ПРАДМОВА
^ Вверх

ПРАДМОВА

 

У падрыхтоўцы спецыялістаў-юрыстаў вельмі важнае значэнне маюць пытанні ўзнікнення (генезіса) дзяржавы і права. У залежнасці ад адказу на гэтыя пытанні плануюцца не толькі акадэмічныя курсы па гісторыі і тэорыі дзяржавы і права, але без перабольшання і ўся сістэма навучальных планаў. Справа ў тым, што праблематыка паходжання дзяржавы і права мае міжгаліновы, комплексны характар. Яна з’яўляецца вельмі істотнай часткай фундаментальнай навучальнай дысцыпліны «Агульная тэорыя права», дзе складае своеасаблівы падмурак для высноў аб сутнасці дзяржавы і права і іх сацыяльным прызначэнні ў жыцці грамадства, а таксама навучальных курсаў па гісторыі дзяржавы і права Беларусі, гісторыі дзяржавы і права славянскіх дзяржаў, гісторыі дзяржавы і права замежных краін. Асобныя моманты паходжання дзяржавы і права, у прыватнасці, такіх яе інстытутаў, як падаткі, сацыяльныя зборы, бюджэт і іншыя, вывучаюцца і ў асобных спецыяльных юрыдычных дысцыплінах – права сацыяльнага забеспячэння, фінансавае права, падатковае права і г. д.

Разам з тым, нягледзячы на сваю значнасць, доўгі час у айчыннай юрыдычнай навуцы гэтыя пытанні разглядаліся без уліку тых дасягненняў, якія былі зроблены яшчэ ў дарэвалюцыйнай расійскай юрыдычнай навуцы, а таксама навукоўцамі іншых краін. Адпаведна, шматлікія навуковыя высновы не знаходзілі свайго адлюстравання ў навучальнай літаратуры. Усё гэта прыводзіла да таго, што праблематыка паходжання важнейшых сацыяльных інстытутаў грамадства – дзяржавы і права – асвятлялася павярхоўна, схематычна і не выходзіла за межы тых высноў, якія былі зроблены ў фундаментальных працах класікаў марксізма-ленінізма – Фрыдрыха Энгельса «Паходжанне сям’і, прыватнай уласнасці і дзяржавы» і У.І. Леніна «Дзяржава і рэвалюцыя». Растлумачыць гэта можна існаваўшымі ідэалагічнымі і палітычнымі прычынамі, сутнасць якіх у тым, што пры асвятленні праблематыкі паходжання дзяржавы і права ўлічваўся і прымаўся пад увагу толькі той факталагічны і тэарэтычна асэнсаваны навуковы матэрыял, які не пярэчыў вывадам, што былі зроблены ў марксісцкай літаратуры і не перашкаджаў абгрунтоўваць выключна класавую сутнасць дзяржавы і права і магчымасць іх адмірання пры пабудове сацыялізма і камунізма.

Сітуацыя карэнным чынам памянялася ў апошнія гады. Зніклі перашкоды і забароны палітыка-ідэалагічнага кшталту. У навучальнай літаратуры пачалі змяшчацца вялікія па аб’ёму раздзелы, у якіх праблемы паходжання дзяржавы і права асвятляюцца больш глыбока і падрабязна. Пры гэтым сам працэс фармавання дзяржаўна-арганізаванага грамадства стаў адлюстроўвацца ўсебакова, з улікам разнастайных меркаванняў, створаных раней канцэпцый і тэорый. Прыкладам тут можа быць акадэмічны курс у трох тамах «Общая теория государства и права» пад рэдакцыяй прафесара, доктара юрыдычных навук  М.Н.Марчанкі  М.Н., які ўбачыў свет у 2001 годзе ў Маскве, у выдавецтве «Зерцало- М».

Сёння, ва ўмовах глабалізацыі свету і інтэграцыі дзяржаўна-прававых утварэнняў, стала больш відавочна, чым гэта было раней, што шматлікія праблемы сучаснай дзяржаўнасці і сучаснага права сваімі каранямі ўзыходзяць да далёкай мінуўшчыны. Гэта тычыцца такіх праблем, як сутнасць і прызначэнне дзяржавы ў жыцці грамадства, суадносіны агульнасацыяльнага і вузкакласавага ў дзейнасці дзяржавы, суадносіны дзяржаўнай улады і механізма дзяржавы, месца і ролі дзяржаўнай улады сярод іншых формаў сацыяльнай улады і г. д. Шматлікія пытанні функцыянавання права і яго ўздзеяння на грамадскія адносіны, як высвятляецца, таксама ўзыходзяць сваімі каранямі да тых сацыяльных нарматыўных рэгулятараў, якія існавалі ў далёкай мінуўшчыне.

Адметнай з’явай і адначасова паказчыкам пераменаў у асвятленні праблемаў паходжання дзяржавы і права з’явіўся навучальны дапаможнік Т.В. Кашанінай «Происхождение государства и права: современные трактовки и новые подходы», які быў выдадзены ў г. Маскве ў выдавецтве «Юрист» у 1999 годзе. Фактычна ўпершыню ў расійскай і беларускай юрыдычнай навуцы пытанні паходжання дзяржавы і права разгледжаны ў дадзеным навучальным дапаможніку з улікам найноўшых дасягненняў сучаснай, у тым ліку і  юрыдычнай навукі. Разам з тым далёка не ўсе пытанні і праблемы асветлены і раскрыты аўтарам з дастатковай паўнатой і глыбінёй. Сустракаюцца і даволі спрэчныя палажэнні. Але галоўнае, аднак, не ў гэтым. Для даследавання, зробленага расійскім навукоўцам, цалкам натуральнай выглядае сітуацыя, калі праблематыка паходжання расійскай дзяржавы і расійскага права пераважае. Дастаткова сказаць толькі аб тым, што паходжанню расійскай дзяржавы, высвятленню яе цывілізацыйных асаблівасцяў прысвечана асноўная частка дапаможніка.

Але сёння мы добра ведаем, што беларусы маюць сваю шматвекавую дзяржаўнасць, і таму інтарэсы ўласна беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці не павінны забывацца пры вывучэнні і асвятленні праблемаў паходжання дзяржавы і права. Гэта тычыцца як выкарыстання гістарычнага і факталагічнага матэрыялу пры падрыхтоўцы спецыялістаў-юрыстаў, так і абагульненняў агульнатэарэтычнага характару. Трэба мець на ўвазе, што гісторыя нашай дзяржаўнасці, нашай прававой сістэмы павінна быць разгледжана ў кантэксце не толькі гісторыі расійскай дзяржавы, але і ў кантэксце гісторыі еўрапейскай і сусветнай супольнасці. Толькі так, паступова, крок за крокам, разглядаючы адну праблему за другой праз прызму сваіх нацыянальных інтарэсаў, мы здолеем пабудаваць сваю адметную, скіраваную на ўласныя нацыянальныя інтарэсы, гісторыю дзяржавы і права і сфармаваць уласна беларускую тэорыю дзяржавы і права.

І, нарэшце, апошняе. Пры вывучэнні пытанняў паходжання дзяржавы і права трэба мець на ўвазе наступнае. Гуманітарныя навукі навучыліся шырока выкарыстоўваць дасягненні навукова-тэхнічнага прагрэсу, асабліва ў частцы выкарыстання новых метадаў даследавання, што дазволіла ім у ХХ стагоддзі значна пашырыць поле навуковага даследавання і зазірнуць у мінулае чалавецтва на некалькі тысячагоддзяў глыбей. У гэтай сувязі А.Б. Венгераў і Н.С. Барабашава слушна заўважылі, што ў параўнанні з ХІХ стагоддзем, калі гістарычныя веды аб развіцці грамадства ахоплівалі прыкладна 3 тысячы гадоў, а ўсё астатняе, што было да гэтага часу, азначалася як перадгісторыя (з-за адсутнасці пісьмовых і іншых надзейных крыніц), у ХХ стагоддзі гісторыя многіх рэгіёнаў стала, дзякуючы навуковым знаходкам і адкрыццям, налічваць 10-12 тысяч гадоў. Акрамя гэтага, калі для ХІХ стагоддзя характэрным быў, у асноўным, еўропацэнтрычны погляд на гісторыю, то ў ХХ стагоддзі ў арбіту навуковага асэнсавання трапіла гісторыя ўсіх рэгіёнаў зямнога шара[1].

Няма ніякага сумнення ў тым, што звесткі аб гісторыі чалавецтва будуць пашырацца і папаўняцца, а таму будуць удакладняцца пэўныя высновы і пашырацца веды, у тым ліку і аб паходжанні дзяржаўна-арганізаванага грамадства і яго прававой сістэмы. А калі гэта так, то праблематыка паходжання дзяржавы і права не можа быць асветлена раз і назаўжды. З атрыманнем новых звестак з мінулага жыцця, археалагічных, антрапалагічных і этнаграфічных звестак і ведаў, мы вымушаны будзем усёй логікай развіцця навукі раз за разам вяртацца да гэтай, можна сказаць «вечнай», праблематыкі.

 


[1] Венгеров А.Б., Барабашева Н.С. Нормативная система и эффективность общественного производства. М., 1985. С. 253.