1. Праваўтварэнне, фармаванне і стварэнне права. Праватворчасць, нарматворчасць і заканатворчасць
У сучаснай юрыдычнай літаратуры ўжываюцца розныя паняцці і тэрміны для азначэння працэсаў, якія ляжаць у падмурку стварэння і развіцця права – праваўтварэнне, фармаванне права, стварэнне права, праватворчасць, нарматворчасць, заканатворчасць і г. д. Розныя падыходы да вызначэння аб’ёму і зместу вышэйакрэсленых паняццяў і тэрмінаў у даследаваннях аўтараў, якія маюць сваё адметнае сістэмнае ўяўленне аб праве, яго сутнасці, праявах і іншых прававых рэальнасцях, як правіла, абапіраюцца на папярэдне зробленыя высновы, а таму з’яўляюцца лагічнымі і паслядоўнымі.
Як вядома, права першапачаткова зараджаецца ў таварна-грашовых адносінах. Удзельнікі гэтых адносін вымушаны ствараць пэўныя трафарэты, стандарты, правілы, нормы, з дапамогай якіх можна ўрэгуляваць сацыяльныя сувязі. Працэс гэты можа адбывацца стыхійна, але часцей за ўсё знаходзіцца пад кантролем грамадства і кожнага ўдзельніка грамадскіх адносін. Але ў любым выпадку пэўны трафарэт, пэўнае правіла паводзін будзе абавязкова створана, бо без яго існаваць і нармальна развівацца існуючыя ў грамадстве таварна-грашовыя адносіны не ў стане. Так ствараецца першасная форма існавання права – прававыя адносіны.
Сістэма створаных грамадствам прававых эквівалентаў затым асэнсоўваецца ўдзельнікамі грамадскіх адносін у якасці справядлівых, заканамерных, патрэбных грамадству правіл паводзін. Складваецца асобная форма грамадскай свядомасці – прававая свядомасць, якая і ўяўляе сабой другую форму існавання права. Уяўленні аб праве замацоўваюцца на ўзроўні ўсяго грамадства, ім надаецца агульнаабавязковае значэнне. Без гэтага створанае ў грамадстве права не будзе мець завершанай формы. Прававыя эквіваленты замацоўваюцца ў сістэме афіцыйна ўсталяваных крыніц права. Афіцыйна замацаванае ў грамадстве права называецца пазітыўным правам і складае трэцюю форму існавання права.
Кожная з адзначаных форм існавання права ўзнікае сваім адметным непаўторным шляхам, мае свой механізм фармавання і разам з тым з’яўляецца самастойным этапам у станаўленні права. Без існавання першасных прававых адносін не можа сфармавацца развітая прававая свядомасць, а без прававой свядомасці, без асэнсавання прававых эквівалентаў, якія склаліся ў першасных правааадносінах, не ўзнікае пазітыўнае права ў самых розных яго формах (крыніцах). Вядома, што права можа ўзнікаць і шляхам «зверху–уніз». Пры такім варыянце да механізмаў стварэння кожнай з форм існавання права дадаюцца новыя элементы, новыя прыёмы, невядомыя метады. У выніку мы атрымліваем даволі поўнае ўяўленне аб стварэнні кожнай з форм (іпастасяў) права.
Для апісання ўсяго працэсу станаўлення права цалкам, калі права існуе ў разгорнутай, поўнай форме і ўключае ў сябе тры іпастасі (прававыя адносіны, прававую свядомасць і пазітыўнае права), найбольш адэкватным будзе паняцце (тэрмін) праваўтварэння («правообразование»). Паняцце (тэрмін) праваўтварэння ўключае як асэнсаваныя, так і стыхійныя моманты, якія заўсёды прысутнічаюць на ўсіх этапах станаўлення права, і найлепшым чынам апісвае працэс станаўлення права, складвання ўсіх яго форм (іпастасяў). Паняцце праваўтварэння права апісвае паслядоўнасць і дынамізм у станаўленні права, паслядоўнасць у разгортванні і ўтварэнні ўсіх яго форм. Не менш важна і тое, што дадзенае паняцце скіравана на апісанне механізмаў пераходу ад адной формы існавання права да другой яго іпастасі (формы). Нарэшце, паняцце праваўтварэння ўключае не толькі стварэнне прававых эквівалентаў (суразмернасцей), але і іншых элементаў прававой матэрыі, якія суправаджаюць станаўленне прававых эквівалентаў на кожным этапе стварэння права.
Паняцце ж стварэння права будзе тоесным па аб’ёму паняццю праваўтварэння, але яно найлепшым чынам апісвае працэс праваўтварэння ў варыянце, калі станаўленне права адбываецца шляхам «зверху–уніз». Такім чынам, паняцці праваўтварэння і стварэння права з’яўляюцца найбольш агульнымі паняццямі, з дапамогай якіх апісваюцца ўсе магчымыя шляхі яго станаўлення. Гэтыя паняцці можна выкарыстоўваць і ў якасці ўзаемазамяняемых, але калі яны выкарыстоўваюцца побач, для апісання станаўлення права, то кожнае з іх будзе мець свае адметныя якасці і ўласцівасці. Паміж акрэсленымі паняццямі існуе і розніца, якая зводзіцца да наступнага. Праваўтварэнне заўсёды прыводзіць да стварэння права ва ўсіх ці некалькіх яго формах. Стварэнне ж права, якое пачынаецца «зверху–уніз», можа і не быць завершана вынікова. Можа так здарыцца, што правілы паводзін, якія створаны, напрыклад, дзяржаўнымі органамі, не будуць успрыняты грамадствам і не пераўтворацца ў прававыя эквіваленты.
Фармаванне права – паняцце (тэрмін), якое найбольш адэкватна апісвае складванне прававых эквівалентаў на самай першаснай стадыі станаўлення права, калі яно ствараецца ў ходзе разнастайных сацыяльных сувязей усіх удзельнікаў грамадскіх адносін. Дадзены тэрмін, як уяўляецца, найбольш адэкватна апісвае шмат у чым стыхійны характар складвання права ў рэальных грамадскіх адносінах. Прававыя эквіваленты тут менавіта фармуюцца, паступова «выспяваюць», эксперыментальна выпрабоўваюцца і правяраюцца на адпаведнасць сістэмным уяўленням аб прававой справядлівасці. Тэрмін «фармаванне» выкарыстоўваецца і ў дачыненнях да складвання правасвядомасці, а таксама ў адносінах да пазітыўнага права. Такім чынам, тэрмін «фармаванне» найбольш адэкватна апісвае складванне нейкай асобнай формы (іпастасі права) і найчасцей у спалучэнні з тэрмінам «права» выкарыстоўваецца для абазначэння і адлюстравання такой формы права, як прававыя адносіны.
На гэтай самай стадыі, асабліва на заключных яе фазах, там, дзе бярэ свой пачатак «правасвядомасць», г. зн. пачынае фармавацца правасвядомасць і пачынаецца мэтанакіраваная дзейнасць па наданню створаным прававым эквівалентам якасці пазітыўнага права, пачынаецца (ці заканчваецца) той від сацыяльна-карыснай дзейнасці, якая называецца праватворчасцю і якая ўяўляе ўсвядомленую, мэтанакіраваную дзейнасць сацыяльных суб’ектаў, а таксама ўпаўнаважаных органаў, устаноў і арганізацый, скіраваную менавіта на стварэнне права, а дакладней, на паспяховае завяршэнне працэсаў праваўтварэння. І пры гэтым не мае значэння шлях стварэння права. Праватворчасць альбо пачынаецца на заключных этапах фармавання права, у грамадскіх адносінах, альбо завяршаецца пасля таго, як створаныя і замацаваныя ў пазітыўным праве прававыя эквіваленты асэнсаваны і ўсвядомлены сацыяльнымі суб’ектамі (адрасатамі, удзельнікамі грамадскіх адносін) у якасці прававых эквівалентаў (суразмернасцей). Праватворчасць суправаджаецца элементамі планавасці і арганізаванасці, у сучасных развітых дзяржавах яна мае сістэмны характар і прагнозную падтрымку. Але для праватворчасці важна і тое, што яна скіравана не толькі на стварэнне нормы права, але і іншых яго праяў.
Паняцце ж нарматворчасці скіравана на тое, каб адлюстраваць працэс стварэння і замацавання сэрцавіны ўсіх трох форм існавання права – прававых эквівалентаў (норм права). Яно з’яўляецца больш вузкім у параўнанні з паняццем праваўтварэння, таму што апошняе ахоплівае стварэнне і іншых прававых рэалій. У юрыдычнай навуцы паняцце нарматворчасці выкарыстоўваецца таксама і ў іншым, больш шырокім плане. Паняццем нарматворчасці ў шырокім сэнсе слова называюць працэс стварэння самых розных па зместу і характару норм права – норм маралі, норм этыкету і г. д. і нават працэс стварэння тэхнічных норм.
У дадзенай тэме вучэбнага курса па агульнай тэорыі права паняцце нарматворчасці выкарыстоўваецца ў больш вузкім сэнсе слова, яно ўжываецца для абазначэння працэсаў стварэння прававых эквівалентаў (норм права). Такі падыход да азначэння нарматворчасці цалкам адпавядае разуменню нормы права, якое было сфармулявана намі ў папярэдніх тэмах. Разам з тым такое разуменне паняцця нарматворчасці адрозніваецца ад паняцця нарматворчасці, якое замацавана ў Законе аб нарматыўных прававых актах. Пад нарматворчай дзейнасцю ў адзначаным Законе разумеецца навуковая і арганізацыйная дзейнасць па падрыхтоўцы, экспертызе, змяненню, дапаўненню, прыняццю (выданню), тлумачэнню, прыпыненню дзеяння, прызнанню страціўшымі сілу ці адмене нарматыўных прававых актаў. Як бачна, нарматыўна замацаванае азначэнне нарматворчасці прывязваецца ў Законе «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь» да аднаго з відаў крыніц права – нарматыўных прававых актаў.
Такім чынам, праватворчасць ахоплівае працэс стварэння дзвюх форм існавання права – прававой свядомасці і ўсяго аб’ёму пазітыўнага права, а нарматворчасць уключае ў сябе працэс стварэння норм права на ўсіх этапах станаўлення права – як на этапе яго фармавання, так і на стадыі праватворчасці. Паміж паняццямі праватворчасці і нарматворчасці назіраецца несупадзенне. Несупадзенне існуе і паміж паняццямі праваўтварэння і нарматворчасці. Але гэта несупадзенне іншага характару. Нарматворчасць можна лічыць у пэўным сэнсе слова стрыжнем праваўтварэння, якое ўключае ў сябе працэс стварэння і іншых прававых рэалій.