5. Дзеянне нарматыўных прававых актаў па прадмету рэгулявання
^ Вверх

5. Дзеянне нарматыўных прававых актаў
па прадмету рэгулявання

 

Далёка не заўсёды ў навуковай і вучэбнай літаратуры дадзены аспект (зрэз) юрыдычнага дзеяння нарматыўнага прававога акта разглядаецца ў дадзенай тэме. Разам з тым знакаміты навуковец-юрыст Ганс Кельзен быў глыбока перакананы ў тым, што дадзены аспект дзеяння норм права (ён называў яго матэрыяльным (ці змястоўным) неабходны пры вывучэнні дзеяння нарматыўных прававых актаў, падкрэсліваючы пры гэтым, што нормы права рэгулююць заўсёды толькі паводзіны чалавека, а іншыя з’явы, адрозныя ад паводзін чалавека, могуць быць прадугледжаны ў нормах права толькі ў сувязі з паводзінамі чалавека як яго ўмова ці наступства. Пры гэтым пад змястоўнай (матэрыяльнай) сферай дзеяння ён меў на ўвазе розныя вобласці чалавечай дзейнасці, якія падлягаюць прававому рэгуляванню: эканамічную, палітычную, рэлігійную і г. д.

Уяўляецца, што логіка вучэбнага курса па агульнай тэорыі дзяржавы і права патрабуе, каб пры дзеянні нарматыўнага прававога акта разглядаўся таксама і гэты аспект. Доказы тут наступныя. Пасля таго, як высветлены пытанні аб сутнасці, нормах і крыніцах права, а таксама аб сістэме норм права і сістэме заканадаўства, дзеля разгляду далейшых пытанняў вучэбнага курса, у асаблівасці пытанняў аб рэалізацыі і прымяненні норм права, патрабуецца ўдакладніць сферу дзеяння нарматыўных прававых актаў шляхам іх прывязкі да пэўных відаў грамадскіх адносін і, адпаведна, пэўных структурных частак сістэмы права. Толькі такім чынам можна высветліць усе сістэмна-структурныя і функцыянальныя сувязі нарматыўна-прававых актаў і тых норм права, што ў іх змяшчаюцца, прывязаць іх да пэўнага галіновага прававога рэжыму, асэнсаваць у поўнай меры іх мэты і задачы і праз гэта зразумець іх змест.

З дзеяннем нарматыўных прававых актаў па прадмету рэгулявання звязана пытанне аб суадносінах законаў агульных, законаў, якімі ўстанаўліваюцца нейкія выключэнні, і спецыяльных законаў. Справа тут у тым, што нярэдка здараюцца сітуацыі, пры якіх агульныя законы патрэбна «прыжывіць» да асобных сітуацый, якія патрабуюць індывідуальнага падыходу з боку заканадаўцы. Старажытнарымскія юрысты сфармулявалі для гэтых выпадкаў прававую аксіёму, згодна з якой lex specialis deroqat lex qeneralis – спецыяльны закон адмяняе дзеянне закону агульнага. Суадносіны паміж нарматыўнымі прававымі актамі агульнымі, спецыяльнымі і тымі, якія ўстанаўліваюць нейкія выключэнні, можна дакладна акрэсліць толькі шляхам вызначэння характару і спецыфікі рэгулюемых імі грамадскіх адносін. Пры гэтым спачатку трэба высветліць агульнагаліновы прававы рэжым гэтых адносін, а ўжо затым – спецы­фіку прававога рэгулявання пэўнага віду грамадскіх адносін.

Па агульнаму правілу, нарматыўныя прававыя акты і нормы права, што ў іх змешчаны, якія рэгулююць грамадскія адносіны ў пэўнай галіне норм права, не распаўсюджваюць сваё дзеянне на тыя грамадскія адносіны, якія рэгулююцца нарматыўнымі прававымі актамі, якія скіраваны на рэгуляванне грамадскіх адносін, што ўключаюцца ў прадмет прававога рэгулявання іншых галін норм права. І толькі ў некаторых выпадках (напрыклад, пры наяўнасці прабелаў у праве) дапускаецца так званае субсідзіярнае дзеянне тых ці іншых норм (і актаў) права за межамі сваёй сферы рэгулявання.

Разам з тым адной з асаблівасцей развіцця сістэмы нарматыўна-прававых актаў (у шырокім сэнсе слова – сістэмы заканадаўства) з’яўляецца тое, што нарматыўных прававых актаў «аднагаліновай» арыентацыі вельмі мала. У абсалютнай большасці нарматыўных прававых актаў змяшчаюцца нормы права, якія адносяцца да розных галін права. З гэтага пункту гледжання ўсе нарматыўныя прававыя акты падзяляюцца на дзве вялікія групы – галіновыя і комплексныя. Адсюль вынікае, што для правільнага разумення сэнсу і зместу норм права, вызначэння сферы іх дзеяння, кола ­суб’ектаў права, на якіх яны распаўсюджваюць сваё дзеянне, вельмі важна ўстанавіць структурна-функцыянальныя сувязі кожнага нарматыўнага прававога акта ў сістэме заканадаўства і найперш з ­галоўнымі кадыфікаванымі нарматыўнымі прававымі актамі, напрыклад, Грамадзянскім, Працоўным, Крымінальным і іншымі кодэксамі, якія ўзначальваюць пэўную галіну заканадаўства. Устанаўленне «сілавых» залежнасцей кожнага нарматыўнага прававога акта дазваляе праватворцам і правапрымяняльнікам правільна арыентавацца ў сістэме норм права і сістэме заканадаўства пры выбары неабходных для іх норм права, правільна іх разумець і прымяняць.

Вядома, што нацыянальная сістэма права ўмоўна падзяляецца на права публічнае і права прыватнае. Пры гэтым кожная з гэтых сфер адрозніваецца асобным суб’ектным складам грамадскіх адносін, своеасаблівым наборам прававых сродкаў і метадаў, якія выкарыстоўваюцца для іх рэгулявання. Таму для правільнага і адэкватнага разумення зместу нарматыўных прававых актаў, вызначэння сферы іх дзеяння і кола суб’ектаў, адносна якіх яны маюць абавязковае значэнне, вельмі важна вызначыць,, да якой сферы прававога рэгулявання – публічнай ці прыватнай – адносіцца той ці іншы нарматыўны прававы акт.