Лекцыя
^ Вверх

Лекцыя

 

1. Канстытуцыйны працэс у Рэспубліцы Беларусь і яго адлюстраванне ў палітыка-прававой думцы.

2.  Ідэалогія беларускай дзяржаўнасці ў палітыка-прававой  думцы рэспублікі.

3. Развіццё юрыдычнай навукі Рэспублікі Беларусь.

 

 

1. Канстытуцыйны працэс у Рэспубліцы Беларусь і яго адлюстраванне

ў палітыка-прававой думцы

 

Тэрмін «канстытуцыяналізм» адносна новы ў айчыннай палітыка-прававой думцы, яго няма ні ў 18-томнай Беларускай энцыклапедыі, ні ў Юрыдычным энцыклапедычным слоўніку (Мінск, 1999). Упершыню ў расійскай энцыклапедычнай літаратуры тэрмін «канстытуцыяналізм» з’явіўся толькі ў 2007 годзе, у «Большом юридическом энциклопедическом словаре»(Москва: Книжный мир, 2007. – С. 277). У слоўніку тэрмін «канстытуцыяналізм» тлумачыцца ў 2 значэннях: па-першае, як форма кіравання, як палітычная сістэма, якая грунтуецца на канстытуцыі, як канстытуцыйныя метады кіравання; па-другое,  як палітыка-прававая тэорыя, якая грунтуецца на неабходнасці ўсталявання канстытуцыйнага ладу; вучэнне аб канстытуцыі як асноўным інструменце палітычнай улады.

У 2004 годзе ў Мінску была апублікавана манаграфія М.Ф. Чудакова «Канстытуцыйны працэс у Беларусі (1447 – 1996 гг.)», у якой беларуская канстытуцыйная гісторыя аўтарам падзяляецца на два асноўныя этапы.

Першы  этап – «этап неписаной конституции» Беларусі, гэта перыяд з ХVІ  ст. да прыняцця першай Канстытуцыі БССР 1919 года [1, с.109].  Прафесар М.Ф. Чудакоў прапануе ўвесці ў навуковы ўжытак паняцце «протоконституция» (прото, ад грэч. protos – першы, частка складаных слоў, якія указваюць на першаснасць, першааснову), для ўсіх «важнейшых актаў дзяржаўнага права, прынятых да 1787 года» [1, с. 108]. Сваю прапанову прафесар М.Ф. Чудакоў у манаграфіі тлумачыць так: «Конституционалисты (конституционная доктрина) признает первой писаной Конституцией конституцию США 1787 года, и, следовательно, указанная дата – это рубеж (начало отсчета) истории реальной, писаной, юридической, классической и т.д. конституции» [1, с. 108].

Другі  этап – прафесар М.Ф. Чудакоў вызначае як «этап пісаных канстытуцый» Беларусі (з 1919 г. да нашых дзён) [1, с. 110].

На Беларусі, з пачатку 1990-х гадоў, з набыццём суверэнітэту,  шырока абмяркоўваюцца праблемы канстытуцыяналізму, да якіх можна аднесці як найбольш значныя:

– падзелу ўлад і формы кіравання;

– грамадзянскай супольнасці і сацыяльнай дзяржавы;

– правоў чалавека і грамадзяніна і іншыя.

Гэтыя і іншыя праблемы  ўздымаліся на навуковых канферэнцыях, у працах навукоўцаў, у публіцыстыцы, сродках масавай інфармацыі.

У 1996 годзе на базе юрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы адбылася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Канстытуцыйны працэс у Рэспубліцы Беларусь: праблемы тэорыі і практыкі» [2]. У канферэнцыі прынялі ўдзел  вядомыя навукоўцы-юрысты А.В. Дулаў, А.А. Галаўко, М.У. Сільчанка, Р.А. Васілевіч, С.Ф. Сокал, І.К. Галко і інш. На канферэнцыі працавалі секцыі: «Праблемы рэалізацыі падзелу ўлад і развіцця сістэмы заканадаўства ў Рэспубліцы Беларусь»; «Праблемы вяршэнства закона, рэфармавання  выбарчай сістэмы і ажыццяўлення правоў і свабод асобы»; «Судовая ўлада ў Рэспубліцы Беларусь: праблемы тэорыі і практыкі»; «Праблемы грамадзянскага, гаспадарчага і жыллёвага права». Пералічаныя назвы секцый сведчаць аб тым, што на канферэнцыі разглядаўся шырокі спектр навуковых праблем – ад тэорыі канстытуцыйнага працэсу да тэарэтычных і практычных пытанняў грамадзянскага і гаспадарчага права.

Праз год, у 1997 годзе, у Гродне адбыўся міжнародны «круглы стол» – «Канстытуцыйны працэс у Рэспубліцы Беларусь: сучасны стан і перспектывы развіцця» [3]. Значную цікавасць выклікалі даклады прафесара М. Сільчанкі «Сутнасць канстытуцыйнага працэсу», прафесара М. Пастухова «Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь: змяненне ролі і прававога статуса», прафесара І. Гушчына «Канстытуцыйны працэс у Рэспубліцы Беларусь і праблемы абароны канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян», прафесара В. Калмыкова «Крымінальна-прававое забеспячэнне канстытуцыйных правоў грамадзян» і інш.

Адбыліся і іншыя навуковыя канферэнцыі, сярод якіх адзначым: «Государственно-правовое строительство в Республике Беларусь в контексте европейских правовых процессов», 20 – 21 марта 2004 г., Гродно; «Идеология белорусской государственности: проблемы теории и практики», 12 ноября 1998 г., Минск; «Конституционный процесс и развитие политической системы общества», 17 – 18 октября 2002 г., Минск; «Теоретические и практические проблемы соотношения международного и национального права», 28–29 апреля 2000 г., Гродно і іншыя.

Разгледзім некаторыя з праблем канстытуцыяналізму.

У пачатку 1990-х гг., напярэдадні прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, адбылася дыскусія аб формах канстытуцыйнага кіравання на Беларусі: парламенцкая ці прэзідэнцкая?.

Прыхільнікі прэзідэнцкай сістэмы ўлады лічылі, што ў пачатку 1990-х гг. Беларусь перажывала сістэмны крызіс, выхад з якога яны бачылі ў моцнай выканаўчай уладзе на чале з прэзідэнтам.

У.А. Мельнік у сваёй кнізе «Республика Беларусь: Власть, политика,     идеология» (Минск, 2000) сцвярджае, што Беларусі на пераходны перыяд патрэбна моцная прэзідэнцкая ўлада з функцыямі аператыўнага кіравання краінай, што прэзідэнт толькі з прадстаўнічымі функцыямі не здолее выканаць адказныя задачы, якія ставіць перад ім час.

Некаторыя навукоўцы дапускалі магчымасць увядзення на Беларусі пасады Прэзідэнта, але ўказвалі на пагрозу, якая выцякала з традыцый і практыкі дзяржаўнага кіравання савецкага часу, калі моцная ўлада пераўтваралася ў аўтарытарную,  заснаваную на безагаворачным падпарадкаванні ўладзе, у дыктатуру.

Другі падыход –  Беларусь павінна быць парламенцкай рэспублікай. На думку некаторых навукоўцаў, парламенцкая рэспубліка больш адпавядае гістарычнай спадчыне беларускага народа, бо яшчэ ў часы Вялікага княства Літоўскага дзейнічаў шляхецкі прадстаўнічы орган – вальны сойм, які валодаў шырокімі заканадаўчымі паўнамоцтвамі,  меў функцыю кантролю за дзейнасцю выбарнага манарха, выконваў судовую функцыю. Некаторыя даследчыкі ў якасці доказу  спасылаліся на менталітэт беларускага народа, які грунтуецца на ідэях калектывізму і ўзаемадапамогі. Парламент, на іх погляд, з’яўляецца выразнікам волі народа, у якім прадстаўлена як яго большасць, так і меншасць, менавіта ў парламенце могуць больш поўна ўлічвацца погляды і інтарэсы розных пластоў грамадства і сацыяльных груп насельніцтва [4, с. 244, 245].

Спрэчкі завяршыліся на карысць прыхільнікаў прэзідэнцкай формы кіравання. 15 сакавіка 1994 года была прынята Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, якая ўстанавіла прэзідэнцкую форму праўлення. Прэзідэнт, згодна з Канстытуцыяй, быў надзелены функцыямі главы дзяржавы і выканаўчай улады.

На думку некаторых навукоўцаў выбар прэзідэнцкай формы праўлення на Беларусі быў не выпадковым, ён быў абумоўлены такімі каштоўнаснымі арыенцірамі, як павага да моцнай улады, персаналізаванае (праз асобу Прэзідэнта) успрыманне ўлады. Значная колькасць насельніцтва яшчэ з савецкага часу мела недавер да прадстаўнічых органаў улады з-за адсутнасці іх персанальнай адказнасці за рашэнні,  іх выкананне і вынікі [4, с.246].

На Беларусі прэзідэнцкая форма кіравання прайшла два этапы.

Першы этап – 1994 – 1996 гг., у гэты час прэзідэнцкая форма, на думку некаторых даследчыкаў, ўяўляла сабой класічны ўзор дэмакратыі прэзідэнцкага тыпу.

Другі этап бярэ свой пачатак з лістападаўскага рэферэндуму 1996 года, калі ўлада пайшла па шляху значнага пашырэння паўнамоцтваў Прэзідэнта [4, с.247]. С. Чыгрынаў  лічыць, што Беларусь наблізілася да суперпрэзідэнцкай рэспублікі (прэзідэнт атрымаў паўнамоцтвы фарміраваць ці ўдзельнічаць у фарміраванні ўсіх галін улады; выдаваць дэкрэты, якія маюць сілу закона; права адмяняць акты ўрада  і інш.) [4, с.247].

У палітычнай і прававой думцы Беларусі і зараз абмяркоўваюцца перспектывы развіцця існуючай формы кіравання. Выказваюцца розныя думкі і падыходы. Значная колькасць навукоўцаў і палітыкаў выказваюць меркаванне, што Беларусь будзе развівацца ў напрамку парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікі. На думку некаторых навукоўцаў і палітыкаў такі напрамак развіцця формы кіравання найбольш эфектыўны для Беларусі, бо ён замацуе стабільнасць і правапарадак ў грамадстве і дзяржаве [4, с.247].

У палітыка-прававой думцы Рэспублікі Беларусь важнае месца належыць праблеме ўзаемадзеяння ўлад як выніку рэалізацыі прынцыпу падзелу ўлад. Гэтай праблеме прысвяцілі свае працы прафесары А. Вішнеўскі, Р. Васілевіч, М. Сільчанка, В. Ціхіня, А. Цікавенка і іншыя.

У арт. 6 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь запісана, што «дзяржаўная ўлада ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове падзелу яе на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Дзяржаўныя органы ў межах сваіх паўнамоцтваў самастойныя: яны ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, стрымліваюць і ўраўнаважваюць адзін аднаго».

Прафесар М.У. Сільчанка адзначае, што  «сэнс тэорыі падзелу ўлад як раз і заключаецца менавіта ў тым, каб рассяродзіць ажыццяўленне… функцый вярхоўнай дзяржаўнай улады паміж рознымі суб’ектамі, вышэйшымі органамі ўлады такім чынам, …каб не адбылося канцэнтрацыі ўсёй улады ў руках якога-нібудзь аднаго органа  ўлады» [2, с.24].

Акрамя азначаных Канстытуцыяй трох галін улады, некаторыя  беларускія тэарэтыкі права прапаноўваюць выдзеліць яшчэ дзве галіны ўлады –  устаноўчую і кантрольную.

Устаноўчая ўлада, на думку прафесара М. Сільчанкі, азначае «права ўстанаўліваць канстытуцыю дзяржавы, вызначаць пабудову вярхоўнай улады, асноўныя правы і абавязкі грамадзян» [2, с.23].

Кантрольная ўлада павінна займаць адносна самастойнае месца і арганізацыйна быць адасоблена ад іншых галін улады. Да органаў, якія ажыццяўляюць кантрольную ўладу, даследчыкі адносяць Канстытуцыйны Суд, органы пракурорскага нагляду, Падліковую палату і іншыя органы дзяржаўнага кантролю.

Некаторыя навукоўцы адзначаюць, што кантрольная ўлада мае права на існаванне ў дэмакратычнай прававой дзяржаве, бо яна мае «ўсе прыметы, характэрныя для галіны ўлады» [3, с.81], а таму кантрольная ўлада ў Рэспубліцы Беларусь афармляецца на канстытуцыйным ўзроўні ў «якасці самастойнай галіны дзяржаўнай улады» [3, с.81].

У палітыка-прававой думцы важнае месца займае праблема падзелу ўлад. На погляд прафесара А.А. Галаўко  «без падзелу ўлад не могуць быць устаноўлены: панаванне права, панаванне дэмакратыі і эфектыўнасць дзейнасці дзяржаўнага апарата» [2, с. 20].

Беларускія правазнаўцы лічаць, што галоўнай умовай рэалізацыі падзелу ўлад з’яўляецца  падпарадкаванне закону ўсіх галін улады, пры гэтым арбітрам у спрэчках павінен выступаць Канстытуцыйны Суд, задача якога – вызначаць, які з актаў – дэкрэт, закон, указ – адпавядае Канстытуцыі, а які выходзіць за яе межы.

Размежаванне галін улады разам з тым прадугледжвае і іх кааперацыю, бо вырашэнне дзяржаўных задач патрабуе аб’яднаных намаганняў заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады. Абвастрэнне адносін паміж галінамі ўлады, асабліва паміж заканадаўчай і выканаўчай, можа нават паралізаваць кіраванне краінай [4, с.250].

На думку беларускіх навукоўцаў, мерамі прадухілення вострых і зацяжных канфліктаў паміж галінамі ўлады павінны стаць рэферэндумы, законы, Канстытуцыйны Суд і іншыя. У якасці практычнай меры прафесар Р.А. Васілевіч  уносіў прапанову, каб усе дзяржаўныя органы, пры выданні сваіх актаў, спасылаліся на адпаведныя артыкулы Канстытуцыі ці закона. Такая мера, на яго погляд, забяспечыла б яснасць, чым кіраваўся дзяржаўны орган пры выданні адпаведнага акта, а таксама была б зразумелай лігітымнасць як акта, так і яго асобных нормаў [2, с. 61, 62].

Некаторыя навукоўцы адзначалі, што на практыцы дзяржаўна-прававога будаўніцтва ва ўмовах падзелу ўлад ніколі не бывае так, каб вызначаная функцыя  вярхоўнай улады ажыццяўлялася ўсяцэла толькі адным органам, каб  адзін орган  ажыццяўляў дзяржаўныя акты толькі аднаго роду, «без прымясі актаў другога роду» [2, с.24]. На погляд прафесара М. Сільчанкі, калі «тэарэтычна  і магчыма прывязаць функцыі вярхоўнай дзяржаўнай улады за строга ачэрчанымі органамі вярхоўнай дзяржаўнай улады, то практычна не ўдаецца вазвесці жорсткія бар’еры паміж органамі. Зрабіць так, каб, скажам, заканадаўчая ўлада (орган заканадаўчай улады) займалася толькі тым, каб фармуляваць агульнаабавязковыя  правілы паводзін, і нічым іншым, а выканаўчая ўлада толькі тым, каб праводзіць у жыццё агульнаабавязковыя правілы паводзін» [2, с.24]. На практыцы кожны з вышэйшых органаў улады засяроджаны на выкананні пераважна якой-нібудзь адной з функцый, мае, так сказаць, «прыярытэт пры выкананні сваёй часткі  вярхоўнай дзяржаўнай улады» [2, с. 24, 25].

Разам з тым некаторыя навукоўцы адзначалі, што наяўнасць Канстытуцыі і парламента яшчэ не ў поўнай меры гарантуюць падзел уладаў і развіццё дэмакратычных працэсаў. Прафесар У. Каклюхін слушна нагадваў, што ў СССР меліся і Канстытуцыя і парламент – Вярхоўны Савет, але гэта не вывела савецкую дзяржаву ні з таталітарнай сістэмы, ні з «ГУЛАГаўскага кашмару» [2, с.30].  На погляд У. Каклюхіна, «усё залежыць ад узроўня развіцця матэрыяльных і культурных сіл грамадства, ад таго, які перыяд гэтае грамадства перажывае (спад ці пад’ём), ад ступені адрыва ад рэакцыйных адносін папярэдняй  фармацыі» [2, с.30].

У 1996 годзе лістападаўскім рэферэндумам былі ўнесены змены ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Аналізуючы гэтыя змены,  некаторыя правазнаўцы лічаць, што ў Рэспубліцы Беларусь аформілася яшчэ адна галіна ўлады – прэзідэнцкая ўлада [4, с.251]. У палітыка-прававой думцы Беларусі маюцца розныя погляды на прэзідэнцкую ўладу. Прафесар А. Цікавенка назваў прэзідэнцкую ўладу «арбітражнай па сваёй сутнасці ўладай, ахавальнай, лідзіруючай на сваёй накіраванасці» [4, с.251].

Доктар юрыдычных навук, прафесар А. Галаўко ўносіў прапанову называць Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь не главою дзяржавы, а «вышэйшай службовай асобай дзяржавы», як гэта замацавана ў Законе аб Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі, і таксама главой выканаўчай улады. Такі падыход, на яго думку, садзейнічаў бы «прадухіленню супярэчнасцяў паміж заканадаўчай і выканаўчай уладамі» [2, с.19].

Адзначым падыход да прэзідэнцкай галіны ўлады прафесара Д.М. Дземічава. На яго погляд, кіраўнік дзяржавы ўзвышаецца над усімі  галінамі ўлады, займае сярод іх дамінуючае становішча, з’яўляецца  фактычна галоўнай і вышэйшай галінай улады. Пры гэтым палітыка-юрыдычная навука  і канстытуцыйная пратыка не павінны абмяжоўвацца раз і назаўсёды ўсталяванай класічнай трыядай галін улады. Гэтая структура  павінна ўлічваць і магчымасці для новых галін улады. У сувязі з гэтым прафесар Д.М. Дземічаў лічыць магчымым, каб прэзідэнцкая ўлада, якая займае першае месца сярод іншых галін, павінна быць афіцыйна замацавана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь [4, с.251].

Меліся і іншыя меркаванні аб прэзідэнцкай уладзе. Некаторыя навукоўцы лічылі, што выдзяленне прэзідэнцкай галіны ўлады супярэчыць асноўнаму прынцыпу падзелу ўлад – самастойнасці і роўнасці ўсіх яе галін. Выказвалася думка, што ў новай рэдакцыі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь рэалізавана ідэя вяршэнства моцнай  прэзідэнцкай улады, падпарадкавання Урада Прэзідэнту і абмяжавання прэрагатыў Парламента [4, с. 251, 252].

У апошнія гады ў палітыка-прававой думцы рэспублікі значнае месца занялі пытанні ўзаемадзеяння галін улады.  Палітолаг прафесар В. Бажанаў лічыць, што ў Рэспубліцы Беларусь на практыцы паступова складзецца прынцып узаемадзеяння заканадаўчай і выканаўчай улады  пад патранажам Прэзідэнта [4, с.252].

Такім чынам, у палітыка-прававой думцы Беларусі маецца шырокі спектр ацэнак і поглядаў на праблему падзелу ўлад. Гэта выклікана супярэчнасцямі працэсу станаўлення ўлад, у ходзе якога вядзецца пошук аптымальнай мадэлі ўзаемадзеяння паміж імі.

З 1990-х гг. у беларускай палітыка-прававой думцы з’явіўся новы блок праблем – грамадзянскай супольнасці.  Грамадзянская супольнасць, ці цывільнае грамадства – гэта сукупнасць грамадзян, добраахвотных грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, якія будуюць сваю дзейнасць на аснове прыярытэту грамадства і неабходнасці служэння яму дзяржавы.

Гістарычна ідэя грамадзянскай супольнасці бярэ пачатак у Старажытнай Грэцыі і Старажытным Рыме, калі склаліся ўяўленні аб грамадстве і грамадзянах, надзеленых правамі і абавязкамі (Цыцырон, Платон, Эпікур і інш.). Ідэі  грамадзянскай супольнасці  знаходзілі адлюстраванне ў творчасці беларускіх мысліцелей Ф. Скарыны, С. Буднага, А. Волана, І. Страйноўскага і інш.

Ідэя грамадскай супольнасці знайшла сваё практычнае ўвасабленне ў працэсе пераходу ад феадалізму да буржуазнага грамадства ў краінах Заходняй Еўропы і ЗША на мяжы ХІХ – ХХ стст.

У савецкай тэорыі дзяржавы і права паняцці «грамадзянская супольнасць» і «дзяржава» трактаваліся як ідэнтычныя, бо пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года савецкая дзяржава ўзяла на сябе не толькі свае ўласныя функцыі, але і функцыі кантролю і рэгулявання самадзейнай творчасці грамадзян, дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый.

Такім чынам, ад савецкага часу мы не атрымалі ні тэарэтычнай распрацаванай канцэпцыі «грамадзянскай супольнасці», ні вопыту ўвасаблення яе ў грамадскае жыццё. Каб запоўніць прабел, праведзена некалькі навуковых канферэнцый, апублікаваны працы, прысвечаныя праблемам грамадзянскай супольнасці.

На навуковых канферэнцыях і ў працах навукоўцаў выказаны думкі аб паняцці «грамадзянская супольнасць» і яе асноўных рысах. Навукоўцамі адзначаецца, што грамадзянская супольнасць ахоплівае эканамічныя, сацыяльныя, рэлігійныя, нацыянальныя і іншыя адносіны. Яе эканамічную аснову складае разнастайнасць і роўнасць формаў уласнасці і перш за ўсё прыватная ўласнасць, на базе якой узнікаюць  розныя формы  недзяржаўнай  грамадскай уласнасці: сямейная, партнёрская, кааператыўная, калектыўна-долевая, акцыянерная і інш.

Палітычнай асновай грамадзянскай супольнасці з’яўляецца легітымнасць дзяржаўнай улады, шматпартыйнасць, наяўнасць легальнай апазіцыі,  незалежных сродкаў масавай інфармацыі і камунікацыі, масавых дэмакратычных рухаў, грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый, якія створаны без удзелу, фінансавання і кантролю з боку дзяржавы і будуюць сваю дзейнасць на прынцыпах самакіравання.

Духоўныя асновы грамадзянскай супольнасці – высокі ўзровень грамадскай свядомасці і культуры людзей.

У палітыка-прававой думцы Беларусі важнае месца займаюць праблемы ўзаемаадносін грамадзянскай супольнасці і дзяржаўнай улады. «Дзяржава ў адносінах з цывільнай супольнасцю імкнецца ўсталяваць для сябе гарантыі ад паглынання, – адзначае прафесар М. Сільчанка. – Цывільная ж супольнасць, у сваю чаргу, павінна перасцерагацца ад абдзяржаўлення… Разам з тым, у супрацоўніцтве і супрацьстаянні яны вымушаны выкарыстоўваць і адзіны ўніверсальны, агульны сродак – права» [3, с.105], бо толькі права дазваляе ім  «аформіць усе магчымыя каналы ўзаемасувязяў, узаемаўплываў» [3, с.105]. 

На погляд В. Кадаўбовіча, грамадзянская супольнасць адрозніваецца ад дзяржаўнай арганізацыі тым, што яна будуецца на аснове свабоды і ініцыятывы людзей і іх аб’яднанняў.  «Для дзяржавы дзейнічае прынцып “дазволена тое, што дазволена законам”, – адзначае В. Кадаўбовіч, – а для грамадзянскай супольнасці – “дазволена ўсё, што не забаронена законам”» [3, с.108]. Галоўная задача дзяржавы ў адносінах да грамадзянскай супольнасці заключаецца ў ахове натуральных правоў і свабод чалавека – на жыццё, дабрабыт, свабоду думкі і інфармацыі, ініцыятыву і інш. [3, с.109].

Некаторыя даследчыкі звяртаюць увагу на тое, што дзяржава існуе ў розных палітыка-прававых рэжымах, а грамадзянская супольнасць магчыма толькі ва ўмовах дэмакратыі, дзе пануюць плюралізм меркаванняў, адкрытасць, забяспечаны правы і свабоды чалавека. Больш таго, вынікам развіцця грамадзянскай супольнасці можна лічыць прававую дзяржаву, якая не супрацьстаіць грамадзянскай супольнасці, а стварае  спрыяльныя ўмовы для яе нармальнага функцыянавання [4, с.254].

Грамадзянская супольнасць, на думку навукоўцаў, прызвана зняць з дзяржавы частку функцый, якія для яе не характэрныя, напрыклад, культурна-выхаваўчую функцыю. Развіццё грамадзянскай супольнасці ў посттаталітарных дзяржавах, на погляд некаторых беларускіх навукоўцаў, павінна адбывацца шляхам запаўнення  ячэек, свабодных ад дзяржаўна-ўладнага ўздзеяння. Пры гэтым станаўленне і развіццё грамадзянскай супольнасці шмат у чым залежыць ад свабоды слова, друку, сходаў, мітынгаў, аб’яднанняў людзей. Але такія свабоды не павінны быць падоранымі дзяржавай,  яны павінны рэгулявацца не адміністрацыйнымі, а прававымі сродкамі.

У ходзе навуковых дыскусій адзначалася, што Канстытуцыя з’яўляецца дакументам, у якім павінны быць выкладзены ва ўсёй сукупнасці маральныя асновы жыцця грамадства, маральныя асновы (прынцыпы) дзейнасці кожнай галіны ўлады. «Развіццё маральнага зместу Канстытуцыі, – адзначаў прафесар А.В. Дулаў, – забяспечыць павышэнне ўзроўня ўсёй прававой сістэмы, што акажа станоўчы ўплыў на эканамічныя, сацыяльныя і кіраўніцкія працэсы нашай дзяржавы» [2, с.14]. А.В. Дулаў прапанаваў у тэксце Канстытуцыі мець асобны раздзел «Абавязкі дзяржавы», што, на яго погляд, павысіць значнасць Асноўнага Закону, будзе адпавядаць ідэям пабудовы  прававой дзяржавы, якая павінна забяспечыць і абараняць правы чалавека, стварыць умовы для праяўлення ўсіх яго творчых здольнасцяў [2, с.14].

Такія некаторыя аспекты адлюстравання праблем канстытуцыяналізму ў палітыка-прававой думцы Беларусі.

     

2.  Ідэалогія беларускай дзяржаўнасці ў палітыка-прававой думцы рэспублікі

 

Пасля абвяшчэння дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі з’явілася неабходнасць вызначыць яе базісныя каштоўнасці, і ў першую чаргу дзяржаўную ідэалогію.

Дзяржаўную ідэалогію часта называюць «духоўнай канстытуцыяй», бо яна аб’ядноўвае  грамадзян і ўладныя структуры ў адзіны арганізм. Патрэбны былі навуковыя распрацоўкі ідэалогіі беларускай дзяржаўнасці. У гэтых мэтах былі праведзены навуковыя канферэнцыі, апублікаван шэраг навуковых прац. Адзначым найбольш важныя з іх. У 1998 годзе ў Мінску адбылася навуковая канферэнцыя «Ідэалогія беларускай дзяржаўнасці: праблемы тэорыі і практыкі».  Пытанні ідэалогіі беларускай дзяржаўнасці разгледжаны ў працах Я. Бабосава, У. Конана, Л. Лыч, А. Майхровіча, А. Мальдзіса і іншых. У 1995 годзе быў апублікаваны навучальны дапаможнік М.У. Сільчанкі і І.А. Басюка «Асноўныя этапы беларускай дзяржаўнасці», у якім адлюстраваны найбольш значныя гістарычныя вехі шляху беларускага народа да сваёй нацыянальнай дзяржаўнасці.

У працах вучоных была зроблена спроба асэнсаваць змест і магчымыя ўзаемаадносіны паняццяў «нацыянальная ідэя і дзяржаўная ідэалогія». Прафесар У. Конан лічыць, што нацыянальная ідэя ёсць «духоўна-творчы аналаг гістарычнага быцця народа ў яго трох вымярэннях –  мінуўшчыне, сучаснасці і будучыні». На думку У. Конана, народ, які выявіў сваю нацыянальную ідэю ў сваёй культуры, мае права на арганізацыю ў суверэнную нацыю і незалежную дзяржаву. Задача нацыянальнай дзяржавы – стварыць аптымальныя ўмовы самарэалізацыі народа ў самабытнай мове і культуры [4, с.258].

У 2002 годзе ў Мінску была выдадзена кніга У.А. Мельніка «Государственная идеология».  У сваёй кнізе Мельнік у паняцце «нацыянальная ідэя» ўключае ўяўленне народа аб сваім мінулым, аб шляхах захавання сваёй цэласнасці, формах узаемаадносін з іншымі народамі, мэтах і перспектывах свайго далейшага развіцця. Змест нацыянальнай ідэі фарміруецца адначасова з развіццём нацыі. Разам з тым у нацыянальнай ідэі захоўваецца яе генетычная аснова, г.зн. базавыя каштоўнасці, якія адлюстроўваюць духоўны склад і нацыянальны характар народа. Страта народам сваіх базавых каштоўнасцяў ці замена іх каштоўнасцямі іншага народа вядзе да выраджэння нацыянальнай ідэнтычнасці гэтай супольнасці або яе асіміляцыі з іншай нацыянальнай супольнасцю. На погляд У. Мельніка, паняцці «ідэалогія нацыянальная»  і «ідэалогія дзяржаўная»  тоесныя, бо дзяржава з’яўляецца носьбітам  ідэалогіі дадзенага народа. Таму дзяржаўная ідэалогія можа быць толькі нацыянальнай, таму У. Мельнік прапануе ўжываць тэрмін «нацыянальна-дзяржаўная ідэалогія»  [4, с.259].

Прафесар Я. Матусевіч паспрабаваў абгрунтаваць паняцце «агульнанацыянальная ідэя», якую ён лічыць больш шырокай па змесце, чым ідэя нацыянальная. Агульнанацыянальная ідэя, на яго погляд, здольная аб’яднаць большасць грамадзян рэспублікі, стаць асновай для кансалідацыі і стабілізацыі грамадства. Ядро агульнацыянальнай ідэі, на погляд Я. Матусевіча, складаюць:

–  парадак;

– законнасць;

– справядлівасць;

– нацыянальнае адраджэнне.

Элементы агульнацыянальнай ідэі, на думку Я. Матусевіча, з’яўляюцца цаглінамі фундамента ідэалогіі беларускай дзяржаўнасці, кампанентамі якой з’яўляюцца:

– сацыяльная справядлівасць;

– народаўладдзе;

– патрыятызм;

– ідэі нацыянальнай годнасці, канстытуцыйнага парадку і законнасці [4, с.259].

Цікавыя думкі аб нацыянальнай ідэі выказаў акадэмік Я. Бабосаў. Ён лічыць, што нацыянальная ідэя была сацыяльным інтэгратам (аб’яднальнай сілай) у пачатку ХХ ст., калі фарміравалася беларуская нацыя. Зараз нацыянальная ідэя не можа быць усеаб’яднальным фактарам, бо Рэспубліка Беларусь стала незалежнай дзяржавай, яна стала шматпартыйнай, поліэтнічнай, поліканфесійнай. З прычыны гэтых асаблівасцей агульная ідэя не можа быць толькі нацыянальнай, у яе аснове павінен быць пакладзены  больш абагульняльны крытэрый. Акадэмік Я. Бабосаў  прапануе пакласці ў аснову дзяржаўнай палітыкі не нацыянальную, а агульнадзяржаўную ідэю, якая б аб’ядноўвала грамадзян Беларусі рознай этнічнай, моўнай і канфесійнай прыналежнасці  [4, с. 259, 260].

Доктар філасофскіх навук А. Майхровіч  лічыць,  што беларуская нацыянальная ідэя сёння павінна адлюстроўваць надзённыя патрэбы народа. «Вядучымі ўстаноўкамі і кампанентамі нашай духоўна-ідэалагічнай праграмы, – адзначае А. Майхровіч, – павінны быць, па-першае, грамадска-палітычныя каштоўнасці развітай грамадзянскай супольнасці; па-другое, фундаментальныя каштоўнасці сацыяльнага і культурнага жыцця беларускага народа (патрыятызм, Радзіма, сям’я, традыцыі) і, па-трэцяе, агульначалавечыя маральныя каштоўнасці, народжаныя ў рэчышчы хрысціянскай традыцыі, у тым ліку і прынцыпы працоўнай этыкі» [4, с.260].

У 1997 годзе ў Гродне адбылася навукова-практычная канферэнцыя: «Беларуская нацыянальная ідэя». Яе ўдзельнікі прапанавалі кароткія фармуліроўкі нацыянальнай ідэі, якія прагучалі так: «Беларусь – наш еўрапейскі дом»; «Дабрабыт. Свабода. Духоўнасць»; «Плюралізм. Талерантнасць. Айчына»; «Я люблю Беларусь» і інш. Са згаданых фармуліровак можна зрабіць вывад, што многія людзі ўяўляюць сабе беларускую нацыянальную ідэю ў форме канкрэтных задач, якія рэальна паўстаюць перад імі ў паўсядзённым жыцці – дабрабыт, свабода, шлях у Еўропу, Айчына і г.д.

Некаторыя беларускія навукоўцы (У. Конан, А. Мальдзіс, Л. Лыч, Ю. Хадыка) у змест беларускай нацыянальнай ідэалогіі ўкладваюць такія каштоўнасці, як незалежная дэмакратычная дзяржава і беларуская культура.

У 1999 годзе рэспубліканская газета «Звязда» апублікавала артыкул прафесара І. Катлярова «Нацыянальная ідэя: прыярытэты ў межах заканадаўства» [5]. На погляд аўтара артыкула, у аснову нацыянальнай ідэі Рэспублікі Беларусь павінны быць пакладзены глабальныя нацыянальныя інтарэсы. Гэта, па-першае, канцэпцыя ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь, якая вызначае асноўныя нацыянальныя  каштоўнасці, жыццёвыя інтарэсы і стратэгічныя арыенціры. Па-другое, гэта канцэпцыя забяспячэння нацыянальнай бяспекі, пад якой маецца на ўвазе стан абароненасці жыццёва важных інтарэсаў асобы, грамадства ад унутраных і знешніх ворагаў у асноўных сферах іх жыццядзейнасці: палітычнай, эканамічнай, ваеннай, экалагічнай, інфармацыйнай і гуманітарнай. Па-трэцяе, канцэпцыя адкрытага грамадства, у якім кожны чалавек будзе прымаць актыўны ўдзел у кіраванні дзяржавай. Па-чацвёртае, канцэпцыя нацыянальнага развіцця. І хаця ў Рэспубліцы Беларусь няма сур’ёзных міжнацыянальных праблем, але «хіба гэта не праблема, – адзначе І. Катляроў, – калі ў трамваі або тралейбусе на беларускай мове размаўляе менш пяці працэнтаў людзей Беларусі» [5]. Пятае, – праблема экалагічных правоў чалавека, правоў на  спрыяльнае для жыцця і адпачынку асяроддзе [5]. Гэтыя асноўныя канцэпцыі замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, на іх рэалізацыю павінны быць скіраваны намаганні грамадства і дзяржавы.

У палітыка-прававой думцы Беларусі маюцца і супрацьлеглыя ідэі і падыходы. Філосаф Л. Крыштаповіч прапаноўвае ў аснову нацыянальна-дзяржаўнай ідэалогіі пакласці вядомы з ХІХ ст. «заходнерусізм», які быў афіцыйнай ідэалогіяй царскай Расіі ў адносінах да беларускіх зямель. «Русская мадэль развіцця, – адзначае Л. Крыштаповіч, – адзіная магчымая для нашай Айчыны  – Беларусі, Расіі і Украіны, для ўсяго славянства наогул... Толькі ідучы  агульным шляхам, можа паспяхова развівацца беларуская нацыянальнасць і беларуская дзяржаўнасць» [4, с.262].

На навуковых канферэнцыях 90-х гг. мінулага стагоддзя ўносіліся і іншыя прапановы: у гонар 2000-годдзя хрысціянства пабудаваць у Мінску Беларускі храм хрысціянскіх канфесій, які, як Галоўны храм краіны, будзе роўна належаць усім хрысціянскім царквам; скласці і выдаць «Духоўную энцыклапедыю Беларусі», у якой сабраць і абагульніць звесткі аб усіх святынях, і інш. Аўтары адстойвалі погляд, што агульная духоўная спадчына – магутны сродак згуртаванасці беларускага народа і надзейны падмурак яго нацыянальнай ідэі.

У 2004 годзе А.П. Барушка выдаў нарыс: «О национальной идее», у якім зрабіў спробу адлюстраваць гістарычны экскурс фарміравання нацыянальнай ідэі, на падставе матэматычных разлікаў ён прапанаваў 25 варыянтаў развіцця нацыянальнай эканомікі Беларусі.

Такім чынам, у літаратуры нацыянальная ідэя адлюстравана шырока і разнапланава. Большасць навукоўцаў імкнуцца ўвасобіць  у паняцце нацыянальнай ідэі ўяўленне, якое адлюстроўвае рэчаіснасць у свядомасці чалавека і выражае яго адносіны да навакольнага  свету.

Але, на наш погляд, прапанаваныя навукоўцамі канструкцыі нацыянальнай ідэі вельмі грувасткія, яны нагадваюць больш праграмы, чым ідэі. Яшчэ Уладзімір Іванавіч Даль у «Толковом словаре живого великорусского языка» вызначыў паняцце «ідэя»  як «образец – мечта» (узор – мара), як тое, што складае для чалавека найвышэйшую каштоўнасць, мэту яго дзейнасці і імкненняў.

На наш погляд, нацыянальная ідэя павінна быць сфармулявана коратка і ёмка, нібы кліч (заклік), які зразумелы і блізкі кожнаму жыхару Беларусі і падтрымліваецца грамадскай думкай і дзяржавай.

Такі нацыянальны кліч (ідэю) мы можам адшукаць у беларускіх класікаў, у прыватнасці, у творах беларускага песняра Янкі Купалы. Нагадаем адзін з самых ранніх і знакамітых яго вершаў «А хто там ідзе?»

 

А хто там ідзе, а хто там ідзе

У агромністай такой грамадзе?

–  Беларусы.

А што яны нясуць на худых плячах,

На руках у крыві, на нагах у лапцях?

–    Сваю крыўду.

А чаго ж, чаго захацелася ім,

Пагарджаным век, ім, сляпым, глухім?

–  Людзьмі звацца.

 

Верш абуджаў у сэрцах насельнікаў нашага краю не толькі сацыяльныя, але і нацыянальна-патрыятычныя пачуцці, бо беларусы заклікаліся «людьмі звацца».

Верш «А хто там ідзе?» напісаны Янкам Купалам  у 1905 – 1907 гг., у гады расійскай рэвалюцыі. Прайшоў значны час, змяніліся Беларусь і беларусы. Але патрыятычны заклік паэта «людзьмі звацца», на наш погляд, і сёння не страціў свайго значэння, бо ён абуджае ў душы кожнага чалавека найлепшыя пачуцці і імкненні.

Калі пераважная частка жыхароў нашай рэспублікі паўсядзённа будуць кіравацца заклікам паэта – «людзьмі звацца», тады і ўсе праблемы грамадскага і дзяржаўнага жыцця будуць вырашацца «па-людскі», у інтарэсах чалавека і для чалавека, адпавядаць самым  высокім сусветным стандартам і ўзорам.

Такім чынам, па праблемах нацыянальна-дзяржаўнай ідэалогіі Беларусі ў сучаснай палітыка-прававой думцы існуе шырокі спектр падыходаў і ідэй. Гэта стварае ўмовы для выпрацоўкі і асэнсавання ідэалогіі беларускай дзяржавы, якая б успрымалася ўсімі людзьмі актыўна і  зацікаўлена, пры ўсеагульнай падтрымцы  ўсіх слаёў насельніцтва рэспублікі ўвасаблялася б у жыццё.  

 

3. Развіццё юрыдычнай навукі Рэспублікі Беларусь

  

Праблемы развіцця суверэннай Беларусі, арыентаванай на рынкавую эканоміку, актывізавалі навуковыя даследаванні па тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, канстытуцыйнаму, грамадзянскаму, адміністрацыйнаму і іншых галінах права.

Па тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, па галінах права склаліся  свае навуковыя школы, якія вядомы не толькі ў нашай дзяржаве, але і за яе межамі. Адначым адну з такіх школ, якая склалася на юрыдычным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы – навукова-педагагічная школа па фундаментальных праблемах тэорыі права і дзяржавы і прыкладных прававых даследаваннях. У рамках дадзенай навуковай школы:

– сфармулявана паняцце права, якое заснавана на разуменні эківалентнай сутнасці таварна-грашовых адносінаў; распрацаваныя асноўныя катэгорыі і паняцці, з дапамогай якіх вызначаецца і асвятляецца эківівалентнасць права;

– акрэслены асноўныя складовыя часткі канцэпцыі развіцця і ўдасканалення заканадаўства Рэспублікі Беларусь, у тым ліку асноўныя тэарэтычныя параметры заканатворчага працэсу;

– выказаны погляды на межы ўздзеяння дзяржавы на грамадства; сфармуляваны  прававыя сродкі пабудовы цывільнай супольнасці ў Рэспубліцы Беларусь і інш.

Кіраўніком гэтай навуковай школы з’яўляецца Мікалай Уладзіміравіч Сільчанка, доктар юрыдычных навук, прафесар, які падрыхтаваў 12 кандыдатаў юрыдычных навук, аўтар каля дзвюхсот навуковых і навучальна-метадычных прац. Яго навуковыя работы публікаваліся ў Францыі, Польшчы, Літве, Украіне, Расіі, Туркменістане, захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь, бібліятэцы Кангрэса ЗША, Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы, бібліятэках іншых дзяржаў СНД.

На юрыдычным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта  імя Янкі Купалы можна адзначыць навуковыя школы доктара юрыдычных навук, прафесара Георгія Аляксеевіча Зорына, доктара юрыдычных навук, прафесара Івана Вітальевіча  Гушчына. Навуковыя школы паспяхова дзейнічаюць  на юрыдычных факультэтах Беларускага дзяржаўнага  ўніверсітета і ў іншых універсітэтах рэспублікі, у Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь.

Намаганнямі юрыстаў-навукоўцаў і практыкаў былі праведзены тэарэтычныя і навукова-практычныя канферэнцыі, навуковыя семінары, «круглыя сталы», якія садзейнічалі асмысленню жыццёвых працэсаў нашай дзяржавы, актывізацыі навуковых даследаванняў. У якасці прыклада  спашлемся на вопыт юрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Тут узнікла і з 2007 года актыўна выкарыстоўваецца новая форма – сумесны навуковы семінар і «круглы стол» часопіса «Веснік Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітета імя Янкі Купалы» на тэму: «Крыніцы сучаснага беларускага права: сістэма, адметнасць, традыцыі».  У рабоце семінара і «круглага стала» прынялі ўдзел прафесары Р.А. Васілевіч, Т.У. Доўнар, В.М. Бібіла, С.А. Трахімёнак, М.У. Сільчанка, І.В. Гушчын, І.А. Басюк і іншыя. Былі заслуханы і абмяркаваны даклады, прысвечаныя канстытуцыйным падставам сістэмы крыніц сучаснага беларускага права, узаемадзеянню крыніц беларускага нацыянальнага права і крыніц міжнароднага права, праблемам сістэматызацыі крыніц права, нетрадыцыйным (асобным) відам крыніц права і інш. Даклады, якія атрымалі станоўчую ацэнку на навуковым семінары, былі рэкамендаваны для апублікавання ў часопісе «Веснік ГрДУ імя Янкі Купалы» (Серыя 4. Правазнаўства).

Асноўнай формай навуковых публікацый з’яўляецца манаграфія. Адзначым некаторыя манаграфія па тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, якія былі апублікаваны ў апошнія гады.

У 1992 годзе была апублікавана кніга А.У. Матусевіча «Палітычная сістэма. Станаўленне і развіццё», у якой даследаваны асноўныя тэндэнцыі развіцця палітычнай сістэмы Беларусі, выказаны прапановы па каардынацыі намаганняў органаў дзяржаўнай улады, грамадскіх аб’яднанняў і працоўных калектываў па рэалізацыі асноўных задач дзяржаўнай палітыкі.

У 1993 годзе ў Мінску была апублікавана манаграфія М.У. Сільчанкі  «Закон: Проблемы этимологии, социологии и логики». У манаграфіі даследаваны механізм перавода супярэчнасцяў сацыяльнай рэальнасці ў лагічны нясупярэчлівы юрыдычны закон.

На даследаванне праблем аўтарытэту дзяржаўнай улады скіраваны навуковыя інтарэсы доктара юрыдычных навук, прафесара А.Г. Цікавенкі (Тиковенко, А.Г. Теоретические проблемы авторитета государственной власти / А.Г. Тиковенко. – Мінск, 1993,  і інш.).

У Мінску ў 2003 годзе апублікавана манаграфія  доктара гістарычных навук, прафесара  А.Ф. Вішнеўскага «Палітыка-прававы рэжым  савецкай дзяржавы (1917 – 1953 гг.)». У манаграфіі на фоне аналізу паняцця, сутнасці і разнавіднасцяў палітычнага рэжыму, як элемента формы дзяржавы, даследаваны палітыка-прававы рэжым савецкай дзяржавы з моманту перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года да смерці Сталіна (1953 г.). Рэпрэсіўная палітыка  прафесарам А.Ф. Вішнеўскім разглядаецца як сутнасная прыкмета таталітарнага рэжыму.

Адзначым манаграфію доктара юрыдычных навук, прафесара Р. Васілевіча «Источники белорусского права: принципы, нормативные акты, обычаи, прецеденты, доктрина» (2005 г.), якая была адной з першых публікацый у беларускай гістарыяграфіі па гэтай важнай праблеме.

Увага навукоўцаў-юрыстаў рэспублікі ў апошнія гады была засяроджана на даследаванні праблем правасвядомасці і прававой культуры; гэтыя пытанні даследаваліся  А.У. Баршчовай,  Н.М. Юрашэвіч і інш.

Дасягнуты значныя поспехі ў даследаванні праблем гісторыі дзяржавы і права Беларусі.  У 1989 годзе быў перавыдадзены Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года. У кнізе змешчаны нарыс аб сацыяльна-гістарычных умовах узнікнення Статута, арыгінальны і адаптаваны яго тэксты, тэкст Статута ў перакладзе на рускую мову. Кніга змяшчае энцыклапедычны даведнік, тэрміналагічны і імянны паказальнікі і інш. У 2003 годзе быў перавыдадзены Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 года. У перавыданні Статутаў прынялі ўдзел вядомыя навукоўцы Т. Доўнар, Г. Дзербіна, Ф. Сокал, Я. Юхо і інш. У 2002 годзе Статут 1588 года быў перакладзены на сучасную беларускую мову А. Шагуном з разлікам на шырокае кола чытачоў.

З набыццём Рэспублікай Беларусь дзяржаўнага суверэнітэту ўзрасла цікавасць да малавядомых твораў па гісторыі  Беларусі ХІХ – пачатку ХХ ст. У серыі «Беларускі кнігазбор» былі выдадзены: «Беларускія летапісы і хронікі» (1997); «Старажытная беларуская літаратура (ХІІ – ХVІІ стст.)» (2007); творы: Я. Карскага «Беларусы» (2001); Цёткі (Алаізы Пашкевіч) «Выбраныя творы» (2001) і інш. У 1994 годзе ў Мінску была выдадзена кніга М.В. Доўнар-Запольскага «Гісторыя Беларусі», якая праляжала ў архіве амаль 70 гадоў. У гэтай працы раскрываюцца важныя праблемы гісторыі дзяржавы і права Беларусі, палітычнай і прававой думкі, яе матэрыялы шмат у чым не страцілі сваёй навуковай каштоўнасці і сёння. У 2008 г. была перавыдадзена праца І.В. Турчыновіча «Обозрение истории Белоруссии с древнейших времен»; М.І. Каяловіча «Чтения по истории западной России» і іншыя, якія і сёння ўяўляюць цікавасць як для даследчыкаў, так і для чытачоў.

Убачылі свет навуковыя даследаванні па гісторыі беларускай дзяржаўнасці. У 1997 годзе была апублікавана манаграфія М. Сільчанкі і І. Басюка «Беларуская дзяржаўнасць», у якой ўпершыню ў беларускай і замежнай гістарыяграфіі была зроблена спроба паказаць адметнасць беларускай дзяржаўнасці і асноўныя этапы яе развіцця ад старажытных часоў да канца ХХ стагоддзя.

Навучальны дапаможнік «История белорусской государственности» (Мінск, 2003) быў падрыхтаваны У.І. Маліноўскім. У дапаможніку выкладзена кароткая гісторыя  развіцця беларускай дзяржаўнасці ад сярэднявечча да пачатку ХХІ ст. Аўтарам прааналізавана сістэма ўладных адносін у Полацкім і Тураўскім княствах, у Вялікім княстве Літоўскім, паказана спецыфіка барацьбы за захаванне беларускага этнасу ў Вялікім княстве Літоўскім, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі. У дапаможніку адлюстравана  дзяржаўнае будаўніцтва ў Беларускай ССР і Рэспубліцы Беларусь, паказаны працэс інтэграцыі рэспублікі ў Саюзную дзяржаву Беларусі і Расіі.

Адметны ўклад у развіццё гісторыі дзяржавы і права Беларусі ўнесла праца  прафесара Я.А. Юхо «Крыніцы беларуска-літоўскага права» (Мінск, 1991), у якой дадзена глыбокая  характарыстыка прывілеяў, Судзебніка Казіміра і трох Статутаў Вялікага княства Літоўскага.

Значны ўклад у вывучэнне беларускага феадальнага права ўнесла манаграфія доктара  юрыдычных навук, прафесара Т.І. Доўнар «Развіццё асноўных інстытутаў грамадзянскага  і крымінальнага права Беларусі ў ХV – ХVІ стагоддзях» (Мінск, 2000). У манаграфіі зроблены аналіз станаўлення і развіцця грамадзянскага права, эвалюцыі яго асноўных інстытутаў: рэчавага права, сервітутаў, абавязацельнага, залогавага і спадчыннага права. Разгледжаны праблемы крымінальнага права ХV – ХVІ стст.: паняцце, прыкметы і склад злачынства, саўдзел і датычнасць да злачынства, абставіны, якія выключалі злачынасць дзеяння; дадзена класіфікацыя злачынстваў і характарыстыка відаў злачынства.

Навукоўцамі Беларускага дзяржаўнага універсітэта Р.А. Васілевічам, Т.І. Доўнар і Я.А. Юхо падрыхтавана фундаментальная праца «Гісторыя канстытуцыйнага права Беларусі» (Мінск, 2001). У рабоце паказаны працэс развіцця канстытуцыйнага права ў храналагічным парадку ад асобных актаў, змешчаных у старажытных прывілеях, да сучаснай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дадзена характарыстыка канстытуцыйным актам, змешчаны тэксты асобных з гэтых актаў і каментарыі да іх.

В.А. Шаўкапляс апублікаваны працы па гісторыі карнага апарату царскай Расіі і судовых органаў Беларусі  падчас  уваходжання беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі («Карны апарат Расіі ў другой палове ХІХ стагоддзя» (Мінск, 1994); «Судовыя органы Беларусі (канец ХVІІІ – першая палова ХІХ стагоддзя» (Мінск, 1997).

З пачатку 90-х гадоў ХХ ст.  значна пашырылася навукова-інфармацыйная база, у дзяржаўных архівах з некаторых фондаў былі зняты грыфы сакрэтнасці. У Беларускім дзяржаўным архіве (былы ЦДАКР БССР) былі рассакрэчаны ўсе фонды 20 – 30-х гадоў ХХ ст. і большая частка фондаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны. У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (былы Цэнтральны партыйны архіў) для даследавання былі адкрыты дакументы, створаныя ў справаводстве да 1963 года ўключна. Пачаўся працэс перадачы ў дзяржаўныя архівы часткі дакументаў архіваў Камітэта дзяржаўнай бяспекі [6, с.6].

Доступ да раней закрытых дакументаў дазволіў гісторыку У.І. Адамушка выдаць кнігу «Палітычныя рэпрэсіі  20 – 50-х гадоў на Беларусі» [6], якая стала першай спробай у беларускай гістарыяграфіі паказаць аб’ектыўную карціну палітычных рэпрэсій. У кнізе выкарыстаны раней невядомыя архіўныя дакументы, у тым ліку і з архіваў Камітэта дзяржаўнай бяспекі. У.І. Адамушка паказаў працэс фармавання рэпрэсіўнага механізму, палітыку рэспрэсій у 20 – 30-я гады ХХ ст., раскрыў матэрыялы справы «Беларускі нацыянальны цэнтр», «Пухавіцкай справы»,  паказаў  рэпрэсіі ў Заходняй Беларусі. На аснове архіўных дакументаў аўтар кнігі прыйшоў да высновы, што ўсяго на Беларусі ў 20 – 50-я гады ХХ ст. за «контррэвалюцыйныя злачынствы» было прыгавораны да вышэйшай меры пакарання звыш за 35 тысяч чалавек, а судовымі і ўнесудовымі органамі па палітычных  матывах было прыцягнута да адказнасці звыш за 250 тысяч грамадзян [6, с.9].

У апошнія гады шмат зроблена па развіццю адносна новай дысцыпліны – гісторыі палітычнай і прававой думкі Беларусі. Намаганнямі навукоўцаў было распрацавана фундаментальнае выданне «Мысліцелі і асветнікі Беларусі» (Мінск, 1995). Гэта першы ў Рэспубліцы Беларусь энцыклапедычны даведнік, у якім змешчаны  артыкулы пра жыццёвы шлях, светапогляд і дзейнасць больш за 650 прадстаўнікоў філасофскай і грамадскай думкі, асветнікаў нашай краіны ад старажытных часоў да пачатку ХХ стагоддзя. Кніга была перапрацавана і дапоўнена, а затым перавыдадзена ў 2001 годзе пад назвай «Асветнікі зямлі Беларускай». У новым энцыклапедычным даведніку змешчана каля 750 артыкулаў аб прадстаўніках  грамадска-палітычнай думкі і асветніках Беларусі. Сярод іх дзяржаўныя, грамадска-палітычныя і рэлігійныя дзеячы, філосафы, педагогі, юрысты, удзельнікі нацыянальна-вызваленчага і рэвалюцыйнага руху, тыя асобы, якія на працягу апошняга тысячагоддзя (ад Х да пачатку ХХ ст.)  унеслі значны ўклад у нацыянальную і сусветную культуру, стварылі падмурак нацыянальнай дзяржаўнасці Беларусі.

Значны ўклад у развіццё гісторыі палітычнай  і прававой думкі Беларусі ўнеслі доктар юрыдычных навук, прафесар Ф.С. Сокал, доктар філасофскіх навук, прафесар В.Ф. Шалькевіч, доктар філасофскіх навук С.А. Падокшын і іншыя. Адзначым некаторых беларускіх навукоўцаў.

Сямён Аляксандравіч Падокшын, беларускі філосаф і гісторык-медыявіст (медыявістыка – ад лац. medius сярэдні + аеvum век, эпоха; галіна гістарычнай навукі, якая вывучае гісторыю сярэдніх вякоў). Даследуе гісторыю філасофскай і грамадска-палітычнай думкі эпох Адраджэння і Рэфармацыі, праблемы  нацыянальнай самасвядомасці  беларускага народа. Яго пяру належаць навуковыя працы «Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая половина ХVI –ХVII в.)» (1970); «Скорина и Будный: очерк философских взглядов» (1972); «Франциск Скорина» (1981); «Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага» (1990); «Палітычная і прававая думка Беларусі ХVІ – ХVІІІ стст.» (2000, разам з С.Ф. Сокалам) і інш.

У 2008 годзе апублікавана  манаграфія І.У. Вішнеўскай «Палітычная і прававая думка Беларусі на мяжы еўрапейскіх цывілізацый (ІХ – пачатак ХХІ стст.)», якая ахоплівае ўвесь перыяд развіцця палітыка-прававой думкі Беларусі – ад старажытных часоў да пачатку ХХІ стагоддзя. Манаграфія сведчыць аб высокім узроўні палітыка-прававой думкі Беларусі ў розныя гістарычныя перыяды, аб сінтэзаванні ў ёй палітычных і прававых ідэй заходняй і ўсходняй еўрапейскіх цывілізацый.  У манаграфіі паказана і адметнасць беларускай палітыка-прававой думкі, яе скіраванасць на асмысленне ўласных нацыянальных праблем грамадска-палітычнага жыцця і права.

Значныя даследаванні праведзены і ў галінах права,  у прыватнасці – у канстытуцыйным праве. Вялікае значэнне мае тлумачэнне канстытуцыйных нормаў. Прафесар Р.А. Васілевіч распрацаваў і выдаў у 2001 годзе навукова-практычны каментарый Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь на падставе аналізу нормаў Канстытуцыі, міжнародных прававых актаў, рашэнняў Канстытуцыйнага Суда і правапрымяняльнай практыкі.

Уяўляе цікавасць праца прафесара Р.А. Васілевіча «Конституционное правосудие в Республике Беларусь» (2003), у якой дадзены аналіз дзейнасці Канстытуцыйнага Суда, паказана значэнне яго актаў для ўдасканалення прававых адносін ў рэспубліцы.

У нашай рэспубліцы шмат зроблена па даследаванні праблем галіновага права, у прыватнасці – грамадзянскага права.

Беларускімі навукоўцамі  ў апошнія  гады апублікаваны значныя працы па грамадзянскаму праву (У.А. Вітушка «Курс грамадзянскага права. Агульная частка» у 2 тамах (2003 г.); працы В.Ф. Чыгіра «Прыватызацыя жылля» (1993 г.); «Крэдыт і субсідыі на набыццё жылля» (1996 г.) і інш.

Важны ўклад у даследаванне праблем працоўнага дагавора ўнеслі працы прафесара Д.А. Калбасіна (Колбасин Д.А. «Содержание трудового договора на современном этапе» (1990 г.) і інш.

З набыццём Рэспублікай Беларусь  дзяржаўнага суверэнітэту і выхадам рэспублікі на міжнародную арэну паўстала праблема ўсебаковага развіцця міжнароднага права. У гэтым напрамку актыўна працуе А.І. Зыбайла, які даследуе праблемы суадносін міжнароднага і ўнутрыдзяржаўнага права, прымянення міжнароднага права ў Рэспубліцы Беларусь, канстытуцыйнага кантроля за адпаведнасцю міжнароднага права і ўнутрыдзяржаўнага права (А.И. Зыбайло «Соотношение международного и внутригосударственного права» (2007 г.) і інш.

Значнае развіццё атрымала крымінальнае права, крымінальны працэс і крыміналістыка. Прафесар І.І. Басецкі апублікаваў шэраг значных прац, прысвечаных праблемам аператыўна-вышуковай дзейнасці органаў унутраных спраў.  Удасканаленню крымінальнага працэсу прысвечаны працы прафесара М.А. Шостака. Ю.А. Мелехавец апублікаваў работы, у якіх разглядаюцца пытанні крымінальнай адказнасці за атрыманне хабару. Доктар юрыдычных навук, прафесар В.М. Бібіла апублікавала кнігу «Судебная власть в уголовном судопроизводстве» (2001 г.), у якой даследуюцца пытанні статуса суда, прынцыпы правасуддзя, прававога становішча ўдзельнікаў працэсу і іншыя праблемы судаводства.

У Маскве ў 1998 годзе выйшаў падручнік для студэнтаў-юрыстаў «Юридическая психология», які распрацаваў дацэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Г.Р. Шыханцоў. У падручніку асвятляюцца праблемы прававой і крымінальнай псіхалогіі, псіхалогіі папярэдняга следства, псіхалогіі адвакацкай і судовай дзейнасці па крымінальных справах, а таксама  папраўчая (пенітэнцыянарная) псіхалогія. Падручнік выкарыстоўваецца вышэйшымі навучальнымі ўстановамі Расійскай Федэрацыі і Беларусі.

Развіццю навуковых даследаванняў садзейнічаў працэс развіцця ў Рэспубліцы Беларусь сеткі вышэйшых навучальных устаноў, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку юрыстаў.

У пачатку 1990-х гадоў падрыхтоўку юрыстаў у Беларусі ажыццяўлялі  юрыдычныя факультэты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (вочнае і завочнае аддзялені) і Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы (вочнае, завочнае і вячэрняе аддзяленні). Навучанне на юрыдычных факультэтах праводзілася па адзінай спецыяльнасці – правазнаўства.

У пачатку 2000-х гадоў дзяржаўныя вышэйшыя навучальныя ўстановы Рэспублікі Беларусь – інстытуты – атрымалі ўніверсітэцкі статус, пачалі дзейнічаць Брэсцкі, Віцебскі, Магілёўскі, Гомельскі, Полацкі і іншыя ўніверсітэты, якія таксама ажыццяўляюць падрыхтоўку  юрыстаў.

У 1977 годзе пастановай Савета Міністраў СССР на базе Гродзенскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы быў арганізаваны Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт; гэта быў трэці ў рэспубліцы і 65-ы ўніверсітэт у СССР.

Уводзіліся новыя спецыяльнасці; так, на юрыдычным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, акрамя правазнаўства, пачалася падрыхтоўка студэнтаў па спецыяльнасці  эканамічнае права.

У новых, рынкавых умовах, вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі, у іх ліку і юрыдычныя факультэты, пачалі аказваць камерцыйныя адукацыйныя паслугі. З 1990 года пачалася платная падрыхтоўка юрыстаў у Беларускім інстытуце правазнаўства, з 1991 года – у Беларускім дзяржаўным універсітэце; затым гэтая практыка распаўсюдзілася і на іншыя вышэйшыя навучальныя ўстановы рэспублікі.

У 1997 годзе на платнай аснове ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы навучаліся 2695 студэнтаў, палова з якіх праходзілі навучанне на юрыдычным факультэце. Ад аказання платных адукацыйных паслуг на банкаўскі рахунак універсітэта было пералічана 38 млрд  рублёў [7, с.94].

У грамадстве і сярод навукоўцаў камерцыялізацыя вышэйшай адукацыі атрымала супярэчлівыя ацэнкі. З аднаго боку, платная адукацыя давала магчымасць прыцягнуць дадатковыя фінансавыя сродкі і кампенсаваць недахоп дзяржаўных укладанняў у развіццё матэрыяльнай базы і ў сацыяльнае развіццё вышэйшых навучальных устаноў. З другога боку, на погляд некаторых выкладчыкаў, камерцыялізацыя адукацыі садзейнічала фармаванню залішне прагматычнага стаўлення да арганізацыі навучальнага працэсу, не заўсёды правільна расстаўляліся  акцэнты ў дылеме «духоўнае – матэрыяльнае».  Пачало праяўляцца стаўленне да педагагічнай дзейнасці як да бізнесу, гэта падрывала традыцыю маральнасці і інтэлектуальнасці вышэйшай школы, дэфармавала маральную пазіцыю некаторых асоб яе кіраўніцкага саставу, выкладчыкаў і студэнтаў.

Адзначаныя адмоўныя тэндэнцыі ў большай  ступені  закранулі прыватныя вышэйшыя навучальныя ўстановы, значная частка якіх, з прычыны нізкага ўзроўню арганізацыі навучальнага працэсу,  вымушаны былі закрыцца. 

У цэлым на юрыдычных факультэтах як дзяржаўных, так і некаторых прыватных навучальных устаноў захаваліся  і атрымалі  развіццё дух культа ведаў, высокі аўтарытэт айчыннай адукацыі і айчыннай вышэйшай школы.

Такім чынам, у 1990-я – пачатак 2000-х гг. у Рэспубліцы Беларусь былі апублікаваны значныя  працы па тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, па галінах права, якія ўнеслі істотны ўклад у развіццё юрыдычнай навукі. Адбылося развіццё сеткі вышэйшых навучальных устаноў, многія з якіх атрымалі ўніверсітэцкі статус, былі ўведзены новыя юрыдычныя спецыяльнасці, падрыхтоўку юрыстаў пачалі ажыццяўляць дзяржаўныя і прыватныя навучальныя ўстановы.

 

Спіс літаратуры

 

1. Чудаков, М.Ф. Конституционный процесс в Беларуси (1447 – 1996 гг.): моногр. / М.Ф. Чудаков. – Минск, 2004. – С. 108–110.

2. Канстытуцыйны працэс у Рэспубліцы Беларусь: праблемы тэорыі і практыкі: тэз. дакл. Міжнар. навук.-практ. канф. (Гродна, 26–27 крас. 1996 г.). У 2 ч. / ГрДУ імя Я. Купалы. – Гродна, 1996. – Ч. 1. – 235 с.

3. Канстытуцыйны працэс у Рэспубліцы Беларусь: сучасны стан і перспектывы развіцця: матэрыялы Міжнар. «круглага стала» (Гродна, 31 кастр. 1997 г.) / ГрДУ імя Я. Купалы. – Гродна, 1997. – 139 с.

4. Вішнеўская, І.У. Палітычная і прававая думка Беларусі на мяжы еўрапейскіх    цывілізацый (ІХ – пачатак ХХІ стст.): манагр. / І.У.  Вішнеўская. – Мінск, 2008. –296 с.

5. Катляроў, І. Нацыянальная ідэя: прыярытэты ў межах заканадаўства / І. Катляроў // Звязда. – 1999. – 6 студз. – С. 3.

6. Адамушка, У.І. Палітычныя рэпрэсіі 20 – 50-ых гадоў на Беларусі / У.І. Адамушка. – Мінск, 1994. – 156 с.

7. Сільчанка, М.У. Юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы: гіст. нарыс / М.У. Сільчанка. – Гродна, 2008. – 139 с.

 

Пытанні для самаправеркі

 

1. Абгрунтуйце сутнасць этапаў, на якія падзяляецца гісторыя канстытуцыйнага права Беларусі.

2. Параўнайце падыходы ўдзельнікаў навуковых дыскусій 1990-х гг. аб формах канстытуцыйнага кіравання на Беларусі.

3. Выкажыце свой погляд на прапановы выдзеліць на Беларусі яшчэ дзве галіны ўлады ўлады – устаноўчую і кантрольную.

4. Ахарактарызуйце погляды навукоўцаў аб сутнасці і перспектывах развіцця на Беларусі прэзідэнцкай улады.

5. Што ўяўляе з сябе грамадзянская супольнасць (цывільнае грамадства) і якія шляхі яе развіцця на Беларусі?

6. Чаму дзяржаўную ідэалогію называюць «духоўнай канстытуцыяй»?

7. Ахарактарызуйце паняцці: ідэалогія дзяржаўная; ідэалогія нацыянальная; нацыянальна-дзяржаўная ідэалогія; агульнанацыянальная ідэалогія.

8. Раскрыйце паняцце «нацыянальная ідэя»; чаму навукоўцы па-рознаму вызначаюць яе сутнасць і змест?

9. Зрабіце спробу самім сфармуляваць уласны варыянт  нацыянальнай ідэі, параўнайце свой варыянт з іншымі варыянтамі.

10. Абгрунтуйце, якімі фактарамі ў Рэспубліцы Беларусь абумоўлена актывізацыя навуковых даследаванняў па юрыспрудэнцыі?

11. Як вы разумееце паняцце «навуковая школа»? Якія навуковыя школы склаліся на юрыдычным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы?

12. Укажыце, з якімі манаграфіямі па тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, галінах права  вы знаёмы; якія манаграфіі вы плануеце прачытаць?

13. Пералічыце найбольш актуальныя праблемы, якія зараз даследуюцца па тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, па канстытуцыйным, грамадзянскім і крымінальным праве?

14. Які ўклад у юрыдычную навуку ўнесены прафесарска-выкладчыцкім саставам юрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы?