2. Структура (будова) прававой свядомасці
^ Вверх

2. Структура (будова) прававой свядомасці

 

Прававая свядомасць, як і іншыя формы грамадскай свядомасці, мае сваю будову (структуру).

Структура (будова) правасвядомасці шмат у чым прадвызначаецца той абставінай, што яна, з аднаго боку, з’яўляецца складанай часткай права, а з другога – адной з форм грамадскай свядомасці.

Правасвядомасць, з’яўляючыся часткай права, адной з форм існавання права), утрымлівае ў сабе прававыя стандарты, прававыя эквіваленты, правілы, нормы, а, дакладней, мадэлі норм, правіл, стандартаў. У якасці самастойнай формы грамадскай свядомасці, якая ўзнікла ў сувязі з такой сацыяльна-прававой рэальнасцю, як права, і якая тым не менш уваходзіць у склад грамадскай свядомасці, правасвядомасць складваецца з ідэй, пачуццяў, перажыванняў аб праве, дзеючым праве і жадаемым праве.

Такім чынам, існуюць такія прававыя ідэі, тэорыі, абавязковай складанай часткай якіх з’яўляюцца прававыя стандарты, пра­вілы, нормы, без якіх самі ідэі, тэорыі губляюць свой сэнс і існаваць наўпрост не могуць. Цяжка ўявіць, напрыклад, існаванне тэорыі калектыўнага дагавору, у якой бы цалкам адсутнічалі меркаванні, ідэалы, уяўленні і больш канкрэтныя стандарты аб тым, якім павінен быць калектыўны дагавор. Разам з тым ідэі, тэорыі, канцэпцыі аб тым, што ўвогуле ўяўляе сабой права, якое яно мае дачыненне да дзяржавы, як яно ўзнікла і г. д., наўпрост могуць не ўтрымліваць у сабе ўяўленняў аб прававых стандартах, правілах і эквівалентах.

Часцей за ўсё ў правасвядомасці выдзяляюцца такія элементы (часткі), як прававая псіхалогія і прававая ідэалогія.

Прававая псіхалогія – гэта пачуцці, эмоцыі, перажыванні, якія так ці інакш звязаны з правам, яго дзеяннем. Гэта могуць быць станоўчыя і адмоўныя пачуцці, эмоцыі і перажыванні. Можна разважаць аб пачуццях, эмоцыях і разважаннях, якія выкліканы непасрэдным удзелам асобы ў дзеяннях прававога характару ці формамі псіхікі прававога характару, якія заўсёды прысутнічаюць пры навуковым аналізе права і яго дзеяння.

Прававая ідэалогія ўяўляе сабой сукупнасць ідэй, тэорый, канцэпцый аб праве, яго сутнасці, дзеянні, развіцці, паходжанні і г. д. Прававая ідэалогія з’яўляецца формай асэнсавання права самім сабой. Праз прававую ідэалогію вывучаецца каштоўнасць права, яго месца сярод іншых інстытутаў грамадства, у тым ліку асэнсоў­ваецца і сама правасвядомасць. Такім чынам, прававая ідэалогія з’яўляецца вышэйшай формай, вышэйшым узроўнем правасвядомасці, сродкам самаасэнсавання правам самога сябе.

Будова (структура) правасвядомасці можа быць разгледжана і праз сувязь з дзейнасцю людзей у сферы права. У сферы дзеяння права здзяйсняюцца асобныя ўчынкі (дзеянні) і ажыццяўляюцца паводзіны. Кожная з гэтых форм дзейнасці суправаджаецца свое­асаблівымі формамі прававой свядомасці. На ўзроўні асобных учынкаў мы сустракаемся з прававымі эмоцыямі, пачуццямі, перажываннямі. На ўзроўні асобных дзеянняў у сферы права набываюцца таксама навыкі і ўменні паводзін у сферы права. Асобнай праявай правасвядомасці на дадзеным узроўні з’яўляюцца прававыя ўстаноўкі, г. зн. характар адносін суб’екта да дзеючага права (згодзен – не згодзен; паважаю – не паважаю), а таксама жаданне кіравацца ў сваім жыцці правам. У той жа час цалкам магчыма разгледзець будову правасвядомасці ў іншым ракурсе, а дакладней, праз прывязку ўсіх сродкаў асэнсавання права да ўчынкаў, да дзеянняў у сферы права і да паводзін у сферы права.

Уся сукупнасць прававых учынкаў (дзеянняў) у сферы права складае прававую дзейнасць, якая ўсведамляецца, асэнсоўваецца ў форме прававых тэорый, канцэпцый, катэгорый, паняццяў і ідэй. Яны складаюць другі ўзровень прававой свядомасці – тэарэтычную прававую свядомасць. У сваю чаргу, першы ўзровень прававой свядомасці можа быць абазначаны ў якасці практычнай правасвядомасці. Практычная і тэарэтычная правасвядомасць аб’ядноўваюцца ў нейкую цэласнасць праз прафесійную прававую свядомасць юрыстаў. Прафесійная прававая свядомасць юрыстаў скіравана, такім чынам, на інтэграцыю розных узроўняў прававой свядомасці.

Прававая свядомасць можа быць індывідуальнай, групавой і агульнасацыяльнай. Праўда, такі падзел правасвядомасці павінен суправаджацца яе аналізам і па іншых крытэрыях. Напрыклад, у індывідуальнай правасвядомасці варта суаднесці прававую псіхалогію і наяўнасць прававой ідэалогіі, варта вывучыць прававую ўстаноўку і г. д. А на ўзроўні агульнасацыяльнай правасвядомасці мэтазгодна вызначыць ролю тэарэтычнай правасвядомасці і яе здольнасць аказваць уплыў на паводзіны людзей у сферы дзеяння права.

Пад уздзеяннем самых розных фактараў (прычын) правасвядомасць можа быць дэфармавана. Пад дэфармацыяй правасвядомасці можна разумець разнастайныя адхіленні правасвядомасці індывідаў, асобных сацыяльных груп ад тых стандартаў прававой свядомасці, ад тых яе мадэляў, якія характэрны для асобы і групы. Дэфармацыя правасвядомасці можа быць звязана з працэсамі станаўлення права і ўзнікаць у працэсе нарматворчасці, а можа быць абумоўлена і шэрагам прычын падчас трансфармацыі нарматыўнай часткі права ў паводзіны ўдзельнікаў грамадскіх адносін.

Калі правасвядомасць нейкай сацыяльнай групы не знаходзіць падтрымкі ў грамадстве і замацавання ў дзеючым праве, то гэта адмоўна адбіваецца на адносінах да права з боку прадстаўнікоў пэўнай сацыяльнай групы. Калі ў ходзе рэалізацыі права асоба не знаходзіць у дзеючым праве патрэбных ёй прававых стандартаў і эквівалентаў, то гэта таксама прыводзіць да адмоўнага стаўлення асобы да права. Дэфармацыі правасвядомасці могуць быць часовымі і пастаяннымі, выкліканымі аб’ектыўнымі і суб’ектыўнымі прычынамі, яны падзяляюцца на пераадольныя і непераадольныя дэфармацыі.

Важным паказчыкам прававой свядомасці ў грамадстве з’яўляюцца такія з’явы, як прававы нігілізм і прававы ідэалізм (ці фетышызм). Іх таксама можна разглядаць у якасці своеасаблівых праяў дэфармацыі прававой свядомасці. Адмоўнае стаўленне да права, якое знайшло пашырэнне сярод значнага кола грамадства, – дрэнны паказчык для правасвядомасці і прававой сістэмы грамадства. Не лепшым трэба лічыць і распаўсюджанасць у грамадскай свядомасці прававога ідэалізму, які сведчыць аб неадэкватнай ацэнцы з боку супольнасці рэальных магчымасцей права пры ўздзеянні на грамадскія адносіны, яго ўплыву на жыццё.