3. Дзяржаўная сістэма прававой інфармацыі. Адзіны прававы класіфікатар. Апублікаванне крыніц права
У Рэспубліцы Беларусь створана і дзейнічае унікальная сярод дзяржаў СНД Дзяржаўная сістэма прававой інфармацыі (скарочана – ДзСПІ). Яна ўключае: а) аўтаматызаваную сістэму фармавання дзяржаўнага інфармацыйнага прававога рэсурсу; б) сістэму распаўсюджання прававой інфармацыі; в) сістэму міждзяржаўнага абмену прававой інфармацыяй.
Аўтаматызаваная сістэма фармавання дзяржаўнага інфармацыйнага прававога рэсурсу ўключае ў сябе: 1) Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь – адзіную уніфікаваную сістэму ўліку і афіцыйнага апублікавання прававых актаў, якая не мае аналагаў на тэрыторыі СНД; 2) Эталонны банк дазеных прававой інфармацыі (скарочана – ЭБДПІ), які ўяўляе сабой поўны сістэматызаваны збор заканадаўства Рэспублікі Беларусь на электронных (магнітных) носьбітах у кантрольным стане і створаныя на яго базе іншыя базы дадзеных. Эталонны банк дадзеных прававой інфармацыі ўтрымлівае звесткі аб: а) нарматыўных прававых актах дзяржаўных органаў; б) аб міжнародных дагаворах; в) аб актах органаў кіравання і самакіравання. Эталонны банк дадзеных прававой інфармацыі папаўняецца інфармацыяй «Судовая практыка». Але пакуль што незразумела, якую практыку павінен утрымліваць ЭБДПІ; 3) Адзіны прававы класіфікатар – сістэматызаваны звод кодаў і найменняў класіфікацыйных дзяленняў, якія адлюстроўваюць галіны права і прававыя інстытуты, што згрупаваны па прадмету прававога рэгулявання і прызначаны для фармавання інфармацыйных масіваў прававой інфармацыі.
Сістэма распаўсюджання прававой інфармацыі прадстаўляе афіцыйную, поўную і актуальную прававую інфармацыю дзяржаўным органам, юрыдычным і фізічным асобам з дапамогай друкаваных выданняў, у камп’ютарным выглядзе, у тым ліку і праз Інтэрнет.
Прыватным выпадкам і адначасова складанай часткай сістэмы распаўсюджання прававой інфармацыі з’яўляецца пытанне аб апублікаванні крыніц права – давядзенні ідэнтычнага зместу дзеючых крыніц права да ведама суб’ектаў права, удзельнікаў грамадскіх адносін. Паколькі з апублікаваннем звязаны вельмі істотныя моманты дзеяння крыніц права, то звычайна ў кожнай нацыянальнай прававой сістэме ўсталёўваецца вельмі дакладны пералік афіцыйных сродкаў апублікавання для кожнага віду дзеючых крыніц права.
Згодна з агульным правілам апублікавання крыніц права, якое дзейнічае ў прававой сістэме Рэспублікі Беларусь, афіцыйнае апублікаванне крыніц права адбываецца пасля таго, як яны ўключаны ў Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, г. зн. зарэгістраваны адпаведным чынам, а датай афіцыйнага апублікавання лічыцца выхад у свет афіцыйнага выдання, у якім змешчана крыніца права. Але дэкрэты Прэзідэнта краіны і законы падлягаюць неадкладнаму афіцыйнаму апублікаванню адразу пасля падпісання.
У адпаведнасці з Палажэннем аб афіцыйным апублікаванні і ўступленні ў сілу прававых актаў Рэспублікі Беларусь, якое было зацверджана Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 10.12.1998 г. № 22, былі вызначаны выданні, якія ажыццяўляюць афіцыйнае апублікаванне нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь. Да іх ліку адносяцца: Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь (для ўсіх нарматыўных прававых актаў), газета «Советская Белоруссия» (для актаў Прэзідэнта краіны, пастаноў Пленумаў Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Судоў), газеты «Звязда» і «Народная газета» (для законаў, пастаноў палат Парламента, рашэнняў Канстытуцыйнага Суда), газета «Рэспубліка» (для пастаноў Савета Міністраў краіны, актаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання). Для нарматыўных прававых актаў, якія выдаюцца органамі мясцовага самакіравання і кіравання, афіцыйнымі крыніцамі (сродкамі) апублікавання з’яўляюцца выданні, якія вызначаюцца абласнымі Саветамі дэпутатаў і выканаўчымі камітэтамі.
Сёння ДзСПІ практычна выступае складанай часткай прававой сістэмы дзяржавы, механізма прававога рэгулявання і прававога ўздзеяння.