараецца так, што прабельнасць у праве высвятляецца якраз у той момант, калі норма права павінна быць прыменена.

Для вырашэння такіх сітуацый юрыдычная навука і практыка выкарыстоўваюць дзве тэарэтыка-прававыя і практычна-арыентаваныя канструкцыі – канструкцыю аналогіі права і аналогіі закону. З дапамогай дадзеных канструкцый прабелы ў праве часова пераадольваюцца.

Аналогіяй права называюць такі шлях часовага пераадолення прабелаў у праве, пры якім упаўнаважаныя органы, установы, службовыя асобы і іншыя сацыяльныя структуры вырашаюць канкрэтную справу прававога характару на падставе прынцыпаў права (агульнаправавых, галіновых і г. д.), так званага «духа права».

Аналогіяй закону называюць такі шлях часовага пераадолення прабелаў у праве, пры якім упаўнаважаныя органы, установы, службовыя асобы і іншыя сацыяльныя структуры вырашаюць канкрэтную справу прававога характару на падставе норм права, якія рэгламентуюць падобныя грамадскія адносіны. Часта прыбягаюць і да субсідзіярнага прымянення норм права.

З часоў старажытнага Рыма ў прававых сістэмах дзейнічае ак­сіёма, згодна з якой прабелы ў сістэме права нельга запаўняць шляхам аналогіі, калі размова ідзе аб прыцягненні да юрыдычнай адказнасці і ўскладанні іншых мер юрыдычнага ўздзеяння на асобу.