АРФАЭПІЯ
^ Вверх

Арфаэпія

 

47. Існуюць адзіныя, абавязковыя для ўсіх носьбітаў мовы нормы літаратурнага вымаўлення, якія, аднак, нярэдка парушаюцца па розных прычынах. Назавіце тры асноўныя прычыны адхіленняў ад арфаэпічных нормаў літаратурнай мовы.

 

48. У мастацкіх творах пісьменнікі часам абгрунтавана выкарыстоўваюць фанетычныя дыялектызмы для маўленчай характарыстыкі персанажаў. Адзначце такія словы (з асаблівасцямі мясцовых гаворак) у прыведзеных сказах.

 

1. Ціхо ты, ціхо, Ганначко! (І.М.) 2. Корч ездзіў у мясцечко па дохтара. (І.М.) 3. – І не абрыдне ім [рыбу вудзіць]!.. – Бо нічого іншаго, Майсак, не маюць да работы!.. От, дурнота ўсё і разбэшчанасць! (Карп.) 4. А вам ето важно знаць? (І.М.) 5. Вечарам набліжаюсо да поля – штось бомкае, а ветру няма! Ліхо на яго, чэрці звоняць, ці што?! (Карп.) 6. Прынясіце спадніцу, каторая ў клетку, кохту хвабрычную, чаравікі і хвартух белы! (І.М.) 7. А чаму сонцо раніцой жоўтае, вялікае, а днём – белае і малое? І як гэто брычка Шастаковіча едзе ўперад, калі колы яе круцяцца назад? (Карп.) 8. Ты, мабуць, б’ешся балюча. (І.М.) 9. Колісь мы з Ляксандрам егдзілі ў Канаду, памятаеш, Волесь? (Карп.) 10. Кеб з таго кавалка, што каля цагельні, дасталося. То б надзел буў!.. (І.М.)

 

49. У некаторых беларускіх гаворках звонкія гукі [б], [г], [д], [дж], [дз], [з], [ж] на канцы слоў і перад глухімі не аглушаюцца, а глухія перад звонкімі не азванчаюцца. Як у адпаведнасці з арфаэпічнымі нормамі трэба вымаўляць наступныя словы?

 

Хлеб, боб, грыб, дуб, луг, мітынг, вораг, металург, дзед, агарод, сад, холад, катэдж, дождж, ксёндз, моладзь, газ, вылез, груз, скрозь, туз, адрэж, замуж, галубка, жэрдка, сцежка, суседка, бабка, лыжка, бегчы, лёгка, блізка, жарэбчык, сядзьце, едзьце, казка, футбол, касьба, барацьба, просьба, малацьба, носьбіт, баскетбол.

 

50. Няправільнае вымаўленне асобных гукаў выклікаецца і ўплывам рускай арфаэпіі, змешваннем арфаэпічных нормаў беларускай і рускай моў. Назавіце асаблівасці вымаўлення ў рускай і беларускай мовах, напрыклад, гукаў  [ч],  [р], [г]. Якія парушэнні арфаэпічных нормаў сустракаюцца ў гэтай сувязі пры вымаўленні прыведзеных слоў?

 

Чалавек, начальнік, вечар, гоншчык, згушчаць, карчаваць, росчырк, голуб, восем, б’юцца, чатырохстопны, начаваць, чаго, яго, яфрэйтар, гаварыць, горад, кангрэс, кангалезец, магніт, ягадка, ягуар, чэчэнец, угон, уголас, угадваць, дрожджы, даслоўна, дырэктар, настаўнік, заўтра, праўда, на ўра, роўны, яўрэй, ураўненне, урач, дзеці, дзяўчына, адзенне, цела, даціснуць, дзверы, дзіва, дзюбка, высокага, няўмелага, шчасце, шчыры, пятага, нашага, шчодры, шчаўчок, вашага, смелага, вераб’ю, залатога, шчаўе, Шчучынскі раён, рогат, рэбус, выразка, харызма, трохвугольнік, вуліца, вокны, вучаніца, даўно.

 

51. Прачытайце ўрывак з апавядання К.Крапівы «Мой сусед» (1927) і скажыце, чаму школьнік-беларус ніяк не мог навучыцца гаварыць «рюмка». У апавяданні расказваецца пра прыстасаванца-настаўніка Лукавіцына, які прыстасоўваўся да палітычных абставін і адпаведна мяняў сваё прозвішча: пры цары быў Лукавіцыным, пры паляках – Цыбульскім, а ў часы беларусізацыі «стаў шчырым беларусам» Міхасём Цыбулевічам.

 

Настаўнікам  Лукавіцын быў – пашукаць такога: старанны, паслухмяны і заўсёды ў начальства на відавоку. Да вучняў ён адносіўся па-бацькоўску строга і клапаціўся не толькі аб іх ведах, але і аб выхаванні, і аб набыцці імі добрага тону. Аднаму, напрыклад, свайму вучню ён паставіў чатыры па паводзінах за тое, што вучань прайшоў па вуліцы са сваёй знаёмаю дзяўчынаю. Другога вучня Лукавіцын пяць разоў выклікаў на зіме, дамагаючыся, каб той сказаў «рюмка». Вучань кожны раз гаварыў «румка» і садзіўся з «едзініцаю».

Клопаты Лукавіцына аб чыстаце вымаўлення «рюмкі» скончыліся тым, што вучань у канцы года меў «круглую едзініцу» і канчаткова «сеў» на другі год, а настаўнік быў здаволены, што выпаўніў свой абавязак.

 

52. Часам пад уплывам арфаграфіі вымаўляюць словы так, як прывыклі іх пісаць; напрыклад, адкусіць, вучышся, не быў, бязлітасны замест [ат]кусіць, вучы[с’а], [н’а] быў, [б’аз’]літасны. Адзначце аналагічныя магчымыя арфаэпічныя няправільнасці.

 

Не хочацца, не думаў, без страху, без шуму, не трэба, дзівішся, імкнешся, злуешся, купаешся, асмелішся, цікавішся, на печцы, на рэчцы, зжаты, сшытак, счапляць, перапісчык, на полачцы, у сутычцы, падмазчык, світанне, разбіць, след, сцвярджаць, сліва, збегчы, смех, спіс, расцвісці, цвет, цвік.

 

53. Пры вымаўленні і напісанні некаторых слоў дапускаецца варыянтнасць у межах нормы. Напрыклад, у нарматыўных слоўніках падаюцца як аднолькава дапушчальныя варыянты канешне і канечне, жаваранак і жаўранак, калодзеж [калоz’эш] і калодзесь [калоz’эс’]. Пры неабходнасці звяртаючыся да нарматыўнага «Слоўніка беларускай мовы» (1987), дапішыце да слоў (пасля працяжніка і шматкроп’я) варыянты гэтых слоў.

 

Замгліць -- ..., ігруша -- ..., даімчаць -- ..., аржаны -- ..., іграць -- ..., зарава -- ..., мачаха --- ..., водар -- ..., загаворваць -- ..., квоканне -- ..., зблякнуць --- ..., змёрзнуць -- ..., даіграць -- ..., квактуха -- ..., крактун -- ..., сутарга -- ..., кафтан -- ..., траверса -- ..., кмен -- ...

 

54. Асноўныя правілы беларускага літаратурнага вымаўлення зводзяцца да вымаўлення галосных і спалучэння галосных,  вымаўлення зычных і спалучэння зычных, вымахлення некаторых граматычных формаў і правілах пра націск у словах.

Як вымаўляюцца ўсе астатнія націскныя галосныя, апрача [і]? Раскажыце, як вымаўляецца націскное [і] у пачатку слова, а таксама пасля галоснага ў сярэдзіне і на канцы слова. У якіх з пададзеных слоў развіўся ў вымаўленні прыстаўны [й] (ёт)?

 

Івалга, івасі, ігла, ідал, іжыца, Заір, заінець, іголка, ігра, ігрушавы, Іўе, Іван, імя, заіка, ігрэк, ідыёма, ідэал, ідэйны, краіна, тваіх, маіх, іканне, ікаўка, ікнуць, ікс, іл, ізатоп, ізгой, ізноў, іменна, імпульс, па-іхняму, іхні, Індыя, іней, інець, здваіць, даіць, інстытут, інсульт, ісці, іністы, ісціна, у гаі, у баі, салаўі, ізюм, ікона, ікра, іншае, іншы, ірад, іск, ілгаць, імі, па-іншаму, паіць, імпэт, імша, індык, паілка, іскарка, іскра, інакш, індыйцы, існасць.

 

55. Што такое поўнае аканне? Як трэба вымаўляць ненаціскныя галосныя гукі ў наступных словах?

 

Асабліва, арганізм, стараста, чатыры, пачуць, малавата, грамада, ахарактарызаваць, барада, галава, грамадазнаўства, малады, выпрацоўваць, цагляны, выламаць, выразаць, ажаніцца, шарсцяны, ацаніць, высакавата, навастрыць, дапамагчы, прагаладацца, прагаласаваць, гараваць, ганарыцца, вадавоз, драннаваты, сарцавіна, халады, вадзяны, драмлю, закутак, праснаваты, дарагаваты.

 

56. Растлумачце, чаму галосныя [о], [э] не пад націскам у адных выпадках вымаўляюцца як гук  [а], а ў другіх – як [ы].

 

Воды – вада, рэкі – рака, узгорак – гара, прэсны --  праснак, кроў – крыві, хрэсьбіны – хрышчэнне, гром – грыміць, скрогат – скрыгатаць, бровы – брыво, дрогкі – дрыжыкі, крошка – крышыць, блохі – блыха, глотка – глытаць, брод – брысці, дровы – дрывотня, брызент, трывога, рысора, цырымонія.

 

57. Растлумачце, чаму ненаціскны гук [э] пасля цвёрдых зычных у адных словах падлягае замене на [а], а ў другіх – захоўваецца.

 

Жэмчуг – жамчуговы, шэсць – шасцёра, рэчка – рачны, крэмль – крамлёўскі, эгаіст, эканоміка, экзамен, эзопаўскі, эйфарыя, экватар, экзекутар, эксгумацыя, экран, рэжым, рэзервуар, рэзон, рэйхстаг, рэкамендацыя, цэлафан, цэлулоід, цэмент, цэнзура, цэнтралізм, тэарэма, тэатр, тэзаўрус, атэіст, тэлеатэлье, дэбош, дэпутат, дэвіз, дэманстрацыя, дэлегат, дэкада, рэзюмэ, рэнамэ, экзэмпляр, эфіоп.

 

58. Што такое няпоўнае яканне? Як вымаўляюцца галосныя [о], [э] ў першым пераднаціскным складзе пасля мяккіх зычных?

 

Вясковы, вятры, селянін, нясмелы, бязмежны, землямер, бранябоўны, сяляне, бяроза, Валянцін, дзяўчына, бервяно, бляхар, бярлог, бярозавік, бягонія, бязвыезна, весялун, васьмярык, верацяно, вясёлка, дзяцюк, змеявік, каляіна, клеяварня, кляймо, князёўна, ільвяня, лядоўня, медзведзяня, мятліца, напярэдадні, нацянькі, няўзнак, пабядзіт, папяроса, паслязаўтра, прад’явіць, прасвятліць, пруцяны, пярсцёнак, семярык, сянаж.

 

59. Як вымаўляецца часціца не і прыназоўнік без у пададзеных прыказках?

 

1. Не адзін Гаўрыла, што ў Полацку. 2. Не бойся таго сабакі, што брэша, а бойся таго, што лашчыцца. 3. Не было ні граша, а раптам алтын. 4. Не варта шкурка вырабу. 5. Без Бога ні да парога. 6. Без гаспадара і дом сірата. 7. Без мукі няма навукі. 8.Сэрца не камень. 9. Адзін у полі не воін. 10. Дзеўка не конь, вупраж не накінеш. 11. Дзіця не плача, матка не дагадаецца. 12 Праўда не скварка, з кашаю не з’ясі. 13. Смех без прычыны – прызнак дурачыны. 14. Ружы без калючак не бывае. 15. Шавец заўсёды <ходзіць> без ботаў. 16. Няма гаду без яду. 17. Свет не без добрых людзей. 18. У сямі нянек дзіця без носа.

 

60. Растлумачце, чаму ў адных словах неславянскага паходжання (і вытворных ад іх) пасля мяккіх зычных у першым складзе перад націскам вымаўляецца [э], а ў другіх – [а].

 

Метро, сезон, сезонны, легенда, легендарны, калектыўны, медаль, метровы, аперацыя, дзяжурны, яфрэйтар, сяржант, каляндар, ялейны, яўрэй, бейсбол, берэт, веранда, вердыкт, галерэя, гектар, камерсант, манекен, мармелад, капялюш, рэгуляваць, маляваць, цыркуляваць, меню, малярыя, шавялюра, мянтуз, язмін, мінерал, пергамент, пенал, пельмені, янот, янтар, ярлык, пейзаж, педаль, плеўрыт, сегмент, секунда, ядваб, яхтсмен, сенат, сервіз, яхідна, фенол, экзаменар.

 

61. У нас ёсць амаль сотня слоў, і складаных у тым ліку, з коранем пяць: пяцёра, пяцярня, пятачок, пяцігоддзе,  пяцізначны і г.д. І ўсе яны захоўваюць каранёвае [а] (арфаграфічна – я). Здавалася б, што ні ў кога не павінна выклікаць сумнення, што і пяцёра ва ўскосных склонах трэба вымаўляць з [а] у першым складзе, а на пісьме захоўваць літару я. Але ў «Слоўніку беларускай мовы» (1987, с. 663) памылкова даюць так: пяцёра... пецярых, -ым, -ымі; аднак параўн. на с. 825: упяцярых. І вось промах гэтага нарматыўнага даведніка набывае сілу аўтарытэта і ўкараняецца ў практыку. Карэктары ўжо ўсюды выпраўляюць пяцярых на пецярых (гл., напрыклад: Полымя. № 12. С. 30). І ў падручніку-хрэстаматыі для 7 класа («Жураўліны крык» В.Быкава) чатыры разы даецца пецярых. Цяпер ужо, калі сямікласнік скажа [п’а]цярых або ў пераказе ці сачыненні напіша, як і трэба, пяцярых, пяцярым, пяцярымі, настаўнік, відаць, мусіць папраўляць так, як пададзена ў хрэстаматыі.

Звярніце ўвагу на гэту недакладнасць у нарматыўным слоўніку.

 

62. Які гук ([і] або [ы] ці  [й]) трэба вымаўляць у прыведзеных слова і спалучэннях слоў?

 

Вы...сці, пры...сці, з ...голачкі, вы...шаў, стол ... крэсла, на ...грышчы, узяла ...голку, брат ... сястра, луг ... поле, ад ...нстытута, пед...нстытут, пад...сці,  з ...таліі, яна ...шла, да ...вана, яго ...дэал, ад ...вана, наш ...гнась, на ...мя, за ...нспектарам, не ...сці, Гродна ... Брэст, Гомель ... Магілёў, Мінск ... Віцебск, смех ... грэх, за...сці, паліт...нфармацыя, раз...сціся, з ...мі, уз...сці, аб...ду, між...нстытуцкі, да...граваць, ён ...шоў, без ...льгот, про...грыш, пера...грываць, за...мчыць, без ...груш, у ...нтэрв’ю, без ...скры, з ...нструментам, у ...ўе, бацька ... сын, хлеб ... масла.

 

63. Прааналізуйце прыклады з вершаванага маўлення. Як трэба вымаўляць выдзелены злучнік у першых трох сказах? Чаму злучнік і  і часціца і ў 4-6 сказах перададзены на пісьме літарай й? Вызначце ў 2-м сказе ўсе несупадзенні ў напісанні і вымаўленні.

 

1. Князь у хораме жыў, слаўны свету ўсяму, недастуаны і грозны, як хорам. (Куп.) 2. Ідзе з лапатай дзядзька з хаты і адграбае снег заўзята. Ў гумно і хлеў праводзіць сцежкі, – не хоча мець удзень замешкі, бо ўдзень на рэчку і на тоні схадзіць збіраецца Антоні. (К-с) 3. Ото паноў! О, божа мілы! Якія гладкія іх рылы! Якія вусы і бароды! Паставіць бы іх у гароды – ні вераб’і і ні вароны не смелі б сесці на загоны!  (К-с) 4. Жывеш, ліпіш, як на калу ты, і ногі й рукі ўдзеты ў путы. (К-с) 5. Ішлі гоманы нівай нясмелай, гарады заклікаючы й вёскі. (Куп.) 6. Калі няма разумніка другога, пабіцца каб удвух, дык ён разгоніцца, ды ў сцену – бух! У іншага дык выскачыў бы й дух, а ён – нічога. (Крап.)

 

64. Які гук ([у] ці [ў]) вымаўляецца ў прыведзеных словах і спалучэннях слоў? Звярніце ўвагу на паслядоўнае вымаўленне (і напісанне) пэўнага гука ў сярэдзіне слоў неславянскага паходжання пасля галосных верхняга пад’ёму ([і], [ы], [у]).

 

Рака ...рал, каля ...фы, да ...краіны, на ...ладзіміра, да ...льяны, ва ...ладзівастоку, О...эн, Ланда..., Бешта..., ка...чук, а...кцыён, а...дыенцыя, а...дыторыя, ваку...м, рады...с, натары...с, прэзіды...м, кансілі...м, сімпозі...м, стра...с, ра...нд, бра...нінг, ма...зер, ла...рэат, аквары...м.

 

65. У дапаможніку «Сучасная беларуская літаратурная мова: Лексікалогія. Фанетыка. Арфаграфія» (1993, с. 171) сярод запазычаных слоў, у якіх пры вымаўленні адбываецца змена [у] на [ў], ёсць і выраз ва [ў]нісон. Дадаецца, што «вымаўленне ў гэтым выпадку не супадае з напісаннем: спявалі ва унісон». Звярніцеся да «Беларуска-рускага слоўніка» (1989, т. 2, с. 612) і «Руска-беларускага слоўніка» (1982, т. 2, с. 531): ці дакладнае сцвярджэнне дапаможніка, прыведзенае вышэй?

 

66. Як вымаўляецца спалучэнне галосных [аа]? Ці сцягваецца яно ў адзін доўгі гук  [а]?

 

Наадварот, заалогія, заараны, паадносіць, заадно, заахвочваць, заакіянскі, наабсякаць, кааліцыя, кааперацыя, наабяцаць, наадбіраць, наадрэз, наадэкалоніцца, наапашкі, дрэваапрацоўчы, паасобку, па-армянску, наачышчаць, паабапал, паабдзіраны, паабедаць, паабмазваць, паабмарожаны, паабсяваны, па-абхазску, паабяцаны, заазёрны, заапарк, заапладзіраваць, заатэхнік, заараны.

 

67. Як вымаўляюцца спалучэнні галосных [эа], [уа], [ээ], [эо], [іо], [ыо], [іа] у словах неславянскага паходжання і вытворных ад іх?

 

Тэарэма, туалет, рэалізм, рэалістычны, рэагаваць, рэарганізацыя, тэарэтычны, сексуальны, рэактар, рэабілітацыя, рэактыў, рэаліст, Туапсе, туалетны, дээскалацыя, дээтымалагізацыя, рээкспарт, рээмігрант, рээвакуацыйны, гнасеалогія, фразеалогія, альвеола, фразеолаг, палеанталогія, палеантолаг, палеаграфія, біёлаг, біялогія, радыё, адажыо, Токіо, Рыо-дэ-Жанейра, сальфеджыо, піяністка, піянер, стацыянарны, рацыянальны, сакратарыят, дыяметр, дыягназ, кардыёлаг, кардыяграма, кардыялогія, дыялекталагічны.

 

68. Як ужо ў практыкаванні 50, гукі [ч],  [р], [г], у беларускай мове вымаўляюцца інакш, чым у рускай. Неднолькава вымаўляюцца рускае [щ] і беларускае спалучэнне [шч], а таксама губныя [б], [п], [м], [ф] на канцы слоў і перад ётам. Супастаўце вымаўленне названых гукаў у рускай і беларускай мовах.

 

Щавель, щебень, щебет, щегол – шчыгол, щедро – шчодра, щека, щелое, щелочность, щениться, щепоть, щербатый, щетка, Щетин, щипать, щипнуть, щука, щур, Щучин, расщебенивать, расщемить, расщеп, защебетать, зещемить, защипанный.

Голубь, степь, восемь, верфь, пью, бью, воробьи, семья, сыпь, восемьдесят, восемьсот, кровь, насыпь, накипь, познакомься, семь, сафьян, дробь, поступь, вьетнамский, пьедестал, пьеса, пиявка, кмпьютер, семьсот, семьянин, интервью, копьё.

 

69. У рускай мове гук [г] – выбухны, і толькі ў некалькіх словах вымаўляецца фрыкатыўны (гама):ага, ого, бухгалтер, господи, ейбогу, Бог і ў выразах з кампанентам бог (слава богу, дай бог і інш.). У беларускай жа мове гук [г] часцей за ўсё шчылінны (фрыкатыўны), толькі ў параўнальна рэдкіх выпадках – выбухны. Пра выбухны [г], парны звонкі з [к], ва ўсіх беларускіх падручніках пры разглядзе арфаэпіі зычных гаворыцца. Што ён вымаўляецца толькі ў асобных словах небеларускага паходжання: гузік, гонта, гарнец, ганак, нягеглы, газа, гізаваць, гільза. Часам да гэтых дадаюцца яшчэ словы з гукаспалучэннем зг: абрызгаць, брызгаць, бразготка, мазгі, мазгавіты, розгі, рэзгіны інекаторыя іншыя. А Я.Лёсік ілюстраваў вымаўленне выбухнога[г] не толькі словамі мазгі, розгі, ганак, але і шматлікімі іншымі, у якіх [к] пераходзіць у [г], «калі яму, будучы прыназоўнікам, прыходзіцца стаяць перад словамі, што пачынаюцца звонкімі г, д, ж: г гары, г дому, г дзераву, г жалезу» (Лёсік Я. Граматыка беларускае мовы: Фонэтыка. – Менск, 1926. – С. 111). Выбухны  [г] вымаўляецца, аднак, не толькі ў гэтых выпадках. Азванчэнне глухога [г] адбываецца ў сярэдзіне вельмі многіх слоў, найчасцей запазычаных з неславянскіх моў, а таксама на стыку двух слоў: рукзак, Вялікдзень, як бачыш.

У якіх з гэтых слоў ці спалучэнняў ёсць выбухны [г]?

 

Горад, нага, бразгалка, бразганне, бразгат, бразгатаць, гойсаць, Бог, нягожа, нягуста, няголены, падгуляць, мазгаўня, мазгаваць, мазгавы, швагер, гвалт, гвалтоўны, гонтавы, гвалтам, згвалціць, як бы, гасцінец, гартаваны, вогнішча, к дому, к дакладу, к жолабу, к гораду, як жа, як быццам, гаротны, дагараць, дэгенерат, рэнегат, дэградацыя, анекдот, вакзал, гекзаметр, штрэйкбрэхер, экзамен, экзатычны, дэгустатар, экзекуцыя, экзэмпляр, экзотыка, экзэма, вакзальны, экзістэнцыялізм, дэгераізацыя, экзальтацыя, пераэкзаменоўка, згіб, герой.

 

70. Ахарактарызуйце такія з’явы арфаэпіі, як дзеканне і цеканне. Праілюструйце іх трыма прыкладамі накшталт наступных: са – у садзе, садзіць; газета – у газеце; тоўсты – таўсцей; іду – ідзеш; наперад – наперадзе.

 

71. 25 студзеня 1952 г. на навуковай канферэнцыі па пытаннях беларускага правапісу, скліканай Інстытутам мовазнаўства Акадэміі навук БССР, К.Крапіва, выступаючы з дакладам аб «Праекце змен і ўдакладненняў беларускага правапісу», прапанаваў ад імя Арфаграфічнай камісіі пашырыць правіла аб дзеканні і цеканні на ўсю іншамоўную лексіку. Прапаноўвалася пісаць (і вымаўляць): парція, дзірэктар, акціў, дзірыжор і г.д. Гэты «Праект...» на працягу некалькіх гадоў абмяркоўваўся ў друку, а таксама на спецыяльнай канферэнцыі. 11 мая 1957 г. Савет Міністраў БССР прыняў пастанову «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу». У ёй правілы аб дзеканні і цеканні сфармуляваны не ў такім варыянце, які прапаноўваўся Арфаграфічнай камісіяй у 1952 г.

Праілюструйце пададзенымі прыкладамі сучасныя правілы вымаўлення [д], [т] і [дз’], [ц’] у словах неславянскага паходжання і вытворных ад іх.

 

Кандыдат, парадыгма, дыяпазон, Індыя, камандзіровачны, тэатральны, каранцін, ірландзец, Ірландыя, тэлеграма, тэатр, габардзін, тыран, дыктатар, індзеец, манцёр, эцюдзік, дырыжор, актыў, партыя, крытыка, білецёр, лацінскі, дэлегат, дывізія, тэкст, тыповы, транспарцір, камандзіроўка, дэльта, гардэробшчык, камандзір, балаціроўка, плаціна, гардзіна, цюльпан, блакноцік, гвардзейскі, вахцёр, Дзяніс, Ватыкан, акцёр, білецік, дзюшэс, Тыбет, букецік, Аргенціна, цітр, брыганціна, авантура, дэкан, бамбардзіроўшчык, брыгадзір, манціроўка, гвардзеец, пацвердзіць, бацвінне, Антарктыда, тыраж, каскадзёр, канадзец, экспарцёр, іудзейскі, рэпарцёр.

 

72. Супастаўце некалькі слоў, агульных для беларускай і рускай моў: затишье – зацішша, несчастье – няшчасце, ночью – ноччу, радостью – радасцю, солью – соллю. Толькі ў якой фанетычнай пазіцыі гукі [з], [л], [н], [с], [дз], [ц], [ж], [ч], [ш] на месцы старога спалучэння «мяккі зычны + рэдукаваны + ёт» вымаўляюцца як падоўжаныя зычныя? Чаму няма падаўжэння зычных у словах няшчасце, радасцю? Зазначым у дужках, што для запамінання першых шасці зычных, якія падаўжаюцца ў вымаўленні, можна скарыстоўваць механічны прыём: зелень садзіць.

Запішыце па два прыклады слоў, у якіх пры вымаўленні падаўжаюцца пералічаныя 9 зычных гукаў.

 

73. У якіх словах і па якіх фанетычных заканамернасцях адбываецца падоўжанае вымаўленне пэўных гукаў?

 

Адчайна, сучча, зацішша, засведчаны, датчык, абуваешся, беражэшся, кладцы, матцы, бясшумна, у вазачцы, дачцэ, салдатчына, адтуліна, скібачцы, спадчына, апаратчык, носішся, лодцы, студэнтцы, аддаць, разжаваць, расшыфроўка, стачцы, следчы, мінамётчык, сустракаешся, дудцы, кветцы, раззняць, кладачцы, адтапыраны, адцадзіць, ягадцы.

 

74. Праілюструйце на пададзеных прыкладах правілы вымаўлення гукаў [з], [с] перад мяккімі губнымі і перад [з’], [л’], [н’], [с’], [дз’], [ц’]. Адзначце прыклады, у якіх гукі [з], [с] не змякчаюцца.

 

Беларускі, згінуць, расфіласофстваваць, гняздзечка, цераз месяц, беззямельны, палескі, схіл, атмасфера, слёзы, з зімы, вільнюскі, розгі, калоссе, сфера, схібіць, з левага боку, мазгі, сфінкс, госць, ускіпеў, схіснуць, несці, схітрыць, сферометр, рассмяўся, з зямлі, сцяна, з Нёмана, свята, спіна, праз лес, сківіца, знізу, снедаць, крымскі, бязлессе, згібаць, знішчыць, з’езд, счарсцвець, расцвітаць, расхіліць, спяваць, схема, рассцілаць, скіснуць, сцерагчы, зняць, зляпіць, ісці, роспіс, празмерна, раздзець, здзейсніць, звязаць.

 

75. Якія гукі абазначаны падкрэсленымі літарамі?

 

Раскіданы,  дождж, цюрыхскі, будка, возчык, зняць, выязджаць, сяджу, падзолісты, разжаваць, адпасці, счарнелы, у баковачцы, счэпшчык, крадком, лічба, дранцвець, Індыя, гараджанін, на дарожцы, лебедзь, сударга, экзаменатар, голуб, ва Уладзівастоку, ручнік, раўнапраўе, мы ішлі, юнак, зжаць, гарадскі, пасведчанне, подзвіг, пясчынка, з інжынерам, з чатырох, у хустцы, узбекскі, рукзак, Патсдам,  не змог, Брэстчына, кантрасны, рэдзька, у грэчцы, суражскі, стужка, швагерка, мітынг, мядзведзь, смачны, зелле, адчуванне, ускраіна, пінжак, быльнёг.

 

76.  Адзначце словы, у якіх ёсць гук [с].

 

Скіба, сліва, просьба, грамадскі, пражскі, смех, схіл, перапісчык, вучышся, на дошцы, згіб, на дарожцы, чэшскі, бясшумна, казка, сцежка, бярозка, перавозчык, раз’юшаны, смех, паслабленне, ссыпаць, расцвітаць, раскідаць, счапіць, рассмяшыць, французскі, схімічыць, без памылак, спілаваць.

 

77. Адзначце ў прыведзеных словах сцяжэнне зычных гукаў і спрашчэнне груп зычных.

 

Расольнік, беларускі, добрушскі, гарадскі, посны, сардэчнасць, расада, рыжскі, брэсцкі, паслаць, нясвіжскі, расаднік, казацкі, расол, сарцавіна, баранавіцкі, радасны, шавецкі, у частцы, матроскі, праязны, чувашскі, аб’ездчык, варонежскі, сардэчнасць, людскі, брацкі, паляшуцкі, свіслацкі, маладзецкі, андалузскі, сонца, позна, сілезскі, кравецкі, смалявіцкі, красавіцкі, гіганцкі, фламандскі, даргамыжскі, ламаншскі, вільнюскі, міласэрна, трохмесны, адэскі, расліна, сожскі, астма, карысны, парыжскі, вынаходства, альпінісцкі, страсны, ціснуць, індускі, бермудскі, няўрымслівы, хіснуцца, веснік, дэпутацкі, славацкі, зайздросны, ткацтва, шчаслівы, грэцкі, кіргізскі, помслівы, лунінецкі, суэцкі.

 

78. Выпішыце з «Парадоксаў» В.Быкава словы. У якіх вымаўленне не супадае з напісаннем. Растлумачце асаблівасці вымаўлення пэўных гукаў у гэтых словах.

 

На ленінскія ўгодкі да помніка правадыра ветэраны ўскладвалі кветкі. Сярод іх быў адзін стары з кавенькай у руцэ. Я яго ведаў. Расказвалі, як у вайну ён апынуўся ў нейкім мястэчку, адзін, без сям’і. А быў глуханямы. Жыць было дужа трудна. Палітыкай ён не займаўся. Неяк аднаго разу ў мястэчка завіталі хлопцы з лесу. Іх было трое, і яны прынеслі з сабой фальшывыя, зробленыя ў падполлі прадуктовыя карткі. Хацелі атаварыцца, але баяліся, што пападуцца. Тады рашылі паспрабаваць на кім-небудзь, каго не шкада. Выбралі таго глуханямога. Нечакана для іх ён пайшоў і атаварыўся. Хлопцы зарадаваліся і надзялілі яго тымі карткамі. Нямко быў дужа ўдзячны ім, На ўсё жыццё. І стаў партызанам. І палюбіў Леніна. І ягоную партыю.

А тое здарэнне ў вайну расказваў пасля адзін з трох партызанаў.

 

79.  Вызначце, ці ўсе прыведзеныя тут рыфмф з паэмы Я.Коласа «Новая зямля» дакладныя. (Дакладнай рыфмай называюць такую, у якой супадаюць усе гукі, пачынаючы з апошняга націскнога.) Затранскрыбуйце першыя дзве рыфмы. Якія фанетычныя працэсы ў зычных дазваляюць дабівацца дакладнай рыфмоўкі?

 

Верас – яшчэ раз, спачатку – па парадку, Лыска – блізка, мяне ты – абагрэты, тая – выплывае, старонка – пялёнка, скавародкі – кароткі, увачавідкі – пліткі, патэльні – пякельны, маткі – аладкі, па целе – з пасцелі, лагамі – палямі, цялушкі – дружкі, пужка – мянушка, дзядзька – бацька, завіхацца – аладцы, сёння – Заблоння, блізка – рыска, наніз – абрыс, апранатка – аладка, у барох – мог.

 

80. Праілюструйце на пададзеных прыкладах правілы вымаўлення некаторых граматычных формаў.

 

Радаснага, леташняга, зачыненага, лепшага, пятнаццатага; добрую, ціхую, смачную, леташнюю, летнюю; пакрыўджаная, сусветная, чатырнаццатая; расчыненыя, зняволеныя, трынаццатыя, прыгожыя, раздрукаваныя; мераю, гуляю, хітрую; ідзём, гуляем, пішам, бяром; па дарогах, аб вёснах, па вуглах; дзвюх гадзін, двух урокаў; па лесе, у порце, на снезе, аб вучню, на мітынгу; два акны, тры вучні.

 

81. Націск у беларускай мове, як і ў многіх іншых, разнамесцавы (студзень, лістапад, ідэалізацыя) і ў шмат якіх словах рухомы (адрас – адрасы, бой – у баі, рука – рукі).

Рухомы націск уласцівы і назоўніку злодзей. Ва ўсіх склонавых формах адзіночнага ліку націск прыпадае на першы склад. Напрыклад, у прыказках: Не злавіўшы, не кажы, што злодзей; Злодзею адна дарога, а хто шукае, таму многа. У множным ліку націск падае на другі склад: Абышлі ўсе закануркі паблізу вёскі – можа, дзе да часу зладзеі кінулі коні. (К.Крапіва) Спалучаючыся з лічэбнікамі два, тры, чатыры, гэты назоўнік мае мае форму злодзеі.

Акцэнталагічная норма гэтага назоўніка зафіксавана ва ўсіх нашых акадэмічных слоўніках; напрыклад, у ТСБМ (т. 2, с. 481): «Злодзей, -я, мн. зладзеі  (з ліч. 2, 3, 4 лодзеі), зладзеяў; м.». Але гэта норма вельмі часта парушаецца ў друку апошніх гадоў (пры ўжыванні назоўніка злодзей у формах множнага ліку).

Адзначце сказы, у якіх слова злодзей (зладзеі) ужыта з няправільнай пастаноўкай націску.

 

1. На злодзеі шапка гарыць. (Прык.) 2. Ды і хата адна доўга не пастаіць: могуць і вокны выбіць, могуць і зладзеі залезці якія, цяпер гэта не навіна. (Дам.) 3. Мы размаўлялі з госцем хвілін дваццаць, не больш. Але злодзеям гэтага аказалася дастаткова, каб угнаць легкавушку з двара. (С.Б.) 4. – А вы сенцы што, не замыкаеце? – Навошта? – А злодзеі? (Бад.) 5. Адкуль у людзей такія грошы? Пэўна, якія-небудзь спекулянты-ліхвяры або зладзеі... (І.К.) 6. Злодзеяў судзіў Рэвалюцыйны ваенны трыбунал Мінска. (А.Л.) 7. Злодзеі грошай чамусьці не ўзялі. (Вішн.) 8. Беднага карнета я выратаваў, бо ён адчайна закрычаў, калі два злодзеі, палтчыўшы яго мёртвым, сарвалі з яго медальён і палезлі абшукваць кішэні. (К.Т.)

 

82. Абазначце націск у словах.

 

Крапіва, навіна, садавіна, квартал, спіна, Украіна, абычай, аксюмаран, анапест, аспід, грамадзянін, грамадзянка, прыступка, гваздзікі, статут, статуя, тытул, факсіміле, хабар, падпарадкаванне, мажны, аб’інець, алфавіт, аднасастаўны (сказ), высокаразвіты, злінялы, падпарадкаваны, чатырнаццаць, чатырнаццаты, шэсцьдзесят, семдзесят, паведаміць, паведамі, паведамлю, дзеячы, курганы, нібы, маляр, супавы, сутулаватасць, эксперт, сінанімія, арахіс.

 

83. Абазначце націск ў дзеяслоўных формах.

 

Далі, занялі, засталіся, плылі, прадалі, перажылі, пераплылі, аддалі, прынялі; дала, узяла, прыняла, прадала, перажыла, заняла; бераце, даяце, крычыце, несяце.

 

84. Абазначце націск у фразеалагічных зваротах.

 

Кідаць цень, кідаць вока, закідаць шапкамі, кідацца ў вочы, закасаўшы рукавы, гнуць спіну, кішка тонкая, кануць у лету, журавель у небу, віламі па вадзе пісана, губа не дура, як у ваду кануў, у гарачай вадзе купаны, як з крыжа зняты, на мігі, на мігах.