3. Польскія храністы аб гісторыі беларускіх зямель.
У польскай гістарыяграфіі позняга сярэднявечча важкую ролю адыграў Ян Длугаш (1415 – 1480 гг.), якога лічаць «бацькам польскай гістарыяграфіі».
У польскай гістарыяграфіі позняга сярэднявечча важкую ролю адыграў Ян Длугаш (1415 – 1480 гг.), якога лічаць «бацькам польскай гістарыяграфіі».
Ян Длугаш паходзіў са шляхецкай сям'і, вучыўся на філасофскім факультэце Кракаўскага універсітэта (1428 – 1431 гг.), здзейсніў падарожжа ў Аўстрыю, Венгрыю, Італію і Палестыну. Длугаш сустракаўся з гуманістам і географам Мікалаем Кузанскім, цікавіўся творамі рымскіх аўтараў і тэндэнцыямі італьянскага гуманізму. Пад уплывам кракаўскага біскупа Збігнева Алясніцкага Длугаш прыступіў да працы над «Гісторыяй Польшчы» (у 12 кн.), напісанай у 60 – 80-я гады XV ст.
Значэнне Длугаша ў славянскай гістарыяграфіі надзвычай вялікае. Ён першы ва Усходняй Еўропе паказаў гісторыю славянскіх краін на агульным фоне сусветнай гісторыі. Ён раней за іншых зразумеў значэнне гістарычных крыніц і выкарыстаў іх у сваёй працы.
«Гісторыя Польшчы» была самым папулярным сярод тагачасных гісторыкаў даследаваннем, але яе надрукавалі толькі ў пачатку ХVIII ст., бо Ян Длугаш даў вельмі смелыя характарыстыкі каралям, буйным магнатам і іерархам каталіцкай царквы.
Аўтар раскрыў гісторыю ВКЛ, асабліва ў перыяды збліжэння з Польшчай. Длугаш паказаў сваё адмоўнае стаўленне да Крэўскай уніі – лічыў, што «справядлівы Бог пакараў палякаў каралямі, якія больш клапаціліся пра Літву, чым пра Польшчу». Услед за «Летапісцам вялікіх князёў літоўскіх» храніст апісаў барацьбу Кейстута і Карыбута, Вітаўта і Ягайлы, Скіргайлы і Вітаўта, раскрыў уключэнне Смаленска ў склад ВКЛ, шмат увагі надаваў няўдалай каранацыі Вітаўта, міжнародным адносінам, барацьбе супраць татараў. Длугаш прытрымліваўся рэспубліканска-арыстакратычнай мадэлі паходжання літоўскай знаці – ад Пампея, праціўніка Цэзара. Але ў цэлым гісторыю ВКЛ аўтар «Гісторыі Польшчы» разглядаў дастаткова павярхоўна. Напрыклад, вайну 1386 – 1392 гг. ён тлумачыў асабістым супрацьстаяннем Вітаўта і Ягайлы.
Таксама Длугаш заклаў гістарыяграфічную традыцыю разумення «Русі». Ён лічыў, што «Русь» – гэта землі, населеныя рускімі (найперш Галіцка-Валынская і Чырвоная Русь). Жыхары паўночна-ўсходніх і паўднёвых раёнаў ВКЛ, якія падтрымалі Свідрыгайлу падчас феадальнай вайны 30-х гг. XV ст., таксама рускія. Рускімі населены Смаленшчына, Віцебшчына і Полаччына. Ноўгарад Длугаш называе «самай аграмаднай і багатай з земляў Русі». Жыхароў жа паўночна-ўсходняй Русі ён не ўключае ў лік «рускіх», населеныя імі землі называе «зямля масквічоў, маскавітаў, Масковія».
Рукапісная праца Длугаша стала асновай для гістарыяграфіі XVI ст., якая найперш прадстаўлена каралеўскім сакратаром і прыдворным дзеепісьменнікам Жыгімонта І Старога Бернардам Вапоўскім.
У гістарыяграфіі лічыцца, што «Хроніка Польшчы» Вапоўскага ў сваёй значнай частцы ёсць кампіляцыя працы Длугаша (падзеі з 1380 да 1480 гг.). Але вядома, што кампілятыўнасць – характэрная рыса сярэднявечных гістарычных твораў. Аднак ёсць і адрозненні. У часы напісання хронікі з усходу бяспецы ВКЛ і Польшчы стала пагражаць Вялікае княства Маскоўскае, а з поўдня – Крымскае ханства. Такім чынам, перад аўтарам паўстала задача прадэманстраваць неабходнасць палітычнага саюзу ВКЛ і Польшчы. Вось чаму дзве тэмы – унія Польшчы і ВКЛ і барацьба з крыжакамі – галоўныя. Крэўская унія была заключана «да вялікай радасці і вясёласці польскага і літоўскага народаў». Вапоўскі значна больш месца і ўвагі, чым Длугаш, надаваў падзеям у Літве і на беларускіх землях. Невыпадкова пасля апісання Крэўскай уніі ў Вапоўскага размешчаны нарыс па геаграфіі і этнаграфіі Літвы, чаго няма ў «Гісторыі Польшчы» Длугаша. Такія размеркаванне матэрыялу і парушэнне храналогіі тлумачацца тым, што Вапоўскі лічыў неабходным азнаёміць польскага чытача з гісторыяй, звычаямі і геаграфічнымі асаблівасцямі земляў, аб'яднаных, паводле ягоных слоў, «у вечным саюзе з Польскім каралеўствам». На некаторыя праблемы гісторыі ВКЛ Вапоўскі глядзеў больш глыбока, чым ягоны папярэднік.
Вапоўскі бліжэй, чым Длугаш, стаяў да гуманістычнай гістарыяграфіі, якая ставіла новыя задачы перад нацыянальнай гістарычнай навукай. Праца гісторыка разглядалася ім не проста як навуковая дзейнасць, а як грамадска-гістарычная місія. Вапоўскі быў таксама выдатным географам і картографам свайго часу. Вялікай яго заслугай з'яўляецца публікацыя карты «Сарматыя», дзе можна знайсці шмат геаграфічных пунктаў паўднёвай Беларусі.
Мацей з Мяхова (Мяхоўскі, Мехавіта) (каля 1457 – 1523 гг.) – польскі гісторык, географ, прафесар медыцыны, астролаг. Ён восем разоў выбіраўся рэктарам Кракаўскага універсітэта (акадэміі), які абавязаны яму сваім росквітам. Праславіўся сваёй дабрачыннасцю.
Вядомасць Мацею з Мяхова забяспечыла яго праца «Хроніка палякаў», выдадзеная ў 1519 г. Але ўвесь тыраж каронны канцлер Я.Ласкі загадаў канфіскаваць. Шэраг старонак замянілі на новыя, тэндэнцыйна адрэдагаваныя самім канцлерам. Змены датычыліся шлюбу Ягайлы з Соф'яй Гальшанскай, элекцыі Яна Ольбрахта, валошскага паходу 1497 г., панавання Аляксандра і некаторых іншых падзей.
Мацей з Мяхова выказаў гіпотэзу пра аўтахтоннасць славян, вызначыўшы іх прарадзіму ў Псарах. Ён цікавіўся галоўным чынам усходняй праблематыкай, шмат увагі надаваў падзеям у ВКЛ. Аўтар крытыкаваў эканамічныя супярэчнасці ў Літве, якія прыводзілі да падзелу грамадства на два слаі – сялянства і магнатаў. Адлюстраваў усе палітычныя акцыі ВКЛ. Аднак пісаў не столькі аб палітыцы, сколькі аб культуры. Замест прыярытэту палітыкі, дзяржаўнай арганізацыі, асобы і яе вялікіх учынкаў увёў паняцці аб нараджэнні і пачатках плямёнаў і народаў, славянскай супольнасці, адводзіў Польшчы цэнтральнае месца ў славянскім свеце.
У «Трактаце аб дзвюх Сарматыях» Мацей Мяхоўскі ўпершыню звярнуў увагу на этнаграфічныя асаблівасці Русі, Літвы і Жмудзі. Перад гэтым ён зрабіў кароткі экскурс у гісторыю: «Старадаўнія пісьменнікі сведчаць, што некаторыя жыхары Італіі пакінулі сваю краіну з-за варожасці ўнутры Рымскай імперыі, прыбылі ў літоўскія землі і назвалі іх назвай сваёй радзімы – Італія, а людзей, якія жылі там, назвалі італамі. А іх нашчадкі дадалі адну літару напачатку, сталі называць краіну Літалія, а людзей – літалы. Суседнія палякі і русіны яшчэ больш змянілі тыя назвы і да сённяшняга дня называюць краіну Літвой, а яе жыхароў літвінамі». Мяхоўскі таксама паўтарыў звесткі Длугаша аб тым, што ў былыя часы русіны лічылі літвінаў народам цёмным, вартым пагарды, жабрацкім, так што кіеўскія князі бралі з іх у знак падданства толькі дубовую кару і скураныя паясы. Старонкай вышэй у сваім «Трактаце» Мяхоўскі апісвае Русь (якая належала да Кароны) у самых лепшых выразах, як багатую і прыгожую краіну.
Імёны двух храністаў бацькі і сына Бельскіх займаюць у польскай гістарыяграфіі другой паловы XVI ст. асобнае месца. Марцін Бельскі (1495 – 1575 гг.) упершыню пачаў пісаць свае творы па-польску (афіцыйнай мовай справаводства і навукі ў Польшчы лічылася лаціна). Яго твор «Хроніка ўсяго свету», прысвечаная Жыгімонту ІІ Аўгусту, з'явілася першым падручнікам па ўсеагульнай гісторыі ў Польшчы. Сама ідэя напісання падобнага твора падаецца прагрэсіўнай для свайго часу, праявай гуманістычнага светапогляду аўтара.
Наконт «геніяльнасці» М.Бельскага існуюць спрэчныя погляды. Адзін з даследчыкаў яго творчасці А.Павіньскі даў наступную характарыстыку: «Цудоўная «Хроніка свету», якая, уласна кажучы, павінна блішчэць бляскам зоркі першай велічыні». Другі польскі даследчык І.Хшаноўскі лічыў «Хроніку свету» «сярэднявечнай кампіляцыяй, якую ад суцэльнай сярэднявеччыны ратуе толькі пратэстанцкая тэндэнцыя, як адзіны новы элемент, адзіная рыса XVI ст., бо іншых рысаў гэтага стагоддзя, духу гуманізму «Хроніка свету» не мае». Магчыма, апошняе сцвярджэнне мае рацыю, але з пункту гледжання верагоднасці і маштабнасці ахопленых падзеяў гэты твор неардынарны.
«Хроніка свету» мела тры выданні (1551, 1554, 1564 гг.). Трэцяе выданне складаецца з дзесяці кніг. Дзевятая кніга «Аб маскоўскім альбо рускім народзе. Аб пасольстве Васіля да папы рымскага. Аб Літве, Аб Лівлянцкай зямлі. Аб Татарах» закранае гісторыю ВКЛ. Амаль увесь раздзел «Аб маскоўскім народзе» – гэта пераважна скарачэнне «Запісак аб Масковіі» Сігізмунда Герберштэйна. Геаграфічная частка, звесткі пра тэрытарыяльныя памеры ўзяты з «Трактата аб дзвюх Сарматыях» Мехавіты. Інфармацыя пра Літву ў гэтым раздзеле таксама запазычана ў С.Герберштэйна.
Адным з самых слабых месцаў працы М.Бельскага было тое, што аўтар некрытычна ставіўся да сярэднявечных паданняў і нават анекдотаў, не адрозніваў значныя выпадкі ад нязначных, непрапарцыянальна скампанаваў матэрыял. Магчыма, «Хроніка ўсяго свету» не стала б прадметам гістарыяграфічнага даследавання, калі б не ягоны сын Яўхім Бельскі.
У 1597 г. ён выдаў «Хроніку польскую». Гэтую кнігу можна ўпэўнена лічыць «першай шляхецкай гісторыяй» (Фінкель). Калі Марцін Бельскі, удзельнік шматлікіх бітваў, галоўным абавязкам шляхты лічыў рыцарскую справу, то Яўхім разглядаў паходжанне шляхецкіх і магнацкіх фаміліяў.
Над Яўхімам усё жыццё вісеў «грэх» – рэфармацыйныя погляды бацькі. Толькі перарабіўшы галоўны твор бацькі, пазбавіўшы яго рэфармацыйных тэндэнцыяў, можна было захаваць яго імя для нашчадкаў. Паступова Яўхім пазбавіўся духу пратэстантызму і ў 1595 г. пакінуў евангелісцкую канфесію.
Аўтар у «Польскай хроніцы» разглядае ВКЛ як правінцыю Рэчы Паспалітай, якая «добраахвотна ўцеленая была ў Карону за Ягайлы і вечнай уніяй за Жыгімонта Аўгуста была звязаная, захаваўшы свае правы і юрысдыкцыю цалкам». Згодна з шляхецкай канцэпцыяй твора, Яўхім піша, што «Вялікае Княства Літоўскае ўжывае на харугве з аднаго боку Пагоню, г.зн. узброенага мужа з голым мечам на кані, бягучага на ўсім скаку, з другога боку – тры белыя слупы ў чырвоным полі». Далей ён пералічвае ваяводствы, якія ўваходзілі ў склад ВКЛ: Віленскае, Трокскае, Смаленскае, Полацкае, Наваградскае, Брэсцкае, Віцебскае, Мсціслаўскае, Мінскае, – падзяляючы кожнае на паветы. Усе сучасныя беларускія землі Бельскія называюць літоўскімі. «Русь жа мае тыя самыя ваяводствы: Рускае, Бэлзскае, Падольскае, Брацлаўскае». У Рускае ваяводства ўваходзілі Львоўская, Галіцкая, Холмская і Перамыская землі. Падобная традыцыя цягнецца па сённяшні дзень: Русь у польскай гістарыяграфіі атаясамляецца з сучаснай Украінай (былой Галіцка-Валынскай зямлёй), беларускія ж землі традыцыйна называюцца Літвой.
«Польская хроніка» падзяляецца на дзве няроўныя часткі: 1) ад старажытнасці да 1553 г.; 2) ад 1553 да 1586 г. Першая частка носіць кампілятыўны характар – аўтар перапісаў бацькавы твор, дапоўніўшы яго звесткамі ад Длугаша, Стрыйкоўскага, Кромэра і інш. Найбольш важная другая частка. Але і тут толькі чацвёртая частка мае самастойны характар – нататкі з уласнага вопыту ці здабытыя ў архівах дакументы. Тым не менш усе гістарычныя творы Марціна і Яўхіма Бельскіх з'яўляюцца каштоўнай крыніцай інфармацыі аб мінулым ВКЛ.
Епіскап Варміньскі Марцін Кромэр (1512 – ?) па даручэнні Жыгімонта ІІ Аўгуста напісаў, а ў 1555 г. надрукаваў трактат «Аб паходжанні і дзеяннях палякаў ХХХ кніг». Гісторыя Польшчы, напісаная Кромэрам, мела дзяржаўны характар: стаяла на абароне агульнадзяржаўных інтарэсаў, супрацьстаяла як правінцыяльнаму сепаратызму (літоўскаму і прускаму), так і прывілеям шляхты. Аўтар давёў падзеі да 1506 г., да княжання Жыгімонта I Старога.
Твор Кромэра быў кампіляцыяй працаў Длугаша і Вапоўскага, але вельмі дасканалай. Кніга прызначалася для замежнага чытача, яна паказывала магутнасць Польшчы і яе гісторыі. Заслуга храніста ва ўвядзенні ў навуковы зварот больш за 100 дакументаў, а таксама звяртанне да самай старой польскай хронікі Гала Аноніма. Кромэр скампанаваў у адзіны твор шматлікія кавалкі гістарычных ведаў, аб'яднаўшы іх уласнай гістарычнай канцэпцыяй, змяніўшы многія традыцыйныя погляды, якія дагэтуль панавалі ў гістарыяграфіі.
У Польшчы і ВКЛ праца Кромэра была прынята варожа, таму што ўсхваляла касцёл і ўладу магнацкай алігархіі, асцярожна выказывалася да шырокіх правоў шляхты, непрыхільна ставілася да ВКЛ. Гэта моцна абурыла шляхту і магнатэрыю княства. На сеймах 1556 – 1557 гг., а потым на сейме 1563 – 1564 гг. супраць Кромэра выступіў М.Радзівіл Чорны. Пасля Люблінскай уніі гэтыя настроі паступова зніклі. У 1580 г. сейм выказаў Кромэру публічную падзяку.
Аляксандр Гваньіні (1534 – 1614 гг.) – гісторык, вайсковец, дзейнасць якога ў ВКЛ да канца не высветлена не толькі ў беларускай, але ў польскай і літоўскай гістарыяграфіі. Імя яго звязваюць з працай «Апісанне еўрапейскай Сарматыі» (1578 г.), прысвечанай каралю Стэфану Баторыю. Гэты вялікі твор, у якім налічваецца 203 лісты, багата ілюстраваны, складаецца з чатырох частак, дзе змешчаны гісторыя і геаграфія Польшчы, Літвы, Інфлянтаў, Прусіі, Масковіі і татар аж да часоў караля Генрыха Валуа. Скончваецца апісаннем пахавання Жыгімонта Аўгуста ў 1574 г.
Вядома, што Стрыйкоўскі абвінавачваў Гваньіні ў тым, што той прысвоіў сабе ягоны рукапіс «Сарматыі» і апублікаваў пад сваім прозвішчам. 14 ліпеня 1580 г. кароль Стэфан Баторый выдаў Стрыйкоўскаму дакумент, дзе сцвярджалася, што «Апісанне еўрапейскай Сарматыі» з'яўляецца яго літаратурнай уласнасцю. Большасць даследчыкаў лічаць, што менавіта гэтая абставіна стала прычынай выезду Гваньіні ў Швецыю. Але смерць Стрыйкоўскага, якая наступіла ў канцы 80-х – пачатку 90-х гг. XVI ст., дала магчымасць Гваньіні фактычна без перашкод карыстацца плагіятам.
Барталамей Папроцкі (каля 1543 – 1614 гг.) – польскі гісторык, паэт. Знакаміты як геральдык, аўтар першага польскага гербоўніка «Гербы польскага рыцарства», дзе даецца паходжанне гербоў і інфармацыя аб некаторых родах. Папроцкі карыстаўся не толькі хронікамі, але і шматлікімі дакументамі, якія захоўваліся ў замках, кляштарах, часам сямейнымі хронікамі. Генезіс асобных гербаў і пачаткі шляхецкіх родаў прадстаўляў некрытычна. Верыў у старажытнарымскае паходжанне шляхты. 92 гербы выводзіў з-за мяжы і толькі 58 лічыў тутэйшымі. Некрытычна карыстаўся крыніцамі.
Твор падзелены на пяць кніг. Чацвёртая з іх прысвечана сімвалу ВКЛ – Пагоні, а таксама Гедзімінавічам і Ягелонам разам з хронікай іх панавання. Паколькі «з-за далёкасці і шырокасці не ўсіх мог знаць», даў толькі кароткія генеалагічныя інфармацыі аб найвыдатнейшых баярскіх родах, продкі якіх у 1413 г. у Гародлі прынялі польскія гербы. Дадаў таксама кароткія ўзгадкі аб іншых сем'ях, галоўным чынам валынскіх. Усяго называе каля 130 прозвішчаў шляхты ВКЛ.