2. Асаблівасці развіцця беларускай савецкай гістарыяграфіі ў сяр. 50 – 80-я гг.
Пасля XX з'езда КПСС назіраюцца спробы пераасэнсавання гісторыі грамадства і навукі. Крытыка сталінскіх канцэпцыяў у канцы 50-х – пачатку 60-х гг. дазволіла даследчыкам звярнуцца да аб’ектыўнага аналіза гістарычнага працэсу. У выніку палітычнай «адлігі» гісторыкі атрымалі магчымасць большага доступу да архіўных матэрыялаў, шырэйшага выбару тэматыкі. Але відавочна, што змены ў гістарыяграфіі былі мінімальнымі. З кніг і артыкулаў знікла імя Сталіна, яго цытаты, але ацэнкі «Кароткага курсу гісторыі ВКП(б)» захаваліся. Як лічыць П.Ц.Петрыкаў, у гістарычнай навуцы пачаў фармавацца «культ КПСС».
Пасля XX з'езда КПСС назіраюцца спробы пераасэнсавання гісторыі грамадства і навукі. Крытыка сталінскіх канцэпцыяў у канцы 50-х – пачатку 60-х гг. дазволіла даследчыкам звярнуцца да аб’ектыўнага аналіза гістарычнага працэсу. У выніку палітычнай «адлігі» гісторыкі атрымалі магчымасць большага доступу да архіўных матэрыялаў, шырэйшага выбару тэматыкі. Але відавочна, што змены ў гістарыяграфіі былі мінімальнымі. З кніг і артыкулаў знікла імя Сталіна, яго цытаты, але ацэнкі «Кароткага курсу гісторыі ВКП(б)» захаваліся. Як лічыць П.Ц.Петрыкаў, у гістарычнай навуцы пачаў фармавацца «культ КПСС».
У абагульняльных артыкулах аб выніках развіцця гістарычнай навукі паміж ХІХ і ХХІІ з'ездамі КПСС падкрэслівалася, што «… гісторыя – гэта партыйная навука, што вучоныя павінны займацца гісторыяй для гісторыі. Гісторыя – гэта не палітыка, звернутая ў мінулае, а навука аб мінулым, якая дапамагае выпрацаваць і ажыццявіць сучасную партыйную палітыку».
Галоўнай функцыяй гістарычнай навукі засталася ідэалагічная, што прадвызначыла два асноўныя кірункі гістарычных даследаванняў: гісторыя КПБ і гісторыя савецкага грамадства пасляваеннага перыяда.
Вядучай тэмай па-ранейшаму заставалася гісторыя рэвалюцыйнага руху, у якім асноўная ўвага надавалася ролі бальшавіцкіх арганізацыяў (манаграфічныя даследаванні Я.І.Бугаёва, А.І.Воранавай, К.І.Шабуні, І.М.Ігнаценкі, Ц.Е.Саладкова).
З сярэдзіны 50-х гг. з’яўляюцца спецыяльныя даследаванні аб дзейнасці бальшавікоў Беларусі ў барацьбе супраць царызму (М.М.Мяшкоў, М.Я.Шкляр, В.В.Скарабагаты, Ц.Е.Саладкоў, А.I.Яфрэмава).
Эвалюцыя структуры і дзейнасці сацыял-дэмакратычных арганізацыяў у Беларусі ад першых гурткоў да Кастрычніцкай рэвалюцыі паказана ў манаграфіі А.А.Кузняцова «На пути к Октябрю. Из истории партийного строительства в Белоруссии. 1884 – 1917 гг.» (1970 г.).
Новымі даследаваннямі, якія паглыблялі веды па гісторыі бальшавізму ў Беларусі, з'яўляюцца манаграфіі А.С.Караля «Путь борьбы и побед: К 80-летию II съезда РСДРП» (1983 г.), «Большевики Белоруссии в революции 1905 – 1907 гг.» (1986 г.), «Соединяясь в партию: К 90-летию I съезда РСДРП» (1988 г.). Значна глыбей, чым гэта было зроблена папярэднікамі, раскрыты характар і змест рэвалюцыйнай барацьбы, яе дынаміка і маштабы, спецыфіка, складаны працэс станаўлення і развіцця арганізацыяў РСДРП у Беларусі бальшавіцкага тыпу, формы і метады іх дзейнасці, рост уплыву ў масах, умацаванне кіруючай ролі ў рэвалюцыйнай барацьбе.
Але ў гэты час беларускія гісторыкі не выкарыстоўвалі ленінскую канцэпцыю трох палітычных лагераў у Расійскай імперыі на мяжы ХІХ – ХХ стст.: дэмакратычнага, ліберальнага, урадавага. Некаторыя даследчыкі прытрымліваліся пазіцыі «Кароткага курса гісторыі ВКП(б)» і вызначалі толькі два грамадскія лагеры на тэрыторыі Беларусі: рэвалюцыйны (бальшавікі) і контррэвалюцыйны (чарнасоценцы, кадэты, меншавікі, Бунд, ПСР, БСГ). Аб гэтым сведчыць манаграфія У.I.Салашэнкі «Большевики в борьбе с мелкобуржуазными партиями в Белоруссии (1905 – март 1917 гг.)» (1981 г.). Гісторыя непралетарскіх партый фактычна не вывучалася.
Праўда, у канцы 60-х – 70-я гг. былі зроблены спробы навуковай аб'ектыўнай ацэнкі беларускага нацыянальна-культурнага і палітычнага руху, дзейнасці БСГ, газет «Наша Доля» і «Наша Ніва». Аб гэтым сведчаць артыкулы ў Беларускай Савецкай Энцыклапедыі (т.1 – 12, 1969 – 1975 гг.), у другім томе «Гісторыі Беларускай ССР» (1972 г.), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т.1 – 2, 1968 – 1969 гг.), публікацыях С.Х.Александровіча, Г.В.Кісялёва, У.М.Конана, С.М.Самбук, М.В.Біча і інш.
Актывізавалася распрацоўка праблемы гісторыі рабочага класа. У гістарычнай навуцы Беларусі пашыраюцца даследаванні М.Я.Завалеева, І.Я.Марчанкі і інш.
Набыло актуальнасць пытанне знаходжання Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы. Яго распрацоўка звязана з манаграфіямі У.А.Палуяна і І.В.Палуяна «Революционное и национально-освободительное движение в Западной Белоруссии в 1920 – 1939 гг.» (1962 г.) і А.М.Мацко «Революционная борьба трудящихся Польши и Западной Белоруссии против гнета буржуазии и помещиков, 1918 – 1939 гг.» (1972 г.).
Больш увагі стала надавацца гісторыі стварэння новага грамадства на Беларусі ў 20 – 30-я гг. ХХ ст.: ажыццяўленню індустрыялізацыі, калектывізацыі (хаця яе прымусовы характар амаль не паказваўся), дзяржаўнаму і культурнаму будаўніцтву. Гэтыя праблемы знайшлі адлюстраванне ў манаграфіях А.А.Філімонава, М.І.Злотніка, калектыўнай працы «Перамога калгаснага ладу ў Беларускай ССР» (1981 г.), даследаваннях К.К.Германа, Л.М.Лыча, У.І.Навіцкага, А.М.Сарокіна і інш.
Распрацоўвалася тэматыка, звязаная з аднаўленнем і развіццём гаспадаркі, дзяржаўным і культурным будаўніцтвам у працах А.П.Белязо, М.П.Касцюка. Даследчыкі не пакідалі па-за ўвагай пытанні Кастрычніцкай рэвалюцыі, устанаўлення Савецкай улады ў Беларусі, грамадзянскай вайны (У.Р.Івашын, С.З.Пачанін, П.А.Селіванаў, М.С.Сташкевіч і інш.). Аднак агульны кірунак працаў быў вытрыманы ў духу афіцыяльных патрабаванняў.
Адносна свабоднай ад ідэалагічнага кантролю заставалася сацыяльна-эканамічная праблематыка. З'явіліся грунтоўныя даследаванні па гісторыі сельскай гаспадаркі і сялянства (Х.Ю.Бейлькін, П.Р.Казлоўскі, Л.П.Ліпінскі, В.І.Мялешка, В.П.Панюціч, Д.Л.Пахілевіч, М.М.Улашчык, М.Б.Фрыдман, В.У.Чапко), прамысловасці, гарадоў і рабочага класа (З.Е.Абезгаўз, М.Ф.Болбас, М.Р.Матусевіч, А.М.Люты).
Паколькі гуманітарныя навукі, у т.л. гісторыя, знаходзіліся пад пільным кантролем партыі, то ў кожнай рэспубліцы былі расстаўлены ўласныя акцэнты. Для беларускай гістарыяграфіі з канца 50-х гг. ХХ ст. вядучай тэмай даследаванняў стала гісторыя Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху. У справаздачы ХХІV з'езду КПБ (1960 г.) першы сакратар К.Т.Мазураў крытыкаваў грамадскія навукі за іх «занадта малы ўклад у пабудову камунізму». Ён паставіў задачу актывізаваць вывучэнне гісторыі партызанскага руху ў Беларусі.
З гэтага часу гістарыяграфія знаходзіцца пад пільным партыйным кантролем. У 1960 г. адбыўся агульны сход гісторыкаў БССР. З асноўнымі дакладамі выступілі дырэктар Інстытута гісторыі АН БССР І.С.Краўчанка «Пра задачы гісторыкаў Беларусі» і дырэктар Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ М.М.Мяшкоў «Да пытання навуковай распрацоўкі гісторыі КПБ». Адзначаліся недастатковае асвятленне ролі народных масаў у гісторыі, недастатковае адлюстраванне кіруючай ролі партыі ў працэсе сацыялістычнага будаўніцтва, нездавальняльная распрацоўка заканамернасцяў развіцця сацыялістычнага грамадства, пытанняў паступовага перахода да камунізму.
Паўплывала на гістарычную навуку і барацьба супраць «нацыяналізму» у першай палове 70-х гг. Ахвярай стала інтэлігенцыя, найперш гісторыкі. Былі забаронены правядзенне канферэнцыі, прысвечанай этнагенезу беларусаў, і распаўсюджанне надрукаваных да яе тэзісаў дакладаў. Ініцыятыва правядзення канферэнцыі зыходзіла ад кафедры антрапалогіі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклора АН БССР, але без згоды ЦК КПБ. За дазвол на правядзенне канферэнцыі кіраўнікі Аддзялення грамадскіх навук АН БССР атрымалі вымову.
Першы сакратар ЦК КПБ П.М.Машэраў на пленуме ЦК КПБ (красавік 1974 г.) выказаў шмат папрокаў у адрас АН БССР: слабое кіраўніцтва даследаваннямі, палітычная няспеласць, недастатковая партыйная адказнасць вучонага, недакладнасць класава-палітычных пазіцыяў. «Аб гэтым прыходзіцца нагадваць, – адзначаў П.М.Машэраў, – у сувязі з тым, што ў некаторых публікацыях, у тым ліку аб народных паэмах «Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе», у працах аб Еўфрасінні Полацкай, Сматрыцкім, Зізаніі выявіліся адгалоскі пазакласавага аб’ектывізму, ідэалізацыі асобных багасловаў як выдатных асветнікаў».
Ці можна лічыць партыйны ўплыў на гістарычную навуку «сацыяльным заказам»? І.І.Шаўчук лічыць, што за гады Савецкай улады гэтае паняцце стала суб’ектыўным. Яно азначае выкананне пэўных партыйных рашэнняў, а не адказ на аб'ектыўныя патрэбы грамадства. Прыкладам з’яўляюцца пастановы ЦК КПБ «Аб дадатковых мерах па паляпшэнню навуковай распрацоўкі гісторыі ўсенароднай барацьбы ў Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» (1969 г.), «Аб рабоце Інстытута гісторыі АН БССР» (1970 г.). Зыходзячы з сутнасці паняцця, нельга адносіць да сацыяльнага заказу працы па праблемах пабудовы камунізму, развітога сацыялізму і г.д. Вядома, што партыйнымі рашэннямі была абумоўлена канцэнтрацыя намаганняў даследчыкаў на савецкім, а ў ім – на пасляваенным перыядзе гісторыі грамадства.
У 70 – 80-я гг. склалася становішча, калі партыя, зыходзячы з пэўных палітычных умоваў, патрабавала ад навукі каментарыя падзеяў. У гістарыяграфіі замацаваліся выбарачнае цытаванне класікаў марксізму-ленінізму, абсалютызацыя партыйных рашэнняў, адсутнасць іх крытычнага аналіза, тэндэнцыйны падбор фактаў. Дэфармуючае ўздзеянне на гістарычную навуку аказала палітычная канцэпцыя развіцця грамадства, якая прадугледжвала спрошчанае ўяўленне аб будаўніцтве камунізму, аб пераадоленні розніцы паміж горадам і вёскай, аб кіруючай ролі КПСС, аб развітым сацыялізме як найвышэйшай форме сацыяльнага прагрэсу. Насаджэнне канцэпцыяў, якія не адпавядалі аб’ектыўнаму гістарычнаму становішчу, садзейнічала таму, што гістарычны працэс, які адлюстроўваўся ў навуковых працах, не адпавядаў рэальнай рэчаіснасці.
Разуменне месца і ролі, якія былі загадзя вызначаны для гістарычнай навукі, змяншала цікавасць гісторыкаў да даследчай працы. У гэты час распрацоўваліся праблемы, у асноўным па савецкім перыядзе, якія былі бяспечнымі для даследавання.
У большасці дысертацыяў і апублікаваных працаў разглядаліся вузкія пяцігадовыя перыяды, асобныя галіны народнай гаспадаркі, камуністычнае выхаванне. Па-за полем зроку засталіся палітычная гісторыя, нацыянальна-вызваленчы рух і многія іншыя праблемы. Калі ж яны закраналіся, то мелі месца замоўчванні, выбарачны падыход да падбору фактаў, якія б пацвярджалі канцэпцыю аўтара. Назіралася прырашчэнне фактычнага матэрыялу да сфармуляваных раней канцэпцыяў.
Шырокае распаўсюджанне атрымаў ілюстрацыйна-цытатніцкі метад, калі палажэнні падмацоўваліся асобнымі прыкладамі і цытатамі без вывучэння ўсёй сукупнасці крыніцаў. Гісторык у сваіх даследаваннях зыходзіў не з фактаў, а ад пэўнай канцэпцыі. Манапольнае права на ісціну патрабавала выкарыстання марксісцка-ленінскай тэорыі. Плюралізм навуковай думкі прыпісваўся толькі буржуазнай навуцы. Працы па гісторыі Беларусі даследчыкаў дасавецкай школы (А.С.Грушэўскага, М.В.Доўнар-Запольскага, М.К.Любаўскага і інш.) нельга было выкарыстоўваць. Іх канцэпцыі аб’явілі антынавуковымі. Даследаванні рэпрэсаваных гісторыкаў 20–30-х гг. не выкарыстоўваліся. Працы З.Жылуновіча, У.Ігнатоўскага, В.Ластоўскага, А.Цвікевіча былі змешчаны ў спецзахавальнікі.
«Закрытымі» былі даследаванні, якія публікаваліся за межамі сацыялістычнага лагера. Яны ацэньваліся як «буржуазныя фальсіфікацыі» і цалкам адвяргаліся. Традыцыю гістарычнай «контрпрапаганды» распачаў Л.С.Абецэдарскі ў брашуры «У святле неабвержаных фактаў» (1969 г.). Падобная ідэйная ізаляванасць навукі негатыўна адбілася на вывучэнні гісторыі Беларусі.
Інфармацыйнае забеспячэнне навукоўцаў залежала ад магчымасці выкарыстання архіўных матэрыялаў. Калі ў другой палове 50-х гг. ХХ ст. адбывалася дэмакратызацыя архіўнай службы, то ў 60-я гг. доступ да крыніцаў быў абмежаваны. З аднаго боку, гэта тлумачыцца «непатрэбнасцю» архіўных крыніцаў, таму што апрыорныя тэорыі не патрабавалі дакументальнага абгрунтавання, з другога боку, каб не было супярэчнасці паміж навуковым дакументальным аналізам і прапанаванымі канцэпцыямі.
Паступова ў 70-я гг. зменшылася ў параўнанні з 60-мі колькасць наведвальнікаў архіваў з прычыны немагчымасці атрымаць неабходныя даследчыкам матэрыялы, непадрыхтаванасці навукоўцаў да прафесійнай крытыкі крыніцаў, слабога валодання замежнымі мовамі, канцэнтрацыі намаганняў вучоных на праблемах сучаснасці. У дзяржаўных архівах БССР у сярэдзіне 80-х гг. захоўвалася звыш 7 млн. 340 тыс. справаў, з якіх 5 млн. 340 тыс. складалі матэрыялы па гісторыі савецкага перыяду. Шэраг вучоных сцвярджае, што доступ да 50 % інфармацыі па гісторыі савецкага грамадства быў забаронены рознымі інструкцыямі.
Такім чынам, на развіццё гістарычнай навукі ўплывала традыцыя, якая склалася яшчэ ў 20 – 30-я гг., калі гісторыя атаясамлівалася з ідэалогіяй, якая ў сваю чаргу была падпарадкавана партыйна-дзяржаўнаму апарату. Гісторыя з’яўлялася адным з рычагоў пабудовы сацыялістычнага грамадства.