2. Гістарыяграфія беларускай эміграцыі ў пасляваенны перыяд.
Традыцыі нацыянальнай гістарыяграфіі пасля Другой сусветнай вайны працягвалі навукоўцы, адны з якіх апынуліся на эміграцыі ў якасці сталых даследчыкаў (А.Адамовіч, Я.Станкевіч, І.Любачка, А.Калубовіч, В.Жук-Грышкевіч), другія атрымалі гістарычна-філасофкую ці іншую адукацыю на Захадзе і потым звярнуліся да вывучэння гісторыі і культуры Беларусі (Я.Запруднік, В.Кіпель, Я.Садоўскі і інш.). Ужо ў першыя пасляваенныя гады прысутнасць за мяжой творчай інтэлігенцыі абумовіла з’яўленне публіцыстычных матэрыялаў у беларускамоўных выданнях – «Шляхам жыцця», «Бацькаўшчына» (Мюнхен), «Зьніч» (Рым), «Беларус на чужыне» (Лондан), «Пагоня» (Зальцбург) і інш.
Традыцыі нацыянальнай гістарыяграфіі пасля Другой сусветнай вайны працягвалі навукоўцы, адны з якіх апынуліся на эміграцыі ў якасці сталых даследчыкаў (А.Адамовіч, Я.Станкевіч, І.Любачка, А.Калубовіч, В.Жук-Грышкевіч), другія атрымалі гістарычна-філасофкую ці іншую адукацыю на Захадзе і потым звярнуліся да вывучэння гісторыі і культуры Беларусі (Я.Запруднік, В.Кіпель, Я.Садоўскі і інш.). Ужо ў першыя пасляваенныя гады прысутнасць за мяжой творчай інтэлігенцыі абумовіла з’яўленне публіцыстычных матэрыялаў у беларускамоўных выданнях – «Шляхам жыцця», «Бацькаўшчына» (Мюнхен), «Зьніч» (Рым), «Беларус на чужыне» (Лондан), «Пагоня» (Зальцбург) і інш.
У 1947, 1950 і 1953 гг. у Парыжы выйшлі гісторыка-эканамічныя даведнікі, падрыхтаваныя Л.Гарошкам (П.Кавалём), са звесткамі па гісторыі Беларусі і дыяспары, сабраныя як з замежных, так і з савецкіх выданняў.
Першым зародкам арганізацыйнага афармлення эмігранцкай беларускай гістарыяграфіі стала Крывіцкае навуковае таварыства Ф.Скарыны, створанае ў 1947 г. у Рэгенсбургу (Германія) у лагеры для перамешчаных асобаў. Яно наладзіла выпуск навукова-літаратурнага часопіса «Веда».
У 50-я гг. ХХ ст. сфармаваліся нацыянальныя навукова-культурныя цэнтры ў ЗША, Вялікабрытаніі і іншых краінах. У 1951 г. у Нью-Йорку быў заснаваны Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНІМ), які выдае гадавік «Запісы». Таксама была створана Фундацыя імя П.Крэчэўскага для паглыблення вывучэння беларускай спадчыны. Важным цэнтрам аб’яднання навуковых сілаў у Заходняй Еўропе ў 50-я гг. стаў г.Мюнхен, дзе працавалі беларускае выдавецтва «Бацькаўшчына» і самастойны аддзел БІНІМа (1955 – 1966 гг.).
З сярэдзіны 50-х гг. беларускія даследчыкі ўдзельнічалі ў рабоце Інстытута па вывучэнні СССР, створанага ў 1950 г. у Мюнхене савецкімі эмігрантамі. С.Станкевіч, В.Жук-Грышкевіч, А.Адамовіч, Ч.Сіповіч прымалі ўдзел у вызначэнні кірункаў яго працы, забеспячэнні выданняў беларускай праблематыкай. На беларускай, англійскай, нямецкай мовах былі апублікаваны «Беларускія зборнікі».
Арганізаванае ў 1954 г. у Лондане Англа-Беларускае таварыства садзейнічала з'яўленню новых даследчыкаў-беларусазнаўцаў у Вялікабрытаніі. У 1965 – 1988 гг. таварыства выдавала часопіс «JornalofByelorussianStudies», дзе друкаваліся артыкулы па гісторыі, палітыцы, іншых праблемах развіцця беларускага народа.
Даследчыкі за мяжой абгрунтоўвалі канцэпцыю гістарычнага развіцця Беларусі, якая карэнным чынам адрознівалася ад той, што існавала ў беларускай савецкай гістарыяграфіі. Яны звярталіся да тых пытанняў, якія ў БССР, на іх думку, «скажаліся»: вытокі дзяржаўнасці беларускага народа, нацыянальны характар ВКЛ, нацыянальны рух і нацыянальнае адраджэнне ў ХХ ст., прычыны антысавецкіх узброеных выступленняў на Беларусі, масавыя рэпрэсіі ў 30-я гг. і іх вынікі, працэсы дэнацыяналізацыі пасля Другой сусветнай вайны і інш.
Даследаванні А.Адамовіча (Н.Недасека) (Мюнхен, 1954 г., 1956 г.) і С.Крушынскага (Нью-Йорк, 1953 г.) раскрывалі ролю партыі бальшавікоў у рэвалюцыйных падзеях у Беларусі, іх негатыўнае стаўленне да нацыянальнага руху і шляхі ўстанаўлення «кантролю над Беларуссю». У працах С.Станкевіча (1955 г.), Г.Паланевіча (1960 г.), П.Урбана (1957 г.) на прыкладзе БССР крытыкавалася савецкая нацыянальная палітыка, С.Кабыша (1958 г.) (усе выдадзены ў Мюнхене) – палітыка рэпрэсіяў, «генацыду ў БССР». Мюнхенскія публікацыі А.Адамовіча і П.Урбана асвятлялі праявы «нацыянальнага супраціву» ў Савецкай Беларусі, апазіцыі таталітарнай сістэме. Я.Станкевіч (Нью-Йорк, 1953 г.), В.Тумаш (Р.Максімовіч) (Нью-Йорк, 1954 г.), В.Пануцэвіч (М.Волаціч) (Мюнхен, 1953 г.) звярнуліся да праблемы, якую абыходзіла беларуская савецкая гістарыяграфія, да гістарычна-этнаграфічнай тэрыторыі Беларусі, падзелу яе на часткі і ўключэнне ў склад суседніх краінаў.
У эмігранцкіх выданнях 50-х гг. дадзены грунтоўны аналіз савецкай палітыкі ў БССР у галіне навукі, школьнай адукацыі (Г.Паланевіч пад псеўд. Г.Няміга), беларускай мовы (Я.Станкевіч), літаратуры (А.Адамовіч), мастацтва (М.Куліковіч-Шчаглоў, У.Сядура).
Агульныя тэндэнцыі развіцця нацыянальнай культуры разгледжаны ў працы У.Сядуры (У.Глыбінны) «Доля беларускай культуры пад Саветамі» (Мюнхен, 1958 г.). Даследчыкі характарызавалі 20-я гг. як перыяд уздыму нацыянальнай асветы, навукі, іншых галінаў культуры, а 30-я гг. – часам іх заняпаду, «савета-камунізацыі з русіфікацыяй», крытыкавалі палітыку русіфікацыі, заахвочвання нацыянальнага нігілізму ў пасляваенны час.
10-я кніга «Беларускага зборніка» (Мюнхен, 1959 г.), прысвечаная 40-годдзю ўтварэння БССР, ахоплівае ўсе асноўныя падзеі на Беларусі за гэты перыяд. На падставе шырокага крытычнага выкарыстання савецкіх выданняў (зборнікаў дакументаў і навуковых працаў) у ёй разглядаюцца праблемы, звязаныя з утварэннем БССР (П.Урбан), палітыкай КПБ (Я.Запруднік), аналізуюцца працэсы ў галіне культуры (С.Станкевіч, Г.Няміга), прамысловасці (Г.Ведэнскі), сельскай гаспадаркі (С.Кабыш).
Аўтары насуперак савецкай гістарыяграфіі не пагаджаліся з тэзісам аб тым, што беларускі народ упершыню стварыў сваю дзяржаўнасць пры Савецкай уладзе, зрабілі выснову аб «чужым» паходжанні бальшавізму на Беларусі, завяршэнні канфлікту 20-х гг. «паміж беларускімі нацыянал-камуністамі і расейскімі бальшавікамі» масавымі рэпрэсіямі ў 30-я гг., ператварэнні КПБ у правінцыяльную арганізацыю КПСС. Яны адзначалі стан «нацыянальнага прыгнечання і дыскрымінацыі ў СССР», поўнага ігнаравання беларускіх нацыянальных інтарэсаў, фармальнасць суверэнітэту БССР ва ўсіх сферах (сацыяльна-эканамічнай, культурнай, грамадска-палітычнай, міжнароднай).
У 50 – 80-я гг. альтэрнатыўны пункт погляду (тагачаснаму ў БССР) на старажытную гісторыю Беларусі, ВКЛ даецца ў працах Я.Станкевіча: «З гісторыі Беларусі» (Мюнхен, 1958 г.), «Аканне – балцкая рыса ў мове вялікалітоўскай» (Мюнхен, 1971 г.), «Нарысы з гісторыі ВялікаЛітвы-Беларусі» (Нью-Джэрсі, 1978 г.); В.Пануцэвіча «З гісторыі Беларусі або Крывіччыны-Літвы» (Чыкага, 1965 г.) і інш.
Абапіраючыся на даследаванні беларускіх гісторыкаў, асабліва 20-х гг., аналізуючы тапаніміку, мову, археалагічныя матэрыялы, яны не пагаджаліся з тэзісам аб чыста славянскім паходжанні беларусаў, падкрэслівалі наяўнасць балцкага элемента ў гэтым працэсе, адмаўлялі існаванне адзінай старажытнарускай народнасці. Аўтары не прымалі сцвярджэнне савецкіх гісторыкаў аб адсутнасці беларускай дзяржаўнасці ў сярэднявеччы, уніяцкую царкву вызначалі як народную, лічылі, што ў выніку далучэння беларускіх земляў да Расійскай імперыі яны ператварыліся ў гаспадарчую калонію, пагоршылася сацыяльна-эканамічнае становішча насельніцтва, узмацнілася яго русіфікацыя.
У эміграцыі з’явіліся публікацыі пра Еўфрасінню Полацкую (Л.Гарошка), Кірылу Тураўскага (П.Татарыновіч, А.Надсон), Лявонція Зізанія (А.Надсон), Льва Сапегу (В.Тумаш), Рыгора Хадкевіча (Л.Гарошка), Кастуся Каліноўскага (П.Урбан, Я.Запруднік).
Гісторыі праваслаўнай царквы на Беларусі прысвечаны даследаванні І.Касяка (Нью-Йорк, 1956 г.), А.Караля (Нью-Брансуік, 1956 г.), А.Мартаса (Буэнас-Айрэс, 1966 г.), М.Лапіцкага (Саўт-Рывер, 1978 г.). Замежныя скарыназнаўцы В.Тумаш (С.Брага), Я.Садоўскі, А.Надсон значна ўзбагацілі навуковую літаратуру новымі фактамі і дакументамі пра жыццё і дзейнасць усходнеславянскага першадрукара, асветніка, вучонага. Прысвечаныя яму працы, а таксама апрацаваны В.Тумашам бібліяграфічны даведнік «Пяць стагоддзяў Скарыніяны» (Нью-Йорк, 1989 г.) сталі сур’ёзнымі крыніцамі для даследчыкаў, стымулявалі вывучэнне спадчыны Ф.Скарыны ў БССР.
Значны ўклад у гістарыяграфію палітычнай барацьбы вакол беларускага пытання ў Дзяржаўнай думе зрабіў Я.Запруднік, які ў 1969 г. у Нью-Йоркскім універсітэце абараніў па гэтай праблеме доктарскую дысертацыю. Вытокі беларускіх пячатак даследаваў М.Белямук (Кліўленд, 1986 г.). Па праблемах картаграфіі Беларусі і яе гістарычнай назвы былі апублікаваны ў 60 – 70-я гг. ў Лондане на англійскай мове працы В.Астроўскага.
Першы сістэматызаваны агляд гісторыі Беларусі савецкага перыяду зроблены ў кнізе І.Любачкі «Беларусь пад савецкім праўленнем. 1917 –1957» (1972 г., на англійскай мове). У навукова-папулярны зборнік «Беларусь. Гістарычны нарыс» (Лондан, 1989 г.) увайшлі перакладзеная на англійскую мову праца Я.Найдзюка «Беларусь учора і сёння» (Мн., 1943 г.) і раздзелы І.Касяка, што ахопліваюць падзеі ў Беларусі да сярэдзіны 70-х гг.
Я.Станкевіч, В.Пануцэвіч, А.Адамовіч, А.Жук-Грышкевіч, Я.Запруднік і іншыя асвятлялі гісторыю беларускага нацыянальнага адраджэння ў ХХ ст., разглядалі абвяшчэнне БНР як акт аднаўлення беларускай дзяржаўнасці, падкрэслівалі ўплыў нацыянальнага руху на ўтварэнне БССР, якая ўзнікла ў процівагу БНР. Гэтая праблематыка знайшла адлюстраванне ў кнізе «Беларуская дзяржаўнасць. Хрэстаматыя і бібліяграфія», якая выйшла ў 1988 г. на англійскай мове ў Нью-Йорку пад рэдакцыяй В. і З.Кіпеляў.
Гісторыю ўтварэння і станаўлення БССР праз трагічныя лёсы нацыянальных дзеячаў, што стаялі каля яе вытокаў, раскрыў А.Калубовіч (Кліўленд, 1982 г., 1985 г.). Публікацыі Л.Гарошкі (П.Каваля) і В.Кіпеля асвятляюць узброены супраціў Савецкай уладзе, паказваюць Слуцкае паўстанне 1920 г. як змаганне за ідэалы БНР. Нацыянальнай палітыцы ў БССР у 20 – 30-я гг. прысвечаны матэрыялы М.Іванова ў польскіх навуковых выданнях. Іншы, чым у Савецкай Беларусі, падыход да асвятлення ролі вядомых нацыянальных дзеячаў назіраецца ў артыкулах 50 – 60-х гг. А.Саковіч і А.Калубовіча пра М.В.Доўнар-Запольскага, публікацыях С.Станкевіча і Я.Запрудніка пра Янку Купалу і Якуба Коласа (Нью-Йорк, 1982 г.), А.Адамовіча пра І.Луцкевіча (Нью-Йорк, 1983 г.), Ю.Туронка пра В.Іваноўскага (Варшава, 1992 г.).
У працы Ю.Туронка «Беларусь пад нямецкай акупацыяй» (Вроцлаў; Варшава, 1989 г.; 2-е выд. 1993 г.) па-новаму асэнсоўваюцца гістарычныя падзеі на Беларусі. Аўтар прыходзіць да высноваў, «незалежных ад папярэдніх супярэчлівых ацэнак сведак і пасляваенных інтэрпрэтатараў падзей».
У 60-я г. пачалі даследаванне гісторыі Беласточчыны вучоныя-беларусы ў Польшчы. Артыкулы Ю.Туронка, А.Баршчэўскага, У.Юзвюка, М.Гайдука, В.Нікіцюка і іншых даследчыкаў з’явіліся ў беластоцкіх навуковых зборніках (1961 г., 1964 г., 1974 г., 1982 г.), беларускіх календарах, штотыднёвіку «Ніва».М.Кандрацюк асвятляе гісторыю краю праз балцкія элементы ў яго тапаніміцы (Беласток; Вроцлаў, 1974 г.; Вроцлаў, 1985 г.). Грунтоўна разгледжаны становішча і роля праваслаўнай царквы на Беласточчыне ў працах Я.Мірановіча і Р.Сасны, жыццё суродзічаў у Польшчы ў кнізе А.Садоўскага «Народы вялікія і малыя: Беларусы ў Польшчы» (Кракаў, 1991 г.) і Я.Мірановіча «Беларусы ў Польшчы, 1944 – 1949» (Варшава, 1993 г.). Зборнік публіцыстыкі С.Яновіча «Беларусь, Беларусь» (Варшава, 1987 г.) раскрывае складанасць беларуска-польскіх узаемаадносінаў.
Пачынальнікамі даследаванняў гісторыі беларускай эміграцыі з'яўляюцца А.Калубовіч (ад ранніх перасяленняў да Другой сусветнай вайны), А.Латышонак (беларуская заходняя дыяспара найноўшага часу), В.Кіпель (нацыянальная дыяспара ў ЗША), Я.Садоўскі (у Канадзе), А.Вініцкі, С.Коўш, М.Шыла (у Германіі), К.Мерляк (у Аргенціне). На эміграцыі зроблены спробы асэнсавання гісторыі Беларусі ў больш шырокім кантэксце, выкарыстання пры яе даследаванні найноўшых падыходаў. У публікацыях 50-х гг. прафесара Л.Акіншэвіча разглядаліся «цывілізацыйныя асновы беларускага гістарычнага працэсу», гісторыя цывілізацыі Усходняй Еўропы паводле канцэпцыі А.Тойнбі. Я.Запруднік звярнуўся да праблемаў тэрміналогіі і перыядызацыі беларускай гісторыі.
У 60 – 80-я гг. з’явіліся гістарыяграфічныя працы: кніга-водгук Я.Станкевіча «Савецкае хвальшаванне гісторыі Беларусі» (1956 г.) на выхад у 1954 г. у Мінску «Гісторыі Беларускай ССР», твор П.Урбана «У святле гістарычных фактаў» (1972 г.), у якой абвяргаецца версія гісторыі Беларусі, выкладзеная Л.С.Абэцэдарскім у брашуры «У святле неабвержных фактаў» (1969 г.), агляд А.Калубовіча стану вывучэння помнікаў беларускага пісьменства Х – ХVІІІ стст. (1978 г.), публікацыі пра вывучэнне гісторыі Беларусі ў БССР (П.Урбан), спробы адыходу ад афіцыйнай інтэрпрэтацыі ў беларускай гістарыяграфіі (Ч.Будзька), гістарычная канцэпцыя В.Ластоўскага (В.Тумаш), вытокі беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі (В.Сянькевіч), савецкай канцэпцыі гісторыі ВКЛ (Я.Запруднік).
Аналізуючы стан гістарычных даследаванняў у БССР, яны вызначылі два этапы: адносна незалежнае ад цэнтра развіццё да 1930 г. «нацыянальнай па свайму духу і сэнсу гістарыяграфіі», а ў далейшым – адсутнасць у беларускіх савецкіх вучоных уласнага погляду на гісторыю беларускага народа, разгляд яе «толькі ў рамках вялікадзяржаўных канцэпцый Масквы», мэтай якіх было «зліць гісторыю народаў СССР з патокам гісторыі рускага народа».
Даследчыкі ў эміграцыі рэзка крытыкавалі гісторыкаў БССР за залежнасць іх пазіцыяў ад партыйна-дзяржаўных установак, аднабаковы ідэалагізаваны паказ гістарычнага працэсу, абмежаванасць даследаванняў межамі БССР (пакідаючы па-за ўвагай іншыя этнічныя тэрыторыі), падкрэслівалі адлучанасць навукоўцаў ад навейшых методык і падыходаў замежных гісторыкаў, іх высноваў па глыбінных з’явах развіцця чалавецтва і народаў. Разам з тым эмігранцкія аўтары адзначалі пэўныя змены ў тлумачэнні савецкай гістарыяграфіяй асобных перыядаў і падзей, падкрэслівалі спробы адыходу ад «спрошчвання беларускай мінуўшчыны», элементы новага асэнсавання нацыянальнага характару ВКЛ, аднаўлення «нацыянальных рыс беларускай культуры XV – XIX – пачатку XX ст.».
Многія працы эмігранцкіх вучоных нясуць адбітак прапагандысцкага характару, не пазбеглі палітычнай перадузятасці, уплыву «халоднай вайны», жорсткай канфрантацыі дзвюх грамадскіх сістэмаў, складаных узаемаадносінаў Беларусі з эміграцыяй, іх ізаляванасці адна ад адной. Ёсць разыходжанні ў поглядах на асобныя з’явы і падзеі ў гісторыі беларусаў.
Каштоўнымі крыніцамі па праблемах, што замоўчваліся ці абыходзіліся савецкай гістарыяграфіяй, сталі апублікаваныя на эміграцыі дакументы па найноўшай гісторыі Беларусі: «Кніга ахвяраў бальшавізму» (1950 г.); стэнаграма «Другога Усебеларускага кангрэса» (1954 г.); дакументы і матэрыялы па БНР (газета «Бацькаўшчына» за 1949 – 1950 гг.; «Дзень незалежнасці Беларусі, 25 сакавіка 1918 г.» 1958 г.; «Запісы», кн. 13, 1975 г.; «Дзень незалежнасці Беларусі ў 200-ю гадавіну адкрыцця Амерыкі» 1977 г.); матэрыялы да Першага Усебеларускага з’езда 1917 г. («Запісы», кн. 2 – 4, 1963 – 1966 гг.); зборніка дакументаў «За дзяржаўную незалежнасць Беларусі» (1960 г.). На англійскай і беларускай мовах былі выдадзены дакументы пра паўстанне 1863 г. на Беларусі (1980 г.), на польскай – зборнік дакументаў пра становішча праваслаўнай царквы на Беласточчыне ў 1928 – 1939 гг. (1991 г.). Кніга дакументаў і матэрыялаў пра жыццё і дзейнасць вядомага на эміграцыі грамадска-палітычнага і культурнага дзеяча А.Жук-Грышкевіча выйшла ў 1993 г. у Таронта. Цікавасць для даследчыкаў уяўляюць часопіс «Летапісь беларускай эміграцыі» (Бруклін), кніга ўспамінаў пра Янку Купалу і Якуба Коласа (1982 г.), публікацыі мемуараў Я.Германовіча, Я.Калубовіча, В.Рагулі, Я.Станкевіча, А.Жук-Грышкевіча, Л.Галяка, Я.Гладкага, Я.Пятроўскага, М.Сяднёва, Я.Малецкага, П.Сыча і інш.
У 60 – 80-я гг. заахвочванню даследаванняў па гісторыі Беларусі і публікацыі іх вынікаў садзейнічалі новыя нацыянальныя культурна-навуковыя цэнтры – філіял Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Таронта (Канада), Беларуская бібліятэка і музей імя Ф.Скарыны ў Лондане (Вялікабрытанія), Інстытут беларусаведы і беларускі музей у Ляймене (ФРГ), Беларускае культурна-мастацкае і навуковае таварыства ў Саўт-Рыверы, Вялікалітоўскі фонд імя Л.Сапегі, фонд імя І.Любачкі і Беларускі харытатыўна-адукацыйны фонд (ЗША). Актыўны навуковы асяродак склаўся ў Польшчы (Беласток, Варшава). Значную ролю ў пашырэнні гістарычных ведаў адыграў і беларускі перыядычны друк – штомесячная газета «Беларус», штоквартальнік «Беларускі агляд», часопіс «Беларуская думка», «Беларускі сьвет» Для інфармавання заходніх палітычных і навуковых колаў у 1979 – 1991 гг. выходзілі ў Боне (ФРГ) гадавыя агляды беларускага савецкага друку.
Розныя аспекты сваёй канцэпцыі гісторыі Беларусі даследчыкі з нацыянальнай дыяспары выкладалі на міжнародных форумах па праблемах СССР і Усходняй Еўропы, славістычных канферэнцыях, этнічных навуковых мерапрыемствах у ЗША і Канадзе, публікацыях у англамоўных энцыклапедычных даведніках, іншых выданнях. Актывізацыя іх супрацоўніцтва з навуковымі і навучальнымі ўстановамі краінаў пражывання, удзел у міжнародных навуковых мерапрыемствах павышалі зацікаўленасць замежных вучоных праблемамі Беларусі, садзейнічалі далучэнню іх да вывучэння гісторыі, культуры, мовы беларускага народа, пашырэнню інфармацыі аб ім у свеце. Нацыянальная эміграцыя апублікавала ў Нью-Йорку нарыс-роздум ананімнага беластоцкага аўтара «Праваслаўная царква ў Беластоцкім краі і беларуская мова ў ёй» (1984 г.), у Лондане – кнігу «Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс» А.Бембеля (1985 г.), «Ліст да рускага сябра» А.Каўкі (1979 г.), Зварот беларускай інтэлігенцыі да М.С.Гарбачова (1987 г.), якія ў той час не маглі быць выдадзены ў БССР і ПНР. У 1994 г. у Нью-Йорку выйшла кніга «Курапаты», у якой на англійскай і беларускай мовах змешчаны навуковая справаздача пра археалагічныя даследаванні ў 1988 г. і артыкулы пра рэпрэсіі на Беларусі ў 30 – 40-я гг.
У БССР публікацыі эмігранцкіх аўтараў былі недаступнымі чытачу (калі і паступалі ў бібліятэкі, то знаходзіліся ў спецсховішчах), па ідэалагічных прычынах немагчыма было іх навуковае рэцэнзаванне. Высновы эмігранцкіх даследчыкаў па розных аспектах гісторыі Беларусі падаваліся як фальсіфікацыі «буржуазных нацыяналістаў», памагатых «буржуазных саветолагаў».
Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь паклала пачатак складванню новых узаемаадносінаў з гісторыкамі і іншымі вучонымі на эміграцыі, асэнсаванню іх спадчыны. Праявамі гэтага сталі сумесны ўдзел айчынных і замежных вучоных-беларусаў у міжнародных і нацыянальных навуковых канферэнцыях. У 1993 – 1994 гг. у Мінску выдадзены працы «Беларусь пад нямецкай акупацыяй» Ю.Туронка, «Беларусь учора і сёння» Я.Найдзюка і І.Касяка, «Крокі гісторыі» і «На крыжовай дарозе» А.Калубовіча, «Беларусы ў ЗША» В.Кіпеля, «Да пытання этнічнай прыналежнасці старажытных ліцвінаў» П.Урбана, «Міхал Казімір Агінскі і яго «сядзіба музаў» у Слоніме» А.Цеханавецкага, гістарычнае эсэ «Паратунак» М.Гайдука, «З гісторыяй на «Вы» (Вып. 3, уклад. Я.Запруднік). Падрыхтаваны да друку інш. выданні. З пачатку 90-х гг. багаты дакументальны матэрыял з гісторыі эміграцыі, пра яе найбольш вядомых прадстаўнікоў публікаваў часопіс «Спадчына».
З’яўленне новых незалежных дзяржаваў на постсавецкай прасторы абумовіла значнае павелічэнне нацыянальнай дыяспары, у тым ліку даследчыкаў айчыннай гісторыі за межамі Беларусі. Сумеснымі намаганнямі вучоных блізкага замежжа і Беларусі выдаваўся літаратурна-навуковы гадавік «Скарыніч» (вып. 1 – 2, 1991 – 1993 гг.). На яго старонках, а таксама ў новых ці адноўленых беларускіх замежных выданнях папулярызаваліся набыткі сучаснай гістарычнай думкі ўсходняй дыяспары: «Наша ніва» (Вільня), «Сьвітанак» (Рыга), «Шляхам Скарыны» (Масква). Для даследавання і папулярызацыі гісторыі беларусаў у Польшчы было створана ў 1993 г. у Беластоку Беларускае гістарычнае таварыства, якое выдае часопісы «Беларускі гістарычны сшытак», «Часопіс», «Беларускія навіны», а ў Варшаве выходзіць беларуска-польскі часопіс «Дыскусія».
Працэсы нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння актывізавалі навукоўцаў заходняй дыяспары. Заснаваны часопіс «Полацак» (Кліўленд), дзе друкуюцца даследаванні гісторыкаў Беларусі і замежжа. З'явіліся іх публікацыі ў часопісе «Весткі Інстытута беларусаведы» (Ляймен, Германія). Пачаў выходзіць часопіс «Прамень» (Манрэаль, Канада). Вынікам цікаўнасці ў ЗША да новай незалежнай дзяржавы стала выданне ў 1993 г. на англійскай мове працы «Беларусь. На гістарычных скрыжаваннях» Я.Запрудніка – нарыса гісторыі народа ад старажытнасці да пачатку 90-х гг. ХХ ст.