1. Паходжанне дзяржавы; прыметы дзяржавы, якія адрозніваюць яе ад першабытнага грамадства
^ Вверх

1. Паходжанне дзяржавы; прыметы дзяржавы,
якія адрозніваюць яе ад першабытнага грамадства

 

Дзяржава – з’ява гістарычная, яна ўзнікае ў выніку пераўтварэнняў, якія адбыліся ў эканамічнай і сацыяльнай сістэмах грамадства, у арганізацыі кіравання і ажыццяўленні ўлады. Гэтыя змены адбыліся ў ходзе неалітычнай рэвалюцыі, якая праводзіць свое­асаблівую мяжу паміж «класічным» першабытным грамадствам і тым грамадствам, якое мы называем дзяржаўна-арганізаваным, альбо дзяржавай. Вядома, што ў ходзе неалітычнай рэвалюцыі чалавек перайшоў ад прысвойваючай да вытворчай эканомікі, г. зн. ад палявання, рыбалоўства і збіральніцтва да земляробства і жывёлагадоўлі, ад эканомікі, заснаванай на прысваенні дадзеных прыродай раслінных і жывёльных форм, да сапраўднай працоўнай дзейнасці, якая была скіравана на пераўтварэнне прыроды і вытворчасць ежы, утварэнне новых раслінных і жывёльных форм.

Вытворчая эканоміка – гэта эканоміка актыўнага ўмяшання чалавека ў навакольнае асяроддзе з дапамогай новых, больш дасканалых сродкаў вытворчасці і прыладаў працы. Перамены ў вы­творчым жыцці грамадства садзейнічалі росту вытворчасці працы, з’яўленню лішкавага прадукту.

Неалітычная рэвалюцыя абумовіла і значныя перамены ў сацыяльным жыцці першабытнага грамадства, істотна памяняла яго сацыяльную структуру. З’яўленне ў жыцці першабытнага грамадства новых відаў дзейнасці, перш-наперш вытворчай, запатрабавала спецыялізацыі асобных груп людзей на іх выкананні. Гэта прывяло да фармавання ў грамадстве асобных сацыяльных груп, якія вылучаліся з супольнасці наяўнасцю адметных «прафесійных» і сацыяльных інтарэсаў. Такім чынам, у выніку неалітычнай рэвалюцыі сацыяльная структура першабытнага грамадства значна ўскладнілася.

Акрамя гэтага, вытворчая эканоміка, якая аб’ектыўна прывяла да далейшага падзелу грамадскай працы, значна ўскладніла і задачы па арганізацыі вытворчасці і кіраванню вытворчымі працэсамі. Яна прывяла да з’яўлення новых, невядомых раней кіраўнічых функцый. Са складу супольнасці ўжо ў гэты час пачынаюць выдзяляцца групы арганізатараў вытворчасці, групы людзей, якія вялі ўлік працы і ажыццяўлялі кантроль за выкананнем працоўных функцый.

Значныя змяненні ва ўсіх сферах грамадскага жыцця адбыліся пасля трох буйных падзелаў грамадскай працы, якія па сваёй сутнасці азначалі з’яўленне ў жыцці першабытнага чалавека спецыялізацыі ў вытворчай дзейнасці. Прычым на першасных этапах спецыялізацыя мела хутчэй за ўсё стыхійны характар і была абумоўлена прыроднымі (геаграфічнымі і кліматычнымі) умовамі існавання асобных родаў і плямёнаў. Першы падзел грамадскай працы – аддзяленне жывёлагадоўлі ад земляробства, другі – аддзяленне рамяства ад земляробства, трэці – адасабленне групы людзей, якія сталі займацца гандлем таварамі, г. зн. гандляроў.

Непасрэдным следствам трох буйных падзелаў грамадскай працы стала якасная маёмасная няроўнасць сярод людзей, сутнасць якой у тым, што пэўныя групы насельніцтва пачынаюць спецыялізавацца выключна (альбо пераважна) на нейкім адным відзе вы­творчай дзейнасці, яны як бы «манапалізуюць» пэўную вытворчую дзейнасць, фармуецца спецыялізацыя вытворчасці. З аднаго боку, яна садзейнічае значнаму павышэнню вытворчасці працы, а з другога – натуральна прыводзіць да тавараабмену. Прычым у выніку першага буйнога падзелу грамадскай працы, што адбыўся пераважна паміж рознымі родамі і плямёнамі, складваецца рэгулярны міжродавы і міжпляменны тавараабмен, другі буйны падзел грамадскай працы садзейнічае пранікненню сістэматычнага тавараабмену непасрэдна ў род і племя. Усё гэта непазбежна прыводзіць да колькаснай маёмаснай няроўнасці спачатку паміж родамі і плямёнамі, а пасля і ўнутры іх. Адбываецца пераразмеркаванне лішкавага прадукту на карысць найбольш уплывовых груп насельніцтва, асобных сем’яў, старэйшын, военачальнікаў, жрацоў, так званай «родавай арыстакратыі». Да таго ж рэгулярны тавараабмен лагічна прыводзіць да перамешвання насельніцтва, бо людзі рухаюцца разам з таварамі.

Заканамерным вынікам адзначаных працэсаў, якія доўжыліся тысячагоддзі, стала фармаванне якасна новага, у параўнанні з першабытным, грамадства, якое мы называем дзяржаўна-арганізаваным, або дзяржавай.

У гэтым грамадстве пануюць якасная і колькасная маёмасная няроўнасці, а значыць, існуе і сацыяльная напружанасць (у тым ліку і барацьба) паміж багатымі і беднымі.У гэтым грамадстве няма адзіных для супольнасці багоў, ідалаў, культаў, бо побач пражываюць прадстаўнікі розных родаў і плямёнаў. Значыць, у гэтым грамадстве ўжо не можа існаваць першабытная сістэма кіравання,ажыццяўлення ўлады, бо нельга ва ўмовах існавання розных, часта супярэчлівых інтарэсаў людзей і іх груповак знайсці «агульную мову», агульны аўтарытэт, прыняць рашэнне, якое б задавальняла ўсю супольнасць. Ды і ажыццяўляць кіраванне супольнасцю на «грамадскіх пачатках» немагчыма. Кіраванне пераўтвараецца ў самастойную складаную функцыю грамадства, якаяпатрабуе пэўнай кваліфікацыі, пэўнага часу і пэўнага матэрыяльнага забеспячэння тых, хто яе ажыццяўляе.

Дзяржаўна-арганізаванае грамадства (дзяржава) адрозніва­ецца ад першабытнага грамадства наступнымі прыметамі.

1. Гэта сацыяльна-неаднароднае грамадства, у якім побач су­існуюць самыя розныя групы людзей, занятыя разнастайнымі відамі чалавечай дзейнасці, са сваімі часта супрацьлеглымі інтарэсамі. Інтарэсы, галоўнымі сярод якіх з’яўляюцца матэрыяльныя, аб’ядноўваюць іх у супольнасць, нейкае адзінае цэлае, і гэтыя ж самыя інтарэсы ніколі не аб’яднаюць іх, не прывядуць да аднолькавага, аднастайнага міраўспрымання і дзеяння.

2. Гэта грамадства, у якім усе індывіды падзяляюцца перш-наперш па тэрыторыі пражывання. Прыналежнасць да роду, племені, якое ў першабытным грамадстве мела першаснае значэнне для індывіда, вызначала яго ролю і месца ў вытворчым працэсе і размеркаванні матэрыяльных каштоўнасцей, адсоўваецца на другое і трэцяе месцы па значнасці сярод сацыяльных сувязей.

3. Гэта грамадства, у якім фармуецца якасна новая, у параў­нанні з першабытным грамадствам, сістэма кіравання і ажыццяўлення ўлады. У новых умовах улада не ў стане выражаць і задавальняць у роўнай меры інтарэсы ўсіх індывідаў, іх груп, бо гэтыя інтарэсы не супадаюць. Для ажыццяўлення ўлады і кіравання, што выдзяляюцца ў самастойную функцыю супольнасці, фармуецца асобная група людзей, якія прафесійна займаюцца кіраваннем супольнасцю. Для ажыццяўлення ўлады і кіравання ўтвараецца асобны апарат кіравання – органы дзяржавы і дзяржаўныя ўстановы, якія надзяляюцца ўладнымі паўнамоцтвамі.

4. Гэта грамадства, ажыццяўленне ўлады і кіравання ў якім патрабуе матэрыяльна-фінансавага забеспячэння. Паколькі дзяржаўны апарат ніякай вытворчай дзейнасцю не займаецца, яго па­трэбна ўтрымліваць за кошт сродкаў супольнасці. Сродкі гэтыя збіраюцца з насельніцтва ў выглядзе падаткаў і іншых збораў.

Толькі ў сукупнасці вышэйазначаныя прыметы дазваляюць адрозніць дзяржаўна-арганізаванае грамадства (дзяржаву) ад першабытнага, бо ў іх у канцэнтраваным выглядзе ўтрымліваюцца ўсе найбольш істотныя рысы дзяржавы. Разам з тым у навуковай і вучэбнай літаратуры дзяржаву разумеюць і ў больш вузкім сэнсе слова, зводзяць яе практычна да якасна новай сістэмы кіравання, ажыццяўлення ўлады ва ўмовах сацыяльна неаднароднага грамадства. У метадалагічных адносінах такі падыход нельга прызнаць пра­вільным. Справа ў тым, што кіраванне і ўлада як самастойныя функцыі супольнасці абумоўліваюцца ўсёй сістэмай сацыяльна-эканамічных адносін, развіваюцца і змяняюцца пад іх уплывам. У адрыве ад іншых бакоў супольнага існавання кіраванне і ўлада не існуюць. Сутнасць іх можа быць даследавана толькі пры ўмове шырокага сацыяльнага падыходу.

Разам з тым, у вучэбных мэтах звужэнне паняцця дзяржавы да асаблівай сістэмы кіравання і ўлады ва ўмовах сацыяльна-неаднароднага грамадства не можа выклікаць нараканняў. Важна пры гэтым захаваць разуменне сутнасці з’явы пад назвай «дзяржава».