Асноўныя паняцці:
Фразеалогія (ад грэч. phrasis – выраз, моўны зварот і logos – вучэнне) – раздзел мовазнаўства, які вывучае семантычныя, граматычныя і стылістычныя асаблівасці фразеалагізмаў.
Фразеалагізм – гэта ўстойлівая, узнаўляльная, не менш як двухкампанентная моўная адзінка, якая спалучаецца са словамі свабоднага ўжывання і мае цэласнае значэнне, не роўнае суме значэнняў яе кампанентаў (калі іх разглядаць на ўзроўні слоў).
Фразеалагічныя адзінствы – матываваныя фразеалагізмы з жывой унутранай формай, якія ўзнікаюць у выніку пераасэнсавання свабодных словазлучэнняў.
Фразеалагічныя зрашчэнні – гэта семантычна непадзельныя, нематываваныя, бязвобразныя фразеалагізмы, якія патрабуюць этымалагічнага аналізу, высвятлення матываў іх узнікнення.
Варыянтнасць фразеалагізмаў – здольнасць аднаго і таго ж фразеалагізма выступаць у дзвюх ці болей разнавіднасцях, узаемазамяняльных у любым кантэксце.
Мнагазначныя фразеалагізмы – фразелагізмы, якія маюць два і больш значэнняў.
Фразеалагічныя антонімы – выразы з супрацьлеглым значэннем.
Фразеалагічныя амонімы – выразы, якія аднолькава гучаць, але не маюць нічога агульнага ў сваім значэнні.
Фразеалагічныя сінонімы – выразы, якія абазначаюць адно і тое ж паняцце, маюць тоеснае ці гранічнае блізкае значэнне, належаць да аднаго семантыка-граматычнага тыпу, але адрозніваюцца адзін ад другога адценнямі значэння, стылістычнай афарбоўкай і іншымі адметнымі адзнакамі.