Лекцыя
^ Вверх

Лекцыя

 

1. Асветніцтва. Палітычнае  і прававое асветніцтва на Беларусі.

2. Фізіякраты, іх погляды і падыходы да рэфармавання грамадскага і  дзяржаўнага ладу.

3. Палітыка-прававы ўтапізм І.М.  Яленскага. «Паўлаўская рэспубліка» П. Бжастоўскага.

4. Дэмакратычныя ідэі паўстання 1794 года: Тадэвуш  Касцюшка, Якуб  Ясінскі.

 

1.  Асветніцтва. Палітычнае і прававое асветніцтва на Беларусі

 

Асветніцтва – гэта грамадска-палітычная плынь, прадстаўнікі якой прапаведавалі прыярытэт асветы, навукі і розуму ў жыцці асобы, грамадства і дзяржавы. Асветніцтву спрыялі значныя навуковыя  адкрыцці і дасягненні, якія выкарыстала буржуазія ў ідэйнай барацьбе супраць феадальна-царкоўнага светапогляду, схаластыкі, абсалютызму і феадальнага ладу. Як плынь культуры Асветніцтва адлюстроўвала нарастанне супярэчнасцей феадальнай сацыяльна-эканамічнай фармацыі ў эпоху буржуазных рэвалюцый.

Яскравыя ўзоры асветніцкай літаратуры  далі Вальтэр, Русо, Дзідро (Францыя), Гётэ і Шылер (Германія), А.М. Радзішчаў, А.С. Пушкін, А.І. Герцэн, М.Я. Салтыкоў-Шчадрын, І.С. Тургенеў (Расія) і іншыя.

На Беларусі Асветніцтва з’явілася ў 1-й палове ХVІІІ  ст. (ранняе Асетніцтва),  актыўна пашыралася ў другой палове ХVІІІ – пачатку ХІХ ст. Асветніцтва – гэта ідэалогія перыяду станаўлення буржуазнага грамадства, яно пашыралася ў двух напрамках: па-першае, вызначалася крытычным стаўленнем да феадальных грамадскіх інстытутаў: да дзяржавы, права, рэлігіі, маралі; па-другое, перадавыя мысліцелі гэтага часу лічылі, што  на аснове дасягненняў навукі можна распрацаваць рацыянальную сістэму, у адпаведнасці  з якой  рэфармаваць грамадства і дзяржаву з тым, каб у выніку зрабіць усіх людзей шчаслівымі. Але каб людзі ўспрынялі і свядома падтрымалі рацыянальную сістэму і неабходныя рэформы грамадства і дзяржавы, патрэбна палітычная, прававая, філасофская і іншая асвета насельніцтва.     

Даследчыкі лічаць, што Асветніцтва, як грамадска-палітычная плынь, завяршылася ў канцы ХVІІІ ці ў пачатку ХІХ ст. Паразважаем: навука развівалася, веды распаўсюджваліся, чаму ж у такім разе мы адзначаем, што завяршылася Асветніцтва?

Маюцца розныя тлумачэнні гэтага вываду. Разгледзім адно з іх. Вялікая Французская рэвалюцыя (1789 – 1794 гг.), як вядома, пачыналася на ідэях Асветніцтва,  а закончылася крывавай якабінскай дыктатурай. Камітэт грамадскай бяспекі, Рэвалюцыйны трыбунал, лідэры якабінцаў Рабесп’ер, Марат, Дантон праводзілі рэвалюцыйны тэрор, ахвярамі якога сталі тысячы людзей. (Гл.: Гюго, Виктор. Девяносто третий год / Виктор Гюго. – М., 1972. – 300 с.). Людзі страцілі  веру ў асветніцкую рацыянальную ідэю (праграму) і звярнуліся да іншых палітычных ідэй – да сялянскага абшчыннага сацыялізму Герцэна і Чарнышэўскага, затым – да народніцтва, пазней – да марксізму.

Асветніцтва, як грамадска-палітычная плынь, складвалася  супярэчліва. З аднаго боку, мысліцелі і дзеячы гэтага часу свае ідэі і падыходы імкнуліся заснаваць на дасягненнях навукі, на тых новых магчымасцях, якія адкрыліся ў перыяд пераходу грамадства ад феадальных да буржуазных адносін.

Разам з тым выявілася і слабасць Асветніцтва ў тым, што мысліцелі гэтай эпохі былі разрозненымі, кожны з іх лічыў, што менавіта яго сістэма самая рацыянальная і сапраўдная. У выніку склаліся шматвектарныя падыходы, якія, як адзначае  дацэнт І.У. Вішнеўская, не маглі даць чалавецтву абсалютную ісціну, адзіны шлях да пазітыўных пераўтварэнняў [1, с.85].  Такая асаблівасць Асветніцтва ярка праявілася і на Беларусі. Толькі ў вядомым нам энцыклапедычным даведніку «Мысліцелі і асветнікі Беларусі» (Мінск, 1995), Асветніцтва  прадстаўлена некалькімі сотнямі прозвішчаў беларускіх мысліцеляў і палітычных дзеячаў. Выбар вялікі, таму  ў вучэбных дапаможніках І.У. Вішнеўскай, С.Ф. Сокала, В.Ф. Шалькевіча разглядаюцца ідэйныя пазіцыі розных беларускіх мысліцеляў. Такі падыход, на наш погляд, апраўданы, бо ён садзейнічае пашырэнню кола вывучаемых беларускіх мысліцеляў, шматвектарнага ўяўлення аб палітычных і прававых ідэях таго часу.

Мы засяродзім увагу  на ідэях і поглядах толькі некаторых беларускіх мысліцеляў. З поглядамі іншых беларускіх мысліцеляў і асветнікаў можна азнаёміцца, калі звярнуцца да адпаведных тамоў Беларускай энцыклапедыі (у 18 тамах), Энцыклапедыі гісторыі Беларусі (у 6 тамах, 7 кнігах), энцыклапедычных слоўнікаў «Мысліцелі і асветнікі Беларусі», «Асветнікі зямлі Беларускай», да манаграфічнай і іншай літаратуры.

Казімір Галоўка  (1718 – пасля 1773 г.). Адукацыю атрымаў у Навагрудку, Гародні, Віленскай езуіцкай акадэміі, выкладаў у езуіцкіх навучальных установах. Адзначым яго працу «Сеймуючая Еўропа» (1753 г.),  у якой Галоўка супастаўляе еўрапейскія парламенты і парламент Рэчы Паспалітай, падзяляе народы па формах дзяржаўнага кіравання на «свабодныя» і «несвабодныя».

Да «свабодных» народаў Галоўка адносіў Рэч Паспалітую, Англію, Швецыю і іншыя, у якіх кароль кіраваў разам з парламентам. Да  «несвабодных» народаў ім былі аднесены Расія, Францыя, Іспанія, у якіх народ цалкам залежаў ад волі манарха – караля ці імператара. Разам з тым Галоўка крытычна ставіўся да Рэчы Паспалітай,  ён папярэджваў аб крызісным становішчы яе грамадскага і дзяржаўнага ладу. Асноўнымі прычынамі крызіснага становішча Галоўка справядліва лічыў ліберум вета і шляхецкі анархізм, якімі фактычна былі паралізаваны  паўнамоцтвы караля і парламента, усё гэта вяло да развалу грамадскага і дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай.

Іларыён Карпінскі (18 ст. – ?). У 1766 годзе ён выдаў «Геаграфічны слоўнік», у якім, зыходзячы з канцэпцыі Ш. Мантэск’е, (1689 – 1755 гг.) разглядзеў тры формы дзяржаўнай улады: дэспатыю, манархію і рэспубліку.

Дэспатыю Карпінскі вызначаў як дзяржаўны лад, які цалкам падпарадкаваны адной асобе (дэспату). Манархія – гэта ўлада аднаго чалавека, якая ажыццяўляецца з дапамогаю законаў. Рэспубліку Карпінскі падзяляў на арыстакратычную, у якой кіруе шляхта, і дэмакратычную, у якой кіруе народ.

Карпінскі выдзяляў і змешаную форму ўлады – манархісцка-арыстакратычную, дзе ўлада манарха абмяжоўваецца прадстаўнічым органам – парламентам (Рэч Паспалітая).

Францішак Папроцкі (1723 – 1790 гг.). Нарадзіўся на Беларусі, у Віленскай акадэміі выкладаў філасофію, гісторыю і геаграфію. З 1759 года выдаваў «Палітычныя календарыкі» ( з 1768 г. – «Віленскія календары»).

У «Палітычным календарыку» за 1764 год змясціў звесткі пра польскіх каралёў і князёў Вялікага княства Літоўскага, манархаў еўрапейскіх дзяржаў. У «Палітычным календарыку»за 1765 год былі надрукаваны пастановы соймаў Рэчы Паспалітай за 1764 год.

У яго кнізе «Дамашнія весці аб Вялікім княстве Літоўскім» (1763 г.) змешчаны звесткі аб геаграфічным становішчы, гісторыі, дзяржаўным ладзе, судовай сістэме і арміі Вялікага княства.

Папроцкі ў сваіх творах зыходзіў з рацыяналістычнага разумення гістарычнага працэсу, яго працы садзейнічалі патрыятычнаму выхаванню насельніцтва і моладзі Вялікага княства Літоўскага.

Мацей Догель (1715 – 1760 гг.). Нарадзіўся на Лідчыне ў сям’і дробнага шляхціца. Пры падтрымцы магната М. Чартарыйскага пабываў за мяжой, працаваў ў архівах і бібліятэках Германіі, Францыі, Галандыі, дзе вывучаў дакументы аб міжнароднай палітыцы Рэчы Паспалітай. Падрыхтаваў у 5 тамах зборнік дакументаў аб замежных сувязях Рэчы Паспалітай  і Вялікага княства Літоўскага пад назвай «Дыпламатычны кодэкс Польскага Каралеўства і Вялікага княства Літоўскага» (1 і 5  тамы Кодэкса былі апублікаваны ў 1758, 1759 гг.).

Мацей Догель напісаў працу «Межы Польскага Каралеўства і Вялікага княства Літоўскага»,у якой ён даў падрабязнае апісанне граніц Рэчы Паспалітай і Вялікага княства, прывёў тэксты міжнародных дагавораў аб іх усталяванні.

Працы Мацея Догеля былі высока ацэнены даследчыкамі гісторыі дыпламатыі і міжнароднага права.

У ХVIII стагоддзі на Беларусі даволі вядомай была праца «Вольны голас у абарону свабоды». Доўгі час яе аўтарам лічылі караля Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага, зараз многія даследчыкі сцвярджаюць, што гэтую працу напісаў Матэуш Белазор. У працы адзначалася, што ў Рэчы Паспалітай пануе анархія, параліч улады, прычыны якіх у неабмежаваных шляхецкіх вольнасцях, якія могуць прывесці да распаду дзяржавы, альбо да тыраніі. Разам з тым аўтар «Вольнага голасу» выступаў супраць радыкальных рэформаў. Так, «ліберум вета» ён  прапанаваў захаваць, але абмежаваць яго законам з такім разлікам, каб гэты прынцып мог толькі прыпыніць разгляд на сойме пэўнага пытання, а не вёў да зрыву соймаў і адмены ўжо прынятых рашэнняў.

Аўтар «Вольнага слова» ўзняў сялянскае пытанне. Сяляне сваёй працай ствараюць багацце, таму празмерны іх прыгнёт наносіць шкоду як дзяржаве, так і шляхце. Таму патрэбна надаць стымулы сялянскай працы: даць сялянам асабістую свабоду, замяніць паншчыну грашовым падаткам, усталяваць над сялянамі дзяржаўную апеку, даць сялянам права падаваць апеляцыі на панскія суды ў гродскія (замкавыя) суды ці, нават, у Трыбунал Вялікага княства Літоўскага.

Неабходна адзначыць 4-томную працу С. Канарскага «Аб паспяховым спосабе правядзення пасяджэнняў», якая была выдадзена ў 60-я гг. ХVІІІ стагоддзя па заказу магнатаў Чартарыйскіх. У працы даецца крытыка тэорыі і практыкі «залатой шляхецкай вольнасці», абгрунтавана неабходнасць скасавання «ліберум вета»,  увядзення ў Рэчы Паспалітай канстытуцыйнай манархіі, якая называлася ідэальнай формай палітычнага ладу. Вакол працы Канарскага ў Вялікім княстве Літоўскім разгарнулася гарачая дыскусія. Частка шляхты Вялікага княства падтрымлівала ідэі і прапановы Канарскага па рэфармаванні грамадскага і дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай.

Загурскі Антоні (ХVIII ст.), прафесар Віленскай акадэміі, выкладаў грамадзянскае права. Яго прававыя погляды вядомы нам  з прамовы пад назвай: «Пра высакароднасць, неабходнасць і карысць юрыспрудэнцыі ці прававой разважлівасці», з якой ён выступіў ў акадэміі 27 ліпеня 1761 года. У прамове ён адзначыў, што асновай натуральнага права з’яўляецца боскі закон – вечны і ўніверсальны закон Сусвету, да якога павінна дастасоўвацца чалавечае заканадаўства.  Юрыспрудэнцыю Загурскі трактаваў як навуку аб божых і чалавечых законах, якая павінна ацэньваць, што справядліва і што несправядліва. Стан судаводства і юрыспрудэнцыі ў Рэчы Паспалітай ён лічыў крызісным: суддзі не ведалі законаў, не мелася спецыяльных юрыдычных школ. Чыноўнікі дзяржаўнага апарату не валодалі неабходнымі юрыдычнымі ведамі. Прынцып «ліберум вета», па ацэнцы Загурскага, вёў да анархіі, аслаблення цэнтральнай улады, да распаду Рэчы Паспалітай як дзяржавы.

Каб палепшыць справы, Загурскі прапанаваў найперш даць неабходныя юрыдычныя веды людзям, якія выконвалі грамадскія і дзяржаўныя абавязкі, увесці ў школах прававую адукацыю. Распаўсюджванне  прававых ведаў Загурскі адносіў да найгалоўнейшых задач дзяржавы.

У ХVIII стагоддзі важнае месца ў палітыка-прававой думцы займала так званая дысідэнцкая праблема  (дысідэнт – ад лац. dissedens –  нязгодны, іншадумец). У дзяржавах, дзе пануючым быў каталіцкі касцёл, дысідэнтамі называлі хрысціян іншых канфесій – арыян, праваслаўных, лютэран, пратэстантаў і іншых. Дысідэнцкая праблема абвастрылася ў 1733 годзе, калі сойм Рэчы Паспалітай прыняў закон, які забараняў некаталікам  займаць дзяржаўныя пасады, выбіраць ці быць абранымі дэпутатамі сойма.

На чале руху ў абарону правоў праваслаўных стаяў архіепіскап магілёўскі Георгій Каніскі (1717 – 1795 гг.). Каніскі склаў каля 80 прамоваў і казанняў («слоў»). Найбольш значным творам Каніскага была «История Малороссии», на якую А.С. Пушкін напісаў рэцэнзію «Собрание сочинений Георгия Кониского, архиепископа Белорусского, изданное протоиереем Иоанном Григоровичем», у якой паэт высока ацаніў творчасць Каніскага. «Георгий (Каниский – И.Б.), – адзначыў А.С. Пушкін, – есть один  из самых достопамятных мужей минувшего столетия» [2, с.217].

Каніскі асуджаў гвалт і прымус, якія чынілі каталікі ў адносінах да праваслаўных. У «Истории Малороссии» ён пісаў: «Русские церкви несогласовавшихся на унию прихожан отданы жидам в аренду… Ключи церковные и веревки колокольные отобрали к себе в корчмы. При всякой требе христианской   повинен ктитор идти к жиду торжиться с ним, и, по важности отправы, платить за нее и выпросить         ключи …» [2, с.225].

Каніскі падтрымліваў ідэю аб’яднання беларускага народа з рускім і украінскім народамі ў адну славянскую дзяржаву, у якой павінен панаваць парадак на падставе законаў. Ён заклікаў правіцеляў і народы жыць па запаветах божых. На каранаванні Кацярыны ІІ Каніскі выступіў з прамовай, у якой адзначыў: «Молясь, и покупаем, и продаем, и хозяйством управляем… и о сундуках своих трепещем. Подлинно, се ли молитва…? …Одни уста трубят…, а сердце – хладно, как бездушный труп, зарытый вместе с сокровищем нашим» [2, с.221].

Георгій Каніскі ў сваіх творах «Мемарыял аб крыўдах праваслаўных», «Правы і вольнасці жыхароў грэчаскага веравызнання», «Правы і свабоды дысідэнтаў хрысціянскага веравызнання Каралеўства Польскага і Вялікага княства Літоўскага, што вынікаюць з прынятых соймамі законаў і Статута Вялікага княства Літоўскага...» адстойваў правы праваслаўных, ганьбаваў прымус касцёла ў  іх адносінах, патрабаваў ураўняць у правах праваслаўных і каталікоў.

Каніскі быў адзін з арганізатараў Слуцкай канфедэрацыі 1767 года, якая была скіравана на адмену закона 1733 года. Барацьба прынесла станоўчыя вынікі. У 1768 годзе ў Рэчы Паспалітай былі прыняты Кардынальныя правы, якімі дысідэнты (некаталікі) ураўніваліся ў правах з каталікамі.

Барацьба і ідэі Георгія Каніскага засталіся памятнымі для праваслаўнай царквы і беларускага народа. У 1993 годзе Сінодам беларускай праваслаўнай царквы Георгій Каніскі быў кананізаваны – прылічаны да ліку святых.

Такім чынам, мы можам адзначыць, што на Беларусі Асветніцтва атрымала шырокае распаўсюджанне. Але яе ідэі мелі шматвектарную накіраванасць.  Мысліцелі і дзеячы свае ідэі і падыходы імкнуліся заснаваць на перадавых ідэях навукі, яны спрабавалі адгукнуцца на патрабаванні свайго часу, якія  адкрыліся ў перыяд пераходу грамадства ад феадальных да буржуазных адносін.

Разам з тым выявілася, што мысліцелі былі разрозненымі. Асветніцтва не змагло даць чалавецтву адзіную ісціну, адзіны шлях пазітыўных рэформаў.

       

2. Фізіякраты, іх погляды і падыходы да рэфармавання грамадскага і

дзяржаўнага ладу

 

У перыяд Асветніцтва ў палітыка-прававой думцы Беларусі важнае месца займала тэорыя фізіякратаў, якая прыйшла на Беларусь з Францыі ў 2-й палове ХVIII стагоддзя і захавалася да пачатку ХІХ стагоддзя. Заснавальнікам тэорыі быў Ф. Кенэ, яе прыхільнікамі былі Ж. Цюрго, В. Мірабо, Г. Летрон і іншыя.

Фізіякраты (ад грэч.physis – прырода  +cratos – сіла, улада). Філасофскай асновай вучэння фізіякратаў было натуральнае права. Фізіякраты лічылі, што асноўнае багацце дзяржавы стварае сельская гаспадарка. У грамадстве яны вылучалі два класы:  вытворчы клас, штоскладалі працаўнікі сельскай гаспадаркі і землеўладальнікі, і непрадукцыйны клас – слаі насельніцтва, якія не мелі непасрэднага дачынення да земляробства. Зыходзячы з такіх падыходаў, асноўныя рэформы фізіякраты прапаноўвалі засяродзіць у сельскай гаспадарцы, у рэфармаванні формаў землекарыстання.

На Беларусі ідэі фізіякратаў падтрымлівалі і развівалі Іеранім Страйноўскі, Канстанцін Багуслаўскі, Іахім Храптовіч, Антоній Тызенгаўз і іншыя.

Найбуйнейшым прадстаўніком фізіякратаў на Беларусі быў прафесар права Галоўнай школы Вялікага княства Літоўскага Іеранім Страйноўскі (1752 – 1815 гг.). У 1785 годзе ён  выдаў кнігу «Навука аб прыродным і палітычным праве, палітычнай эканоміі і праве народаў». Гэтая кніга шмат разоў перавыдавалася, яна выкарыстоўвалася як падручнік для вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў Польшчы, Беларусі і Літвы. Апублікаваны таксама шэраг прамоў Страйноўскага.

Страйноўскі, як і большасць асветнікаў таго часу, лічыў Бога творцай і першапрычынай прыроды. Ён адзначаў, што механізм прыроды  вымушае «чалавечы розум прызнаць існаванне вышэйшай сілы і мудрасці» [3, с.319].

У сваіх працах Страйноўскі разглядаў вучэнне  аб натуральным праве і натуральным парадку. Натуральнае права ён разумеў як адзінства фізічнага і маральнага парадку, г.зн. як сукупнасць законаў прыроды і грамадства. «З фізічнага парадку рэчаў, – адзначаў Страйноўскі, – вынікае, як мы бачылі, маральны парадак і, таксама як першы, ён не можа быць адвольны, зменены ў адпаведнасці з воляй і жаданнем людзей; таксама як і першы, ён не ўстаноўлены людзьмі, а толькі імі пазнаецца...» [3, с.319]. Людзі, на думку Страйноўскага, могуць быць шчаслівыя толькі праз глыбокае пазнанне і поўнае захаванне гэтага натуральнага права; адыход чалавека або грамадства ад дакладных і разумных законаў прыроды непазбежна выклікае «пакаранне» – няшчасці, бедствы, беспарадкі і г.д. Натуральныя ж законы, паводле поглядаў Страйноўскага, «нічога іншага не выяўляюць, акрамя як натуральныя правы і абавязкі чалавека» [3, с.319], да якіх належыць яго імкненне да самазахавання, задавальнення сваіх патрэб у ежы, адзенні, жыллі, прыладах працы, да набыцця зямных даброт і карыстання імі.

З натуральных правоў і абавязкаў асобнага індывіда, з прыроднай роўнасці людзей Страйноўскі выводзіў сацыяльныя правы і абавязкі. Да сацыяльных абавязкаў Страйноўскі адносіў вечныя і нязменныя правы асабістай свабоды, узаемнай дапамогі, прыватнай уласнасці. Ён лічыў, што здабытая сумленнай працай прыватная ўласнасць – гэта краевугольны камень грамадства, а яе недатыкальнасць з’яўляецца найпершым натуральным правам чалавека. Прынцыпы натуральнага права Страйноўскі разглядаў у якасці крытэрыяў «ісціннасці» або «няправільнасці» таго ці іншага сацыяльна-палітычнага ладу. Ён лічыў, што Рэч Паспалітая не адпавядала патрабаванням натуральнага права, бо гэта была дзяржава магнацкай алігархіі. Праграмныя ўстаноўкі шляхецка-буржуазнага блоку ён узводзіў у ранг прынцыпаў натуральнага права і ўсяляк іх абараняў.

Страйноўскі абгрунтоўваў залежнасць шчасця народа і грамадскае ўпарадкаванне ад узроўню пашырэння ведаў аб прыродзе і грамадстве. Для асветы насельніцтва Страйноўскі прапаноўваў стварыць сістэму навучання юнацтва, садзейнічаць развіццю навукі, выдаваць кнігі, падручнікі і г.д. Страйноўскі прапаноўваў падрыхтаваць «Усеагульную інструкцыю для ўсяго народа»,  якая б на падставе дасягнення навукі дапамагла б людзям адшукаць ісціну, усталяваць разумныя асновы сацыяльнага жыцця.

Зыходзячы з натуральнага права, фізіякраты выступалі за скасаванне прыгоннай залежнасці сялян, за адмену саслоўных прывілегій, за ўвядзенне ў краіне канстытуцыйнай манархіі, якая будзе здольная пакласці канец самаўладдзю магнатаў.

Погляды тэарэтыкаў-фізіякратаў падзялялі рэфарматары канца ХVІІІ стагоддзя Іахім Храптовіч, Антоній Тызенгаўз, Павел Бжастоўскі і іншыя.

Іахім Храптовіч (1729 – 1812 гг.). Магнат, з роду Храптовічаў, канцлер Вялікага княства Літоўскага. Нарадзіўся на Навагрудчыне, вучыўся ў Віленскай акадэміі. Напісаў кнігі: «Аб шматгадовым і нацыянальным узнаўленні» і «Аб праве прыроды». У сваім маёнтку Шчорсы (на Навагрудчыне) заснаваў бібліятэку (больш за 10 тыс. кніг), у якой былі сабраны творы рымскіх, французскіх класікаў, кнігі па гісторыі Польшчы, Літвы і Беларусі. Бібліятэка Храптовіча была асветніцкім цэнтрам таго часу, у ёй працавалі Адам Міцкевіч, Ян Чарот, Іяхім Лялевель і іншыя.

У сваіх працах Храптовіч развіў ідэі фізіякратаў аб натуральным парадку, які засноўвае правы і абавязкі членаў грамадства. На думку Храптовіча, для падтрымання натуральнага парадку людзі заключаюць паміж сабою дагаворы, якімі вызначаюцца іх правы і абавязкі, чым і дасягаецца ў грамадстве стабільнасць.

Храптовіч падзяляў ідэю фізіякратаў аб тым, што аснову багацця стварае сельскагаспадарчая вытворчасць; калі заможна жывуць сяляне, тады багатая і дзяржава. Сяляне толькі тады зацікаўлены ў прадукцыйнасці сваёй працы, калі яны маюць асабістую свабоду і грамадзянскія правы. Таму, на думку Храптовіча, дзяржава павінна даць сялянам асабістую свабоду, надзяліць іх грамадзянскімі правамі, прадставіць сялянам у карыстанне зямлю.

Свае ідэі Храптовіч зрабіў спробу ажыццявіць ва ўласных маёнтках, у прыватнасці, у Шчорсах (Навагрудчына).  У Шчорсах ён адмяніў паншчыну, перадаў сялянам у арэнду за 1/3 частку ўраджаю зямельныя надзелы, стварыў органы сельскага самакіравання, адкрыў страхавы магазін, касу ўзаемадапамогі, пабудаваў уніяцкую царкву. Для сялянскіх дзяцей адкрыў школу, дзе дзеці навучаліся не толькі чытаць і пісаць, арыфметыцы, але яны там набывалі сялянскія рамёствы (цесляра, будаўніка хат, печніка і іншыя), што дазваляла ім адразу пасля школы ўключыцца ў сельскае вытворчае жыццё.

Рэформа Храптовіча мела станоўчыя вытворчыя вынікі: яна забяспечыла 3 разавае павелічэнне яго даходаў, і, без істотных змен, праіснавала да 1861 года.

На думку прафесара С.Ф. Сокала, рэформы Храптовіча ў адным маёнтку ва ўмовах феадалізму, з аднаго боку – асветніцкі гуманізм, з другога боку – адначасова і ўтапізм [4, с.80].

Антоній Тызенгаўз (1733 – 1785 гг.). граф, з роду Тызенгаўзаў, нарадзіўся на Навагрудчыне (мястэчка Наваельня). Гродзенскі стараста, кіраўнік каралеўскіх эканомій у Беларусі і Літве. Падзяляў асветніцкія ідэі. Заснаваў у Гродне кадэцкі корпус, гандлёвую, бухгалтэрскую, будаўнічую, акушэрскую школы, адкрыў Гродзенскую медыцынскую акадэмію, у якой працаваў вядомы французскі хірург Жан Жылібер. Заснаваў у Гродне тэатр і тэатральную школу.

У святле вучэння фізіякратаў Тызенгаўз правёў шэраг рэформаў: арганізаваў мануфактуры, сплаўны гандаль па Нёмане, прымяніў парнікова-цяплічную сістэму. Разам з тым Тызенгаўз не падзяляў некаторых ідэй фізіякратаў, у прыватнасці,  ён выступаў супраць вызвалення сялян ад прыгону. Яго мануфактуры і маёнткі былі заснаваны на прыгоннай, прымусовай працы сялян, што і стала адной з прычын іх заняпаду.

Няўдачы гаспадарчых рэформаў прывялі да таго, што ў 1780 годзе Тызенгаўз быў адхілены ад кіраўніцтва каралеўскімі эканоміямі ў Вялікім княстве Літоўскім. Пахаваны Тызенгаўз у фамільным склепе ў Жалудоцкім касцёле, яму маецца помнік у Гродзенскім фарным касцёле.

Такім чынам, на Беларусі не толькі было вядома вучэнне фізіякратаў, але былі зроблены спробы ажыццявіць яго на практыцы; пры гэтым рэформы Іахіма  Храптовіча аказаліся дзеяздольнымі, яны мелі станоўчыя вытворчыя вынікі і праіснавалі да адмены на Беларусі прыгоннага права.

 

3. Палітыка-прававы ўтапізм І.М. Яленскага. «Паўлаўская рэспубліка»

П. Бжастоўскага

 

У перыяд Асветніцтва ўзнікалі і ўтапічныя ідэі і праекты рэформаў. Найбольш вядомым прадстаўніком палітыка-прававога ўтапізму на Беларусі быў Іосіф Міхайлавіч Яленскі (1756 – 1813 гг.), адзін з першых шляхецкіх рэвалюцыянераў. Скончыў Гродзенскую землямерную школу Тызенгаўза. У 1794 годзе быў арыштаваны за захоўванне недазволеных рукапісаў, сасланы ў Салавецкі манастыр. Напісаў працы: «Адозва да народа – агульных сабраццяў нашых», «Пераклад польскага права, усенародна складзенага». Найбольш значнай яго працай з’яўляецца «Благавесць да Ісраіля Расійскага», якую ён напісаў у манастыры. У сваіх працах Яленскі прапанаваў усталяваць лад  «благавесці», пад якім разумеў грамадства ўсеагульнага шчасця і роўнасці. У такім грамадстве будзе скасавана прыгоннае права («зло эпохі»), усе асноўныя сродкі працы, зямля і вынікі працы будуць належаць самім працаўнікам, фінансы, манетныя двары, мануфактуры будуць агульнанароднай уласнасцю. Адукацыя будзе ўсеагульнай і даступнай. Калі ж з-за ляноты хто не захоча вучыцца, да таго будуць ужывацца меры маральнага асуджэння.

Органы кіравання, суда і «савет старэйшын» меркавалася выбіраць «агульнанародна», прамым галасаваннем. Перавага на выбарах павінна аддавацца мудрым і сумленным людзям. Законы павінны быць простымі, яснымі, а іх колькасць строга абмежаваная,  каб «усякі іх лёгка зразумеў» [3, с.332]. Галоўнай пружынай грамадства, на погляд Яленскага, павінна стаць строгая мараль. Смяротная кара адмяняецца. Парушальнікаў законаў прадугледжвалася выганяць з абшчыны.

На думку Яленскага,  варожасць паміж каталікамі і праваслаўнымі стварае духавенства, якое «за звычкі спрачаюцца, а ісціну топчуць» [3, с.333].  Ён прапанаваў адмовіцца ад афіцыйных веравызнанняў на карысць раннехрысціянскіх ідэалаў.

Яленскі верыў у з’яднанне народаў у агульнанароднай Расійскай дзяржаве, дзе яны будуць жыць у сумеснай працы і павазе, у якой будуць панаваць асветніцтва, рост грамадскай вытворчасці і дабрабыту народа, яго духоўнага ўдасканалення.

Аналіз ладу «благавесці» Яленскага паказвае, што шмат якія яго ідэі былі ўтапічнымі, яны не маглі ажыццявіцца ў ХVІІІ – пачатку ХІХ стагоддзя (агульнанародная ўласнасць на зямлю і сродкі вытворчасці,  выбарныя органы ўлады, адзіная хрысціянская царква і іншыя).

У перыяд Асветніцтва мелі месца не толькі палітыка-прававыя ўтапічныя ідэі, але і ўтапічныя рэформы. Адзначым так званую «Паўлаўскую рэспубліку». Гісторыю Паўлаўскай рэспублікі мы ведаем з твора невядомага аўтара, які быў апублікаваны ў Вільні ў 1811 годзе пад назвай: «Паўлава ад 1767 да 1795 года адным хатнім прыяцелем апісанае». Заснаваў рэспубліку Павел Бжастоўскі (1739 – 1829 гг.), былы пісар Вялікага княства Літоўскага. У сваім маёнтку Мерач Віленскага павету (затым маёнтак быў перайменаваны ў Паўлава, у гонар гаспадара) Павел Бжастоўскі даў сялянам асабістую вольнасць і права пакінуць маёнтак пры ўмове выстаўлення за сябе замены і сплочвання даўгоў. Маёнтак быў перададзены сялянскай абшчыне, якая атрымала назву «Паўлаўская рэспубліка». Рэспубліка мела сваю Канстытуцыю, згодна з якой быў утвораны свой заканадаўчы орган – сойм, які складаўся з дзвюх палат. У вышэйшую палату ўваходзілі прызначаныя Бжастоўскім адміністратары: губернатар, намеснік (пісар), цівун, а таксама выбарныя прадстаўнікі сялянскага самакіравання: цэнзар, бурмістр, два лаўнікі, два ляснічыя, дзесятнікі. Ніжэйшая палата складалася з усіх самастойных гаспадароў маёнтка, яе пасяджэнні адбываліся асобна пад старшынствам губернатара. Статутам 1769, які быў зацверджаны Бжастоўскім, быў уведзены суд для разгляду спраў паміж сялянамі ў складзе губернатара, пісара, цівуна і 2 лаўнікаў, якія выбіраліся сялянамі. У 1791 годзе быў уведзены штотыднёвы суд з выбарных лаўнікаў.  Рэспубліка мела сваё міністэрства фінансаў, свае грошы, войска, сцяг і герб. Прэзідэнтам рэспублікі быў Павел Бжастоўскі. Зямля была падзелена паміж сялянамі, за карыстанне зямлёй сяляне плацілі падатак. Жыхары рэспублікі атрымалі права  займацца рамёствамі і гандлем. У рэспубліцы меліся свае ашчадна-пазыковая каса, аптэка, фельчар, школа, у якой выкладалі чытанне, пісьмо, арыфметыку, рэлігію, геаграфію, асновы сельскагаспадарчай навукі, хатнія рамёствы. Бжастоўскі як асветнік імкнуўся пашырыць веды сярод сялян. З гэтай мэтай ён падрыхтаваў першы ў Рэчы Паспалітай сельскагаспадарчы падручнік для сялян «Пра земляробства для выгады гаспадароў, якія пражываюць у Паўлаве», а таксама падручнік для сялян са звесткамі пра хваробы і лекі.

Рэформа Бжастоўскага сустрэла варожае стаўленне большасці землеўладальнікаў Рэчы Паспалітай і не была падтрымана шляхтай. Разам з тым «сялянская рэспубліка» ўхвалялася перадавымі коламі Рэчы Паспалітай. Рэспубліка праіснавала да 1794 года, да заняцця Паўлава расійскімі войскамі, пасля чаго Бжастоўскі прадаў маёнтак, некалькі гадоў вандраваў за мяжой, потым вярнуўся на радзіму, дзе і памёр. Маёнтак Паўлава перайшоў ва ўласнасць іншых паноў, якія павысілі павіннасці і абмежавалі правы сялян, аднак доўгі час прытрымліваліся асноўных палажэнняў статута Паўлава. Некаторыя з рэформаў Бжастоўскага мелі паралелі ў іншых маёнтках Рэчы Паспалітай (напрыклад, у маёнтку Храптовічаў у Шчорсах).

Паўлаўская рэспубліка – гэта прыклад увасаблення ў гады Асветніцтва ўтапічнай ідэі – у асяродку феадальнага ладу стварыць дэмакратычную рэспубліку-маёнтак, у якой не існавала б прыгоннага права, дзейнічалі ўласныя  сойм і суды, меліся войска, грошы і іншыя атрыбуты дзяржавы. Разам з тым Паўлаўская рэспубліка сведчыць аб імкненні перадавых людзей таго часу увасобіць на практыцы асветніцкія ідэі, даць узор пабудовы справядлівага і рацыянальнага грамадства.

 

4. Дэмакратычныя ідэі паўстання 1794 года: Тадэвуш Касцюшка, Якуб Ясінскі

 

Разгледзім дэмакратычныя ідэі паўстання 1794 года, палітыка-прававыя погляды іх кіраўнікоў Тадэвуша Касцюшкі і Якуба Ясінскага.

Андрэй Тадэвуш Касцюшка (1746 – 1817 гг.), кіраўнік паўстання 1794 года, ураджэнец Беларусі, генерал-лейтэнант, ганаровы грамадзянін ЗША (1783 г.) і Францыі (1792 г.). Веравызнанне Касцюшкі дакладна не вызначана: некаторыя гісторыкі лічаць яго каталіком, бо яго хрысцілі ў касцёле, іншыя даследчыкі лічаць яго праваслаўным, бо назвалі яго Андрэем, у гонар апостала Андрэя Першазванага. Прафесар Я.А. Юхо сцвярджае, што сам Касцюшка абыякава ставіўся да рэлігійнага пытання [3, с.226].

Касцюшка паходзіў з дробнай шляхты, закончыў Варшаўскае ваеннае вучылішча, пяць гадоў навучаўся ў Францыі (вывучаў артылерыю, ваенна-інжынерную справу), дзе пазнаёміўся з працамі Вальтэра, Мантэск’е, Русо.  Касцюшка сем гадоў ваяваў у Паўночнай Амерыцы супраць англійскага каланіяльнага валадарніцтва. Гэтая вайна, па сутнасці,  была буржуазнай рэвалюцыяй, яна аказала вялікі ўплыў на светапогляд Касцюшкі. За заслугі на вайне Тадэвуш Касцюшка атрымаў самую высокую баявую ўзнагароду ЗША – ордэн Цынцыната, амерыканскае грамадзянства, пажыццёвую пенсію і зямельны надзел.

Высокую ацэнку Касцюшка атрымаў і ў расійскіх самадзержцаў. Пасля паражэння паўстання 1794 года імператар Павел І даў Касцюшку свабоду і, як сведчыць яго сакратар Нямцэвіч, падараваў яму 60 тыс. рублёў серабром, для таго часу вялізныя грошы [5, с.54]. Прыведзеныя факты сведчаць аб тым, што Касцюшка быў выдатнай гістарычнай асобай, яго высока цанілі як прыхільнікі, так і ворагі.

Палітычныя погляды Касцюшкі змяняліся разам са зменамі гістарычных абставін. Даследчыкі адзначаюць, што найбольш радыкальнымі яго погляды былі напярэдадні паўстання 1794 года. У 1793 годзе Касцюшка наведаў Парыж, звярнуўся да рэвалюцыйнага ўрада Францыі за дапамогай для падрыхтоўкі паўстання.  Касцюшка прадставіў міністру замежных спраў Францыі мемарыял  аб задачах рэвалюцыі ў Рэчы Паспалітай, у якім прадугледжвалася: скасаванне манархіі і Сената, адхіленне ад улады вышэйшага духавенства, абвяшчэнне выбарчага права для кожнага падаткаплацельшчыка, скасаванне прыгоннага права, свабоднае набыццё нерухомай маёмасці, свабода і роўнасць усіх грамадзян.

Такім чынам, мемарыял абвяшчаў тыповыя мэты буржуазнай рэвалюцыі. Але надзеі на падтрымку Францыі не спраўдзіліся, Касцюшка вярнуўся на радзіму, не атрымаўшы ніякай канкрэтнай дапамогі.

У час паўстання Касцюшка прымушаны быў лічыцца з інтарэсамі шляхты, таму яго намеры і практычныя дзеянні сталі менш радыкальнымі, чым яны былі падчас яго паездкі ў рэвалюцыйную Францыю.

У адным з першых дакументаў паўстанцаў – «Акце паўстання» абвяшчалася аб утварэнні рэвалюцыйных органаў улады і кіравання, але падкрэслівалася, што яны носяць часовы характар. У «Акце» нічога не гаварылася аб адмене старога  дзяржаўнага апарату і манархіі.

У маі 1794 года Касцюшка выдаў «Паланецкі ўніверсал», у якім абвяшчалася, што ідэалам грамадскага ладу з’яўляецца супольнасць, якая складалася з вольных сялян-уласнікаў зямлі, рамеснікаў і гандляроў, гэта значыць – з вытворцаў. Захоўвалася панскае землеўладанне, але апрацоўка панскай зямлі павінна весціся наёмнай рабочай сілай. Універсал абяцаў сялянам асабістую свабоду, але не надзяляў сялян зямлёй. «Всякий поселянин лично свободен, – адзначалася ва ўніверсале, – может водворяться где ему угодно, сделавши в порядковой комиссии заявление о том, где он намерен водвориться, заплатив свои долги, если таковые окажутся, и общественные подати» [6, с.593]. Захоўвалася паншчына, хаця змяншалася колькасць дзён прымусовай работы на пана. «Рабочие дни, которые крестьяне будут посвящать своим владельцам, – адзначалася ў Паланецкім універсале, – определяются следующим образом: тот, который должен был работать шесть дней в неделю, будет работать четыре; тот, который работал пять, должен работать три; работавший три дня – два; работавший два – только один день… Такая льгота должна наблюдаться во все время восстания, до тех пор, пока законодательная власть не установит для этого строгих правил» [6, с.593].  Сяляне, якія ўдзельнічалі ў паўстанні, – адзначалася ва ўніверсале, – «освобождаются от всякой панщины на все время, в которое они остаются под оружием, но они обязаны возобновить её с того времени, когда возвратяться в свои жилища» [6, с.593]. Універсал патрабаваў ад сялян «ревностно работать в определенные настоящим предписанием дни, повиноваться законам… Если какие-нибудь гультяи … будут отвращать народ от работы, возбуждать к бунту против владельцев, отговаривать от защиты отечества, порядковые комиссии в своих воеводствах и поветах должны их арестовать и предать уголовному суду» [6, с.594]. Універсал папярэджваў і землеўладальнікаў, асоб мясцовай адміністрацыі  аб крымінальнай адказнасці за парушэнні дадзенага акта і за незаконныя дзеянні ў адносінах да сялян. «Если какой-нибудь поверенный, эконом или комиссар владельца нарушить настоящее распоряжение и начнет учинять какие-нибудь утеснения крестьянам, – адзначалася ва ўніверсале, – такой должен быть арестован, приведен в порядковую комиссию и отправлен в уголовный суд» [6, с.594].

Паланецкі ўніверсал адлюстроўваў супярэчнасці поглядаў Касцюшкі. З аднаго боку, сялянам прадстаўлялася асабістая свабода, з другога боку, – сяляне не атрымалі зямлі, захавалася панскае землеўладанне, нават устанаўлівалася крымінальная адказнасць для сялян, калі яны   «будут отвращать народ от работы, возбуждать к бунту против владельцев». Асабістая свабода для селяніна, без надзелу зямлёй, мала што для яго азначала, бо ён  прымушаны будзе звяртацца да пана за арэндай зямлі, а значыць, зноў пападаць у поўную ад яго залежнасць.

Такім чынам, Паланецкі ўніверсал, з-за сваёй супярэчлівасц,  не мог узняць на паўстанне сялян, бо сяляне не атрымалі ад паўстання галоўнага – зямлі. Універсал супярэчыў і інтарэсам шляхты, бо перспектыва адмены прыгоннага права, пазбаўленне маёнткаў дармовай рабочай сілы,  не магла іх задавальняць.

Касцюшка падчас паўстання спрабаваў вырашыць рэлігійнае пытанне, пазбавіць праваслаўных ад уціску з боку касцёла. У яго меўся праект рэфармавання царквы ў Вялікім княстве Літоўскім. У адозве  «Да святароў»  Касцюшка выказаў ідэю свабоды веравызнання і ўтварэння праваслаўнай аўтакефальнай (незалежнай) царквы Вялікага княства Літоўскага на чале з уласным мітрапалітам, падначаленым канстанцінопальскаму патрыярху.

Паўстанне 1794 года закончылася паражэннем, рэфармісцкія ідэі і праекты Касцюшкі засталіся не рэалізаванымі.

У 1800 годзе ананімна, на польскай мове, была выдадзена брашура «Ці могуць палякі дабіцца незалежнасці».  Даследчыкі мяркуюць, што брашуру напісаў сакратар Касцюшкі Ю. Паўлікоўскі, дзе выклаў ідэі і разважанні Касцюшкі, яго грамадска-палітычныя і прававыя погляды.

Брашура структурна складалася з прадмовы, 4 частак і заключэння. У 1 частцы разглядаліся прычыны заняпаду Рэчы Паспалітай, у 2 частцы  аналізаваліся магчымасці новага паўстання, яго тактыка і стратэгія; 3 частка была прысвечана пытанням маралі і права ў часы рэвалюцыі; 4 частка ўтрымлівала разважанні Касцюшкі аб важнасці матэрыяльнага забеспячэння паўстання.

Патрэбна адзначыць, што ў той час грамадская думка Рэчы Паспалітай была скіравана на выясненне  прычын паражэння паўстання 1794 года. Многія палітычныя дзеячы таго часу адной з галоўных прычын  лічылі ўдзел ў падаўленні паўстання корпуса А.В. Суворава, з якім не маглі змагацца касіянеры Касцюшкі. Сам Касцюшка не падзяляў такога падыходу. Ён лічыў, што  асноўныя прычыны не ў войсках Суворава (хаця сапраўды з імі цяжка было ваяваць сялянам-касіянерам),  а ў страце польскім народам сілы духу і веры ў перамогу, а таксама антынародная палітыка магнатаў.  «Магнаты былі зацікаўлены ў тым, каб пераканаць нацыю ў яе нікчэмнасці і слабасці, упэўніць яе ў тым, быццам яна нічога не можа дасягнуць уласнымі сіламі, без дапамогі суседняй дзяржавы…, – адзначаў Т. Касцюшка. – Магнаты былі зацікаўлены ў аслабленні духу сваіх суайчыннікаў, у прыніжэнні іх годнасці для таго, каб, не ведаючы сваёй сілы, яны не маглі скінуць з сябе ганебнай апекі, у адваротным выпадку магнаты страцілі б увесь свой уплыў і аўтарытэт» [3, с.232, 233].

Многія ў той час разглядалі паўстанне як агульную сумяціцу, хаос, беспарадак. Зусім па-іншаму рэвалюцыю ацэньваў Касцюшка. На яго погляд, рэвалюцыя павінна імкнуцца ўсталяваць прававы парадак, гэта значыць, падпарадкаваць закону ўсіх грамадзян, забяспечыць ахову правоў асобы і яе маёмасці. Касцюшка асуджаў тэрор, які меўся падчас французскай рэвалюцыі. На яго погляд, правасуддзе павінна быць не помстай, а пагрозай для злачынцаў.

Цікавыя разважанні Касцюшкі пра тактыку паўстання. На яго погляд, спачатку паўстанцы павінны апірацца на тактыку партызанскай барацьбы, а па меры вызвалення тэрыторыі – ствараць паўстанцкія органы ўлады і войскі.

У 1814 і 1815 гг. Касцюшка сустракаўся з імператарам Аляксандрам І, якому ён выклаў свой план аднаўлення Рэчы Паспалітай пад пратэктаратам Расіі. Як паказалі далейшыя падзеі, гэтыя сустрэчы далі некаторыя станоўчыя вынікі. На тэрыторыі цэнтральнай часткі Польшчы, якая, паводле рашэння Венскага кангрэсу 1815 года, далучылася да Расіі, было ўтворана Каралеўства Польскае ў складзе 8 ваяводстваў (Кракаўскае, Сандамірскае, Калішскае, Люблінскае, Плоцкае, Мазавецкае, Падляшскае і Аўгустоўскае). Каралеўству Польскаму 27 лістапада 1815 года Аляксандр І дараваў Канстытуцыю, у якой знайшлі сваё замацаванне перадавыя палітычныя і прававыя ідэі таго часу.  Канстытуцыя абвяшчала роўнасць усіх грамадзян перад законам, арышт грамадзяніна мог адбыцца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам. Каталіцкая рэлігія знаходзілася пад апекаю ўрада, але прыхільнікі ўсіх іншых веравызнанняў мелі права без абмежаванняў публічна  праводзіць свае набажэнствы.  Ніхто не мог быць пакараны без судовага прыгавору. Забяспечвалася недатыкальнасць прыватнай уласнасці. Ва ўсіх дзяржаўных справах  – адміністрацыйных, судовых, ваенных – ужывалася польская мова. Дзяржаўныя пасады маглі займаць толькі палякі. Каралеўства атрымала парламент – сойм з дзвюх палат: сената і пасольскай палаты. Судовая ўлада абвяшчалася незалежнай, суддзі займалі пасады пажыццёва. Суд абвяшчаўся агульным для ўсяго насельніцтва, без адрознення станаў і веравызнанняў.

Разам з тым у Канстытуцыі адзначалася, што Каралеўства Польскае назаўсёды ўз’яднана з Расійскай імперыяй, а расійскі імператар  – спадчынны кароль польскі. Для Каралеўства Польскага імператар прызначае свайго намесніка з князёў царствуючага дома.

У 1817 годзе Касцюшка абвясціў, што прыгоннае права супярэчыць самой прыродзе і агульнаму дабру айчыны і, у якасці прыклада, адмяніў яго ў сваёй вёсцы Сяхновічы (хаця фактычна гэтыя сяляне яму ўжо не належалі).

Касцюшка пахаваны ў Кракаве; пад Кракавам у яго памяць насыпаны курган, яму пастаўлены помнікі ў Кракаве, Лодзі (Польшча), Вашынгтоне, Чыкага, Кліўлендзе (ЗША), Салюры (Швейцарыя). У Беларусі імем Касцюшкі названы вуліцы ў Гродне і Брэсце.

Якуб Ясінскі (1761 – 1794 гг.), паэт, ваенны інжынер, адзін з кіраўнікоў паўстання   1794 года. Погляды Ясінскага адлюстраваны ў яго вершах (захаваліся 20 вершаў у рукапісах, адзін верш быў апублікаваны ў пракламацыях (мемарыялах) да сялян.

Ясінскі жадаў бачыць Рэч Паспалітую як дзяржаву абодвух народаў, з шырокай аўтаноміяй Вялікага княства Літоўскага. Ён быў прыхільнікам лозунгу: «вольнасць, роўнасць (Літвы і Польшчы – І.Б.), незалежнасць». Тадэвуш Касцюшка адстойваў іншы лозунг: «вольнасць, цэласнасць, незалежнасць» [1, с.107]. Як мы бачым, разыходжанні паміж Касцюшкам і Ясінскім па пытанні пабудовы дзяржаўнаму ладу Рэчы Паспалітай, меліся  істотныя. Касцюшка бачыў Рэч Паспалітую як цэласную дзяржаву, Ясінскі ўяўляў Рэч Паспалітую як  дзяржаву абодвух народаў, у якой Вялікае княства Літоўскае будзе мець значную аўтаномію. Ясінскі лічыў, што барацьба за незалежнасць павінна быць барацьбой народнай, ён заклікаў сялян, увесь народ далучыцца да паўстання, а сялянам даць вольнасць. У яго адозвах да сялян меліся радыкальныя заклікі, накшталт: «Хапайце здраднікаў, судзіце і забівайце ўсіх..», «паспеў час скінуць мяккасардэчнасць» і інш. [1, с.107].

Ясінскі быў прыхільнікам ідэй Вялікай Французскай рэвалюцыі. Ён лічыў, што чалавек павінен карыстацца павагаю за свой розум, а не за сваю саслоўную прыналежнасць. Ён патрабаваў роўнасці людзей перад законам. У сваім вершы «У час абходу польскім дваром жалобы па Людовіку ХVІ», Ясінскі пісаў:

Усе людзі роўныя: ці кароль ці падданы,

Як хто парушыў права, няхай будзе караны.

А калі гэта не навучыць іншых манархаў,

Як трэба кіраваць,

Дык гаворым «няхай загінуць каралі і свет будзе вольны»  [1, с.107].

У вершы «Да вяльможаў польскіх аб пастаянстве» Ясінскі асуджаў падзелы Рэчы Паспалітай, ён сцвярджаў, што вольнасць можна здабыць толькі рэвалюцыйнай    барацьбой, у якой дэспаты і тыраны загінуць, а чалавецтва будзе злучана брацтвам.

У вершы «Спрэчкі» Ясінскі крытыкаваў духавенства за нізкія маральныя ўстоі, езуітаў называў «піяўкамі народа».

Якуб Ясінскі, як сведчаць яго творы, зрабіў значны крок ад асветніцтва да рэвалюцыйнага дэмакратызму.

Такім чынам, палітычная і прававая думка на Беларусі ў часы Асветніцтва развівалася ў рэчышчы еўрапейскіх ідэй і традыцый, вызначалася шматвектарнасцю, заключала ў сабе  ідэі і праекты, скіраваныя на ўдасканаленне грамадскага і дзяржаўнага ладу. Некаторыя ідэі і праекты былі ўтапічнымі, яны значна абганялі свой час і яго рэальныя магчымасці. Асветніцтва заставіла свой значны след у гісторыі, яно стала тым падмуркам, на якім узніклі ідэі і спробы палітычных і прававых рэформ наступных стагоддзяў.

 

Спіс літаратуры

 

1. Вішнеўская, І.У. Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі: дапам. для студэнтаў / І.У. Вішнеўская. – Мінск, 2004. – 272 с.

2. Пушкин, А.С. Собр. соч. В 10 т. / А.С. Пушкин. – Москва, 1981. – Т. 6. – С. 217–229.

3. Мысліцелі і асветнікі Беларусі: энцыкл. даведнік. – Мінск, 1995. – 670 с.

4. Сокал, С.Ф. Кароткі агляд гісторыі палітычнай і прававой думкі Беларусі / С.Ф. Сокал. –  Магілёў, 1999. – 142 с.

5. Юхо, Я.  «Нарадзіўся я ліцьвінам...»: Тадэвуш Касцюшка / Я.  Юхо, У. Емельянчык. – Мінск, 1994. – 68 с.

6. Костомаров, Н.И. Собр. соч. Кн. седьмая, т. ХII – ХVIII / Н.И. Костомаров. – СПб., 1905. – С. 593, 594.

 

Пытанні для самаправеркі

 

1. Як вы разумееце паняцце «Асветніцтва»?  Якімі прычынамі яно абумоўлена?

2. Па якіх крытэрыях  Казімір Галоўка падзяляў народы на «свабодныя» і «несвабодныя»?

3. Якія прыкметы крызіснага становішча Рэчы Паспалітай адзначаў Казімір Галоўка?

4. Якія тры формы дзяржаўнай улады вызначаў Іларыён Карпінскі? Якая, на  яго погляд, была форма ўлады ў Рэчы Паспалітай?

5. Ахарактарызуйце ўклад, які ўнёс Мацей Догель у гісторыю дыпламатыі і міжнароднага права.

6. Раскрыйце асноўныя ідэі працы невядомага аўтара «Вольны голас у абарону свабоды».

7. Сфармулюйце асноўныя прапановы С. Канарскага па ўдасканаленні грамадскага і дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай?

8. Якімі прычынамі Антоні Загурскі абгрунтоўваў неабходнасць распаўсюджвання прававых ведаў у Рэчы Паспалітай?

9. Выкажыце сваё меркаванне, на чым грунтавалася ацэнка А.С.Пушкіным Георгія Каніскага, якога назваў  адным «из самых достопамятных мужей минувшего столетия»?

10. У чым сутнасць поглядаў фізіякратаў?

11. Раскрыйце ідэі Іераніма Страйноўскага аб натуральным праве і натуральным парадку.

12. Як суадносяца рэформы Іяхіма Храптовіча з ідэямі фізіякратаў?

13. Параўнайце погляды і дзейнасць Іяхіма Храптовіча і Антонія Тызенгаўза.

14. Што ўяўляў сабой грамадскі лад «благавесці» Іосіфа Яленскага?

15. Ахарактарызуйце «Паўлаўскую рэспубліку» П. Бжастоўскага?

16. Параўнайце ідэі мемарыяла Т. Касцюшкі  1793 года аб задачах рэвалюцыі ў Рэчы Паспалітай, з ідэямі яго Паланецкага  ўніверсала 1794 года. Выкажыце сваё меркаванне, чаму адбыліся змены ў рэвалюцыйна-дэмакратычных поглядах Т. Касцюшкі.

17. Якія прычыны, на погляд Т. Касцюшкі, прывялі да паражэння паўстання 1794 года?

18. Параўнайце погляды Якуба Ясінскага і Тадэвуша Касцюшкі на статус Вялікага княства Літоўскага ў складзе Рэчы Паспалітай?