§ 102. Сiнтаксiчны зварот ACCUSATĪVUS CUM INFINITĪVO
^ Вверх

§ 102. СІНТАКСІЧНЫ ЗВАРОТ

ACCUSATĪVUS CUM INFINITĪVO

 

Accusatīvus cum infinitīvo - гэта сінтаксічны зварот, які ўжываецца пасля дзеясловаў, што абазначаюць:

  • працэс маўлення або сцвярджэння (verbadicendietdeclarandi): dico - гавару, narro - расказваю, nuntio - паведамляю, declāro - заяўляю, affirmo - сцвярджаю, doceo - вучу, trado - перадаю;
  • пачуццёвае ўспрыманне (verbasentiendi): video - бачу, audio - чую, sentio - адчуваю, spero - спадзяюся, scio - ведаю, intellego - разумею;
  • волевыяўленне (verbavoluntātis): volo - жадаю, nolo - не жадаю, opto - імкнуся, studeo - стараюся, cupio - прагну, iubeo - загадваю;
  • выражэнне пачуццяў (verbaaffectuum): gaudeo - радуюся, miror - здзіўляюся, doleo - пакутую.

Ён можа стаяць пасля безасабовых дзеясловаў і выразаў: constat - вядома, oportet - трэба, placet - падабаецца, certum est - вядома, me fallit (=nescio) - мне невядома, а таксама пасля словазлучэнняў, блізкіх да дзеясловаў са значэннем «адчуваць», «гаварыць», або пасля назоўнікаў (займеннікаў), якія маюць на ўвазе такое значэнне. Напрыклад: memoria teneo (=memini) - трымаю ў памяці, in spem venio, in spe sum (=spero) - маю надзею, sententia, opinio - думка, spes - надзея, illud (з Gen.): illud alicuius - тое (вядомае вам) [выказванне] кагосьці.

Падобныя дзеясловы і выразы называюцца кіруючымі.

Accusatīvus cum infinitīvo ўтвораны пры дапамозе назоўніка або займенніка ў вінавальным склоне і неазначальнай формы дзеяслова. Перакладаецца зварот на беларускую мову даданым дапаўняльным сказам са злучнікам што (або даданым сказам мэты са злучнікам каб). Пры перакладзе Accusatīvus становіцца дзейнікам, а infinitīvus - выказнікам (у асабовай дзеяслоўнай форме).

Infinitīvuspraesentis у звароце абазначае дзеянне, адначасовае з дзеяннем кіруючага дзеяслова, і перакладаецца цяперашнім часам; infinitīvusperfecti - папярэдняе і перакладаецца прошлым часам закончанага або незакончанага трывання; infinitīvusfutūriвыражае наступнае дзеянне і перакладаецца будучым часам закончанага або незакончанага трывання.

Дзеепрыметнікі ў infinitīvus perfecti passīvi i infinitīvus futūri actīvi дапасуюцца да лагічнага дзейніка ў родзе, склоне і ліку. Напрыклад: 

 

Vidēmus (videbāmus, videbimus, vidimus, viderimus) milites pontem struere.

Мы бачым (бачылі, будзем бачыць, убачылі, убачым), што воіны будуюць мост.

Vidēmus (...) pontem a militibus strui.

Мы бачым (...), што мост будуецца воінамі.

Vidēmus (...) milites pontem struxisse.

Мы бачым (...), што воіны пабудавалі (будавалі) мост.

Vidēmus (...) pontem a militibus structum esse

Мы бачым (...), што мост пабудаваны (будаваўся воінамі).

Vidēmus (...) milites pontem structūros esse.

Мы бачым (...), што воіны пабудуюць (будуць будаваць) мост.

Vidēmus (...) pontem a militibus structum iri.

Мы бачым (...), што мост будзе пабудаваны (будзе будавацца) воінамі.

 

Калі ў звароце ўжываецца infinitīvus perfecti passīvi, infinitīvus futūri actīvi або coniugātio periphrastica passīva, дзеяслоў esse ў гэтых формах можа прапускацца: Se ventūrum promīsit. - Ён паабяцаў, што прыйдзе. Hoc factum volo. - Я хачу, каб гэта было зроблена. Tissaphernes Cariam defendendam putāvit. - Тысаферн вырашыў, што Карыя павінна быць абаронена.

Acc. cum infinitīvo ў клічных сказах можа выступаць без кіруючага слова. У гэтым выпадку verbum dicendi або sentiendi толькі маецца на ўвазе: Idque fieri mea culpa! - І гэта адбываецца па маёй віне!

Пры ўжыванні займеннікаў у звароце трэба памятаць, што зваротны займеннік se ўказвае на тое, што дзейнік кіруючага дзеяслова стаіць у 3-яй асобе і супадае з лагічным дзейнікам зварота. Калі ж яны не супадаюць, то ў звароце ўжываецца ўказальны займеннік (is, ea, id; hic, haec, hoc; ille, illa, illud). Напрыклад: 

 

Pater dixit filio se hodie domi mansūrum esse.

Бацька сказаў сыну, што ён (бацька) сёння застанецца дома.

Pater dixit filio eum hodie domi mansūrum esse.

Бацька сказаў сыну, што ён (сын) сёння застанецца дома.