4. Правілы паводзін у першабытным грамадстве
^ Вверх

4. Правілы паводзін у першабытным грамадстве

 

Першапачатковымі правіламі паводзін першабытнага грамадства былі разнастайныя табу, якія існавалі на працягу дзесяткаў і нават соцен тысяч гадоў. Самыя першасныя табу складваліся стыхійна ў ходзе практычнай дзейнасці людзей пад уздзеяннем навакольнага прыроднага асяроддзя. Адна з важнейшых асаблівасцяў табу зводзіцца да таго, што забарона нічым не матывуецца і нічым не абгрунтоўваецца. Парушаць табу нельга, бо ў гэтым выпадку чалавеку і калектыву пагражае небяспека. 

На больш позніх этапах развіцця першабытнага грамадства ўзнікае новы від правілаў паводзін – міф. Міфы былі формай грамадскай свядомасці, сродкам мыслення першабытнага чалавека і пазнання рэчаіснасці. У міфах захоўваліся веды чалавека аб навакольным асяроддзі, аб сваім месцы ў прыродзе і грамадстве, замацоўваліся звесткі аб шляхах вандравання, аб месцах стаянак, аб спосабах вырабу сродкаў вытворчасці, аб правілах шлюбна-сямейных адносін, аб класах сваяцкіх адносін, татэмічныя правілы і г. д. Вельмі важнай складанай часткай міфа былі тыя нормы, тыя правілы паводзін, якія арганічна ўтрымліваліся ў змесце міфа.

У параўнанні з табу міф уяўляў больш складаны нарматыўны рэгулятар, бо ў міфах утрымліваюцца ўжо не толькі нейкія «нормы-забароны», але і станоўчыя правілы паводзін, паказваюцца, адабраюцца супольнасцю і ўсяляк стымулююцца ўзоры адмысловых паводзін. Міф суправаджаўся, як правіла, пэўнымі абрадамі, рытуаламі, якія садзейнічалі яго замацаванню ў свядомасці першабытнага чалавека.

Табу і міф былі асноўнымі відамі правілаў паводзін першабытнага чалавека ва ўмовах прысвойваючай эканомікі, г. зн. такой сістэмы гаспадарання, якая была заснавана на спажыванні гатовых, дадзеных прыродай раслінных і жывёльных форм. Асноўнымі відамі вытворчай дзейнасці чалавека ва ўмовах гэтай эканомікі, як вядома, былі збіральніцтва, паляванне і рыбалоўства.

Значныя змены ў сістэме нарматыўнага рэгулявання першабытнага грамадства адбыліся пасля і ў выніку неалітычнай рэвалюцыі, калі чалавек перайшоў ад прысвойваючай да вытворчай эканомікі, г. зн. ад палявання, рыбалоўства і збіральніцтва да земляробства і жывёлагадоўлі, ад прысваення гатовых, дадзеных прыродай раслінных і жывёльных форм да сапраўднай працоўнай дзейнасці, якая была накіравана на пераўтварэнне прыроды і вытворчасць ежы, утварэнне новых раслінных і жывёльных форм.

Ва ўмовах прысвойваючай эканомікі не трэба было ўлічваць працоўны ўклад кожнай асобы ў агульныя здабыткі супольнасці, таму што гэта, па-першае, немагчыма было зрабіць, па-другое, было немэтазгодна, бо прысвойваючая эканоміка не магла забяспечыць стабільны лішкавы прадукт, які можна было б размеркаваць у залежнасці ад якасці і колькасці працы. Сітуацыя карэнным чынам памянялася з пераходам грамадства да вытворчай эканомікі. Селекцыя раслін і жывёл, поліўнае земляробства, ірыгацыя змянілі ўзаемаадносіны паміж чалавекам і навакольным асяроддзем, значна ўзвысілі вытворчасць працы і прывялі да таго, што ў грамадстве з’явіўся стабільны лішкавы прадукт. Яго трэба было ўлічыць, захаваць, а затым і пераразмеркаваць. Каб гэта здзейсніць, трэба было ўнармаваць і ўлічыць працоўны ўклад кожнага супольніка і вынікі яго працы, яго ўдзел у стварэнні грамадскіх фондаў і вырашыць пытанне выдачы яму часткі лішкавага прадукту з грамадскіх фондаў.

Пераход першабытнага чалавека да вытворчай эканомікі суправаджаўся фармаваннем якасна новай сістэмы нарматыўнага рэгулявання. Весці земляробства, асабліва поліўнае, немагчыма без астранамічных ведаў. Заняцце жывёлагадоўляй патрабуе ведаў аб размнажэнні жывёлы, яе развіцці, харчаванні і г. д. Узнікаюць календары (агранамічныя і жывёлагадоўчыя) як новыя віды правілаў паводзін земляробаў і жывёлаводаў. Гэтыя календары дэталёва, падрабязна рэгламентавалі жыццядзейнасць першабытных супольнасцей і жыццё кожнага чалавека ў адносна замкнутых, аўтаномна функцыянуючых абшчынах земляробаў і жывёлаводаў.

Табу і міфы, у тым ліку і новыя, працягваюць, як і раней, рэгламентаваць значную частку сацыяльных сувязяў, але яны ўжо не займаюць дамінуючага становішча ў сістэме нарматыўнага рэгулявання і перамяшчаюцца на «перыферыю» сістэмы нарматыўнага рэгулявання сацыяльных адносін.