ГРАФІКА
^ Вверх

Графіка

 

85. Што вывучае графіка як раздзел мовазнаўства? З якімі іншымі значэннямі ўжываецца слова графіка? Гл. ТСБМ, т. 2, с. 79.

 

86. Выкарыстоўваючы веды, атрыманыя на лекцыі па сучаснай беларускай мове, а таксама ў курсе «Уводзіны ў мовазнаўства», раскажыце, якія тры стадыі прайшло сусветнае пісьмо ў сваім развіцці. Чаму наша сучаснае пісьмо называецца гукавым або фанемным?

 

87. У «Тлумачальным слоўніку беларускай мовы» (т. 1, с. 225) сэнс слова алфавіт раскрываецца і апісальным спосабам («сукупнасць літар якой-небудзь пісьменнасці»), і сінанімічным («азбука»). Якія семантычныя адносіны існуюць паміж словамі алфавіт і азбука? Ці аднолькавыя іх спалучальныя магчымасці? Выкарыстайце пры адказе, напрыклад, такія словазлучэнні: авалодаў азбукай, лацінскі алфавыіт, скласці спіс па алфавіце.

 

88. У падручніках і дапаможніках падаюцца неаднатыпныя, часам супярэчлівыя сцвярджэнні пра беларускі алфавіт. У «Буквары» А.К.Клышкі (1995, с. 103) колькасць літар не называецца, але першакласнікі пры жаданні самі могуць зрабіць падлік: апрача 32 літар, тут пасля д у дужках прыводзяцца дж і дз. Тое самае знаходзім і ў падручніку для 2 класа «Беларуская мова» В.А.Бекіша і інш. (1995, с. 24). Пяцікласнікі з падручніка «Беларуская мова» В.П. Краснея і Я.М.Лаўрэля (1995, с. 141) даведваюцца, што «ў беларускім алфавіце 32 літары, а гукі [дж], [дз] абазначаюцца на пісьме дзвюма літарамі (д, ж і д, з)». Прыкладна тое самае паўтараецца і ў дапаможніку для вучняў старэйшых класаў «Беларуская мова» М.Ц.Кавалёвай (1995, с. 66-67). Аналагічныя звесткі даюцца і ў падручніку для педвучылішчаў «Беларуская мова. Ч. 1» (1982, с. 41-42). У дапаможніках жа для студэнтах-філолагаў вышэйшых навучальных устаноў сцвярджаецца, што сучасны беларускі алфавіт складаецца з 34 літар, потым даецца іх пералік: а, б, в, г, д, дж, дз і г.д. (гл., напрыклад: Бурак Л.І. Сучасная беларуская мова. – Мінск, 1974. С. 89; Камароўскі Я.М., Сямешка Л.І. Сучасная беларуская мова. – Мінск, 1985. С. 113-114; Рагаўцоў В.І., Юрэвіч А.Л. Уводзіны ў мовазнаўства. – Мінск, 1987. С. 147-148; Сцяцко П.У. Пачатковы курс мовазнаўства. – Гродна, 1993. С. 53; Сучасная беларуская мова: Лексікалогія. Фаналогія. Арфаграфія. – Мінск, 1976. С. 168). Праўда, у апошняй з пералічаных кніг, у 2 і 3-м дапрацаваных выданнях (1984, с. 160-161; 1993, с. 177-178), сказана, што ў нашым алфавіце 32 літары, а дж і дз утвораны са спалучэння літар і называюцца дыграфамі. Няпэўнасць адносна колькасці літар у алфавіце адчуваецца і пры чытанні энцыклапедыі «Беларуская мова» (1994, с. 29). Тут спачатку гаворыцца, што алфавіт складаецца з 32 літар, а затым дадаецца, што «некаторыя даследчыкі асобнымі літарамі лічаць дыграфы дж, дз». Тут слова «даследчыкі» ўжыта, відаць, не зусім дакладна (замест «аўтары падручнікаў»), бо спецыяльнымі даследаваннямі пра названыя дыграфы ніхто ў беларускім мовазнаўстве не займаўся, ды ў гэтым і няма патрэбы, бо існуе адпаведная агульнапрынятая сусветная практыка.

Паколькі ў існуючай навучальнай літаратуры не тлумачыцца, чаму дж, дз не павінны ўключацца ў алфавіт, далей даецца адказ на гэта пытанне. Прачытайце (пры падрыхтоўцы да практычных заняткаў па тэме «Графіка») змешчаны ніжэй урывак з кнігі І.Я.Лепешава «Сучасная беларуская літаратурная мова: Спрэчныя пытанні» (2002, с. 146-147) і будзьце гатовыя пераказаць змест гэтага ўрыўка.

 

Паводле прынятай агульнасусветнай практыкі, кожная літара алфавіта як асобны графічны знак для перадачы на пісьме пэўнага асноўнага, тыповага гука (фанемы) мае свой, толькі яму ўласцівы малюнак (абрыс), непадобны ні да адной іншай літары. Так, фанема [д] абазначаецца літарай д, фанема [ж] – літарай ж, фанема [з] – літарай з. Ідэальным мог бы лічыцца алфавіт, калі б у ім для кожнай фанемы была свая літара. Але такіх алфавітаў няма. Яны б былі занадта шматлітарныя. У нашай графіцы, як і ў некаторых іншых, многія літары маюць два асноўныя гукавыя значэнні (напрыклад, літары  б, в у словах быць – біць, воз – вёз). Няма ў беларускай графіцы асобных знакаў-літар для фанем [дж] і [дз]. Яны абазначаюцца на пісьме спалучэннем дзвюх літар (д, ж і д, з), кожная з якіх ужо заняла ў алфавіце сваю нішу. Такія спалучэнні дзвюх літар называюцца дыграфамі. І, зразумела, яны не павінны ўключацца ў алфавіт – ні ў дужках пасля д, ні без дужак.

Аналагічнае можна бачыць і ў шмат якіх іншамоўных алфавітах. Напрыклад, і ва ўкраінскай мове гукі [дж] і [дз] перадаюцца на пісьме дыграфамі: бджола, дзвін. Тое самае і ў польскай мове, дзе алфавіт складаецца з 33 літар, а па-за алфавітам ёсць яшчэ аж  7 дыграфаў, у тым ліку dz, dz для абазначэння афрыкатаў [дз], [дж]. Дыграфы ці паліграфы характэрныя і для англійскай, французскай, нямецкай моў. У нямецкай мове фанема [ш] абазначаецца спалучэннем трох літар – sch, а для перадачы на пісьме фанемы [ч] выкарыстоўваецца спалучэнне з чатырох літар – tsch. І, канешне, такія спалучэнні (паліграфы) у алфавіт не ўключаюцца. «Вынікам непаразумення» называе вядомы даследчык тэорыі пісьма Л.Р.Зіндэр выпадкі, калі ў алфавіт уключаюць спалучэнні дзвюх і больш літар, і ў якасці прыкладаў прыводзіць кабардзіна-чэркескі алфавіт, у якім ёсць чатырохлітарнае спалучэнне кжьу, а таксама беларускі «са спалучэннямі дз і дж для абазначэння афрыкатаў».

Характэрна, што ў 20-ыя гады мінулага стагоддзя не было праблемы адносна таго, уключаць ці не ўключаць у алфавіт дыграфы дз, дж. Б.Тарашкевіч у «Беларускай граматыцы для школ. Выданне 5-е» (Вільня, 1929. С. 47) пісаў: «У беларускай азбуцы 32 літары. Для гукаў дз, дж няма асобных літараў, а таму для кожнага ўжываецца па дзве літары. Але трэба ведаць, што вымаўляюцца дз і дж як адзін гук». Я.Лёсік у «Граматыцы беларускае мовы: Фонэтыка» (Мінск, 1926. С. 43, 38) піша: «Для абазначэння гукаў дз і дж пішацца дзве літары, але чытаюцца яны не паасобку, а разам, злітна: дзед, дзень». У азбуцы, паводле Я.Лёсіка, 33 літары, сярод іх дзве (аднолькавага малюнку) літары г: адна абазначае фрыкатыўны гук [г], а другая – выбухны гук [г].

 

89. Ці дакладным будзе сцвярджэнне, што кожная літара нашага алфавіта мае чатыры разнавіднасці (варыянты)? Якіх агаворак патрабуюць літары ь, ў, ы?

 

90. Размясціце ў алфавітным парадку словы.

 

Абкапаць, адказчык, адзінокі, азначэнне, адзаду, адзежына, аджынаць, аджарскі, ад’ездзіць; барабан, бровы, бібліятэка, бадзёры, бадацца, бразгаць, брадзільны, бяздзейны, бяздзейнасць; двухсэнсавы, для, днём, джала, дзверы, дзюна, джунглі, джыгіт, дзяліць; зандзіраваць, загадзя, задзіра, зарадзіць, здзеравянелы, злодзей, здымаць, здзівіцца; кадзіла, калодзеж, крадзёж, каледж, камандзіроўка, каза-дзераза, Камбоджа, Кембрыдж, кадзіравацца; лебедзь, лудзіць, льдзіна, ладдзя, лоджыя, лінолеум, лжывы, лідзіруючы, лідзіраваць, ледзяніць, ледзянець.

 

91. Дзякуючы чаму для абазначэння 45 фанем у нашым алфавіце выкарыстоўваецца толькі 32 літары? Якія асаблівасці нашай графікі сведчаць аб яе рацыянальнасці і эканомнасці?

 

92. Пералічыце літары, якія па  н а з в е  з’яўляюцца састаўнымі. Якія галосныя літары належаць па назве да ётаваных і чаму яны так называюцца? Адзначце ў прыведзеных сказах састаўныя і ётаваныя літары.

 

1. Гара настолькі крутая, што спусціцца з яе самахоць немагчыма, можна толькі павольна, крок за крокам узбірацца ўверх. (С.Д.) 2. Аб нашай долі-нядолі беларускай, аб лёсе роднай мовы, аб тым, што цярпець такі здзек над ёй ужо не стае сілы, я часта гутарыў з тымі, каму найбольш давяраў і каму, бачыў я, таксама гэта вельмі балела... (Гіл.) 3 Як вядома, усе людзі на свеце скіроўваюць свой розум і сэрца на пэўныя рэчы. (Сав.) 4. А яшчэ неабходна ўзгадаць адзін вобраз маці, пра які ведаюць нямногія. Створаны ён Андрэем Макаёнкам у іншым матэрыяле: старанна, з вялікай сыноўняй любоўю выразаны з дрэва. (С.Л.)

 

93. На якія дзве групы падзяляюцца паводле  ф у н к ц ы і  ётаваныя літары? У якіх пазіцыях ётавыя адначасова абазначаюць два гукі? Адзначце, у якіх словах ётаваныя выступаюць як ётавыя, а ў якіх – як палатальныя.

 

1. Не, гэты хлопчык на вопратку небыў абдзелены, хаця ўсё іншае ў яго абліччы з мінулага веку, ваеннага, акупацыйнага часу. (В.К.) 2. Летні маёнтак князёў Друцка Любецкіх стаяў на высокім узгорку, на схілах узгорку ляпіліся хаты паспалітых навапольцаў. (Ляхн.) 3. Вітушынскі п’янеў ад асалоды, што адкрываў яму велічны краявід. (З.Дз.) 4. А здароўе і жыццё гаспадыні Княства – гэта ўжо не толькі справа княжацкай сям’і. (І.) 5. Паэзія Рыгора Барадуліна і ўяўляецца мне тым нататнікам, куды Усявышні час ад часу надыктоўвае народжаныя на нябёсах радкі. (Ск.) 6. Творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа – магістральны шлях беларускай літаратуры, яе вяршыннае дасягненне. (Іваш.)

 

94. Вызначце колькасць гукаў і літар у словах.

 

Кніга, яе, дзеці, дзед, краіна, дом, паехаць, тваю, рака, аб’інець, салаўіны, людзі, дажджы, здароўе, праходчык, Радзіма, фельчар, дзяжурны, ракетчык, усур’ёз, паджынаць, подзвіг, сашчапіць, аб’езд, расшпіліць, сонны, зжыцца, дзверы, апранаешся, любоўю, самаадданы, схільны, маладзенькі, дошка, разводдзе.

 

95. Назавіце літары і абазначаныя імі гукі ў наступных словах.

 

Заяц, суддзя, бацька, мільярд, заехаў, заіка, руіна, пазней, падзарабіў, падзякаваць, ледзьве, народ, завязь, схіл, пяшчотнасць, ручаіна, скептык, здзейсніць, узбярэжжа, смачны, стужка, пісьменнік, уз’яднанне, прозвішча, дзень, акадэмія, Піншчына, надтачыць, будзьце, сардэчны, персідскі.

 

96. Размясціце па трох пэўных калонках пададзеныя словы.

гукаў больш, чым літар

гукаў менш, чым літар

колькасць гукаў і літар супадае

 

Абаяльнасць, аб’інець, абседжваць, авацыя, аддушка, адтапіць, адцвіўшы, акардэон, асудзіць, безбярэжжа, букваедскі, бяздзейна, бяздум’е, вакуум, варажскі, васьмісоты, відэазапіс, волжскі, высакатраўе, выхапіць, вышчараны, газарэзчык, грудзіцца, даезджаны, дакладчык, дарадчыца, дваякі, дзежка, дзьмуць, дойлідства, дыятэз, езджаны, ехаць, ёд, журналісцкі, заволжскі, заплюшчваць, зароджаны, з’есці, іскра, іней, кампактны, каўказскі, краб, краявід, марнаслоўе, міжгор’е, надзерці, над’ядаць, паехаць, пазжынаць, пакласці,  палью.

 

97. Наша графіка грунтуецца на двух прынцыпах – гукавым і складовым. У чым сутнасць гукавога прынцыпу? Чаму ён мае такую назву? На гукавым прынцыпе заснавана выкарыстанне адназначных літар: галосных а, о, у, ы, э  і зычных д, ж, й, т, р, ў, ч, ш, а таксама дыграфа дж (для запамінання адназначных зычных можна карыстацца мнеманічным прыёмам: дажджы, траў, чашай).

 

98. У падручніку для педвучылішчаў «Беларуская мова. Ч. 1» (1982, с. 42-43) у пераліку адназначных літар чамусьці няма й, ў. Не называлася літара й і ў двух выданнях дапаможніка для студэнтаў-філолагаў «Сучасная беларуская літаратурная мова» (1976, с. 17; 1984, с. 163). Што заўсёды абазначае літара й у канцы склада і чаму яе трэба адносіць да адназначных?

 

99. У чым сутнасць складовага прынцыпу? Чаму ён носіць такую назву? Літары, ужыванне якіх грунтуецца на гэтым прынцыпе, называюцца (паводле іх  ф у н к ц ы і ) двухзначнымі. Пералічваючы літары алфавіта, адзначце сярод іх двухзначныя.

 

100. Пытанне пра адназначныя і двухзначныя літары часам трактуецца неаднастайна.

Гэтыя тэрміны ў школьных падручніках, як і прадугледжана праграмай, не ўпамінаюцца. Але тут даюцца неабходныя звесткі пра двайную ролю літар е, ё, ю, я, пра тое, што мяккія зычныя гукі абазначаюцца на пісьме тымі самымі літарамі, што і цвёрдыя гукі, толькі з дапамогай е, ё, ю, я, і, а таксама мяккага знака. Гаворыцца і пра іншыя суадносіны паміж гукамі і літарамі, у прыватнасці, пра тое, што адна зычная літара можа абазначаць розныя гукі. Гэта ілюструецца прыкладамі: літара з у слове замок абазначае [з], у слове казка – гук [с], у слове зжаваць – гук [ж]. Да гэтага можна дадаць, што літарай  з яшчэ абазначаюць і гук [ш], напрыклад, у слове рэзчык, а таксама мяккі гук [з’]: азімы.

Як бачым, літара з мае пяць гукавых значэнняў. Адны з гэтых значэнняў называюцца асноўнымі, другія – дадатковымі (другараднымі). Асноўнае значэнне літара мае тады, калі абазначае асноўны, тыповы гук (фанему), гук у моцнай пазіцыі. У пададзеных вышэй прыкладах літара з мае асноўнае значэнне ў словах замок і азімы. Астатнія значэнні літары з – дадатковыя, яны рэгулююцца правіламі арфаграфіі (казка, зжаваць, рэзчык). Наша пісьмо мае фанемны характар, таму ў графіцы вывучаюцца толькі асноўныя значэнні, а з дадатковымі значэннямі мае справу арфаграфія.

Адны літары маюць адно асноўнае гукавое значэнне і называюцца адназначнымі. Гэта літары а, о, у, ы, э (яны заўсёды абазначаюць адзін адпаведны галосны гук), а таксама д, ж, й, р, т, ў, ч, ш  і дыграф дж (яны абазначаюць адпаведныя зычныя гукі; гэтыя літары, за выключэннем р, ў, й, маюць і дадатковае значэнне). Астатнія літары, за выключэннем мяккага знака, двухзначныя. Яны маюць два асноўныя значэнні, адны з іх (б, в, з  і інш.) абазначаюць пэўныя цвёрдыя і мяккія зычныя (выць – віць. Конь – кон), а другія (е, ё, ю, я,і) у адных выпадках абазначаюць два гукі (мае, маё, маю, мая, маіх), а ў другіх – адзін галосны гук і мяккасць папярэдняга зычнага: лес – [л’ес].

Зусім іншы сэнс укладваюць у паняцце «адназначныя і двухзначныя літары» Я.М.Камароўскі і Л.І.Сямешка – аўтары дапаможніка для студэнтаў філалагічных факультэтаў «Сучасная беларуская мова» (1985, с. 115-116): «Літары, якія адначасова ніколі не абазначаюць двух гукаў, называюцца адназначнымі. Так, напрыклад, літара б адначасова абазначае або цвёрды [б] – [б]ыла, або мяккі [б’] – [б’]іць. Да адназначных адносяцца ўсе зычныя літары, а таксама галосныя у, а, о, ы, э. Галосныя літары е, ё, ю, я  двухзначныя. У пэўнай пазіцыі ў слове яны адначасова абазначаюць два гукі: [j] з наступнымі [э, о, у, а]: сва [jа] (свая)...». Але, як відаць з папярэдняга выкладу, з такім разуменнем адназначных і двухзначных літар наўрад ці можна згадзіцца. Да таго ж, як ужо гаварылася, літары е, ё, ю, я  не заўсёды «адначасова абазначаюць два гукі», нярэдка яны, дадаткова паказваючы на мяккасць папярэдняга зычнага, абазначаюць адзін гук: зялёны – [з’ал’оны].

Адзначце склады, у якіх выкарыстаны двухзначныя літары.

 

Пясочак, віяланчэль, беспрацоўны, вярба, яблык, бяз’ядзерны, непрыязь, прасціна, бервяно, карэнне, вуліца, краіна, мурашнік, сухацвет, укрутую, шыльда, заяц, ашчадны, падзеляніць, дзынкаць, паўшар’е, мыш’як, ласьён, выйгрыш, джынсы, брыльянт.  

 

101. Назавіце, якія гукавыя значэнні (асноўныя і дадатковыя) маюць адназначныя літары.

 

Дом, сад, адчуць, пасадцы; жах, рэж, ножка; там, матцы, у матчы, баскетбол; чароўны, у калысачцы, лічба; шырокі, на дошцы, добрушскі; гараджанін, аджыць, дождж.

 

102. Назавіце, якія гукавыя значэнні (асноўныя і дадатковыя) маюць двухзначныя літары.

 

Бог, бялізна, выруб; возера, вясёлы; горад, геній, гузік, мазгі, лягчэй; дзесятак, дзынкаць, медзь, падземка; зрабіць, зямля, нізка, зжаць, мазь, рэзчык; каравай, кемлівы, экзамен; латарэя, ліслівы; мама, меншы; ноч, неба; парог, пяць; сон, смех, сшытак, просьба; футра, ферма; цана, цёмны, плацдарм.

 

103. Прывядзіце прыклады слоў, у якіх: а) адна літара абазначае розныя гукі (напрыклад, літара с у словах сам, сем), б) розныя літары абазначаюць адзін і той жа гук (у словах плод, плот), в) адна літара адначасова абазначае два гукі (першая літара ў слове ягада), г) адзін гук можа абзначацца трыма рознымі літарамі (гук [ш] у словах нож, разносчык, рэзчык).

 

104. Што да мяккага знакм (ь), то гэта літара гука не абазначае і таму не адносіцца ні да адназначных, ні да двухзначных. Але ўмоўна можна гаварыць пра яе «двухзначнасць» – з крыху іншым разуменнем гэтага слова. Справа ў тым, што ў адных выпадках яна выступае як змякчальны знак, а ў другіх – як раздзяляльны. Змякчальны мяккі знак ужываецца для абазначэння мяккасці зычных: мазь, пісьмо, хтосьці. Раздзяляльны мяккі знак адначасова выонвае дзве функцыі: паказвае на раздзельнае вымаўленне гукаў перад е, ё, ю, я, і  і абазначае мяккасць папярэдняга зычнага: рэльеф, мільён, налью, мадзьяр, Ільіча.

Вызначце, у якіх словах мяккі знак выступае як змякчальны, а ў якіх – як раздзяляльны.

Пісьменнасць, чамусьці, глядзець, трыльён, бацька, пяцьдзесят, столькі, чэрвеньскі, канькі, цэнтральны, мільярдэр, альянс, ганьба, каньяк, падзьмуць, соценька, браканьер, пасьянс, паўмільёна, канферансье, пасольства, дастаньце, шкельца, жменька, паштальён, ажаніць, ільвы, чытаць, васьмёра.

 

105. Вызначце розныя спосабы абазначэння мяккасці зычных гукаў. У якіх з прыведзеных слоў мяккасць зычных гукаў не абазначаецца на пісьме.

 

Смех, люблю, снег, канькі, пісьмо, пальцы, раз’езд, конь, алень, раз’едзены, бацька, пакатасць, паляпшэнне, паспешліва, пачарсцвець, сальны, салявы, самалюб, сем’янін, сямюстамі, сеньярыта, скіпець, скальпель, сліва, слізь, страсць, суаднесціся, схільны, сцверджанне, сыценькі, сядзельца, тыльда, уменне, чацвёра, яблынька.

 

106. Вызначце ў пададзеных словах гукавы і складовы прынцып абазначэння гукаў.

 

Адсвяткаваць, брыдкі, выязны, стадыён, скідаць, адчапіцца, моладзь, абнавіць, дзьмухаўцы, чаканка, лісце, шчаслівы, рамонт, ячмень, салаўіны, знайсці, авадзень, абруч, гультай, студэнт, ездзіць, уюн, шчаўе, вецер, барэльеф, ад’язджаць, адчайны, ружжо, прамоўца, быльнег, карніз, пасяджэнне, прыгарад, выпускны, абаяльны, агароднік, джэнтльмен, міраж, фартух.

 

107.  П а р а д а к  графічнага  а н а л і  з у. 1. Вызначыць, колькі гукаў і літар у слове. 2. Назваць літары і абазначаныя імі гукі. 3. Ахарактарызаваць кожную літару: а) па назве (простая ці састаўная, а для галосных яшчэ – ётаваная ці неётаваная), б) па функцыі (адназначная ці двухзначная, а для ётаваных яшчэ – ётавая ці палатальная). 4. Вызначыць гукавы і складовы прынцыпы абазначэння гукаў.

У з о р. Пяць – у слове 3 гукі і 4 літары. Літара п абазначае гук [п’]; простая, двухзначная. Літара я абазначае гук [а] і паказвае на мяккасць папярэдняга зычнага, простая, ётаваная, двухзначная, палатальная. Літара ц абазначае гук [ц’], простая, двухзначная. Літара ь гука не абазначае, састаўная, служыць для паказу на мяккасць папярэдняга зычнага. Тут ужыванне ўсіх літар грунтуецца на складовым прынцыпе.

Зрабіце графічны аналіз слоў у сказах.

 

1. Грабель мільганнем, звонам кос трымцяць лілёвыя прасторы. (Крап.) 2. Меліяратары з вялікай ахвотай асушылі... кілішкі. (Ш.) 3. Многае выпала бачыць і чуць хвалям дзвінскім. (В.Л.)

 

108. Назавіце іншыя, нялітарныя графічныя сродкі. Калі знак націску ў словах абавязковы?

 

109. Раскажыце пра гісторыю беларускай графікі (кірыліца, грамадзянская азбука і яе стваральнік Ілья Капіевіч, выкарыстанне ў свой час арабскай і лацінскай графікі і г.д.).

 

110. У апошнія 10-15 гадоў на старонках некаторых выданняў сустракаюцца разважанні пра неабходнасць асобных знакаў-літар для абазначэння на пісьме злітных гукаў [дз], [дж]. А таксама пра магчымасць пераходу з сучаснага шрыфту на лацінку. Так, у  «Нашым слове» (2001, № 22) адзін аўтар паведамляе, што з яго ўдзелам рыхтуецца часопіс для беларускіх настаўнікаў матэматыкі, у якім замест дз будзе выкарыстоўвацца знак z, а замест дж – знак  d. Аўтар піша, што гэта не ягоная ідэя, што, «напрыклад, У.Дубоўка выдаваў з такімі літарамі сваё «Узвышша». І ніколі ён нічога не выдаваў «з такімі літарамі». Ён толькі апублікаваў у часопісе «Узвышша» (1928, № 4) артыкул «Праект літар для гукаў дз і дж». Вышэй ужо гаварылася, што дыграфы дз, дж нармальна выконваюць сваю функцыю і што няма патрэбы прыдумваць яшчэ нейкія знакі-літары для перадачы афрыкатаў.

Часам ідуць яшчэ далей. У «Родным слове» (1999, № 10) быў змешчаны артыкул А.Мельнікава «Аксамітны правапіс», дзе на поўным сур’ёзе прапануецца «ўдасканаленая» графіка з сумесі кірылічнага і лацінскага алфавітаў. Праўда, рэдакцыя, друкуючы гэты матэрыял, звярнулася да чытачоў з просьбай выказацца па закранутым пытанні. Быў у «родным слове» (2000, № 1) і водгук на «Аксамітны правапіс». Аўтар водгуку Ю.Чарнякевіч, – прыхільнік лацінкі і тарашкевіцы, якая «вабіць сваёй мяккасцю, сваёй беларускасцю».

Коратка пра лацінку. Іншы раз некаторыя аўтары, вышукваючы аргументы на карысць лацінкі, гавораць, што ёю карысталіся пры друкаванні сваіх твораў Ф.Багушэвіч, А.Гурыновіч, Цётка і інш. Але ж яны рабілі гэта змушана. Бо, як вядома, цар Аляксандр Другі спецыяльным указам забараніў выдаваць кнігі і газеты на беларускай мове, быццам бы сказаўшы пры гэтым: «З нас хопіць і маларасійскай». Таму, відаць, В.Дунін-Марцінкевіч, каб як-небудзь прабіцца ў друк, і напісаў п’есу «Пінская шляхта» не па-беларуску, а нібыта на «маларасійскай»  (украінскай) мове, а фактычна на імітаванай гаворцы пінчукоў. (Той варыянт п’есы, які мы цяпер чытаем, – гэта ўжо толькі пераклад, зроблены Язэпам Лёсікам у 1918 г.)  Лацінкай карысталіся, паралельна з «грамадзянка», і на пачатку ХХ ст. І «Наша ніва» да 1913 г. друкавалася двума шрыфтамі. А пасля з-за матэрыяльных цяжкасцей і па іншых прычынах перайшла на «грамадзянку» – рэфармаваную кірыліцу. Перад гэтым было апытванне чытачоў. Абсалютная большасць (і Я.Купала таксама) – за кірыліцу. У № 42 за 1912 г. газета паведамляла: «Калі нельга друкаваць двума шрыфтамі, трэба выбраць адзін: рускі. Так пісалі ўсе свядомыя беларусы, апрача невялікай жмені». Кірыліцай друкаваў Ф.Скарына, ёю надрукаваны «Статут Вялікага Княства Літоўскага», ёю карысталіся на працягу стагоддзяў. Так што наўрад ці варта гаварыць пра пераход на лацінку не толькі сёння ці заўтра, але і наогул.

Ці згодны вы з тым, што выказана вышэй?