4. Паняцце і віды сістэматызацыі крыніц права
^ Вверх

4. Паняцце і віды сістэматызацыі крыніц права

 

Непасрэднымі вынікамі праваўтварэння (стварэння права), розных відаў праватворчасці і нарматворчасці з’яўляецца права ў розных формах яго існавання – у форме праваадносін, прававой свядомасці і пазітыўнага права. Дзеючае права павінна быць адэкватным існуючым грамадскім адносінам, лагічным і несупярэчлівым. Паколькі асноўнай (вядучай) формай права ў рамана-германскай прававой (кантынентальнай) прававой сям’і з’яўляецца пазітыўнае права, а асноўнай яго крыніцай выступае нарматыўны прававы акт, то паняцце сістэматызацыі распрацоўвалася ў айчыннай юрыдычнай навуцы пераважна на прыкладзе дадзенай крыніцы права. Але ў беларускай прававой сістэме выкарыстоўваецца не толькі нарматыўны прававы акт, а ўсе віды крыніц права, таму мэтазгодна ахапіць паняццем сістэматызацыі ўсе віды дзеючых крыніц права і весці размову аб сістэматызацыі крыніц права. Акрамя гэтага, мэтазгодна ўключыць у паняцце сістэматызацыі дзейнасць не толькі дзяржавы, але і іншых сацыяльных суб’ектаў, якія альбо ствараюць дзеючыя крыніцы права, альбо іх выкарыстоўваюць. У такім разе пад сістэматызацыяй у самым агульным плане можна разумець дзейнасць дзяржавы, яе органаў і іншых сацыяльных суб’ектаў, якая скіравана на сістэматыку і падтрыманне дзеючых крыніц права ў «працоўным стане».

У залежнасці ад відаў крыніц права, якія сістэматызуюцца, можна выдзеліць сістэматызацыю нарматыўных прававых актаў, дагавораў нарматыўнага зместу, прэцэдэнтаў, нарматыўных актаў органаў судовай улады і г. д. У залежнасці ад суб’ектаў, якія праводзяць сістэматызацыю, можна весці размову аб сістэматызацыі дзяржаўнай і недзяржаўнай. Крыху іншыя віды сістэматызацыі крыніц права атрымліваюцца пры падзеле сістэматызацыі на афіцыйную і неафіцыйную.

Сістэматызацыя крыніц права праводзіцца з рознымі мэтамі, рознымі суб’ектамі і рознымі метадамі. У залежнасці ад дадзеных крытэрыяў можна выдзеліць наступныя яе віды: інкарпарацыю, кансалідацыю, кадыфікацыю.

Інкарпарацыя (ад лац. in corpore – «цэлае», «у адно») уяўляе сабой такую дзейнасць, мэтай якой з’яўляецца звядзенне ў адзінае цэлае ўжо дзеючых у грамадстве нарматыўных прававых актаў і іншых крыніц права. Падчас інкарпарацыі выяўляюцца састарэлыя і супярэчлівыя нормы права, якія змешчаны ў розных крыніцах права. У выпадку, калі інкарпарацыя мае афіцыйны характар, састарэлыя нормы права «выводзяцца» з прававой сістэмы, а супярэчнасці ліквідуюцца. Прыкладам інкарпарацыі з’яўляюцца разнастайныя зборнікі заканадаўства Рэспублікі Беларусь, у якіх змя­шчаюцца нарматыўныя прававыя акты, а таксама іншыя крыніцы норм права, якія рэгламентуюць пэўныя віды грамадскіх адносін, напрыклад, працоўнае заканадаўства, пенсіённае заканадаўства і
г. д. Інкарпарацыя дазваляе сабраць, як кажуць, пад адной «воклад­кай» усе крыніцы права (ці іх асобныя часткі), агледзець увесь ­аб’ём нарматыўнага матэрыялу з тым, каб распрацаваць стратэгію і тактыку яго ўдасканалення. Інкарпарацыя з’яўляецца універсальным відам сістэматызацыі крыніц права, таму што яна прыдатная для кожнага з відаў крыніц права і для ўсёй іх сістэмы.

Кансалідацыя ўяўляе сабой аб’яднанне некалькіх крыніц права, якія рэгламентуюць адны і тыя самыя грамадскія адносіны па адных і тых жа пытаннях, у адну крыніцу. У адрозненне ад інкарпарацыі, якая прыдатная для сістэматызацыі абсалютна ўсіх відаў крыніц права, кансалідацыя можа быць выкарыстана пры сістэматызацыі аднайменных крыніц права. Аб’яднаць у адну крыніцу можна, напрыклад, нарматыўныя прававыя акты, якія выдадзены адным і тым жа органам дзяржавы па аднаму і таму ж пытанню. Кансалідаваць можна, напрыклад, і дагаворы нарматыўнага зместу, якія заключаны аднымі і тымі ж суб’ектамі нарматворчасці,
г. зн. маюць аднолькавую юрыдычную сілу, у адзін дагавор нарматыўнага зместу.

Кадыфікацыя ўяўляе сабой дзейнасць дзяржавы, яе органаў ці некалькіх дзяржаў па сістэматызацыі крыніц права, у выніку якой на месцы мноства дзеючых крыніц права, якія рэгламентавалі грамадскія адносіны, з’яўляецца адзіная і якасна новая па форме і зместу крыніца права (часта пад назвай «Кодэкс»). Пры гэтым тыя крыніцы права, якія дагэтуль уздзейнічалі на грамадскія адносіны, прызнаюцца страціўшымі юрыдычную сілу. Такім чынам, кады­фікацыя вырашае шэраг задач. Па-першае, яна прыводзіць да якаснага абнаўлення прававога рэгулявання грамадскіх адносін. Па-другое, кадыфікацыя садзейнічае ліквідацыі супярэчнасцей у сістэме крыніц права. Па-трэцяе, кадыфікацыя змяншае аб’ём дзеючага нарматыўнага прававога матэрыялу і робіць яго больш кампактным і зручным для правапрымяняльнікаў і правакарыстальнікаў.

Выдзяляецца кадыфікацыя нацыянальная і міжнароднаправавая, кадыфікацыя суцэльная (генеральная), галіновая і кадыфікацыя ў межах галінаў, падгалінаў і асобных інстытутаў права. Кадыфікацыя – такі від сістэматызацыі, які выкарыстоўваецца пераважна для сістэматызацыі аднаго і відаў крыніц права. Унутры дзяржавы такой крыніцай права выступае нарматыўны прававы акт, а ў міжнародным праве кадыфікуюцца звычайна шматбаковыя дагаворы і прававыя звычаі.

Кадыфікацыя – такі від дзейнасці ў сферы права, у якім арганічна спалучаюцца элементы праватворчасці, нарматворчасці і сістэматызацыі. Стварэнне кадыфікаваных актаў, асабліва правя­дзенне галіновай ці суцэльнай кадыфікацыі, патрабуе грунтоўных навуковых распрацовак, прыняцця сістэмы якасна новых крыніц права і адмены састарэлых, стаціўшых сваё значэнне. Пры кады­фікацыі ствараюцца якасна новыя прававыя эквіваленты альбо ў форме правасвядомасці і навуковых палажэнняў, альбо ў форме іншых крыніц права. Калі створаныя падчас кадыфікацыі прававыя эквіваленты па нейкіх прычынах не знаходзяць увасаблення ў дзеючай сістэме крыніц права, то мы маем справу з элементамі праватворчасці, калі ж прававыя эквіваленты знаходзяць замацаванне ў дзеючай сістэме крыніц права (у пазітыўным праве), то мы маем справу з нарматворчай прыродай кадыфікацыі, а калі падчас і ў выніку кадыфікацыйнай дзейнасці ўладкоўваецца сістэма дзеючых крыніц права, то мы назіраем праявы сістэматызацыі.

Часта сярод відаў, асобных форм сістэматызацыі называюць улік, класіфікацыю і размяшчэнне (рэгістрацыю) нарматыўных прававых актаў (крыніц права). Аднак падчас дадзенай дзейнасці, якая ажыццяўляецца як дзяржаўнымі, так і недзяржаўнымі органамі і арганізацыямі, сістэма дзеючых крыніц права не ўладкоўваецца ні па форме, ні па зместу. У Рэспубліцы Беларусь улік і рэгістрацыя крыніц права ажыццяўляецца Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі (НЦПІ), які адначасова праводзіць працу па стварэнню і захаванню Эталоннага банка дадзеных прававой інфармацыі (ЭБДПІ). Выданне НЦПІ афіцыйнай крыніцы апублікавання крыніц права – Нацыянальнага рэестра прававых актаў Рэспублікі Беларусь – дзейнасць, якая, безумоўна, мае дачыненне да сістэматызацыі крыніц права, бо стварае неабходныя перадумовы для інкарпарацыі, кансалідацыі і кадыфікацыі. Але як пры рэгістрацыі крыніц права ў НЦПІ, так і пры вядзенні іх Нацыянальнага рэестра, як пры захаванні крыніц права ў ЭБДПІ, так і пры іх апублікаванні ў Нацыянальным рэестры прававых актаў крыніцы права не апрацоўваюцца і не ўдасканальваюцца ні па форме, ні па зместу, а таму адзначаныя віды дзейнасці органаў дзяржавы не маюць дачынення да сістэматызацыі крыніц права.

Апошнім часам у нарматворчай дзейнасці мы сустракаемся з даволі пашыранай практыкай унясення змяненняў у дзеючыя крыніцы права і выдання крыніц права (асабліва нарматыўных прававых актаў) у новай рэдакцыі). Дадзеная дзейнасць скіравана галоўным чынам на тое, каб стварыць адмысловыя новыя прававыя эквіваленты ці змяніць існуючыя нормы права. Яна суправаджаецца таксама прызнаннем страціўшымі сілу пэўных відаў крыніц права і такім чынам часткова выконвае асобныя задачы па сістэматызацыі крыніц права. Але прававая прырода гэтага віду дзейнасці ў сферы права пакуль што вывучана не да канца, і таму было б паспешным адносіць яе да асобнага віду сістэматызацыі крыніц права. Дадзенае пытанне патрабуе далейшага вывучэння.

Да асобных відаў сістэматызацыі ў вучэбных дапаможніках і падручніках па агульнай тэорыі права часта адносяць Звод законаў і выданне Зборнікаў дзеючага заканадаўства.