3. Формы паходжання дзяржавы
^ Вверх

3. Формы паходжання дзяржавы

 

Кожная з дзяржаў узнікала ў пэўных канкрэтных, непаўторных сацыяльна-эканамічных, прыродных (геаграфічных і кліматычных) умовах. Пры гэтым на працэсы фармавання дзяржаўна-арганізаваных супольнасцей уздзейнічалі самыя разнастайныя сілы (фактары) як унутранага, так і знешняга характару. Усё гэта прыводзіла да таго, што агульныя заканамернасці паходжання дзяржавы дзейнічалі як тэндэнцыя, але праяўляліся ў непаўторных формах, найбольш тыповымі з якіх былі: а) паходжанне дзяржавы на Усходзе; б) паходжанне дзяржавы ў Афінах; в) паходжанне дзяржавы ў Рыме; г) узнікненне дзяржавы ў франкаў (германскага народа); д) узнікненне дзяржавы шляхам «запрашэння на княжанне». Формы паходжання дзяржавы шмат у чым вызначаюцца характарам размеркавання і пераразмеркавання лішкавага прадукту. 

а) паходжанне дзяржавы на Усходзе

Адметнай рысай паходжання дзяржаўнасці на Усходзе з’яўляецца тое, што на працэсы яе фармавання значны, рашаючы ўплыў аказалі прыродныя (геаграфічныя і кліматычныя) фактары. Прычым у месцах узнікнення першых цывілізацый існаваў аптымальны экалагічны асяродак, які садзейнічаў развіццю земляробства, а затым і цывілізацый. Аснову земляробства там складала штучнае арашэнне пры дапамозе каналаў і ірыгацыйных збудаванняў. Характар земляробства патрабаваў адзінства намаганняў вялікіх груп людзей, захавання абшчыннай сацыяльнай структуры. Такія асаблівасці земляробства не маглі не прывесці да ўзнікнення агульнай для адасобленых абшчын кіруючай сілы, улады, якая б была строга цэнтралізаванай і выконвала інтэгратыўную ролю ў адносінах да сукупнасці адасобленых абшчын.

Аднойчы ўзнікшы і паступова, крок за крокам, узмацняючыся, дадзеная ўлада адасобілася і пераўтварылася ў самастойную функцыю супольнага існавання і функцыянавання асобных аб­шчын. Гэтая дзейнасць па кіраванню з цягам часу непазбежна станавілася прэрагатывай толькі пэўных асоб, якія кансалідаваліся ва ўстойлівую і замкнутую групу. Устойлівыя групы кіраўнікоў фармаваліся галоўным чынам не ўнутры абшчын, не ва ўмовах іх распаду, а па-за межамі абшчын, пры іх захаванні. Маёмасная няроўнасць як вынік пераразмеркавання лішкавага прадукту фармуецца спачатку паміж кіраўнікамі і абшчыннікамі, а пазней пранікае ў абшчыну.

Такім чынам, дзяржава ўзнікае на Усходзе ў якасці арганізатара грамадскай працы, у якасці надбудовы над адасобленымі аб­шчынамі, у якасці фактару, які звязваў гэтыя самастойныя і эканамічна адасобленыя адна ад другой абшчыны ў адзінае цэлае. Дзяржава на Усходзе ўзнікае як сіла, што стаіць над грамадствам. Разам з тым, гэта сіла «матэрыялізуецца» і ўвасабляецца асобнай групай людзей на чале з кіраўніком (дэспатам, імператарам, фараонам і
г. д.) і арганізуецца як асобны, прафесійны апарат па кіраванню супольнай працай абшчын, апарат, які займаецца тым і толькі тым, што стала ажыццяўляе ўладу, а гэтая ўлада ёсць разнавіднасць грамадска-карыснай працы.

Асноўны момант пры разглядзе працэсаў фармавання дзяржаўна-арганізаванага грамадства на Усходзе зводзіцца да наступнага. Тое, што асаблівыя прыродныя (кліматычныя і геаграфічныя) умовы прадвызначылі неабходнасць з’яўлення па-за межамі аб­шчын і як бы знешняй у адносінах да абшчын улады і сістэмы кіравання, не азначае, што дзяржава там узнікае пад уздзеяннем вы­ключна (ці нават пераважна) прыродна-кліматычных фактараў. Гэтыя фактары, гэтыя ўмовы толькі падштурхнулі да стварэння асобнай, над абшчынамі стаячай сілы ў форме пэўнага кіруючага апарату.

Можна лічыць, што сам па сабе гэты апарат улады і кіравання пераўтвараецца ў дзяржаву толькі пасля таго, як грамадства пачынае ствараць (не без удзелу, безумоўна, і апарату кіравання) лішкавы прадукт, які размяркоўваецца і пераразмяркоўваецца гэтым асобным апаратам кіравання на сваю ў першую чаргу карысць. А гэта прыводзіць да маёмаснай няроўнасці ў грамадстве, сацыяльных супярэчнасцяў на гэтай падставе і сацыяльнай напружанасці, у тым ліку і барацьбы паміж рознымі сацыяльнымі групамі насельніцтва. Такім чынам, і на Усходзе дзяржава ўзнікае пад рашаючым, можна сказаць, пад вызначальным уздзеяннем сацыяльна-эканамічных прычын, а менавіта пад уздзеяннем размеркавання і пераразмеркавання ствараемага грамадствам лішкавага прадукту. 

б) паходжанне дзяржавы ў Афінах

У старажытнай Грэцыі ў перыяд, калі склаліся ўсе неабходныя перадумовы для фармавання дзяржаўна-арганізаванага грамадства, не было неабходнасці ва ўсталяванні, як гэта мы назіраем на Усходзе, цэнтралізаванай эканамічнай сістэмы і сістэмы гаспадарання, бо геаграфічныя і кліматычныя ўмовы былі вельмі спрыяльнымі для таго, каб кожная абшчына магла весці сваю гаспадарку і забяспечваць свае ўнутраныя патрэбы ў матэрыяльных каштоўнасцях і найперш у харчаванні, адзенні, жыллі. Часовыя аб’яднанні абшчын, пра якія паведамляюць літаратурныя крыніцы, былі абумоўлены ў асноўным тым, што гэтым абшчынам па­гражала знешняя небяспека ў форме войнаў і набегаў і яны вымушаны былі аб’ядноўваць свае намаганні ў барацьбе з агульным знешнім ворагам.

У сувязі з гэтым працэсы фармавання сацыяльнай неаднароднасці грамадства і ўсіх іншых наступстваў, што прывялі да фармавання дзяржаўна-арганізаванага грамадства на тэрыторыі Атыкі, адбываліся не па-за межамі, а ўнутры абшчын, а дакладней, арга­нічна вырасталі з патрэбаў асобных абшчын.

Вельмі важнае значэнне для фармавання дзяржаўна-арганізаванага грамадства ў Афінах мела каланізацыя грэкамі ўзбярэжжа Міжземнага мора. Яна прывяла да актыўнага развіцця тавараабмену. Тавараабмен суправаджаўся зыходам эмігрантаў у калоніі і іх вяртаннем на радзіму, прытокам новых пасяленцаў у метраполію. У Грэцыі з’явіўся значны слой людзей (метойкаў = перасяленцаў, абывацеляў), якія не ўпісваліся ў старую родавую (фратрыева-філавую) структуру грэчаскага грамадства і таму не падпарадкоўваліся ўладзе яе органаў. Разам з тым, гэта быў вялікі ў колькасных адносінах і моцны ў эканамічных стасунках слой людзей, не лічыцца з якім было немагчыма.

Важную ролю ў фармаванні дзяржаўна-арганізаванага грамадства ў Афінах адыграла так званая гамераўская эпоха, той час, калі грэкі стварылі сваю адметную вайсковую арганізацыю, мэтамі якой былі заваяванне, захоп чужых тэрыторый, рабаванне і падзел заваяванай маёмасці. У выніку гэтай дзейнасці былі фактычна створаны асобныя групоўкі прыватнага характару, добрай вайсковай вывучкі, якія фактычна «вырывалі» яе ўдзельнікаў з асяродку старой філа-фратрыевай структуры. Ваенная арганізацыя разбурала стары лад грэчаскай супольнасці. Паралельна, побач з родавай арга­нізацыяй улады і кіравання, узнікала новая і вельмі ўплывовая ўладная структура. Людзі прывыкалі да таго, што ёсць іншыя цэнтры ўлады, якія могуць задаволіць іх інтарэсы і патрэбы.

Такім чынам, развіццё вытворчых сіл і тавараабмену прывяло ў Афінах да абагачэння старой родавай знаці, узнікнення за кошт ваенных дзеянняў новага слою багатых і знатных людзей, разарэння мелкіх вытворцаў, росту рабства, яўнай маёмаснай дыферэнцыяцыі людзей і росту сацыяльнай напружанасці. Адначасова з гэтым адбывалася перамешванне паміж сабой прадстаўнікоў розных родаў і плямёнаў. Усе гэта, як мы ведаем, стварае неабходныя перадумовы для фармавання дзяржаўна-арганізаванага грамадства. «Тэхналагічна» ж працэс фармавання дзяржаўна-арганізаванага грамадства ў Афінах быў завершаны ў выніку рэформаў Салона і Клісфена.

Пры правядзенні рэформаў Салон адмовіўся ад «адзінаўладдзя» і праводзіў рэформы на падставе здаровага розума і закону, з’яўляючыся па пасаде толькі пасярэднікам (архонтам) і заканадаўцам.

Салон перш-наперш выдаў законы, у якіх адмяніў кабалу і забараніў забяспечваць ссуды асабістай кабалой, адмяніў усе пазыкі, як прыватныя, так і дзяржаўныя, дазволіў кожнаму рабіць апеляцыю да народнага суда, павялічыў меры, вагі і манеты. Галоўным у рэформах Салона быў афіцыйны падзел насельніцтва па маёмаснай прымеце, незалежна ад прыналежнасці да той ці іншай абшчыны, на чатыры катэгорыі (класы): пентакасіямедзімнаў, вершнікаў, зеўгітаў і фетаў. Пры гэтым кожнаму з адзначаных класаў ён дазволіў займаць пасаду ў органах улады ў адпаведнасці з велічынёй маёмасці, гэта значыць, увёў своеасаблівы цэнз, а тым, хто належаў да фетаў, дазволіў прымаць удзел толькі ў народных сходах і судах. Напрыклад, казначэяў можна было выбіраць толькі з класа пентакасіямедзімнаў. Вышэйшыя пасады Салон зрабіў вы­біраемымі па жрэбію з ліку папярэдне выбраных, якіх намячала кожная з філаў.

Такім чынам, па сваёй накіраванасці рэформа Салона, у якой гаварылася аб скасаванні пазыкаў і юрыдычным замацаванні маёмаснага стану людзей, іх падзеле па маёмаснай прымеце на пэўныя катэгорыі, тычылася ў першую чаргу характару размеркавання і пераразмеркавання лішкавага прадукту, які з’явіўся ў вялікіх памерах у афінян і які размяркоўваўся ва ўмовах «поўнай свабоды» тавараабмену. Такое становішча з размеркаваннем і пераразмеркаваннем лішкавага прадукту і прывяло да хуткага размежавання маёмасці і абвастрэння сацыяльных супярэчнасцяў. Салон сваімі рэформамі ўвёў стабільнасць і парадак у тавараабменныя працэсы, урэгуляваў працэсы размеркавання і пераразмеркавання лішкавага прадукту. Адняўшы ў багатых афінян напачатку рэформаў пэўную частку лішкавага прадукту і задаволіўшы тым самым інтарэсы бедных, ён забяспечыў гарантаваную частку лішкавага прадукту багатым праз тыя дзяржаўныя пасады, якія яны змаглі займаць згодна са сваім юрыдычна замацаваным маёмасным становішчам. Недарэмна пасады казначэяў, як было адзначана, маглі займаць толькі тыя афіняне, якія ўваходзілі ў першую катэгорыю.

Салон паспрабаваў сфармаваць новую сістэму цэнтральнага кіравання ў Афінах для вырашэння агульных спраў, якая б прый­шла на змену першабытнаабшчыннай сістэме арганізацыі ўлады. Аднак рэформы Салона ў дадзеным кірунку не былі паслядоўнымі і радыкальнымі. Рэшткі рода-племянной арганізацыі грамадства ліквідаваў Клісфен, ён жа завяршыў і стварэнне дзяржавы ў Афінах. На месца родавых сувязяў насельніцтва ён паставіў тэрытарыяльную яго арганізацыю.

Галоўнай мэтай рэформаў Клісфена было «перамешванне насельніцтва». Раздрабіўшы насельніцтва па невялікіх акругах і аб’яднаўшы ў кожнай акрузе прадстаўнікоў розных родаў і фратрыяў, Клісфен разбурыў вялікія групоўкі насельніцтва і «адсунуў» іх значэнне і ролю ў жыцці грамадства на «другія ролі». І самае галоўнае – ён «адсунуў» на «другія ролі» старадаўнія групоўкі насель­ніцтва, г. зн. рода-фратрыевыя сувязі ў фармаванні менавіта органаў улады і кіравання. Старая родавая арганізацыя працягвала існаваць і надалей, таму што былі захаваны ранейшыя роды, фратрыі і жрэчаствы, але яны не мелі свайго ранейшага значэння пры фармаванні органаў улады і кіравання, пры наданні статусу афінскага грамадзянства. 

в) узнікненне дзяржавы ў Рыме

Утварэнне дзяржаўнасці ў Старажытным Рыме шмат у чым нагадвае працэс фармавання дзяржавы ў Афінах. І перш-наперш у тым, што ён адбываўся пад рашаючым і вызначальным уздзеяннем сацыяльна-эканамічных працэсаў, што праходзілі ўнутры родавай абшчыны, а не па-за яе межамі.

Адметнай рысай фармавання дзяржавы ў Рыме было тое, што ў гэты працэс актыўна ўмяшалася трэцяя сіла – plebs – прышлае насельніцтва, прадстаўнікі іншых родаў і плямёнаў. Гэта былі асабіста вольныя людзі, але яны не былі звязаныя з рымскім народам кроўна-роднаснымі сувязямі. Рlebs валодаў гандлёвым і прамысловым багаццем, зямельнай уласнасцю, плаціў падаткі і адбываў вайсковую павіннасць. Але разам з тым plebs не мог удзельнічаць у сходах рымскага народа, не меў права займаць службовыя пасады ў органах улады і кіравання рымскага народа. Не маючы доступу да кіраўніцтва супольнасцю, plebs не прымаў удзелу ў падзеле заваяваных земляў і нарабаванага пад час бясконцых ваенных дзеянняў багацця.

Рlebs, такім чынам, выконваў аднолькавыя з populus romanus – уласна рымскім народам – абавязкі ў сферы «публічнага права», але не меў «публічных правоў», бо сістэма кіравання і ажыццяўлення ўлады цалкам знаходзілася ў руках populus romanus, ад імя якога кіравала рымская арыстакратыя (патрыцыі). Трэба адзначыць, што патрыцыят (ад патрыцыі) у Рыме сфармаваўся паступова, пасля таго, як у рымлян склаўся звычай абіраць старэйшын (сенатараў), як правіла, з адной і той жа сям’і кожнага рода, што прывяло да ўзнікнення прывілеяваных, г. зн. знатных сем’яў, члены якіх і сталі называцца патрыцыямі.

Барацьба plebs супраць старой сістэмы кіравання, якая выглядала барацьбой плебеяў і патрыцыяў, і сталася адной з рашаючых сіл, што прывялі да ўтварэння дзяржаўна-арганізаванага грамадства ў Рыме. Вынікам гэтай барацьбы і стала разбурэнне старой рода-пляменнай арганізацыі, якая вызначала парадак фармавання органаў улады і кіравання і якая альбо давала магчымасць удзельнічаць у кіраванні і ажыццяўленні ўлады, альбо цалкам выключала з гэтага працэсу людзей у залежнасці ад таго, уваходзілі яны ў склад populus romanus ці не.

Прышлае насельніцтва ў Рыме (plebs) нагадвае метойкаў у Афінах. Але ў Афінах метойкі не прымалі актыўнага ўдзелу ў фармаванні дзяржаўна-арганізаванага грамадства, у той час, як прышлае насельніцтва ў Рыме актыўна ўмяшалася ў працэс стварэння дзяржаўна-арганізаванага грамадства. У барацьбе з старой родавай арганізацыяй грамадства плебеі паступова «вырывалі» ў патрыцыяў адну пазіцыю за другой, пакуль не дасягнулі поўнай роўнасці ў правах з populus romanus. Увянчала яе вынікі і цалкам парушыла рэшткі дадзяржаўнай арганізацыі грамадства рэформа цара Сервія Тулія. Яна абапіралася на вопыт грэчаскіх рэформаў, асаб­ліва на вопыт рэформаў Салона і Клісфена.

Першае, што зрабіў Сервій Тулій, тычылася падзелу насель­ніцтва па маёмаснай прымеце. Дадзены падзел меў як вайсковы, так і палітычны сэнс. Акрамя гэтага, тэрыторыя Рыма была падзелена не па родавай прымеце, а былі створаны чатыры «тэрытарыяльныя» племені, кожнае з якіх жыло ў асобным квартале горада і мела палітычныя правы. Правы асобы сталі вызначацца не старой родавай сувяззю, а месцам пражывання, прыналежнасцю да аднаго з чатырох новых «тэрытарыяльных» плямёнаў. Да новых, зараз ужо тэрытарыяльных трыб было прыпісана ўсё насельніцтва як уласна рымскага народа, так і насельніцтва плебейскае, якое пражывала на дадзенай тэрытарыяльнай адзінцы і валодала зямлёй. Такім чынам, у выніку рэформы плебеі фактычна і юрыдычна былі ўключаны ў склад адзінай з уласна рымскім народам супольнасці. А дакладней, у выніку рэформаў была створана новая рымская супольнасць, у склад якой уваходзілі як прадстаўнікі былога populus romanus, так і прышлага насельніцтва.

На момант правядзення рэформаў Сервія Тулія рымляне знаходзіліся на той стадыі развіцця грамадства, якая называецца «ваеннай дэмакратыяй» і характарызуе заключную фазу рода-пляменнай арганізацыі грамадства, калі вядзецца вайна дзеля грабяжоў і пераразмеркавання нарабаванага. У гэтых умовах прышлае насельніцтва (plebs), якое выконвала ў Рыме ўсе публічныя, у тым ліку і ваенныя абавязкі, у прыватнасці, забяспечвала войска ўсім неабходным, удзельнічала ў войнах абароннага характару, знаходзілася ў «нераўнапраўным» становішчы ў параўнанні з populus romanus і патрыцыятам уласна рымскага народа. Рэформы Сервія Тулія, забяспечыўшы роўны доступ да ўлады як прадстаўнікам plebs, так і populus romanus, у залежнасці ад памеру іх маёмаснага становішча ўраўнялі іх у правах і ў атрыманні даходаў ад ваенных паходаў. Іншымі словамі, рэформы Сервія Тулія забяспечылі роўны доступ да размеркавання і пераразмеркавання лішкавага прадукту ўсім членам «новай рымскай абшчыны» ў залежнасці ад іх становішча ва ўладных структурах, якое, у сваю чаргу, вызначалася памерам (велічынёй) іх маёмаснага становішча.

Пры параўнанні працэсаў паходжання дзяржавы ў Афінах і ў Рыме найперш відавочна, што пры ўсёй непаўторнасці гістарычных асобаў і падзеяў, якія прывялі да ўтварэння дзяржаўна-арганізаванага грамадства ў гэтых народаў, агульная схема, агульная «тэхналогія» стварэння дзяржаваў вельмі падобная і амаль люстэркавая.

Разам з тым, пры параўнанні працэсаў стварэння дзяржаўна-арганізаваных грамадстваў у Афінах і ў Рыме можна адзначыць і розныя моманты, у тым ліку і вельмі істотныя.

Па-першае, у існуючых літаратурных крыніцах пры апісанні ўтварэння дзяржавы ў Афінах найбольшая ўвага надаецца апісанню маёмаснага расслаення сярод грэкаў і дзеянням гістарычных асобаў (Салон), якія спрабавалі перш-наперш вырашыць маёмасныя супярэчнасці ў грамадстве і пры гэтым прыстасаваць новую сістэму ўлады і кіравання пад новыя сацыяльна-эканамічныя ўмовы, забяспечыўшы перавагу пры заняцці пасадаў у зноў створаных структурах улады і кіравання найбольш забяспечаным у маёмасных адносінах асобам незалежна ад родавай прыналежнасці. У той жа час пры апісанні стварэння дзяржавы ў Рыме найбольшая ўвага надаецца барацьбе прышлага насельніцтва з старой родавай структурай рымлян, якая выглядала як барацьба старой родавай рым­скай знаці і прышлага насельніцтва, а, па сутнасці, была накіравана на ліквідацыю ранейшага значэння старых родавых структураў у вызначэнні месца асобы ў структурах улады і кіравання, а значыць, і ў доступе да размеркавання і пераразмеркавання матэрыяльных каштоўнасцяў.

Па-другое, працэсы стварэння дзяржавы ў Афінах былі расцягнуты ў часе і складаліся як бы з двух адносна адасобленых крокаў. Першы быў ажыццёўлены Салонам, другі давялося зрабіць Клісфену. Пры гэтым, маючы на ўвазе вышэйпрыведзенае меркаванне Арыстоцеля аб значнасці перамешвання насельніцтва ў стварэнні дзяржавы, нельга сцвярджаць, па меншай меры, тое, што рэформы Салона ў стварэнні дзяржавы адыгралі большую ролю, чым рэформы Клісфена. Такой была паслядоўнасць у стварэнні дзяржавы менавіта ў Афінах. Не больш і не менш. Яна, гэтая па­слядоўнасць, дыктавалася гістарычнымі абставінамі. Што тычыцца стварэння дзяржавы ў Рыме, то там былі адначасова праведзены ў жыццё тыя меры (Сервій Тулій), якія ў Афінах правялі па­асобку Салон і Клісфен.

Па-трэцяе, працэсы станаўлення дзяржаўна-арганізаванага грамадства ў Рыме і Афінах істотна розняцца па парадку фармавання і размеркавання лішкавага прадукту. У Афінах лішкавы прадукт ствараецца галоўным чынам у выніку вытворчай дзейнасці саміх афінян, размяркоўваецца і пераразмяркоўваецца праз развіццё тавара-абменных працэсаў, што працякалі таксама галоўным чынам унутры грэчаскай абшчыны. У Рыме ж, ужо з самага пачатковага моманту заснавання горада, значную, калі не большую, частку лішкавага прадукту здабывалі ў выніку бясконцых войнаў, якія вялі рымляне. 

г) узнікненне дзяржавы ў франкаў (германскага народа)

Франкская дзяржава ўзнікла пасля захопу франкамі (германскім народам) Паўночна-Усходняй Галіі. Канкрэтныя абставіны рассялення франкаў у Галіі малавядомыя, але дакладна можна сцвярджаць, што, замяніўшы на тэрыторыі Галіі ўладу рымскай імперыі, франкская дзяржава запазычыла ад яе многія дзяржаўныя інстытуты, напрыклад, падатковую сістэму. Прычым падаткамі абкладалася па-ранейшаму не толькі гальска-рымскае насельніцтва, але і свабодныя франкі, для якіх гэта было незвычайнай справай і супраць чаго яны неаднаразова бунтавалі. На гэтых прыкладах з падаткамі яскрава бачна, як франкі вельмі лёгка запазычылі інстытуты і атрыбуты дзяржавы, бо яны ўжо ходам сваёй папярэдняй гісторыі былі падрыхтаваны да іх успрыняцця.

Франкі, заваяваўшы Галію, вызвалілі гальска-рымскае насельніцтва ад рымскай дзяржавы, і той лішкавы прадукт, які забіралі праз існуючую ў рымскай дзяржаве сістэму падаткаў, рымляне сталі збіраць з карэннага рымскага насельніцтва самі. Акрамя гэтага, яны сталі абкладаць і сваіх ранейшых суродзічаў падаткамі, трансфармаваўшы пры гэтым сістэму вядомых франкам «падарункаў» у сістэму пастаянных падаткаў.

Франкі перад захопам часткі тэрыторыі Заходняй рымскай імперыі знаходзіліся на стадыі «ваеннай дэмакратыі», калі побач з элементамі «класічнага» родавага ладу – старэйшынамі, агульным сходам, маёмаснай роўнасцю суродзічаў і г. д. – з’явіліся, існуюць і распаўсюджваюцца элементы дзяржаўна-арганізаванага грамадства – улада военачальніка, пастаянная ваенная дружына для рабаўніцтва, перадзел нарабаванай маёмасці, рознае маёмаснае становішча ў стане дружыннікаў і г. д. Рашаючы ўплыў на фармаванне дзяржавы ў германцаў (франкаў) аказала заваяванне імі часткі тэрыторыі Заходняй рымскай імперыі. Заваяванне і яго вынікі значна паскорылі працэсы дзяржаваўтварэння ў франкаў. У гэтым сэнсе слова «заваяванне франкамі часткі Заходняй рымскай імперыі» стала своеасаблівым каталізатарам у фармаванні дзяржавы ў гэтай часткі германцаў. І гэта складае адну з істотных асаблівасцей узнікнення дзяржавы ў франкаў.

Бліжэйшым вынікам заваявання стаў падзел зямлі і ўсяго захопленага багацця на карысць перш-наперш старой родавай германскай знаці, военачальнікаў і дружыны. Гэта значна паскорыла маёмаснае размежаванне сярод германцаў. Па-другое, захоп тэрыторый прывёў да перамешвання насельніцтва былой Рымскай імперыі і германцаў. І, нарэшце, па-трэцяе, ва ўмовах, калі сфармава­ліся сацыяльна-неаднародная супольнасць і тэрытарыяльная аб­шчына, ранейшая рода-пляменная сістэма кіравання была ўжо не ў стане ажыццяўляць уладу. Яна была заменена новай, месца ўлады военачальніка і родавай знаці заняла каралеўская ўлада. Паскарэнню трансфармацыі старой сістэмы ўлады на ўладу каралеўскую садзейнічала знешняя пагроза германскім заваяванням і вялікія абсягі заваяваных тэрыторый. У гэтых умовах кіраваць эфектыўна можна было, толькі сканцэнтраваўшы ўладу ў адных руках – руках караля і яго бліжэйшага атачэння.

Яшчэ адной важнай асаблівасцю ўзнікнення дзяржавы ў германцаў было тое, што яна сфармавалася ў якасці дзяржавы раннефеадальнага грамадства. Франкская дзяржава была адным з варварскіх каралеўстваў, якія ўзніклі на руінах разбуранай Заходняй рымскай імперыі, і з’яўлялася пераходнай формай ад познерым­скай дзяржаўнасці і ў той жа час ад ваеннай дэмакратыі варвараў да раннефеадальнай дзяржавы. Асаблівасцю варварскіх каралеўстваў, у тым ліку і франкскай дзяржавы, было тое, што ў грамадстве захавалася сацыяльная структура познерымскага грамадства, але асноўная частка пануючага слою сфармавалася з вярхушкі пляменнай («варварскай») знаці. 

д) узнікненне дзяржавы шляхам «запрашэння на княжанне»

Адной з адметных форм паходжання дзяржавы можна лічыць утварэнне дзяржаўнасці праз «запрашэнне на княжэнне». Прычым запрашэнне прадстаўнікоў іншаземнай дынастыі не было нейкай выпадковай з’явай, а сустракалася асабліва на позніх этапах фармавання дзяржаўна-арганізаванага грамадства даволі часта ў розных народаў. Але вельмі вялікае пашырэнне інстытут «запрашэння на княжанне» атрымаў у ўсходніх славян.

Для правільнага разумення месца і ролі інстытута «запрашэння на княжанне» ў справе фармавання дзяржаўнасці на тэрыторыі ўсходніх славян трэба мець на ўвазе, што на момант запрашэння на княжанне ў славян былі ўсе неабходныя перадумовы для стварэння дзяржаўна-арганізаванага грамадства.

Ва ўмовах панавання абшчыннага ладу жыцця роднасныя сувязі страцілі сваё ранейшае значэнне і не маглі больш выконваць ролю таго падмурка, на якім грунтавалася сістэма ўлады і кіравання. Больш таго, наяўнасць веча ў якасці галоўнага інструмента ўлады гаворыць аб тым, што гэта была слабая ўлада, прычым прамежкавая па сваёй сутнасці. З аднаго боку, веча працягвала выконваць пэўныя ўладныя паўнамоцтвы агульнага сходу суродзічаў. Але разам з тым на вечы панавала багатая ў маёмасных адносінах частка абшчыннікаў, і менавіта яна выбірала з свайго складу вышэйшых службовых асобаў – пасаднікаў, тысяцкіх, ваяводаў і г. д. Гэты факт пацвярджае, што сярод славян была пашырана маёмасная дыферэнцыяцыя. Такім чынам, у ўсходніх славян на момант запрашэння на княжанне існавалі ўсе «класічныя» перадумовы для фармавання «класічнай» дзяржавы.

Такім чынам, дзяржаўна-арганізаванае грамадства ва ўсходніх славян фармуецца ў выніку тых жа самых сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў, якія прывялі да ўзнікнення дзяржавы ў іншых народаў і аб якіх ужо ішла размова. Разам з тым, у стварэнні якасна новай сістэмы кіравання ў дзяржаўна-арганізаваным грамадстве ўсходніх славян рашаючую ролю выканаў інстытут «запрашэння на княжанне». Яго можна разглядаць у якасці завяршаючага тэхналагічнага працэсу, які дазволіў нашым продкам годна выйсці са складаных сацыяльна-эканамічных супярэчнасцяў, з якімі яны сутыкнуліся ў выніку развіцця таварна-грашовых адносінаў, стварыць якасна новую форму ўлады і забяспечыць з яе дапамогай цэласнасць грамадства.

Факт «запрашэння на княжанне», на нашу думку, ніколькі не прыніжае годнасці славян у справе дзяржаўнага будаўніцтва. Наадварот, нашы продкі гэтым самым запрашэннем больш глыбока зразумелі сутнасць дзяржавы ў якасці нейтральнай, «трэцяй сілы», якая б стаяла над унутранымі супярэчнасцямі, не была звязана з супярэчнасцямі паміж рознымі сацыяльнымі групамі кроўнымі сувязямі. Такой нейтральнай сілай і сталі запрошаныя варагі, якія склалі ядро (ці значную яго частку) асаблівай прафесійнай групы кіраўнікоў, што сталі ажыццяўляць не супадаючую з усім насельніцтвам публічную ўладу. Акрамя гэтага, пры «запрашэнні на княжанне» ўсходнія славяне кіраваліся і іншымі матывамі, сярод якіх не апошнюю ролю адыгрывалі вайсковыя веды і навыкі скандынаваў, іх здольнасці ў арганізацыі вайсковых паходаў, асабліва воднымі шляхамі, якія скандынавы ведалі дасканала. Скандынавы добра ведалі таксама гандлёвыя справы і маглі іх наладзіць у Кіеве, іншых гарадах-княствах усходніх славян.

Узнікненне дзяржаўна-арганізаванага грамадства ў усходніх славян уяўляе цікавасць і з пункту гледжання той ролі, які мае лішкавы прадукт у фармаванні дзяржавы ўвогуле. Вядома, што варагі рэгулярна здзяйснялі ваенныя набегі на славянскія землі і рабавалі іх. Запрасіўшы варагаў на княжанне, нашы далёкія продкі як бы пагадзіліся добраахвотна, легальна, на «прававых падставах» перадаваць частку лішкавага прадукту варагам, забяспечваць жыццядзейнасць князя і яго дружыны на сталай падставе. Але ўзамен яны атрымалі тавар іншага кшталту – паслугі (працу) па ажыццяўленню ўлады і кіравання, па ажыццяўленню правасуддзя і абароне сваіх земляў ад розных ворагаў, у тым ліку і ад іншых варагаў.

У сувязі з гэтым можна правесці параўнаўчы аналіз узнікнення дзяржаўна-арганізаванага грамадства ў усходніх славян і ў тых германцаў, якія заснавалі дзяржаўныя ўтварэнні на руінах Заходняй рымскай імперыі, так званыя «варварскія каралеўствы», прыкладам якіх з’яўляецца дзяржава ў франкаў. Франкі прыйшлі на тэрыторыю Паўночна-Заходняй Галіі як заваёўнікі і як пераможцы заснавалі там новую дзяржаву. У ўсходніх славян на момант запрашэння варагаў дзяржавы не было. Франкі разбурылі рымскую дзяржаву, прынамсі, на тэрыторыі Галіі. Варагі на тэрыторыі пражывання ўсходніх славян не разбуралі дзяржаўных утварэнняў, яны сталі той дзяржаваствараючай сілай, вакол якой узніклі першасныя дзяржавы-княствы на тэрыторыі ўсходніх славян. Франкі запазычылі многія дзяржаўныя інстытуты разбуранай імі рымскай дзяржавы, хаця маглі гэтага і не рабіць. Варагі вымушаны былі прыняць умовы ўсходніх славян «старыны не рушыці», але выкарысталі ў справе пабудовы дзяржавы практычна ўсе свае веды і інстытуты, прынамсі, у арганізацыі вайсковай справы і ажыццяўленні правасуддзя, але вымушаны былі іх, безумоўна, адаптаваць да рэальнасцяў жыцця ўсходніх славян.