Лекцыя
^ Вверх

Лекцыя

 

1. Асаблівасці эпохі Контррэфармацыі на Беларусі.

2. Палітычныя і прававыя погляды дзеячоў Контррэфармацыі. Клерыкальныя тэорыі дзяржавы і права.

3. Палітыка-прававыя погляды прыхільнікаў і праціўнікаў Брэсцкай царкоўнай уніі. Уніяты, дызуніяты, дысідэнты.

4. Палітыка-прававыя погляды абаронцаў праваслаўя: Мялецій Сматрыцкі, Афанасій Філіповіч, Сімяон Полацкі.

5. Натуральна-прававыя ідэі Алізароўскага.

 

1. Асаблівасці эпохі Контррэфармацыі на Беларусі

 

Контррэфармацыя – рэлігійна-палітычны рух у Еўропе, узначалены папствам і накіраваны супраць Рэфармацыі з мэтай рэстаўрацыі пазіцый, страчаных каталіцызмам. Контррэфармацыя ахапіла палітыку, ідэалогію, права, культуру.

Дактрыну і царкоўную палітыку каталіцкай царквы эпохі Контррэфармацыі  вызначыў Трыдэнцкі ўсяленскі сабор каталіцкай царквы, які з перапынкамі працаваў амаль 18 гадоў (1545 – 1563 гг.). (Назва сабора ад італьянскага горада Трэнта (на лац. мове Tridentum, дзе адбываўся сабор). Сабор адхіліў кампраміс з пратэстантамі, пацвердзіў безумоўны аўтарытэт папы ў справах веры, замацаваў набажэнства выключна на лацінскай мове, усталяваў жорсткую царкоўную цэнзуру. Была ўзмоцнена інквізіцыя (царкоўныя суды), на кастрах быў спалены Дж. Бруна, праследаваліся Т. Кампанела, Г. Галілей і інш., арганізоўваліся пагромы пратэстантаў (Варфаламееўская ноч у Парыжы 24.8.1572 г.). У 1559 годзе быў надрукаваны першы «Індэкс забароненых кніг», дзе пералічывліся кнігі, якія забаранялася чытаць каталікам пад пагрозай адлучэння ад касцёла. Галоўнай зброяй Контррэфармацыі стаў ордэн езуітаў (супольнасць Езуса – Ісуса Хрыста), які быў заснаваны іспанцам І. Лаёлам у 1534 годзе.

У Вялікім княстве Літоўскім пачаткам Контррэфармацыі даследчыкі лічаць 1569 год, калі Вільню наведалі першыя 13 езуітаў, якіх запрасіў віленскі біскуп Пратасевіч для барацьбы з Рэфармацыяй, бо значная частка яго паствы перайшла ў кальвінізм. Праз год у ВКЛ было ўжо 300 езуітаў.

Езуіты выкарыстоўвалі два асноўныя напрамкі ў сваёй дзейнасці: па-першае, супраць праціўнікаў касцёла яны выкарыстоўвалі самыя жорсткія і ганебныя метады барацьбы: тайныя змовы, шантаж, забойствы і інш. згодна з прынцыпам – «Мэта (абарона касцёла) апраўдвае любыя сродкі барацьбы».

Па-другое, езуіты актыўна дзейнічалі ў сферы адукацыі, благачыннасці і культуры.

У 1579 годзе была адчынена Віленская езуіцкая акадэмія – цэнтр Контррэфармацыі на Беларусі. У Полацку (1580 г.) і Нясвіжы (1585 г.) пачалося будаўніцтва езуіцкіх калегіўмаў – сярэдніх навучальных устаноў.

Асаблівасці Контррэфармацыі на Беларусі ў тым, што яна была накіравана не толькі супраць пратэстантызму, але і супраць праваслаўя. Беларускім землям у планах Ватыкана адводзілася роля плацдарма для пранікнення касцёла ў Маскоўскую дзяржаву і далей – у Азію, да Кітая.

Контррэфармацыю актыўна падтрымлівалі каралі Рэчы Паспалітай. Стэфан Баторый граматай ад 27.3.1577 года забараніў будаваць у Вільні некаталіцкія храмы і школы. Жыгімонт ІІІ называў сябе езуіцкім каралём. На хвалі Контррэфармацыі ўзніклі Брэсцкая царкоўная унія і ўніяцкая царква. Сейм 1658 года прыгаварыў антытрынітарыяў да выгнання з Рэчы Паспалітай. Сойм Рэчы Паспалітай 1668 года адступніцтва ад каталіцтва прыраўняў да злачынства,  а ў 1767 годзе ён вынес рашэнне караць за гэта смерцю. У 1733 годзе сойм пазбавіў праваслаўную шляхту права займаць пасады ў сенаце, сойме, судах і іншых дзяржаўных установах.

Хоць Статут ВКЛ 1588 года ўтрымліваў артыкул аб верацярпімасці, але з цягам часу рэлігійная талерантнасць у Вялікім княстве была скасавана, перамогу шмат у чым атрымала Контррэфармацыя.

У 2-й палове ХVІІ – пачатку ХVІІІ cт. адбывалася клерыкалізацыя культуры і падпарадкаванне яе царкве. Навуковыя веды абвяшчаліся грахоўнымі. У аснову навучання былі пакладзены тэалогія, схаластычная філасофія і лацінская мова. На Беларусі былі страчаны многія бліскучыя дасягненні навукі і культуры папярэдніх стагоддзяў, узровень адукацыі панізіўся. Масавая паланізацыя пануючага класа Беларусі праз акаталічванне ўскладніла працэс кансалідацыі беларускай народнасці, запаволіла фарміраванне яе свядомасці.

Супраць каталіцкай экспансіі былі вымушаны змагацца пратэстанцкія абшчыны, праваслаўныя брацтвы, царкоўныя пісьменнікі-палемісты. Ад эпохі Контррэфармацыі мы атрымалі значную літаратурную спадчыну, якая дазваляе нам вывучаць развіццё на Беларусі палітыка-прававых ідэй і меркаванняў як прыхільнікаў Контррэфармацыі, так і яе праціўнікаў.

 

2. Палітычныя і прававыя погляды дзеячоў Контррэфармацыі.

Клерыкальныя тэорыі дзяржавы і права

 

З прыняццем каталіцызму на беларускіх землях пачала распаўсюджвацца царкоўна-палітычная ідэалогія папацэзарызму, сутнасць якой – вяршэнства духоўнай улады над свецкай. Галоўныя пастулаты папацэзарызму былі выкладзены яшчэ ў ХІ ст. папай Рыгорам VІІ (1073 – 1085 гг.) у пасланні пад назвай «Дыктат папы». Прывядзём некалькі артыкулаў з названага дакумента:

«Папа начертал:

2. …Только Римский епископ по праву зовется вселенским.

8. …Он один вправе распоряжаться знаками императорского достоинства.

9. Одному папе все князья лобызают ноги.

12. …Он может низлагать императоров.

17. …Ни одно постановление, ни одна книга не могут быть признаны каноническими   без его санкции.

18. Никто не смеет отменить его решения, а он сам отменяет чьи угодно.

19. Никто ему не судья.

27. … Он может освобождать подданных от присяги плохим владыкам»[1].

Такім чынам, у пасланні Рыгора VІІ «Дыктат папы» выкладзены асноўныя пастулаты тэакратыі – вяршэнства духоўнай улады над свецкай, спосабы і метады яе дасягнення.

Ідэі Контррэфармацыі і палітычнай ідэалогіі каталіцызму найбольш поўна раскрыты ў працах дзеячоў і мысліцеляў той эпохі П. Скаргі, С. Градзіцкага, А. Кулеша і інш. Разгледзім палітычныя і прававыя погляды некаторых з гэтых мысліцеляў і дзеячоў.

Пётр Скарга(1563 – 1612). Нарадзіўся ў Польшчы, скончыў Кракаўскую акадэмію, вучыўся ў Рыме. З 1574 года ў ВКЛ. Езуіт, заснавальнік і першы рэктар (1579 – 1584 гг.)  Віленскай езуіцкай акадэміі, адзін з ініцыятараў Брэсцкай царкоўнай уніі. Аўтар твораў: «Пра еднасць Божай царквы» (1577 г.); «Брэсцкі сінод» (1597 г.); «Сеймавыя казанні» (1600 г.); «На трэны і лямант Тэафіла Арталога» (1610 г.) і інш.

Палітычныя і прававыя погляды Пятра Скаргі найбольш поўна адлюстраваны ў яго творы «Сеймавыя казанні». Скарга на працягу  апошніх 24 гадоў свайго жыцця (1588 – 1612 гг.) займаў пасаду прыдворнага прапаведніка пры двары караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта ІІІ Вазы. Пасада прыдворнага прапаведніка абавязвала яго на ўрачыстых набажэнствах, перад адкрыццём сеймаў Рэчы Паспалітай, у прысутнасці караля, сенатараў і дэпутатаў, выступаць з казаннямі (казанне – прамова рэлігійна-павучальнага характару, пропаведзь). Даследчыкі адзначаюць, што дзякуючы свайму таланту Скарга на дыспутах перамагаў сваіх апанентаў, нават здолеў вярнуць у каталіцызм уплывовага прыхільніка кальвінізму М.К. Радзівіла (Сіротку). Мастак Я. Матэйка намаляваў карціну «Казанне Скаргі» (1864 г.), на якой  паказаў, з якой увагай слухалі кароль і сенатары пропаведзь Скаргі, якія глыбокія і супярэчлівыя пачуцці яна выклікала ў прысутных на набажэнстве (выява карціны змешчана: ЭГБ, т.6, кн. 1, с.309).

Пропаведзі Скаргі былі выдадзены асобнай кнігай пад назвай «Сеймавыя казанні». Большасць сваіх пропаведзяў Скарга прысвяціў найбольш істотнаму недахопу Рэчы Паспалітай – слабасці каралеўскай улады. Скарга выступаў за моцную цэнтралізаваную дзяржаву на чале з каралём, але ўлада караля, на яго погляд,  павінна абмяжоўвацца правам і Радай.  

У дзяржаўным уладкаванні Скарга важнае месца адводзіў праву, якое, на яго думку, не дасць вырадзіцца каралеўскай уладзе ў тыранію. Скарга параўноўваў права з паходняй (факелам), якая павінна асвятляць дарогу дзяржаве.

Скарга рэзка крытыкаваў анархізм і разбэшчанасць шляхты, выступаў за рэформы дзяржаўнага ладу, папярэджваў у сваіх пропаведзях, што прамаруджванне з рэформамі па цэнтралізацыі дзяржавы можа прывесці да падзення Рэчы Паспалітай. Польскай інтэлігенцыяй ХІХ ст. Скарга справядліва разглядаўся як прарок трагічнага лёсу Рэчы Паспалітай.

Палітычным ідэалам Скарга лічыў тэакратыю (ад грэч. theos – Бог,  kratos – улада), пад якой разумелася вяршэнства духоўнай улады над свецкай. Духоўная ўлада (рымскі папа, касцёл) праз каталіка-караля павінна кіраваць дзяржавай.

Абгрунтоўваў неабходнасць царкоўнай уніі як спосаба ўмацавання духоўнага адзінства і стабільнасці Рэчы Паспалітай.

Як каталік і дзеяч Контррэфармацыі Скарга лічыў, што толькі вучэнне каталіцкай царквы верна служыць грамадству і дзяржаве, іншыя рэлігійныя канфесіі вядуць разбуральныя дзеянні. Скарга пісаў: «Вера каталіцкая старанна і шматкратна вучыць, каб кожны Бога баяўся і караля паважаў, як св. Пётр вучыў, каб кожны дзяржаўным установам, каралям і яго службовым асобам падпарадкоўваўся, каб іх мяча баяўся» [2, с.54].

Скарга адстойваў ідэю адзінаверства.  «Дзе няма згоды на глебе веры і боскіх спраў, – адзначаў ён, – там яе не можа быць і ў справах свецкіх і ў палітыцы» [2, с.55]. Як дзеяч Контррэфармацыі Скарга   заклікаў свецкую ўладу прызнаць адзінай пануючай рэлігіяй каталіцкую, а ўсе іншыя веравызнанні выкараніць. Асаблівае яго абурэнне выклікаў прынцып верацярпімасці, узаконены ў Рэчы Паспалітай Варшаўскім актам канфедэрацыі 1573 года, а затым гэты прынцып быў замацаваны ў Статуце Вялікага княства Літоўскага 1588 года, у якім было запісана: «А меновите то поприсегнути: покой посполитый межы розорваными и розными людьми в вере и набоженстве заховывать» (раздз. 3, арт. 3). Скарга назваў акт канфедэрацыі 1573 года выступленнем супраць усіх боскіх і чалавечых праў, супраць натуральнага розуму і хрысціянскага высакародства.

Скарга асуджаў Рэфармацыю за тое, што пад яе ўплывам царкоўная юрысдыкцыя была аддзелена ад свецкай і ў значнай ступені была пазбаўлена прымусовай дзяржаўнай сілы. Ён пісаў: «Шкодным з’яўляецца і не кропелькі не мае справядлівасці права ў такой дзяржаве, дзе яно шкодзіць царкоўнай юрысдыкцыі і дзе духоўным судам не аказваецца ніякай падтрымкі» [2, с.56].

Скарга не мог абыйсці ўвагай пытанні стаўляння да ўлады і падпарадкавання. Ён падтрымліваў правамернасць і мэтазгоднасць існуючай іерархічнай структуры феадальнага грамадства, у якой кожнаму саслоўю адводзілася адпаведная ступень, якая вызначала яго сацыяльна-палітычны і прававы статус. Скарга пісаў: «Няроўнасць абавязкова павінна існаваць сярод саслоўяў і асоб Рэчы Паспалітай: адзін больш высакародны, чым другі, адзін высокапастаўлены, другі ніжэйпастаўлены» [2, с.56].

Скарга, як і іншыя езуіты, адмаўляў свабоду.  Ён заяўляў: «Ніхто на свеце не нараджаецца вольным» [2, с.56]. Разам з тым Скарга прызнаваў тры віды свабоды: свабоду ад граху, свабоду ад падпарадкавання іншым уладарам і свабоду ад тырана. З свабодай ад тырана звязваліся шляхецкія вольнасці.

Такія палітычныя і прававыя погляды віднага дзеяча Контррэфармацыі Пятра Скаргі.

У эпоху Контррэфармацыі шырокае распаўсюджванне набылі клерыкальныя (царкоўныя) тэорыі дзяржавы і права. (Клерыкалізм (ад лац. clericalis) царкоўны – палітычная плынь, якая дамагаецца вяршэнства царквы і духавенства ў палітычным і культурным жыцці).

Прадстаўніком гэтага напрамку быў Тэадор Цішкевіч-Скуміновіч. Біяграфічныя звесткі аб Цішкевіч-Скуміновічу абмежаваныя. Належаў да заможнага і радавітага ў Беларусі шляхецкага роду праваслаўнага паходжання. Пасля заключэння Брэсцкай царкоўнай уніі перайшоў у каталікі. Адукацыю атрымаў у Рыме. У Вялікім княстве Літоўскім  займаў шэраг пасад у каталіцкай іерархіі. У 1663 годзе выдаў сваю працу: «Аб праве асобаў, ці Каталіцкае тлумачэнне першай кнігі кодэкса Юсцініяна ў гнаселагічным, прыродным і палітычным сэнсе і ў адпаведнасці з еўрапейскім звычаёвым  правам». У сваім творы зрабіў спробу вырашыць праблему саперніцтва рымскага і кананічнага (царкоўнага) права на карысць апошняга.  Кніга насычана матэрыяламі рымскага права, знаёміць чытачоў з практыкай яго выкарыстання ў краінах Еўропы, у тым ліку і ў Рэчы Паспалітай. У яго працы шмат месца адводзіцца пытанням шлюбу, усынаўлення, апекі, папячыцельства, паручыцельства і інш. Для нас найбольш цікавымі з’яўляюцца яго палітыка-прававыя ідэі і погляды.

Цішкевіч-Скуміновіч характарызуе чалавечыя веды як недасканалыя, якія больш уяўленні, чым веды. Таму пра сутнасць і паходжанне права як боскай справы  людзі не могуць мець дасканалых ведаў. «Дасканалых ведаў аб боскіх справах, – адзначае  Цішкевіч-Скуміновіч, – мы мець не можам. І аб справах чалавечых нашы веды нестабільныя. Яны не што іншае, як эксперыментальныя і ў многім памылковыя веды, таму могуць выступаць толькі як уяўленні, а не як веды» [2, с.58].

На яго погляд, боскі пачатак праяўляецца ў «прыродным розуме», гэта тое, што называецца натуральным правам.  «Натуральнае права, – піша Цішкевіч-Скуміновіч, – адносіцца як да чалавечага роду, так і да жывёл, і з’яўляецца агульным для іх інструментам прыроды, з дапамогай якога стваральнік прыроды Бог кіруе людзьмі і дзікімі жывёламі... Паколькі ў жывёл адсутнічае свабода выбару, яны не могуць ведаць права. Права і закон ні на каго іншага, акрамя як на чалавека, не распаўсюджваюцца» [2, с.58].

Клерыкальную накіраванасць мелі яго разважанні аб сацыяльна-прававым статусе асобы. Ён падзяляў людзей на духоўных і свецкіх. Першых – на каталікоў, схізматыкаў (праваслаўных), вераадступнікаў, іудзеяў, магаметан і іншых. Ерэтыкі, на яго погляд, павінны быць пазбаўлены усіх правоў і іх трэба падвяргаць розным пакаранням.

Свецкія людзі складаюцца са свабодных і падданых, высакародных і плебеяў. У сваю чаргу высакародныя (шляхта) і плебеі (простыя людзі), на погляд Цішкевіч-Скуміновіча, таксама дзеляцца на розныя катэгорыі, кожную з якіх ён дэталёва характарызуе ў сваёй кнізе. На яго погляд, прававы статус асобы вызначаецца той сацыяльнай групай, да якой гэтая асоба належыць. Прававы статус залежнага селяніна ў Рэчы Паспалітай вызначаецца яго панам.

Значную ўвагу Цішкевіч-Скуміновіч удзяліў у сваёй кнізе правам і свабодам шляхты. Ён параўноўваў статус дваран краін Заходняй Еўропы і Рэчы Паспалітай. У Заходняй Еўропе дваране мелі розныя рангі, тытулы і правы. У Рэчы Паспалітай шляхта роўная, яна мае шмат ільгот (вызвалена ад падаткаў, ёй прысягае сам кароль). На гэтай аснове, лічыў Цішкевіч-Скуміновіч, у Рэчы Паспалітай  больш справядліва ўлічваліся заслугі і гонар шляхты, чым у краінах Заходняй Еўропы.

Мы адзначалі, што Контррэфармацыя была скіравана і супраць праваслаўя. Шмат намаганняў у барацьбе супраць праваслаўя прыклаў Кулеша Ян Алаізій (1660 – 1706), каталіцкі рэлігійны дзеяч, пісьменнік-палеміст. Паводле адных звестак ён нарадзіўся на Падляшшы, паводле іншых крыніц – на Палессі. Скончыў Віленскую езуіцкую акадэмію. Прафесар, выкладаў грэчаскую мову ў Полацкім езуіцкім калегіўме. У канцы жыцця ўзначальваў кафедру маральнай тэалогіі Віленскай акадэміі.

Аўтар кнігі «Праваслаўная вера» (Вільня, 1704), у якой прасачыў гісторыю праваслаўнай царквы да канца ХVІІ ст. У сваім творы сцвярджаў, быццам пры князю Уладзіміру Русь прыняла рымска-каталіцкую веру і «першыя кіеўскія мітрапаліты не былі ў схізме» [2, с.60]. Аднак пазней Русь была ўцягнутая ў схізму (праваслаўе). У сваёй кнізе Кулеша крытыкаваў «страшэнныя памылкі схізматыкаў» і ўсяляк узвялічваў «праўдзівую рымска-каталіцкую царкву». Як і іншыя каталіцкія палемісты-прыхільнікі Контррэфармацыі, Кулеша імкнуўся абгрунтаваць і апраўдаць гвалтоўнае насаджэнне каталіцызму, нацыянальныя і рэлігійныя ганенні ў Рэчы Паспалітай.

Кулеша ўхваляў пераход у каталіцтва Ягайлы і рашэнні Брэсцкай царкоўнай уніі, якая быццам «вярнула са схізмы значную частку насельніцтва Рэчы Паспалітай» [2, с.60].

Сцвярджэнні Кулеша аб прыняцці кіеўскім князем Уладзімірам рымска-каталіцкай веры не адпавядае ісціне. Звернемся да вядомай гістарычнай крыніцы ўсходніх славян, да летапісу «Аповесць мінулых гадоў». Летапіс сцвярджае, што кіеўскага князя Уладзіміра  наведалі мусульмане, яўрэі, каталікі і інш., і кожны з іх хваліў сваю рэлігію і запрашаў князя Уладзіміра выбраць менавіта іх веру. Летапіс падрабязна перадае наведванне князя Уладзіміра дэлегацыяй каталікоў, якіх накіраваў рымскі папа. Уладзімір, як сцвярджае летапіс, адказаў католікам: «Идите, откуда пришли, ибо и отцы наши не приняли этого» [3, с.63]. Летапіс сведчыць, што князь Уладзімір свядома выбраў праваслаўе, бо яго пасланцы так былі ўражаны «боголепием» грэчаскай царквы, што падчас царкоўнай службы, як сцвярджае летапіс, яны «не знали – на небе или на земле мы: ибо нет на земле такого зрелища и красоты такой, и не знаем, как и рассказать об этом. Знаем мы только, что пребывает там бог с людьми, и служба их лучше, чем во всех других странах» [3, с.69]. Па пытанню выбара для Русі царквы князь Уладзімір, як сведчыць летапіс, звяртаўся за парадай і да сваіх баяр: «И сказали же бояре: «Если бы плох был закон греческий, то не приняла бы его бабка твоя Ольга, а она была мудрейшей из всех людей» [3, с.69].

Такім чынам, летапіс «Аповесць мінулых гадоў» сведчыць, што сцвярджэнні Кулеша аб тым, быццам князь Уладзімір прыняў не праваслаўную, а каталіцкую веру, не адпавядаюць ісціне. Летапіс пацвярджае, што кіеўскі князь Уладзімір свядома выбраў для Русі праваслаўе, якога прытрымлівалася яшчэ бабка князя Вольга і якую падтрымалі і баяры. Католікі ад князя Уладзіміра, як намі ўжо адзначалася,  атрымалі катэгарычны адказ: «Идите, откуда пришли, ибо и отцы наши не приняли этого» [3, с.63].

Такім чынам, дзеячы Контррэфармацыі шмат прыклалі намаганняў для аднаўлення вядучай ролі касцёла ў духоўным і грамадскім жыцці Рэчы Паспалітай, у барацьбе супраць Рэфармацыі. Дзейнасць прыхільнікаў Контррэфармацыі выклікала палеміку, у якой удзельнічалі каталікі, уніяты, праваслаўныя і пратэстанты. Разгледзім палітыка-прававыя погляды некаторых удзельнікаў рэлігійнай палемікі ХVІ – ХVІІ стст. 

     

3. Палітыка-прававыя погляды прыхільнікаў і праціўнікаў Брэсцкай

царкоўнай уніі. Уніяты, дызуніяты, дысідэнты

 

Найважнейшай падзеяй Контррэфармацыі на Беларусі была Брэсцкая царкоўная унія (1596 г.), якая аб’яднала частку праваслаўнай царквы ВКЛ з касцёлам ва ўніяцкую царкву пад эгідай рымскага папы.

Брэсцкая царкоўная унія выклікала палеміку (спрэчкі), у якіх удзельнічалі як  прыхільнікі уніі, так і яе праціўнікі. Маецца значная палемічная літаратура, якая дазваляе нам меркаваць аб палітыка-прававых поглядаў яе ўдзельнікаў.

Разгледзім палітыка-прававыя погляды прыхільнікаў Брэсцкай уніі (уніятаў), найбольш вядомымі прадстаўнікамі гэтага напрамку былі П. Скарга, І. Пацей, Я. Руцкі, А. Дубовіч, Л. Крэўза, Я. Крэчмер і інш.

У 1577 годзе Пётр Скарга ў Вільні выдаў кнігу «Аб адзінстве царквы божай...», у якой адстойваў ідэю, што царкоўная ўнія ўмацуе дзяржаўны лад Вялікага княства Літоўскага, створыць умовы для развіцця ў Вялікім княстве навукі і асветы для народа. Сучасныя даследчыкі (І.У. Вішнеўская) слушна адзначаюць, што праграма Скаргі была скіравана не на незалежную ўніяцкую царкву, а на паступовае падпарадкаванне праваслаўнай царквы каталіцкаму касцёлу [4, с.67].

Значнае месца ў рэлігійнай палеміцы займаў Іпацій Пацей (1541 – 1613 гг.). брэсцкі кашталян і сенатар, ідэолаг і арганізатар Брэсцкай царкоўнай уніі, а затым – Кіеўскі ўніяцкі мітрапаліт, глава беларуска-ўкраінскай уніяцкай царквы. Захавалася значная літаратурная спадчына  Пацея: «Унія, альбо выклад преднейших артикулов, ку з’одночэнью Греков с костелом Римским належащих» (Вільня, 1595); «Гармония, альбо согласие веры, сакраментов и церемонией святое Восточной церкви с костелом Рымским належащих» (1608); лісты Пацея да князя Астрожскага і інш. Акрамя гэтых твораў, Пацей пакінуў пасля сябе некалькі соцень казанняў, гутарак, павучэнняў, значная частка якіх была згублена.

Асноўная ідэя яго твораў – неабходнасць еднасці каталікоў і праваслаўных. Царкоўная унія, на яго погляд, гэта шлях да згоды ў дзяржаве, да еўрапейскай культуры. На погляд Пацея, у касцёле адмысловы парадак, касцёл садзейнічае стабільнасці ў грамадстве і ў дзяржаве.  «У Рымскім касцёле, – пісаў Пацей, – біскупы не пытаюць парадаў у авечак сваіх. Усё, што пастановяць – тое загадваюць сваім авечкам трымаць. А тыя, як і належыць, слухаюць пастыраў сваіх, ведаючы, што акурат біскупам даручаны парадак у Божай Царкве. Таму выконваюць даручанае, а ў справы духоўных іерархаў не ўмешваюцца. Гэтак варта было б рабіць і Русі» [5, с.280].

Прафесар С.А. Падокшын  ацэньвае погляды і дзейнасць Пацея як супярэчлівыя. Ён заклікаў да хрысціянскага адзінства і згоды і разам з тым закрываў праваслаўныя цэрквы, адбіраў манастыры,  рэквізаваў маёмасць тых вернікаў, якія адмаўляліся прыняць унію, прымяняў жорсткі прымус да праваслаўных. Паводле ацэнцы прафесара С. Падокшына, Пацей, з аднаго боку, быў высокаадукаваным чалавекам, ён добра ведаў багаслоўе, гісторыю, філасофію, права, а з другога  боку, «Іпацій Пацей паводзіў сябе як тыповы сярэдневяковы феадал, мог без суда і следства зняволіць непажаданага святара  і іншага чалавека» [6, с.4].  Прафесар С. Падокшын адзначае супярэчлівасць Пацея і ў тым, што,  «імкнучыся падпарадкаваць айчыннае рэлігійна-царкоўнае жыццё ўладзе папы рымскага, Пацей разам з тым выношваў ідэю незалежнай беларуска-ўкраінскай царквы, як ён яе разумеў» [6, с.4, 5]. Пацей  імкнуўся да развіцця айчыннага багаслоўя, кнігадрукавання і адукацыі на роднай мове (больш падрабязна: Падокшын, С.А. Іпацій Пацей: Царкоўны дзеяч, мысліцель, пісьменнік на пераломе культурна-гістарычных эпох / С.А. Падокшын. – Мінск, Бел. навука, 2001. – 118 с.).

Пераемнікам Пацея на пасадзе ўніяцкага мітрапаліта быў Язэп Руцкі (1573 ці 1574 – 1637 гг.). Нарадзіўся ў в. Рута Навагрудскага ваяводства (цяпер в. Рутка ў Навагрудскім раёне, ад назвы вёскі пайшло і яго прозвішча Руцкі). Стаўшы ўніяцкім мітрапалітам, разгарнуў дзейнасць па ажыццяўленні сваіх ідэй, якія выклаў у трактаце «Разважанні нейкага русіна аб выпраўленні ладу грэчаскага абраду» (1605 г.). Бачачы заняпад праваслаўнай царквы ў ВКЛ, ён выношваў ідэю яе перабудовы на прынцыпах ўніяцтва. Руцкі прапаноўваў надаць ўніяцкай царкве статус дзяржаўнай, у Вялікім княстве ўвесці ўніяцкае патрыяршаства, надаць каралю Рэчы Паспалітай права прызначаць уніяцкіх епіскапаў. Ідэі Руцкага разыходзіліся з дактрынай касцёла, якая, як мы ўжо адзначалі, прызнавала вяршэнства духоўнай улады над свецкай; толькі рымскі папа мог прызначаць ці вызваляць ад пасады духоўных асобаў, кіраваць царквою, а не польскі кароль.

Руцкі стварыў і ўзначаліў у ВКЛ уніяцкі ордэн Святого Базыля (Васіля Вялікага) (1623 г.). З часам ордэн арганізаваў на Беларусі і Літве сетку сваіх манастыроў і школ, якія шмат у чым ствараліся на ўзор езуіцкіх. Школу базыльянскага ордэна прайшлі іерархі ўніяцкай царквы, многія дзеячы навукі і культуры Беларусі, у тым ліку і Сімяон Полацкі. Даследчыкі ролю базыльянскага ордэна ў гісторыі ўніяцкай царквы ў ВКЛ справядліва параўноўвалі з роляй ордэна езуітаў ва ўмацаванні ў ВКЛ ідэй каталіцызму.

Цікавыя думкі выказвалі ўніяцкія палемісты аб дзяржаве і саслоўях. Прафесар С.Ф. Сокал спасылаецца на разважанні ўніяцкага святара А. Дубовіча, які спрабаваў спалучыць арганічную і «металічную» канцэпцыю для абгрунтавання «натуральнасці» падпарадкавання ніжэйшых саслоўяў вышэйшым. Дзяржава, на погляд А. Дубовіча, як і чалавечы арганізм, мае залатую галаву (сенатары), срэбныя грудзі (шляхта), медныя бёдры (гараджане), жалезныя ногі (сяляне). На думку А. Дубовіча, існуе прыродная няроўнасць людзей.  Бог яшчэ да нараджэння чалавека закладвае ў яго прыроду пэўныя металічныя ўласцівасці. Атрымаўшыя золата становяцца сенатарамі, серабро – шляхтай, медзь – гараджанамі, жалеза – сялянамі. Затым усе гэтыя ўласцівасці перадаюцца па спадчыне [2, с. 61].

Царкоўную іерархію ўніяцкія ідэолагі ўяўлялі як узор і аснову для свецкай іерархіі. Уніяты, як і каталікі, адстойвалі вяршэнства духоўнай улады над свецкай, усіх, хто не пагаджаўся з тым, што папа рымскі з’яўляецца намеснікам Хрыста на зямлі і непасрэдна ад яго атрымаў вышэйшую ўладу, яны аб’яўлялі і ворагамі касцёла і свецкай улады [2, с.62].

Такім чынам, як слушна адзначыў прафесар С.Ф. Сокал, нягледзячы на асобныя адхіленні, уніяцкія ідэолагі, у асноўным, адлюстроўвалі  інтарэсы найбольш кансерватыўных слаёў грамадства. Іх палітыка-прававыя погляды, за невялікім выключэннем, з’яўляліся толькі адлюстраваннем дактрыны каталіцкай царквы [2, с.62].

Меліся і праціўнікі Брэсцкай царкоўнай уніі. Цэнтральнай фігурай, вакол якой групаваліся праціўнікі уніі, быў князь Канстанцін Канстанцінавіч Астрожскі (1526 – 1608 гг.), які валодаў вялізным багаццем: яму належала 25 гарадоў, 10 мястэчак, 670 вёсак, яго гадавы даход складаў для таго часу фантастычную суму –  1 млн. 200 тыс. злотых. Дзякуючы свайму багаццю і здольнасцям, Астрожскі істотна ўплываў на грамадска-палітычнае жыццё Вялікага княства Літоўскага.

У «Лісце да М.Рагозы» К. Астрожскі сфармуляваў 7 асноўных умоў магчымага аб’яднання цэркваў, сярод якіх былі:

– усходняя царква павінна захаваць свае ранейшыя абрады і набажэнствы;

– каталікам забаранялася схіляць  у сваю веру праваслаўных;

– святары ўсходняга абраду павінны мець роўныя правы з каталікамі; праваслаўныя мітрапаліт і епіскапы павінны мець права выбірацца пасламі сойма Рэчы Паспалітай, атрымліваць месцы ў Сенаце і інш. [4, с.68].

Даследчыкі лічаць, што Астрожскі схіляўся да аб’яднання ўсіх хрысціянскіх канфесій у ВКЛ: каталіцкай, праваслаўнай і пратэстанцкай.

Такім чынам, К. Астрожскі схіляўся да ўсехрысціянскай уніі, якая можа спярша быць рэгіянальнай (на тэрыторыі ВКЛ), а затым і сусветнай [4, с.68].

Астрожскі не быў супраць уніі, але пры ўмове агульнай згоды, калі унія будзе абвешчана ўсяленскім саборам са згоды ўсходніх патрыярхаў.

Калі князь Астрожскі даведаўся пра тайную дзейнасць праваслаўных еіскапаў І. Пацея,  К. Тарлецкага  і іншых, якія імкнуліся заключыць унію шляхам непасрэдных кантактаў з рымскім папай, то ён паставіўся адмоўна да іх дзейнасці і ўзначаліў антыўніяцкую апазіцыю. 

Пасля паездкі ў Рым І. Пацея і К. Тарлецкага,  К. Астрожскі надрукаваў сваё пасланне да праваслаўных, у якім пісаў: «У сапраўдны час нашы пастыры – мітрапаліты з біскупамі ператварыліся ў ваўкоў. Яны патаемна дагаварыліся паміж сабою адарваць тутэйшых хрысціян і павесці іх з сабой на гібель. Хачу разам з Вамі стаяць супраць ворагаў нашага выратавання» [7, с.118]. Пасланне было надрукавана ў Астрожскай друкарні і мела вялікі уплыў на веруючых.

Князь К. Астрожскі разам з пасланнікам канстанцінопальскага патрыярха экзархам Нікіфарам падчас работы Брэсцкага царкоўнага сабора ўзначаліў асобнае ад уніятаў пасяджэнне праваслаўных, якія не прынялі уніі, захавалі вернасць усходняму абраду.

Такім чынам, пазіцыя і дзейнасць князя К. Астрожскага мелі вялікае значэнне ў палітычным і царкоўным жыцці Вялікага княства Літоўскага, яны былі скіраваны супраць прымусовай уніі, на абарону праваслаўя.

Прафесар В. Шалькевіч справядліва адзначае, што Брэсцкая царкоўная унія не прынесла стабільнасці і грамадскага пакою. Утварыліся рэлігійна-палітычныя групоўкі: уніятаў, дызуніятаў і дысідэнтаў [7, с.119].

Уніяты (ці грэкакатолікі) – частка праваслаўных, якая далучылася да уніі, склала уніяцкую царкву.

Дызуніяты – частка праваслаўных, якая не далучылася да уніі.

Дысідэнты (ад лац. dissidens нязгодны, «инокомыслящий») – так у Рэчы Паспалітай называлі ўсіх асоб, якія не належалі да рымска-каталіцкага веравызнання: лютэран, кальвіністаў, арыян, дызуніятаў.

Праблема ўзаемаадносін каталікоў і некаталікоў (дызуніятаў) у ХVІІІ ст.  стала адной з важнейшай у палітычным і царкоўным жыцці Рэчы Паспалітай. Яна адыграла ракавую ролю ў яе дзяржаўным лёсе, стала адной з прычын трох яе падзелаў і знікнення з палітычнай карты свету.

  

4. Палітыка-прававыя погляды абаронцаў праваслаўя: Мялецій

Сматрыцкі, Афанасій Філіповіч, Сімяон Полацкі

 

Актыўны ўдзел у палеміцы ХVІ – ХVІІ cтст. прынялі і абаронцы праваслаўя. Разгледзім палітыка-прававыя погляды некаторых з іх.

Мялецій Сматрыцкі (свецкае імя Максім Герасімавіч) 1577 – 1633 гг. (паводле іншых крыніц яго гады жыцця 1575 – 1633)). Ураджэнец Украіны, скончыў філасофскі факультэт Віленскай езуіцкай акадэміі. Паводле рэкамендацыі Канстанціна Астрожскага князь Б. Саламарэцкі запрасіў Сматрыцкага настаўнікам да свайго сына Багдана, разам з якім Сматрыцкі слухаў лекцыі ва ўніверсітэтах Германіі. Атрымаў ступень доктара медыцыны, жыў у маёнтках князя Саламарэцкага  каля Мінска і на Магілёўшчыне. У 1617 годзе пастрыгся  ў манахі пад імем Мялеція. З 1620 года – архіепіскап полацкі, епіскап віцебскі і мсціслаўскі. Займаўся педагагічнай дзейнасцю ў брацкіх школах. Абагульненнем навуковай працы і педагагічнай практыкі Сматрыцкага стала  «Грамматики славенския правилное синтагма…», якая была выдадзена ў 1619 г. у Еўі, што каля Вільні (цяпер Вевіс, Літва), якую М.В .Ламаносаў, поруч з «Арифметикой» Л. Магніцкага,  называў  «вратами своей учёности».

У жыцці і творчасці М. Сматрыцкага можна вызначыць два перыяды: першы перыяд – да 1626 года, калі Сматрыцкі выступаў як абаронца праваслаўя; другі перыяд – з 1627 года, калі ён спярша тайна, а з 1628 года адкрыта перайшоў на бок уніятаў.

Разгледзім першы перыяд (да 1627 года), калі Сматрыцкі займаў пазіцыі абаронцы праваслаўя. У гэты час ён напісаў значныя працы:  «Трактат пра паходжанне Святога Духа» і «Палінодыі…» (каля 1615); прадмову да «Евангелля вучыцельнага патрыярха Каліста» (1616);  «Апраўданне нявіннасці» і «Абарона апраўдання» (1621); «Дадатак да абарон апраўдання» і  «Выкрыванне з’едлівых твораў» (1622); «Юстыфікацыі…» і «Суплікацыі…» на імя сената і караля (1623) і інш.  У гэтых творах адлюстраваны палітыка-прававыя погляды Сматрыцкага.

Дзяржаву Сматрыцкі трактуе як боскую ўстанову для  пакарання грэшнікаў; разам з тым, на яго погляд,  дзяржава прызначана ахоўваць правы і свабоды людзей. Такім чынам, у  Сматрыцкага дваісты падыход у азначэнні дзяржавы –  тэалагічны і свецкі, пры гэтым тэалагічныя падыходы і ацэнкі ў яго светапоглядзе былі вядучымі.

Сматрыцкі падтрымліваў іерархічную канцэпцыю пабудовы грамадства. Галоўнае месца ў іерархіі ён адводзіў духавенству, за ім ішлі шляхта, гараджане і сяляне. Паслухмянасць і пакорлівасць ніжэйшых саслоўяў вышэйшым ён абгрунтоўваў боскай воляй.

Крыніцай улады ў Рэчы Паспалітай, на погляд Сматрыцкага, з’яўляецца дагавор, заключаны паміж шляхтай і каралём. Гэта пацвярджадася прысягай аб захаванасці шляхецкіх вольнасцей, якая прыносілася каралём пры ўзвядзенні яго на трон. У выпадку парушэння каралём прысягі шляхта атрымлівае права на скасаванне дагавору і на выбары новага караля.

Сматрыцкі асуджаў ганенні і прымус у адносінах да праваслаўных і іх царквы. У 1610 годзе ён напісаў свой знакаміты твор: «Фринос, или Плач Восточной церкви» (Фрынас, ад слова трэнас – жанр твора на чыю-небудзь смерць), у якім ён адлюстраваў цяжкае становішча праваслаўнай царквы.

З аднаго боку, праваслаўная царква моцна цярпела ад каталікоў і ўніятаў, намаганнямі якіх, паводле сведчання Сматрыцкага: «Церкви наши во многих городах уже несколько лет запечатаны, бросают в тюрьмы наших священников, лишают их имущества и хлеба, бьют и убивают, запрещают нам свободное богослужение, детей без крещения, взрослых без причастия заставляют уходить из этого мира» [8, с.179].

З другога боку, Сматрыцкі адзначае падзенне маралі ўніяцкіх святароў, сярод якіх шмат «невежд, нахалов, необычайных грубиянов и мерзких обжор, бесстыдных пустомель, заносчивых умников, безнаказанных пьяниц…, разгульных бродяг… Они более способные к кабацким попойкам и вытряхиванию тузов, нежели к тщательному соблюдению церковных правил» [8, с.165].

На погляд Сматрыцкага, адступнікі ад праваслаўя  «стоят на том, чтобы русские не оставались в Руси, чтобы… русская святая вера, чудотворно пришедшая по Божьему велению с Востока, не была в русской церкви» [8, с.179]. Па перакананні Мялеція Сматрыцкага, праваслаўная вера на Русі «не может быть уничтожена раньше, чем будет уничтожен русский народ» [8, с.179]. Усякія спробы, на яго думку, «изменить веру русского народа является стремлением уничтожить русский народ» [8, с.179].

Сматрыцкі свой «Фрынас» выдаў у Вільні на польскай мове пад псеўданімам «Феафіл Астралог». Кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт ІІІ загадаў «Фрынас» спаліць, а аўтара і выдаўца кнігі пасадзіць у турму. Але «Фрынас» быў выдадзены пад псеўданімам, таму Сматрыцкі ўбярогся ад арышту і знявольвання ў турме.

У 1623 годзе гараджанамі Віцебска быў забіты епіскап-уніят Іасафат Кунцэвіч. Кунцэвіч, як сведчыць у «Фрынасе» Сматрыцкі, быў ганіцелем праваслаўных: закрываў праваслаўныя цэрквы, загадваў выкопваць з магіл праваслаўных і кідаць трупы сабакам, без прычыны мог затрымаць на вуліцы праваслаўнага і мучыць яго [8, с.184, 185]. Уніятамі Сматрыцкі быў аб’яўлены саўдзельнікам забойства Кунцэвіча, яго жыццю пагражала небяспека; ён тайна з’ехаў у Палесціну, Егіпет, Грэцыю, дзе прабыў 3 гады. У 1626 годзе, калі  ён вярнуўся ў Кіеў, уніяты аднавілі кампанію ганення. Апошнія гады жыцця Сматрыцкі правёў у манастыры.

У 1627  годзе тайна, а ў 1628 годзе адкрыта Сматрыцкі перайшоў на бок уніятаў. У сваіх творах «Апалогія...»,  «Разважанне пра шэсць розніц паміж Усходняй і Заходняй царквамі», «Пратэстацыя» (усе творы напісаны ў 1628 г.), «Паранэіс...» і «Экзатэіс...» (1629 г.) Сматрыцкі адрокся ад сваіх антыўніяцкіх поглядаў, нават выступаў супраць праваслаўных пісьменнікаў-палемістаў. Ён сцвярджаў, быццам праваслаўная царква – апазіцыйная дзяржаве, таму яна нясе ў сабе разбуральны пачатак. Каталіцкая і ўніяцкая царквы ў Рэчы Паспалітай займаюць пануючае становішча, якое замацавана дзяржавай, таму яны з’яўляюцца носьбітамі прагрэсу,  міру і стабільнасці ў грамадстве.  З гэтых прычынаў Сматрыцкі лічыў неабходным адмовіцца ад праваслаўя, на карысць уніяцкай царквы.

Адыход ад праваслаўя даследчыкі тлумачаць па-рознаму. Некаторыя гісторыкі сцвярджаюць, што Сматрыцкі кіраваўся эгаізмам і прагнасцю багацця, быццам ён ніколі не быў набожным чалавекам, галоўным для яго былі слава і вядомасць. Іншыя лічаць, што Сматрыцкі быў у душы каталіком, а праваслаўем толькі прыкрываўся, таму некаторыя абразліва называлі яго «Мегментий Смердицкий» [9, с.150]. Некаторыя даследчыкі лічаць, што толькі з-за цяжкіх жыццёвых абставін, з-за ганенняў і пагрозы расправы Сматрыцкі прымушаны быў зрабіць свой цяжкі выбар – пераход ва ўніяцтва.

Афанасій Філіповіч(каля 1596 – 1648 гг.). Нарадзіўся на Брэстчыне ў сям’і рамесніка. У пачатку 1620-х гг. пры двары Л. Сапегі  займаўся выхаваннем Я. Лубы, нібыта сына рускага цара Дзмітрыя і Марыны Мнішак,  якога ўрад Рэчы Паспалітай рыхтаваў прэтэндэнтам на маскоўскі трон. Філіповічу быццам быў чутны «голас вдячный слышати было таковый: «Цар московский збудует Ми церковь, иди до него»  [9, с.218]. У 1637 – 1638 гг. ён наведаў маскоўскага цара Міхаіла Фёдаравіча, якому раскрыў тайну Лубы. Напісаў твор «Гісторыя падарожжа ў Маскву». У 1627 г. пастрыгся ў манахі, у 1640 – 1643 гг. – ігумен брэсцкага Сімяонаўскага  манастыра.

Філіповічам напісаны працы: «Дыярыўш» (Дзённік), шэраг артыкулаў, зваротаў да ўладаў, па якіх мы можам меркаваць аб яго палітыка-прававых поглядах. На думку гісторыкаў, «Дыярыўш» (1646) Філіповіча заканчвае апошні этап у развіцці палемічнай літаратуры  Беларусі.

У «Дыярыўшы» Філіповіч сцвярджаў, што яму нечакана адкрылася воля боская; адбылося гэта падчас малітвы. «Ад абраза пачуў голас, – піша ён ў «Дыярыўшу». – О, Афанасій! Яшчэ раз суплікуй (звяртайся – І.Б.) …на сойме чарговым да караля польскага і да Рэчы Паспалітай пра вынішчэнне грунтоўнае уніі праклятай. Добра будзе, калі паслухаюць і вынішчаць яе. Пажывуць тады ў наступныя гады шчасліва…  Пасля таго сполаху быў саслабелы пяць дзён. Не піў і не еў, думаў, што рабіць: «Бяда мне казаць пра такія рэчы на такім месцы! Бяда і маўчаць пра справы Божыя!» Пастанавіў, аднак, пра сябе – прамаўляць» [5, с. 489].

Такім чынам, Філіповіч сцвярджае, што яму адкрылася, што царкоўная унія не ўгодная Богу, бо яна прынесла не мір і любоў паміж людзьмі, а непатрэбныя сваркі і варожасць. Спадзяванні на ліквідацыю уніі Філіповіч ускладаў на сойм і караля Рэчы Паспалітай.

У артыкуле  «Парада каралю» Філіповіч адстойваў ідэю моцнай каралеўскай улады. Кароль, у разуменні Філіповіча, – глава як заканадаўчай, так і выканаўчай улады. Сенат, вышэйшае духавенства павінны выконваць волю караля, мець толькі дарадчыя функцыі, праз дзяржаўны апарат рэалізоўваць волю манарха. Такая пабудова дзяржаўнай улады ў Рэчы Паспалітай, на яго погляд, пакладзе канец шляхецкай анархіі і свавольству, прывядзе да «разумнай мернасці», бо інакш, як адзначаў Філіповіч: «Што гэта за лёс быць гаспадаром у неўпарадкаваным доме і панам у свавольным панстве!» [5, с. 502].

У артыкуле «Навіны» А. Філіповіч заклікаў кіруючыя колы Рэчы Паспалітай праводзіць дружалюбную палітыку ў адносінах да Маскоўскай дзяржавы. Падчас паездкі ў Маскву прасіў рускага цара заступіцца за праваслаўнае насельніцтва Беларусі і Украіны.

Сучасныя даследчыкі адзначаюць, што Філіповіч быў не толькі пісьменнікам-палемістам, але і рэлігійна-палітычным  дзеячом. За  крытыку Брэсцкай царкоўнай уніі польскімі ўладамі ён падвяргаўся арыштам і знявольванню.

Паводле даносу па абвінавачванні ў дапамозе казакам Б. Хмяльніцкага салдаты ваяводы Масальскага расстралялі Філіповіча  каля в. Гершановічы пад Брэстам. У «Аповесці пра пакуты і смерць айца Афанасія Філіповіча» прыведзены сведчанні пра яго жудасныя катаванні. «На целе яго бачны знакі пакутаў і смерці, – адзначаецца ў «Аповесці». – Пад пахамі з абодвух бакоў голыя косці, асобныя кавалкі цела ад агню дужа счарнелыя. У галаве тры адтуліны… Твар яго дарэшты счарнелы  ад пораху і крыві… Здагадваемся пра прычыны, мусіць, жывога  яшчэ закапалі, і ў вялікіх пакутах скананне  тое сталася» [5, с.510].

Праваслаўнай царквою Філіповіч у ХVІ ст. кананізаваны (прылічаны да ліку святых), яго мошчы захоўваюцца ў Брэсце.

Сімяон Полацкі (сапраўднае імя Пятроўскі-Сітніяновіч Самуіл Емяльянавіч, паводле некаторых звестак – Гаўрылавіч (1629–1680 гг.)). Беларускі і рускі паэт, педагог, рэлігійны і грамадскі дзеяч. Нарадзіўся ў Полацку, вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі на філасофскім факультэце. У 1656 годзе прыняў манаства пад імем Сімяон. Падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай вітаў цара Аляксея Міхайлавіча, прысвяціў яму шэраг віншаванняў. З 1664 года жыў у Маскве, быў першым прыдворным паэтам рускіх цароў, выхавацелем царскіх дзяцей: Аляксея, Фёдара, царэўны Соф’і. Для маленькага Пятра І выдаў «Букварь», падабраў для яго выхавацеля Мікіту Зотава. У Маскве заснаваў друкарню, выдаў зборнікі пропаведзяў «Абед душэўны» (1675) і «Вячэра душэўная» (1683), падрыхтаваў два зборнікі вершаў   – «Вертаград мнагацветны» і «Рыфмалагіён»,  якія былі выданы ўжо пасля смерці Полацкага (у 1681 г.) (У кожным зборніку больш за 1000 старонак, у «Вертаградзе» каля 1250 вершаў). Пераклаў на вершы «Псалтыр». Творы пісаў на беларускай, польскай, лацінскай і старажытнаславянскай мовах. Да нашага часу большасць твораў Полацкага не перавыдадзены, творы на польскай і лацінскай мовах не перакладзены на беларускую мову.

Полацкі быў манахам уніяцкага ордэна базыльян (нават у маскоўскі перыяд жыцця падпісваў кнігі як «полацкі іераманах ордэна святога Васіля Вялікага».  (Базыльяне – супольнасць манахаў, якія жылі па правілах, распрацаваных святым Васілём (Базылём, адсюль і назва ордэна). З ХVІІ ст. – уніяцкі ордэн). Уплыў ідэй базыльян адбіваўся і на яго палітыка-прававых поглядах.

Полацкі прапагандаваў ідэю ўз’яднання хрысціян пад духоўнай эгідай рымскага папы і пад дзяржаўным патранатам маскоўскага цара.

Палітычны ідэал Полацкага – моцная цэнтралізаваная дзяржава на чале з асветным манархам. На погляд Полацкага, цар павінен быць веруючым хрысціянінам, паважаць служыцеляў царквы. У дзяржаўных справах цар павінен кіраваць  «самодержавно, внешния враги побеждати и внутрныя укрощати» [10, с.310], клапаціцца аб адзінстве царквы, выкараняць раскол,  патрыярх павінен быць  паслушным царскай волі.

Верш «Гражданство» Сімяон Полацкі прысвяціў дзяржаве, якой кіруе ідэальны цар. Там баяцца закона, а цару падпарадкоўваюцца, як закону; там усе клапоцяцца аб дабрачыннасці, асуджаюць зло. У гэтай дзяржаве грамадзяне не вельмі багатыя, але і не бедныя, добрых паважаюць, злых – караюць. Грамадзяне там слухаюць «начальных» людзей, а тыя ў сваю чаргу паважаюць закон. Усё гэта робіць дзяржаву добрай і слаўнай.

У вершы «Начальник» Полацкі паказвае вобраз ідэальнага правіцеля, ён параўноўвае правіцеля з «пастырем» (пастухом). Як авечкі павінны баяцца свайго пастуха, так і правіцель павінен «управлять своим жезлом» – вінаватага караць, невінаватага абараняць. Авечкі добра ведаюць голас свайго пастуха і падпарадкоўваюцца яму, так і падданыя павінны слухацца сваіх правіцеляў. Як авечкі харчуюць пастуха малаком, мясам, так і падданыя павінны плаціць падаткі і пры гэтым «не роптать». Як пастух ахоўвае свой статак ад ваўкоў, так і правіцель павінен ахоўваць сваіх падданых ад ворагаў.

Полацкі асуджае цара-тырана, які абцяжарвае падданых непасільнымі падаткамі і паборамі, ён кіруецца не законамі, а ўласнымі капрызамі.

У вершы «Глас последний ко Господу Богу» Полацкі вызначыў знешнія і ўнутраныя задачы дзяржавы. Знешнія задачы – злучэнне Расіі, Украіны і Беларусі ў адну славянскую дзяржаву. Унутраныя задачы – усталяванне ў грамадстве «вечнага міру» і «усеагульнага дабрабыту».

Суд, на погляд Полацкага, павінен быць справядлівым і роўным для ўсіх. У вершы «Суд»  Полацкі пісаў:

Правый суд выну достоит творити,

дабы обидам во мире не быти.

На лица зрети Господь возбраняет

равно судити всяк чин завещает [11, с.236].

 Полацкі асуджваў хабарніцтва суддзяў. У вершы «Дароимство» ён пісаў:

Судия некто дароимец бяше,

от прю имущих дары восприяше;

Сосуд елея взя от единаго,

а вепря тучна прия от другаго,

И сего судом своим оправдал есть…

Оле судии! Ниже усрамися,

яко от правды вепром отлучися [11, с.236].

 Полацкі ў вершы «Закон» паказаў гісторыю (ступенькі) развіцця права:

Закон естества до Моисея бяше,

им же ся род наш в мире управляше.

Чрез Моисея  же вторый богом данны,

на  досках каменных иже писаный.

Третий чрез Христа людям принесеся

и благодати  закон наречеся [11, с.241].

Таким чынам, у сваім вершы Полацкі сцвярджае, што закон (права) у сваім развіцці прайшоў тры ступенькі: «Закон естества до Моисея», затым «Второзаконие» – 10 запаветаў, якія былі напісаны Богам на каменных дошках і праз Майсея дадзены людзям, і трэці закон дадзены людзям праз запаветы Хрыста, які Полацкі называе  законам «благодати».

Творчы лёс Сімяона Полацкага склаўся супярэчліва і драматычна. Некаторыя даследчыкі называюць яго «пісьменнікам без чытача» [10, с.325].

Па даручэнні маскоўскага патрыярха Іакіма манах Яўфімій азнаёміўся з багаслоўскімі працамі  Полацкага і зрабіў заключэнне, што значная частка яго сачыненняў «полна всевозможных еретических высказываний и мыслей» [10, с.324]. У 1690 годзе ў Маскве адбыўся царкоўны сабор, які асудзіў Полацкага (пасмяротна), а яго сачыненні былі прызнаны ерэтычнымі. Кнігі Полацкага былі «преданы анафеме» (анафема – ад грэч. анаthёmа – царкоўнае пракляцце, адлучэнне ад царквы). Патрыярх Іакім забараніў выкарыстоўваць творы Сімяона Полацкага ў прапаведніцкай практыцы, а «Псалтырь рифмотворную»  прызнаў «негодной и ложной» [10, с.323, 324]. Імя Полацкага з часам забылася, яго ўпаміналі толькі ў выпадках, калі гутарка заходзіла аб выхаванні царскіх дзяцей. Творчая спадчына Полацкага доўгі час не вывучалася.

Другая прычыны, па якой Полацкі страціў свайго чытача, у тым, што ў першай палове ХVІІІ стагоддзя на змену «силлабическому стихосложению» прышло  «силлабо-тоническое стихосложение», уведзенае В.К. Традзякоўскім і М.В. Ламаносавым. Змяненні ў сістэме складанняў вершаў прывяло да таго, што Полацкі паступова страціў свайго чытача, а яго творчасць стала вывучацца, у большасці выпадкаў толькі даследчыкамі-спецыялістамі [10, с.329].

Нягледзячы на супярэчлівыя перапетыі лёсу, дзейнасць і духоўную спадчыну Сімяона Полацкага высока ацанілі яго сучаснікі. Сільвестр Мядзведзяў у эпітафіі, напісанай па жаданню цара Федара Аляксеевіча на смерць Сімяона, характарызаваў яго як «карыснага царкве і дзяржаве мысліцеля» [7, с.145]. Вядомы дзеяч беларускага нацыянальнага Адраджэння Вацлаў Ластоўскі ў сваёй брашуры «Што трэба ведаць кожнаму беларусу?» (1918 г.) назваў Сімяона Полацкага ў ліку тых выдатных сыноў беларускай зямлі, творчасць якіх істотна ўзбагаціла духоўную культуру ўсходне-славянскіх народаў і павінна быць вядомай кожнаму прадстаўніку нашай нацыі.

Дзякуючы багатым палітычным, прававым і этычным ідэям творчасць Сімяона Полацкага аказала прыкметны ўплыў на беларускую, рускую і украінскую літаратуру і культуру ХVІІ – першай паловы ХVІІІ ст.

  

5. Натуральна-прававыя ідэі Алізароўскага

 

У перыяд Контррэфармацыі развіваліся не толькі рэлігійныя, але і свецкія напрамкі палітыка-прававой думкі на Беларусі. Найбуйнейшым прадстаўніком свецкага напрамку  быў Аарон Алізароўскі(Адам, Аляксандр; 1618 – 1659 гг.). Нарадзіўся на Віцебшчыне ў праваслаўнай сям’і, доктар права, прафесар права Віленскай акадэміі. Аўтар працы «Аб палітычнай супольнасці людзей» (выдадзена ў 1651 годзе ў Гданьску на лацінскай мове). Кніга складаецца з уводзін і 3-х частак. У 1-й частцы – «Гаспадарка» Алізароўскі сцвярджаў, што прыгоннае права супярэчыць натуральнаму праву, яно шкоднае для грамадства. На яго думку, селянін за зямлю павінен плаціць толькі падатак, а ва ўсім іншым ён павінен быць свабодным, мець права па сваёй волі змяняць месца жыхарства.

У 2-й частцы кнігі – «Грамадства» і ў 3-й – «Дзяржава» Алізароўскі выклаў свае погляды на грамадства, дзяржаву і права. Ён кіраваўся свецкім метадалагічным прынцыпам: ісці за прыродай як лепшай правадыркай. Пры аналізе палітычных і прававых праблем Алізароўскі імкнуўся не выкарыстоўваць пануючых у той час тэалагічных падыходаў і ацэнак, хоць і не адхіляў іх, лічыў іх карыснымі толькі ў акрэсленых сферах грамадскага жыцця. Ён стаяў на дваістай пазіцыі, гнасеалагічнага і анталагічнага дуалізму. Гэта выяўлялася пры трактоўцы сутнасці і прызначэння права. Ён нават не ўспамінаў пра вечнае права (Lex alterna), якое, паводле вучэння Фамы Аквінскага, лічылася законам найвышэйшай боскай мудрасці і крыніцай усіх іншых відаў права. Паводле класіфікацыі Алізароўскага, існуюць боскае (Lex divina), натуральнае і права народаў. Пры гэтым боскае і натуральнае права выступаюць як самастойныя віды і дапаўняюць адно аднаго. Алізароўскі пазбягаў спецыяльнага аналізу ролі і прызначэння боскага права, а калі вымушаны быў да яго звяртацца, то даваў яму такое тлумачэнне: «Боскае права забараняе несправядлівасць, прыгнечанне бедных і ўсялякія крыўды» [12, с.170].

Алізароўскі аналізаваў пераважна натуральнае права, якое прырода закладвае ў чалавеку як сацыяльнай і біялагічнай істоце. У сацыяльным аспекце, на думку Алізароўскага, прынцыпы натуральнага права выяўляюцца праз развіццё і ўдасканаленне сацыяльнай арганізацыі жыцця людзей: сям’я, фальварак, паселішча, грамадства, дзяржава. З біялагічнага пункту гледжання, на погляд Алізароўскага, правы чалавека вызначаліся яго агульнасцю з жывёльным светам і знаходзілі ўвасабленне, у прыватнасці, у праве самаабароны, праве распараджацца сабой, імкнення да супрацоўніцтва (зносін) з сабе падобнымі і інш.

У натуральна-прававым вучэнні Алізароўскі адводзіць, побач з прыродай, значнае месца розуму і рацыянальным якасцям чалавека. Прырода і розум выступаюць у яго як зыходныя ўзаемадапаўняльныя перадумовы права. Такі падыход дазваляў Алізароўскаму развіваць буржуазнае разуменне свабоды і роўнасці. Паводле канцэпцыі Алізароўскага, існуюць тры віды свабоды: прававая, філасофская і палітычная. Прававая свабода – гэта здольнасць людзей распараджацца сваім жыццём паводле ўласнага разумення і патрабаванняў закону. Філасофская – улада розуму над эмоцыямі і імкненнямі. Палітычная – панаванне  ў грамадстве права і закону, а не свавольства манарха.

Дзяржаву Алізароўскі вызначае «як створаны з мноства паселішчаў саюз і аб’яднанне людзей, якія звязаны правам, што і ўвайшлі ў згоду для добрага і шчаслівага жыцця» [12, с.170]. Ігнараванне прынцыпаў грамадскага дагавору,  дрэннае кіраванне, адсутнасць законнасці і справядлівсці, няроўнасць, эгаізм пануючых саслоўяў, несправядлівае выкарыстанне права, асабліва ў судах, на погляд Алізароўскага, з’яўляюцца разбуральнымі фактарамі, якія вядуць да гібелі дзяржавы.

Цікавыя думкі выказаў Алізароўскі і аб грамадзянстве. У той час грамадзянамі прызнавалася толькі шляхта (народ-шляхта). Алізароўскі лічыў, што грамадзянамі дзяржавы з’яўляюцца ўсе жыхары, акрамя рабоў і іншаземцаў. Алізароўскі прызнаваў саслоўі, але лічыў, што павінен існаваць свабодны пераход з аднаго саслоўя ў іншае, і грамадзяне ўсіх саслоўяў павінны быць роўнымі перад законам.

Алізароўскі быў прыхільнікам спадчыннай манархіі, праціўнікам тыраніі. Ён лічыў, што ў выключных выпадках у народа павінна быць права на паўстанне супраць тырана. Асуджаў паноў, якія прысвоілі сабе права на жыццё і смерць сялян.

Асаблівую цікавасць для нашага курса ўяўляе глава VІІ «Аб законах» кнігі Алізароўскага «Пра палітычную супольнасць людзей». Алізароўскі высока ацэньваў права ў жыцці грамадства, адзначаў, што «закон з’яўляецца рупліўцам найвышэйшай мудрасці, ахоўнікам сумленнасці, крыніцай выхавання, творцай правасуддзя, вынаходцам і знаўцам сумленных нораваў, правіцелем гарадоў, вестуном справядлівасці, настаўнікам жыцця і душой усёй дзяржавы» [12, с.616]. Дзяржаўныя законы, на погляд Алізароўскага, павінны быць справядлівымі і «адпавядаць законам прыроды і найвышэйшага розуму» [12, с.616], быць нешматлікімі і яснымі для разумення. Алізароўскі звяртаў увагу на тое, што «законы недастаткова запісаць на паперы і ў кнігах, іх трэба выконваць на практыцы» [12, с.616]. Важным Алізароўскі лічыў патрабаванне, каб заўсёды «пад пастаянным кантролем павінны знаходзіцца ўсе законы навогул і асабліва тыя, парушэнне якіх прычыняе дзяржаве самую вялікую шкоду...» [12, с.616].

Такім чынам, Алізароўскі верыў у магчымасць маральнага ўдасканалення чалавека, рэфармавання сацыяльных адносін, выкарыстанне творчых магчымасцей дзяржавы і права і як вынік гэтага – дасягненне сацыяльнай гармоніі, справядлівасці і роўнасці.

Навукоўцы па-рознаму ацэньваюць творчасць Алізароўскага. Некаторыя даследчыкі лічаць яго працы кампілятыўнымі, заснаваныя на чужых, запазычаных даследаваннях і думках (падлічана, што Алізароўскі ў сваіх працах цытаваў і аналізаваў больш як 250 аўтараў) [12, с.170].

Маюцца і іншыя ацэнкі творчасці Алізароўскага. Прафесар С.Ф. Сокал адзначае, што Алізароўскі быў адным «з найбуйнейшых прадстаўнікоў свецкага кірунку ў сацыялагічнай і палітыка-прававой думцы Беларусі ХVІІ ст.» [12, с.169]. Дацэнт І.У. Вішнеўская лічыць, што «творчасць А. Алізароўскага з’яўляецца пацвярджэннем высокага еўрапейскага ўзроўню палітыка-прававой думкі Беларусі ХVІІ ст., наяўнасці ў ёй тэндэнцый, якія апераджаюць свой час» [4, с.78].

Такім чынам, намі разгледжаны асаблівасці эпохі Контррэфармацыі на Беларусі, палітычныя і прававыя погляды дзеячоў Контррэфармацыі, клерыкальныя тэорыі дзяржавы і права, палітыка-прававыя погляды прыхільнікаў і праціўнікаў Брэсцкай   царкоўнай уніі, палітыка-прававыя погляды абаронцаў праваслаўя, натуральна-прававыя ідэі Алізароўскага. Мы можам абгрунтавана сцвярджаць, што ў перыяд Контррэфармацыі палітыка-прававая думка на Беларусі  адпавядала еўрапейскаму ўзроўню, беларускія мысліцелі і дзеячы выказвалі палітычныя і прававыя ідэі, якія значна апераджалі свой час.

 

Спіс літаратуры

 

1. История средних веков: хрестоматия. пособие для учителей. В 2 ч. – Москва, 1988. – Ч. 1. – С. 196, 197.

2. Сокал, С.Ф. Кароткі агляд гісторыі палітычнай і прававой думкі Беларусі / С.Ф. Сокал. –  Магілёў, 1999. – 142 с.

3. «Изборник»: сборник произведений литературы древней Руси. – Москва, 1969. – С. 28–91.

4. Вішнеўская, І.У. Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі: дапам. / І.У.    Вішнеўская. – Мінск,  2004. – 272 с.

5. Старажытная беларуская літаратура (ХІІ – ХVІІ стст.). – Мінск, 2007. – 608 с.

6. Падокшын, С.А. Іпацій Пацей: Царкоўны дзеяч, мысліцель, пісьменнік на пераломе культурна-гістарычных эпох / С.А. Падокшын. – Мінск, 2001. – 118 с.

7. Шалькевіч, В.Ф. Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі / В.Ф. Шалькевіч.  – Мінск, 2002. – 248 с.

8. Уния в документах: сборник. – Минск, 1997. – 520 с.

9. Козел, А.А. Философская мысль  Беларуси: учеб. пособие / А.А. Козел. – Минск, 2004. – 352 с.

10. Жуков, Д. Русские писатели ХVII века / Д. Жуков, Л. Пушкарев. – М., 1972. – С. 197–331.

11. Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии:  избр. произвед. ХVI – начала ХIХ в. – Минск, 1962. – С. 236–253.

12. Мысліцелі і асветнікі Беларусі: энцыкл. даведнік. – Мінск, 1995. – 670 с.

 

Пытанні для самаправеркі

 

1. У чым сутнасць Контррэфармацыі і якія былі яе асаблівасці на Беларусі?

2. Ахарактарызуйце паняцце «папацэзарызм».

3. Пералічыце асноўныя ідэі кнігі П.Скаргі «Соймавыя казанні».

4. Як Тэадор-Скуміновіч разглядаў саперніцтва рымскага і кананічнага (царкоўнага) права?

5. Правядзіце супастаўляльны аналіз звесткаў летапісу «Аповесць мінулых гадоў» і Кулеша Яна Алаізія аб прыняцці кіеўскім князем Уладзімірам хрысціянства (усходняга ці заходняга абраду?).

6. Параўнайце погляды на царкоўную ўнію Іпація Пацея і Іосіфа Руцкага.

7. Ахарактарызуйце погляды на царкоўную ўнію князя Канстанціна Астрожскага.

8. Раскрыйце грамадска-палітычныя погляды Мелеція Сматрыцкага.

9. Як ацэньваў царкоўную ўнію Афанасій Філіповіч?

10. У чым заключаліся палітычны ідэал Сімяона Полацкага і яго ўяўленні аб ідэальным гасудару?

11. Якія знешнія і ўнутраныя задачы дзяржавы вызначыў Сімяон Полацкі?

12. Якія існуюць ацэнкі творчасці і дзейнасці Сімяона Полацкага?

13. Раскрыйце асноўныя натуральна-прававыя ідэі Аарона Алізароўскага.