1. Паняцце, сутнасць, азначэнне і віды прававой свядомасці
^ Вверх

1. Паняцце, сутнасць, азначэнне і віды прававой свядомасці

 

Тры моманты патрэбна мець на ўвазе, каб вызначыць прыроду (сутнасць) прававой свядомасці і даць яе азначэнне. Па-першае, правасвядомасць уяўляе адну з іпастасяў права, адну з форм яго існавання. Па-другое, правасвядомасць з’яўляецца адной з форм грамадскай свядомасці. Па-трэцяе, характар правасвядомасці прадвызначаецца тым шляхам фармавання права, які ўласцівы пэўнай прававой сістэме. Першыя два моманты характарызуюць прававую свядомасць увогуле як сацыяльна-прававую рэальнасць, а трэці момант указвае на магчымыя асаблівасці правасвядомасці ў нейкай прававой сістэме, але пры разглядзе яе прыроды менавіта шлях фармавання права, яго станаўленне з’яўляецца пачаткам аналізу гэтай з’явы.

Правасвядомасць у якасці асобнай сацыяльна-прававой з’явы ўзнікае і развіваецца як асобная праява існавання права. Пры фармаванні права, якое пачынаецца ў рэальных прававых па свайму зместу адносінах, правасвядомасць складваецца праз асэнсаванне і ўсведамленне прававых па свайму характару эквівалентаў, стандартаў, іх зместу, прызначэння і г. д. Яна не можа быць зведзена да простага адлюстравання таго, што было стыхійна ці паўстыхійна сфармавана ў грамадскіх адносінах, а ўтрымлівае ў сабе асобныя надзеі і пажаданні адносна тых прававых стандартаў, правіл, якія павінны быць замацаваны ў нарматыўнай складанай частцы права. Пры фармаванні права ў адваротным кірунку змест правасвядомасці крыху мяняецца, таму што мяняецца яе дачыненне да нарматыўнай часткі права.

Калі ў першым выпадку нарматыўная частка не можа быць сфармавана без удзелу прававой свядомасці, то ў другім выпадку – ужо сама нарматыўная частка (праява) права непасрэдна ўплывае на змест прававой свядомасці. У першым выпадку роля прававой свядомасці актыўная, у другім яна сама падвяргаецца ўздзеянню з боку іншай праявы існавання права. У першым выпадку абавязкова застануцца тыя ідэі, пажаданні, надзеі, пачуцці прававога характару, якія не будуць здзейснены, бо не будуць адлюстраваны і замацаваны ў нарматыўнай частцы. У другім выпадку ўжо пад уздзеяннем норм права ўзнікнуць ідэі, пажаданні, надзеі, пачуцці, якія будуць патрабаваць свайго наступнага замацавання ў нарматыўнай частцы права.

Такім чынам, як у першым, так і ў другім выпадках рэальна існуе такая частка прававой свядомасці (уяўленні аб прававых стандартах, правілах, іх мадэлі, ідэі, пачуцці, пажаданні, перажыванні, эмоцыі), якая не адлюстравана, не замацавана ў нормах дзеючага права, але іх з’яўленне абумоўлена рознымі прычынамі, рознымі часткамі (праявамі) права. У першым выпадку па-за межамі дзеючай нарматыўнай часткі права застаюцца ідэі, пачуцці, перажыванні, якія абумоўлены развіццём таварна-грашовых, эквівалентных па сваёй сутнасці грамадскіх адносін, а ў другім – замацаванымі ў дзеючых нормах права стандартамі, эквівалентамі, нормамі.

Але вельмі значная частка правасвядомасці, асабліва ў форме прававых стандартаў, правіл, норм, якія існуюць у правасвядомасці, практычна адэкватныя тым правілам, стандартам і эквівалентам, якія сфармаваліся ў рэальных грамадскіх адносінах ці знайшлі сваё замацаванне ў правасвядомасці пасля з’яўлення ў нарматыўнай частцы права. Побач з ідэямі, пачуццямі, якія разыходзяцца з сутнаснымі праявамі права, у правасвядомасці рэальна існуюць тыя ідэі, пачуцці, эмоцыі, тэорыі, у якіх адлюстроўваецца прырода права, якія адпавядаюць прыродзе эквівалентных па сваёй сутнасці грамадскіх адносін і адлюстроўваюць прававыя эквіваленты, стандарты, якія знайшлі замацаванне ў дзеючых нормах права.

Такім чынам, мы маем справу з тым, што ў правасвядомасці існуе два аб’екты адлюстравання, дзве актыўныя сілы, якія ўздзейнічаюць на яго змест. І гэтыя дзве сілы, два аб’екты з’яўляюцца самастойнымі праявамі (формамі) існавання права. У сваю чаргу, кожная з праяў (форм) права падвяргаецца ўздзеянню з боку прававой свядомасці.

Усе тры формы права, тры яго праявы не могуць існаваць адна без другой, кожная з іх актыўна ўздзейнічае на другую і разам з тым у кожнай з іх існуюць тоесныя моманты, якія іх робяць адным і тым жа – правам. У якасці адной з форм (праяў існавання) права прававая свядомасць уяўляе сістэму (сукупнасць) прававых эквівалентаў, стандартаў, правіл, норм, якія існуюць у выглядзе, у форме прававых ідэй, тэорый, пачуццяў, перажыванняў аб дзеючым праве, а таксама аб тым праве, якое не знайшло свайго належнага замацавання ў нарматыўнай частцы права ці якое павінна быць замацавана ў нарматыўнай частцы права.

Для правасвядомасці ў якасці самастойнай формы грамад­скай свядомасці характэрны, па-першае, тое, што ўласціва ўсім астатнім формам грамадскай свядомасці, а, па-другое, узаемадзеянне з імі, уплыў на іх і залежнасць ад іншых форм грамадскай свядомасці.

У кожнай з форм грамадскай свядомасці існуе свой адметны, спецыфічны прадмет адлюстравання (аб спецыфіцы прадмета адлюстравання прававой свядомасці ішла размова раней), і разам з тым усе яны асэнсоўваюць і адлюстроўваюць грамадскае жыццё, усе яго інстытуты цалкам. Апошняе не можа не ўплываць на змест кожнай з самастойных форм грамадскай свядомасці.

Прырода правасвядомасці ў сувязі з адлюстраваннем усіх праяў, форм і інстытутаў грамадскага існавання праяўляецца ў тым, што заканамернасці, формы, інстытуты грамадскага жыцця, якія наўпрост не ўваходзяць у сферу дзеяння права, але тым не менш асэнсоўваюцца выключна з дапамогай «прававых інструментаў», самымі спецыфічнымі з іх з’яўляюцца правы і абавязкі. Усе звесткі, уся інфармацыя, якая складае змест іншых форм грамадскай свядомасці – палітычнай, маральнай, эстэтычнай і г. д. – «трансфармуецца» ў прававую свядомасць толькі пасля таго, як яна будзе асэнсавана праз прызму правоў і абавязкаў. Можна сказаць і так. Усё тое, што не з’яўляецца непасрэдным прадметам адлюстравання правасвядомасці, усё тое, што атрымала асэнсаванне ў іншых формах грамадскай свядомасці, у самой правасвядомасці, набывае вы­ключна прававую форму, праходзіць фільтр з прававых інструментаў і сродкаў і толькі пасля гэтага ўключаецца ў склад прававой свядомасці.

Гэта можа быць самая розная па зместу і характару «прававая інфармацыя», самыя розныя «прававыя ідэі, тэорыі», але іх адрозненне ад, так сказаць, карэннай правасвядомасці, ад той часткі прававой свядомасці, якая сфармавалася ў якасці складанай часткі (формы) існавання права, зводзіцца да таго, што карані, прычыны апошняй знаходзяцца ў полі, у сферы дзеяння, існавання права, у тых грамадскіх адносінах, якія заснаваны на эквівалентных пачатках, абумоўлены таварна-грашовымі адносінамі і тымі адносінамі, якія непасрэдна ўзніклі пад уздзеяннем таварна-грашовых адносін.

Гэтыя ідэі, тэорыі і іншая інфармацыя аб праве таксама аказваюць уплыў на фармаванне нарматыўнай складанай часткі права, на яе рэалізацыю ў рэальных грамадскіх адносінах, з іх дапамогай асэнсоўваюцца і ўсведамляюцца прававыя эквіваленты, правілы, нормы, якія складаюцца ў прававых грамадскіх адносінах, але яны выконваюць усё ж дапаможную ролю ў існаванні права, у яго развіцці і функцыянаванні.

Але ўсё ж, нягледзячы на тое, што паміж адзначанымі прававымі ідэямі, тэорыямі аб праве існуе розніца, тым не менш паміж імі існуюць і тоесныя моманты, якія дазваляюць зрабіць агульную выснову аб тым, што правасвядомасць уяўляе сабой сістэму (сукупнасць) ідэй, тэорый, пачуццяў, эмоцый, пажаданняў аб дзеючым праве, а таксама аб пажаданым праве.

Цывілізацыйныя асаблівасці грамадства наўпрост адбіваюцца на стане правасвядомасці грамадства. Практычна ў кожнай цывілізацыі нейкая асобная форма грамадскай свядомасці з’яўляецца дамінуючай, вызначальнай. Менавіта праз яе грамадства фармуе для сябе асноўныя каштоўнасныя каардынаты паводзін і светаўспрымання. Менавіта праз гэтую форму свядомасці ўспрымаецца навакольны свет і будуюцца міжнародныя і міждзяржаўныя адно­сіны. Прававая свядомасць дамінуе ў англасаксонскай цывілізацыі. Для ўсходнеславянскай цывілізацыі найбольш характэрнай формай свядомасці з’яўляецца праваслаўе.

Усе астатнія формы грамадскай свядомасці ў гэтым плане падпарадкаваны дамінуючай форме грамадскай свядомасці. Адсюль вынікае, што змест правасвядомасці, яе роля сярод іншых форм грамадскай свядомасці якраз вызначаюцца тым месцам правасвядомасці, якое яна займае ў сістэме іншых форм грамадскай свядомасці.

Віды правасвядомасці выдзяляюцца па самых розных падставах, але найчасцей сярод крытэрыеў класіфікацыі прававой свядомасці з’яўляюцца яе носьбіты, г. зн. самыя розныя сацыяльныя групы людзей.

У гэтых варунках звычайна выдзяляюць правасвядомасць розных узроставых груп насельніцтва – моладзі, правасвядомасць людзей працоўнага ўзросту, правасвядомасць людзей сталага ўзросту (пенсіянераў) і г. д. У сваю чаргу, правасвядомасць моладзі па­дзяляецца на правасвядомасць вучнёўскай моладзі і моладзі, якая занята ў сферы матэрыяльнай вытворчасці. Сярод людзей працоўнага ўзросту можна выдзяляць правасвядомасць розных груп лю­дзей у залежнасці ад галін народнай гаспадаркі, у якіх яны працуюць, напрыклад, правасвядомасць людзей, якія заняты ў сферы матэрыяльнай вытворчасці, паслуг, навуцы, ахове здароўя, адукацыі і г. д.