1.2. Праблемы вызначэння відавога складу крыніц беларускага права
Сярод беларускіх навукоўцаў не існуе паразумення па пытанні аб відах, «наборы» крыніц сучаснага беларускага права. Так, Драбязка С.Р. і Казлоў В.С да ліку крыніц права адносяць нарматыўны прававы акт, прававы звычай, судовы прэцэдэнт, агульныя прынцыпы права, нарматыўны дагавор, рэлігійныя тэксты, і прававыя дактрыны [38, с. 149–160]. Вішнеўскі А.Ф., Гарбаток М.А., Кучынскі У.А. лічаць, што крыніцамі права ўвогуле з’яўляюцца прававы звычай, нарматыўны прававы акт, юрыдычны прэцэдэнт, дагавор з нарматыўным зместам, юрыдычныя дактрыны, рэлігійныя пісанні. Вышэй згаданыя навукоўцы ўзгадваюць і прынцыпы права ў якасці крыніц права, але крыніцамі беларускага, як дарэчы і расійскага, права лічаць толькі тры з пералічаных крыніц права – прававы звычай, дагавор нарматыўнага зместу, нарматыўны прававы акт [39, с. 344*350]. Лазараў В.В. і Ліпень С.В. называюць і характарызуюць сем крыніц права: нарматыўны прававы акт, нарматыўны дагавор, судовы і адміністрацыйны прэцэдэнт, прававы звычай, рэлігійныя догмы, юрыдычную навуку і прынцыпы права [40, с. 181–200]. Г.А. Васілевіч сярод важнейшых крыніц беларускага права называе нарматыўны прававы акт, прававы звычай, судовы прэцэдэнт, юрыдычную дактрыну, прынцыпы права [41, с. 3–4 ].
Не існуе аднастайнасці ў вызначэнні набору крыніц беларускага права і сярод прадстаўнікоў галіновых юрыдычных навук. Так, аўтары трохтомнага курса «Грамадзянскае права» лічаць, што гістарычна да асноўных крыніц грамадзянскага права адносяцца нарматыўны прававы акт, прававы звычай і судовы прэцэдэнт [42, с. 59]. У падручніку «Працоўнае права» ў склад крыніц працоўнага права Рэспублікі Беларусь уключаюцца нарматыўныя прававыя акты, у тым ліку Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь, акты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ведамасныя і лакальныя нарматыўныя прававыя акты, агульнапрызнаныя прынцыпы міжнароднага права, нарматыўныя пагадненні, акты Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь. У той жа час аўтары дадзенага выдання лічаць, што судовы прэцэдэнт крыніцай права, у тым ліку працоўнага права, не з’яўляецца [43, с. с.96–115]. А.А. Піліпенка да крыніц фінансавага права Рэспублікі Беларусь адносіць нарматыўныя прававыя акты нацыянальнага права, а таксама дзве катэгорыі міжнародна-прававых норм: агульнапрызнаныя прынцыпы міжнароднага права і міжнародныя дагаворы [44, с. с.96–106].
Аўтарам дадзенай манаграфіі ў сярэдзіне дзевяностных гадоў мінулага стагоддзя было выказана меркаванне аб наяўнасці ў кожнай з прававых сістэм наступных відаў крыніц права: прававога звычая, прававога прэцэдэнта, дагавора нарматыўнага зместу, дактрыны (навукі), свяшчэннага пісання (царкоўных нормаў) і нарматыўнага прававога акта. Прычым, была зроблена выснова аб тым, што ўсе гэтыя крыніцы права ў розных суадносінах выкарыстоўваліся ў раней існаваўшых і выкарыстоўваюцца ў зараз дзеючых прававых сістэмах [45]. Адзначаныя віды крыніц права, як сведчыць гісторыя права, дазваляюць замацаваць і належным чынам выкласці ўвесь спектр нормаў дзеючага пазітыўнага права.
Кожная з азначаных крыніц права, па-першае, найбольш адэкватна адлюстроўвае асобныя бакі рэгулюемых грамадскіх адносінаў, а, па-другое, з’яўляецца найбольш прыдатнай для ўздзеяння на сацыяльныя сувязі ў тых ці іншых гістарычных умовах. Прававы звычай найбольш прыдатны для рэгулявання грамадскіх адносінаў, якія характарызуюцца стабільнасцю і кансерватызвам ва ўмовах паступовага, эвалюцыйнага развіцця грамадства, права і дзяржавы. Наадварот, нарматыўны прававы акт і дагавор нарматыўнага зместу найбольш адметна выяўляюць свае ўласцівасці ва ўмовах пастаяннага развіцця і зменлівасці грамадскіх адносінаў, калі патрэбна дакладна акрэсліць тэндэнцыі ў развіцці сацыяльных сувязяў. Дактрына (навука) звычайна з’яўляецца найбольш спрыяльнай крыніцай права ва ўмовах гістарычных катаклізмаў, калі тэрмінова патрэбна запоўніць «прававы вакуум». Прававы прэцэдэнт найбольш спрыяльная крыніца нормаў права ў так званых адкрытых прававых сістэмах, дзе дакладна не акрэслена сфера дзеяння права. Яго выкарыстоўваюць таксама пры неабходнасці выправіць недахопы ў прававым рэгуляванні грамадскіх адносінаў іншымі крыніцамі права і ў мэтах адаптацыі дзеючай сістэмы права да зменлівай рэчаіснасці без карэннай «ломкі» і пастаянных зменаў асноўных крыніц права.
Паколькі ў айчыннай юрыдычнай навуцы выказваюцца і іншыя меркаванні адносна відавага складу крыніц права, разгледзім шэраг спрэчных аспектаў дадзенай праблемы. Нельга адначасова ўключаць у пералік крыніц права як прынцыпы права, так і прававую дактрыну (навуку).
Па-першае, прынцыпы права існуюць у двух формах – у форме навуковых (дактрынальных) высноў, ідэй і палажэнняў, альбо ў форме (вопратцы) іншых дзеючых крыніц права. У сучасных прававых сістэмах прынцыпы права, як правіла, замацоўваюцца ў нарматыўных прававых актах, але сустракаецца іх замацаванне і ў іншых крыніцах права, напрыклад, дагаворах нарматыўнага зместу, прававых звычаях і г.д. Калі размова ідзе аб афіцыйным выкарыстанні ў праватворчай ці правапрымяняльнай дзейнасці прынцыпаў права ў форме навуковых ідэй, высноў, палажэнняў, мы па сутнасці маем справу з дактрынай (навукай) у якасці крыніцы права. А калі размова ідзе аб выкарыстанні прынцыпаў права, якія ўжо замацаваны ў дзеючых крыніцах права, мы маем справу не з навукай у якасці крыніцы права, а з іншымі відамі крыніц права – нарматыўным прававым актам, дагаворам нарматыўнага зместу, прававым звычаем і г.д.
Па-другое, прынцыпы права, якія існуюць у форме навуковых ідэй, высноў і палажэнняў, складаюць толькі частку той рэальнасці, якую мы звыкла называем прававой навукай (дактрынай). Прававая навука (дактрына) па аб’ёме ўяўляе больш шырокую з’яву і ўключае, акрамя прынцыпаў права, навуковыя палажэнні іншага характару і зместу. У гэтых варунках было б нелагічна частку прававой дактрыны – прававыя прынцыпы – вылучаць у якасці самастойнай крыніцы права побач з іншымі відамі крыніц права – дактрынальнымі (навуковымі) палажэннямі, якія па нейкіх прычынах не ўваходзяць у склад прававых прынцыпаў, як было б, напрыклад, нелагічным лічыць закон у строга юрыдычным сэнсе слова – асобны акт, выдадзены парламентам – самастойнай крыніцай права побач з яшчэ адным відам крыніц права – нарматыўным прававым актам.
Такім чынам, нейкай асобнай крыніцы права пад назвай «прынцыпы права» (ці прававыя прынцыпы) не існуе. Тыя прыкметы і адметнасці прынцыпаў права, якія звычайна ўзгадваюцца пры доказе таго, што дадзеная прававая рэальнасць можа быць аднесена да складу крыніц права, як бы «раствараюцца» сярод прымет і адметнасцей іншых крыніц права, ахопліваюцца імі настолькі, што не застаецца такіх спецыфічных параметраў у прынцыпах права, якія б сведчылі на карысць іх вылучэння ў якасці самастойнай крыніцы права побач з іншымі відамі крыніц права.
Зварот да навукі міжнароднага права таксама сведчыць на карысць зробленай высновы. Нягледзячы на тое, што ў артыкуле 38 Статута Міжнароднага Суда ААН (п.1 «с») узгадваюцца агульныя прынцыпы міжнароднага права, якія прызнаюцца цывілізаванымі нацыямі, – тым не менш, адзначаюць Коласава Ю.М. і Кузняцова В.І., «...нет каких-либо международно-правовых актов, которые определяли бы, что следует понимать под общими принципами права. Поскольку международное право и внутригосударственное право являются двумя различными правовыми системами, то общими принципами должны быць такие принципы, которые действительно являются общими для этих систем. Эти принципы не могут носить правового характера, то есть быть правовыми нормами, поскольку правовых норм, общих и для международного, и для внутреннего права, нет. <…> Принципы международного права формируюцца обычным и договорным путём» [46, С. 27–30 ].
Праўда, у міжнародным праве існуюць прынцыпы міжнароднага права, якія дакладна сфармуляваны і змешчаны ў агульнапрызнаных крыніцах дзеючага міжнароднага права і лічацца агульнаабавязковымі для тых удзельнікаў міжнародна-прававых адносінаў, на якіх распаўсюджваюцца гэтыя крыніцы міжнароднага права. Сярод іх можна адзначыць, напрыклад, Статут ААН і Дэкларацыю аб прынцыпах міжнароднага права, якія тычацца сяброўскіх адносінаў і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ў адпаведнасці са Статутам ААН ад 24 кастрычніка 1970 года.
Сказанае азначае, такім чынам, што і ў міжнародным праве прынцыпы права з’яўляюцца крыніцамі дзеючага права толькі пасля таго, як яны набываюць форму прававога звычая ці міжнароднага дагавора – асноўных крыніц міжнароднага права. Тыя ж прынцыпы права, якія фармулюцца ў навуцы (дактрыне) міжнароднага права і выкарыстоўваюцца пры распрацоўцы, прыняцці і выкананні міжнародных дагавораў, пры тлумачэнні зместу міжнародна-прававых нормаў, выконваюць тую ж самую ролю, што і юрыдычная навука (дактрына) ўнутры пэўных нацыянальных прававых сістэм пры праватворчасці і правапрымяненні.
Праўда, аўтары ўзгаданага падручніка па міжнародным праве да агульных прынцыпаў права адносяць правілы юрыдычнай тэхнікі, напрыклад, спецыяльны закон адмяняе агульны закон (lех specialis derogat lex generalis), наступны закон адмяняе папярэдні (lех posterior derogat priori) і г.д. Але да таго часу, пакуль правілы юрыдычнай тэхнікі існуюць у форме пэўных навуковых (дактрынальных) палажэнняў, яны не маюць агульнаабавязковага характару. Калі ж правілы юрыдычнай (норматворчай) тэхнікі замацаваны ў нарматыўным прававым акце, як гэта было зроблена, напрыклад, у Рэспубліцы Беларусь ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб мерах па ўдасканаленні норматворчай дзейнасці» [47], то яны набываюць якасці такой крыніцы права, як нарматыўны прававы акт.
Прыкладна такую ж пазіцыю адносна выдзялення прынцыпаў права ў якасці самастойнай крыніцы міжнароднага права займаюць і аўтары беларускага дапаможніка па міжнародным праве, якія адзначаюць, што «…любые принципы международного права, так или иначе, находят свое воплощение в конкретных нормах договорного или обычного международного права. Следовательно, так или иначе, покрываются положениями п. 1а 1 b ст. 38 Статута Международного Суда ООН [48, с. 154]». Нагадаем, што ў п. 1а 1 b ст. арт. 38 Статута Міжнароднага Суда ААН у кола крыніц міжнароднага права, на падставе якіх Міжнародны Суд ААН абавязаны вырашаць справы, перададзеныя на яго разгляд, адносяцца: міжнародныя канвенцыі (як агульныя, так і спецыяльныя) і міжнародныя звычаі.
Цікавым і маладаследаваным на сённяшні дзень з'яўляецца пытанне аб уплыве і ролі рэлігіі (свяшчэннага пісання) на развіццё крыніц права, а таксама магчымасць выкарыстання кананічных (царкоўных) нормаў у якасці крыніцы нормаў права ў прававой сістэме Рэспублікі Беларусь.
Вядома, што рэлігія ўвогуле, свяшчэнныя кнігі, кананічныя (царкоўныя) нормы (правілы) аказвалі раней і аказваюць сёння значны ўплыў на развіцце права і яго крыніц у розных прававых сістэмах Прававыя сістэмы тых краін, дзе былі моцныя пазіцыі хрысціянскай царквы (напрыклад, у кантынентальнай Еўропе) сфарміраваліся і набылі сучасны выгляд у плане дзеючых крыніц права пад вельмі моцным уплывам хрысціянства, яго традыцый і норм [49]. Доўгі час, асабліва ў Сярэднія вякі, царкоўныя правілы (нормы) выкарыстоўваліся ў Еўропе ў якасці адной з вядучых, асноўных крыніц права побач ці паралельна з нормамі права, якія зыходзілі ад дзяржавы [50–51]. Вядома, што на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага, Жамойцкага і Рускага, а таксама Маскоўскай дзяржавы дзейнічалі такія крыніцы права, як Прахірон і Намаканон (Кормчая кніга) – звод правілаў паводзінаў сістэматызаванага характару, у якім былі змешчаны нормы свецкай і царкоўнай улады. Кормчая кніга з’яўлялася адной з вядучых крыніц права і дзейнічала на працягу некалькіх стагоддзяў. Частка нормаў кананічнага (царкоўнага) права знайшла замацаванне ў Статутах Вялікага княства Літоўскага 1529, 1566 і 1588 гг.
На развіццё сучаснай прававой сістэмы Рэспублікі Беларусь і крыніц права значны уплыў аказвае Беларуская Праваслаўная Царква. Хрысціянскія каштоўнасці традыцыйна з’яўляюцца важнай складовай часткай ладу жыцця беларусаў, іх думак, паводзінаў. Значна ўзраслі роля, аўтарытэт і уплыў Беларускай Праваслаўнай царквы на жыццё сучаснай беларускай супольнасці. Гэта не магло на паўплываць на развіццё прававой сістэмы Беларусі. Можна зафіксаваць і акрэсліць тэндэнцыю, згодна з якой праваслаўныя каштоўнасці і правілы (нормы) паводзінаў пачалі аказваць уплыў на развіццё і эвалюцыю крыніц беларускага права. У прыватнасці значны уплыў на развіццё такой крыніцы права, як дагавор нарматыўнага зместу, аказвае Пагадненне аб супрацоўніцтве, якое было заключана паміж Беларускай Праваслаўнай Царквой і Рэспублікай Беларусь [52, с.7-10]. Дадзенае пагадненне заклала своеасаблівы прававы падмурак у развіццё дагаворна-прававой базы паміж беларускай дзяржавай і Беларускай Праваслаўнай Царквой.
На падставе дадзенага Пагаднення былі распрацаваны і прыняты ва ўстаноўленым парадку: а) Праграма супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой; б) Праграма супрацоўніцтва Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Беларускай Праваслаўнай Царквы; в) Праграма супрацоўніцтва Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквы ў галіне культуры і творчай дзейнасці, ахове, аднаўленні і развіцці гістарычнай і культурнай спадчыны; г) Праграма супрацоўніцтва Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквы; д) Праграма супрацоўніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквы; е) Праграма супрацоўніцтва Міністэрства аховы здароў’я і Беларускай Праваслаўнай Царквы; ж) Пагадненне паміж Міністэрствам спорта і турызму Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой; з) Праграма супрацоўніцтва Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, Камітэта па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквы па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя; і) Праграма супрацоўніцтва паміж Міністэрствам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой; к) Праграма супрацоўніцтва Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквы; л) Пагадненне аб супрацоўніцтве Беларускай Праваслаўнай Царквы і Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь і Праграма супрацоўніцтва Беларускай Праваслаўнай Царквы і Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь.
Акрамя вышэйзгаданых Пагадненняў і Праграм і на іх падстве, на мясцовым узроўні паміж абласнымі выканаўнымі камітэтамі і ўсімі епархіямі Беларускай Праваслаўнай Царквы былі распрацаваны і паспяхова рэалізуюцца Праграмы мер па выкананні Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой.
Аналіз згаданых Пагадненняў і Праграм дае падставы сцвярджаць тое, што на іх змест вялікі ўплыў аказала Свяшчэннае пісанне і царкоўныя (кананічныя) нормы. І больш таго, многія палажэнні Пагадненняў і Праграм не могуць быць здзейснены без уліку і выкарыстання царкоўных каштоўнасцей і правілаў (нормаў) паводзінаў. Такім чынам, можна сцвярджаць, што ў апошні час назіраецца пашырэнне выкарыстання кананічных (царкоўных) норм у якасці своеасаблівага «прававога матэрыялу» пры стварэнні асобных відаў крыніц права ў прававой сістэме Рэспублікі Беларусь, у прыватнасці, унутрыдзяржаўных дагавораў нарматыўнага зместу.
Але хрысціянскія каштоўнасці і нормы (правілы) паводзінаў аказваюць не толькі апасродкаваны, «ускосны» ўплыў на развіццё сучаснага беларускага права, правовой сістэмы, правасвядомасці і прававой культуры беларускага грамадства, змену ў характары і змесце асобных відаў крыніц права. Можна прывесці і канкрэтны прыклад выкарыстання царкоўных (кананічных) норм у якасці дадатковай крыніцы дзеючага беларускага права.
Так, згодна з артыкулам 147 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь [53] работа не ажыццяўляецца ў дзяржаўныя святы і святочныя дні, якія ўстаноўлены і аб’яўлены Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь непрацоўнымі. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 г. № 157 у рэдакцыі Указа ад 12 мая 1999 г. № 268 «Аб дзяржаўных і святочных непрацоўных днях» [54] адным з такіх дзён аб’яўлена Радаўніца (па праваслаўным каляндары). І калі ўсе дзяржаўныя, святочныя і непрацоўныя дні пазначаны ва Указе Прэзідэнта канкрэтнай датай, то Радаўніца ўпамінаецца ў якасці непрацоўнага дня без указання канкрэтнай даты. Чаму? Таму што згодна з царкоўнымі (кананічнымі) нормамі для Радаўніцы не вызначана дакладная і канкрэтная дата. Згодна з царкоўнымі нормамі і традыцыямі Радаўніца адзначаецца ў аўторак другога (Фаміновага) тыдня пасля Вялікадня. Вялікдзень – свята, якое мае перасоўны характар і штогод мяняе сваю канкрэтную дату, у мэтах дакладнага вызначэння якой у 325 годзе па Н.Х. на Усяленскім Нікейскім Саборы была сфармулявана норма (правіла): « На основании новозаветного учения о седьмом дне, решено, что христианскую Пасху нужно всегда праздновать в воскресенье. Наконец, решено, что для указания времени года, в котором надлежит праздновать христианскую Пасху, должно всегда служить первое полнолуние после весеннего равноденствия. На основании всего этого объявлено следующее решение: 1) христианскую Пасху должны все праздновать в воскресенье, 2) воскресенье должно приходиться после первого полнолуния, наступающего после весеннего равноденствия, 3) если случится, что в тоже воскресенье придется и иудейская пасха, то христианская Пасха должна праздноваться в следующее за тем воскресенье» [55, с. 53].
Такім чынам, канкрэтная дата непрацоўнага дня, у які адзначаецца Радаўніца, вызначаецца на падставе нормы права, якая сфармулявана ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 мая 1999 г. № 268 і на падставе царкоўных (кананічных) нормаў, з дапамогай якіх вызначаецца канкрэтная дата Вялікадня і Радаўніцы. Прычым норма, якая сфармулявана ў Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца першаснай нормай (першаснай крыніцай права), а царкоўныя (кананічныя) нормы могуць быць аднесены да другасных нормаў (дадатковая крыніца права). Без нормы права, якая сфармулявана ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, царкоўныя нормы не маюць агульнаабавязковага значэння. У той жа самы час без царкоўных нормаў не можа быць рэалізавана і норма Указа. Дадзеныя нормы дзейнічаюць і рэалізуюцца толькі ў арганічнай спалучанасці. Зразумела, што да ўвядзення ў дзеянне вышэйадзначанага Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, калі непрацоўнымі днямі ў Беларусі былі другі дзень Вялікадня па праваслаўнаым (юліянскім) і каталіцкім (грыгарыянскім) каляндары, колькасць нормаў (правілаў) царкоўнага (кананічнага) характару, якія выкарыстоўваліся ў якасці другасных нормаў права пры вызначэнні канкрэтных непрацоўных дзён была большай.
У сучаснай расійскай і беларускай юрыдычнай навуцы ўвагу шырокага кола навукоўцаў прыцягвае такая крыніца права, як прававы прэцэдэнт. Былі выказаны самыя розныя меркаванні наконт магчымасці выкарыстання прэцэдэнта ў прававой сістэме Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Спектр выказаных поглядаў выглядае даволі страката: ад безумоўнага прызнання прэцэдэнта крыніцай сучаснага права ў гэтых прававых сістэмах да іх адмаўлення, з прамежкавымі пазіцыямі аб правапалажэннях і прававой практыцы, якія з’яўляюцца крыніцамі права.
Праблемы прававога прэцэдэнта і магчымасцяў яго выкарыстання ў якасці крыніцы сучаснага беларускага права будуць разгледжаны падрабязна ў асобнай главе дадзенай манаграфіі, а зараз адзначым, што аўтарам дадзенай манаграфіі яшчэ на самым досвітку фарміравання сучаснага беларускага права і нацыянальнай прававой сістэмы ў манаграфіі, прысвечанай тэорыі закона [56], і ў дысертацыі на спашуканне навуковай ступені доктара юрыдычных навук [57–58], былі сфармуляваны філасофска-метадалагічныя падставы і тэарэтычныя палажэнні аб сістэме крыніц права і іх іерархіі ва ўмовах абвяшчэння і замацавання на канстытуцыйным узроўні прынцыпу падзелу ўлады, у тым ліку і меркаванні аб выкарыстанні прэцэдэнта ў якасці крыніцы айчыннага права. У прыватнасці, пры даследаванні праблемы адлюстравання і замацавання заканамернасцяў рэгулюемых грамадскіх адносінаў у законе і іншых крыніцах права, была зроблена выснова аб тым, што пры рэгуляванні грамадскіх адносінаў кожная з вядомых крыніц права займае сваю адметную нішу і ўздзейнічае на тыя ці іншыя бакі сацыяльных сувязяў. Так, напрыклад, закон (нарматыўны прававы акт) зарыентаваны галоўным чынам на заканамернасці, якія ўжо сфарміраваліся і якім падпарадкоўваецца развіццё і функцыянаванне грамадскіх адносінаў, а ў падмурку прэцэдэнта як асобнай крыніцы права заўсёды знаходзіцца канкрэтная праява існуючых заканамернасцяў, іншымі словамі, канкрэтная жыццёвая справа, сітуацыя, – неад’емная праява і форма існавання заканамернасці – вырашэнне ці разгляд якіх адпаведнымі судовымі (іншымі юрысдыкцыйнымі інстанцыямі) прыводзіць да фарміравання агульнаабавязковага правіла паводзінаў як для субьектаў разглядаемай справы, так і для іншых суб’ектаў права. І менавіта гэтым вельмі важным момантам прэцэдэнт адрозніваецца ад падобных да яго прававых з’яў.
Такім чынам, з прэцэдэнтам мы сутыкаемся не пры абагульненні судовай практыкі па асобных аднародных справах і судовай статыстыкі ў той ці іншай форме, не пры фармуляванні правапалажэнняў вышэйшымі судовымі інстанцыямі Рэспублікі Беларусь, не пры тлумачэнні дзеючых нормаў права і тым больш не пры выказванні меркаванняў прававога характару, нават аўтарытэтнымі дзяржаўнымі структурамі. Аналіз тых прававых сітуацый, якія абумоўліваюць фармуляванне і існаванне правапалажэнняў, што нагадваюць прававы прэцэдэнт – агульны, абстрактны характар норм права; наяўнасць у заканадаўстве ацэначных паняццяў; наяўнасць прабелаў у пазітыўным праве і г.д. – згодна з вышэйвыказанымі меркаваннямі, дае падставы сцвярджаць, што прэцэдэнт у яго «класічнай праяве» у беларускай прававой сістэме можа быць створаны толькі пры прабельнасці ў дзеючым праве, калі, па-першае, у дзеючым праве адсутнічаюць патрэбныя нормы пазітыўнага права і судовая ўстанова павінна запаўняць прабел шляхам стварэння патрэбнай нормы права (правапалажэння), па-другое, калі створаная ў такім парадку норма права (правапалажэнне) будзе выкарыстана, запазычана іншай судовай інстанцыяй пры разглядзе аналагічнай справы.
Прычым, вельмі важна падкрэсліць тую акалічнасць, што пры стварэнні прэцэдэнта, мае прынцыповае значэнне не толькі рашэнне пэўнай судовай інстанцыі ў форме правапалажэння (нормы права), але і тое, што яно выкарыстоўваецца ў якасці ўзора іншымі судовымі інстанцыямі. Без выкарыстання правапалажэння (нормы права) іншымі судовымі інстанцыямі не можа быць завершаны працэс стварэння прэцэдэнта, не будзе завершаны, вобразна кажучы, прэцэдэнтны працэс. Справа тут у тым, што рашэнне суда, якое прынята ў выпадку прабельнасці пазітыўнага права, можа быць адменена вышэйстаячай судовай інстанцыяй. У дадзеным выпадку рашэнне пэўнай судовай інстанцыі застанецца толькі рашэннем гэтай судовай інстанцыі па канкрэтнай справе, але не будзе з’яўляцца прэцэдэнтам.
Дарэчы, і ў англасаксонскай прававой сям’і новы прэцэдэнт ствараецца тады, калі суд пры разглядзе канкрэтнай справы не знаходзіць у дзеючым праве канкрэтных нормаў права ў форме раней створаных прэцэдэнтаў, у прававых звычаях, дактрыне ці статутным праве і вымушаны самастойна фармуляваць прававую пазіцыю, на падставе якой ён будзе вырашаць прававы казус. Праўда, асаблівасці англійскага агульнага права не патрабуць таго, каб разглядаемая судом справа ўваходзіла ў сферу дзеяння права, іншымі словамі – мела прававую прыроду (прававы характар) і суд не абавязаны даказваць факт прабельнасці ў дзеючым праве. Калі захавана працэдура звароту да абароны інтарэсаў, суд абавязаны разгледзець справу па сутнасці і вынесці рашэнне.
***
Беларуская юрыдычная навука абапіраецца на заканамернасці развіцця і функцыяніравання нацыянальнага права і павінна забяспечыць развіццё прававой сістэмы і пазітыўнага права Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з характарам эканамічнай, сацыяльнай, палітычнай і ідэалагічнай сістэмы беларускага грамадства. Паняцце і азначэнне крыніц права ў якасці знешніх форм выражэння і замацавання норм права адпавядае прыродзе беларускага права, заснавана на дактрынальнай традыцыі, у межах якой развіваецца сучасная беларуская юрыдычная навука, знаходзіцца ў рэчышчы азначэння права, якое ўтрымліваецца ў беларускім заканадаўстве. Прапанаванае паняцце і азначэнне крыніц права з’яўляецца прыдатным для даследавання працэсаў праватворчасці, рэалізацыі і прымянення права, іншых складовых частак прававой сістэмы Рэспублікі Беларусь.
У беларускай прававой сістэме выкарыстоўваюцца традыцыйныя крыніцы пазітыўнага права – прававы звычай і прававы прэцэдэнт, прававая навука (дактрына) і свяшчэннае пісанне, дагавор нарматыўнага зместу і нарматыўны прававы акт. Прававы звычай і свяшчэннае пісанне скіраваны на стабілізацыю і кансервацыю існуючых грамадскіх адносінаў, нарматыўны прававы акт і дагавор нарматыўнага зместу забяспечваюць замацаванне і дзеянне асноўных тэндэнцый у развіцці грамадскіх адносінаў, а прававая дактрына (навука) і прававы прэцэдэнт, якія выкарыстоўваюцца ў мэтах адаптацыі дзеючай сістэмы права да зменлівай рэчаіснасці без карэнных зменаў асноўных крыніц права, – прыстасаванне дзеючага пазітыўнага права да зменлівай грамадскай рэчаіснасці, выпраўленне недахопаў у прававым рэгуляванні грамадскіх адносінаў іншымі крыніцамі права.