АРФАГРАФІЯ
^ Вверх

Арфаграфія

 

111. Супастаўце словы арфаграфія і правапіс паводле іх сэнсавага зместу. Якія семантычныя адносіны існуюць паміж гэтымі словамі? Ці аднолькавыя спалучальныя магчымасці гэтых слоў? Выкарыстайце пры адказе спалучэнні тыпу правапіс зычных, арфаграфія і пунктуацыя, спрэчныя пытанні арфаграфіі, марфалагічны прынцып арфаграфіі.

 

112.  Назавіце чатыры асноўныя раздзелы, з якіх складаецца беларуская арфаграфія. У якіх з гэтых раздзелаў уваходзіць больш як палавіна ўсіх арфаграфічных правілаў? З якіх трох падраздзелаў складаецца гэты раздзел?

 

113. У чым сутнасць фанетычнага прынцыпу арфаграфіі? Чаму ён мае такую назву? Вызначце, напісанне якіх літар у словах, прыведзеных ніжэй, грунтуецца на фанетычным прынцыпе. Адначасова называйце правіла напісання гэтых літар.

 

Бездакорны, беспадстаўны, бязмежнасць, бясколернасць, зжынаць, скормлены, узрадаваць, успаўзаць, роздум, роспіс, разгрузіць, расшываць, узмах, цнраспалосіца, успаўзаць, ускрыкнуць.

Выкрасліць, выпрагчы, зашчабятаць, цадзілка, зачарсцвець, драўніна, шасці, шарахаваты, шаптаць, брахаць, выгаралы.

Клятчасты, вятры, ляснік, спяцоўка, каляндар, дзяжурны, пярсцёнак, цямнець, зямля, Сцяпан, бялявы.

Вусач, воцат, вобмацкам, Навуменка, вустрыца, Тадэвуш, завулак,зна, посны, зласлівы, карыслівы, жаласлівы.

Сёння, сягоння, Палессе, мышшу, каменне, прыволле, суддзя, пяццю, бездарожжа, палоззе, роспаччу, стагоддзе, паўстагоддзя.

Карэліцкі, сваяцкі, выдавецкі, студэнцкі, салдацкі, турэцкі, ткацкі, птаства, прыгоства, мноства, адэскі, чэркескі, вільнюскі.

Сатыра, дыскрэдытаваць, цюлевы, дыск, авантура, мястэчка, сарціроўшчык, камандзіроўка, каранцін, дзвесце, акцёр.

 

114. У чым сутнасць марфалагічнага прынцыпу арфаграфіі? Вызначце, напісанне якіх літар у пададзеных ніжэй словах грунтуецца на гэтым прынцыпе. Адначасова называйце правіла напісання гэтых літар.

 

Лічба, прыказка, бабка, голуб, дождж, пад’езд, ксёндз, парэжце, хрэсьбіны, блізка, трубка, бярозка, дзядзька, лёгкі, узлезці.

Пясчаны, грузчык, брусчатка, зжынаць, раз’язджаць, грузчык, рэчцы, падточцы, печцы, смяешся, дарадчык, пераплётчык, перабежчык, перапісчык, расказчык, наладчык, пагрузчык, падмазчык, казахскі, рыжскі, волжскі, добрушскі, чэшскі, латышскі, абхазскі, белавежскі, нясвіжскі, узбекскі.

Надпісаць, абсыпаць, абнесці, абтаўчы, адкінуць, адгрузка, надбудова, падтуліць, падсунуць, надкосны.

Без ведаў, не трэба, не мог, не стой, без патрэбы, без натхнення, без стыпендыі, не толькі, без дазволу.

Дзве, цвісці, сцвярджаць, світаць, цвік, узлёт,песня, звінець, заснежыць, счарсцвець, дзверы, сляды, з’есці.

Братцы, адцяжка, падчас, на кладцы, у лодцы, у вопратцы, матчын, селядцы, раслінаводчы, на кветцы, на рэчцы.

Памяць, лямантаваць, пояс, месяц, ахвяраваць, ярмолка, ялей, пяцярня, упяцярых, выняньчыць, выгляд, завязь, роўнядзь, чэлядзь, дробязь, боязь.

 

115. Як разумець выказванне К.Крапівы (артыкул «Пытанні беларускага правапісу»), што ў нас запазычанні неславянскага паходжання «карыстаюцца правамі экстэрытарыяльнасці»? Праілюструйце гэтыя «правы» прыкладамі з правілаў акання, якання, напісання у (складовага) і інш.

 

116. Якія памылкі будуць дапушчаны, калі мы пры арфаграфічным аналізе назоўнікаў сезон, апетыт, бетон і прыметнікаў сезонны, апетытны, бетонны ці дзеяслова бетанаваць скажам, што тут у першым складзе перад націскам трэба пісаць не я, а е, бо яканне не пашыраецца на запазычанні неславянскага паходжання?

 

117. Спачатку адзначце словы, у якіх ёсць напісанні, заснаваныя на фанетычным прынцыпе, а пасля – на марфалагічным прынцыпе.

 

Нормы пісьмовай мовы ўстанаўліваюцца не адвольна, а на падставе законаў агульнанароднай мовы, якія ствараліся і ўдасканальваліся на працягу многіх вякоў. Правапіс, як збор арфаграфічных норм, таксама павінен грунтавацца на законах агульнанароднай мовы.

Правапіс гэта ёсць дагавор пісьменных людзей, узаемнае абавязацельства трымацца пры пісьме ўстаноўленых правіл. А паколькі ў нашай краіне ўсе людзі пісьменныя, то правапіс у нас з’яўляецца справай агульнанароднай. Зацверджаны рашэннем урадавых органаў, ён становіцца абавязковым законам. (Крап.)

 

118. Калі ў навучальнай і навуковай літаратуры размова ідзе пра прынцыпы арфаграфіі, то чамусьці нідзе не адзначаецца даволі пашыраная асаблівасць нашага правапісу, абумоўленая тым, што асіміляцыйная мяккасць зычных гукаў [з],  [с],  [дз],  [ц] перад наступнымі мяккімі зычнымі на пісьме не абазначаецца мяккі знакам. У гэтай сувязі пры напісанні пэўнай літары нярэдка адначасова спалучаюцца фанетычны і марфалагічны прынцыпы. Параўн. напісанне двух слоў: сказаць і спіхнуць. У першым слове, у адпаведнасці з фанетычным прынцыпам, пішампрыстаўкус-, а не з-. У слове спіхнуць  па той жа прычыне пішам прыстаўку с-, хоць вымаўляецца не [с], як у папярэднім слове, а сь [с’], захоўваем гэту марфему ў нязменнасці. Значыць, пры перадачы гэтай прыстаўкі ў слове спіхнуць  мы кіруемся адначасова фанетычным і марфалагічным прынцыпамі. Дарэчы, да арфаграфічнай рэформы 1933г. У словах тыпу спіхнуць мяккасць папярэдняга зычнага абазначалася мяккім знакам  (сьпіхнуць) і, такім чынам, напісанне ажыццяўлялася па фанетычным прынцыпе.

Вызначце, якіх пададзеных ніжэй словах (на стыку прыстаўкі і кораня) назіраецца такая ж самая з’ява.

 

Збадзяцца, збалець, расхістаны, збегаць, з’есці, збедніцца, зблакіраваць, спісаць, усцешыць, аддзіраць, здымаць, знімаць, зжаць, скамянець, скідаць, спяваць, сплаўляць, спячыся, ускалыхнуць, успенены, усплыць, усцягнуць, усчаць, ускіпець, паддзёбваць, наддзвінне, аддзел, аддзяжурыць, схібіць, паддзімаць, разметка, размінаць, размываць, распіхаць, узважыць, узвінціць, узведзены, уз’ехаць, распад, наддзерці., устрэсванне, спапяліць, змахнуць, знясіліць, згібець, зганяць, наддзерці.

 

119. У «Сучаснай беларускай літаратурнай мове: Лексікалогія. Фанетыка. Арфаграфія» (1993, с, 185) гаворыцца, што беларускі правапіс грунтуецца на двух прынцыпах – фанетычным і марфалагічным. Тое самае сцвярджаецца і ў шмат якіх іншых навучальных працах для студэнтаў (напрыклад, у «Беларускай мове. Ч. 1» М.І.Гурскага, М.Г.Булахава, М.Ц.Марчанкі; 1968, с. 112), а таксама ў дапаможніку для вучняў старэйшых класаў «Беларуская мова» М.Ц.Кавалёвай (1995, с. 75). Але гэта сцвярджэнне нельга лічыць дакладным. І вось чаму:

Як ужо часткова гаварылася (практ. 2), у акадэмічных «Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (Мінск, 1959) у 155 параграфах падаюцца арфаграфічныя правілы, прычым вельмі многія параграфы змяшчаюць у сабе не адно правіла, а два, тры і болей. Інакш кажучы, у нашым правапісе каля 500 правілаў. Яны, сістэматызуючыся, аб’ядноўваюцца ў чатыры групы (ці раздзелы): 1) правілы перадачы на пісьме гукавога складу слоў, 2) правілы напісання разам, праз злучок ці асобна, 3) правілы ўжывання вялікай літары, 4) правілы пераносу слоў. Больш за палавіну правілаў прыпадае на першую групу (91 параграф са 155). Яны ў сваю чаргу падзяляюцца на тры падгрупы: у адной разглядаецца правапіс галосных, у другой – правапіс зычных, у трэцяй – правапіс мяккага знака і апострафа.

Толькі правілы першай групы , звязаныя з перадачай на пісьме гукавога складу слоў, ці, інакш, з напісаннем літар у словах або іх частках, засноўваюцца на фанетычным ці марфалагічным прынцыпах. Астатнія памянёныя вышэй тры групы правілаў не маюць ніякай сувязі  ні з фанетычным , ні з марфалагічным прынцыпамі.

Назавіце, якія з падкрэсленых арфаграм засноўваюцца на фанетычным ці марфалагічным прынцыпах або на фанетычным і марфалагічным адначасова, а якія арфаграмы не маюць дачынення да гэтых прынцыпаў арфаграфіі

 

1. Мы едзем на  Далёкі Усход. Яшчэ за дзесяць хвілін да таго, як выклікалі нас у Саюз пісьменнікаў, у кожнага былі свае планы і клопаты: адзін збіраўся ў вёску, другі ў дом адпачынку, трэці ў падарожжа па Палессі. (Грах.) 2. Бела-чырвона-белы сцяг ім, бачыце, ненавісны за тое, што яго насілі паліцаі. Дык паліцаі насілі і штаны, што ж тады вынікае з вашых вучоных вуснаў, шаноўныя панове? (В.Б.) 3. Цяпер успомнілася, з якім хваляваннем глядзелася зверху на тундру. На яе зялёна-бура-шэрую самотную бязмежнасць. (Б.) 4. Хвастаты нарэшце сцяміў гэта і хуценька нырнуў з бочкі пад скрынкі. (В.Б.) 5. Нас па-брацку тут яднае з далёкай бацькаўшчыны песня. (Гіл.) 6. У Дзяржынску быў малаказавод, на якім кралі смятану. Яе прадавалі не дзе-небудзь, а ў гарадскім гандлі, з якім малаказаводчыкі былі звязаныя. Але органы кантролю выкрылі зладзеяў. Судзілі. Пасадзілі. І ў магазінах знікла смятана. Каму ад таго стала лепей? (В,Б.)  7. Па-беларуску, увечары, падвечар, з вечара да ранку, дзед Талаш; перанос слоў: трыц-цаць, салаў-іны, пады-ход, па-дыход.

 

120.  Прачытайце азначэнні, якія даюцца ў розных навучальных працах тэрміну арфаграма. Якія з гэтых азначэнняў, на вашу думку, найбольш дакладныя і прымальныя? Праверце свой адказ прыёмам накладання на слова арфаграма яго тлумачэння-азначэння ў наступных прыкладах: 1) Гэта арфаграма заснавана на марфалагічным прынцыпе; 2) Слова заснула не мае арфаграмы.

 

1. Арфаграма – унармаванае (правільнае) напісанне, якое адпавядае пэўным арфаграфічным правілам (Роднае слова. 1998. № 11. С. 135).

2. Арфаграма – напісанне, якое рэгулюецца пэўным правілам (Лепешаў І.Я., Малажай Г.М., Панюціч К.М. Практыкум па беларускай мове. – Мінск, 1980. С. 70).

3. Такое месца ў слове, дзе трэба выбраць адно з магчымых напісанняў, прынята называць арфаграмай. Інакш, арфаграма – гэта правільнае (адпаведнае правілам ці традыцыі) напісанне, якое выбіраецца з шэрагу магчымых (Сямешка Л.І., Шкраба І.Р., Бадзевіч З.І. Курс беларуск4ай мовы. – Мінск, 1996. С. 155).

4. Арфаграма – гэта правільнае напісанне слова, якое выбіраецца з шэрагу магчымых і адпавядае існуючым правілам ці традыцыі. Да арфаграм могуць адносіцца асобныя літары, злітнасць, паўзлітнасць, раздзельнасць напісання слова, перанос, а таксама характар скарочанага напісання слоў (Куліковіч У. Беларускі правапіс: правілы, заданні, кантрольныя работы. – Мінск, 1998. С. 6).

 

121. Апошнім часам у некаторых навучальных працах «па-суседску» з тэрмінам арфаграма ўжываюць словазлучэнне апорнае напісанне, укладваючы ў яго невыразны, неакрэслены, незразумелы сэнс.

1. Ад арфаграм трэба адрозніваць апорныя напісанні, якія не патрабуюць прымянення арфаграфічных правілаў, апіраюцца на слых і адпавядаюць правілам графікі (Куліковіч У. Беларускі правапіс: правілы, заданні, кантрольныя работы. – Мінск, 1998, С. 6).

2. Немагчыма адшукаць арфаграмы ў словах тыпу дом, Соль, цукар, рай, восень, лета, сын – іх напісанні адпавядаюць графічнаму запісу і не патрабуюць ужывання пэўнага арфаграфічнага правіла (у лінгвістычнай літаратуры падобныя напісанні лічацца апорнымі (Роднае слова. 1998. № 11 С. 136).

3. Напісанні, якія не патрабуюць прымянення арфаграфічных правілаў, г.зн. адпавядаюць правілам графікі, апіраюцца на слых, называюцца апорнымі. [Далей даюцца прыклады апорных напісанняў пры абазначэнні націскных галосных (думка, сонца, сад), пры абазначэнні зычных перад галоснымі і санорнымі (раса, рваць, вясна), для абазначэння мяккасці мяккім знакам (моладзь, восень, мазь) і г.д.] (Сямешка Л.І., Шкраба І.Р., Бадзевіч З.І. Курс беларускай мовы. – Мінск, 1996. С. 155).

Прыметнік апорны, як вядома, абазначае ‘які апіраецца на што-небудзь ці такі, на які можна абаперціся, які з’яўляецца асновай чаго-небудзь’. З прыведзеных вышэй прыкладаў і азначэння, дадзенага словазлучэнню апорнае напісанне, відаць, што тут прыметнік апорнае не алпавядае свайму слоўнікаваму значэнню. Дарэчы, у рускіх падручніках выкарыстоўваюць тэрмін апорнае напісанне, але разумеюць пад ім слова, якое выкарыстоўваецца для праверкі «сумніўных» галосных і зычных гукаў. У такім апорным напісанні гэтыя «сумніўныя» гукі выступаюць у сваёй сапраўднай якасці: коза – козы, стена – стены, столб – столбы, столбовой. Такое слова называюць яшчэ праверачным, напрыклад: адрэжу для дзеяслова адрэж; мазгі для слова мозг.

Падбярыце праверачныя словы (ці апорныя напісанні) для наступных слоў («сумніўныя» арфаграмы выдзелены).

 

Малацьбіт, у барацьбе, едзьце, луг, дождж, поезд, катэдж, моладзь, груз, замуж, жэрдка, суседка, лыжка, бегчы, легчы, цяжка, мёд, нізка, кладка, кніжка, лодка, дзьме, карэньчык, будзьце, цьмяны, просьбе, кантрастны, адвезці, святкаваць, дзядзька, сцерагчы, вазьмі, спартсмен, каўказскі, сцежка, прапаўзці, рэкардсмен, выразка, пясчаны, разведка, металург, падмазчык, важка, хадзьба, магчы.

 

122. Раскажыце пра традыцыйны прынцып арфаграфіі. Чаму ён мае такую назву? Якія напісанні, заснаваныя на гэтым прынцыпе, пералічваюцца ў вучэбным дапаможніку «Сучасная беларуская літаратурная мова: Лексікалогія. Фанетыка. Арфаграфія» (1993, с. 188)?

У некаторых іншых працах (Роднае слова, 1998. № 11. С. 137) традыцыйнымі называюць а) напісанне літары е ў першым складзе перад націскам  у словах дзевяты, дзесяты, семнаццаць і інш.; б) напісанне е і я (непаслядоўнае) пасля зычных у словах іншамоўнага паходжання тыпу сяржант, яфрэйтар, генерал, перон, сезон і інш.

Праект новай рэдакцыі «Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1999, с. 45-46) змяшчае шэраг выпадкаў, калі канчатак назоўнікаў мужчынскага роду ў родным склоне адзіночнага ліку «ўсталяваны традыцыяй»: вечара – ранку, поўдня – захаду, хлеба – гароху, аўса – ячменю, статка – гурту, франтона – даху, тома – тэксту, плана – зместу, класа – гатунку.

У падручніку «Беларуская мова. Ч. 1» М.І.Гурскага, М.Г.Булахава, М.Ц.Марчанкі (1968, с. 113) гаворыцца: «У беларускім правапісе да традыцыйных можна, напрыклад, аднесці напісанне канчатка  -у ў назоўніках феадалізму, капіталізму, ідэалізму, імпрэсіянізму побач з напісаннем канчатка –а ў назоўніках сацыялізма, камунізма, марксізма, ленінізма».

Звярніцеся да «Слоўніка беларускай мовы» (1987): з якімі нарматыўнымі канчаткамі падаюцца тут назоўнікі камунізм, ленінізм, марксізм, сацыялізм?

 

123. Прачытайце ўрывак з кнігі І.Я.Лепешава «Дазнанні» (2000, с. 57-58). Па якіх ідэалагічных прычынах трапілі ў выключэнне з правіла словы марксізм, ленінізм, сацыялізм, камунізм? Выпішыце 10 слоў з арфаграмамі, заснаванымі на фанетычным прынцыпе, і 5 слоў з арфаграмамі, заснаванымі на марфалагічным прынцыпе.

 

У 1978 годзе выйшла з друку пераапрацаванае і дапоўненае выданне «Арфаграфічнага слоўніка» М.П.Лобана і М.Р.Судніка. Я апублікаваў у «Настаўніцкай газеце» рэцэнзію на гэты слоўнік. Адзначыў некаторыя хібы, выказаў асобныя пажаданні. Было, у прыватнасці, і такое: «Рэкамендуючы пісаць словы камунізм, сацыялізм, марксізм, ленінізм з канчаткам –а ў родным склоне, аўтары чамусьці не прынялі пад увагу самы істотны крытэрый пры вызначэнні моўнай нормы – маўленчую практыку апошніх гадоў. У газетах, часопісах, іншых выданнях паслядоўна выкарыстоўваецца ў гэтых словах канчатак –у» (далей ішлі пацвярджэнні-прыклады з аўтарытэтных крыніц – новай Канстытуцыі, газеты «Звязда»). Праз нейкі час, будучы ў Мінску, я заглянуў па справах у Інстытут мовазнаўства. Убачыўшы мяне, М.Р.Суднік (тагачасны дырэктар гэтага інстытута) завёў гаворку пра рэцэнзію, з некаторымі маімі заўвагамі згаджаўся, іншыя аспрэчваў. А наконт камунізм-а (-у) сказаў прыкладна гэтак: «Не так тут усё проста, як вам здаецца. Вы ж наўрад ці ведаеце, што перш чым пабачылі свет новыя «Правілы...», іх шмат тыдняў разглядалі ў галоўным штабе камуністаў – ЦК, а потым і нас запрасілі туды. Усё высокае начальства было там, усе паказвалі сябе нібыта вялікімі знаўцамі мовы, уносілі папраўкі. Асабліва абурыла некаторых тое, што ў праекце «Правілаў...» у лік абстрактных назоўнікаў, сярод іншых з суфіксам –ізм (рэалізм, патрыятызм, феадалізм, дарвінізм), трапілі і гэтыя чатыры словы. «Як гэта вы, – саромілі яны нас, – сацыялізм, які мы ўжо даўно пабудавалі, які стаў для ўсіх працоўных нашых рэальнасцю, лічыце нейкай абстракцыяй?! І камунізм не абстрактна-разумовае паняцце, а наша рэальнае, блізкае заўтра! Што,  і  ленінізм для вас абстрактнасць?!» Нехта з нас асмеліўся быў сказаць, што граматыка ў паняцце «абстрактныя назоўнікі» ўкладае свой пэўны сэнс, але – дзе там! І слухаць не хочуць, і рота разявіць не даюць. Так і мусілі ўвесці ў «Правілы...» гэтыя чатыры словы як выключэнне – з канчаткам –а».

 

124. Раскажыце, у чым сутнасць дыферэнцыяльнага прынцыпу арфаграфіі.

Звычайна ў навучальнай літаратуры  гаворыцца, што ў беларускай мове дыферэнцыяльныя напісанні вычэрпваюцца «адрозненнем амонімаў – агульных і ўласных назоўнікаў» (тыпу чарот – Чарот, брыль – Брыль, скіба – Скіба). Але, па-першае, гэта не амонімы, а амафоны – словы, якія аднолькава гучаць, але пішуцца па-рознаму і не маюць нічога агульнага ў сваіх значэннях. Па-другое, на дыферэнцыяльным прынцыпе зрэдку засноўваецца напісанне не толькі агульных і ўласных назоўнікаў. Карыстаючыся 1-м томам ТСБМ, адкажыце, чым адрозніваюцца ў сэнсавых адносінах, напрыклад, назоўнікі ангідрыд і ангідрыт, бона і бонна.

 

125. Пастаўце ў творным склоне імёны і прозвішчы Сяргей Барысаў, Васіль Рагачоў і геаграфічныя назвы: горад Барысаў, горад Рагачоў.

 

126. Складзіце невялікія сказы з наступнымі словамі і спалучэннямі слоў.

 

Зранку, з ранку да вечара, з вечара, з вечара да ранку, зверху, з верху да нізу, знізу, з нізу да верху.

 

127. У вучэбным дапаможніку «Сучасная беларуская літаратурная мова: Лексікалогія. Фанетыка, Арфаграфія» (1993, с. 188) пры апісанні дыферэнцыяльнага прынцыпу гаварылыся, што «ў словах, утвораных ад дзеяслова ісці, прыстаўка з- або с- пішацца ў залежнасці ад значэння слова: сыходзіць (з ганка), але зыходзіць (з меркавання)». Амаль тое самае, але раней на 25 гадоў (яшчэ да выхаду нашага першага акадэмічнага тлумачальнага слоўніка) М.І.Гурскі, М.Г.Булахаў, М.Ц.Марчанка ў падручніку «Беларуская мова. Ч. 1» (1968, с. 114) пісалі: «У залежнасці ад лексічнага значэння пішацца прыстаўка з- або с- у словах, утвораных ад дзеяслова ісці: сыходзіць (з дарогі); зыходзіць (з меркавання)».

Параўн., як апісваецца дзеяслоў зыходзіць у ТСБМ (т. 2, с. 520):

Зыходзіць, -джу, -дзіш, -дзіць; незак. 1. Тое, што і  с ы х о дз і ц ь.

2. з чаго. Грунтавацца на чым-н., браць што-н. за аснову. Ствараючы байку, паэт зыходзіць з жыццёвых з’яў свайго часу, з камічных рысаў у самой рэчаіснасці. Казека.

Зрабіце вывад аб дакладнасці сцвярджэнняў у абедзвюх названых кнігах. Як павінны кваліфікавацца, паводле ТСБМ (т. 2, с. 520), зыходзіць (у 1-м значэнні) і сыходзіць?

 

128. Выпішыце словы, у якіх ёсць арфаграмы на правапіс галосных (у тым ліку і ў некаторых ненаціскных канчатках зменных часцін мовы).

 

1. Скажаце: сягаць у будучыню. Але народ, каторы не знайшоў яшчэ веры ў сябе, ці ж захоча паверыць у какі аб будучыні? І паэт воляй-няволяй не можа абмінаць і замоўчваць цяперашняга жыцця. Не да пацераў, калі хата гарыць. (Куп.) 2. У апошнія гады пішу пераважна публіцыстыку – на жаль, у вершах таксама. Па прычынах, пра якія ўжо гаварыў: «Не да каляды, калі поўная хата бяды». (Гіл.) 3. Даша зрабіла элегантны рэверанс Сасноўскаму і ўзяла Максіма пад руку. (Шам.) 4. На грубіянства і дакор аж загудзеў зялёны бор. (У.Д.) 5. Сорак літраў бензіну ўваходзіць у празрыстую поліэтыленавую каністру. (ЛіМ) 6. Ты, гаспадыня, не зіркай спадылба, мы не бандыты з вялікай дарогі. (В.М.) 7. Валодзька, рыючы лбом пульхную зямлю, выў і роў ад болю, ад крыўды, ад злосці, але не гаварыў нічога. (І.М.) 8. Гучнае і радаснае «ўра» страсянула паветра. (Лыньк.) 9.Лыжкай не вычарпаеш акіян. (Прык.) 10. Бялеў на лугавінах разасланы лён, чарнелі побач квадраты ўзаранага ржышча. (Хад.)

 

129. Устаўце прапушчаныя літары і назавіце адпаведныя правілы, якімі карысталіся пры ўстаўцы літар.

 

Рады...станцыя, рады...грама, рады...актыўнасць, рады...логія,  р...дкалессе, зач...рсцвець, б...звоблачны, л...снічоўка, пад...граць, в...семсот, ч...рнавусы, Барна...л, выдр...сіраваць, ц...гліна, ц...сляр, м...дзв...дзяняты, ід...альны, р...сора, тр...ц...курснік, ваку...м, ...мчаць, від...акамера, стр...каза, с...рдэчны, н...навісць, л...даўборачны, ск...раварка, над ...лбом, шкл...вата, в...ласпорт, па-...збекску, сп...кулянт, н...смачны, погл...д, ш...равокі, бухгалт...р, тыс...ча, п...лімеры, ас...нсаваны.


130. Выпішыце словы, у якіх ёсць арфаграмы на правапіс зычных.

 

1. Вострых кос восем штук леснікова хавала застрэшша. (А.К.) 2. Машына л.біць догляд і змазку, а конь – авёс і ласку. (Прык.) 3. Нага нагу падпірае, рука руку абмывае. (Прык.) 4. Сэрца заходзіцца ад хуткасці і адчування неабдымнага прастору. (Т.Хадкевіч) 5. Калі схавалася сонца, у розных канцах вёскі ўспыхнулі ланцужкі агнёў. (Н.) 6. Жыццё – адкахзнейшы экзамен, яго ніяк не абмінеш. (Св.) 7. На цяжкую, пакутную, але пачэсную, слаўную дарогу ўзышлі калісьці Янка Купала і Якуб Колас. (Віт.) 8. Цэлы гай старасвецкіх дубоў раскінуўся на беразе Нёмана. (К-с) 9. Ужо дзе-нідзе снуецца павуцінне па дрэвах, а касыя промні сонца слізгаюцца па вастраверхіх таполях. (Кух.) 10. Насельнікі нашай зямлянкі наогул былі з заранкамі як свае, родныя. (Кір.) 11. І тчэ, забыўшыся, рука заміж персідскага ўзору цвяток радзімы васілька. (Б-ч) 12. Не спяшаючыся, людзі падаліся ад берага ракі ў глыб лесу. (Лыньк.)

 

131. У некаторых сучасных выданнях у словах тыпу гарадскі  (з каранёвым д і суфіксальным с) пішуць дз замест дс (гарадзкі), часам самачынна падпраўляючы аўтара: Якое гадства дзеецца на беларускіх гонях: паспеўшых абнадзеіцца назад у рабства гоняць! (Гіл.)

Як ужо гаварылася, першая група правілаў, звязаная з напісаннем літар у словах або іх частках, засноўваецца на фанетычным ці марфалагічным прынцыпах. Кіруючыся фанетычным прынцыпам, мы пішам слова або яго пэўную частку так, як вымаўляем. Пры марфалагічным прынцыпе пэўная марфема пішацца нязменна, незалежна ад таго, як яна вымаўляецца. Спалучэнне дс у слове людскі і пад. Вымаўляецца як ц: люцкі І калі б напісанне такіх слоў засноўвалася на фанетычным прынцыпе, то іх і трэба было б пісаць праз ц. Калі ж кіравацца марфалагічным прынцыпам, то тут трэба захоўваць дс. Значыць, або фанетычныя напісанні праз ц, або марфалагічныя – праз дс. Трэцяга, як кажуць, не дадзена. Але ўжо ў «Нашай ніве» за 1906-1907 гг. назіраюцца траякія напісанні: крыві люцкой, Лідскага павету, з гарадзкім.

Чаму ж тады да арфаграфічнай рэформы 1933 г. пісалі ў словах тыпу самаўладства не ц і не дс, а дз? Адкуль узяліся такія напісанні?

Відаць, гэта ўплыў польскай арфаграфіі. Арфаграфічнай нормай у польскай мове з’яўляецца, напрыклад:   Але ў палякаў няма асіміляцыі зычных па глухасці-звонкасці, у іхнім літаратурным вымаўленні звонкія перад глухімі не аглушаюцца. Таму там і вымаўляюць людзкі, і пішуць у адпаведнасці з вымаўленнем. Калі зрабіць экскурс ва ўкраінскую мову, то там звонкія перад глухімі і ў абсалютным канцы слова захоўваюцца: казка, рыбка, хліб, сад. Арфаграфія слоў са спалучэннямі дс ва ўкраінскай мове грунтуецца на марфалагічным прынцыпе: людський, громадський.

Цяпер звернемся да беларускай мовы. Паводле «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы», на большай частцы нашай краіны, а менавіта на поўнач ад лініі  Пружаны – Ружаны – Івацэвічы – Слуцк – Бабруйск – Бялынічы – Орша – Дуброўна, паслядоўна адбываецца рэгрэсіўная асіміляцыя гукаў па глухасці-звонкасці. Звонкія зычныя ў пазіцыі перад глухімі аглушаюцца: бапка, лышка, бліска, люцкі, па-люцку. У беларускіх жа гаворках, размешчаных на поўдзень ад памянёнай лініі, звонкі перад глухімі не аглушаецца. Тут вымаўляюць: нізка, лодка, гарадзкі, суседзкі.

Асновай нашага правапісу і арфаэпічных нормаў, як вядома, з’яўляецца дыялектная мова цэнтральнай зоны. Гэта галоўная апора і база сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Тут спалучэнне дс вымаўляецца як ц (гарацкі, сусецкі). А на пісьме гэта спалучэнне найбольш лагічна перадаваць з захаваннем марфемных частак слова, г.зн. пісаць: грамад-ск-і , сусед-ск-і.

Устаўце прапушчаныя літары.

 

Грама...тва, па-лю...ку, парахо...тва, самае...тва, бе...тва, звераво...тва, Навагру...кі раён, па-сусе...ку, сусе...тва, Валгагра...кая губерня, зава...кі жарабок, заво...кія трубы, кана...кі, нялю...кі, людае...кі, мірае...тва, персі...кі, галан...кі, фінлян...кі, нарман...кі, іслан...кі, калінінгра...кі, лі...кі, дойлі...кі, мадры...кі.

 

132. Устаўце, дзе трэба, прапушчаныя літары. Назавіце адпаведныя правілы, звязаныя з правапісам зычных.

 

Ал...ея, рас...ол, тка...кі, капус...ны, ра...воддзе, з...вярстаць, п...ўфінал, ...удзільна, ра...чарціць, ...обад, рамон...шчык, Рэмбран...т, вы...чарбіць, беладон...а, дз...весце, аван...ура, Да...гава, вокла...ка, а...часлівіць, карыс...лівы, за...улак, на...юрморт, са...жанцы, юн...ат, доблес...ны, кур...скі, прэзідэн...цкі, матрос...кі, расплю...чыць, бя...концы, адва...ся, салда...чына, рас...тацца, кня...ства, па...ук, лісц...е, каза...скі, тавары...скі, фарпос...ны, праяз...ны, сіро...кі, ма...штаб, трохмес...ны, цэл...юлоза, працэ...жваць, ро...чына.

 

133. Прачытайце і растлумачце напісанне мяккага знака і апострафа.

 

1. На бязрыб’і і рак рыба. (Прык.) 2. Аднойчы Вера Кавалёва, рухавая і жвавая дзяўчынка, з’язджаючы на санках з горкі, незнарок паламала адну з елачак. (П.Т.) 3. Нашы людзі – удзячныя нашчадкі Скарыны – помняць вялякі подзвіг свайго славутага першадрукара. (Клыш.) 4. Як толькі пацяплела надвор’е і збольшага падсохла зямля, сабраў Лабановіч сваю няхітрую маёмасць і, калі бралася на дзень, рушыў у дарогу.   (К-с) 5. Яна [Айчына] багата прыродай, поўнай хараства, людзьмі, свабодалюбівымі і працавітымі, жыццём, што б’е невычарпальнай крыніцай. (Хад.) 6. У доме, дзе вырас паэт, дзе калісьці жыла сям’я яго бацькі – навагрудскага адваката Мікалая Мікевіча, – знаходзіцца літаратурны музей. (В.В.) 7. Сонца свяціла ярка, неба было чыстае, але цеплыні не адчувалася: тут было Запаляр’е. (Марц.) 8. Пойдзеш нацянькі – згубіш тры дзянькі. (Прык.) 9. Старога вераб’я думаеце на мякіне правесці? Не выйдзе. Носам чую!.. (Махн.) 10. Прыйшоў Мікола, не пытай ні ў кога, бяры сявеньку і сей памаленьку. (Прык.) 11. – Перастаньце абодва. Слязьмі гору не паможаш, – пачаў супакойваць тата. (Пальч.)

 

134. Чаму ў словах хтосьці, штосьці, калісьці, ледзьве пішацца мяккі знак, а ў словах госці, дзве – не пішацца? Растлумачце напісанне мяккага знака ў словах просьбіт, носьбіт.

 

135. Устаўце, дз трэба, замест кропак мяккі знак ці апостраф.

 

Песен...ка, п...е, л...е, голуб..., сляз...мі, восем..., сядз...це, соцен..., інтэрв...ю, дзес...ці, Заслаў...е, бул...ён, сузор...е, струмен...чык, раз...бяр, ін...екцыя, вішан...ка, аген...чык, п...едэстал, мен...шы, кан...юнктывіт, шэсц...сот, свіцяз...скі, любан...скі, стан...це, тайван...скі, ліпен...скі, ц...віль, камус...ці, кін...це, восен...скі, дзец...мі, у піс...ме, куп...істы, нян...ка, кон...скі, заходз...це, сып...це, фел...етон, вас...містам, шкел...ца, інтэр...ер, ледз...ве, балон...чык, белен...кі, чац...вер.

 

136. Падкрэсліце арфаграмы, назавіце правіла напісання той ці іншай арфаграмы, а таксама вызначце прынцып перадачы гукавога складу ў наступных словах.

 

Ястрабок, лямантаваць, расчоска, расада, зрабіць, спісаць, сіняе, засеяны, не чуў, чэркескі, рошчына, пераплётчык, добрушскі, абсохнуць, уперамежку, уперамешку, пакгауз, узмежак, ідэалогія.

 

137. Правілы напісання слоў разам, праз злучок ці асобна – гэта, як ужо гаварылася, асобны раздзел арфаграфіі, які не мае ніякай сувязі ні з фанетычным, ні з марфалагічным прынцыпамі. Толькі ў некаторых, вельмі рэдкіх выпадках можна гаварыць пра выкарыстанне дыферэнцыяльнага прынцыпу ў гэтым раздзеле арфаграфіі. Так, вытворныя злучнікі затое, аддтаго, прычым, прытым пішуцца разам, а аднолькавыя гучаннем спалучэнні прыназоўнікаў з займеннікамі (за тое, ад таго, пры чым, пры тым) пішуцца асобна, у два словы, напрыклад: 1) Бегучы, Сцёпка толькі блісне на Аленку сваімі шэрымі вачыма, прычым бровы яго ссунуцца. (К-с); 2) Тут вы сапраўды ні пры чым. (Крап.).

Часам у некаторых працах (гл., напрыклад, артыкул У.Куліковіча ў часопісе «Роднае слова», № за 2004 г., с. 44) пішуць, што асноўныя правілы напісання слоў разам, асобна,  праз злучок грунтуюцца на лексіка-сінтаксічным і словаўтваральна-граматычным прынцыпах. Але такое сцвярджэнне можна праілюстраваць толькі досыць абмежаванай колькасцю слоў. Таму наўрад ці варта прымаць пад увагу гэта не агульнапрынятае, штучна выдзеленае сцвярджэнне, дарэчы, запазычанае, амаль даслоўна перапісанае з аднаго рускага дапаможніка (Современный русский литературный язык / Под ред. П.А.Леканта. – М., 1988, с. 141).

Растлумачце напісанне выдзеленых слоў.

 

1. Максім Багдановіч нарадзіўся ў горадзе Мінскуў сям’і вучонага-этнографа. (Віт.) 2. На працягу стагоддзяў нечуваны здзек трывала Беларусь: быць радзімаю ўсходнеславянскага кнігадрукавання і не мець права выдаваць кнігі на роднай мове. (Клыш.) 3. Вострыя верхавіны цёмна-зялёных ялін і высокіх соснаў абліты яркім святлом. (Б.) 4. Далёка ўперадзе між высокіх пышна-зялёных ліп бялеліся шыферныя і гонтавыя дахі хат, што раскінуліся шырока (аж не схопліваў позірк) налева і направа абапал доўгай, вярсты са дзве, вуліцы. (Г.Д.) 5. Хлебам-соллю сустракае край мой гасцей жаданых. (В.Л.) 6. Насустрач самалёту бегла-слалася злёгку запарушанае снегам поле-аэрадром. (Хад.) 7. Па рэчцы ўгадвалі і надвор’е: зменшала пад вечар вада – заўтра зранку будзе дождж. (В.А.) 8. Здарылася так, што я пачаў па-сапраўднаму пазнаваць Беларусь толькі пасля вайны. (Каратк.) 9. Аджыўшы свой доўгі век, ляжаць аброслыя мохам дрэвы-гіганты. (В.В.) 10. Невядомы аўтар піша паэму «Тарас на Парнасе», і яе завучвае на памяць бадай што кожны беларус. (Каратк.) 11. – Тое, што можна зрабіць сёння, не трэба адкладваць на заўтра, – банальна сказаў Рыгор  сам узлаваўся на сябе за гэта. (Я.В.) 12. Недзе далёка-далёка бліснуў агеньчык і, сарамліва паміргаўшы, згас. (Каратк.) 13. Летам, у які-небудзь спякотны поўдзень, калі хочацца хутчэй акунуцца ў ваду, такі халадок радасна ўсцешыў бы загарэлыя ногі, а цяпер, увосень, гэта было не зусім даспадобы. (Сіп.) 14. У той момант адзіноты Марыя гатова была паступіць па прыказцы: «Сякі-такі целяпей, усё ж такі ўдваіх ляпей». А жыць давялося не ўдваіх, а чацвярым. (У.К.)

 

138. Спішыце словы, раскрываючы дужкі, і будзьце гатовыя вусна растлумачыць напісанне гэтых слоў разам, праз злучок ці асобна.

 

Народна (паэтычны), (санкт) пецярбургскі, гіпса (цэментны), паравоза (вагона) рамонтны, (вада) праводны, грамадска (неабходны), горка (салёны), сусветна (гістарычны), жоўта (зялёны), аэра (фота) здымка, (лёгка) паранены, прэм’ер (міністр), Франкфурт (на) Майне, (пад) вечар, (па) бацькоўску, (пад) пахамі, (на) відавоку, (на) дзіва, (з) наскоку, (абы) што, (не) надта, ні (да) чаго, (ні) быта; (не) хто іншы, як Васіль; далёка (не) лепшы выхад; (на) супраць.

 

139. Пытанне аб функцыях вялікай літары, пазначанае ў праграме курса сучаснай беларускай мовы, чамусьці не разглядаецца ў падручніках і дапаможніках. Пералічым гэтыя функцыі: 1) сінтаксічная (паказвае на пачатак самастойнага сказа пасля кропкі, пытальніка, клічніка ці шматкроп’я); 2) ідэаграфічная (для адрознення ўласных імёнаў ад агульных); 3) стылістычныя (для паказу асаблівых, адмысловых адносін да чаго-небудзь).

Якія функцыі выконвае вялікая літара ў пададзеных сказах? Назавіце адпаведнае правіла ўжывання вялікай літары. У якім сказе Ўжыванне вялікай літары грунтуецца на традыцыйным прынцыпе?

 

1. На поўдні Палесся, у тым краі, дзе паўнаводная і спакойная Прыпяць спяшаецца ў абдымкі да Дняпра-прыгажуна, ёсць адзін вельмі цікавы раён. (Саб.) 2. Задуменна стаіць натхнёны Скарына, як бы вярнуўшыся з далёкіх дарог чужыны на Бацькаўшчыну. (Клыш.) 3. Пасля перапынку зноў пачала дзейнічаць Генеральная Асамблея Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. (Зв.) 4. Яго [Міхаіла Савіцкага] трыумфальны поспех у мастацтве звязваюць з цудоўнай работай, з «Партызанскай мадоннай», якая стала цяпер не меней славутай у свеце, чым самыя выдатныя яе папярэдніцы эпохі Адраджэння. (В.Б.) 5. Памятаю, як прымалі ў Саюз пісьменнікаў Вячаслава Адамчыка. (Скр.) 6. У гады Вялікай Айчыннай вайны ў доўгія і цяжкія месяцы блакады Аляксандр Пракоп’еў быў з ленінградцамі, дзяліў з імі і голад, і холад, і смяротную небяспеку, і бессмяротную мужнасць. (Панч.) 7. На ўсход ад Беларусі, калі не лічыць Сярэднюю Азію, буслы ўжо амаль не водзяцца. (Каратк.) 8. Давайце заглянем у Навагрудак, горад на высокіх узгорках, што быў у далёкія часы сталіцай старажытнай беларускай дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага. (В.В.) 9. Сям’я, родная хата, вёска для многіх людзей – такі ж цэнтр сусвету, як у Пталамеевай сістэме Зямля... (У.К.) 10. Нас, як учора і заўчора, яднае памяць і запавет папярэднікаў, яднае вялікая непарыўная традыцыя служэння роднаму слову, роднаму народу, яднае сыноўскі клопат пра лёс Маці-Радзімы, пра лёс Бацькаўшчыны.  (Гіл.)  11. Тут, у нашым творчым саюзе, сабралася лепшае, што ёсць на сёння ў беларускай літаратуры, тут жыве той вольналюбівы дух, якім можа стварацца Літаратура з вялікай літары. (І.) 12. Жывём, як Купала і Колас калісь загадалі нам жыць... Жывём без аглядкі на голас, што з ранку да ночы сіпіць: – Прадайце Радзіму і Мову, аддайце на здзек прыбышу і Бога, і роднае Слова... Прадайце святую Душу... Я – бог, бо я ўладу вяршу!.. (Ак.)           

 

140. Прачытайце пададзены ніжэй (са скарачэннямі) артыкул, змешчаны ў «Нашым слове» (2003. 26 лістап.). Чым матывуецца неабходнасць пісаць з вялікай літары ўсе словы ў складаным найменні Вялікае Княства Літоўскае?

 

У акадэмічных «Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», выдадзеных у 1959 годзе, гаварылася, што ў афіцыйных назвах дзяржаў усе паўназначныя словы пішуцца з вялікай літары. І тут, і ў шматлікіх іншых даведніках, падручніках, дапаможніках правіла ілюструецца прыкладамі тыпу: Злучаныя Штаты Амерыкі, Федэратыўная Рэспубліка Германія, Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, Каралеўства Непал, Кітайская Народная Рэспубліка. Сюды ж можна дадаць і параўнальна нядаўнія аналагічныя складаныя найменні: Садружнасць Незалежных Дзяржаў, Рэспубліка Беларусь, Расійская Федэрацыя. Але ў энцыклапедыях, манаграфіях, падручніках і артыкулах па гісторыі ці літаратуры, як толькі размова заходзіла пра Вялікае Княства Літоўскае, другое слова, насуперак правілу, пісалі з малой літары.

У 1999 годзе быў апублікаваны акадэмічны праект новай рэдакцыі «Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». Сярод розных удакладненняў тут на с. 56 паўтараецца ранейшае правіла аб напісанні з вялікай літары ўсіх слоў у назвах дзяржаў, але ў якасці прыкладаў прыводзіцца ўжо і Вялікае Княства Літоўскае.

У друкаванай маўленчай практыцы памалу ўсталёўваюцца некаторыя напісанні, занатаваныя ў памянёным праекце арфаграфічных правілаў. Так, амаль ва ўсіх беларускіх выданнях цяпер пішуць з вялікай літары: Бог, Гасподзь, Усявышні,   Уладыка Нябесны, Божая Маці і пад. Пішуць «э» ў канцы нязменных слоў (рэзюмэ, рэнамэ), у сярэдзіне шмат якіх запазычаных назоўнікаў: вальдшнэп, дыспансэр, джэнтльмен, кансэнсус, мадэмуазэль, нонсэнс, паланэз, сэрвіс, тунэль, экзэма, экзэмпляр і інш.

Цяпер «Настаўніцкая газета» (напрыклад, за 20.12.2000 г.), «Літаратура і мастацтва», «Маладосць», «Роднае слова» (напрыклад, у № 10 за 2003 г., с. 6) пішуць з вялікай літары ўсе словы ў назве Вялікае Княства Літоўскае, Рускае, Жамойцкае і, само сабой зразумела, у абрэвіятуры ВКЛ. Але ў некаторых выданнях прадаўжаюць друкаваць па-ранейшаму; напрыклад, у часопісе «Полымя» (2003. № 10. С. 18): па пратэкцыі палявога пісара Вялікага княства Літоўскага; у газеце «Народная воля» (2003. 29 кастр.): Вялікае княства Літоўскае. Або пішуць і так і гэтак; напрыклад, у «Нашым слове»: Вялікае княства Літоўскае (2003. 29 кастр.) і Вялікае Княства Літоўскае (2003. 5 лістап.).

Будзем спадзявацца, што ўсе аўтары стануць трымацца логікі, а не традыцыі і фанатычнага кансерватызму ў арфаграфіі, і будуць пісаць з вялікай літары ўсе словы ў назве нашай дзяржавы мінулых эпох, як пішуць гэта ў назвах іншых дзяржаў.

 

141. Раскажыце пра ўжыванне вялікай літары ў прыналежных прыметніках, утвораных ад уласных найменняў людзей, гістарычных і міфічных асоб, а таксама ад мянушак людзей і жывёл. У якіх пададзеных словах трэба замест малой літары, што ў дужках, пісаць вялікую літару і чаму?

 

(к)упалаўская прэмія, (к)упалаўская стыпендыя, (к)упалаўскія чытанні, (к)упалаўскі стыль, (к)упалава паэма, (б)агдановічаў верш, (к)оласавы творы, (а)хілесава пята, (п)іфагоравы штаны, (м)іхасёвы прыгоды, (г)ордзіеў вузел, (а)нтонаў агонь, (м)ележаўскія раманы, (д)амоклаў меч, (а)дамаў яблык, (б)ерынгаў праліў, (к)рапівоўская творчая манера, (м)агеланаў праліў, (н)асовічаў слоўнік, (п)раметэеў агонь, (к)оласаўскія чытанні, (а)ндрэева шапка.

 

142. Шмат гадоў назад А.Салжаніцын гаварыў, што толькі ў Савецкім Саюзе пішуць Бог з малой літары, але затое тут КДБ пішацца аж з трох вялікіх літар. Цяпер жа шмат хто кінуўся ў іншую крайнасць, у газетах, часопісах, кнігах пішуць, напрыклад: яй-Богу, кожны Божы дзень.

Слова Бог і вытворныя ад яго ў адных выпадках трэба пісаць з вялікай літары, а ў другіх – з малой. Калі слова Бог ужываць як абазначэнне вярхоўнай істоты, стваральніка і кіраўніка свету і як увасабленне праўды і спагадлівыасці, то яно ўспрымаецца як індывідуальная назва і таму павінна пісацца з вялікай літары: Калі Бог хоча каго пакараць, таго ён пазбаўляе розуму. (В.Быкаў); І блаславіць нас на змаганне Бог. (Н.Гілевіч) Вялікую літару трэба захоўваць і ў некаторых спалучэннях, дзе прыметнік звязваецца ў нашай свядомасці як утварэнне ад слова Бог у яго першасным, зыходным значэнні: Божая воля, Божая маці, Божая сіла.

У астатніх выпадках гэтыя  прыметнікі, як і вытворныя назоўнікі і дзеясловы, патрэбна падаваць з малой літары: боскі напітак, богабоязны, богаслужэнне, бажыцца, не божкай. Слова Бог развіло ў сабе зафіксаванае слоўнікамі пераноснае значэнне ‘выдатны спецыяліст у якой-небудзь справе’; у такім выпадку яго трэба пісаць з малой літары: Ці бачыў Наташу той чарнявы ленінградзец, хвалёны бог элекразваркі? (У.Краўчанка)

Паколькі ў складзе фразеалагізма яго кампаненты толькі знешне падобныя на словы, але не маюць асобнага лексічнага значэння, то кампанент бог варта пісаць з малой літары. Напрыклад, у сказе Перакусіце трошкі чым бог паслаў (Пестр.) выраз чым бог паслаў абазначае ‘тым, што ёсць’. Тут ніяк нельга атаясамліваць назоўнікавы кампанент са словам Бог у яго першасным значэнні, а паслаў разумець як ‘адправіў па пошце ці праз пасланца’. Яшчэ прыклады: у бога цяля ўкраў, не нашага бога, як у бога за пазухай.

Калі прыказка мае толькі пераносны, алегарычны сэнс, гэта значыць, што ў ёй гаворыцца пра адно, а маецца на ўвазе зусім іншае, то кампанент бог варта падаваць з малой літары: Смачны жабе арэх, ды зубоў бог не даў. Калі ж прыказкаўжываецца толькі ў прамым значэнні, слова Бог трэба пісаць з вялікай літары: На Бога спадзявайся, а сам не давайся.

Растлумачце ўжыванне вялікай ці малой літары ў слове Бог і вытворных ад яго.

 

1. Пра гэта знаем толькі я і Бог. (В.З.)  2. Марыя дзякуе Богу за тое, што ў самыя цяжкія хвіліны ён выратаваў яе. (ЛіМ) 3. – З потам прыйшла хвароба, з потам хай пойдзе, – шаптала маці, – пральецца на зялёную траву, на чыстую расу... Дай божа, каб усё было гожа, а што нягожа – не дай божа... (В.Ш.) 4. Беражонага і Бог беражэ. (Прык.) 5. Дай божа нашаму цяляці ваўка спаймаці. (Прык.) 6. Упарыць жа ясень трэба дай божа. (Пт.) 7. Гаспадарка дай божа (Хад.) 8. Сямейка – дай божа. (Лыньк.) 9. Кожны божы дзень, Боскі гнеў, Богаў сын (Ісус), богатварыць, божканне, богаадступніцтва, конь божы, іскра божая, божая сляза, на божай пасцелі, баранчык божы, божы палец, ад бога выспятка, бог бацька, (страляць) богу ў вокны.

 

143. Пры спісванні падзяліце словы рыскамі для пераносу. Калі перанос немагчымы, растлумачце чаму.

 

Азія, аса, заяц, цераспалосіца, ураджай, падземны, адзначыць, суддзя, заўтра, унія, алея, якая, ярус, займацца, праўнук, бур’ян, мэтазгодна, надвячорак, перадрукоўваць, каўказскі, сенаўборка, словаўтварэнне, трыццаць, калоссе, папрасіць, паўтарыць, запрэгчы, паджылкі, разыграць, сто працэнтны, дзеепрыслоўе, падасінавік, назваць, заспяваць, адправіць, падыход, 100 кг, В.Быкаў, торфабрыкет.

 

144. «Арфаграфічны аналіз, – пісаў В.Старычонак у часопісе «Роднае слова» (1998. № 11. С. 135), – садзейнічае больш глыбокаму засваенню арфаграфічных нормаў, свядомай выпрацоўцы навыкаў правапісу, замацаванню пэўных правілаў і тыпаў арфаграм і тым самым выхаванню адукаваных, пісьменных грамадзян».

Арфаграфічнага аналізу патрабуюць не ўсе словы, а толькі тыя, у якіх ёсць арфаграмы. Напрыклад, у сказе Жняя заснула (Б.) другое слова не мае арфаграм і яго напісанне не апіраецца на веды па арфаграфіі. У слове можа быць некалькі арфаграм. Так, у слове ад’езд іх тры: першая на правапіс апострафа, другая на правапіс звонкіх перад глухімі, трэцяя на правапіс звонкіх на канцы слова.

Арфаграфічны аналіз можа быць частковы (на пэўныя правілы) і поўны (на ўсе арфаграфічныя правілы).

П а р а д а к  а н а л і з у. 1. Падкрэсліць і назваць арфаграму. 2. Вызначыць від арфаграмы (г.зн. сказаць, на якое правіла гэта арфаграма). 3. Сфармуляваць правіла напісання арфаграмы. 4. Вызначыць прынцып перадачы гукавога складу.

У з о р. Ляцім над акіянам. (Б.) У першым слове арфаграма я – на правапіс е,я; правіла: у першым складзе перад націскам пішацца я; фанетычны прынцып. У другім слове арфаграма ія – на правапіс іншамоўных спалучэнняў галосных; правіла: спалучэнне [еа] абазначаецца літарамі еа, але слова акіян – выключэнне, у ім, згодна з вымаўленнем, пішацца ія; фанетычны прынцып.

У правілах 1-й групы (напісанне разам, праз злучок ці асобна), 3-й групы (ужыванне вялікай літары) і 4-й групы (перанос слоў), як ужо гаварылася, не выкарыстоўваюцца фанетычны і марфалагічны прынцыпы. Таму пры арфаграфічным аналізе слоў з арфаграмамі гэтых трох груп прынцып напісання (чацвёрты пункт схемы аналізу) не вызначаецца і не ўказваецца. Выключэнне складаюць выпадкі, калі выкарыстоўваецца традыцыйны ці дыферэнцыяльны прынцып.

Зрабіце арфаграфічны аналіз слоў у сказах.

 

1. Верш Янкі Купалы «Ворагам Беларушчыны» пачынаецца радком: «Чаго вам хочацца, панове?» (ЛіМ) 2. Кожны старажыл Камсамольска ведае Акіма Іосіфавіча Акуліча. Маладым хлопцам ён прыехаў з Барысаўшчыны на Далёкі Усход ахоўваць рубяжы Радзімы. (Грах.) 3. З клуба праз драўляную, яшчэ не атынкаваную сцяну далятаюць выбухі, грукат і крыкі «ўра». (Грах.) 4. Калі б гадоў да ста так даў бог дастатак... (Бар.)

 

145. Раскажыцк пра асноўныя правілы напісання абрэвіятур і скарачэння слоў.  Чаму адны абрэвіятуры пішуцца з вялікіх літар, а другія – з малой?

 

ВКЛ, СНД, РБ, НАНБ, ФРГ, ЗША, ТБМ, ВНУ, нэп, цэц, дот, дзот.

 

146. Запішыце скарочана словы і спалучэнні слоў. Падкрэсліце скарочаныя абазначэнні, пасля якіх не ставіцца кропка, і растлумачце, у якіх выпадках гэта бывае.

 

ХІХ стагоддзе, і іншае, параўнай, глядзі, стары стыль, гэта значыць, тона, гектар, складаназалежны сказ, жаночы род, адзіночны лік, год, сантыметр, кіламетр, кілаграм, метр, лінгвістыка, доктар філалагічных навук, член-карэспандэнт, устарэлае слова, гістарызм, вінавальны склон, што-небудзь, беларуская мова.

 

147. Адно з пытанняў арфаграфііі як раздзела мовазнаўства – гэта гісторыя беларускай арфаграфіі.

Браніслаў Тарашкевіч, аўтар першай беларускай граматыкі новай(сучаснай) літаратурнай мовы, пісаў: «Пакінуўшы даўно парваныя і заняпаўшыя традыцыі старасвецкае беларушчыны, мова новага пісьменства адразу пачала буйна ўзрастаць з народнага карэння».

Чаму новая беларуская мова, якая пачала складвацца ў другой  палове ХІХ ст., не працягвала традыцый старажытнабеларускай мовы, той мовы, якой карысталіся ў пісьмовых зносінах у Вялікім Княстве Літоўскім?

 

148. Як у правапісе літаратурных твораў ХІХ ст. адлюстраваны такія спецыфічныя рысы беларускай мовы, як аканне, яканне, дзеканне, цеканне, зацвярдзеласць зычнага р, ужыванне ў (нескладовага)?

 

149.  Раскажыце пра ролю беларускіх пісьменнікаў В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча і асабліва Я.Купалы і Я.Коласа ў выпрацоўцы нормаў беларускай пісьмовай мовы і ў станаўленні беларускай арфаграфіі.

 

150. Раскажыце пра ролю першых легальных беларускіх газет, асабліва «Нашай нівы», у станаўленні арфаграфічных нормаў.

 

151. Сцісла ахарактарызуйце «Беларускую граматыку для школ» Б.Тарашкевіча (Вільня, 1918). На якіх двух прынцыпах засноўваліся ў ёй правілы перадачы на пісьме гукавога складу слоў? Чаму ў асобную грпу вылучаўся правапіс іншамоўных (чужаземных) слоў і на якія дзве групы яны падзяляліся?

 

152. Прачытайце прыклады чужаземных слоў і вытворных ад іх, узятыя з п’есы Я.Купалы «Тутэйшыя», апублікаванай у 1924 г., і зборніка апавяданняў К.Крапівы «Людзі-суседзі» выдання 1928 г. Супастаўце тагачасныя, у адпаведнасці з «тарашкевіцай», і сучасныя напісанні гэтых слоў, адзначце розніцу ў напісанні.

 

Рэнэгат, дэгэнэрат, мэтаморфоза, пропозыцыя, профэсар, цэрамонія, сэзонны, організм, пэрсона, унівэрсытэт, сэанс, орыгінальны, пролетарскі, псыхо-потолёгічны, мэтодолёгія, фізыолёгія, інжэнэр, ідэалёгія, поэтычны, рэволюцыя.

 

153. Прачытайце верш К.Крапівы «Шчыраму латыністу» (з падзагалоўкам «На заметку ў газэце «Звезда»). Верш напісаны 11 кастрычніка 1922 г. і апублікаваны ў газеце «Савецкая Беларусь» (газета тады друкавалася на беларускай мове, а «Звязда» – на рускай). Адзначце напісанні, якія не супадаюць з сучаснымі.

 

 

Што вы, людзі! Што вы! Што вы!

Ня было таго ніколі,

Каб у нашай роднай школе

Беларускай нейкай мовы

Шэсьць гадзін было на тыдні, --

Яна-ж дзецям аж абрыдне.

 

Ды няма з яе карысьці –

Забіваць адно галовы;

Лепш ужыць латынскай мовы

Ды францускай, як калісьці,

Гледзячы з паднебнай вышы, --

Так з «Зьвязды» «Рабочы» піша.

 

Кажуць нават, што нядаўна

Ён унёс проэкт, каб далей

Ў нашых школах выкладалі

Пакітайску (вось забаўна!),

Беларус-жа роднай мовы,

Каб ня мог ужыць і слова.

 

Трэба й мне адукавацца,

Бо й “Савецкай Беларусі”

Давядзецца скора, мусіць,

Пакітайску друкавацца...

 

Латыніст, заядлы, шчыры!

Пралупі ты зрэнкі шырай

Ды на дол спусьціся з неба,

Наш таварыш безгаловы,

Дык убачыш, што нам мова

Беларуская тут трэба,

Як вада, як кавал хлеба,

Як расліне кожнай глеба

 

 

154. У 1990-я гады ў друку і ў вусных выступленнях нярэдка ставілася, а часм і цяпер ставіцца пытанне аб вяртанні новага правапісу да тарашкевіцы. Прычым іншы раз пра тарашкевіцу пішуць і такія аўтары, якія, мякка кажучы, не вельмі добра знаёмыя з самой «Беларускай граматыкай для школ» Б.Тарашкевіча. А між тым аўтар гэтай граматыкі ў прадмове да 5-га выдання (1929) пісаў, што ён выразна бачыць «цэлую чараду яшчэ спрэчных пытаньняў ( у аканьні, у правапісе чужаземных слоў і інш.), бачыць патрэбу і магчымасьць спрашчэньня правапісу, але не бярэцца праводзіць якія-колечы зьмены такім індывідуальна-партызанскім спосабам», бо «гэта павяло-б толькі да шкоднага хаосу». Ён прызнаваў неабходнасць правапіснай рэформы і слушна лічыў, што апрацаваныя паасобнымі людзьмі адпаведныя праекты павінны «прайсьці праз публічнае сіта грамадзкай і навуковай крытыкі перш, чым маюць быць уведзены ў жыцьцё аўтарытэтам культурных устаноў. Бо тутака пасьпех, запраўды, можа быць людзём на сьмех».

У газеце «Наша слова» (1998. 9 верас.) сцвярджаецца, што ў выніку арфаграфічнай рэформы 1933 г. беларуская мова набыла  неўласцівыя ёй «суфіксы -уч-, -юч-, -ўш-», «напалову страціла пераднаціскное «я», прыняла безнаціскное «э» і «о»: соцыялізм, комунізм, комітэт».

Насамай справе гэта не так. Дзеепрыметнікі з суфіксамі –уч-, -юч-, -ўш- ужываліся і да рэформы 1933 г., у граматыцы  Б.Тарашкевіча гэта ілюструецца прыкладамі: чытаючы(й), чытаючая, чытаючае, чытаючага, чытаўшы(й), купляўшы(й), купляўшая; праўда, сказана, што дзеепрыметнікі ў форме цяперашняга часу (з суфіксамі -уч-, -юч-) ужываюцца рэдка. Прыкладна тое самае знаходзім і ў сучасных падручніках і навуковых граматыках.

Што да правіла пра пераднаціскное «я», то яно было занадта складанае. Літара «я» пісалася на месцы «е» не толькі ў першым складзе перад націскам  (бя-да, ня-ма, ля-жыць), але і ў другім складзе перад націскам, «калі ў першым няма «а» або «я» (ля-су-на, ня-ву-чо-ны, ня была, бяз дзі-ця-ці)». Больш за тое, «калі ў слове націск на прыстаўцы (найчасцей вы), то яканьне можна азначаць так, як быццам слова стаіць бяз прыстаўкі: ляцець – выляцець, нясьці – вынясьці, нясу – вынясу. І яшчэ: каранёвае «ё» ў такіх выпадках замяняецца на «я»: нёс – выняс, вёз – вывяз, вёў – вывяў, лёт – вылят, дзёр – выдзяр. Сам аўтар граматыкі, як ужо цытавалася вышэй, адчуваў, што правіла пра аканне (яканне) мае патрэбу ў спрашчэнні.

Правільна кажуць, што двойчы ў адну раку ўвайсці немагчыма. Так і з тарашкевіцай. Гэта ўжо пройдзены этап. У ХХ ст. арфаграфічнае рэгуляванне праводзілася ва ўсіх славянскіх мовах; напрыклад, у польскай мове тройчы (1918, 1936, 1957 гг.). Калі ў Расіі ў 1918 г. спецыяльным дэкрэтам бальшавікі адмянілі напісанне цвёрдага знака на канцы слоў, выключылі з алфавіту фіту, унеслі многія іншыя змены, то ні тады, ні цяпер нікому ў галаву не прыходзіла і не прыходзіць вярнуць, скажам, той самы цвёрды знак. І ў нас няма патрэбы, як гаварыў Васіль Вітка, «рэанімаваць правапіс, якога не прыняла і даўно адкінула жывая народная мова».

Ці згодныя вы з тым, што тарашкевіца – гэта ўжо пройдзены этап і вяртанне да яе немагчымае? Аргументуйце свой адказ.

 

155. Раскажыце пра арфаграфічную рэформу 1933 г., а таксама аб праектах рэформы (1926, 1930 гг.), якія папярэднічалі прыняццю Саветам Народных Камісараў БССР пастановы «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу». Чаму гэты правапіс, уведзены названай пастановай, часам называюць (з іранічным адценнем) наркомаўкай?

 

156. Назавіце, якія змены былі ўнесены ў правапіс ненаціскных галосных [э], [о]. Чаму ў правілах аб аканні было зроблена выключэнне для так званых інтэрнацыянальна-рэвалюцыйных слоў з усімі вытворнымі ад  іх: рэволюцыя, совет, большэвік, комуна, соцыялізм, комунізм, піонер, комсамол, пролетарый, Комінтэрн, Профінтэрн? Калі было адменена гэта выключэнне?

 

157. Якія змены былі ўнесены ў правапіс зычных д, т, л, з, с, м, у напісанне мяккага знака, прыстаўнога в? Якія канчаткі ўзаконьваліся для давальнага і меснага склонаў множнага ліку ў назоўніках мужчынскага і ніякага роду?

 

158. У мастацкіх творах, напісаных да 1933  г., сустракаюцца (як тагачасная марфалагічная норма) назоўнікі мужчынскага і ніякага роду з канчаткам –ом (-ём) у давальным склоне і –ох (-ёх) у месным склоне множнага ліку. Вось прыклады з трагікамедыі Я.Купалы «Тутэйшыя»: нам, бацьком, галава не баліць; не заміналі важным гасцём; у іншых мясцох; пры бацькох, аб гасцёх, у вачох. Тое самае і ў паэме Я.Коласа «Сымон-музыка»: Цэрквы, стромкія касцёлы вежы ўзносяць к небясом. Або ў «Ціхай плыні» М.Гарэцкага: Бацька яе пры панох часта бывае.

Цяпер жа некаторыя аўтары самачынна аднаўляюць старую норму, пашыраючы яе нават на назоўнікі жаночага роду. Знайдзіце парушэнне марфалагічных нормаў, і ранейшых – да 1933 г., і сучасных, у наступных прыкладах з верша А.Сыса.

 

1. А за тое, што жыў, пасадзіце ў нагох арабіну. 2. Ох, Мікола, Мікола, а як ты памрэш – хто ж мяне па начох прысыпаць будзе вершамі!

 

159. Як, у адпаведнасці з названай пастановай, трэба было змяняць ва ўскосных склонах лічэбнікі два, дзве? Якія канчаткі ўзаконьваліся для дзеясловаў 1-га спражэння цяперашняга часу ў другой асобе множнага ліку? Якія змены былі ўнесены ў абодва гэтыя правілы ўдакладнення правапісу ў 1957 г.?

Адказваючы на гэтыя пытанні, звярніце ўвагу на наступнае. Хоць правілы скланення лічэбнткаў два, дзве, абодва, абедзве або спражэння дзеясловаў тыпу ісці, несці ўключаны ў пастанову «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу», але ці маюць яны, гэтыя правілы, напасрэднае дачыненне да правапісу? Калі моўнік сказаў або напісаў дзвюх кніжак замест двух кніжак, як узаконьвалася названай пастановай, то парушэннем якіх нормаў трэба было ацэньваць гэта: арфаграфічных ці граматычных? Ці згодны вы з тым, што, як адзначыў А.А.Лукашанец, «варыянтнасць канчаткаў – гэта не праблема правапісу, а праблема словазмянення, якая павінна вырашацца ў граматыках, а не ў зводзе правіл арфаграфіі і пунктуацыі»?

 

160. 11 мая 1957 г. Савет Міністраў БССР прыняў пастанову «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу». Якія правілы ці выключэнні з правілаў, прынятыя папярэдняй пастановай, былі адменены, удакладнены пастановай 1957 г.? Раскажыце, як былі ўпарадкаваны правілы аб напісанні раздзяляльнага апострафа і мяккага знака пасля з, л, н, с, дз, ц у словах іншамоўнага паходжання перад і, е, я, ё, ю, а таксама ў імёнах па бацьку і прозвішчах, утвораных ад імёнаў на –ій.

 

161. Якія змены ўнесены ў правапіс складаных слоў? Назавіце асноўныя правілы напісання складаных слоў, заснаваныя на фанетычным законе несумяшчальнасці ў слове побач двух націскных складоў.

 

162. Якія змены ўнесены ў правапіс часціц ж (жа), б (бы)?

 

163. Назавіце прынятыя пастановай 1957 г. удакладненні і змены, унесеныя ў марфалагічныя нормы словазмянення (склонавыя канчаткі лічэбнікаў два, дзве, абодва, абедзве, канчаткі –у, -ю ў родным склоне назоўнікаў мужчынскага роду пэўнай тэматычнай групы, канчаткі дзеясловаў цяперашняга часу 1-га спражэння ў першай і другой асобе множнага ліку).

 

 

* * *

Разнастайныя віды мовазнаўчых аналізаў (лексічны, фразеалагічны, фанетычны, графічны, арфаграфічны) – істотны сродак сістэматызацыі, абагульнення і замацавання ведаў. Атрыманых па лексікалогіі, фразеалогіі, фанетыцы, графіцы і арфаграфіі. Схемы і ўзоры фанетычнага. Графічнага і арфаграфічнага аналізаў пададзены ў гэтай кнізе адпаведна ў практыкаваннях

Што да лксічнага і фразелагічнага аналізаў, то схемы гэтых аналізаў (без узораў) прыводзяцца ў «Практыкуме па лексікалогіі і фразеалогіі» (2001, с. 19 і 120), але паколькі яны спатрэбяцца пры падрыхтоўцы да экзамену ў летнююю сесію, пададзім тут схемы гэтых аналізаў і ўзоры.

 

* * *

Схема  л е к с і ч н а г а  а н а л і з у  слова: 1) лексічнае значэнне (назваць і спосаб яго раскрыцця); 2) тып лексічнага значэння (па матываванасці, сувязі назвы з прадметам, спалучальнасці з іншымі словамі); 3) адназначнае гэта слова ці мнагазначнае; 4) аманімічныя адносіны; 5) сінанімічныя адносіны; 6) антанімічныя адносіны; 7) тып (або група) паводле паходжання; 8) тып па экспрэсіўна-стылістычных асаблівасцях; 9) тып па сферы ўжывання; 10) тып паводле актыўнага і пасіўнага складу.

У з о р: Мінут пяць баец ішоў лесам.

Баец – ‘салдат, радавы’ (сэнс слова раскрываецца сінанімічным спосабам); тып лексічнага значэння па матываванасці – матываванае, па сувязі назвы з прадметам – прамое, па спалучальнасці – свабоднае; мнагазначнае (параўн.: баец працоўнага фронту); у аманімічныя адносіны не ўступае; сінонімы: салдат, радавы; антоніма няма; спрадвечна беларускае; агульнае для ўсходнеславянскіх моў; міжстылёвае, нейтральнае; агульнаўжывальнае; паводле актыўнага і пасіўнага складу гэта слова сёння можна ўжо лічыць устарэлым, архаізмам.

 

* * *

Схема  ф р а з е а л а г і ч н а г а   а н а л і з у: 1) сэнс фразеалагізма (або фразеалагічнае значэнне); 2) тып фразеалагізма паводле паходжання (па магчымасці, вызначаецца і спосаб утварэння фразеалагіхма); 3) тып па семантычнай злітнасці кампанентаў (зрашчэнне ці адзінства); 4) тып па суадноснасці з часцінамі мовы, зменнасць ці нязменнасць фразеалагізма; 5) тып па структуры; 6) тып па спалучальнасці са словамі; 7) сінтаксічная роля ў сказе; 8) стылістычная характарыстыка (функцыянальна-стылёвая і, калі выяўляецца, экспрэсіўна-ацэначная).

У з о р: Схлусіць, што Люся тут ні пры чым, -- у мяне не паварочваецца язык, а сказаць праўду я не хачу. (В.Б.)

У гэтыс сказк два фразеалагізмы: ні пры чым і не паварочваецца язык (у каго). Прааналізуем другі выраз.

Язык не паварочваецца (у каго) – ‘хто-небудзь не адважваецца ці не мае ахвоты сказаць што-небудзь’; агульны для ўсходнеславянскіх моў, утвораны фразеалагічна-сінтаксічным спосабам у выніку метафарычнага пераасэнсавання свабоднага прэдыкатыўнага словазлучэння з нерэальным вобразам; фразеалагічнае адзінства з нерэальным вобразам у яго аснове; несуадносны з часцінамі мовы, яго дзеяслоўны кампанент здольны ўжывацца ў цяперашнім, прошлым і будучым часе (не паварочваецца, не паварочваўся, не павернецца); мае структуру двухсастаўнага неразвітага сказа; з канструкцыйна абмежаваным значэннем, паказчык – у каго; выконвае сінтаксічную функцыю галоўнага члена безасабовага сказа; размоўны па функцыянальна-стылёвай афарбоўцы.