ФАНЕТЫКА І ФАНАЛОГІЯ
^ Вверх

Фанетыка і фаналогія

 

1. Раскажыце пра неаднолькавае разуменне ў сучасным мовазнаўстве паняццяў «фанетыка» і «фаналогія». Што ўваходзіць ў паняцце «гукавы лад мовы»?

Выкарыстоўваючы веды і ўменні, атрыманыя ў курсе «Уводзіны ў мовазнаўства»,  затранскрыбіруйце тэкст і падзяліце яго на фразы, такты, фанетычныя словы.

 

Вясна наступала напорыста і ўпэўнена. Удзень, ледзь толькі падымалася сонца, усюды ажывалі тысячы гаваркіх ручайкоў. З шумам і цурчаннем вада бегла палявымі межамі, каляінамі дарог. (Кр.)

 

2. Чым адрозніваецца фанетычнае паняцце «фраза» ад граматычнага паняцця «сказ»? У якіх прыведзеных урыўках фраза супадае са сказам, а ў якіх – уключае ў сябе некалькі сказаў? З якіх розных бакоў разглядаецца фраза (у фанетыцы) і сказ (у сінтаксісе)?

 

1. Люблю мой край, старонку гэту, дзе я радзілася, расла, дзе першы раз пазнала шчасце, слязу нядолі праліла. (К.Б.). 2. Ноч. Халодная зямлянка. Перастрэлка. Цішыня. (Гл.) 3. Жыта горда красуецца, вее пах медзяны, ад вятроў аж хвалюецца акіян аржаны. (Астр.) 4. І сцінае хваляванне горла: як збяднела родная зямля! Астравы, дзе мова не памёрла, у тумане бачацца здаля. (В.Г.)

 

3. Прачытайце ўрывак з артыкула І.Валасевіча «Мне за буслоў душа баліць...». Адзначце ва ўрыўку фанетычныя словы, якія не супадаюць з асобнымі самастойнымі словамі. Якія іншыя часціцы (апрача адзінай ужытай ва ўрыўку) выступаюць як энклітыкі?

 

Бег часу адчуваецца і ў рамане «Бедна басота». Усе падзеі, што ў ім апісваюцца, мелі месца больш за пяцьдзесят гадоў таму, у час, калі сталінская пасляваенная дзяржава яшчэ існавала. З тае пары шмат вады ўцякло: і Сталіна не стала, і Хрушчова прагналі, і наогул уся камуністычная пабудова развалілася. А мы з вамі, людзі старэйшага пакалення, і нашы дзеці і ўнуцкі жывём у незалежнай Беларусі. Дык што, Гардзееў раман гістарычны? Ні ў якім разе.

Я б сказаў, што ў ім ёсць адмеціны часу. Людзі жылі «за польскім часам», за панам Абуховічам, хадзілі пешшу плаціць штраф «ажно» ў Баранавічы... У час акупацыі выкупалі свайго мужыка ў немцаў за яйкі і самагонку, цярпелі ад розных «палітаддзельцаў», з-пад палкі ішлі ў калгасы і са слязамі развітваліся са сваёй маёмасцю і са сваёй зямлёю. Гэта не гісторыя, гэта – чалавечае жыццё, прагнанае скрозь шпіцрутэны гісторыі. І беларускі мужык, маласельскі, кругавіцкі, паляшуцкі, у гэтай маўклівай няроўнай бойцы вытрымаў і перамог. Дзе сёння Сталін, дзе «палітаддзельцы», дзе тыя калгасы? Няма... А ў Малых Кругавічах ёсць вуліца імя Віктара Гардзея, які нібы старажытны Пімен углядаецца і назад, і наперад і прадказвае нам шчаслівую будучыню.

 

4. Што такое склад (з артыкуляцыйнага пункту гледжанняі з акустычнага боку, г.зн. з боку гучнасці)? У чым сутнасць закону ўзрастальнай гучнасці? Дзе пры падзеле фанетычнага слова на склады паводле гэтай заканамернасці аказваюцца [й], [ў], астатнія санорныя, калі пасля іх ідуць шумныя?

Падзяліце словы на склады ў адпаведнасці з гэтым законам.

 

Над намі, з-за лесу, ляснік, гіганцкі, гульня, таемны, дружны, праўда, экзэмпляр, заўтра, шчодры, тутэйшы, аўторак, будаванне, антракт, расказчык, патруль, кармілі, адрэзаць, пад акном, праз цябе гэта.

 

5. Падзяліце словы на склады і ахарактарызуйце кожны склад па пачатку (прыкрыты ці непрыкрыты) і па канцы (адкрыты ці закрыты).

 

Бульба, паўза, сумны, паэзія, пяшчота, маленства, мантаж, уздоўж, спачатку, яшчэ, неабходна, скарга, армейскі, падпіска, гасцінец, узмор’е, зямля, гутарка, яблык, вядро, канверт, знайсці, каштоўны.

 

6. Зрабіце фанетычны складападзел слоў і параўнайце яго з падзелам на часткі для пераносу (як з’явай арфаграфіі). Адзначце выпадкі несупадзення фанетычнай і арфаграфічнай з’яў.

 

Сястра, галава, падскочыць, засмяяцца, адны, узгорак, маўклівасць, абшар, узгорак, прыйсці, галлё, сенаўборка, толькі, набраць, радзіма, падводны, таварыства, форма, зайграць, квартал, бур’ян, акрайчык, марскі, досвіткам, іскрынка, мядзведзь, упрысядкі, народжаны, вечны, сур’ёзны, падысці, трактар.

 

7. Якія склады паводле іх пачатку найбольш тыповыя? Пра што сведчыць ужыванне прыстаўных в, г, устаўных в, й (ёта) перад галоснымі ў беларускай мове?

 

Востры, завастрыць, вуха, вока, навучэнец, завочнік, Ганна, біёлаг, радыё, вобземлю, возера, вокрык, вугал, вустрыца, гладыёлус, фіялка, чэмпіён, фае, вобраз, волава, вупраж,  вобыск, дыягназ, варыяцыя, антыбіётык, водпуск, вопытны, Лявон, завойкаць, павудзіць, завостраны, гэтулькі, дагэтуль, гэй, заворваць, трохвугольнік, гэтак, га, гэты, гэтакі.

 

8. Раскажыце пра фразавы, тактавы і слоўны націск. Праілюструйце гэта прыкладамі з вершаванага маўлення.

 

9. У адных словах беларускай мовы, як і многіх іншых моў, націск прыпадае на першы склад (верасень), у другіх – на другі, трэці і г.д. (галоўка, галава, ахарактарызаваць ). Такі націск называюць у беларускай  навуковай і навучальнай літаратуры неаднолькава: разнамесны, рознамясцовы, разнамесцавы. Апошнім часам часцей ужываюць разнамесцавы. Магчыма, гэта стане нормай.

Назавіце яшчэ дзве асаблівасці націску ў беларускай мове і праілюструйце гэта некалькімі прыкладамі.

 

10. Некаторыя словы нарматыўна могуць ужывацца ў дзвюх разнавіднасцях, якія адрозніваюцца месцам націску: дарма – дарма. Такія разнавіднасці называюцца акцэнтнымі варыянтамі. Часам дваякі націск вядзе і да фанетычных змяненняў (а таксама арфаграфічных), у выніку чаго ўзнікаюць акцэнтна-фанетычныя варыянты: гарката – гаркота, габляваны – габлёваны, завербаваны – завярбованы.

Адзначце,  якія  з  пададзеных   ніжэй  варыянтаў   акцэнтныя,  а  якія –акцэнтна-фанетычныя.

 

Гняды – гнеды, грабці – грэбці, затычка – затычка, камфара – камфора, кайданы – кайданы, лазіна – лазіна, догляд – дагляд, доўгі – даўгі, загарадка – загародка, люстраны – люстраны, надалей – надалей, памятаць – памятаць, неапраўданы – неапраўданы, заплеснець – запляснець, коптур – каптур, навокал – навакол, расяны – расяны, разгайдаць – разгойдаць, пярэпалах – перапалох, палепшанне – паляпшэнне, няскораны – нескароны, мысленне – мышленне, дайграванне – даігрыванне, супраць – супроць.

 

11. Пры неабходнасці звяртаючыся да «Слоўніка беларускай мовы» (1987), выпішыце з пададзеных сказаў ці ўрыўкаў словы з няправільнай, памылковай пастагоўкай націску ў іх (ва ўрыўках, узятых з вершаванага маўлення, першае слова кожнага радка падаецца з вялікай літары).

 

1. У суровай цішы Абняла па чарзе нас Праскоўя: – Праважаю вас, таварышы, нібы родных сыноў я. 2. Што з ватоўкай? Дзе Ворчык? Дзе сцяг? Што здарылася? Не разумею. Ахапіў мяне холад і жах. Сэрца раптам нямее. 3. Бацька засланіў нас спіной. 4. Другі і званняў нахапаў, і ардэноў. 5. Вучні запісваюць выказванні пісьменнікаў, крытыкаў, грамадскіх дзеячаў, зробленыя імі па пытаннях літаратуры. 6. Ля стала прэзідыума сабралася з дзесятак старшынь і дырэктароў, што хацелі высветліць нейкія пытанні. 7. Сумленне, якое даводзіць алібі, Тым самым сябе асуджае на гібель. 8. А з ягад, з садавіны Такія гоняць віны – Як хопіш шклянку – зойме аж духі! 9. Ізноў той мэр лагодны, ветлівы і звышласкавы і ў нейкім квартале гатоў Мае кватэрныя ўладзіць справы.

 

12. Абазначце націск у словах.

 

Ганьба, ганьбіць, пасланец, крыху, зганьбіць, беларусы, таварышы, гліняны, здарыцца, падпарадкаваць, пацвердзіць, пяцёра, таварыства, украінец, выпадак, цяжар, арахіс, стары, загадзя, агрэст, вусы, дасуха, закутак, індустрыя, кулінарыя, мезенец, найвышэй, на працягу, пазіраваць, прасціна, сівы, статус, фартух, цяжкі, каменны, адзінаццаць, прыяцель, жалюзі, бармен, наспех, удалы.

 

13. На якім складзе трэба ставіць націск у асабовых формах дзеяслова  існаваць? Існую, існуеш, існуе ці існую, існуеш, існуе? Супастаўце паказчыкі наступных слоўнікаў:

1. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: У 5 т. Т 2. – 1978. – С. 561.

2. Арашонкава Г.У., Лемцюгова В.П. Слоўнік цяжкасцей беларускай мовы. – 1987. – С. 100.

3. Слоўнік беларускай мовы / Пад рэд. М.В.Бірылы. – 1987. – С. 313.

4. Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы. – 1996. – С. 259.

 

14. Зрабіце фанетычны аналіз слоў (першыя тры пункты схемы «Фанетычны аналіз»; гл. практ. 44). У з о р: на жаль [на-жал’] – двухскладовае слова з націскам на другім складзе; першы склад па пачатку прыкрыты, па канцы – адкрыты; другі склад па пачатку прыкрыты, па канцы – закрыты; націск нерухомы.

 

На жаль, яшчэ існуюць людзі, што праўды ў іх шукаць дарма. Крычаць: «Сумленне!..» Б’юць у грудзі. А паглядзіш, яго няма. (Бр.)

 

15. З якіх частак складаецца маўленчы апарат? Якую ролю адыгрывае ў дзейнасці маўленчага апарата цэнтральная нервовая сістэма?

 

16. Язык здаўна лічыўся ў народным уяўленні асноўным органам маўлення. Як звязваецца з гэтымі ўяўленнямі існаванне ў сучаснай беларускай літаратурнай мове больш за 90 фразелагізмаў і больш як 15 прыказак. У якіх ёсць кампанент язык?

Вось толькі некаторыя з іх (у другім абзацы – прыказкі):

 

Біць язык аб зубы, востры на язык, доўгі язык, пацягнула за язык (каго), прыходзіць на язык (каму), распускаць язык, трымаць язык за зубамі, цяля язык аджавала (каму), што сліна на язык прынясе, язык адняўся (у каго), язык гладка ходзіць (у каго), язык добра падвешаны (у каго), язык заплятаецца (у каго), язык каля вушэй матляецца (у каго), язык меле (чый), язык на шарнірах (у каго), язык не адваліцца (у каго), язык не паварочваецца (у каго), язык развязаўся (у каго), язык свярбіць (у каго), язык у роце не месціцца (у каго), язык як брытва, як язык праглынуў, з языка не спускаць (каго, што), круціцца на канцы языка (у каго), сарваць з языка (у каго), малоць языком, пляскаць языком, даваць волю языку, круціцца на языку (у каго), на языку (у каго).

Язык да Кіева давядзе, Людзям языка не завяжаш, На чужы язык замок не навесіш, Язык без касцей, Язык мой – вораг мой, Хто языком штурмуе, не шмат наваюе.

 

17. Ахарактарызуйце галосныя гукі паводле ўдзелу языка і губ пры ўтварэнні пэўнага гука, называючы рад, пад’ём, лабіялізаваны гэты гук ці нелабіялізаваны.

 

Аднойчы цёплы вільготны вецер, наляцеўшы з поўдня, нечакана прынёс з сабой першае адчуванне вясны. (Кр.)

 

18. Дайце пашыраную характарыстыку галосным гукам паводле іх утварэння, паясняючы паняцці «рад», «пад’ём», «удзел губ». Напрыклад: [о] – галосны гук задняга рада, г.зн. пры яго ўтварэнні язык, рухаючыся па гарызанталі, адсоўваецца назад і артыкулюе задняй часткай; сярэдняга пад’ёму, г.зн. пры яго ўтварэнні язык, рухаючыся па вертыкалі, займае сярэдняе становішча; лабіялізаваны, г.зн. утвораны з удзелам губ.

 

Адшумеўшы завеямі і сцюжамі, непрыкметна прайшла зіма. (Кр.)

 

19. Параўн., якую характарыстыку атрымліваюць галосныя гукі ў сярэдняй школе і на філалагічных факультэтах (напрыклад, у слове водар).

 

20. Як характарызуюцца зычныя гукі ў сярэдняй школе? Па якіх прыкметах класіфікуюцца зычныя гукі ў курсах «Уводзіны ў мовазнаўства» і «Сучасная беларуская літаратурная мова»?

 

21. Калі разглядаць зычныя гукі паводле цвёрдасці і мяккасці, то 30 зычных утвараюць 15 суадносных, адпаведных пар, напрыклад: [б] і [б’],  [в] і [в’]. Назавіце адпаведныя парныя мяккія да гукаў  [д] і [т] і праілюструйце словамі-прыкладамі.

 

22. Вызначце, колькі мяккіх зычных у гэтых словах.

 

Вераб’і, аб рамантызме, з Нёмана, адмесці, падбіваў, па камандзе, спісаў, в’етнамка, транзіт, юнацкі, раз’ездзіць, у Юрмале, аб капіталізме, мацнеў, цвёрды, сферычны, сем’янін, свядомасць, аб’іньваць, кусцік, канцік, гнеў, з песнямі, дзверы, канверт, бландзін, бензін, канвенцыя, канвенцыя, дранцвець, згінуць, брытве, з неба, на фронце, канспект, пенсія, збуцвелы, подзвіг, звесткі, схібіць, схільнасць, апладысменты, плазменны, пяскі, праспект.

 

23. Сярод 9 няпарных зычных па цвёрдасці-мяккасці адзін гук – [й] (ёт) – заўсёды мяккі, астатнія 8 – цвёрдыя. Назавіце гэтыя гукі, ілюструючы іх ужыванне ў словах.

 

24. Адзначце словы, у якіх ёсць няпарны цвёрды [дз].

 

Адзаду, адзнака, адзначыць, адзываць, водзыў, дзвынканне, дзылінканне, дзын-дзын, дзынкаць, ксяндзы, надзвычайны, нэндза, падзол, падзорны, дзвынкаць, падзублены, падзываць, пэндзаль.

 

25. У падручніку «Беларуская мова. Ч. 1» (1968) М.І.Гурскага, М.Г.Булахава, М.Ц.Марчанкі да санорных зычных аднесены толькі  [м], [м’], [н], [н’], [л], [л’], [р] (С. 89). Чаму, апрача гэтых, санорнымі трэба лічыць і такія: [в], [в’], [ў], [й]?

 

26. Назавіце глухія зычныя, якія знаходзяцца ў парных суадносінах са звонкімі [г], [д], [дж], [дз].

 

27. Ахарактарызуйце зычныя гукі паводле цвёрдасці-мяккасці, удзелу голасу і шуму, месца ўтварэння і спосабу ўтварэння. Пры гэтым характарызуйце толькі тыя зычныя, якія знаходзяцца ў моцнай пазіцыі.

 

Тры стагоддзі заходні брат ратаваў, браў у абдымкі уніяў. Тры стагоддзі ўсходні брат вызваляў, на лад праваслаўны выструньваў, каб яшчэ два стагоддзі даводзіць царскі міф аб адзіным народзе... (В.З.)

 

28. Рашыце фанетычныя прапорцыі:

 

Кажу : кашу = хаджу : ?, банка : банька = рэдка : ?, брат : браць == воз : ?, жорны : гоны = што : ?, хор : рог = кут : ?; [ж] : [з’] = [?] : [с’], [д] : [б] =  [т] : [?], [п] : [м] = [?] : [л], [х] : [?] =  [п] : [б],  [і] :  [у] = [э] : [?], [і] : [?] = [у] : [о].

 

29. Вызначце, якое слова маецца на ўвазе, калі ў ім: п е р ш ы гук – зычны, шумны, шчылінны, пярэднеязычны, глухі, зацвярдзелы; д р у г і гук – галосны, сярэдняга рада, ніжняга пад’ёму, нелабіялізаваны; т р э ц і  гук – зычны, санорны, пярэднеязычны, вібрант, зацвярдзелы.

 

30. Што называецца пазіцыйнымі зменамі гукаў? Выпішыце з тэксту (урывак з аповесці В.Быкава «Бліндаж») словы, у якіх ёсць пазіцыйныя змены галосных, звязаныя з дзеяннем фанетычных законаў акання ці якання.

 

Тыдзень ішоў нудны халодны дождж, мачыў і без таго намоклую ўжо зямлю. Дарога зусім раскісла, гразь распаўзлася пад нагамі, па каляінах сабраліся і нікуды не сцякалі мутныя лужыны. Нават сцежка наўзбоч за канавай і тая не высыхала за тыя невялікія прамежкі, як трохі пераставаў дождж, была слізкая і сцюдзёная. Лепей за ўсё было ісці па дробнай, таксама змакрэлай траўцы наўскрай бульбянішча, дзе пакапанага, з параскіданым, парудзелым бульбоўнікам, а дзе і з нечапанымі яшчэ баразёнкамі бульбы. Бульба, відаць па ўсім, пойдзе пад снег, памерзне, капаць яе ўжо не было каму – вёскі, лічы што, не стала: пагарэла, паруйнавалася дашчэнту гэтая невялічкая вёсачка. Ды і іншым тут дасталося, мабыць, не менш, і цяпер здаля з-за абпаленых дрэў сям-там вытыркаліся закапцелыя печы з абламанымі камінамі, рэшткамі смярдзючага дыму дыхалі недагарэлыя пажарышчы. Дзіва што – столькі жахлівых дзён усё тут грымела ад жудасных выбухаў, хадуном хадзіла зямля, скрозь у паветры вірашчала і скрыгатала, а ад дыму нельга было прадыхнуць нават у яме на бурачніку, дзе тады хавалася цётка Серафімка.

 

31. У падручніку «Беларуская мова. Ч. 1» (1968, с. 82-83) М.І.Гурскага, М.Г.Булахава, М.Ц.Марчанкі чытаем: «У другім, трэцім і іншых складах перад націскам, а таксама ва ўсіх складах пасля націску паміж цвёрдымі (або зацвярдзелымі) зычнымі галосныя а, о, э вымаўляюцца з найбольшым аслабленнем (рэдукцыяй) – як кароткае а, якое набліжаецца да кароткага ы (такі гук умоўна будзем абазначаць літарай ъ), напрыклад: дараваць (дъравац’), начаваць (нъчавац’), шасцярня (шъсц’арн’а), расказваць (расказвъц’), вынасіць (вынъсіц’), вычарпаць (вычърпъц’). Паміж мяккімі зычнымі ці мяккім і цвёрдым (або зацвярдзелым) галосныя а, э таксама вымаўляюцца з найбольшым аслабленнем – як кароткае э, якое набліжаецца да кароткага і (гэты гук умоўна будзем абазначаць літарай ь), напрыклад: цягавіты (ц’ьгав’іты), цяжкаваты (ц’ьжкаваты), лебяда (л’ьб’ада), верацяно (в’ьрац’яно)».

Аднак параўн. у акадэмічнай «Беларускай граматыцы. Ч. 1» (1985, с. 42-43): «Гукі [о], [е], [а] пасля цвёрдых і зацвярдзелых зычных ва ўсіх ненаціскных складах вымаўляюцца як гук [а], а на пісьме абазначаюцца літарай а. Ненаціскны [а] больш кароткі, чым  [а] націскны, але зусім выразна.  Напрыклад,  [дайу], [кан’а], [рака]. Розніцу ў вымаўленні [а] у розных ненаціскных складах –  [ламац’],  [ламавы], [выламац’], [разак], [выразаў], [даваў], [выдаў] – на слых вызначыць амаль немагчыма. Таму практычна, відаць, няма патрэбы іх размяжоўваць...

Гукі [о], [е], [а] пасля мяккіх зычных супадаюць у гуку [а] (арфаграфічна я) толькі ў першым складзе перад націскам:  [н’асу], [в’асло], [с’ало], [л’асы], [гл’адз’і]. Ва ўсіх іншых складах галосным [е], [о] адпавядае галосны  [е]: [с’ел’ан’ін], [вын’ес], [воз’ера], [пол’е], [прыйедз’е]. Галосны [а] тут можа быць толькі ў тых выпадках, калі ён узыходзіць да этымалагічнага [а]: пятачок, пяцярня, ляскатанне, лямантаваць і г.д.

Частка слоў дапускае вымаўленне [і] на месцы [е]: [н’ама] і [н’іма], [дз’ав’аты] і [дз’ів’аты], [дз’ас’аты] і [дз’іс’аты]».

Якое з гэтых сцвярджэнняў больш дакладнае?

 

32. Сярод фанетычных працэсаў у галіне зычных адрозніваюць пазіцыйныя змены, абумоўленыя пазіцыяй гука ў слове, і камбінаторныя змены, якія ўзнікаюць ад уплыву аднаго гука на другі. Пералічыце асноўныя працэсыў галіне зычных.

Запішыце па пяць прыкладаў-слоў з аглушэннем звонкіх зычных на канцы слова, у тым ліку па два прыклады з аглушэннем двух звонкіх зычных (накшталт: з:езд).

 

33. Што называецца асіміляцыяй? Прывядзіце прыклады на асіміляцыю поўную і няпоўную, рэгрэсіўную і прагрэсіўную, слоўную і міжслоўную.

 

34. Вызначце разнавіднасці асіміляцыі (па мяккасці, звонкасці, глухасці, шыпячых да свісцячых, свісцячых да шыпячых). Дайце разгорнутую характарыстыку асіміляцыі (поўная ці няпоўная, рэгрэсіўная ці прагрэсіўная, слоўная ці міжслоўная).

 

Адкрыццё, расчынены, абедзве, з журавін, абхапіць, скідкі, лічбіна, пад канец, перабежчык, без яго, арабскі, узмежжа, водсвет, у вазачцы, праходчык, экзотыка, вяселле, рыбка, мосцік, раздзел, збег, сведка, на кладцы, барзджэй, падчарка, рукзак, мозг, носчык, адсвечваць, з жахам, не парэжся, ад хаты, адказчык, без шуму, расчуліцца, паказчык, брусчатка, адцвісці, адценне, на палачцы, без сястры, з хлебам, следчы, ад цябе, над табой, свет, сучча, малацьбіт, з зімы, збярэшся, дождж, прыязджаць, футбол, праз жыта, хрэсьбіны, з людзьмі, экзотыка, сняданак, прынесці, злазьце, счарсцвелы, дранцвець.

 

35. Адзначце фанетычны працэс, які носіць назву сцяжэння гукаў (або кансанантнай кантракцыі).

 

Нарвежскі, свецкі, купецкі, гарадоцкі, галандскі, фламандскі, калужскі, выбаргскі, салдацкі, налібоцкі, дойлідскі, івянецкі, абхазскі, старасвецкі, старадарожскі, чэхаславацкі, галандскі, вынаходства, хараство, адвакацкі, княства, адэскі, крыжацкі, флоцкі, шатландскі, алеуцкі, глядацкі, каморніцкі, егіпецкі, асветніцкі, белавежскі, лабаранцкі, уніяцкі, кіргізскі, кар’ерысцкі, сілезскі, латышскі, абхазскі.

 

36. Раскажыце пра гістарычныя чаргаванні гукаў. Чым яны адрозніваюцца ад пазіцыйных і камбінаторных змен?

 

37. Адзначце гістарычныя чаргаванні галосных.

 

Сон – сне, шэсць – шосты, жую – жаваць, злую – злаваць, кіснуць – квас, замок – замыкаць – замкнуць, дзерці – здзіраць – задор, дзеці – дзіця, кую – каваць, клюю – кляваць, плысці – плаваць, везці – воз, псую – псаваць, падняць – паднімаць, памяць – успамін – успомніць – памінаць, семя – семянны, сухі – сохнуць – высыхаць, сную – снаваць, цкую – цкаваць, дрогнуць – дрыгва, роў – рыць, блеск – блішчаць, кашалёк – кашалька, пень – пня, свет – світаць, лезці – лазіць, плюю – пляваць, зімую – зімаваць, збіраць – збяру – збор – сабраць, замок – замыкаць – замкнуць, дух – дыхаць, гасцюю – гасцяваць, існую – існаваць, кую – падкова – падкоўваць, узяць – вазьму, мяць – мну, крошка – крышыць, гнаць – ганю, вітаць – ветлівы, вяжу – вузел, біць – бойка, бяру – браць.

 

38. Адзначце гістарычныя чаргаванні зычных.

 

Лавіць – лаўлю, любіць – люблю, друг – дружу, піск – пішчу, графіць – графлю, страх – страшыць, кляпаць – скляплю, плата – плачу, пісаць – пішу, хапаць – схаплю, чапаць – чаплю, вадзіць – ваджу, вазіць – важу, вуха – вушка, ламаць – ламлю, плаціць – плачу, крык – крычу, сухі – сушу, піск – пішчу, суд – суддзя, бераг – беражок, мех – мяшок, памагу – памажы, рука – руцэ, гарох – гаросе, рабіў – рабіла, славіць – слаўлю, насіць – нашу, рака – рэчка, клікаць – клічу, страх – страшыць, муха – мусе, галава – галоўка, казаць – кажу, карміць – кармлю, хадзіць – хаджу, карова – кароўка, касіць – кашу, рог – ражок, графіць – графлю, драмаць – драмлю, магу – можаш, глухі – глуш, гарох – гарошак, пускаць – пушчу, дзіва – дзіўлюся, гадаваць – гадоўля.

 

39. У якіх словах маем справу з гістарычнымі чаргаваннямі, а ў якіх – з пазіцыйнымі ці камбінаторнымі зменамі?

 

Прывыкаць – прывычка, іграць – адыграць, пілот – аб пілоце, клубок – клубкі, пісала – пісаў, сад – саджу, сыпаць – сыплю, берагі – беражок, касіць – касьба, неба – у небе, драбіць – драбленне, чысты – начышчаць, скрывіць – скрыўленне, збіраюся – збор, арэх – арэшнік, бабёр – бабровы, лёд – ледзяны, біць – б’ю – бой, белы – бялявы, развага – разважаць, доўга – даўжэй, смех – усміхацца, пагроза – пагражаць, кветкі – квяцісты, рака – рэчку, сасна – сасновы, дзвесце – двумстам, падысці – ісці, пяку – пячэш, рад – радок, дровы – дрывотня, збіраць – сабраць, сотня – сто, дзяжа – дзежка, сухі – сушэйшы, мёд – мядок, сяліцца – паселішча, імя – імёны, знімаць – зняць, Сцёпа – Сцяпан, квасіць – квашаная, выдумка – выдумляць, узнагарода – узнагароджаны, чытала – чытаў, пясок – пясчаны, стрэл – страляць, цвет – цвісці, просты – спрашчэнне.

 

40. Раскажыце пра гістарычнае чаргаванне [л] : [ў]. Паспрабуйце растлумачыць, чаму ў адных выпадках гэта чаргаванне адбылося (воўк, шоўк, чытаў), а ў другіх (стол, палка, галка, балкон, калгас)  [л] не пераходзіць у [ў].

 

41. Што вывучае фаналогія, калі яе разумець як раздзел фанетыкі? Што называецца фанемай? Якая розніца паміж фанемай як гукам мовы і алафонам як гукам маўлення? Праілюструйце гэта на якім-небудзь прыкладзе. Колькі фанем у беларускай мове, у тым ліку галосных і зычных? Якія існуюць разыходжанні пры аднясенні [ы], [ў], падоўжаных зычных да ліку фанем?

 

42. Раскажыце пра моцныя і слабыя пазіцыі фанем.  Адзначце фанемы, якія знаходзяцца ў моцнай пазіцыі.

 

1. Змайстравана вудв хвацка і найлепшым чынам: гнецца, слушнае, па-брацку вудаўё з ляшчыны. (В.З.) 2. Хмельная цяплынь накшталт паэтычнага ўздыму раптам напоўніла мае грудзі і сціснула пяшчотным борлем горла... (Д-М)

 

43. У фаналогіі адрозніваюць два тыпы фанем (дакладней – іх гукавых рэалізацый): варыянты і варыяцыі. «Вылучаюць таксама і асноўны алафон, які выступае ў моцнай пазіцыі і, такім чынам, з’яўляецца найменш пазіцыйна залежным» (В.І.Рагаўцоў).

Выдзеліце фанемы з уласцівымі ім варыянтамі  і варыяцыямі. Выкарыстоўвайце і тэрмін «асноўны алафон».

 

Каса – у касе, вада – воды – вадзе, рэчка – рака – ракі, казаць – казка, кніга – кнігі – кніг, горад – гарады, дом – у доме – дамы, малаціць – малацьба, дарога – дарогі – дарог, ножык – нажы – нож, воз – возам – на возе – вазы, том – тамы – у томе, лічыць – лічба, збор – збіраць.

 

44. У штотыднёвіку  «Літаратура і мастацтва» (1981. 5 чэрв.) пра тагачасны падручнік для 4 класа «Беларуская мова» Н.Шэўчыка і А.Амяльковіча гаварылася, што ў аўтараў падручніка свой уласны погляд на фанетычны разбор слова: «У многіх выданнях падручніка на прыкладзе разбору слова прыязджаць (у фанетычнай транскрыпцыі: прыйажджац’) паказваецца, як рабіць фанетычны аналіз, пры гэтым характарызуецца не гук  [ж], а [з]. Калі адна настаўніца звярнулася ў рэдакцыю часопіса «Народная асвета» з пытаннем, чаму ж гэта трэба характарызаваць гук [з], якога фактычна ў слове няма, адзін з аўтараў падручніка  растлумачыў (Народная асвета. – 1977, № 5, с. 54): «Нашы дзеці і без навукі гавораць правільна: горат, прозьба, маладзьба, лотка, прыяжджаць, а вось каб яны правільна пісалі  горад, просьба, малацьба, лодка, прыязджаць, іх трэба вучыць і вучыць, настойліва, штодзённа, сістэматычна... Вопытныя настаўнікі вучаць дзяцей не толькі трымацца правіл вымаўлення (арфаэпіі), але яшчэ ў большай ступені норм правапісу».

Дакажыце, што прыведзенае «растлумачэнне» няправільнае.  Што з’яўляецца непасрэдным аб’ектам фанетычнага аналізу: гукі ці літары?

 

45. Азнаёмцеся з рознымі пунктамі гледжання на падоўжаныя і падвоеныя зычныя і абгрунтуйце сваё меркаванне.

 

1. У падручніку для 4 класа «Беларуская мова» Н.Шэўчыка і А.Амяльковіча чытаем: «Падаўжэнне гукаў трэба адрозніваць ад падвыаення. Так, у слове каменне – адзін падоўжаны гук н, а ў слове каменны – два гукі (адно н карэннае, другое – суфіксальнае)». У поўнай адпаведнасці з гэтым настаўнік будзе патрабаваць ад вучняў, каб яны пры фанетычным аналізе слоў каменне і каменны вылучалі ў першым 6 гукаў, а ў другім – 7. Але ці так гэта?

У абодвух словах тут па 6 гукаў, прычым адзін з іх падоўжаны ці доўгі, які адрозніваецца ад звычайнага працягласцю вымаўлення. З фанетычнага пункту гледжання, калі мы характарызуем гукі слова, няма розніцы, ці падоўжаны гук (у слове каменне) утварыўся на месцы старажытнага спалучэння «зычны + й», ці ён узнік (у слове каменны) у працэсе словаўтварэння на мяжы дзвюх марфем.

З такімі падоўжанымі (падвойнымі) гукамі сустракаемся і ў словах смяецца, адзінаццаць, насценны, ванна, надта (вымаўляем: натта), мяккі, аддаць, бясшумна  (вымаўляем: бяшшумна), адчыніць (вымаўляем: аччыніць), вучышся (вымаўляем: вучысся) і г.д. У слове падчытчык 9 літар і 7 гукаў, у тым ліку два доўгія [ч] (Лепешаў І. Ці так вучым дзяцей? // Літаратура і мастацтва. 1981, 5 чэрв.).

2. Звычайна ў фанетыцы беларускай мовы адрозніваюць  п а д о ў ж а н ы я  і  п а д в о е н ы я зычныя. Пра падваенне гавораць тады, калі мяжа паміж марфемамі, адна з якіх з’яўляецца прыстаўкай або суфіксам, праходзіць такім чынам, што зычны падзяляецца на два аднолькавыя: з-заду, с-садзіць, ад-даць, камен-ны і г.д. У гэтым выпадку ніхто не сумняваецца, што фанетычна падоўжаныя зычныя трэба разглядаць як дзве фанемы.

 Што да падоўжаных, якія знаходзяцца на мяжы кораня і канчатка. То адны даследчыкі разглядаюць іх таксама як дзве фанемы, а іншыя лічаць асобнымі падоўжанымі фанемамі. Тут маюцца на ўвазе выпадкі, калі падаўжэнне ўзнікла на месцы былых спалучэнняў зычных (якія адносіліся да кораня) і [j] (які быў суфіксам): палоззе, насенне, калоссе, вуголле, жыццё, моладдзю, зацішша, збожжа, сучча. Такім жа чынам разглядаюцца падоўжаныя ў запазычаннях тыпу ванна, мекка, бонна,манна, а таксама ў некаторых уласна беларускіх словах, марфемная структура якіх у выніку гістарычных змен аказалася невыразнай (ссаць, ззяць, мяккі)...

Паколькі падоўжаныя зычныя з пункту погляду артыкуляцыі і акустыкі нічым не адрозніваюцца ад падвоеных, а апошня разглядаюцца як спалучэнне дзвюх фанем, узнікае магчымасць разглядаць і падоўжаныя зычныя як дзве фанемы...

Ва ўсіх выпадках фанетычна падоўжаныя зычныя варта разглядаць як спалучэнне дзвюх аднолькавых зычных фанем (Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. – Мінск, 1984. – С. 120-124).

3. У дапаможніку [«Фанетыка беларускай мовы» А.А.Крывіцкага і А.І.Падлужнага] даказана, што як пры марфалагічным падаўжэнні (на стыку марфем: ад-даць, камен-ны), так і пры фанетычным  (насенне, калоссе, мышшу) маем справу не з адной падоўжанай, а з дзвюма аднолькавымі зычнымі фанемамі. Думаецца, аднак, што пры фанетычным аналізе слова падоўжаныя зычныя, паколькі яны артыкуляцыйна і акустычна ўяўляюць сабой адзіны элемент, павінны кваліфікавацца як адзін доўгі гук, які з’яўляецца варыянтам дзвюх аднолькавых фанем (Лепешаў І.Я. Грунтоўнае апісанне фанетыкі // Народная асвета. 1986, № 6, с. 78-79).

4. У беларускай мове фанетычна (артыкуляцыйна і акустычна) могуць падаўжацца амаль усе зычныя... Такая якасць зычных (падоўжанасць / непадоўжанасць) можа адрозніваць словы і іх формы;  параўн.: па ле[с’]е і Пале[с’]е (па лесе і Палессе),  [ш]ыць і  [ш]ыць (шыць і сшыць),  [з’]яць і  [з’]яць, вара[н’]ё і вара[н’]ё і г.д. (Рагаўцоў В.І. Уводзіны ў мовазнаўства. – Магілёў, 2004. С. 57).

 

46. Схема  ф а н е т ы ч н а г а   а н а л і з у: 1) транскрыпцыя слова і падзел на склады; 2) колькасць складоў і месца націску; націск рухомы ці нерухомы; 3) характарыстыка складоў (паводле пачатку і канца); 4) характарыстыка гукаў і вызначэнне пазіцыйных і камбінаторных змен  (аканне, аглушэнне, асіміляцыя, падаўжэнне, сцяжэнне гукаў). Галосныя характарызуюцца паводле рада, пад’ёму, удзелу губ. Зычныя характарызуюцца паводле цвёрдасці-мяккасці, удзелу голасу і шуму, месца ўтварэння і спосабу ўтварэння.

У з о р: рэдкі [рэ-ткі] – двухскладовае слова з націскам на першым складзе; націск нерухомы; першы склад – прыкрыты, адкрыты; другі склад – прыкрыты, адкрыты.

Р – зычны гук (асноўны алафон фанемы [р] у моцнай пазіцыі), цвёрды (няпарны), санорны, язычны, пярэднеязычны, дрыжачы.

Э – галосны гук (асноўны алафон фанемы  [э] у моцнай пазіцыі), пярэдняга рада, сярэдняга пад’ёму, нелабіялізаваны.

Т – зычны гук (варыянт фанемы [д] у слабай пазіцыі – як вынік няпоўнай рэгрэсіўнай асіміляцыі па глухасці), цвёрды (парны), шумны, глухі (парны), язычны, пярэднеязычны, змычны.

К – зычны гук (варыяцыя фанемы [к’] у моцнай пазіцыі), мяккі (парны), шумны, глухі (парны), язычны, заднеязычны, змычны.

І – галосны гук (варыяцыя фанемы  [і] у слабай пазіцыі), пярэдняга рада, верхняга пад’ёму, нелабіялізаваны.

Зрабіце фанетычны аналіз слоў у сказах.

1. Сядзіць дзед Агей без шапкі на камені. Не мігаючы, глядзіць дзед на паплавок, на галачку хлеба, што гайдаецца на кручку ля самага дна. (Крап.) 2. Колькі ўжо стагоддзяў мова наша – косткаю ў горле розных каланізатараў краю. (М.Г.)