3. Тыпалогія (класіфікацыя) развіцця дзяржаўнасці
^ Вверх

3. Тыпалогія (класіфікацыя) развіцця дзяржаўнасці

 

Юрыдычная навука пры вывучэнні свайго аб’екта і прадмета даследавання вельмі актыўна выкарыстоўвае такія прыёмы і метады, як сістэматызацыя, класіфікацыя, тыпалогія і г. д. Шляхам па­дзелу дзяржаўна-прававыях з’яў і рэальнасцяў на асобныя групы, класы, сем’і можна, па-першае, атрымаць дадатковыя веды аб вывучаемых з’явах і рэальнасцях, па- другое, сістэматызаваць існуючыя веды аб дзяржаўна-арганізаваным грамадстве, а, па-трэцяе, выкласці вынікі даследаванняў у лагічнай і добра зразумелай па­слядоўнасці. Тыпалогія дзяржаўнасці – такі спосаб, шлях вывучэння дзяржаўна-арганізаванага грамадства, які дазваляе адначасова вывучыць самыя розныя сувязі дзяржавы (асобнай публічнай улады) з іншымі праявамі, бакамі грамадскага жыцця, бо ажыццяўляе сістэматызацыю гістарычных і зараз існуючых дзяржаўных утварэнняў адразу па некалькіх параметрах (крытэрыях). Але самае галоўнае, што яна дазваляе канкрэтызаваць сутнасць дзяржавы. У канкрэтна гістарычных каардынатах высвятляюцца найбольш яскрава ўсе праявы і ўсе накірункі вырашэння дзяржаўнай уладай як агульнасацыяльных задач, так і вырашэння вузкакласавых праблем.

У агульнай тэорыі права найбольш пашыранымі тыпалогіямі дзяржаўнасці з’яўляюцца фармацыйная, цывілізацыйная і асабіста прававая.

Фармацыйная тыпалогія дзяржаўнасці заснавана на вучэнні аб грамадска-эканамічных фармацыях. Згодна з гэтым вучэннем у сваім развіцці грамадства праходзіць шэраг фаз (этапаў), якія называюцца грамадска-эканамічнымі фармацыямі. У падмурку кожнай фармацыі знаходзяцца яго эканамічная сістэма і перш-наперш форма ўласнасці на сродкі вытворчасці і матэрыяльныя каштоўнасці. Менавіта ўласнасцю на сродкі вытворчасці вызначаюцца змест і характар эканамічнай сістэмы, сацыяльнага ладу і палітычнай улады, якія ўласцівы грамадству на пэўным этапе яго развіцця. Змена форм уласнаці прыводзіць да істотных пераменаў у экана­мічнай сістэме грамадства і ва ўсіх астатніх яго сістэмах.

Кожнай грамадска-эканамічнай фармацыі ўласціва і свая дзяржаўнасць. Змест і характар дзяржаўнай улады, якая ўласціва грамадска-эканамічнай фармацыі, вызначаюцца эканамічна пануючымі групамі насельніцтва. Для рабаўладальніцкай грамадска-экана­мічнай фармацыі характэрна, што эканамічна пануючай групай насельніцтва з’яўляюцца рабаўладальнікі, а таму менавіта іх воля найперш і знаходзіць адлюстраванне і ўвасабленне ў дзяржаўнай уладзе. У нетрах старой грамадска-эканамічнай фармацыі зара­джаецца, а затым і атрымлівае развіццё якасна новая форма ўласнасці на сродкі вытворчасці. На падставе гэтай формы ўласнасці складваецца якасна новая эканамічная сістэма, якая заканамерна абумоўлівае трансфармацыю і ва ўсіх астатніх сферах жыцця грамадства. Узнікненне новай грамадска-эканамічнай фармацыі суправаджаецца фармаваннем і якасна новага тыпу дзяржаўнасці. Пры пераходзе ад адной грамадска-эканамічнай фармацыі да другой дзяржаўная ўлада выкарыстоўваецца ў якасці адной з рашаючых сілаў сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў.

Фармацыйная тыпалогія дзяржаўнасці вызначае месца і ролю дзяржавы найперш адносна эканамічнай сістэмы грамадска-эканамічнай фармацыі і яе асноўных форм уласнасці на сродкі вы­творчасці, акрэслівае тыя сацыяльныя групы насельніцтва, воля якіх найперш і ажыццяўляецца праз дзяржаўную ўладу, а таксама паказвае ролю дзяржавы ў пераходзе ад адной да другой грамадска-эканамічнай фармацыі.

Адной з дактрынальных традыцый заходнееўрапейскай палітыка-прававой думкі з’яўляецца цывілізацыйная тыпалогія дзяржаўнасці, якая дазваляе вызначыць своеасаблівыя вектары ў развіцці дзяржаўнасці і этапы развіцця дзяржавы. Адным з тэарэтыка-метадалагічных падыходаў у цывілізацыйнай тыпалогіі дзяржаўнасці стала вучэнне Г.В.Ф. Гегеля аб самаразвіцці абсалютнага духа, які пачынае свае шэсце ў свеце на Усходзе і завяршае яго ў сучаснай нямецкаму філосафу Германіі. Кожнай фазе самаразвіцця абсалютнага духа, на думку распрацоўшчыкаў тэорыі цывілізацыі, адпавядае той ці іншы від цывілізацыі чалавека. Для цывілізацыі характэрныя прыродныя (геаграфічныя і кліматычныя) характарыстыкі, свой адметны ўзровень і характар духоўнага жыцця, культуры, рэлігіі, свае этнічныя, моўныя і іншыя асаблівасці.

Адным з важных элементаў цывілізацыі з’яўляецца дзяржава, асобная публічная ўлада, якая, з аднаго боку, вызначаецца характарам усёй цывілізацыі, да якой яна належыць, а, з другога боку, сама аказвае значны ўплыў на ўсе праявы жыцця цывілізацыі. Такім чынам, у параўнанні з фармацыйнай тыпалогіяй, дзе змест і характар дзяржаўнай улады вызначаецца «адналінейна», залежыць ад формы ўласнасці і волі эканамічна пануючых груп насельніцтва, цывілізацыйная тыпалогія дзяржаўнасці заснавана на «шматфактарным аналізе». На змест і характар улады ўплываюць усе адметныя асаблівасці пэўнай цывілізацыі, прычым памер іх уплыву можа мяняцца з цягам часу. На жаль, сярод навукоўцаў не існуе адзінства ў разуменні цывілізацыі, зместу і колькасці цывілізацыйных утварэнняў, а таму не існуе і аднастайнасці ў выдзяленні пэўных тыпаў дзяржаўнасці на падставе пэўных цывілізацый.

Было слушна заўважана, што ні фармацыйная, ні цывілізацыйная тыпалогія развіцця дзяржаўнасці не паказваюць месца і ролі асобы ў жыццядзейнасці дзяржавы. Таму была распрацавана аса­біста-прававая тыпалогія дзяржаўнасці. Яна заснавана на вучэнні аб магчымасці ўплыву асобы на дзяржаву, на змест і характар дзяржаўнай улады. Калі асоба мае дакладна акрэсленыя прававыя магчымасці ўплыву на змест і характар дзяржаўнай улады, на правапарадак грамадства, то такія дзяржаўныя ўтварэнні мінулага і сучаснасці называюцца дэмакратычнымі дзяржавамі. Калі ж у асобы не існуе прававых магчымасцей уплыву на змест і характар дзяржаўнай улады, на фармаванне яго правапарадку, калі асоба не з’яўляецца суб’ектам, а толькі аб’ектам уздзеяння з боку дзяржаўнай улады, то такія дзяржаўныя утварэнні называюцца недэмакратычнымі.