4. Дзеянне нарматыўных прававых актаў па колу асобаў
^ Вверх

4. Дзеянне нарматыўных прававых актаў па колу асобаў

 

Дзеянне нарматыўнага прававога акта па колу асобаў звязана з вызначэннем тых суб’ектаў права, адносна якіх нарматыўны прававы акт мае абавязковае значэнне. Агульнае правіла, якое было сфармулявана юрыдычнай навукай, гучыць наступным чынам: пад дзеянне нарматыўнага прававога акта падпадаюць усе суб’екты права: як фізічныя, так і юрыдычныя асобы. Да фізічных асобаў, адносна якіх нарматыўныя прававыя акты маюць абавязковае значэнне, адносяцца перш-наперш грамадзяне дзяржавы, асобы без грамадзянства (так званыя патрыды), асобы з падвоеным грама­дзянствам (так званыя біпатрыды), а таксама замежныя грамадзяне.

Праўда, калі адносна грамадзян дзяржавы абсалютна ўсе нарматыўныя акты і ва ўсім іх аб’ёме маюць абавязковае значэнне, то адносна іншых фізічных асобаў у дзеянні нарматыўных прававых актаў практычна ў кожнай нацыянальнай сістэме існуюць выключэнні. З чым яны звязаны? Тут можна сфармуляваць агульнае правіла: тыя нормы права і тыя суб’ектыўныя правы і юрыдычныя абавязкі, якія ў іх замацаваны і якія непасрэдна вынікаюць з асобнай палітыка-прававой сувязі асобы і дзяржавы – грамадзянства, маюць абавязковае значэнне толькі для грамадзян пэўнай дзяржавы. Усе астатнія нормы права і юрыдычныя правы і абавязкі, якія ў іх замацаваны, маюць агульнаабавязковае значэнне абсалютна для ўсіх суб’ектаў права.

Адрасатамі асобных нарматыўных прававых актаў могуць быць не ўсе фізічныя ці юрыдычныя асобы, а толькі нейкія іх групы, напрыклад, пенсіянеры, ваеннаслужачыя, супрацоўнікі міліцыі і г. д. Ёсць і такія нарматыўныя прававыя акты, якія распаўсюджваюць сваё дзеянне толькі на суб’ектаў права ў межах пэўнага міністэрства, дзяржаўнага камітэта і г. д.

З дзеяннем нарматыўнага прававога акта па асобах шчыльна звязана пытанне аб прывілеях і імунітэтах. На думку прафесара А.В. Малько, імунітэты – гэта асобны від прывілеяў, якія, у сваю чаргу, з’яўляюцца спецыфічнай разнавіднасцю льгот, юрыдычных выключэнняў. Прывілеі і імунітэты ствараюць асобны юрыдычны рэжым, асобныя прававыя перавагі пэўнаму колу суб’ектаў права і садзейнічаюць такім чынам пашырэнню іх магчымасцей па задавальненню тых ці іншых інтарэсаў. Яны з’яўляюцца гарантыямі сацыяльна карыснай дзейнасці і садзейнічаюць ажыццяўленню тых ці іншых абавязкаў.

Прывілеі і імунітэты ўяўляюць сабой часта перажытак старых часоў, бо яны ўзніклі на ранніх этапах развіцця права і атрымалі бурнае развіццё ў эпоху феадалізму. Іх існаванне ў сучасным праве часцей за ўсё звязана з асобным палітычным і прававым становішчам, якое займаюць нейкія фізічныя і юрыдычныя асобы. Да гэтых асобаў належаць, напрыклад: а) кіраўнікі дзяржаў; б) народныя прадстаўнікі (парламентарыі); в) асобы, якія карыстаюцца правам экстэрытарыяльнасці (кіраўнікі іншых дзяржаў, паслы і іншыя дыпламатычныя агенты замежных дзяржаў).

Прывілеі і імунітэты кіраўнікоў дзяржаў былі вельмі пашыраны раней, ва ўмовах абсалютных манархій, значна меншымі яны сталі ва ўмовах канстытуцыйных манархій. Прывілеі манархаў зво­дзяцца да таго, што яны не падлягаюць юрыдычнай адказнасці і іх асоба лічыцца недатыкальнай. Гэта не азначае, што манарх з’яўляецца вышэйшым за закон, як гэта было, напрыклад, у дэспатычных дзяржавах, а азначае толькі асабістую прывілею манарха, якая абгрунтоўваецца тым, што «кароль не можа жадаць зла народу», што ён, з’яўляючыся крыніцай правасуддзя, не можа быць сам асу­джаны судом, які дзейнічае ад яго імя. Такая прывілея патрэбна для падтрымання прэстыжу манарха, калі тыя ці іншыя дзеянні, здзейсненыя ўрадам, могуць быць злачыннымі. У гэтым выпадку адказнымі лічацца міністры, а не манархі. Менавіта таму кожны акт манарха патрабуе скрэпы ў выглядзе подпісу міністра. Часткова прывілеі і імунітэты захоўваюцца і зараз за кіраўнікамі цывілізаваных дзяржаў, асабліва за прэзідэнтамі, у тым ліку і былымі, а таксама тымі, якія выйшлі ў адстаўку.

Прывілеі і імунітэты народных прадстаўнікоў (парламентарыяў) больш абмежаваныя, чым прывілеі кіраўнікоў дзяржаў (манархаў). Яны з’явіліся пасля ўзнікнення інстытута прадстаўнікоў народа яшчэ ў старажытных дзяржавах (у Афінах, у Рыме), былі адноўлены пасля стварэння першых парламентаў і замацаваны ў законах. Прывілеі народных прадстаўнікоў былі ўведзены дзеля таго, каб яны маглі паспяхова выконваць свае абавязкі. А для гэтага яны павінны быць вольныя ў выказваннях сваіх меркаванняў і быць недатыкальнымі. Менавіта з гэтымі праявамі дзейнасці народных прадстаўнікоў і звязаны галоўным чынам іх прывілеі, якія звычайна дакладна пералічваюцца ў законе і дакладна рэгламентуюцца. Разам з тым прывілеі народных прадстаўнікоў маюць умоўны характар. Яны карыстаюцца імі да таго часу, пакуль парламент не дасць сваю згоду на прыцягненне народных прадстаўнікоў да пэўнага віду адказнасці.

Адносна асобаў, якія карыстаюцца правам экстэрытарыяльнасці (кіраўнікі іншых дзяржаў і ўрадаў, супрацоўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў замежных дзяржаў, паслы, пасланнікі, павераныя ў справах, саветнікі, гандлёвыя прадстаўнікі і іх намеснікі, ваенныя аташэ і іх памочнікі, сакратары і іншыя дыпламатычныя агенты замежных дзяржаў, а таксама члены іх сем’яў і некаторыя іншыя замежныя грамадзяне), сучасная тэорыя права выкарыстоўвае тэрмін і паняцце «імунітэт». Гэтыя асобы згодна з Венскай канвенцыяй аб дыпламатычных адносінах ад 18 красавіка 1961 года карыстаюцца асабістай недатыкальнасцю. Яны не могуць быць арыштаваны ці затрыманы. Пытанні аб іх крымінальнай ці адміністрацыйнай адказнасці ў выпадку здзяйснення імі злачынстваў ці адміністрацыйных правапарушэнняў на тэрыторыі дзяржавы, дзе яны знаходзяцца, вырашаюцца дыпламатычным шляхам. Гэтая катэгорыя асобаў карыстаецца і іншымі імунітэтамі. Існаванне разнастайных імунітэтаў, што замацоўваюцца за дыпламатычнымі прадстаўнікамі, абгрунтоўваецца іх асобным грамадскім становішчам і дзяржаўнай роллю, пабудавана на тэарэтычнай канструкцыі, згодна з якой гэтыя асобы як бы жывуць па-за тэрыторыяй дзяржавы. Без імунітэтаў гэтай катэгорыі асобаў не змагло б існаваць дыпламатычнае прадстаўніцтва.