4. Акт прымянення права
^ Вверх

4. Акт прымянення права

 

Акт прымянення права – уладнае рашэнне кампетэнтнага органа дзяржавы, яго службовай асобы ці іншай упаўнаважанай структуры, якое прынята (вынесена) ва ўстаноўленай форме па канкрэтнай справе і скіравана на ўвасабленне прадпісанняў нормы права ў рэальных грамадскіх адносінах.

Акт прымянення права заўсёды мае індывідуальны прававы характар. У ім не ўтрымліваецца правіла паводзін агульнага характару, а змяшчаецца ўладнае прававое вяленне, якое мае абавязковае значэнне для ўсіх удзельнікаў справы, у межах якой быў вынесены акт прымянення права. Ён канкрэтызуе агульны характар нормы права, робіць абавязковымі для ўдзельнікаў справы і яе адрасатаў прадпісанні і вяленні, што ўтрымліваюцца ў нормах права, дакладна акрэслівае іх правы і абавязкі. Акт прымянення права мае разавы, індывідуальны характар, яго юрыдычнае значэнне, як правіла, вычэрпваецца той сітуацыяй, адносна якой быў вынесены акт прымянення права. Праўда, асобныя рашэнні індывідуальнага прававога характару могуць мець юрыдычна абавязковае значэнне пры разглядзе іншых спраў. У такіх выпадках кажуць аб прэюдыцыяльным значэнні акта прымянення права.

Акт прымянення права можа мець розную форму. Часцей за ўсё ён выносіцца ў пісьмовай форме, мае выгляд акта-дакумента. Але актам прымянення права можна лічыць і рашэнне ў вуснай форме. Існуюць і іншыя формы вынясення рашэння, прыняцця рашэння аб прымяненні права, напрыклад, жэставая форма. Прыкладам першай формы з’яўляецца загад рэктара аб залічэнні пэўнай асобы ў склад студэнтаў. Прыкладам вуснай формы акта прымянення права з’яўляецца, напрыклад, папярэджанне студэнта рэктарам установы адукацыі аб недапушчальнасці парушэння вучэбнай дысцыпліны. У жэставай форме прымяняюцца, напрыклад, правілы дарожнага руху, калі дарожны рух рэгулюецца ўпаўнаважанай службовай асобай з дапамогай спецыяльнага жэзла.

Як правіла, пісьмовы акт-дакумент мае сваю структуру. У ім выдзяляюцца атрыбутыўная, апісальная, матывіровачная і рэзалютыўная часткі. Атрыбутыўная частка ўключае ў сябе патрабаванні аб дакладнай назве акта прымянення, якая замацавана нарматыўна і адпавядае характару акта прымянення права, напрыклад, рашэнне суда. Яна ўключае ў сябе ўказанні на дату і месца вынясення акта прымянення, а таксама на дакладную назву органа ці ўстановы, якія вынеслі акт прымянення права. Атрыбутыўная частка ўключае ў сябе і подпісы ўпаўнаважаных асоб.

Апісальная частка ўтрымлівае ў сабе апісанне і аналіз фактычных абставін справы, доказы па справе. Матывіровачная частка ўказвае на матывы, якімі кіруецца ўпаўнаважаны орган ці службовая асоба пры вынясенні акта прымянення права. Рэзалютыўная частка змяшчае само рашэнне.

Акты прымянення права заўсёды скіраваны на вырашэнне канкрэтнай справы, выносяцца ўпаўнаважанай уладнай структурай і скіраваны на дасягненне пэўных мэт. Звычайна мэты актаў прымянення права дакладна і ясна вызначаюцца і акрэсліваюцца ў праве, яго нормах. Але часта норма права, якая павінна быць прыменена, утрымлівае ў сабе магчымасць выбару з боку правапрымяняльніка таго ці іншага варыянту рашэння. У гэтых сітуацыях цалкам лагічна паўстае пытанне аб эфектыўнасці прынятага рашэння і, адпаведна, эфектыўнасці акта прымянення права. Калі прынятае рашэнне дасягае тых мэт, якія вынікаюць са зместу нормы права, то акт прымянення права можна лічыць эфектыўным.

Як да прымянення права цалкам, так і адносна актаў прымянення права існуе шэраг патрабаванняў, асобныя з якіх дакладна замацаваны на нарматыўным узроўні. Ёсць агульныя патрабаванні да зместу і формы акта, яго структуры, існуюць нарматыўна замацаваныя патрабаванні да асобных відаў актаў прымянення права. За тым, наколькі акты прымянення права адпавядаюць нарматыўна ўсталяваным патрабаванням па зместу і форме, звычайна ў дзяржаве ажыццяўляюцца строгія нагляд і кантроль. У дзяржаве ствараюцца нават спецыяльныя дзяржаўныя структуры, напрыклад, пракуратура, на якія ўскладваюцца абавязкі па кантролю за актамі прымянення права. Адпаведнасць актаў прымянення права па свайму зместу і форме нарматыўна ўсталяваным патрабаванням азначае, што акты прымянення дзейнічаюць у дакладна акрэсленым прававым полі і выконваюць ускладзеныя на іх «прававыя абавязкі». І, наадварот, неадпаведнасць актаў прымянення права нарматыўна замацаваным патрабаванням азначае, што яны будуць аспрэчаны ці аб’яўлены незаконнымі і іх трэба адмяніць.

Незаконныя, неабгрунтаваныя акты прымянення права, акты прымянення права, якія былі вынесены з парушэннем усталяванай формы і працэдуры прыняцця, нематываваныя і немэтазгодныя акты павінны быць адменены. У шэрагу выпадкаў нават асобныя парушэнні працэдуры прыняцця актаў прымянення права прыводзяць да юрыдычнай нікчэмнасці актаў прымянення права.