1. Гістарыяграфія беларускай эміграцыі ў даваенны перыяд.
Зараджэнне нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі на эміграцыі звязана з узнікненнем палітычнай плыні пасля паўстанняў 1794 г., 1830 – 1831 гг., 1863 – 1864 гг., а станаўленне – з арганізаваным беларускім замежным рухам пасля ўстанаўлення ў Беларусі Савецкай улады і пасля Другой сусветнай вайны.
Зараджэнне нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі на эміграцыі звязана з узнікненнем палітычнай плыні пасля паўстанняў 1794 г., 1830 – 1831 гг., 1863 – 1864 гг., а станаўленне – з арганізаваным беларускім замежным рухам пасля ўстанаўлення ў Беларусі Савецкай улады і пасля Другой сусветнай вайны.
Дзеячы беларускага нацыянальнага руху пачатку ХХ ст., стваральнікі БНР П.Крачэўскі, В.Ластоўскі, А.Луцкевіч, А.Цвікевіч, К.Езавітаў і інш. сталі першымі ў замежжы даследчыкамі і папулярызатарамі айчыннай гісторыі. У 1918 – 1919 гг.выйшлі невялікія па аб’ёму нарысы: у Вільні – В.Ластоўскага «Калісь і цяпер: гісторыка-грамадзянскія нарысы», у Парыжы – А.Луцкевіча (А.Навіны), у Берліне – А.Цвікевіча «Беларусь: Палітычны нарыс», у Коўне – Я.Варонкі «Белорусский вопрос к моменту Версальской мирной конференции: Историко-политический очерк».
У гэтых нарысах вытокі беларускай дзяржаўнасці пачыналіся з Полацкага і Турава-Пінскага княстваў, з ВКЛ, якое пасля Люблінскай уніі 1569 г. трактавалася аўтаномнай часткай Рэчы Паспалітай. Страту дзяржаўнасці аўтары звязвалі з інкарпарацыяй беларускіх земляў у склад Расійскай імперыі ў канцы ХVІІІ ст. У гэтых публікацыях прасочваецца станаўленне беларускай нацыянальнай ідэі ў найноўшы час «як праграмы сённяшняга дня», заяўляецца пра імкненне беларусаў да пабудовы сваёй дзяржаўнасці. Нарысы пазнаёмілі еўрапейскія палітычныя колы з гісторыяй і тагачасным становішчам беларускага народа. Гэта была спроба пастаноўкі беларускага нацыянальнага пытання перад краінамі Антанты ў сувязі з правядзеннем Парыжскай мірнай канферэнцыі.
Шмат увагі надавалася ўзаемадачыненням з Польшчай, якая заняла ў 1919 г. значную частку тэрыторыі Беларусі. К.Езавітаў у працы «Белорусы и поляки: Документы и факты из истории оккупации Белоруссии поляками в 1918 и 1919 гг.» (Коўна, 1919 г.), Я.Варонка ў працы «Беларускі рух ад 1917 да 1920 году» (Коўна, 1920 г.), А.Цвікевіч у працы «Адраджэнне Беларусі і Польшча» (Берлін, 1921 г.) рэзка крытыкавалі «каланіяльную» палітыку польскага ўрада.
Заснаванне ў 20-я гг. ХХ ст. замежных арганізацыяў у Чэхаславакіі, Літве, Латвіі, ЗША, беларускага перыядычнага друку і кнігавыдання (Беларускае выдавецкае таварыства ў Латвіі, Беларускі выдавецкі цэнтр у Літве, выдавецтва імя Ф.Скарыны ў Празе), дзейнасць Беларускага навукова-краязнаўчага таварыства ў Латвіі, Беларускае навуковае таварыства ў Рызе садзейнічалі з’яўленню новых навуковых і публіцыстычных працаў па асобных аспектах гісторыі Беларусі. Шматлікія артыкулы пра гістарычныя падзеі на беларускіх землях змяшчаліся на старонках беларускіх грамадска-палітычных і навукова-гістарычных выданняў «На чужыне», «Голас беларуса» (Рыга), «Крывіч», «Часопісь», «Пагоня», «Беларускі сцяг» (Коўна) і інш.
У 1922 г. часопіс «Беларускі сцяг» надрукаваў манаграфічную працу А.І.Цвікевіча «Погляд П.Бяссонава на беларускую справу», прысвечаную развіццю беларускай грамадскай думкі. Яе ідэі знайшлі адлюстраванне ў кнізе «Западнорусізм», напісанай А.І.Цвікевічам пасля вяртання ў БССР і канфіскаванай уладамі ў 1929 г., адразу пасля выхаду з друку.
У другой палове 20-х гг. традыцыйны для нацыянальных дзеячаў на эміграцыі погляд на гісторыю Беларусі прадоўжылі публікацыі К.Езавітава і П.Крэчэўскага. Апошні з’яўляецца аўтарам нарыса «геаграфічнага, гістарычнага і эканамічнага доследу» Беларусі «ў мінулым і сучасным», надрукаванага ў зборніку «Замежная Беларусь» (Прага, 1926 г.). У гэтым зборніку змешчана першая публікацыя дакументаў і матэрыялаў па гісторыі беларускай эміграцыі, якая, на думку Крэчэўскага, «заўжды была рэхам народа і правадніком яго думак і імкненняў у шырокі свет агульначалавечага яднання». З артыкулаў зборніка можна адзначыць наступныя: «Скарына і незалежнасць», «Узаемаадносіны беларуска-літоўскага княства з Чэхіяй 500 гадоў назад», «Гісторыя беларускай кнігі», «Беларусь у мінулым і сучасным».
К.Езавітаву належаць першыя даследаванні па гісторыі беларусаў у Латвіі і Літве, у якіх вызначана іх колькасць, асвятляюцца сацыяльнае становішча, цяжкасці нацыянальна-культурнага і грамадскага развіцця. У 1932 г. выйшлі кнігі «Беларускае культурна-асветнае таварыства «Бацькаўшчына» у Латвіі» і «Беларусы ў Літве».
Агульнай характарыстыцы беларускага нацыянальнага руху прысвечана праца Я.Варонкі «Беларускі рух ад 1917 да 1920 г.», выдадзеная ў Каўнасе ў 1920 г. Аўтар даволі стрымана ставіцца да падзеяў 1917 года. Ні Лютаўская рэвалюцыя, якую аўтар называе «петраграцкім пераваротам», ні Кастрычніцкая рэвалюцыя нічога ў грамадска-палітычным жыцці Беларусі не змянілі: «Новая расейская дэмакрація, апрануўшыся ў чырвоную плахту, так званага, пролетарыяту, хварэла на тую ж імпэрыялістычную хваробу, на якую хварэлі і сам Раманаў і яго насьледнік Керэнскі». Нягледзячы на той факт, што, «народ лявеў ва ўсіх пытаньнях», у той жа час «для беларусоў – бальшэвізм быў незразумелым зьявішчэм». Даследчык не можа дараваць бальшавікам ні зачынення беларускіх вайсковых арганізацыяў, ні разгону Усерасійскага і Беларускага (Першы Усебеларускі з’езд) Устаноўчых сходаў, ні Брэсцкага мірнага дагавору. На канкрэтных прыкладах аўтар даказвае, што беларускі нацыянальны рух быў самастойным і не меў знешняй падтрымкі: «…і з аднаго, і з другога боку беларускую справу залічылі то да польскай, то да маскоўскай інтрыгі, але фактычна ні адна з гэтых старон справе не дапамагала». Разам з тым для яго працы характэрна ідэалізацыя перыяду нямецкай акупацыі. Ён станоўча гаворыць аб падтрымцы беларускай справы з боку немцаў, асабліва ў 1916 г. Але не задаецца пытаннем – «чаму?». Не бачыць ён жадання немцаў выкарыстаць беларускі нацыянальны рух супраць польскага адраджэння, замоўчвае стаўленне акупацыйных уладаў да беларускага насельніцтва, не ўспамінае факт ганебнай удзячнай тэлеграмы да кайзера Вільгельма ІІ.
Літва з’яўлялася найбуйнейшым цэнтрам беларускай палітычнай эміграцыі. Старшыня Беларускага выдавецкага цэнтра ў Каўнасе В.Ластоўскі на працягу 1923 – 1926 гг. выдаваў там часопіс «Крывіч». На яго старонках, а таксама ў прадмове да «Падручнага расійска-крыўскага (беларускага) слоўніка» (Коўна, 1924 г.) ён выклаў сваю тэорыю паходжання беларусаў, т.зв. «крывічску»: «на зарані гістарычных часоў наш народ выступае, як з’арганізаванае цэлае нацыянальнае і палітычнае пад найменнем крывічы». Не страціла навуковай каштоўнасці яго фундаментальная бібліяграфічная праца «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» (Коўна, 1926 г.). Аўтар зрабіў агляд больш за 1000 рукапісных кніг, граматаў, старадрукаў за перыяд з Х па ХVІІІ стст.
У 1921 г. на старонках газеты «Беларускі звон», якая выдавалася ў Вільні, друкаваліся артыкулы М.Краўцова – члена Беларуская Вайсковай Камісіі, аўтара вершаў да гімна БНР. У адным з іх – «Усебеларускі з’езд 1917 г.» аўтар апісаў падзеі, якія адбываліся напярэдадні правядзення Першага Усебеларускага з’езда. Ён адмоўна ставіцца да яго разгону, але не ў прыклад іншым даследчыкам не перакладвае адказнасць толькі на бальшавікоў. Аўтар адзначае, што на адкрыцці з’езда сяляне разам з іншымі дэлегатамі ўзнёсла пелі «беларускую марсельезу» і віталі кожнае новае прынятае рашэнне. Калі ўварваліся бальшавікі і пачалі арыштоўваць удзельнікаў з’езда, то дэлегаты з халопскай пакорнасцю малілі і прасілі, каб іх выпусцілі, «бо яны, быццам ня ведаюць, што тут робіцца…». Тым самым аўтар паставіў немалаважнае пытанне аб нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Наступны артыкул «Рада Беларускае Народнае Рэспублікі», надрукаваны ў тым жа годзе і ў той жа газеце, з’яўляецца тэматычным працягам першага. Тут аўтар аналізуе перыяд паміж Брэсцкімі і Рыжскімі перамовамі. Між іншым ён даследуе такія пытанні, як абвяшчэнне БНР, дзейнасць Беларускай Вайсковай Камісіі, белапольская акупацыя. Ён працягвае думку Цвікевіча аб пераемнасці паміж Першым Усебеларускім з’ездам і абвяшчэннем БНР.
Рыжскаму міру прысвечаны артыкул К.Дуж-Душэўскага «Беларусь і Рыжскі мір». Паводле аўтара, гэты падзел адмоўна адбіўся на працэсах нацыянальнай кансалідацыі Беларусі. Ён засяроджвае ўвагу на пытаннях узаемаадносін Беларусі і Польшчы, з аднаго боку, і Беларусі і Расіі, з другога. Аўтар прыходзіць да высновы, што Рыжскім мірам не задаволены ні Польшча, ні Расія. З гэтай прычыны ён выказвае спадзяванне, што ў хуткім часе вынікі міру будуць перагледжаны.
У гістарычным нарысе маёра А.Ружанцава «Беларускія войскі ў Літве 1918 – 1920 гг.», выдадзеным у Коўне ў 1921 г., фармаванне беларускага войска разглядаецца ў кантэксце барацьбы за аднаўленне Канфедэрацыі ВКЛ, у якую, акрамя літоўскіх, павінны былі ўвайсці і беларускія землі (Віленшчына, Гродзеншчына і Беласточчына).