ПРАДМОВА
^ Вверх

Прадмова


Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы, як вядома, займае цэнтральнае месца ў лінгвістычнай падрыхтоўцы настаўніка-славесніка і выкладаецца ва універсітэце на  працягу чатырох гадоў навучання. На 1-ым курсе філфака студэнты вывучаюць лексікалогію, фразеалогію, фанетыку, арфаэпію, графіку і арфаграфію.

У 2001 г. быў апублікаваны падрыхтаваны намі навучальны дапаможнік (з грыфам Міністэрства адукацыі РБ) «Практыкум па лексікалогіі і фразеалогіі» (Гродна: ГрДУ). Цяпер жа ў новым нашым дапаможніку для студэнтаў філфака змяшчаюцца заданні і практыкаванні па праграмных тэмах фанетыкі, арфаэпіі, графікі і арфаграфіі.

Тут, як і ў павпярэдняй кнізе, пераважаюць заданні, зарыентаваныя на творчы пошук з боку студэнта. Актывізацыю самастойнай пазнавальнай дзейнасці, набыццё ўменняў самастойнай работы са спецыяльнай літаратурай, супастаўленне розных поглядаў на тое ці іншае пытанне па названых раздзелах мовазнаўства, развіццё крытычнага мыслення. Шмат якія практыкаванні вучаць шукаць, параўноўваць, аналізаваць, абагульняць, мысліць. Ёсць практыкаванні, выкананне якіх садзейнічае развіццю навыкаў навукова-даследчай працы.

Пры размяшчэнні заданняў па пэўнай фанетычнай, арфаэпічнай, графічнай і арфаграфічнай тэме захоўваецца сістэмнасць іх падачы, ахопліваюцца амаль усе праграмныя пытанні тэмы ў іх лагічнай паслядоўнасці. Адны заданні выконваюцца на практычных і лабараторных занятках, другія – дома (можна і трэба выкарыстоўваць прынцып дыферэнцыяцыі і індывідуалізацыі пры раздачы заданняў), трэція могуць быць перанесены на самастойную работу студэнта.

У практыкаваннях 46, 107, 144 пададзены схемы і ўзоры фанетычнага, графічнага і арфаграфічнага аналізаў, у канцы дапаможніка паўтораны схемы і ўзоры лексічнага і фразеалагічнага аналізаў, а таксама змешчаны пытанні для падрыхтоўкі да заліку і да экзамену па сучаснай беларускай літаратурнай мове.