Прадмова
Праблемы крыніц права набываюць асаблівую актуальнасць ва ўмовах пабудовы суверэннай краіны і пры фарміраванні яе адметнай прававой сістэмы. Стварэнне эфектыўнай, сацыяльнай і прававой дзяржавы, функцыяніраванне і развіццё нацыянальнай прававой сістэмы патрабуюць усебаковага даследавання сістэмы і асобных відаў крыніц права, развіцця і ўдасканалення сістэмы заканадаўства, адлюстравання і навуковага асэнсавання працэсаў стварэння і сістэматызацыі пазітыўнага права. Даследаванне крыніц права складае ў гэтых умовах адзін з важнейшых накірункаў навуковых пошукаў, а нарматыўнае прававое замацаванне сістэмы крыніц пазітыўнага права па сваёй значнасці вылучаецца на першыя ролі.
Навуковая і практычная значнасць дадзенай праблематыкі дае падставы для высноў аб фарміраванні ў межах агульнай тэорыі права адносна самастойнай тэорыі крыніц пазітыўнага права. Менавіта тэорыя крыніц права дазваляе ў катэгорыях і паняццях выкласці прыроду крыніц права, вызначыць месца навуковых высноў і палажэнняў аб крыніцах права ў сістэме агульнатэарэтычных ведаў аб праве, акрэсліць праблемы, з якімі сутыкаецца сістэма дзеючага права, вызначыць шляхі і спосабы іх тэарэтычнага асэнсавання, а таксама прапанаваць шляхі заканадаўчага вырашэння існуючых праблем.
Рэспубліка Беларусь дасягнула значных поспехаў у справе нарматыўнага прававога замацавання сістэмы крыніц дзеючага пазітыўнага права, замацаванні механізмаў стварэння і сістэматызацыі права. У Асноўным законе краіны не толькі вызначаны і замацаваны сістэмна-прававыя асновы крыніц сучаснага беларускага права, але праведзены іх падзел на асобныя віды і падвіды. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь для азначэння крыніц сучаснага беларускага права выкарыстоўвае паняцце «нарматыўны акт». Дадзеным тэрмінам абазначаюцца як крыніцы нацыянальнага беларускага права, так і крыніцы міжнароднага прававога характару. Такім чынам, паняцце «нарматыўны акт» можна лічыць легальным абазначэннем усёй сістэмы крыніц сучаснага беларускага права.
Канстытуцыйныя палажэнні і ідэйна-прававыя пачаткі сістэмы крыніц нацыянальнага беларускага права былі канкрэтызаваны ў шэрагу значных нарматыўных прававых актаў, якія з’яўляюцца важнымі вехамі ў развіцці прававой сістэмы грамадства. Найперш можна адзначыць закон Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь [1]», які вызначае паняцце і віды нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь, замацоўвае агульны парадак іх падрыхтоўкі, афармлення, прыняцця (выдання), апублікавання, дзеяння, тлумачэння і сістэматызацыі. У 2002 годзе была распрацавана і ўведзена ў дзеянне Канцэпцыя ўдасканалення заканадаўства Рэспублікі Беларусь [2], якая з’яўляецца вельмі важным нарматыўным прававым дакументам для развіцця і ўдасканалення прававой сістэмы грамадства і крыніц пазітыўнага права. Надзвычай важна і тое, што на ўзроўні заканадаўчага акта ў нашай краіне былі замацаваны правілы падрыхтоўкі нарматыўных прававых актаў [3]. Важнай вехай у развіцці і ўдасканаленні крыніц нацыянальнага права стала электронная версія Звода законаў Рэспублікі Беларусь. У 2012 годзе быў здзейснены яшчэ адзін вельмі важны крок у справе ўпарадкавання і ўдасканалення сістэмы крыніц нацыянальнага пазітыўнага права. Дэкрэтам Прэзідэнта краіны [4] быў зацверджаны якасна новы парадак афіцыйнага апублікавання крыніц беларускага права. Электронная форма афіцыйнага апублікавання на Нацыянальным Інтэрнэт-партале прававых актаў Рэспублікі Беларусь была прызнана адзіным спосабам афіцыйнага апублікавання прававых актаў.
Пры стварэнні адмысловай нарматыўнай прававой базы, якая рэгламентуе парадак распрацоўкі праектаў, прыняцця, дзеяння і сістэматызацыі крыніц пазітыўнага права, беларускі заканадаўца з высокай эфектыўнасцю выкарыстаў вопыт праватворчасці, які быў назапашаны ў дзяржавах Еўропы, мадэльныя напрацоўкі нарматыўных прававых актаў, якія былі зроблены ў рамках Міжпарламенцкай Асамблеі Садружнасці Незалежных Дзяржаў, вынікі навуковых даследаванняў савецкіх і сучасных расійскіх тэарэтыкаў права, спецыялістаў у асобных галінах юрыдычных ведаў.
Разам з тым, аналіз практыкі нарматыўнага прававога замацавання і вырашэння праблем, якія існуюць у сферы крыніц права, сведчыць аб тым, што практыка апярэджвае навуковыя распрацоўкі беларускіх навукоўцаў. Усё гэта, безумоўна, не дадае гонару айчыннай юрыдычнай навуцы. Беларускія навукоўцы абавязаны распрацаваць сваю адметную тэорыю крыніц нацыянальнага права, якая б адпавядала характару беларускай прававой сістэмы, адэкватна адлюстроўвала сістэму крыніц нацыянальнага беларускага права, не толькі забяспечвала практыку праватворчасці неабходнымі практычнымі прапановамі, але і апярэджвала яе надзённыя патрабаванні.
Ніводная тэорыя не ў стане сфармуліраваць адказы на ўсё кола тэарэтычных і практычных праблем. Асобныя аспекты крыніц нацыянальнага права даследаваны больш глыбока, іншыя пытанні яшчэ патрабуюць пільнага аналізу. Актуальнай застаецца праблема вызначэння адэкватнага тэрміна для абазначэння знешніх форм існавання дзеючых норм пазітыўнага права. У юрыдычнай навуцы па дадзенай праблеме былі выказаны розныя меркаванні, падрабязна разглядаліся і аналізаваліся іх дадатныя і адмоўныя моманты. Не існуе сярод даследчыкаў паразумення і адносна вызначэння відавага складу крыніц права. Слаба даследаваны праблемы класіфікацыі крыніц права і не вывучана прававая прырода шэрагу нетыповых крыніц права. Выказаны розныя меркаванні адносна прававой прыроды такой тыповай крыніцы права, як прававы прэцэдэнт, але не вывучаны магчымасці яго легалізацыі і ўкаранення ў прававую сістэму Рэспублікі Беларусь, не прапанаваны механізмы рэалізацыі выказаных прапаноў і меркаванняў. Мала ўвагі ўдзелена даследаванню нетыповых і мадыфікаваных крыніц беларускага права, не сфарміравалася нацыянальная дактрына сістэматызацыі крыніц права.
Навуковая тэорыя – гэта не толькі накоплены аб’ём тэарэтычных ведаў аб аб’ектах даследавання, але і сістэма гэтых ведаў, якая адлюстоўвае ўнутраную логіку існавання і развіцця сістэмы крыніц нацыянальнага пазітыўнага права, сувязі крыніц нацыянальнага права з крыніцамі міжнароднага права і г.д. Распрацоўка тэорыі крыніц беларускага права – актуальная задача айчыннай юрыдычнай навукі, а прапанаваная ўвазе чытачоў манаграфія – аўтарская спроба фармуліравання асноўных параметраў гэтай тэорыі. У манаграфіі даюцца адказы на спрэчныя пытанні, падаецца аўтарскае бачанне накірункаў далейшых навуковых пошукаў у дадзенай сферы юрыдычнай навукі, змяшчаюцца прапановы па ўдасканаленні нарматыўнай прававой асновы праватворчай дзейнасці і сістэматызацыі крыніц права, удасканаленні адзінага прававога класіфікатара і г.д.
____________________________________
1 О нормативных правовых актах Республики Беларусь: Закон Республики Беларусь, 10 января 2000 г., N 361-З // Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь. – 2005. – № 179. – 2/1152.
2 Концепция совершенствования законодательства Республики Беларусь: утв. Указом Президента Республики Беларусь, 10 апреля 2002 г., № 205 // Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. – 2002. - № 46.- 1/ 3636.
3 Правила подготовки проектов нормативных правовых актов: утв. Указом Президента Республики Беларусь, 11 августа 2003 г., № 359 // Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. – 2003. – № 92. – 1/ 4856.
4 О некоторых вопросах опубликования и вступления в силу правовых актов Республики Беларусь: Декрет Президента Республики Беларусь, 24 февраля 2012 г., № 3. // Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. – 2012. – № 26. – 1/ 13351.