3. Кіраванне, улада ў першабытным грамадстве
^ Вверх

3. Кіраванне, улада ў першабытным грамадстве

 

Патрэбай любога грамадства ёсць пэўны парадак у яго існаванні і функцыянаванні, бо без парадку разбураецца само грамадства, а парадак заўсёды забяспечваўся з дапамогай улады і кіравання. Вось чаму ніколі і нідзе не існавала грамадства, якое б не ведала ўлады і магло існаваць без пэўнай сістэмы кіравання. Улада нараджаецца адначасова з грамадствам і з’яўляецца адной з самых істотных умоў яго існавання. Грамадства і ўладу нельга аддзяліць адно ад другога.

Характэрнай асаблівасцю кіравання і ўлады ў першабытным грамадстве на ўсіх этапах яго развіцця з’яўляецца адсутнасць асобнай групы людзей, што выдзяляецца з усёй супольнасці дзеля таго, каб кіраваць, ажыццяўляць уладу. Улада, такім чынам, з’яўляючыся непазбежнай функцыяй любога грамадства, ва ўмовах першабытнага яго стану супадае з насельніцтвам, не выдзяляецца з супольнасці. Гэтая функцыя арганічна ўплецена ў іншыя праявы жыцця першабытнага чалавека, не вылучана з іх у адносна самастойную, не патрабуе спецыялізацыі пэўнай групы людзей на яе выкананні. 

Развіццё эканамічнай сістэмы першабытнага грамадства, эвалюцыя яго сацыяльнага ладу непазбежна прыводзілі да пэўных перамен у арганізацыі і ажыццяўленні кіравання і ўлады, да іх удасканалення.

У першабытнай праабшчыне кіраванне было простым, можна сказаць, «прымітыўным». На чале праабшчыны стаяў важак – самая моцная ў фізічных адносінах асоба. Ён адзінаначальна вызначаў і вырашаў пытанні жыццядзейнасці першабытнай праабшчыны, спалучаў адначасова «заканадаўчыя, выканаўчыя, судовыя і культавыя» паўнамоцтвы. Страта важаком фізічнай перавагі над членамі праабшчыны прыводзіла, як правіла, да яго гібелі. Гэта быў у тых умовах калі і не адзіна магчымы, то, мабыць, самы пашыраны «легальны» шлях абнаўлення ўлады і кіравання.

Больш дасканалым было кіраванне ў родавай абшчыне, г. зн. на больш позніх этапах развіцця першабытнага грамадства. Менавіта ў родавай абшчыне адбыўся своеасаблівы «падзел працы» паміж асобнымі органамі кіравання, «правобраз», прататып будучага падзелу дзяржаўнай улады на асобныя галіны. 

Усе найбольш важныя пытанні жыцця роду вырашаліся на агульным сходзе ўсіх дарослых індывідаў. Да іх адносіліся пытанні аб пачатку вайны і заключэнні міра, перамене месца стойбішча, асуджэнні суродзіча, які пакінуў поле бою, і г. д. 

Аператыўнае кіраванне ажыццяўлялася старэйшынам. Старэйшынам выбіраўся, як правіла, самы паважаны, мудры, сталы суродзіч, чалавек з вялікім жыццёвым вопытам, які валодаў арганізацыйнымі здольнасцямі і моцнай воляй. Пасада старэйшыны не давала ніякіх пераваг перад суродзічамі, бо не вызваляла яго ад выканання ўсіх астатніх абавязкаў, што выконвалі суродзічы. Старэйшына працаваў разам з усімі і меў такую ж долю ў ежы, як і астатнія. Адначасова ён арганізоўваў жыццё роду, кіраваў паўсядзённымі справамі, разглядаў спрэчкі паміж суродзічамі і г.д. 

Падчас вайны з ліку суродзічаў выбіраўся военачальнік. Як правіла, гэта была самая дасведчаная ў вайсковых пытаннях асоба. Звычайна военачальнікамі былі людзі, якія адрозніваліся фізічнымі якасцямі, сілай, адвагай, моцнай воляй, якія маглі арганізаваць усіх суродзічаў для нападу на ворагаў ці абарону ад іх. Военачальнікі мелі вялікае значэнне ў ваяўнічых родах і плямёнах, тых, якія пражывалі на поўначы і займаліся паляваннем, а таксама качэўнікаў, якія безупынна вандравалі і вымушаны былі часта ўступаць у сутычкі з іншымі родамі і плямёнамі. Вакол военачальніка гуртавалася і ваенная дружына. Паўнамоцтвы военачальніка звычайна спыняліся, як толькі спынялася вайна і заключаўся мір.

Пытанні культу ажыццяўляліся шаманам (жрацом, калдуном, знахарам і г. д.). Святары як бы звязвалі людзей і розных багоў прыроды, яны дапамагалі «задобрыць» багоў шляхам выканання культавых абрадаў і ахвярапрынашэнняў і, такім чынам, усялялі ўпэўненасць у людзей, надавалі ім дадатковыя духоўныя сілы.