ГЛАВА 2 ПАХОДЖАННЕ ДЗЯРЖАВЫ
^ Вверх

 ГЛАВА 2

 

ПАХОДЖАННЕ ДЗЯРЖАВЫ

 

1. Неалітычная рэвалюцыя – перадумова ўзнікнення дзяржавы. 2. Паходжанне дзяржавы; прыметы дзяржавы, якія адрозніваюць яе ад першабытнага грамадства. 3. Асноўныя шляхі, агульныя заканамернасці і формы паходжання дзяржавы. 4. Паходжанне дзяржавы на Усходзе. 5. Паходжанне дзяржавы ў Афінах 6. Узнікненне дзяржавы ў Рыме. 7. Узнікненне дзяржавы ў франкаў (германскага народа). 8. Узнікненне дзяржавы шляхам «запрашэння на княжэнне»

 

Дзяржава – з’ява гістарычная. Сучасныя навуковыя даследаванні даюць падставы сцвярджаць, што першыя дзяржаўныя ўтварэнні ўзніклі ў Азіі і Афрыцы прыкладна на рубяжы чацвёртага і трэцяга тысячагоддзяў да Н.Х., у Амерыцы – у першым тысячагоддзі да Н.Х, а ў іншых рэгіёнах яшчэ пазней[1]. Гэта пацвярджаецца антрапалагічнымі, археалагічнымі, гістарычнымі і сацыяльнымі даследаваннямі. Дзяржава ўзнікае натуральна–гістарычным шляхам у выніку пэўных пераўтварэнняў, што адбыліся ў эканамічнай і сацыяльнай сістэмах грамадства, у арганізацыі кіравання грамадствам і ажыццяўленні ўлады, уласцівых першабытнаму грамадству і якія былі разгледжаны ў главе 1 навучальнага дапаможніка.

 

1. Неалітычная рэвалюцыя – перадумова ўзнікнення дзяржавы.

Важнай вехай у станаўленні дзяржаўна-арганізаванага грамадства (дзяржавы) з’явілася неалітычная рэвалюцыя (10-15 тыс. г. да н. э.). Неалітычная рэвалюцыя як бы праводзіць своеасаблівую мяжу паміж «класічным» першабытным грамадствам, якое існавала тысячагоддзі, і тым грамадствам, якое мы называем дзяржаўна-арганізаваным, альбо дзяржавай. У нейкім сэнсе слова неалітычную рэвалюцыю і тыя сацыяльна-эканамічныя працэсы, якія адбываліся падчас яе, мы можам разглядаць у якасці заключнай фазы існавання першабытнага грамадства. З другога боку, усё, што адбывалася ў гэты перыяд, стварала, з пункту гледжання сённяшняга дня, усе неабходныя перадумовы для таго, каб узнікла дзяржава.

Тэрмін «неалітычная рэвалюцыя» ўпершыню ўвёў у навуку англійскі вучоны Г. Чайлд[2]. Пад неалітычнай рэвалюцыяй Г. Чайлд разумеў той якасны пераварот, які адбыўся ва ўсіх сферах жыцця чалавека пры пераходзе ў неаліце ад прысвойваючай да вытворчай эканомікі, г. зн. ад палявання, рыбалоўства і
збіральніцтва да земляробства і жывёлагадоўлі. Гэты пераход пачаўся ў розных рэгіёнах Зямлі (Бліжні Усход, Месапатамія) прыблізна 10–12 тысяч гадоў таму і заняў некалькі тысячагоддзяў.

Сутнасць гэтага пераходу зводзіцца да таго, што чалавек ад прысваення гатовых, дадзеных прыродай раслінных і жывёльных форм, перайшоў да сапраўднай працоўнай дзейнасці, якая была скіравана на пераўтварэнне прыроды і вытворчасць ежы, утварэнне новых раслінных і жывёльных форм. Зразумела, на працягу доўгага часу суіснавалі паляванне, рыбалоўства, збіральніцтва, архаічныя формы земляробства і жывёлагадоўлі. Аднак паступова, крок за крокам, земляробства (падсечна-агнявое, непаліўное і паліўное, у тым ліку і ірыгацыйнае) і жывёлагадоўля (выганная, адгонная, а затым і качавая) сталі адыгрываць асноўную эканамічную ролю ў жыцці грамадства[3].

Такім чынам, у ходзе неалітычнай рэвалюцыі чалавецтва ад эканомікі, заснаванай на выкарыстанні натуральных форм расліннага і жывёльнага свету, перайшло да вытворчай эканомікі, эканомікі актыўнага ўмяшання чалавека ў навакольнае асяроддзе з дапамогай новых, больш дасканалых сродкаў вытворчасці і прыладаў працы. Гэтыя перамены ў вытворчым жыцці грамадства садзейнічалі росту вытворчасці працы, з’яўленню лішкавага прадукта. На думку Г. Чайлда, гэтая рэвалюцыя выратавала чалавецтва як біялагічны від ад вымірання ў часы экалагічнага крызісу і вымірання мегафауны – мамантаў, насарогаў і г. д.

Неалітычная рэвалюцыя прывяла да значных пераменаў у сацыяльным жыцці першабытнага грамадства, істотна памяняла яго сацыяльную структуру. З’яўленне ў жыцці першабытнага грамадства новых відаў чалавечай, перш-наперш вытворчай, дзейнасці запатрабавала спецыялізацыі асобных груп людзей на іх выкананні. А гэта прывяло да фармавання ў грамадстве асобных сацыяльных груп, якія вылучаліся з супольнасці наяўнасцю адметных «прафесійных» і сацыяльных інтарэсаў. Такім чынам, у выніку неалітычнай рэвалюцыі сацыяльная структура першабытнага грамадства значна ўскладнілася.

Акрамя гэтага, вытворчая эканоміка, якая аб’ектыўна прывяла да далейшага падзелу грамадскай працы, значна ускладніла і задачы па арганізацыі вытворчасці і кіраванню вытворчымі працэсамі. Яна прывяла да з’яўлення новых, невядомых раней, кіраўнічых функцый. Са складу супольнасці ўжо ў гэты час пачынаюць выдзяляцца групы арганізатараў вытворчасці, групы людзей, якія вялі ўлік працы і ажыццяўлялі кантроль за выкананнем працоўных функцый.

У выніку неалітычнай рэвалюцыі ў розных рэгіёнах зямнога шара адбыўся росквіт раннеземляробчых культур, вынікам развіцця якіх з’явілася ўзнікненне першых цывілізацый і былі фактычна створаны ўсе неабходныя перадумовы для фармавання дзяржаўна-арганізаванага грамадства.

 

2. Паходжанне дзяржавы; прыметы дзяржавы, якія адрозніваюць яе ад першабытнага грамадства.

Значныя змяненні ва ўсіх сферах грамадскага жыцця адбыліся пасля трох буйных падзелаў грамадскай працы, якія па сваёй сутнасці азначалі з’яўленне ў жыцці першабытнага чалавека спецыялізацыі ў вытворчай дзейнасці. Прычым на першасных этапах спецыялізацыя мела хутчэй за ўсе стыхійны характар і была абумоўлена прыроднымі (геаграфічнымі і кліматычнымі) ўмовамі існавання асобных родаў і плямёнаў. Першы падзел грамадскай працы – аддзяленне жывёлагадоўлі ад земляробства, другі – аддзяленне рамяства ад земляробства, трэці – адасабленне групы людзей, якія сталі займацца гандлем таварамі, – гандляроў.

За даўнасцю гадоў вельмі цяжка з усёй падрабязнасцю прасачыць працэсы станаўлення адзначаных буйных падзелаў грамадскай працы. Найбольш абгрунтаванай версіяй таго, як адбываліся гэтыя працэсы, нам уяўляецца канцэпцыя Ю. Ліпса, які выказаў меркаванне аб тым, што менавіта народы-збіральнікі ўраджаю, хутчэй за ўсё, валодалі неабходнымі перадумовамі для развіцця земляробства і жывёлагадоўлі, таму што гэтая форма прысвойваючай гаспадаркі была найбольш прагрэсіўнай, а найбольш спрыяльныя ўмовы для такога пераходу былі ў Паўднёвай і Цэнтральнай Азіі. На думку Ю. Ліпса, вынаходніцтва земляробства з’яўляецца заслугай жанчыны, бо яна ва ўмовах прысвойваючай эканомікі забяспечвала сям’ю расліннай ежай, а таму магла правесці ў жыццё новае вынаходніцтва. У той жа самы час мужчыны працягвалі займацца паляваннем[4].

Непасрэдным следствам трох буйных падзелаў грамадскай працы сталася якасная маёмасная няроўнасць сярод людзей, сутнасць якой у тым, што пэўныя групы насельніцтва пачынаюць спецыялізавацца выключна (альбо пераважна) на нейкім адным відзе вытворчай дзейнасці, яны як бы «манапалізуюць» пэўную вытворчую дзейнасць, фармуецца спецыялізацыя вытворчасці. З аднаго боку, яна садзейнічае значнаму павышэнню вытворчасці працы, а з другога – натуральна прыводзіць да тавараабмену. Прычым у выніку першага буйнога падзелу грамадскай працы, што адбыўся пераважна паміж рознымі родамі і плямёнамі, складваецца рэгулярны міжродавы і міжпляменны тавараабмен, другі буйны падзел грамадскай працы садзейнічае пранікненню сістэматычнага тавараабмену непасрэдна ў род і племя. Усё гэта непазбежна прыводзіць да колькаснай маёмаснай няроўнасці спачатку паміж родамі і плямёнамі, а пасля і ўнутры іх. Адбываецца пераразмеркаванне лішкавага прадукта на карысць найбольш уплывовых груп насельніцтва, асобных сем’яў, старэйшын, военачальнікаў, жрацоў, так званай «родавай арыстакратыі». Да таго ж рэгулярны тавараабмен лагічна прыводзіць да перамешвання насельніцтва, бо людзі рухаюцца разам з таварамі. На месцы адносна замкнутай родавай абшчыны фармуецца тэрытарыяльная суседская абшчына.

Заканамерным вынікам адзначаных працэсаў, якія доўжыліся тысячагоддзі, стала фармаванне якасна новага, у параўнанні з першабытным, грамадства, якое мы называем дзяржаўна-арганізаваным, або, скарочана, дзяржавай.

У гэтым грамадстве пануюць якасная і колькасная маёмасная няроўнасці, а значыць існуе  і сацыяльная напружанасць (у тым ліку і барацьба) паміж багатымі і беднымі.У гэтым грамадстве няма адзіных для супольнасці багоў, ідалаў, культаў, бо побач пражываюць прадстаўнікі розных родаў і плямёнаў. А значыць у гэтым грамадстве ўжо не можа існаваць першабытная сістэма кіравання,ажыццяўлення ўлады, бо нельга ва ўмовах існавання розных, часта супярэчлівых інтарэсаў людзей і іх груповак знайсці «агульную мову», агульны аўтарытэт, прыняць рашэнне, якое б задавальняла ўсю супольнасць. Ды і ажыццяўляць кіраванне супольнасцю на «грамадскіх пачатках» немагчыма. Кіраванне пераўтвараецца ў самастойную складаную функцыю грамадства, якаяпатрабуе пэўнай кваліфікацыі, пэўнага часу і пэўнага матэрыяльнага забеспячэння тых, хто яе ажыццяўляе.

Дзяржаўна-арганізаванае грамадства (дзяржава) адрозніваецца ад першабытнага грамадства наступнымі прыметамі.

1. Гэта сацыяльна-неаднароднае грамадства, у якім побач суіснуюць самыя розныя групы людзей, занятыя разнастайнымі відамі чалавечай дзейнасці, са сваімі часта супрацьлеглымі інтарэсамі. Задавальняючы свае інтарэсы і інтарэсы іншых груп і індывідаў, людзі ўступаюць у розныя грамадскій адносіны паміж сабой. Інтарэсы, галоўнымі сярод якіх з’яўляюцца матэрыяльныя, аб’ядноўваюць іх у супольнасць, нейкае адзінае цэлае, і гэтыя ж самыя інтарэсы ніколі не аб’яднаюць іх, не прывядуць да аднолькавага, аднастайнага міраўспрымання і дзеяння.

2. Гэта грамадства, у якім усе індывіды падзяляюцца перш-наперш па тэрыторыі пражывання. Прыналежнасць да роду, племені, якое ў першабытным грамадстве мела першаснае значэнне для індывіда, вызначала яго ролю і месца ў вытворчым працэсе і размеркаванні матэрыяльных каштоўнасцяў, адсоўваецца на другое і трэцяе месцы па значнасці сярод сацыяльных сувязяў. Ва ўмовах сацыяльна-неаднароднага грамадства і фармавання першабытнай суседскай абшчыны родавыя сувязі не маюць свайго ранейшага значэння ў вытворчым працэсе і размеркаванні прадуктаў працы. Яны не аказваюць ранейшага ўплыву на сацыяльнае становішча асобы.

Падрабязна прааналізаваўшы ход і значнасць рэформаў Клісфена, Арыстоцель надаваў мерам па перамешванню насельніцтва выключнае значэнне пры ўсталяванні, як ён пісаў, новага віду дэмакратыі (а фактычна– дзяржаўна-арганізаванага грамадства. – М.С.) і падкрэсліваў, што калі нехта жадае ўстанавіць дэмакратычны лад, то яму трэба «… устраивать новые филы и фратрии и притом в большем числе; частные культы надо объединять в небольшое количество и делать их общественными; словом, надо придумывать все средства, чтобы все как можно более перемешались между собой, а в то же время чтобы прежние объединения были
разбиты»[5].

3. Гэта грамадства, у якім фармуецца якасна новая, у параўнанні з першабытным грамадствам, сістэма кіравання, ажыццяўлення ўлады. Кіраванне і ўлада, як мы ведаем, існавалі і ў першабытным грамадстве. Але там яны выражалі, па-першае, інтарэсы ўсёй супольнасці, а па-другое – яны не выдзяляліся з грамадства ў самастойную функцыю, якая б патрабавала для выканання асобнай групы людзей. Іншая справа – кіраванне і ўлада ў новых умовах. Яны проста не ў стане выражаць і задавальняць у роўнай меры інтарэсы ўсіх індывідаў, іх груп, бо гэтыя інтарэсы не супадаюць. Для ажыццяўлення ўлады і кіравання, што выдзяляюцца ў самастойную функцыю супольнасці, фармуецца асобная група людзей, якія прафесійна займаюцца кіраваннем супольнасцю. Для ажыццяўлення ўлады і кіравання ўтвараецца асобны апарат кіравання – органы дзяржавы і дзяржаўныя ўстановы, якія надзяляюцца ўладнымі паўнамоцтвамі.

4. Гэта грамадства, ажыццяўленне ўлады і кіравання ў якім патрабуе матэрыяльна-фінансавага забеспячэння. Паколькі дзяржаўны апарат ніякай вытворчай дзейнасцю не займаецца, яго патрэбна ўтрымліваць за кошт сродкаў супольнасці. Сродкі гэтыя збіраюцца з насельніцтва ў выглядзе падаткаў і іншых збораў. Карамзін так апісвае эпізод збору даніны: «… и Князь, при наступлении осени… отправился в землю Древлян, и забыв, что умеренность есть добродетель власти, обременил их тягостным налогом…Еще недовольный взятою им данию, он вздумал отпустить войско в Киев, и с частью своей дружины возвратиться к Древлянам, чтобы требовать новой дани. Послы их встретили его на пути, и сказали ему: «Князь! Мы все заплатили тебе: для чего же опять идешь к нам ?» Ослепленный корыстолюбием, Игорь шел далее… Тогда отчаянные Древляне, видя – по словам Летописца – что надобно умертвить хищного волка, или все стадо будет его жертвою, вооружились под начальством князя сваего, именем Мала; вышла из Коростеня, убили Игоря со всею дружиною…»[6].

Няма нічога дзіўнага ў тым, што любая дзяржава імкнулася ўсталяваць дасканалую сістэму падаткаў і збораў. У старажытнаіндыйскім палітыка-прававым помніку «Артхашастра» падрабязна рэгламентуюцца віды і памеры разнастайных падаткаў і даюцца рэкамендацыі філасофска-этычнага характару, кшталту: «Подобно тому как один спелый плод за другим собирают из сада, должен (государь) собирать со своего государства… Но из боязни пострадать самому он не должен собирать неспелые плоды, так как это вызвало бы беспорядки»[7]. На жаль, князь Ігар, хутчэй за ўсё, не быў знаёмы з усходняй мудрасцю Артхашастры.

Толькі ў сукупнасці вышэйазначаныя прыметы дазваляюць адрозніць дзяржаўна-арганізаванае грамадства (дзяржаву) ад першабытнага, бо ў іх у канцэнтраваным выглядзе ўтрымліваюцца ўсе найбольш істотныя рысы дзяржавы. Разам з тым у навуковай і вучэбнай літаратуры дзяржаву разумеюць у больш вузкім сэнсе слова, зводзяць яе практычна да якасна новай сістэмы кіравання, ажыццяўлення ўлады ва ўмовах сацыяльна неаднароднага грамадства. У метадалагічных адносінах такі падыход нельга прызнаць правільным. Справа ў тым, што кіраванне і ўлада як самастойныя функцыі супольнасці абумоўліваюцца ўсёй сістэмай сацыяльна-эканамічных адносін, развіваюцца і змяняюцца пад іх уплывам. У адрыве ад іншых бакоў супольнага існавання кіраванне і ўлада не існуюць. Сутнасць іх можа быць даследавана толькі пры ўмове шырокага сацыяльнага падыходу.

Разам з тым, у вучэбных мэтах звужэнне паняцця дзяржавы да асаблівай сістэмы кіравання і ўлады ва ўмовах сацыяльна-неаднароднага грамадства не можа выклікаць нараканняў. Важна пры гэтым захаваць разуменне сутнасці з’явы пад назвай «дзяржава».

 

3. Асноўныя шляхі, агульныя заканамернасці і формы паходжання дзяржавы.

Працэс фармавання дзяржаўна-арганізаванага грамадства быў супярэчлівым, працяглым у часе, зведаў свае ўзлёты і падзенні. Справа ў тым, што новае грамадства мела адначасова як станоўчыя, так і адмоўныя рысы. Абумоўлены трыма грамадскімі падзеламі працы рост вытворчасці працы і ўзрастанне матэрыяльнага дабрабыту грамадства, з’яўленне асобнай прафесійнай групы кіраўнікоў сацыяльнымі працэсамі, безумоўна, былі станоўчымі асаблівасцямі новага грамадства. Разам з тым, канцэнтрацыя багацця ў руках толькі пэўнай часткі насельніцтва, з’яўленне часта «крывавых» супярэчнасцяў паміж багатымі і беднымі, выкарыстанне прафесійнымі кіраўнікамі асобнай публічнай улады ў сваіх асабістых інтарэсах не маглі не выклікаць незадаволенасці з боку народа. Гэтыя абставіны падштурхоўвалі народ да таго, каб «адмовіцца» ад дзяржаўна-арганізаванага грамадства (дзяржавы) і зноў вярнуцца ва ўлонне старых, бездзяржаўных парадкаў.

Адной з вядомых нам спроб своеасаблівай контррэвалюцыі можна лічыць рэформы спартанскага кіраўніка Лікурга, якія надзвычай ярка апісаны Плутархам[8].

Створаны Лікургам Савет старэйшын (герусіі) быў, па вобразнаму выразу Платона, «якарам выратавання» і прынёс грамадству ўнутраны мір, бо ён знаходзіўся паміж народам і царскай уладай і як бы ўраўнаважваў іх, стрымліваў царскую (дзяржаўную) ўладу ад яе памкненняў пашырыць свае межы. І калі жонка Лікурга стала папракаць яго за тое, што ён перадаў сваім дзецям меншую ўладу, чым атрымаў сам, то ён адказаў: «Так, меньшую, але затое больш трывалую»[9]. Другім не менш значным і смелым крокам Лікурга ў барацьбе з адмоўнымі рысамі і праявамі
дзяржавы быў падзел ім зямель. Жадаючы знічтожыць дзве самыя старыя і небяспечныя хваробы дзяржаўнага арганізма – беднасць і багацтва – ён пераканаў народ адмовіцца ад валодання зямлёй на карысць дзяржавы, а затым зрабіць яе новы перадзел і жыць усім на роўных умовах, аддаўшы перавагу маральным якасцям людзей.

І, нарэшце, каб канчаткова знішчыць маёмасную няроўнасць і несуразмернасць – галоўны падмурак дзяржаўна-арганізаванага грамадства – ён паспрабававаў нанесці галоўны ўдар па яго прычынах, якія справядліва бачыў у развіцці таварна-грашовых адносінаў. Лікург паспрабаваў зрабіць гэта шляхам забароны прымяняць залатую і сярэбраную манеты, загадаўшы выкарыстоўваць толькі жалезныя грошы. Дзякуючы гэтаму мерапрыемству ў Спарце зніклі многія злачынствы і непатрэбныя рамёствы.

У юрыдычнай літаратуры было сфармулявала палажэнне, згодна з якім у гісторыі чалавецтва існавалі па меншай меры два спосабы, альбо (больш правільна) два шляхі ўзнікнення дзяржаўна-арганізаванага грамадства (дзяржавы): «дзяржава-ўласнасць» і «дзяржава-ўлада»[10].

Першы шлях фармавання дзяржаўна-арганізаванага грамадства заснаваны на тым, што пасля ўдасканалення сродкаў вытворчасці і пасля паступовага пераходу ад калектыўнай да прыватнай уласнасці спатрэбілася новая каардынуючая і рэгулюючая структура, якая б ва ўмовах узаемнага абмену матэрыяльнымі каштоўнасцямі і ўскладнення эканамічных сувязяў паміж вытворцамі змагла пастаянна і прафесійна займацца рэгуляваннем і ўладкаваннем ускладніўшагася грамадскага жыцця. Менавіта такой структурай і стала дзяржава. Прычым дзяржаўнымі служачымі, як правіла, станавіліся самыя багатыя і самыя знатныя людзі ці іх прадстаўнікі. У гэтых умовах галоўным прызначэннем дзяржавы была абарона інтарэсаў прыватных уласнікаў.

Такі шлях узнікнення дзяржавы быў у асноўным характэрны для Заходняй Еўропы.

Другі шлях фармавання дзяржавы меў месца ў асноўным у рэгіёнах Азіі і Афрыкі. Заснаваны ён на тым, што яшчэ задоўга да з’яўлення ў жыцці грамадства прыватнай уласнасці з супольнасці заканамерна выдзеліўся асобны слой людзей, якія павінны былі выконваць неабходныя для грамадства агульныя функцыі, што патрабавалі прымянення прымусу. І толькі значна пазней у грамадстве адбываецца маёмасная дыферэнцыяцыя на падставе сацыяльнага статуса асобы. Месца той ці іншай асобы ў апараце кіравання супольнасцю і вызначала маёмаснае яе становішча. Так, праз «прыватызацыю» функцыі кіравання у грамадстве паступова адбыўся падзел на багатых і бедных, пераход ад калектыўнай да прыватнай уласнасці.

Такім чынам, два шляхі ўзнікнення дзяржавы розняцца паміж сабой пачатковай кропкай пры ўзнікненні асобнага апарату кіравання (дзяржавы). У першым выпадку асобны апарат кіравання ўзнікае ў выніку заканамерных трансфармацый у грамадстве пасля ўзнікнення прыватнай уласнасці. А другі шлях заснаваны на тым, што спачатку фармуецца апарат кіравання, функцыянаванне якога прыводзіць да маёмаснай няроўнасці ў грамадстве і да трансфармацыі апарату кіравання ў апарат дзяржавы.

Т.В. Кашаніна імкнецца абгрунтаваць розніцу паміж акрэсленымі шляхамі розніцай у прыродных (геаграфічных і кліматычных) умовах[11]. Нельга не пагадзіцца з тым, што прыродныя ўмовы існавання чалавека ўплывалі на працэсы фармавання дзяржаўна-арганізаванага грамадства. Але на станаўленне дзяржавы ўздзейнічалі і іншыя,  не менш значныя фактары. Прычым гэтая акалічнасць прывяла да таго, што практычна кожнае з вядомых нам дзяржаўна-арганізаваных грамадстваў ўзнікала сваім адметным і непаўторным шляхам. Як няма абсалютна тоесных людзей, так у гісторыі не было аднолькавых шляхоў узнікнення дзяржавы. Нават у адных і тых жа прыродна-кліматычных умовах узнікненне дзяржаўна-арганізаваных супольнасцяў часта вельмі адрознівалася. Усё гэта дае падставы сцвярджаць аб тым, што нельга зводзіць складаны працэс фармавання дзяржавы да двух акрэсленых вышэй шляхоў. Іх можна разглядаць у якасці своеасаблівых вектараў у дзяржаваствараючай дзейнасці народаў, маючы пры гэтым на ўвазе тое, што ў кожнага з гістарычных і зараз існуючых народаў дзяржава ўтвараецца сваім, адметным, непаўторным шляхам.

Разам з тым, палажэнне аб непаўторным абліччы і паходжанні кожнага з гістарычных дзяржаўных утварэнняў не адмяняе зробленай даследчыкамі высновы аб тым, што ўзнікненне дзяржаўна-арганізаванага грамадства падпарадкоўваецца (ці праходзіць) шэрагу паслядоўных, узаемазвязаных і абумоўленых стадый, нейкім агульным заканамернасцям. Да іх ліку можна аднесці: а) буйныя грамадскія падзелы працы і фармаванне якаснай маёмаснай няроўнасці; б) фармаванне лішкавага прадукту і развіццё рэгулярнага тавараабмену; в) фармаванне колькаснай маёмаснай няроўнасці, супрацьлеглых і супярэчлівых інтарэсаў і сацыяльнай напружанасці ў грамадстве; г) фармаванне тэрытарыяльнай абшчыны; д) фармаванне не супадаючай з грамадствам асобнай сістэмы кіравання, ажыццяўлення ўлады.

Усе гэтыя стадыі (агульныя заканамернасці) маюць надзвычай важнае значэнне і прысутнічаюць пры ўтварэнні ўсіх вядомых нам дзяржаўна-арганізаваных грамадстваў. Разам з тым трэба асабліва падкрэсліць значэнне такой стадыі (ці фазы), як з’яўленне лішкавага прадукту, якая без перабольшання мае ключавое значэнне ў разуменні фармавання дзяржавы. Менавіта са з’яўленнем у выніку папярэдняга развіцця грамадства, у выніку падзелаў грамадскай працы і росту яе прадукцыйнасці лішкавага прадукту сталі магчымымі рэгулярны тавараабмен і пераразмеркаванне лішкавага прадукту на карысць таваравытворцаў, альбо з’явілася магчымасць пераразмеркаваць лішкавы прадукт, абапіраючыся на апарат кіравання ці шляхам вайны і рабунку. Лішкавы прадукт, такім чынам, – такое звяно ў фармаванні дзяржавы, якая асабліва яскрава ўвасабляецца ў асобным апараце кіравання (улады), з якога пачынаецца «тэхналагічны» працэс фармавання дзяржавы і вакол якога разгортваюцца ўсе дзяржавастваральныя падзеі.

Паслядоўнасць азначаных стадый у фармаванні дзяржавы можа быць рознай, часта яна можа мяняцца. Напрыклад, для фармавання «дзяржавы-ўлады» характэрна спачатку ўтварэнне не супадаючай з грамадствам асобнай сістэмы кіравання, манапалізацыя гэтай функцыі групай людзей, а затым выкарыстанне гэтай сістэмы кіравання для пераразмеркавання лішкавага прадукту на сваю карысць і з’яўлення затым у грамадстве колькаснай маёмаснай няроўнасці, супрацьлеглых інтарэсаў і сацыяльнай напружанасці, што ў сваю чаргу садзейнічае трансфармацыі ўлады і сістэмы кіравання. Але як бы адзначаныя стадыі ні мянялі адна другую, усе яны абавязкова прысутнічаюць пры фармаванні дзяржавы і абавязкова ключавое значэнне сярод іх займае працэс фармавання лішкавага прадукту.

Кожная з дзяржаў узнікала ў пэўных канкрэтных, непаўторных сацыяльна-эканамічных, прыродных (геаграфічных і кліматычных) умовах. Пры гэтым на працэсы  фармавання  дзяржаўна-арганізаваных супольнасцяў уздзейнічалі самыя разнастайныя сілы (фактары) як унутранага, так і знешняга характару.  Усё гэта прыводзіла да таго, што агульныя заканамернасці паходжання дзяржавы дзейнічалі як нейкая тэндэнцыя, але праяўляліся ў непаўторных формах. Накопленыя сучаснай навукай звесткі аб паходжанні дзяржаўных утварэнняў у самых розных рэгіёнах Зямлі дазваляюць выдзеліць найбольш распаўсюджаныя, тыповыя формы паходжання дзяржавы: на Усходзе, у Афінах, у Рыме, у франкаў (германскага народа), узнікненне дзяржавы шляхам «запрашэння на княжэнне». У святле сказанага аб ролі лішкавага прадукту ў фармаванні дзяржаўна-арганізаванага грамадства можна выказаць меркаванне аб тым, што і формы паходжання дзяржавы шмат у чым вызначаюцца характарам размеркавання і пераразмеркавання лішкавага прадукту.

 

4. Паходжанне дзяржавы на Усходзе.

Сучасная гістарычная навука валодае шматлікімі ведамі і дадзенымі аб тым, што першыя з вядомых нам цывілізацый узніклі ў IV тысячагоддзі да Н.Х. у шумерыйцаў (нізоўе Тыгра і Еўфрата), у сярэдзіне III тысячагоддзя да Н.Х. – у Індыі, а ў пачатку II – у Кітаі. Менавіта там і ўзніклі першыя з вядомых нам дзяржавы-гарады. Яны называюцца так таму, што іх улада распаўсюджвалася толькі на горад і бліжэйшыя аколіцы.

Адметнай рысай паходжання дзяржаўнасці на Усходзе з’яўляецца тое, што на працэсы яе фармавання значны, рашаючы ўплыў аказалі прыродныя (геаграфічныя і кліматычныя) фактары. Прычым у месцах узнікнення першых цывілізацый існаваў аптымальны экалагічны асяродак, які садзейнічаў развіццю земляробства, а затым і цывілізацый. Аснову земляробства там складала штучнае арашэнне пры дапамозе каналаў і ірыгацыйных збудаванняў. Характар земляробства патрабаваў адзінства намаганняў вялікіх груп людзей, захавання абшчыннай сацыяльнай структуры.

Апісваючы сучасную Японію і асаблівасці яе эканамічнай сістэмы, вядомы і аўтарытэтны знаўца Усхода Уладзімір Цветаў вельмі дакладна і ёмка ахарактэрызаваў адначасова і старажытнаяпонскую эканамічную сістэму: «К японским климатическим условиям, - падкрэсліў У. Цветаў, - больше всего подходит поливное рисоведение. Для него нужна оросительная система: каналы с искусственной подачей влаги, очень часто с низших участков на более высокие, плотины со створами для спуска воды, водохранилища. Создание оросительной системы и теперь-то дело непростое. И потому 800 оросительных прудов с разветвленной сетью каналов, вырытых, по свидетельству древних хроник, в III-IV веках… правомерно приравнять к египетским пирамидам. Земледельческие общины могли строить и поддерживать в рабочем состоянии оросительные системы лишь усилиями всех входящих в общины семей»[12].

Такія асаблівасці земляробства не маглі не прывесці да ўзнікнення агульнай для адасобленых абшчын кіруючай сілы, улады, якая б была строга цэнтралізаванай і выконвала інтэгратыўную ролю ў адносінах да сукупнасці адасобленых абшчын. Мы пакуль і зараз не ў стане падрабязна апісаць працэс узнікнення такой знешняй, над усімі абшчынамі стаўшай, улады. Але тое, што яна павінна была з’явіцца менавіта за межамі адасобленых абшчын, не можа выклікаць сумнення, бо іншага шляху для аб’яднання супольнасцяў, паміж якімі не было ніякіх эканамічных сувязяў, не было.

Аднойчы ўзнікшы і паступова, крок за крокам, узмацняючыся, дадзеная ўлада адасобілася і пераўтварылася ў самастойную функцыю супольнага існавання і функцыянавання калектываў абшчын. Гэтая дзейнасць па кіраванню з цягам часу непазбежна станавілася прарэгатывай толькі пэўных асоб, якія кансалідаваліся ва ўстойлівую і замкнутую групу. Устойлівыя групы кіраўнікоў фармаваліся галоўным чынам не ўнутры абшчын, не ва ўмовах іх распаду, а па-за межамі абшчын, пры іх захаванні. Маёмасная няроўнасць як вынік пераразмеркавання лішкавага прадукту фармуецца спачатку паміж кіраўнікамі і абшчыннікамі, а пазней пранікае ў абшчыну.

Такім чынам, дзяржава ўзнікае на Усходзе ў якасці арганізатара грамадскай працы, у якасці надбудовы над адасобленымі абшчынамі, у якасці фактару, які звязваў гэтыя самастойныя і эканамічна адасобленыя адна ад другой абшчыны ў адзінае цэлае. Дзяржава на Усходзе ўзнікае як сіла, што стаіць над грамадствам. Разам з тым, гэта сіла «матэрыялізуецца» і ўвасабляецца асобнай групай людзей на чале з кіраўніком (дэспатам, імператарам, фараонам і г.д.) і арганізуецца як асобны, прафесійны апарат па кіраванню супольнай працай абшчын, апарат, які займаецца тым і толькі тым, што стала ажыццяўляе ўладу, а гэтая ўлада ёсць разнавіднасць грамадска-карыснай працы. Кітайскі філосаф Мэн-цзы пісаў: «Разве можно управлять Поднебесной, занимаясь одновременно с этим земледелием? Есть занятия больших людей и есть занятия маленьких людей. Поэтому-то и говорят: «Одни напрягают свой ум, другие напрягают свою силу». Тот, кто напрягает свой ум, управляет людьми. Тот, кто напрягает свою силу, управляется людьми. Тот, кто управляет людьми, кормится за счет людей, а управляемый людьми кормит людей. Таков всеобщий закон Поднебесной»[13].

Характарызуючы працэсы фармавання дзяржаўна-арганізаванага грамадства ў Індыі і Кітаі, асаблівасці паходжання дзяржавы на Усходзе, прафесар Н.А. Крашаніннікава адзначае: «Большинство востоковедов в настоящее время признало, что в средневековых обществах Востока… право частной собственности на землю не сложилось окончательно, что обеспечивало прочность общинных, кастовых, большесемейных связей, противостоящих окончательному формированию классово-сословной структуры. Здесь, как в рамках самого производящего хозяйства – общин, кланов, больших семей, так и в общегосударственном масштабе, огромное значение имели не частнособственнические, а межличностные отношения, формы распределения, обмена, регулируемые жесткими нормативами, установками, ограничениями (обычаем или законом)»[14].

Асноўны момант пры разглядзе працэсаў фармавання дзяржаўна-арганізаванага грамадства на Усходзе зводзіцца да наступнага. Тое, што асаблівыя прыродныя (кліматычныя і геаграфічныя) умовы прадвызначылі неабходнасць з’яўлення па-за межамі абшчын і як бы знешняй у адносінах да абшчын улады і сістэмы кіравання, далёка не азначае, што дзяржава там узнікае пад уздзеяннем выключна (ці, нават, пераважна) прыродна-кліматычных фактараў. Гэтыя фактары, гэтыя ўмовы толькі падштурхнулі да стварэння асобнай, над абшчынамі стаячай сілы ў форме пэўнага кіруючага апарату. Але ці быў гэты апарат, гэтая ўлада дзяржавай у класічным сэнсе слова, па меншай меры, на самых ранніх этапах свайго фармавання і функцыянавання? На наш погляд, не. Можна лічыць, што сам па сабе гэты апарат улады і кіравання пераўтвараецца ў дзяржаву толькі пасля таго, як грамадства пачынае ствараць (не без удзелу, безумоўна, і апарату кіравання) лішкавы прадукт, які размяркоўваецца і пераразмяркоўваецца гэтым асобным апаратам кіравання, на сваю, у першую чаргу, карысць. А гэта надалей прыводзіць да маёмаснай няроўнасці ў грамадстве, сацыяльных супярэчнасцяў на гэтай падставе і сацыяльнай напружанасці, у тым ліку і барацьбы паміж рознымі сацыяльнымі групамі насельніцтва. Прычым гэтая барацьба можа набываць самыя экзатычныя формы, як, напрыклад, «вайна павязак» у старажытным Кітаі.

Такім чынам, і на Усходзе дзяржава ўзнікае пад рашаючым, можна сказаць, пад вызначальным уздзеяннем сацыяльна-эканамічных прычын, а менавіта пад уздзеяннем размеркавання і пераразмеркавання ствараемага грамадствам лішкавага прадукту.

 

5. Паходжанне дзяржавы ў Афінах.

Плутарх распавядае пра тое, як грэчаскі герой Тэсэй, задумаўшы вялікую справу, аб’яднаў усе абшчыны Атыкі ў адзін горад і адзін народ, між тым, як раней апошні быў рассеяны і толькі з вялікімі цяжкасцямі мог быць сабраны для нейкай нарады па агульнай справе[15]. Акрамя гэтага, паведамляе Плутарх, сярод народа ўспыхвалі спрэчкі і крывавыя разборкі, што ўскосна можа сведчыць аб тым, што ў народзе ўжо існавалі пэўныя супярэчнасці маёмаснага характару. Праводзячы ў жыццё гэтыя мерапрыемствы, Тэсэй склаў з сябе царскую ўладу і пакінуў за сабой толькі начальства над войскам і права захоўваць законы. Забягаючы крыху наперад, можна паставіць пытанне: ці не гэта ж у свой час зробіць Салон?

Хутчэй за ўсё, эпоха жыццядзейнасці Тэсэя – гэта пачатковы перыяд распаду першабытнага грамадства і фармавання пераддзяржаўнай улады з усімі яго складанасцямі і супярэчнасцямі, калі то з’яўляліся, то знішчаліся першыя парасткі дзяржаўна-арганізаванага грамадства ў Афінах. Жадаючы павялічыць колькасць насельніцтва горада Афіны і кінуўшы кліч «сюды, усе народы», Тэсэй запрасіў народы сяліцца ў горадзе на роўных правах, але адначасова ён падзяліў народ на саслоўі, замацаваўшы за кожным з іх кола пэўных правоў і абавязкаў. Пры гэтым вялікіх перакосаў у аб’ёме правоў і абавязкаў паміж саслоўямі не было. Рэформы Тэсэя ў гэтым плане паслужылі пэўнай перадумовай наступных крокаў па стварэнню дзяржавы ў Афінах яго «наступнікамі» ў гэтай справе, і перш-наперш Салона і Клісфена.

У Старажытнай Грэцыі не было ў VIII-VI ст. да н. э. неабходнасці ва ўсталяванні, як гэта мы назіраем на Усходзе, цэнтралізаванай эканамічнай сістэмы і сістэмы гаспадарання, бо геаграфічныя і кліматычныя ўмовы былі вельмі спрыяльнымі для таго, каб кожная абшчына магла весці сваю гаспадарку і забяспечваць свае ўнутраныя патрэбы ў матэрыяльных каштоўнасцях і найперш у харчаванні, адзенні, жыллі. Часовыя аб’яднанні абшчын, пра якія паведамляюць літаратурныя крыніцы, былі абумоўлены ў асноўным тым, што гэтым абшчынам пагражала знешняя небяспека ў форме войнаў і набегаў і яны вымушаны былі аб’ядноўваць свае намаганні ў барацьбе з агульным знешнім ворагам.

У сувязі з гэтым працэсы фармавання сацыяльнай неаднароднасці грамадства і ўсіх іншых наступстваў, што прывялі да фармавання дзяржаўна-арганізаванага грамадства на тэрыторыі Атыкі, адбываліся не па-за межамі, а ўнутры абшчын, а дакладней, арганічна вырасталі з патрэбаў асобных абшчын.

Вельмі важнае значэнне для фармавання дзяржаўна-арганізаванага грамадства ў Афінах мела каланізацыя грэкамі пабярэжжа Міжземнага мора, якая была выклікана шматлікімі прычынамі – племяннымі зрухамі, шчыльнасцю насельніцтва, недахопам сродкаў харачавання і г. д. Пад уплывам зыходу масы насельніцтва ў калоніі, увозу сырых прадуктаў з калоніі ў метраполію, развіцця індустрыі ў метраполіі і вывазу яе прадуктаў у калоніі актыўна развіваўся тавараабмен, паказчыкам чаго можа служыць узнікненне і распаўсюджанне ў грэчаскім міры манеты. Нават пасрэдніцтва ў гандлі, падвоз і перавоз тавараў сталі ўжо ў Грэцыі ў гэты час аднымі з асноўных крыніц існавання вялікай групы людзей і нават асобных абшчын[16].

Сур’ёзнымі наступствамі, якія адбыліся пасля развіцця тавараабмену, зыходу эмігрантаў у калоніі і іх вяртання на радзіму, прытоку новых пасяленцаў у метраполію, якія не былі карыснымі для старой родавай (фратрыева-філавай) структуры грэчаскага грамадства і найперш для старой родавай арыстакратыі, сталася тое, што з’явілася мноства людзей, якія не належалі да старых родавых абшчын – філаў і фратрыяў. У Грэцыі іх называлі метойкамі (перасяленцамі, абывацелямі)[17]. Пры гэтым дадзены слой насельніцтва не ўпісваўся ў старую родавую структуру і таму не падпарадкоўваўся ўладзе яе органаў, але быў настолькі вялікі ў колькасных адносінах і моцны ў эканамічных стасунках, што не лічыцца з гэтай з’явай было нельга.

Важную ролю ў фармаванні дзяржаўна-арганізаванага грамадства ў Афінах адыграла так званая гамераўская эпоха, той час, калі грэкі стварылі сваю адметную вайсковую арганізацыю, мэтамі якой былі заваяванне, захоп чужых тэрыторый, рабаванне і падзел заваяванай маёмасці. У выніку гэтай дзейнасці былі фактычна створаны асобныя групоўкі прыватнага характару, добрай вайсковай вывучкі, якія фактычна «вырывалі» яе ўдзельнікаў з асяродку старых родавых (філа-фратрыевых) груп[18]. Ваенная арганізацыя разбурала стары лад грэчаскай супольнасці. Акрамя таго, што ваенныя групоўкі дазвалялі карэнным чынам змяніць маёмаснае становішча асобы і адначасова абагаціцца альбо пераўтварыцца ў раба, яны фактычна разбуралі старую родавую арганізацыю ўлады. Паралельна, побач з родавай арганізацыяй улады і кіравання, узнікала новая і вельмі ўплывовая ўладная структура. Людзі прывыкалі да таго, што ёсць іншыя цэнтры ўлады, якія могуць задаволіць іх інтарэсы і патрэбы.

Такім чынам, развіццё вытворчых сіл і тавараабмену прывяло ў Афінах да абагачэння старой родавай знаці, узнікнення за кошт ваенных дзеянняў новага слою багатых і знатных людзей, разарэння мелкіх вытворцаў, росту рабства, яўнай маёмаснай дыферэнцыяцыі людзей і росту сацыяльнай напружанасці. Адначасова з гэтым адбывалася перамешванне паміж сабой прадстаўнікоў розных родаў і плямёнаў.

Найбольш значнымі мерапрыемствамі, што прывялі да фармавання дзяржавы ў Афінах, былі рэформы Салона (564 г. да н. э.) і рэформы Клісфена (509 г. да н.э.). Можна сказаць, што «тэхналагічна» працэс фармавання дзяржаўна-арганізаванага грамадства ў Афінах быў завершаны ў выніку рэформаў Салона і Клісфена.

Плутарх піша, што маёмасная няроўнасць паміж багатымі і беднымі ў часы Салона дайшла да вышэйшай кропкі[19]. Простыя людзі былі ў даўгу ў багатых людзей. Яны апрацоўвалі зямлю і аддавалі багатым шостую частку ўраджаю. Іншыя бралі ў багатых у доўг грошы, іх пазычальнікі мелі права вярнуць іх у рабства. Пры гэтым адны заставаліся рабамі на радзіме, а іншых прадавалі ў рабства за мяжу. Многія за даўгі вымушаны былі прадаваць у рабства нават сваіх дзяцей ці бегчы са сваёй радзімы з-за жорсткасці крэдытораў.

У гэты складаны для Афінаў час па просьбе суайчыннікаў, як багатых, так і бедных, кіраванне агульнымі справамі супольнасці ўзяў на сябе Салон, за якім не было ніякай віны і які не быў хаўруснікам багатых у іх злачынствах і ў той жа час не быў чалавекам бедным. Багатыя лічылі яго сваім таму, што ён быў чалавекам заможным і паходзіў са знакамітага роду, а бедныя давяралі яму таму, што ён быў чалавекам шчырым. Салон доўга не рашаўся ўзяць у свае рукі кіраванне, таму што баяўся «как сребролюбья людей, так и надменности их»[20]. Пры правядзенні рэформаў Салон адмовіўся ад «адзінаўладдзя» і праводзіў рэформы на падставе здаровага розума і закона, з’яўляючыся па пасаде толькі пасярэднікам (архонтам) і заканадацелем. Сябрам жа, якія пераконвалі яго ўзяць усю паўнату ўлады, Салон сказаў: «Тирания – это хорошая крепость, только выхода из нее нет»[21].

Салон перш-наперш выдаў законы, у якіх адмяніў кабалу і забараніў забяспечваць ссуды асабістай кабалой, адмяніў усе пазыкі, як прыватныя, так і дзяржаўныя, дазволіў кожнаму рабіць апеляцыю да народнага суда, павялічыў меры, вагі і манеты. Арыстоцель паведамляе аб тым, што свае законы Салон усталяваў на сто гадоў і напісаў іх на 16 кірбах – драўляных выбеленых дошках памерам прыблізна ў рост чалавека, якія былі складзены ў выглядзе прызмы, што паварочвалася вакол сваёй восі для зручнасці прачытання таго, што там было напісана[22]. Разам з тым, паколькі законы не былі напісаны простай мовай, то ўзнікала шмат спрэчак, як грамадскіх, так і прыватных, якія даводзілася вырашаць суду. Афіняне паставілі гэтыя законы ў «царскім порціку» і далі клятву іх выконваць.

Выдаўшы законы і правёўшы неабходныя рэформы, Салон здзейсніў падарожжа ў Егіпет часткова па гандлёвых справах, а часткова з цікавасці і паведаміў пры гэтым афінянам, што вернецца на радзіму праз 10 гадоў. Арыстоцель тлумачыць гэтыя дзеянні наступным чынам: «Когда Солон устроил государство таким, как сказано, образом, к нему стали то и дело обращаться с докучливыми разговорами о законах, одни пункты порицая, о других расспрашивая. Ввиду этого он, не желая ни изменять их, ни навлекать на себя вражды, предпринял путешествие в Египет… Он не считал себя вправе, если бы лично присутствовал, истолковывать законы, но думал, что каждый обязан исполнять написанное»[23].

Галоўным у рэформах Салона быў афіцыйны падзел насельніцтва па маёмаснай прымеце, незалежна ад прыналежнасці да той ці іншай абшчыны, на чатыры катэгорыі (класы): пентакасіямедзімнаў, вершнікаў, зеўгітаў і фетаў. Да першай катэгорыі належалі тыя афіняне, якія атрымлівалі са сваёй зямлі 500 мер сухіх і вадкіх прадуктаў, да другой – 300 мер, да трэцяй – 200. Пры гэтым кожнаму з адзначаных класаў ён дазволіў займаць пасаду ў органах улады ў адпаведнасці з велічынёй маёмасці, гэта значыць, увёў своеасаблівы цэнз, а тым, хто належаў да фетаў, дазволіў прымаць удзел толькі ў народных сходах і судах. Напрыклад, казначэеў можна было выбіраць толькі з класа пентакасіямедзімнаў. Вышэйшыя пасады Салон зрабіў выбіраемымі па жрэбію з ліку папярэдне выбраных, якіх намячала кожная з філаў.

Такім чынам, па сваёй накіраванасці рэформа Салона, у якой гаварылася аб скасаванні пазыкаў і юрыдычным замацаванні маёмаснага стану людзей, іх падзеле па маёмаснай прымеце на пэўныя катэгорыі, тычылася ў першую чаргу характару размеркавання і пераразмеркавання лішкавага прадукту, які з’явіўся ў вялікіх памерах у афінян і які размяркоўваўся ва ўмовах «поўнай свабоды» тавараабмену. Такое становішча з размеркаваннем і пераразмеркаваннем лішкавага прадукту і прывяло да хуткага размежавання маёмасці і абвастрэння сацыяльных супярэчнасцяў. Салон сваімі рэформамі ўвёў стабільнасць і парадак у тавараабменныя працэсы, урэгуляваў працэсы размеркавання і пераразмеркавання лішкавага прадукту. Адняўшы ў багатых афінян напачатку рэформаў пэўную частку лішкавага прадукту і задаволіўшы тым самым інтарэсы бедных, ён забяспечыў гарантаваную частку лішкавага прадукту багатым праз тыя дзяржаўныя пасады, якія яны змаглі займаць згодна са сваім юрыдычна замацаваным маёмасным становішчам. Недарэмна пасады казначэяў, як было адзначана, маглі займаць толькі тыя афіняне, якія ўваходзілі ў першую катэгорыю.

Акрамя гэтага, Салон паспрабаваў сфармаваць новую сістэму цэнтральнага кіравання ў Афінах для вырашэння супольных спраў, якая б прыйшла на змену першабытнаабшчыннай сістэме арганізацыі ўлады. Дзеля гэтага ён стварыў Савет чатырохсот, па сто асобаў з кожнай філы. Пры гэтым кожная філа падзялялася на тры трыціі, а кожная трыція – на 12 наўкрарый. Аднак рэформы Салона ў дадзеным кірунку не былі паслядоўнымі і радыкальнымі, а таму старыя родавыя (філавыя) сувязі не былі знішчаны, а значыць, «стварэнне» дзяржаўна-арганізаванага грамадства не было завершана.

І толькі Клісфен сваімі рэформамі канчаткова ліквідаваў рэшткі рода-племянной арганізацыі грамадства і завяршыў стварэнне дзяржавы ў Афінах. Ён на месца родавых сувязяў насельніцтва паставіў тэрытарыяльную яго арганізацыю. Усю тэрыторыю чатырох раней аб’яднаўшыхся паміж сабой плямёнаў (філаў – па грэчаску) ён раздзяліў на 10 тэрытарыяльных філаў і даў ім новыя назвы па імёнах герояў роданачальнікаў, у сувязі з чым рашаючым для чалавека было месца жыхарства на тэрыторыі адной з іх, а не прыналежнасць да родавай арганізацыі. Арыстоцель слушна заўважае, што Клісфен імкнуўся пры гэтым «… смешать их, чтобы большее число людей получило возможность участия в делах государства. Отсюда и пошло выражение: «не считаться филами» – в ответ тем, кто хочет исследовать происхождение»[24].

Дасягненню дадзенай мэты спрыяла тое, што ў склад новых філаў былі ўключаны іншаземцы і нават рабы. Клісфен усталяваў Савет пяцісот замест Савета чатырохсот, у які абіралася па пяцьдзесят чалавек ад кожнай ізноў створанай філы. Акрамя гэтага, усю тэрыторыю краіны Клісфен падзяліў на трыццаць частак (дэмаў) і прымусіў усіх лічыцца дэмамі. А каб канчаткова знішчыць старыя родавыя сувязі, ён прымусіў усіх публічна называць сябе па імені новых дэмаў. Назвы дэмаў ён даваў па іх мястэчках і па імёнах заснавальнікаў, таму што далёка не ўсе дэмы былі звязаны з месцамі.

Галоўнай мэтай рэформаў Клісфена было перамешванне насельніцтва. Раздрабіўшы насельніцтва па невялікіх акругах і аб’яднаўшы ў кожнай акрузе прадстаўнікоў розных родаў і фратрыяў, Клісфен разбурыў вялікія старынныя групоўкі насельніцтва і «адсунуў» іх значэнне і ролю ў жыцці грамадства на  «другія ролі».  І самае галоўнае – ен «адсунуў» на «другія ролі» старынныя групоўкі насельніцтва, г.зн. старыя рода-фратрыевыя сувязі ў фармаванні менавіта органаў улады і кіравання. І, як сцвярджае Р. Віпер, у далейшай гісторыі Афін ранейшыя арыстакратычныя роды не выступаюць больш у якасці самастойнай сілы[25]. Праўда, трэба адзначыць і тое, што старая родавая арганізацыя працягвала існаваць і надалей, таму што былі захаваны ранейшыя роды, фратрыі і жрэчаствы, але яны не мелі свайго ранейшага значэння пры фармаванні органаў улады і кіравання, пры наданні статуса афінскага грамадзянства.

 

6. Узнікненне дзяржавы ў Рыме.

Утварэнне дзяржаўнасці ў Старажытным Рыме шмат у чым нагадвае працэс фармавання дзяржавы ў Афінах. І перш-наперш у тым, што ён адбываўся пад рашаючым і вызначальным уздзеяннем сацыяльна-эканамічных працэсаў, што праходзілі ўнутры родавай абшчыны, а не па-за яе межамі.

Асаблівасцю ўзнікнення і развіцця горада Рыма было тое, што ён быў заснаваны Ромулам на «роўным месцы», а яго першымі насельнікамі былі людзі, якія раней належалі да розных родаў і плямёнаў. Заснаваўшы горад, Ромул стварыў перш-наперш войска, уключыўшы ў яго склад самых ваяўнічых жыхароў, а астатняя частка насельнікаў горада склала народ, які атрымаў імя populus. Сто лепшых жыхароў былі абраны дарадцамі і названы патрыцыямі, а іх сход атрымаў назву сената – савета старэйшын. Так быў створаны ў Рыме слой арыстакратыі. Прычым арыстакратаў Ромул назваў патронамі (пакравіцелямі) і абавязаў іх клапаціцца аб астатніх насельніках, якія атрымалі назву кліентаў.

Ромул, на думку Плутарха, зрабіў гэтым самым вельмі разумны крок, бо злучыў насельнікаў горада – арыстакратаў і просты народ – клопатам аб агульнай справе, усклаўшы на іх узаемныя абавязкі[26]. Такім чынам, у факце ўтварэння Рыма ўтрымліваецца момант перамешвання насельніцтва. У гэтым плане першыя крокі заснавальніка горада Рыма падобныя на тое, што ў Афінах зрабіў Тэсэй. Перамешванню насельніцтва ў далейшым і аслабленню родавых сувязяў моцна спрыяла палітыка, якую праводзіў Рым. У войнах з суседзямі ваяўнічыя рымляне шкадавалі палонных, даравалі ім жыццё і прымусова перасялялі іх у Рым, праўда, на роўных правах з карэннымі насельнікамі.

Праўда, трэба мець на ўвазе, што перамешванне насельніцтва, аб якім ідзе гаворка, не магло істотна парушыць (а тым больш адмяніць) старую родавую арганізацыю і істотна падарваць кроўна-роднасныя сувязі, бо пераселеныя людзі і народы прымусова ўключаліся ў склад існаваўшых родавых адзінак Рыма. Разам з тым, такая палітыка як бы стварала перадумовы для далейшых крокаў па разбурэнню старых кроўна-роднасных сувязяў. Такая палітыка, як адзначае Плутарх[27], спрыяла ўзвышэнню магутнасці Рыма. Але, падкрэслім гэта асабліва, толькі да пэўнага часу. Да таго часу, пакуль старая родавая арганізацыя магла «пераварваць» прышлае насельніцтва ў сваім унутрыродавым катле, «зраманізаваць» яго. На пэўным этапе развіцця такой палітыкі Рыма ўключаць заваяванае ці прышлае насельніцтва ў склад старых родавых супольнасцяў больш не ўяўлялася магчымым. Калі гэта зрабілася, адказаць дакладна вельмі цяжка.

Адметнай рысай фармавання дзяржавы ў Рыме было тое, што ў гэты працэс актыўна ўмяшалася трэцяя сіла – plebs – прышлае насельніцтва, прадстаўнікі іншых родаў і плямёнаў. Гэта былі  асабіста вольныя людзі, але яны не былі звязаныя з рымскім народам кроўна-роднаснымі сувязямі. Рlebs валодаў гандлёвым і прамысловым багаццем, зямельнай уласнасцю, плаціў падаткі і адбываў вайсковую павіннасць. Але разам з тым plebs не мог удзельнічаць у сходах рымскага народа, не меў права займаць службовыя пасад у органах улады і кіравання рымскага народа. Не маючы доступа да кіраўніцтва супольнасцю, plebs не прымаў удзел у падзеле заваяваных земляў і нарабаванага пад час бясконцых ваенных дзеянняў багацця.

Рlebs, такім чынам, выконваў аднолькавыя з populus romanus – уласна рымскім народам – абавязкі ў сферы «публічнага права», але не меў «публічных правоў», бо сістэма кіравання і ажыццяўлення ўлады цалкам знаходзілася ў руках populus romanus, ад імя якога кіравала рымская арыстакратыя (патрыцыі). Пры гэтым трэба адзначыць, што патрыцыят (ад патрыцыі) у Рыме сфармаваўся паступова, пасля таго, як у рымлян склаўся звычай абіраць старэйшын (сенатараў), як правіла, з адной і той жа сям’і кожнага рода, што прывяло да ўзнікнення прывелеяваных, г. зн. знатных сем’яў, члены якіх і сталі называцца патрыцыямі.

Барацьба plebsа супраць старой сістэмы кіравання, якая выглядала барацьбой плебеяў і патрыцыяў, і сталася адной з рашаючых сілаў, што прывялі да ўтварэння дзяржаўна-арганізаванага грамадства ў Рыме. Вынікам гэтай барацьбы і стала разбурэнне старой рода-пляменнай арганізацыі, якая вызначала парадак фармавання органаў улады і кіравання і якая альбо давала магчымасць удзельнічаць у кіраванні і ажыццяўленні ўлады, альбо цалкам выключала з гэтага працэсу людзей у залежнасці ад таго, уваходзілі яны ў склад populus romanus ці не.

Гэтая барацьба доўжылася звыш за 200 гадоў, плебеі паступова «вырывалі» ў патрыцыяў адну пазіцыю за другой, пакуль не дасягнулі поўнай роўнасці ў правах з populus romanus. Увянчала яе вынікі і цалкам парушыла рэшткі дадзяржаўнай арганізацыі грамадства рэформа цара Сервія Тулія, якая абапіралася на вопыт грэчаскіх рэформаў, асабліва на вопыт рэформаў Салона і Клісфена.

Першае, што зрабіў Сервій Тулій, адзначае Ціт Лівій, ён «... учредил ценз – самое благодетельное для будущей великой державы установленье, посредством которого повинности, и военные, и мирные, распределяют не подушно, как до того, но соответственно имущественному положению каждого. Именно тогда учредил он и разряды, и центурии, и весь основанный на цензе порядок – украшенье и мирного и военного времени»[28]. Сэнс гэтай «цэнзавай рэформы» Сервія Тулія ў тым, што «... тяготы были с бедных переложены на богатых. Зато большим стал и почет. Ибо не поголовно, не всем без разбора (как то повелось от Ромула и сохранялось при прочих царях) было дано равное право голоса и не все голоса имели равную силу, но были установлены степени, чтобы и никто не казался исключенным из голосования, и вся сила находилась бы у виднейших людей государства»[29].

Фактычна падзел насельніцтва па маёмаснай прымеце выглядаў так: да першага разраду адносіліся тыя, хто меў маёмасць у 100 тыс. асаў (ас – медная манета вагай 327,5 г), да другога – 75 тыс. асаў, да трэцяга – 50 тыс. асаў, да чацвёртага – 25 тыс. асаў, да пятага – 12, 5 тыс. асаў. Усё астатняе насельніцтва не ўваходзіла ў склад гэтых разрадаў і атрымала назву пралетарыяў (ад лац. рroles – нашчадкі), намёк на тое, што ўсё багацце гэтых людзей зводзілася да таго, што яны мелі нашчадкаў.

Падзел насельніцтва па маёмаснай прымеце меў як вайсковы, так і палітычны сэнс. Вайсковы сэнс зводзіўся да наступнага. Кожны разрад (слой, клас) рымскага насельніцтва абавязаны быў выстаўляць пэўную колькасць цэнтурый (соцен) воінаў. Першы – 98 цэнтурый (80 цэнтурый пехацінцаў і 18 цэнтурый вершнікаў), другі, трэці і чацвёрты – па дваццаць цэнтурый пяхоты і апошні (пяты) – 30 пяхотных цэнтурый. Палітычны сэнс рэформаў Сервія Тулія зводзіцца да таго, што Сервій Тулій утварыў новы орган улады (народны сход), у якім прымалі ўдзел або з якога выключаліся як прадстаўнікі ўласна рымскага народа, так і плебеі ў залежнасці ад таго, неслі яны вайсковую службу, гэта значыць уваходзілі ў склад цэнтурый, якія фармаваліся пэўным разрадам, альбо не. Калі ўлічыць, што галасаванне ў народным сходзе стала праводзіцца па цэнтурыях, а кожная цэнтурыя мела адзін голас, то атрымліваецца, што першы па маёмаснай прымеце разрад рымлян атрымліваў перавагу ў галасаванні перад астатнімі разрадамі і мог абіраць, калі захоўваў адзінадушша, у склад новых органаў улады сваіх прадстаўнікоў, бо валодаў большасцю галасоў у цэнтурыяльным народным сходзе.

Акрамя гэтага, тэрыторыя Рыма была падзелена не па родавай прымеце, а былі створаны чатыры «тэрытарыяльныя» племені, кожнае з якіх жыло ў асобным квартале горада і мела палітычныя правы. Правы асобы сталі вызначацца не старой родавай сувяззю, а месцам пражывання, прыналежнасцю да аднаго з чатырох новых «тэрытарыяльных» плямёнаў. Да новых, зараз ужо тэрытарыяльных трыб было прыпісана ўсё насельніцтва, як уласна рымскага народа, так і насельніцтва плебейскае, якое пражывала на дадзенай тэрытарыяльнай адзінцы і валодала зямлёй. Такім чынам, у выніку рэформы плебеі фактычна і юрыдычна былі ўключаны ў склад адзінай з уласна рымскім народам супольнасці. А дакладней, у выніку рэформаў была створана новая рымская супольнасць, у склад якой уваходзілі як прадстаўнікі былога populus romanus, так і прышлага насельніцтва. Ціт Лівій на гэта заўважае: «Ведь когда он разделил город – по населенным округам и холмам – на четыре части и назвал эти части трибами (я полагаю, от слова «трибут» – налог, потому что от Сервия же идет и способ собирать налог равномерно, в соответствии с цензом), то эти тогдашние трибы не имели никакого касательства ни к распределению по центуриям, ни к их числу»[30].

Для паўнаты карціны трэба ўзгадаць, што да рэформы Сервія Тулія насельніцтва Рыма, што даказаў у свой час нямецкі даследчык Нібур, складалася з 300 родаў, кожныя дзесяць родаў аб’ядноўваліся ў курыю, а кожныя дзесяць курый – у трыбы. Такім чынам, існавала тры трыбы, кожная з якіх першапачаткова была самастойным племенем і мела сваю назву – Рамны, Тыцыі, Луцэры. Нібур лічыў гэтыя трыбы своеасаблівым аб’яднаннем лацінскіх, сабінскіх і этрускіх родаў. Насельніцтва, якое ўваходзіла ў склад гэтых старых трыб (рода-пляменных аб’яднанняў), і складала ўласна рымскі народ (populus Romanus), да якога мог належаць толькі той, хто быў членам рода, а праз свой род – членам адпаведнай курыі і трыбы. Да рэформаў Сервія Тулія органамі ўлады ў рымлян былі народны сход па курыях (курыяцкія каміцыі), сенат (савет старэйшын родаў), які па колькасці родаў складаўся з 300 сенатараў, частка ўлады знаходзілася ў руках цара – да этрускай дынастыі цар быў выбарнай асобай, яго паўнамоцтвы былі абмежаваны народным сходам і сенатам. Пры гэтым народны сход вырашаў пытанні вайны і міра, прымаў ці адвяргаў законы, меў права выносіць смяротныя прысуды, а таксама выбіраў усіх вышэйшых службовых асоб, у тым ліку і цара[31].

Можна пагадзіцца з Ф. Энгельсам у тым, што на момант правядзення рэформаў Сервія Тулія рымляне знаходзіліся на той стадыі развіцця грамадства, якая называецца «ваеннай дэмакратыяй» і характарызуе заключную фазу рода-пляменнай арганізацыі грамадства, калі вядзецца вайна дзеля грабяжоў і пераразмеркавання нарабаванага. У гэтых умовах прышлае насельніцтва (plebs), якое выконвала ў Рыме ўсе публічныя, у тым ліку і ваенныя абавязкі, у прыватнасці, забяспечвала войска ўсім неабходным, удзельнічала ў войнах абароннага характару, знаходзілася ў «нераўнапраўным» становішчы ў параўнанні з populus Romanus і патрыцыятам уласна рымскага народа. Рэформы Сервія Тулія, забяспечыўшы роўны доступ да ўлады як прадстаўнікам plebs, так і populus Romanus, у залежнасці ад памеру іх маёмаснага становішча, ураўнялі іх у правах і ў атрыманні даходаў ад ваенных паходаў. Іншымі словамі, рэформы Сервія Тулія забяспечылі роўны доступ да размеркавання і пераразмеркавання лішкавага прадукту ўсім членам «новай рымскай абшчыны» ў залежнасці ад іх становішча ва ўладных структурах, якое, у сваю чаргу, вызначалася памерам (велічынёй) іх маёмаснага становішча.

Пры параўнанні працэсаў паходжання дзяржавы ў Афінах і ў Рыме найперш відавочна, што пры ўсёй непаўторнасці гістарычных асобаў і падзеяў, якія прывялі да ўтварэння дзяржаўна-арганізаванага грамадства ў гэтых народаў, агульная схема, агульная «тэхналогія»  стварэння дзяржаваў вельмі падобная, і можна нават сцвярджаць, амаль люстэркавая. Адзначанае падабенства наводзіць на думку аб тым, што выказаныя ў літаратуры першапачаткова яшчэ Плутархам меркаванні аб тым, што рымская цывілізацыя была заснавана грэкамі, з’яўляюцца вельмі праўдападобнымі[32].

Разам з тым, пры параўнанні працэсаў стварэння дзяржаўна-арганізаваных грамадстваў у Афінах і ў Рыме, можна адзначыць і розныя моманты, у тым ліку і вельмі істотныя.

Па-першае, у існуючых літаратурных крыніцах пры апісанні ўтварэння дзяржавы ў Афінах найбольшая ўвага надаецца апісанню маёмаснага расслаення сярод грэкаў і дзеянням гістарычных асобаў (Салон), якія спрабавалі перш-наперш вырашыць маёмасныя супярэчнасці ў грамадстве і пры гэтым прыстасаваць новую сістэму ўлады і кіравання пад новыя сацыяльна-эканамічныя ўмовы, забяспечыўшы перавагу пры заняцці пасадаў у зноў створаных структурах улады і кіравання найбольш забяспечаным у маёмасных адносінах асобам незалежна ад родавай прыналежнасці. У той жа час пры апісанні стварэння дзяржавы ў Рыме найбольшая ўвага ў літаратурных крыніцах надаецца барацьбе прышлага насельніцтва з старой родавай структурай рымлян, якая выглядала як барацьба старой родавай рымскай знаці і прышлага насельніцтва, а, па сутнасці, была накіравана на ліквідацыю ранейшага значэння старых родавых структураў у вызначэнні месца асобы ў структурах улады і кіравання, а значыць, і ў доступе да размеркавання і пераразмеркавання матэрыяльных каштоўнасцяў.

Па-другое, працэсы стварэння дзяржавы ў Афінах былі расцягнуты ў часе і складаліся як бы з двух адносна адасобленых крокаў. Першы быў ажыццёўлены Салонам, а другі давялося зрабіць Клісфену. Пры гэтым, маючы на ўвазе вышэйпрыведзенае меркаванне Арыстоцеля аб значнасці перамешвання насельніцтва ў стварэнні дзяржавы, нельга сцвярджаць, па меншай меры, тое, што рэформы Салона ў стварэнні дзяржавы адыгралі большую ролю, чым рэформы Клісфена. Такой была паслядоўнасць у стварэнні дзяржавы менавіта ў Афінах. Не больш і не менш. Яна, гэтая паслядоўнасць, дыктавалася гістарычнымі абставінамі. Што тычыцца стварэння дзяржавы ў Рыме, то там былі адначасова праведзены ў жыццё тыя меры (Сервій Тулій), якія ў Афінах правялі паасобку Салон і Клісфен.

Па-трэцяе, працэсы станаўлення дзяржаўна-арганізаванага грамадства ў Рыме і Афінаў істотна розняцца па парадку фармавання і размеркавання лішкавага прадукту. У Афінах лішкавы прадукт ствараецца галоўным чынам у выніку вытворчай дзейнасці саміх афінян, размяркоўваецца і пераразмяркоўваецца  праз развіццё тавара-абменных працэсаў, што працякалі таксама галоўным чынам унутры грэчаскай абшчыны. У Рыме ж, ужо з самага пачатковага моманту заснавання горада, значную, калі не большую, частку лішкавага  прадукту здабывалі ў выніку бясконцых войнаў, якія вялі рымляне.

 

7. Узнікненне дзяржавы ў франкаў (германскага народа).

Франкская дзяржава ўзнікла на мяжы V і VI стагоддзяў, пасля таго, як франкі і іншыя больш дробныя варварскія плямёны, якія знаходзіліся на стадыі распаду рода-пляменных адносінаў і фармавання самых першасных элементаў дзяржаўна арганізаванага грамадства, у другой палове V стагоддзя паступова захапілі Паўночна–Усходнюю Галію, для абазначэння якой пачынае выкарыстоўвацца назва Francia (Францыя). Канкрэтныя абставіны рассялення франкаў у Галіі малавядомыя, але дакладна можна сцвярджаць, што, замяніўшы на тэрыторыі Галіі ўладу рымскай імперыі, франкская дзяржава запазычыла ад яе многія дзяржаўныя інстытуты, напрыклад, падатковую сістэму. Прычым падаткамі абкладалася па-ранейшаму не толькі гальска-рымскае насельніцтва, але і свабодныя франкі, для якіх гэта было незвычайнай справай і супраць чаго яны неаднаразова бунтавалі. На насельніцтва таксама быў ускладзены абавязак забяспечваць караля і яго служачых пастоем і кармленнем[33]. Акрамя гэтага, насельніцтва павінна было па таму звычаю, які застаўся з старадаўніх германскіх часоў, даваць каралю «падарункі». Сродкі на падарункі збіралі з усяго насельніцтва, а прыносілі іх каралю знакамітыя людзі і каралеўскія служачыя.

На гэтых прыкладах з падаткамі яскрава бачна, як франкі вельмі лёгка запазычваюць інстытуты і атрыбуты дзяржавы, бо яны ўжо ходам сваёй папярэдняй гісторыі падрыхтаваны да іх, і як яны трансфармавалі частку сваіх рода-пляменных інстытутаў у інстытуты дзяржавы.

Франкі, такім чынам, вызвалілі гальска-рымскае насельніцтва ад рымскай дзяржавы, і той лішкавы прадукт, які забіралі праз існуючую ў рымскай дзяржаве сістэму падаткаў, рымляне, сталі збіраць з карэннага рымскага насельніцтва самі. Акрамя гэтага, яны сталі абкладаць і сваіх ранейшых суродзічаў падаткамі, трансфармаваўшы пры гэтым сістэму вядомых франкам «падарункаў» у сістэму пастаянных падаткаў.

Апісваючы побыт германцаў перад тым, як была створана франкская дзяржава, Гай Юлій Цэзар у «Запісках аб гальскай вайне» падкрэслівае, што «они не особенно усердно занимаются земледелием... И никто из них не имеет в собственности земельного участка точных размеров или с определенными границами… этот порядок препятствует возникновению жадности к деньгам, из-за которой происходят постоянные распри и раздоры, и помогает поддерживать спокойствие в простом народе ощущением имущественного равенства его с самыми могущественными людьми… Когда племя ведет наступательную или оборонительную войну, то избираются должностные лица, несущие обязанности военачальников и имеющие право распоряжаться жизнью и смертью членов племени. В мирное время у племени нет общего правительства, старейшины отдельных областей и округов творят там суд и улаживают споры»[34].

Важнай крыніцай, якая дае ўяўленне аб стадыі развіцця германцаў перад іх нашэсцем на Заходнюю рымскую імперыю, з’яўляецца праца Публія Карнелія
Тацыта «Германцы».

Вось найбольш цікавыя замалёўкі аўтара: «Королей германцы выбирают по знатности, а военачальников – по доблести. При этом у королей нет неограниченной или произвольной власти, и вожди главенствуют скорее тем, что являются примером, чем на основании права приказывать, тем, что они смелы, выделяются в бою, сражаются впереди строя и этим вызывают удивление… О менее значительных делах совещаются старейшины, о более важных – все, причем те дела, о которых выносит решение народ, предварительно обсуждаются старейшинами… Перед народным собранием можно также выступать с обвинением и предлагать на разбирательство дела… На этих же собраниях производятся также выборы старейшин, которые творят суд по округам и деревням… Дружинники же от щедрот своего вождя ждут себе и боевого коня… а вместо жалованья для них устраиваются пиры, правда, не изысканные, но обильные. Средства для такой щедрости и доставляют грабеж и война. Этих людей легче убедить вызывать на бой врага и получать раны, чем пахать землю и выжидать урожая; даже больше – они считают леностью и малодушием приобретать потом то, что можно добыть кровью»[35].

Такім чынам, германцы (франкі) перад захопам часткі тэрыторыі Заходняй рымскай імперыі знаходзіліся на стадыі «ваеннай дэмакратыі», калі побач з элементамі «класічнага» родавага ладу – старэйшынамі, агульным сходам, маёмаснай роўнасцю суродзічаў і г. д. – з’явіліся, існуюць і распаўсюджваюцца элементы дзяржаўна-арганізаванага грамадства – улада военачальніка, пастаянная ваенная дружына для рабаўніцтва, перадзел нарабаванай маёмасці, рознае маёмаснае становішча ў стане дружыннікаў і г. д. Рашаючы ўплыў на фармаванне дзяржавы ў германцаў (франкаў) аказала заваяванне імі часткі тэрыторыі Заходняй рымскай імперыі. Заваяванне і яго вынікі значна паскорылі працэсы дзяржаваўтварэння ў франкаў. У гэтым сэнсе слова заваяванне франкамі часткі Заходняй рымскай імперыі стала своеасаблівым каталізатарам у фармаванні дзяржавы ў гэтай часткі германцаў. І гэта складае адну з істотных асаблівасцяў узнікнення дзяржавы ў франкаў.

Бліжэйшым вынікам заваявання стаў падзел зямлі і ўсяго захопленага багацця на карысць перш-наперш старой родавай германскай знаці, военачальнікаў і дружыны. «Первым делом франкского короля, превратившегося из простого верховного военачальника в настоящего монарха, – пісаў Ф. Энгельс, – было превратить это народное достояние (земли, завоеванные у Римской империи. –  М.С.) в королевское имущество, украсть его у народа и раздать его в виде подарков или пожалований своей дружине»[36]. Гэта значна паскорыла маёмаснае размежаванне сярод германцаў. Па-другое, захоп тэрыторый прывёў да перамешвання насельніцтва былой Рымскай імперыі і германцаў. І, нарэшце, па-трэцяе, ва ўмовах, калі сфармавалася сацыяльна-неаднародная супольнасць і тэрытарыяльная абшчына, ранейшая рода-пляменная сістэма кіравання была ўжо не ў стане ажыццяўляць уладу. Яна была заменена новай, месца ўлады военачальніка і родавай знаці заняла каралеўская ўлада. Паскарэнню трансфармацыі старой сістэмы ўлады на ўладу каралеўскую садзейнічала знешняя пагроза германскім заваяванням і вялікія абсягі заваяваных тэрыторый. У гэтых умовах кіраваць эфектыўна можна было, толькі сканцэнтраваўшы ўладу ў адных руках – руках караля і яго бліжэйшага атачэння.

Яшчэ адной важнай асаблівасцю ўзнікнення дзяржавы ў германцаў было тое, што яна сфармавалася ў якасці дзяржавы раннефеадальнага грамадства. Можна пагадзіцца з меркаваннем, што франкская дзяржава была адным з варварскіх каралеўстваў, якія ўзніклі на руінах разбуранай Заходняй рымскай імперыі, і з’яўлялася пераходнай формай ад познерымскай дзяржаўнасці і ў той жа час ад ваеннай дэмакратыі варвараў да раннефеадальнай дзяржавы[37]. Асаблівасцю варварскіх каралеўстваў, у тым ліку і франкскай дзяржавы, было тое, што ў грамадстве захавалася сацыяльная структура познерымскага грамадства, але асноўная частка пануючага слою сфармавалася з вярхушкі пляменнай («варварскай») знаці.

 

8. Узнікненне дзяржавы шляхам «запрашэння на княжэнне».

Адной з адметных форм паходжання дзяржавы можна лічыць утварэнне дзяржаўнасці праз «запрашэнне на княжэнне». Прычым запрашэнне прадстаўнікоў іншаземнай дынастыі, якое не было выклікана знешнімі прычынамі, а было абумоўлена выключна ўнутранымі абставінамі жыццядзейнасці грамадства, не было нейкай выпадковай з’явай, а сустракалася асабліва на позніх этапах фармавання дзяржаўна-арганізаванага грамадства даволі часта ў розных народаў[38]. Вядома, што заходнія славяне (венды) у свой час (VI ст.) выбралі сваім князем франкскага купца Сама, які па свайму паходжанню быў раманізаваным кельтам; з Польшчы паходзіў род Міхаіла Вышэвіча – сербскага князя ў Захум’е (IХ ст.). Балгарскі князь Самуіл быў родам з Арменіі (Х ст.). Прычым ва ўсіх як адзначаных вышэй, так і не ўзгаданых тут выпадках прыход чужаземнай дынастыі не парушаў унутранага развіцця супольнасці.

Але вельмі вялікае пашырэнне інстытут «запрашэння на княжэнне» атрымаў у ўсходніх славян. Вядома, што палачане ў свой час запрасілі на княжэнне Рагвалода. Не менш вядомым з’яўляецца той факт, што старажытнаруская дзяржава ў Ноўгарадзе і Кіеве таксама ўзнікла шляхам «запрашэння на княжэнне» варагаў – братоў Рурыка, Сіневуса і Трувора. Наўгародскія славяне, як сведчыць летапісец Нестар, паслухаўшы свайго старэйшыну Гастомысла, накіравалі пасланнікаў за мора, да скандынаваў, каб сказаць: «Земля наша велика и обильна, а порядка в ней нет: идите княжить и владеть нами»[39]. Не адмовіліся ад паслугаў іншаземнага князя і пскавічы, якія запрасілі на княжэнне літоўскага князя Даўмонта. Вядома, што Даўмонт у 1266 годзе збег у г. Пскоў, там ахрысціўся з усім сваім родам і сваімі баярамі і атрымаў пасля хрышчэння імя Цімафей. Даўмонт верна служыў пскавічам і быў нават прылічаны да ліку святых.

У беларускай гістарычнай навуцы найбольш паслядоўна і лагічна дадзеную канцэпцыю распрацоўваў Мікола Ермаловіч. Абвяргаючы думкі аб тым, што калісьці Літва заваявала старажытныя беларускія землі і стварыла Вялікае княства Літоўскае, першай сталіцай якога стаў горад Новагародак, ён прыйшоў да высновы аб тым, што «… факт прыняцця Міндоўгам хрысціянства «от Востока» пацвярджае тое, што ён не заваяваў Новагародак, а быў абраны тут князем… Яму як заваёўніку не патрэбна было б прымаць праваслаўе… Міндоўг быў адным з перабежчыкаў, якія ўцякалі з Літвы з усімі сваімі роднымі і акружэннем»[40].

Вышэйузгаданыя летапісныя факты з жыцця ўсходніх славян леглі ў падмурак так званай «нарманскай тэорыі», заснавальнікі якой Г.З. Байер і Г.Ф. Міллер лічылі, што менавіта нарманы (варагі) і стварылі дзяржаву ў Старажытнай Русі. Гэтую тэорыю імкнуліся абвергнуць М.В. Ламаносаў, Д.І. Ілавайскі і іншыя даследчыкі, якія лічылі, што такія высновы прыніжаюць гонар і годнасць славян у справе дзяржаўнага будаўніцтва.

Для правільнага разумення месца і ролі інстытута «запрашэння на княжэнне» ў справе фармавання дзяржаўнасці на тэрыторыі ўсходніх славян трэба мець на ўвазе некалькі абставінаў. І перш-наперш тое, што на момант перасялення славян на тэрыторыю Усходняй Еўропы ў іх панаваў не родавы лад, а абшчыннае жыццё. У славян дамінавала ў справе кіравання супольнасцю веча, што з’яўляецца, на думку І.Д. Бяляева, прыметай не родавай, а абшчыннай арганізацыі супольнасці[41]. Усё гэта дае падставы сцвярджаць аб тым, што на момант запрашэння на княжэнне ў славян былі ўсе неабходныя перадумовы для стварэння дзяржаўна-арганізаванага грамадства.

Ва ўмовах панавання абшчыннага ладу жыцця роднасныя сувязі страцілі сваё ранейшае значэнне і не маглі больш выконваць ролю таго падмурка, на якім грунтавалася сістэма ўлады і кіравання. Больш таго, наяўнасць веча ў якасці галоўнага інструмента ўлады гаворыць аб тым, што гэта была слабая ўлада, прычым прамежкавая па сваёй сутнасці. З аднаго боку, веча працягвала выконваць пэўныя ўладныя паўнамоцтвы агульнага сходу суродзічаў. Але разам з тым на вечы панавала багатая ў маёмасных адносінах частка абшчыннікаў[42]. Менавіта яна выбірала з свайго складу вышэйшых службовых асобаў – пасаднікаў, тысяцкіх, ваяводаў і г. д. Гэты факт пацвярджае, што сярод славян была пашырана маёмасная дыферэнцыяцыя. Такім чынам, у ўсходніх славян на момант запрашэння на княжэнне існавалі ўсе «класічныя» перадумовы для фармавання «класічнай» дзяржавы.

Такім чынам, дзяржаўна-арганізаванае грамадства ва ўсходніх славян фармуецца ў выніку тых жа самых сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў, якія прывялі да ўзнікнення дзяржавы ў іншых народаў і аб якіх ужо ішла размова. Разам з тым, у стварэнні якасна новай сістэмы кіравання ў дзяржаўна-арганізаваным грамадстве ўсходніх славян рашаючую ролю выканаў інстытут «запрашэння на княжэнне». Яго можна разглядаць у якасці завяршаючага тэхналагічнага працэсу, які дазволіў нашым продкам годна выйсці са складаных сацыяльна-эканамічных супярэчнасцяў, з якімі яны сутыкнуліся ў выніку развіцця таварна-грашовых адносінаў, і з’яўленнем сацыяльна неаднароднага грамадства, стварыць якасна новую форму ўлады і забяспечыць з яе дапамогай цэласнасць грамадства[43]. У гэтым сэнсе можна цалкам пагадзіцца і з думкай аб тым, што «… норманская экспансия в Восточной Европе не могла сыграть самостоятельную роль и выливалась в деятельность вспомогательного характера, обслуживающую интересы русской знати»[44].

Факт «запрашэння на княжэнне», на нашу думку, ніколькі не прыніжае годнасці славян у справе дзяржаўнага будаўніцтва. Наадварот, нашы продкі гэтым самым запрашэннем найбольш глыбока зразумелі сутнасць дзяржавы ў якасці нейтральнай, «трэцяй сілы», якая б стаяла над унутранымі супярэчнасцямі, не была звязана з супярэчнасцямі паміж рознымі сацыяльнымі групамі кроўнымі сувязямі. Такой нейтральнай сілай і сталі запрошаныя варагі, якія склалі ядро (ці значную яго частку) асаблівай прафесійнай групы кіраўнікоў, што сталі ажыццяўляць не супадаючую з усім насельніцтвам публічную ўладу. Аналізуючы ўзаемаадносіны Русі і нарманаў і ролю апошніх у стварэнні дзяржавы ў Кіеве, Х. Лаўмянскі адзначае, што «киевское ядро государства было созданием не одного, а двух или более племенных органов – отсюда возможность трений внутри самого политического союза; правитель чужого происхождения, в силу своей нейтральности, скорее мог сгладить эти трения и потому был полезен для поддержания единства»[45]. Акрамя гэтага, пры «запрашэнні на княжэнне» ўсходнія славяне кіраваліся і іншымі матывамі, сярод якіх не апошнюю ролю адыгрывалі вайсковыя веды і навыкі скандынаваў, іх здольнасці ў арганізацыі вайсковых паходаў, асабліва воднымі шляхамі, якія скандынавы ведалі дасканала. Скандынавы добра ведалі таксама гандлёвыя справы і маглі іх наладзіць у Кіеве, іншых гарадах-княствах усходніх славян.

Знакаміты даследчык гісторыі дзяржаўнасці і права Беларусі, прафесар, доктар юрыдычных навук Я.А. Юхо ў шэрагу сваіх грунтоўных прац значна пашырыў нашы ўяўленні аб першапачатковых этапах фармавання дзяржаўна-арганізаванага грамадства ў нашых далёкіх продкаў. Прынамсі, ён лічыць, што наяўнасць ворнага земляробства, рамеснай вытворчасці і гандлёва-эканамічных сувязяў у народаў Усходняй Еўропы ў пачатку нашай эры дазваляе зрабіць вывад пра існаванне ў той час на нашай зямлі дзяржаваў-княстваў[46]. На наш погляд, выказаныя Я.А. Юхо меркаванні і доказы наконт узнікнення дзяржаўна-арганізаванага грамадства на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў больш раннія, чым гэта вынікае з вядомых нам летапісных крыніц, часы вельмі пераканаўчыя.

У той жа самы час, пашыраючы ўяўленні аб паходжанні дзяржаўнасці і адносячы яе карані на больш раннія стадыі гісторыі нашага народа, нельга ды і немагчыма з гэтай жа гісторыі гэтага ж самага народа выкрэсліваць і неабвержаныя факты аб удзеле варагаў у стварэнні дзяржаўна-арганізаванага грамадства ў усходніх славян. Як бы там ні было, нават калі створаныя варагамі на тэрыторыі пражывання ўсходніх славян дзяржаўныя ўтварэнні і не былі гістарычна першымі, факт застаецца фактам – шлях фармавання дзяржаўнасці ў усходніх славян з дапамогай варагаў настолькі ўнікальны і своеасаблівы, што выдзяленне яго ў асобную спецыфічную форму паходжання дзяржавы «шляхам запрашэння на княжэнне» не можа выклікаць істотных пярэчанняў.

Узнікненне дзяржаўна-арганізаванага грамадства ў усходніх славян уяўляе цікавасць і з пункту гледжання той ролі, які мае лішкавы прадукт у фармаванні дзяржавы ўвогуле. Вядома, што варагі рэгулярна здзяйснялі ваенныя набегі на славянскія землі і рабавалі іх. Запрасіўшы варагаў на княжэнне нашы далёкія продкі як бы пагадзіліся добраахвотна, легальна, на «прававых падставах» перадаваць частку лішкавага прадукту варагам, забяспечваць жыццядзейнасць князя і яго дружыны на сталай падставе. Але ўзамен яны атрымалі тавар іншага кшталту – паслугі (працу) па ажыццяўленню ўлады і кіравання, па ажыццяўленню правасуддзя і абароне сваіх земляў ад розных ворагаў, у тым ліку і ад іншых варагаў.

У сувязі з гэтым можна правесці параўнаўчы аналіз узнікнення дзяржаўна-арганізаванага грамадства ў усходніх славян і ў тых германцаў, якія заснавалі дзяржаўныя ўтварэнні на руінах Заходняй рымскай імперыі, так званыя «варварскія каралеўствы», прыкладам якіх з’яўляецца дзяржава ў франкаў. Франкі прыйшлі на тэрыторыю Паўночна-заходняй Галіі як заваёўнікі і як пераможцы заснавалі там новую дзяржаву. У усходніх славян на момант запрашэння варагаў дзяржавы не было. Франкі разбурылі рымскую дзяржаву, прынамсі, на тэрыторыі Галіі. Варагі на тэрыторыі пражывання ўсходніх славян не разбуралі дзяржаўных утварэнняў, яны сталі той дзяржаваствараючай сілай, вакол якой узніклі першасныя дзяржавы княствы на тэрыторыі ўсходніх славян. Франкі запазычылі многія дзяржаўныя інстытуты разбуранай імі рымскай дзяржавы, хаця маглі гэтага і не рабіць. Варагі вымушаны былі прыняць умовы ўсходніх славянаў «старыны не рушыці», але выкарысталі ў справе пабудовы дзяржавы практычна ўсе свае веды і інстытуты, прынамсі, у арганізацыі вайсковай справы і ажыццяўленні правасуддзя, але вымушаны былі іх, безумоўна, адаптаваць да рэальнасцяў жыцця ўсходніх славян.



[1] Гл.: Кашаніна Т.В. Указ. твор. С. 13.

[2] Гл.: Чайлд Г. Древнейший Восток в свете новых раскопок. М., 1956.

[3] Венгеров В.Б., Барабашева Н.С. Указ. соч. С. 225.

[4] Гл.: История древних цивилизаций. – СПб., 1998. С. 128-131.

[5] Аристотель. Афинская полития. М.: Л., 1936. С. 153.

[6] Карамзин Н.М. История государства Российского. Т. 1. М.,1991. С. 117-118.

[7] Артхашастра. – М., 1959. С. 271.

[8] Гл.: Плутарх. Указ. твор. С. 91-156.

[9] Таксама.

[10] Кашанина Т.В. Указ. твор. С. 46-50.

[11] Гл.: Кашанина Т.В. Указ. твор. С. 46-50.

[12] Цветов В. Пятнадцатый камень сада Рёанди. – М., 1986. С. 36.

[13] Хрестоматия по истории Древнего Востока: В 2 ч. Ч. 2. М., 1980. С. 165-166.

[14] Крашенинникова Н.А. О некоторых теоретико-методологических вопросах истории государства и права зарубежного Востока (в свете изучения средневековой истории Индии и Китая) // Методологические и теоретические проблемы юридической науки. – М., 1986. С. 226.

[15] Гл.: Плутарх. Указ. твор. С. 27-53.

[16] Виппер Р.Ю. Греция. – Ростовна / Д, 1995. С. 79.

[17] Таксама. С. 84.

[18] Таксама. С. 47.

[19] Плутарх. Указ. твор. С. 168-169.

[20] Аристотель. Указ. твор. С. 125.

[21] Таксама. С. 126.

[22] Таксама. С. 35.

[23] Аристотель. Указ. твор. С. 38.

[24] Аристотель. Указ. твор. С. 50.

[25] Гл.: Виппер Р.Ю. Указ твор. С. 132.

[26] Гл.: Плутарх. Указ. твор. С. 65.

[27] Гл.: Плутарх. Указ. твор. С. 69.

[28] Ливий Тит. История Рима от основания города: В 3 т. Т. 1. М., 1989. С. 48.

[29] Таксама. С. 48-49.

[30] Ливий Тит. Указ. твор. С. 49.

[31] Утченко С.Л. Цицерон и его время. М., 1973. С. 29-34.

[32] Гл.: Плутарх. Указ. твор. С. 54-56.

[33] Колесницкий Н.Ф. Феодальное государство. – М., 1967. С. 30-31.

[34] Практикум по истории средних веков. – Вып. 1. / Составители: М.Л. Абрамсон, С.А. Сливко, М.М. Фрейденберг. – М., 1981. С. 9-13.

[35] Практикум по истории средних веков. – Вып. 1. / Составители: М.Л. Абрамсон, С.А. Сливко, М.М. Фрейденберг. – М., 1981. С. 16-29.

[36] Энгельс Ф. Указ твор. С 151.

[37] История древнего мира. М., 1989. С. 359.

[38] Ловмянский Х. Русь и норманны. М., 1985. С. 205.

[39] Карамзін Н.М. Указ. твор. С. 94.

[40] Ермаловіч Мікола. Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае. Мн., 2000. С. 66.

[41] Беляев И.Д. История русского законодательства. СПб., 1999. С. 27.

[42] Сільчанка М.У. Ад князя і веча да Вялікага князя, Сейма і магдэбургскага права // Проблемы законности и правопорядка в Республике Беларусь. Новополоцк, 2000. С. 3-4.

[43] Сільчанка М.У., Басюк І.А. Беларуская дзяржаўнасць. Гродна, 1997. С. 48.

[44] Ловмяньский Х. Указ. твор. С. 206.

[45] Ловмяньский Х. Указ. твор. С. 207.

[46] Юхо Я.А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. Ч. 1. Мн., 2000. С. 65.