Асноўныя паняцці
^ Вверх

Асноўныя паняцці: 


Арфаграфія  (ад грэч. orthos – правільны, прамы і grapho – пішу) – 1) раздзел мовазнаўства, які вывучае і распрацоўвае правілы аднастайнай перадачы вуснай мовы на пісьме; 2) складзеная сістэма правіл, што патрабуюць агульна прынятага, абавязковага для ўсіх носьбітаў мовы, унармаванага напісання слоў і іх значымых частак (марфем).

Арфаграма (ад грэч. orthos – правільны і gramma – літара)  – напісанне, якое выбрана з шэрагу магчымых і адпавядае патрабаванням арфаграфіі. Гэта літара або спалучэнне літар, пры якіх можа ўзнікнуць цяжкасць у напісанні, і напісанне якіх прадвызначаецца пэўнымі правіламі.

Апорнае напісанне – абазначэнне на пісьме фанемы ў моцнай пазіцыі.

Арфаграфічны прынцып (ад лац. рrincipum – аснова, пачатак) – гэта пэўная заканамернасць, якая звязана за нацыянальнай спецыфікай мовы і на аснове якой грунтуюцца і аб’ядноўваюцца ў групы канкрэтныя правілы напісання.

Арфаграфічнае правіла – гэта палажэнне, якое ў адпаведнасці з канкрэтным прынцыпам прапануе нарматыўнае напісанне слоў і іх форм.

Фанетычны прынцып арфаграфіі заключаецца ў тым, што напісанне адпавядае літаратурнаму вымаўленню слова і дакладна перадае яго гукавы склад.

Марфалагічны прынцып заснаваны на тым, што правілы патрабуюць аднолькавага напісання пэўнай марфемы слова ва ўсіх яго формах і роднасных словах незалежна ад вымаўлення

Традыцыйныя (гістарычныя) напісанні патрабуюць захаваць на пісьме старыя гістарычныя напісанні, хоць яны і не адпавядаюць сучаснаму гукавому і марфемнаму складу слоў.

Дыферэнцыйныя напісанні патрабуюць размяжоўваць напісанне слоў, якія маюць рознае значэнне, але аднолькавае гучанне.