2. Паходжанне права, яго прыметы
Права, гэтаксама, як дзяржава, узнікае натуральна-гістарычным шляхам у выніку тых сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў, што адбыліся ў грамадстве пасля і ў ходзе неалітычнай рэвалюцыі, стрыжнем якіх былі тры буйныя грамадскія падзелы працы. Змест гэтых буйных падзелаў грамадскай працы і іх наступствы былі падрабязна разгледжаны ў папярэдняй тэме, а таму звернем увагу на наступнае.
Заканамерным вынікам азначаных працэсаў, якія доўжыліся тысячагоддзі, стала фармаванне якасна новага грамадства ў параўнанні з першабытным грамадствам, заснаванага на рэгулярным тавараабмене, вядучая роля ў якім належыць таварна-грашовым адносінам і адносінам, што абумоўлены існаваннем тавараабмену і таварна-грашовых адносін.
Важным этапам у фармаванні грамадства, заснаванага на рэгулярным тавараабмене, з’яўляецца перыяд так званай «прэстыжнай эканомікі». З развіццём індывідуальнай уласнасці і з’яўленнем лішкавага прадукту ў развіцці ўзаемаадносін паміж людзьмі, якія належалі пераважна да розных суседскіх абшчын, узнікае такая сацыяльная з’ява, як «абмен дарамі», ці, іншымі словамі, «дараабмен». Пры гэтым дарыцель нічога не губляў, бо пры абмене дарамі дзейнічаў прынцып эквівалентнасці, так званая ўзаемнасць. Дарыцель набываў грамадскі прэстыж. Але больш важным з’яўляецца тое, што падчас існавання ва ўмовах прэстыжнай эканомікі людзі набылі навыкі абмену таварамі на прынцыпе эквівалентнасці. У іх свядомасці замацавалася разуменне таго, што тавары можна мяняць на суразмерных пачатках, пры гэтым яны навучыліся вымяраць эквівалентнасць тавараў.
І калі на самых першасных этапах прэстыжнай эканомікі абмен дарамі меў спарадычны, нерэгулярны характар, а людзі ажыццяўлялі дараабмен пераважна дзеля таго, каб набыць (ці атрымаць) грамадскі прэстыж, то з развіццём рэгулярнага тавараабмену перад грамадствам паўстала пытанне аб тым, як і з дапамогай якіх правілаў паводзін урэгуляваць новыя грамадскія адносіны, заснаваныя на тавараабмене, а таксама грамадскія адносіны, якія сфармаваліся пад уздзеяннем таварна-грашовых адносін.
Існаваўшыя ва ўмовах першабытнага грамадства правілы паводзін – табу, міфы, аграрныя і жывёлагадоўчыя календары – не ў стане ўрэгуляваць узнікшыя ў выніку трох буйных грамадскіх падзелаў працы новыя грамадскія адносіны. Спатрэбіліся новыя віды нарматыўных рэгулятараў. Так узнікае права, а разам з ім адбываецца трансфармацыя ва ўсёй сістэме нарматыўнага рэгулявання грамадскіх адносін.
Якія прыметы выдзяляюць права сярод іншых нарматыўных рэгулятараў і адрозніваюць яго ад правілаў паводзін, якія былі ўласцівы першабытнаму грамадству?
Па-першае, права ўзнікае ў выніку развіцця рэгулярнага тавараабмену і таварна-грашовых адносін. Можна сказаць, што таварна-грашовыя адносіны з’яўляюцца «родавай пупавінай» права. Першапачаткова права ўзнікае менавіта для рэгулявання таварна-грашовых адносін, для рэгулявання такіх адносін, зместам якіх з’яўляецца абмен нейкімі матэрыяльнымі каштоўнасцямі. Затым права пачынае заканамерна пранікаць і ў іншыя сферы грамадскага жыцця і найперш выкарыстоўваецца для рэгулявання грамадскіх адносін, якія ўзнікаюць пад непасрэдным уплывам таварна-грашовых адносін.
Па-другое, права ўяўляе сістэму такіх правілаў паводзін, «стрыжнем» якіх з’яўляецца эквівалент, г. зн. суразмернасць. З дапамогай разнастайных па змесце правілаў паводзін, іх сістэмы ў таварна-грашовых адносінах, а таксама і ў іншых грамадскіх адносінах усталёўваецца суразмернасць пры абмене матэрыяльнымі каштоўнасцямі, пры кампенсацыі за згубленую маёмасць і г. д., тым самым забяспечваюцца раўнавага, стабільнасць, устойлівасць грамадскіх адносін.
Па-трэцяе, права – гэта такая сістэма правілаў паводзін, якая патрабуе абавязковай знешняй фіксацыі, знешняга выражэння, «матэрыялізацыі». Гэта патрэбна дзеля таго, каб аднастайна, «раз і назаўсёды» зафіксаваць у свядомасці людзей тыя суразмернасці, «эквіваленты», якія былі выпрацаваны для рэгулявання пэўных грамадскіх адносін, і надаць ім агульнаабавязковае значэнне, падкрэсліць іх непарушнасць. Прававыя нормы заўсёды фіксаваліся на «матэрыяльных носьбітах», якія былі найбольш зручнымі ва ўмовах існавання той ці іншай чалавечай супольнасці – на папірусе, гліне, дрэве, камені і г. д.
Па-чацвёртае, права – гэта такая сістэма правілаў паводзін, якая патрабуе абавязковай знешняй абароны з боку грамадства і яго афіцыйнага прадстаўніка – дзяржавы. Справа ў тым, што рэгулярны тавараабмен, які заснаваны на якаснай і колькаснай маёмаснай няроўнасці, заўсёды суправаджаецца барацьбой інтарэсаў пэўных уласнікаў адносна эквівалентнасці (суразмернасці) абменьваемых каштоўнасцей. І натуральным выглядае працэс абмену, пры якім яго вынікамі не могуць быць задаволены ўсе ўласнікі абменьваемых каштоўнасцей. У такім разе для захавання выпрацаванага грамадствам эквівалента (нормы ці нормаў паводзін, з дапамогай якіх рэгулююцца таварна-грашовыя адносіны і забяспечваецца неабходная эквівалентнасць) заканамерна патрабуецца знешняя прымусовая сіла. Такой сілай на самых ранніх этапах развіцця права маглі выступаць родавыя і пляменныя арганізацыі і органы кіравання, а з узнікненнем асобнай публічнай улады ў форме дзяржавы менавіта яна, з’яўляючыся адзіным афіцыйным прадстаўніком усяго грамадства, сканцэнтравала ў сваіх руках абарону права.
Па-пятае, права ўяўляе такую сістэму правілаў паводзін, якія маюць прадстаўніча-абавязваючы характар. Гэта азначае, што яны надзяляюць нейкіх сацыяльных суб’ектаў правамі і адначасова ўскладваюць на іншых абавязкі. Пры рознасці ў маёмасным і сацыяльным становішчы людзей і супрацьлегласці інтарэсаў уласнікаў пэўных матэрыяльных каштоўнасцей, якімі яны абменьваюцца, у розных удзельнікаў абмену таварамі складваецца рознае фактычнае становішча, напрыклад, становішча гандляра і пакупніка. Урэгуляваць працэс перадачы нейкай матэрыяльнай каштоўнасці ад гандляра да пакупніка і працэс кампенсацыі на эквівалентных пачатках перададзенай каштоўнасці можна толькі шляхам надзялення гэтых удзельнікаў нейкімі правамі (прававымі магчымасцямі) і ўскладаннем на іх нейкіх абавязкаў. Прычым у гандляра і пакупніка з неабходнасцю будуць розныя па зместу правы і абавязкі, але яны павінны быць узаемазвязаны такім чынам, каб кожны з удзельнікаў мог рэалізаваць свае правы праз абавязкі іншага.