4. Падрыхтоўка кадраў...
^ Вверх
4. Падрыхтоўка кадраў гісторыкаў вышэйшай кваліфікацыі ў БССР у сярэдзіне 40-х – 80-я гг.

Перыяд Вялікай Айчыннай вайны аказаў негатыўны ўплыў на гістарычную навуку Беларусі. У 1945 г. у рэспубліцы былі толькі два дактары гістарычных навук – М.М.Нікольскі і У.М.Перцаў, якія з’яўляліся найбуйнейшымі спецыялістамі ў галіне ўсеагульнай гісторыі. Толькі 11 чалавек мелі ступень кандыдата навук. У ліку гісторыкаў не было ні аднагао доктара навук па спецыяльнасці «гісторыя СССР і БССР», не было спецыялістаў па гісторыі КП(б)Б. Паўстала праблема недахопу кваліфікаваных кадраў вышэйшай кваліфікацыі.
Кадры гісторыкаў былі сканцэнтраваны ў асноўным у БДУ, які аднавіў работу ў Мінску з 1944 г., Інстытуце гісторыі АН БССР, рээвакуяваным у 1945 г., Мінскім педінстытуце імя Горкага, адноўленым у 1944 г. Недахоп спецыялістаў востра стаў адчувацца пасля аднаўлення гістарычных факультэтаў у педінстытутах, а таксама кафедраў асноваў марксізму-ленінізму (з 1956 г. – гісторыі КПСС), якія былі ва ўсіх ВНУ. У 1945 г. у БССР функцыянавалі 22 ВНУ, з іх 5 педагагічных і 8 настаўніцкіх інстытутаў. Аднак яшчэ і ў 1950 г. у камплектаванні кафедраў асноваў марксізму-ленінізму назіраліся вялікія цяжкасці. Для гэтага патрабавалася 73 выкладчыкі з вучонымі ступенямі або званнямі.
Недахоп кваліфікаваных кадраў кампенсаваўся за кошт сумяшчальніцтва. Навуковыя супрацоўнікі Інстытута гісторыі АН БССР прыцягваліся да педагагічнай працы ў ВНУ, а прафесарска-выкладчыцкі састаў вышэйшай школы прымаў удзел у распрацоўцы найважнейшых праблемаў гісторыі Беларусі, якімі займаліся супрацоўнікі акадэмічнага інстытута. Такая практыка станоўча адбівалася на якасці навучальнага працэсу, аднак павялічвала тэрміны выканання навуковых і дысертацыйных даследаванняў. Для чытання лекцыяў у БДУ і педінстытутах, удзелу ў працы вучоных саветаў і падрыхтоўцы абагульняльнай працы па гісторыі Беларусі былі запрошаны вядомыя савецкія гісторыкі акадэмік А.М.Панкратава, прафесары В.Н.Кун, А.А.Савіч і інш.
ЦК КП(б)Б у 1947 г. прыняў пастанову «Аб становішчы з навукова-педагагічнымі кадрамі ў ВНУ Беларускай ССР», а ў 1948 г. разглядзеў пытанне аб умацаванні кваліфікаванымі выкладчыкамі педагагічных інстытутаў рэспублікі. Было рэкамендавана звярнуць увагу на павышэнне эфектыўнасці аспірантуры.
Аспірантура, якая дзейнічала ў Беларусі з 1927 г., з’яўлялася асноўнай формай падрыхтоўкі навуковых і навукова-педагагічных кадраў. У 1944 г. была адноўлена яе дзейнасць у БДУ (марксізм-ленінізм, гісторыя СССР і БССР, усеагульная гісторыя), у 1946 г. – у Інстытуце гісторыі АН БССР (гісторыі БССР, усеагульная гісторыя, археалогія), у 1947 г. – у Мінскім педагагічным інстытуце (гісторыі СССР і БССР). Новай з’явай стала завочная аспірантура.
Дзейнасць аспірантуры сутыкнулася з шэрагам праблемаў: цяжкасці ў фінансаванні; адсутнасць неабходнай літаратуры і архіўных фондаў; неабходнасць доўгіх камандзіровак для пошуку крыніцаў у архівах і бібліятэках Масквы, Ленінграда і іншых гарадоў; праблема навуковага кіраўніцтва (аспірантамі ў асноўным кіравалі кандыдаты навук, якія самі не так даўно абаранілі дысертацыі).
Камплектавалася аспірантура ў асноўным выпускнікамі гістарычных факультэтаў БДУ, Мінскага, Магілёўскага, Віцебскага, Гомельскага і з 1954 г. Гродзенскага педінстытутаў. На другі і трэці курсы прымаліся тыя, хто займаўся ў аспірантуры яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны. Значны перапынак у вучобе, адсутнасць конкурсу пры наборы ў аспірантуру, недастатковая падрыхтоўка паступаўшых прыводзілі да таго, што пераважная большасць заканчвала аспірантуру без абароны дысертацыяў. За першыя пяць гадоў пасля Вялікай Айчыннай вайны ў тэрмін была абаронена толькі адна кандыдацкая дысертацыя.
У 1951 г. ЦК КП(б)Б прыняў пастанову «Аб стане і мерах паляпшэння падрыхтоўкі навукова-педагагічных кадраў праз аспірантуру ў Беларускай ССР». Было  ўказана на няправільную практыку камплектавання аспірантуры, адсутнасць конкурсу, слабую арганізацыю вучэбнай і навуковай працы аспірантаў, фармалізм у складанні і зацвярджэнні індывідуальных планаў, недастатковую ўвагу да падбору і зацвярджэння дысертацыйных тэмаў і навуковых кіраўнікоў. Адзначалася нездавальнае становішча завочнай аспірантуры.
Ажыццяўленне шэрагу мерапрыемстваў станоўча адбілася на працы аспірантуры. Так, па спецыяльнасці гісторыя СССР і БССР закончылі аспірантуру Інстытута гісторыі АН БССР з абаронай дысертацыі ў 1952 г. двое аспірантаў з шасці, у 1954 г. – двое з трох, у 1955 г. – трое з шасці закончыўшых. Чатыры чалавекі з сямі пры кафедрах гісторыі СССР і марксізму-ленінізму БДУ закончылі аспірантуру з абаронай дысертацыі ў 1953 г., у наступным годзе чацвёра з шасці закончыўшых аспірантуру абаранілі дысертацыі ў тэрмін. Дзейнасць аспірантуры Мінскага педінстытута практычна не атрымала прыкметнага паляпшэння. Была абаронена ў тэрмін толькі адна дысертацыя ў 1955 г.
У другой палове 50-х гг. колькасць аспірантаў, якія абаранілі дысертацыі ў тэрмін, прыкметна зменшылася. Гэта тлумачыцца ўвядзеннем  новых правілаў абароны дысертацыяў, якія прадугледжвалі абавязковую публікацыю вынікаў даследавання перад абаронай. Але асноўнай прычынай нізкай эфектыўнасці аспірантуры з’яўляліся недахопы ў працэсе яе камплектавання, арганізацыі навучальнай і навуковай работы аспірантаў. Нярэдка са спазненнем зацвярджаліся тэмы, навуковыя кіраўнікі і індывідуальныя планы. Мелі месца замена тэмаў дысертацыяў і навуковых кіраўнікоў, адсутнасць кантролю з боку адміністрацыі, кафедраў, сектараў і навуковых кіраўнікоў. Аспіранты рэдка ўдзельнічалі ў абмеркаванні навуковых працаў і дакладаў. Так, з 42 аспірантаў, якія закончылі аспірантуру Інстытута гісторыі АН БССР у 1946 – 1960 гг., абаранілі дысертацыі ў тэрмін толькі 9 чалавек (21 %), у іх ліку Л.П.Ліпінскі, I.Я.Марчанка, У.Ф.Раманоўскі, А.Ф.Хацкевіч і інш. Аспірантуру БДУ ў 1946 – 1960 гг. закончылі 79 чалавек, з іх толькі 10 з абаронай дысертацый (13 %): Р.В.Булацкі, I.М.Ігнаценка, В.У.Чапко і інш.
Аспірантура адыграла значную ролю ў забеспячэнні кадрамі гістарычных установаў рэспублікі ў 1944 – 1960 гг. Праз яе была падрыхтавана асноўная частка навуковых і навукова-педагагічных работнікаў. Абаранілі дысертацыі да 1960 г. уключна 75 гісторыкаў (55 %), у тым ліку 19 – па гісторыі КПСС і КПБ, 50 –  па гісторыі СССР і БССР, 5 – па ўсеагульнай гісторыі, 1 – па археалогіі.
Шырокае распаўсюджанне атрымала гадавая аспірантура пры Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК ВКП(б). Праз яе ў перыяд з 1948 па 1960 гг. прайшлі каля 60 выкладчыкаў ВНУ Беларусі. У аспірантуры над дысертацыйнымі даследаваннямі працавалі не толькі гісторыкі, але і эканамісты, філолагі, філосафы, юрысты. У Акадэміі грамадскіх навук абаранілі кандыдацкія дысертацыі 30 гісторыкаў з Беларусі (12 – па гісторыі КПСС і КПБ, 12 – гісторыі СССР і БССР, 6 – па ўсеагульнай гісторыі). Многія з іх па вяртанні працавалі ў партыйных і савецкіх органах, на кафедрах ВНУ, напрыклад, Е.I.Бугаёў, І.С.Гарбуноў, Р.Я.Кісялёў, I.С.Краўчанка, М.М.Мяшкоў і інш.
Важнай задачай з’яўлялася падрыхтоўка дактароў навук. Пастановай урада СССР «Аб падрыхтоўцы навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі ў АН СССР» (1947 г.) тых, хто працаваў над доктарскімі дысертацыямі, прыкамандзіроўвалі ў дактарантуру АН СССР тэрмінам да двух гадоў. У далейшым вопыт паказаў, што гэтая форма падрыхтоўкі дактароў навук сябе не апраўдала. Большасць асобаў, накіраваных у дактарантуру, не здолелі падрыхтаваць дысертацыі за такі тэрмін. Пастановай ЦК КПСС (1956 г.) падрыхтоўку кадраў вышэйшай кваліфікацыі праз дактарантуру адмянілі. Доктарскія дысертацыі павінны былі стаць вынікам навукова-даследчай работы.
У дактарантуру АН СССР у 1950 – 1956 гг. былі прыкамандзіраваныя 9 кандыдатаў навук з БССР. У 1948 г. у ЛДУ доктарскую дысертацыю абараніў А.П.П’янкоў (паводле манаграфіі), у 1957 г. у Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС – I.I.Саладкоў, у БДУ – Г.М.Ліўшыц. У 1958 г. доктарскія дысертацыі абаранілі Н.В.Каменская (у Інстытуце гісторыі АН СССР) і I.С.Краўчанка (у Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС). Але рост дактароў навук быў нязначным, што не адпавядала патрэбнасцям навукі.
За 1944 – 1960 гг. у БССР было абаронена 5 доктарскіх і 204 кандыдацкія дысертацыі па гістарычнай тэматыцы (у тым ліку 83 – па гісторыі КПСС і КПБ, 95 – па гісторыі СССР і БССР, 20 – па ўсеагульнай гісторыі, 3 – па археалогіі, 3 – па этнаграфіі). Такім чынам, была створана аснова для развіцця гістарычнай навукі ў рэспубліцы. У 1960 г. у БССР налічвалася 6 дактароў і 165 кандыдатаў гістарычных навук.
У 60-я гг. павялічылася колькасць цэнтраў па падрыхтоўцы аспірантаў у галіне гісторыі. Аспірантуру арганізавалі ў Беларускім політэхнічным інстытуце (1962 г.), Беларускім інстытуце народнай гаспадаркі (1966 г.), Гродзенскім педагагічным інстытуце (1969 г.) і інш. Гэты працэс суправаджаўся ўзрастаннем ролі ВНУ ў падрыхтоўцы кадраў вышэйшай кваліфікацыі. Агульны выпуск аспірантуры па спецыяльнасці «гісторыя» склаў за перыяд 1960 – 1970 гг. 165 чалавек.
Значнае месца ў падрыхтоўцы гістарычных кадраў вышэйшай кваліфікацыі займала суіскальніцтва. Толькі ў адным БДУ за перыяд 1962 – 1970 гг. суіскальнікамі было абаронена 15 дысертацыяў, у той час як аспірантамі – 30. Паспяховай працы суіскальнікаў садзейнічала «Палажэнне аб суіскальніках вучоных ступеней, якія працуюць над дысертацыямі па-за аспірантурай» (1968 г.). Яно афіцыйна зацвердзіла суіскальніцтва як адну з крыніцаў падрыхтоўкі спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі.
Новую форму падрыхтоўкі спецыялістаў-гісторыкаў прапанавала пастанова ЦК КПСС і СМ СССР «Аб мерах па паляпшэнні падрыхтоўкі навуковых і навукова-педагагічных кадраў» (1961 г.), якая прадугледжвала планавую падрыхтоўку дактароў навук шляхам пераводу кандыдатаў навук на пасады старшых навуковых супрацоўнікаў. Усяго за 60-я гг. перавялі больш за 10 чалавек. Аднак мера аказалася неэфектыўнай з прычыны адсутнасці апублікаваных вынікаў даследаванняў.
Пастанова ЦК КПСС і СМ СССР «Аб мерах паляпшэння якасці дысертацыйных работ і парадку прысуджэння вучоных ступеняў і званняў» (1960 г.) дала Вышэйшай атэстацыйнай камісіі (ВАК) СССР права дазваляць вучоным саветам прымаць да абароны разам з дысертацыямі апублікаваныя работы, якія «ўзбагацілі навуку і тэхніку новымі рашэннямі, адкрыццямі». Беларускія гісторыкі М.Я.Шкляр, К.I.Шабуня, В.А.Пыжкоў, А.Ф.Хацкевіч і Б.М.Фіх паспяхова абаранілі па выдадзеных манаграфіях дысертацыі на суісканне вучонай ступені доктара, а Я.М.Шкляр і Г.В.Кісялёў – кандыдата гістарычных навук.
Падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў гісторыкаў садзейнічала пашырэнне колькасці спецыялізаваных вучоных саветаў па абароне дысертацыяў. Акрамя БДУ і Аддзялення грамадскіх навук АН БССР, права прыёму да абароны кандыдацкіх і доктарскіх дысертацыяў па гістарычных навуках атрымаў у 1965 г. Інстытут гісторыі партыі пры ЦК КПБ.
За 1961 – 1970 гг. у гістарычнай навуцы БССР было абаронена 209 дысертацыяў: 95 – па гісторыі КПСС, 68 – па гісторыі СССР і БССР, 13 – па ўсеагульнай гісторыі. Асабліва хуткімі тэмпамі вызначалася падрыхтоўка дактароў навук. Калі за папярэдні пасляваенны перыяд 4 беларускія гісторыкі паспяхова абаранілі дысертацыі на суісканне вучонай ступені доктара навук, то за 60-я гг. – 30, у тым ліку Л.С.Абецэдарскі, М.В.Уласенка, А.I.Воранава, А.М.Карпачоў, 3.Ю.Капыскі, А.М.Мацко, I.Я.Марчанка, А.А.Філімонаў і інш.
У 70-я гг. аспірантура па спецыяльнасці «гісторыя СССР» дзейнічала ў Інстытуце гісторыі АН БССР, БДУ, Гомельскім універсітэце, Мінскім, Гродзенскім педінстытутах, па спецыяльнасці «гісторыя КПСС» – у БДУ, Мінскім педагагічным, Беларускім політэхнічным інстытутах, Беларускім інстытуце народнай гаспадаркі і Беларускім інстытуце інжынераў чыгуначнага транспарту (г.Гомель). Нізкая эфектыўнасць дзейнасці аспірантуры па гісторыі партыі ў шэрагу ВНУ рэспублікі заставіла Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР  (МВССА БССР) прыняць у 1974 г. пастанову аб цэнтралізацыі падрыхтоўкі спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі па грамадскіх навуках. У выніку к канцу 70-х гг. аспірантура па спецыяльнасці «гісторыя КПСС» функцыянавала пры БДУ і Мінскім педінстытуце, а па спецыяльнасці «гісторыя СССР» – пры гэтых навучальных установах і Інстытуце гісторыі АН БССР. Колькасць аспірантаў павялічылася з 90 чалавек у 1970 г. да 113 у 1980 г. (на 21 %).
Новай формай падрыхтоўкі кадраў стала ўвядзенне пасады выкладчыка-стажора згодна з пастановай ЦК КПСС і СМ СССР «Аб мерах па далейшым удасканаленні вышэйшай адукацыі» (1972 г.). Гэта давала магчымасць ВНУ забяспечыць сябе кваліфікаванымі кадрамі і стымуляваць працэс навуковага пошуку іх супрацоўнікаў.
Таксама ў 1975 г. фармуецца сістэма атэстацыі навуковых і навукова-педагагічных кадраў праз ВАК пры Савеце Міністраў СССР. ВАК павінен быў палепшыць якасць навуковых даследаванняў, актывізаваць творчы навуковы пошук. Гэта праявілася ў росце патрабаванняў да абараняемых дысертацыяў і выклікала іх колькаснае памяншэнне ў другой палове 70-х гг.
За перыяд з 1971 па 1980 гг. у БССР было абаронена 346 дысертацыяў, у тым ліку 39 на суісканне вучонай ступені доктара гістарычных навук. З іх 162 (46,8 %) па гісторыі КПСС-КПБ, 104 (30,1 %) па гісторыі СССР і БССР, 34 (9,8 %) па ўсеагульнай гісторыі, 24 (6,9 %) па археалогіі і этнаграфіі, 22 (6,4 %) па гісторыі журналістыкі.
Многія вучоныя, якія абаранілі ў 70-я гг. доктарскія дысертацыі, былі абраны на кіруючыя пасады. С.В.Марцалеў з 1976 г. узначаліў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, П.Ц.Петрыкаў з 1975 г. – Інстытут гісторыі АН БССР, Л.Д.Побаль стаў загадчыкам сектара археалогіі, В.І.Мялешка – сектара феадалізму, П.А.Селіванаў – сектара Кастрычніцкай рэвалюцыі і сацыялістычнага будаўніцтва ў гэтым інстытуце. Гістарычнымі кафедрамі ВНУ загадвалі Я.Н.Мараш, В.М.Фамін, гісторыка-партыйнымі – У.П.Верхась, А.М.Малашка, Т.І.Прытыцкая.
За ўклад у вывучэнне гісторыі Беларусі, плённую дзейнасць па арганізацыі даследчай работы і падрыхтоўку навуковых кадраў І.М.Ігнаценка быў абраны акадэмікам АН БССР (1974 г.), В.М.Сікорскі (1972 г.), П.Ц.Петрыкаў (1977 г.) – членамі-карэспандэнтамі АН БССР.
Асабліва хуткі колькасны рост кадраў вышэйшай кваліфікацыі адбываўся ў 1983 – 1988 гг. Па дадзеных У.М.Міхнюка, у гэты час было абаронена 159 кандыдацкіх дысертацыяў: 13 па гісторыі феадальнага перыяду, 4 капіталістычнага, 7 перыяду Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, 13 па гісторыі савецкага грамадства да 1939 г., 5 па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 7 па гісторыі савецкага грамадства 1945 – 1960 гг., 72 па гісторыі савецкага грамадства 1960 – 1980-х гг.
Вырасла колькасць дактароў гістарычных навук. У 1981 – 1985 гг. абаранілі дысертацыі 20 суіскальнікаў. Тым самым суадносіны паміж колькасцю дактароў і кандыдатаў гістарычных навук у БССР змяніліся з 1:10 на 1:7.
Абарона дысертацыяў ажыццяўлялася ў чатырох спецыялізаваных вучоных саветах: пры Інстытуце гісторыі АН БССР, пры Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ, пры БДУ, пры Мінскім педагагічным інстытуце.
Лічбы сведчаць, што ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе адбываўся хвалепадобны рост колькасці гісторыкаў вышэйшай кваліфікацыі – у 10 разоў. Да 70-х гг. гэта лічба падвоілася. Затым тэмпы прыросту кадраў запаволіліся, што было звязана са зменай пакаленняў, аддаленымі наступствамі вайны і сталінскай эпохі. У другой палове 80-х гг. ужо прасочваецца дэфіцыт кваліфікаваных кадраў гісторыкаў вышэйшай кваліфікацыі, асабліва дактароў навук.
У цэлым БССР у разліку на 100 навуковых работнікаў адставала ад іншых рэспублік СССР. У 1981 г. па колькасці кандыдатаў навук БССР займала 14 месца сярод саюзных рэспублік і 13 – па колькасці дактароў навук. У 1986 г. гэтыя паказчыкі склалі адпаведна 9 і 8. Праблемай стаў працэс старэння кадраў вышэйшай кваліфікацыі – з 62-х дактароў гістарычных навук толькі 10 чалавек былі ва ўзросце да пяцідзесяці гадоў (1988 г.).
Аб агульнай колькасці навуковых і навукова-педагагічных кадраў у галіне гісторыі, уключаючы наступны перыяд, сведчыць табліца:
 
Колькасны склад кадраў вышэйшай кваліфікацыі ў БССР
(1936 – 1988 гг.)

Гісторыкі, ступені

1936

1960

1970

1980

1988

Усяго

36

476

989

1082

1056

Дактароў навук

?

6

32

50

62

Кандыдатаў навук

?

165

268

457

602


*Табліца складзена па матэрыялах: Лінднэр, Р. Гісторыкі і ўлада: нацыятворчы працэс і гістарычная палітыка ў Беларусі ХІХ – ХХ ст. / Р.Лінднэр. – Мн.: Неўскі прасцяг, 2003. – С. 379.
У падрыхтоўцы кадраў вышэйшай кваліфікацыі недастаткова ўвагі надавалася такім спецыяльнасцям, як «метадалогія гісторыі», «гістарыяграфія», «крыніцазнаўства», «гісторыя культуры», «гісторыя рэлігіі і царквы», «дапаможныя гістарычныя дысцыпліны». Ужо ў 80-я гг. паўстала неабходнасць увесці спецыялізацыю па музеезнаўстве і архівазнаўстве.