Камедыя В. Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта»
^ Вверх

 Камедыя В. Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта»

 

Літаратурная мова, асабліва яе слоўнікавы склад, знаходзіцца ў няспынным абнаўленні і развіцці, звязаным з развіццём грамадства. Змяненні ў эканамічным, сацыяльным, палітычным жыцці народа адбіваюцца на слоўнікавым складзе мовы: узнікае шмат новых слоў, а некаторыя пераходзяць у пасіўны запас.

П’еса «Пінская шляхта» напісана больш як 140 гадоў назад — у 1866 г. З’яўляючыся пачынальнікам беларускай літаратуры, В. Дунін-Марцінкевіч, не маючы перад сабой узору беларускай літаратурнай мовы, пры напісанні твораў арыентаваўся на родную для яго гаворку Бабруйшчыны, Міншчыны, на сярэднебеларускія гаворкі. Гэтым гаворкам пасля суджана было стаць асновай сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Таму слоўнікавы склад твораў В. Дуніна-Марцінкевічa ў сваёй пераважнай большасці адпавядае сучасным нормам літаратурнай мовы. Разам з тым у творах пісьменніка, у тым ліку i ў «Пінскай шляхце», ёсць нямала моўных фактаў, якія не замацаваліся ў літаратурнай мове як норма, i розных моўных з’яў, якія патрабуюць лінгвicтычнaгa каменціравання. Але перш, чым пра іх гаварыць, варта спыніцца на пытанні пра гісторыю публікацыі гэтай камедыі і пра яе рукапіс, не так даўно нарэшце знойдзены.

Камедыя «Пінская шляхта» ўпершыню была апублікавана ў 1918 г. на старонках газеты «Вольная Беларусь» (№№ 30—31). Да нядаўняга часу лічылася, што п’еса пры выданні была кімсьці больш «дасканала адрэдагаваная» [99, с. 219], чым іншыя творы пісьменніка, а яе рукапіс згінуў.

30 ліпеня 1982 г. штотыднёвік «Літаратура i мастацтва» надрукаваў артыкул Язэпа Янушкевіча «Арыгінал «Пінскай шляхты». Даследчык расказвае, як яму пашанцавала адшукаць рукапіс п’есы ў Вільні — у Цэнтральным дзяржаўным гістарычным apxiвe Літвы. Гэты 33-аркушны рукапіс i да Я. Янушкевіча трымалі ў руках каля паўсотні фалькларыстаў, этнографаў, мовазнаўцаў i літаратуразнаўцаў, але ўсе яны лічылі рукапіс не арыгіналам, а чыімсьці перакладам на ўкраінскую мову.

Вось пачатак п’есы ў знойдзеным рукапісе:

 

Тяжко жыты мни дыўчаты

С мыленким у разлуце, —

Лает батько, лает маты,

Що сырдэнко ў скуце, —

Годы сыдыт над прясныцей,

Я хочу быт молодыцей.

Маты каже  вик молоды,

Ой ты еще мала!

А вже сама в эты годы

С батьком любовала! —

Годы сыдыт над прясныцей, —

Я хочу быт молодыцей.

 

Ой так! Нэхай ганыт батько, нехай лает маты, а я люблю Грицька и любити его вик буду. Ой бэдные ж наши головэньки! Що се за дур напав на батькоў? По пьяну завэлыса, дай побылыся с собою за шляхецьтво, а мы з Грыцьком чрез то горуем, да унываем. Его батько подаў на мого у суд жалобу и сигодня прыидет у околыцю Найяснейшая Корона на слидство.

Параўн. з прывычным хрэстаматыйным тэкстам гэтай камедыі:

 

Цяжка жыці мне, дзяўчаці,

З міленькім у разлуцы, —

Лае бацька, лае маці,

Што сэрцайко ў скуцы.

Годзі сядзець над прасніцай, —

Я хачу быць маладзіцай!

Маці кажа: век малоды,

Ой, ты яшчэ мала!

А сама ўжо ў гэты годы

Бацьку пакахала.

Годзі сядзець над прасніцай, -

Я хачу быць маладзіцай!

 

Ой, так! Няхай ганіць бацька, няхай лае маці, а я люблю Грышку i любіць яго век буду. Ой, бедныя ж нашы галованькі!.. Што гэта за дур напаў на бацькоў! П’яныя завяліся ды пабіліся з сабою за шляхецтва, а мы з Грышкам праз тое гаруем i ныем. Яго бацька падаў на майго ў суд скаргу, i сягоння прыедзе ў ваколіцу найяснейшая карона на прасоку. 

Я. Янушкевіч, супаставіўшы почыркі рукапісу «Пінскай шляхты» i некаторых іншых (бясспрэчных) арыгіналаў В. Дуніна-Марцінкевіча, палічыў, што напісаны яны адной i той жа рукой, а праз пэўны час навукова-даследчы інстытут судовай экспертызы пацвердзіў гэта адпаведным дакументам.

Стала таксама вядома, што менавіта з гэтага рукапісу ў 1918 г. Язэп Лёсік, дасканала пераклаўшы тэкст на беларускую мову, упершыню апублікаваў камедыю. Сам Я. Лёсік слушна меркаваў, што тут, хутчэй за ўсё, не ўкраінская мова, а пінчуцкія гаворкі. Па просьбе Я. Янушкевіча адзін з вучоных акадэмічнага інстытута літаратуры імя Я. Купалы, былы жыхар Піншчыны, дэталёва азнаёміўся з вільнюскім рукапісам «Пінскай шляхты» i зpaбiў выснову, што мова, на якой гавораць гepoi камедыі, — гэта «своеасаблівая стылізацыя Дуніна-Марцінкевіча пад пінскую гаворку, яе імітацыя, плод аўтарскай фантазіі i таленту. Разам з сюжэтнай фабулай драматург бліскуча разыграў i мову cвaix герояў, дзе спалучыліся рысы палескіх гаворак, беларускай i ўкраінскай моў».

Шмат гадоў таму аўтар гэтых радкоў, робячы лінгвістычны аналіз «Пінскай шляхты», пісаў, што ў п’есу трапілі чатыры ўкраінскія словы, «відавочна з пінскіх гаворак, сумежных з украінскімі» [52, с. 118]: моў – ’нібы,як’; гарны – ’добры, мілы’; чы – ’ці’; адружыцца – ’ажаніцца’.  Але цяпер, у сувязі са сказаным вышэй, гэта сцвярджэнне адпадае, бо адносіцца не да арыгінала, а да Лёсікавага перакладу. Дарэчы, у акадэмічным выданні «Творы» (1984) В. Дуніна-Марцінкевіча даюцца абодва варыянты п’есы.

А чаму драматург напісаў камедыю не па-беларуску? Цар Аляксандр Другі ў 1865 г. спецыяльным указам забараніў ставіць у тэатры п’есы, выдаваць кнігі i газеты на беларускай мове, быццам бы сказаўшы пры гэтым: «З нас дастаткова маларасійскай». Таму, відаць, В. Дунін-Марцінкевіч паспрабаваў прабіцца з п’есай, напісанай на нібыта «маларасійскай» (украінскай) мове, а фактычна на імітаванай гаворцы пінчукоў, якую ён збольшага ведаў, бо, як сведчаць подпісы пад некалькімі вершамі, неаднойчы падарожнічаў па Палессі.

Камедыя «Пінская шляхта» напісана, як ужо гаварылася, у 1866 г., калі толькі пачынала свой шлях беларуская нацыянальная літаратура і беларуская літаратурная мова. Таму, зразумела, у гэтым творы сучасны чытач сутыкнецца са многімі моўнымі сродкамі, якія даўно перасталі быць фактамі актыўнага ўжытку. Каб «праясніць» тэкст п’есы, трэба пракаменціраваць перш за ўсё гэтыя ўстарэлыя словы.

У пачатку камедыі чытаем: «Дзея адбываецца ў ваколіцы О... паміж балотаў, у глушы Пінскага павета. Сцэна паказвае шляхецкую ваколіцу». Ваколіца —  семантычны архаізм са значэннем ‘невялікая вёска, пасёлак, засценак’. Павет —  гістарызм, які абазначае (што і рускае слова уезд) адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку, большую за сучасны раён; павет падзяляўся на некалькі станаў —  паліцэйскіх участкаў. Прыметнік шляхецкі ў спалучэнні шляхецкая ваколіца мае сэнс ‘дзе жыве шляхта’, а ў сказе На пасаг дам два гарцы грошай і шляхецкую худобу яго значэнне —  ‘варты шляхціца’. У тэксце неаднаразова сус0,тракаецца гістарызм шляхта і іншыя ўтварэнні ад гэтага слова. Шляхта – ‘дробнапамеснае дваранства ў Польшчы, Чэхіі, Літве, Беларусі і Украіне ў XIII – пачатку XX ст.’; шляхецтва («П’яныя завяліся ды пабіліся з сабою за шляхецтва») – ‘прыналежнасць да шляхты’; шляхціц («Ён казаў, што ты не шляхціц») – ‘дробнапамесны дваранін’.

Састаўны тэрмін-гістарызм станавы прыстаў мае значэнне ‘паліцэйскі чыноўнік, начальнік пэўнага ўчастка (стана) у павеце’. Названае паняцце магло абазначацца і прыметнікам станавы, які пры гэтым пераходзіў у назоўнік: «Пісулькін важна садзіцца, вымае корак з чарнільніцы, разбірае паперы і іншыя падае станавому».

Яшчэ гістарызмы: дзесяцкі — ‘выбарная асоба ад дзесяці сялянскіх двароў, якая выконвала паліцэйскія абавязкі’; соцкі —  ‘селянін, які вылучаўся ад сотні двароў у дапамогу сельскай паліцыі’: «Як толькі ўехаў у ваколіцу ды стаў каля Бэркі, дык зараз і закрычаў: дзесяцкіх, соцкіх!»; асэсар — ‘участковы засядацель суда’: «Толькі што пан асэсар прыехаў»; маспані – ‘форма ветлівага звароту да жанчыны з прывілеяванай часткі грамадства, тое самае, што і васпані’: «Зіркне катора —  маспане!..»; спас — ‘рэлігійнае свята, якое адзначалася 6 жніўня’: «Якая ж я малая, калі мне на спаса скончыцца семнаццаць год?!»; карбованец — ‘сярэбраны рубель’: «Гарцам мерым карбавонцы»; асьміна[1]— ‘пасудзіна на тры пуды збожжа або на восьмую частку бочкі’: «...стары грошы асьмінаю мерыць». Гістарызм грыўна абазначае ‘дзесяць капеек’, але ў мове Кручкова ўжыты ў сэнсе ‘грошы’: «...коим назначается в пользу суда от цяжушчыхся грывны»,

Мнагазначнае слова кварта страціла сваё былое значэнне ‘чацвёртая частка гарца, мера вадкіх і сыпкіх рэчываў’ (яно падаецца ў слоўніку I. Насовіча) і ў гэтым значэнні з’яўляецца семантычным гістарызмам: «Тагды квартаю чырвонцы, гарцам мерым карбавонцы».

Многія словы, якія ў часы В. Дуніна-Марцінкевіча былі актыўнымі моўнымі адзінкамі, адзінымі назвамі пэўных прадметаў, з’яў, устарэлі, перайшлі ў пасіўны склад, выціснутыя іншымі словамі для абазначэння гэтых прадметаў, з’яў, сталі, інакш кажучы, архаізмамі: старожа —  ‘варта, ахова’: «Не памогуць злы языкі, ні бацькоў старожа»; места —  ‘горад’: «Як збяром дабро дачыста, завязом на торг да места»; худоба —  ‘хатняя маёмасць’: «На пасаг дам... шляхецкую худобу»; упыр  ‘вампір, крывасмок – казачнае стварэнне’: «Выссе ён яго, як упыр непамысную дзяўчыну»; прызволіць — ‘згадзіцца’: «...каб яна прызволіла пайсці за мяне замуж»; прынаймні[2] — ‘хоцьбы, прынамсі’: «...каб прынаймні шкура была цэла»; прасока[3] — ‘расследаванне справы’: «...сягоння прыедзе ў ваколіцу найяснейшая карона на прасоку».

Сярод устарэлых слоў, што знаходзім у «Пінскай шляхце», ёсць не толькі лексічныя архаізмы, пададзеныя вышэй, але і семантычныя архаізмы, г. зн. мнагазначныя словы, у якіх устарэла адно са значэнняў. Так, прыметнік ваколічны ў сучаснай літаратурнай мове абазначае ‘які знаходзіцца ў наваколлі ці на ўскраіне населенага пункта’. У камедыі ж В. Дуніна-Марцінкевіча, у словазлучэнні пінская ваколічная шляхта, гэты прыметнік выкарыстаны з ранейшым, цяпер зніклым значэннем ‘якая жыве ў ваколіцы — невялікай вёсцы’. Прыслоўе ладам ужыта з даўнейшым значэннем ‘добра’: «Марысю ты ладам угамоніш»; «...патраплю ладам яго вывесці ў поле». Семантычнымі архаізмамі з’яўляюцца і такія словы: кручок — ‘прыдзірка, наўмыснае заблытванне судовай справы’: «...юрыста... многа кручкоў натворыць»[4]; крыва ў спалучэнні крыва прысягнуць —‘непраўдзіва’; крывое ў спалучэнні крывое паказанне — ‘непраўдзівае, фальшывае’; скарб — ‘казна, дзяржава’: «...капейкі і чвэрці — да скарбу, а рублі — сабе».

Усе адзначаныя тут устарэлыя словы — гэта гістарызмы і архаізмы часу, і такая іх кваліфікацыя звязана з гістарычнай зменлівасцю мовы. Што да іншых «моўных цяжкасцей», якія патрабуюць лінгвістычнага каменціравання, то іх наяўнасць у камедыі вытлумачваецца рознымі прычынамі.

Гэта перш за ўсё словы, якія з пазіцый сучаснай літаратурнай мовы можна разглядаць як дыялектызмы. Асобныя з гэтых слоў і самім пісьменнікам усведамляліся як вузкадыялектныя, але адзіныя назвы пэўных з’яў. Так, персанажы неаднаразова выкарыстоўваюць у п’есе слова крупнік, якое паясняецца аўтарам у зносцы: «Крупнікам завецца пітво, прыгатаванае на агні з гарэлкі і патакі з рознымі прыправамі».

Шмат якія з ужытых у камедыі вузкамясцовых слоў патрабуюць тлумачэння. Напрыклад, Куторга, зайшоўшы да Пратасавіцкіх, вітаецца з гаспадарамі, цалуе руку Пратасавіцкай і кажа: «Відна, відна, – дзякуй богу!» Тут відна — ‘прыгожая, павабная’[5]. Гэтым жа прыметнікам характарызуе Куторга і самога сябе: «Кажаш, што я ладам стары, — але — відны, але — яры!» Сэнс слова дзялянка[6] — ‘костка з мясам або кавалак свінога сала’: «Ні верашчака, каўбасы, дзялянка, — нішто не смакуе без цябе, каханка!»

Вось яшчэ дыялектныя словы: мэрам — ‘быццам’: «Ты мэрам спіш»; матарны — ‘жвавы, лоўкі’: «Грышка мой — хлапец матарны»; зляканы (у аўтарскай рэмарцы) — ‘спалоханы’[7]; месца — дыялектны варыянт устарэлага слова места са значэннем ‘горад’: «...чуць золак я з’ездзіў ужо да месца»; кадобчык — ‘выдзеўбаная з дрэва пасудзіна; кадаўбец’: «...мёду ж цэлы кадобчык укінула»; нецярпячка— ’нецярпенне’: «З якой нецярпячкай я ждаў шчаслівага моманту»; прастарэкаваць[8] — ‘гаварыць пустое, балбатаць’: «Добра табе прастарэкаваць, калі няма на шыі бяды». Сустракаюцца словы, якія адрозніваюцца ад нарматыўных, літаратурных некаторымі фанетычнымі асаблівасцямі або словаўтваральнай структурай ці канчаткамі (фанетычныя, словаўтваральныя, граматычныя дыялектызмы): хурман (фурман): «Няхай усё аддадуць хурману»; пагодзіць (пагадзіць): «...будзем прасіць ды маліць, каб ён пагодзіў нашых бацькоў»; гараваці (гараваць); «...век мне беднай, гараваці дзеўкай»; годзі (годзе): «годзі сядзець над прасніцай»; завязом (завязём): «Завязом на торг да места».

Дыялектнымі трэба лічыць і такія словы: шчасны (шчаслівы); «...каб толькі бог даў ім шчасную долю»; перлавы (жамчужны): «...здаецца, бачыш два перлавыя шнурочкі»; прыказаць (загадаць): «Чакаюць, што ваша міласць ім прыкажа»; дзерава (дрэва): «Грышка паціху паказваецца з-за дзерава»; тагды[9] (тады): «...як паеду, тагды з ім расправішся!» Усе гэтыя словы падаюцца ў акадэмічным «Беларуска-рускім слоўніку» (1962), але з адсылкай да іншых слоў-адпаведнікаў і не рэкамендуюцца да ўжывання ў сучаснай літаратурнай мове. Слова дзерава кваліфікуецца ў другім томе «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (1978) як стылістычны варыянт назоўніка дрэва: фіксуецца з паметай «размоўнае».

У камедыі, як правіла, у вершаваным маўленні (рамансе, куплетах), ёсць уласцівыя асобным гаворкам сцягнутыя формы прыметнікаў з атрыбутыўнай функцыяй. Ужыванне сцягнутых форм абумоўлена асаблівасцямі вершаскладання: дзяўчаты нашы як лані, харашэйшы, як ясны пані; стара казка; сушона рыба; Пінскі акаліцы; злы языкі. У вершаваным маўленні камедыі сустракаюцца і іншыя паэтычныя вольнасці. Ва ўсіх вершаваных радках толькі жаночая рыфма, таму часам пераносіцца націск на перадапошні склад:

 

Годзі сядзець над прасніцай

Я хачу быць маладзіцай!

Маці кажа: век малоды,

Ой, ты яшчэ мала!

А сама ўжо ў гэты годы

Бацьку пакахала.

 

Або публíка (рыфма невяліка), паночы замест поначы (рыфма вочы), карбавонцы замест карбованцы (рыфма чырвонцы). Перанос націску выклікаецца і неабходнасцю захаваць пэўны вершаваны памер: жыцце («Тады табе – жыцце небам...»).

Пры супастаўленні лексікі, выкарыстанай у «Пінскай шляхце», з сучасным слоўнікавым складам выяўляецца нязначная колькасць слоў з суседніх славянскіх моў: рускай, польскай і ўкраінскай.

Пераважаюць словы з рускай мовы. Амаль усе яны маюць у п’есе спецыяльнае прызначэнне, выступаюць сродкам маўленчай характарыстыкі Кручкова і Пісулькіна. Ёсць таксама русізмы, выкарыстанне якіх не матывуецца. Напрыклад, у аўтарскай мове-рэмарцы: выпаўняе прыказанне (выконвае загад). Некалькі рускіх слоў знаходзім у вершаваным маўленні, дзе яны ўжыты, хутчэй за ўсё, з версіфікацыйнай мэтай: розы замест ружы (рыфма лозы), у скуцы замест у суме, клопаце (рыфма разлуцы), прэпона замест перашкода (рыфма карона). Часам у маўленні аднаго персанажа можна сустрэць рускае слова, а ў маўленні другога – беларускі адпаведнік гэтага слова. Аднак такое паралельнае выкарыстанне рускага і беларускага слоў не выконвае спецыяльнай стылістычнай функцыі. Напрыклад, Марыся кажа: «Яго бацька падаў на майго ў суд скаргу»; параўн. у рэпліцы Куторгі: «Найяснейшая карона прыехаў на прасоку па жалабе Цюхая на твайго бацьку». Або ў маўленні Марысі: «Скончце дзела няшчаснае між нашымі бацькамі» – і ў маўленні Кручкова: «Вот я тут зараз цэлую справу кончу». Відаць, некаторыя русізмы браліся пісьменнікам не з рускай мовы непасрэдна, а з асобных беларускіх гаворак, дзе гэтыя словы з’яўляюцца дыялектызмамі: вазня (важданіна, клопат): «Будзе вазня!»; спасенне (ратунак): «У ім цэлае наша спасенне»; селезень (качар); «Як падпусціш лёстачак, як падплывеш селезнем, дык яна і расплывецца»; схожы (аднолькавы, падобны): «Праўда, век не схожы: я ўжо шосты дзесятак дажываю, а яна – семнаццаты гадок»; красны (чырвоны): «...шчокі – як малінкі красныя».

Усе 17 выкарыстаных у п’есе паланізмаў з’яўляюцца сродкамі нематываванага ўжывання. Пісьменнік, які добра ведаў польскую мову і напісаў на ёй некалькі твораў, часам у пошуках неабходных сродкаў літаратурнага выражэння звяртаўся да польскіх слоў. Большасць паланізмаў прыпадае на раманс і куплеты, дзе, каб захаваць вершаваны памер ці падабраць да слова рыфму, драматург іншы раз ужываў польскае слова:

 

Дам табе зэгар вялікі, як рэпа,

Няхай ён пры сэрцы крэпка тваім клепа

Ды напамінае, як цяжка я ною

І ні ўдзень, ні ўночы не маю спакою[10].

 

Кажаш, што я ладам стары, —

Але — відны, але — яры!..

 

Малады ж — часта няшчэры

Не шукай ў ём добрай веры...

 

Ніяка земска прэпона

Не ў сілах нас разлучыці!

Сэрца маё — яго менне,

Яго любоў — мая сіла.

Без яго мне свет — магіла...

 

Гдзе унадзіцца юрыста,

Вымеце хату дачыста.

 

Тут ‘зэгар — ‘гадзіннік’, клепа — ‘ляпае’, яры — ‘бадзёры, моцны’, няшчэры — ‘няшчыры’, земска — ‘зямная’, менне (mienie) — ‘набытак, уласнасць’, юрыста — ‘юрыст’. У вершаваным маўленні сустракаюцца жалосна – ‘жаласна’ («Быццам бы зязюля жалосна кукуе»), улечы —‘вылечыць’ («Горка ж мая доля, хто мяне улечы?») і незразумелае слова жыбра («Зіркне катора — маспане! —сэрца з-пад жыбра дастане»): відаць, з польскага żebro — ‘рабро’. Ёсць і паралельнае ўжыванне беларускага слова і яго польскага адпаведніка; у рэпліцы Грышкі: «Дык я ж завёз яму двух зайцоў, тры пары цецерукоў ды кадобчык мёду», у рамансе: «Як цетраў у лясочку жалосна балбоча...»

Астатнія паланізмы не належаць маўленню аднаго якога-небудзь персанажа, а адзінкава ўжываюцца рознымі героямі: прыпавесць (прытча, алегарычны выраз) — у маўленні Куторгі («Ты ведаеш яго прыпавесць...»); індычыцца (indyczyś się — важнічаць, фанабэрыцца, задавацца) — у маўленні Марысі («...няхай больш не індычацца»); паняверыць (трэціраваць, зневажаць) — у маўленні Кручкова («Вы думаеце, што мне міла паняверыць кроў шляхецкую?»); выправа (пасаг) і ядыначка (адзіная дачка) — у маўленні Куліны («Ды і на выправу не пашкадуем, — яна ж у нас ядыначка»); віват! (няхай жыве!) — у маўленні Ціхона, услед за якім паўтарае ўся шляхта: «Віват, найяснейшая карона!»[11].

В. Дунін-Марцінкевіч, нястомна шукаючы патрэбныя моўныя сродкі галоўным чынам у народных гаворках і зрэдку ў суседніх мовах, часам і сам, як адзначаюць даследчыкі яго мовы [43, с. 59], утвараў новыя словы. Так, па аналогіі з дзеясловам атуманіць узнікае наватвор амарочыць са значэннем ‘заблытаць’ (параўн. у сучаснай літаратурнай мове: замарочыць з тым самым сэнсам): «Ну, хвала богу, бацькоў удалося атуманіць! Цяпер трэба пайсці ў галаву па розум, каб дзеўку амарочыць». На аснове польскага назоўніка chimeryk (капрызнік) ствараецца дзеяслоў захімерычыцца – ‘закапрызнічаць, занаравіцца’: «Ну, я гатоў вам удружыць, толькі як ваша дачка захімерычыцца ды адцураецца ад мяне, то што тагды?» Відаць, індывідуальна-аутарскім наватворам, выкліканым версіфікацыяй, з’яўляецца і дзеяслоў парыскаваць (рызыкнуць) ад рускага рисковать:

 

Хто на старасць парыскуе,

Той хоць часам бяду чуе.

       

Як аўтарскія наватворы трэба разглядаць і некаторыя незвычайныя спалучэнні слоў. Ствараецца камічнае ўражанне, калі чытаеш, як Куторга, перапалоханы станавым прыставам Кручковым, звяртаецца да яго з тытулам, які ніколі не існаваў: «Ваша благароднае сіяцельства!» Гэта спалучэнне — вынік кантамінацыі двух тытулаў: ваша благароддзе і ваша сіяцельства. Першым у тагачаснай Расіі называлі афіцэраў (да штабс-капітана) і роўных ім па чыну грамадзянскіх асоб, другім — толькі князёў і графаў. Камізм узмацняецца яшчэ і таму, што «сіяцельства» было занадта высокае званне, недасягальнае для Кручкова, які меў усяго толькі тытул «ваша благароддзе» (Пісулькін так і называе станавога прыстава).

Сатырычная камедыя В. Дуніна-Марцінкевіча сваім вастрыём накіравана не столькі супраць фанабэрыстай шляхты, колькі супраць дзяржаўнага бюракратызму царскай Расіі, яе судовага чыноўніцтва, увасобленага ў вобразе Кручкова. У гэтай сувязі варта звярнуць увагу на спалучэнне найяснейшая карона. Слова карона мае значэнні: ‘залаты вянок як сімвал улады манарха’, ‘улада манарха’, ‘дзяржава, казна ў манархічнай краіне’. У камедыі ж «Пінская шляхта» спалучэннем найяснейшая карона называюць царскага чыноўніка Кручкова, нібы адштурхоўваючыся ад вядомай прыказкі У сваім стане і прыстаў цар. Спалучэнне найяснейшая карона паўтараецца ў п’есе каля 20 разоў і, несумненна, мае сатырычны падтэкст. Усеагульная рэпліка-вокліч Віват, найяснейшая карона! чуваць і ў канцы п’есы, калі Кручкоў, абрабаваўшы шляхту, пакідае сцэну. Гэта рэпліка, «намінальна звернутая да Кручкова, фактычна адрасавана ўжо непасрэдна царскай кароне, самадзяржаўнаму ладу, яркім увасабленнем якога на больш нізкай ступені іерархічнай лесвіцы і з’яўляецца станавы прыстаў» [95, с. 232]. Менавіта такую шырыню гучання слоў найяснейшая карона, іх «далёкі прыцэл» заўважыў і віленскі генерал-губернатар, выказваючыся за недапушчэнне ў друк твора, дзе «ў непрыглядным выглядзе паказана асоба станавога прыстава, які пры гэтым усюды называецца «найяснейшая карона» [28, с. 12].

Асобныя агульнанародныя словы, звычайна мнагазначныя, пашыраюць у п’есе свой семантычны аб’ём, набываюць іншае значэнне. Так, слова жніво атрымлівае вобразнае пераасэнсаванне, абазначае ‘пажытак, нажыва’ ў вуснах Кручкова, які, прыехаўшы на разгляд судовай справы, кажа свайму пісарчуку; «Тут, брат, нам харошае жніво!..» Сэнсавае прырашчэнне мае слова апека—’ахова, абарона’: «Выбачай, мілая Марыся, — чуць золак я з’ездзіў ужо да месца, кінуўся ў ногі асэсару і прасіў, каб ён узяў нас пад сваю апеку». Звычайнае значэнне дзеяслова рассупоніць — ‘развязаць супоню ў хамуце’; у п’есе ж гэты дзеяслоў, выкарыстаны двойчы, дастасоўваецца зусім не да хамута і рэалізуе значэнні ‘развязаць (мяшок)’ і ‘разабраць, разблытаць’: «Ану, бацька, рассупонь свой мяшок ды вынь якіх рублёў з 50, — можа, і тваю пашануюць шкуру»; «Гдзе ўнадзіцца юрыста, вымеце хату дачыста. Такіх дзіваў нагаворыць, так многа кручкоў натворыць, што, пачасаўшы затылак, не рассупоніш памылак». Слова пажаніць, выкарыстанае на фоне папярэдняй рэплікі, ужыта са значэннем ‘пабіць’ і з іранічнай афарбоўкай: «Г р ы ш к а. Дык я ж яе люблю і хачу з ёю жаніцца... Ц і х о н. Ось я цябе так пажаню, як твайго бацьку!» Сродкам стварэння камізму выступае назоўнік капа, звычайнае значэнне якога — ‘шэсцьдзесят адзінак чаго-небудзь (напрыклад, снапоў, агуркоў)’; у п’есе ж гэта слова пашырае сваю спалучальнасць са словамі, уступаючы ў сувязь з адушаўлёнымі назоўнікамі — у вуснах 60-гадовага Куторгі, які мае намер ажаніцца з 17-гадовай Марысяй і з гэтай нагоды «заглядае» ў сваю будучыню: «Будзе клопату нямала, — о-ёй! Не раз пачашу патыліцу, — моладзь, як пчолы ў вуллі, будуць аблягаць маю хату; прыяцеляў копамі лічыць буду». Кантэкстуальнае значэнне атрымаў і дзеяслоў расплысціся — ‘улагодзіцца’: «Марысю ты ладам угамоніш, — чалавек ты разумны. Як падпусціш лёстачак, як падплывеш селезнем, дык яна і расплывецца».

П’еса «Пінская шляхта» пабудавана ў асноўным на камізме палажэнняў. Але камічнага эфекту пісьменнік дасягае і своеасаблівым выкарыстаннем моўных сродкаў, у тым ліку мнагазначнасці слоў. Камізм ствараецца адначасовай рэалізацыяй розных значэнняў слова. Гэта назіраецца ў дыялогу як вынік непаразумення паміж суразмоўнікамі, калі адзін з іх укладвае ў слова прамое значэнне, а другі — пераноснае і дастасоўвае яго да іншай з’явы. Менавіта так выкарыстана слова гарачая — ‘нагрэтая да высокай тэмпературы’ і ‘палкая, страсная’ — у наступным эпізодзе.

Кручкоў, памірыўшы Ціхона з Ліпскім, патрабуе, каб «на згоду быў крупнік». Куліна і Марыся ідуць у хату за гарэлкай. І далей:

 

К р у ч к о ў. Канечна трэбую, каб тут жа, пры мне, дзетак сваіх заручылі, а там і павянчалі. (Тут Куліна і Марыся ўносяць дзве міскі гарачага крупніку ды ставяць на стол з кубкамі.) Ну, што, Ціхон, — аддасі за Грышку сваю Марысю?

К у л і н а  (ставячы міску). Гарачая, ой, гарачая, найяснейшая карона!

К р у ч к о ў. Адкуль жа ты ведаеш?

К у л і н а. Дык я ж сама яе зладзіла...

К р у ч к о ў. Што?

К у л і н а. Да гарэлку. Толькі што перагарэла, шафрану і розных прыпраў насуліла многа, мёду ж цэлы кадобчык укінула.

К р у ч к о ў. А... ты талкуеш аб крупніку!

Ц і х о н. Хрэн табе ў вочы! Чуеш, што найяснейшая карона кажа?

К у л і н а. А як жа, аб прыправе...

Ц і х о н. Аб якой прыправе? Хрэн табе ў вочы, — аб Марысі! Ці аддасі яе за Грышку Ліпскага...

 

Найчасцей сэнсавая двухпланавасць узнікае далучэннем да слова параўнальнага звароту. У такіх выпадках пачатак кантэксту выяўляе адно значэнне слова, а канец — другое. Сутыкненне розных значэнняў слова характэрна толькі для маўлення  Куторгі. Такі прыём дапамагае пісьменніку ў стварэнні гэтага самага камічнага ў п’есе персанажа. Так, Куторга спявае: «Ой, высах я, высах, як лапаць у печы!»[12] Тут дзеяслоў высах спачатку рэалізуе сваё пераноснае значэнне ‘схуднеў’, а затым, праз параўнальны зварот як лапаць у печы,—прамое ‘стаў нямокрым, сухім’. Параўнанні Куторгі, якія накладваюць на папярэдні дзеяслоў яшчэ адно значэнне, самыя нечаканыя. Напрыклад, калі Грышка незнарок збіў з ног Куторгу, той, устаючы, кажа: «Татарын ты нехрышчоны! Вот збіў мяне, як шведаў Хадкевіч пад Кіргольмам». У гэтым выпадку збіць рэалізуе два значэнні: ‘зваліць на зямлю’ і ‘разграміць’. Дарэчы, імёны ў параўнанні патрабуюць каментарыя: Хадкевіч — вядомы польскі палкаводзец, які ў 1605 г. пад горадам Кірхгольмам (у Прыбалтыцы) разбіў шведскую армію. Пра царскіх юрыстаў-кручкатвораў Куторга гаворыць: «Справа ў суд як пойдзе, дык так дапякуць юрысты, моў баравіка на вуголлях, — адцураецца і сваіх»; «Папаўся юрысту ў кіпці, — выссе ён яго, як упыр непамысную дзяўчыну». Тут значэнні дзеяслова дапячы —’увесці ў вялікія страты’ і ‘спячы да поўнай гатоўнасці’; дзеяслова выссаць — ‘хітрасцю ці прымусам атрымаць ад каго-небудзь грошы і інш.’ і ‘смокчучы, выцягнуць’. Адзін раз Куторга дапаўняе рэпліку суразмоўніка параўнальным зваротам, які накладвае на дзеяслоў выцягнуць, ужыты са значэннем ‘выручыць’, яшчэ адно значэнне — ‘дастаць адкуль-небудзь, выняць’: «Ц і х о н. Добра, пане Куторга, — бяры сабе дачку, і пасаг дам, толькі зрабі ласку: выцягні з бяды. К у т о р г а. Як чорта з балота»[13].

Састаўным кампанентам мовы «Пінскай шляхты» з’яўляюцца фразеалагізмы. Пры лінгвістычным аналізе трэба найперш растлумачыць сэнс асобных выслоўяў, якія выклікаюць пэўныя цяжкасці пры іх успрыманні. Сюды адносяцца: 1) рэдкаўжывальныя выразы, якія ў раней вывучаных хрэстаматыйных тэкстах не сустракаліся: падпусціць лёстачкі — ‘падладзіцца, падлабуніцца да каго-небудзь’ («Ану, Куторга, падпусці ёй лёстачкі...»); пайсці ў галаву па розум — ‘дадумацца да чагосьці, прыдумаць што-небудзь’ («Цяпер трэба пайсці ў галаву па розум, каб дзеўку амарочыць»); 2) устарэлыя варыянты фразеалагізмаў: чуць золак — тое самае, што чуць свет («...чуць золак я з’ездзіў ужо да месца»); хвала богу — тое самае, што дзякаваць богу («Ну, хвала богу, бацькоў удалося атуманіць»); Сам наварыў піва, сам і папівай[14] — варыянт сучаснай прыказкі Сам заварыў кашу, сам і расхлёбвай («Што ты мяне пасылаеш! Ты сам наварыў піва, сам і папівай здароў, я баюся»); 3) польскі фразеалагізм, які пасля замацаваўся ў нас як норма: вывесці ў поле (wywieść w pole) — ‘ашукаць, абдурыць’ («Дык ты мяне думаеш вывесці ў поле?»). Ёсць у п’есе прыказка, якой Куторга характарызуе «дзейнасць» асэсара: Чырвонае белае ўсё перадзелае. У гэтым выказе, дарэчы, не зафіксаваным у парэміялагічных працах, гаворка ідзе, відаць, пра тое, што з дапамогай чырвонцаў, грошай, хабару ўсё можна перарабіць[15].

Аўтар камедыі творча падыходзіць да выкарыстання фразеалагізмаў, асвяжае некаторыя з іх і гэтым павялічвае іх дзейснасць. Асобныя фразеалагізмы ўжыты са змяненнем іх формы. Пісьменнік замяняе адзін з кампанентаў агульнанароднага выразу словам, якое знаходзіцца ў пэўнай семантычнай сувязі з выціснутым кампанентам. Так, замест дзе ракі зімуюць у п’есе выкарыстана дзе ўюны зімуюць, замест як па маслеяк па салу: «Хочаш навучыць, дзе ўюны зімуюць?»; «...ён жа юрыста, не адцураецца ад грошай, — тагды дзела пойдзе, як па салу». Рукі даўжэй — гэта аўтарская варыяцыя фразеалагізма рукі доўгія ў каго — ‘злодзей, несумленны чалавек’: «Вот дзіва, — на тое ён і асэсар! Заўваж толькі — у яго і рукі даўжэй, як у другіх людзей».

Часам пра наяўнасць у тэксце пэўнага выразу можна меркаваць толькі па асобных кампанентах, па той вобразнасці, якая ляжыць у аснове гэтага фразеалагізма. Напрыклад, Куторга разважае пра лёс старога, які мае маладзенькую жонку: «(Выцягвае над галавою пальцы, паказваючы рогі.) Вырастуць над галавою грушы, думай, што даўгія вушы». Хоць тут няма фразеалагізма настаўляць рогі ў яго традыцыйнай форме, але чытач павінен зразумець, што Куторга мае на ўваземенавіта гэты выраз: у ім выразны намёк на тое, што маладая жонка будзе ашукваць старога мужа, мець палюбоўнікаў. Між іншым, ёсць некалькі меркаванняў адносна этымалагічнай асновы фразеалагізма настаўляць рогі, вядомага славянскім і заходнееўрапейскім мовам. Немцы, напрыклад, лічаць, што фразеалагізм Hörneraufsetzen (літаральна «рогі надзяваць») склаўся ў іх і звязаны з іх старажытным звычаем: адпраўляючы мужа на вайну, жонка надзявала яму шлем са звярынай шкуры з рагамі, і гэта абазначала, што жонка застаецца «на сваёй волі».

Значных стылістычных эфектаў, пераважна камізму, дасягае драматург і тады, калі, не кранаючы формы фразеалагізма, ажыўляе яго першапачатковую вобразнасць, узбагачае яго перакрыжаванымі асацыятыўнымі ўяўленнямі, абыгрывае фразеалагізм. Ужо ўпамянёны фразеалагізм вывесці ў поле выкарыстаны з агаленнем яго ўнутранай формы праз параўнальны зварот, у выніку вобраз, прыхаваны ў фразеалагічнай адзінцы, становіцца этымалагічна празрыстым, зразумелым, а само словазлучэнне вывесці ў поле адначасова ўспрымаецца і як свабоднае: «Я чалавек бывалы, маю розум і патраплю ладам яго вывесці ў поле, як зайчыка пад хартоў».

Аўтар каламбурна сутыкае фразеалагізмы як рэпу грызе і зубы з’еў, замяняючы ў апошнім дзеяслоўны кампанент сінонімам згрыз. У выніку фразеалагізмы атрымліваюць семантычнае прырашчэнне, уступаюць у асацыятыўную сувязь паміж сабой і ствараюць камічны эфект: «Ц і х о н. Як ён на бяду нашу ўсе ўказы і законы як рэпу грызе і не заікнецца... К у л і н а. Чаго тут дзівіцца? Відаць, судовы чалавек, дык ён на тым і зубы згрыз, — такая, бач, парода».

Эфектыўна ўжыты і фразеалагізм наварыць кашы— ‘распачаць клопатную, непрыемную справу’. На яго аснове разгортваецца метафарычны кантэкст (будзе што есці), а адзін з кампанентаў выкарыстоўваецца самастойна, уступаючы ў сувязь са словамі пераноснага значэння (каша зубоў не папрышчыла): «Г р ы ш к а. Ой, наварылі бацькі сабе кашы, будзе што есці!.. М а р ы с я. Дай бог, каб гэта каша нам зубоў не папрышчыла!»

Пры чытанні «Пінскай шляхты» вучні павінны заўважыць выпадак граматычна няправільнага ўжывання дзеепрыслоўнага словазлучэння: «Ды вось і Марыся ідзе сюды. Якая красачка! Гледзячы на яе, аж слінка па губах цячэ». Такое ўжыванне дзеепрыслоўя не мае якой-небудзь спецыфічнай стылістычнай нагрузкі, хоць, магчыма, і адлюстроўвае некаторыя, праўда, нетыповыя, асаблівасці гутарковай мовы. Хутчэй за ўсё, гэта вынік недагляду або адсутнасці літаратурных нормаў. Як вядома, паводле нормаў сучаснай граматыкі, сказы, у якіх дзеянні, абазначаныя дзеясловам і дзеепрыслоўем, належаць розным дзейнікам, лічацца сэнсава і граматычна-стылістычна няправільнымі. Дзеепрыслоўе, абазначаючы дадатковае дзеянне, адносіцца не толькі да выказніка, але і да дзейніка, г. зн. і асноўнае дзеянне, выражанае дзеясловам-выказнікам, і дадатковае, выражанае дзеепрыслоўем, павінна выконвацца адной асобай ці прадметам (напрыклад, у «Пінскай шляхце»: «Кручкоў, трымаючы паперу, устае ды, не пазіраючы на шляхту, гаворыць»). У безасабовых сказах дзеепрыслоўе можа ўжывацца толькі тады, калі яно адносіцца да неазначальнай формы дзеяслова: «Ён сам баіцца, каб, зрабіўшы вам палёгку, перад судом не адказваць». Калі ж у безасабовым сказе няма інфінітыва, дзеепрыслоўе ўжываць нельга.

Некалькі заўваг адносна маўлення асобных персанажаў. Найбольш індывідуалізавана маўленне Кручкова. У сваёй аснове гэта канцылярская мова мясцовага чыноўніка. У ёй многа русізмаў, стылістычнае прызначэнне якіх аўтар часам робіць асабліва відавочным, ужываючы ў маўленні Кручкова, напрыклад, слова бумага («Садзіся, пане Пісулькін, ды прыбяры бумагі»), а побач, у аўтарскай рэмарцы, — папера («Пісулькін... разбірае паперы»). Устарэлае слова ветлівасці ваша, што значыць ‘ваша міласць’, Кручкоў вымаўляе інакш: «Пане Ліпскі, чы прымаеш, вашэ, мяне за свата для свайго сына?» Назіраючы за маўленнем Кручкова, можна бачыць, як ён, нібы, акцёр, умее пераўвасабляцца ў залежнасці ад абставін. Пры непасрэдным выкананні службовых абавязкаў ён найчасцей карыстаецца словамі і зваротамі казённых дакументаў: «...во врэменном прысуцтвіі, в комплекце, составленном із участковаго заседацеля і его пісьмавадзіцеля, слушалі дзело, коего обстаяцельства следуюшчыя...»; «тот за такую обіду побіл Ліпскаго, на что сей последній прэдставіл і свідзецелей». Такія ж канцылярскія звароты выкарыстоўвае Кручкоў у размове з Пісулькіным, толькі ўжываючы іх побач з беларускімі словамі: «Не толькі пасаду магу страціць, но і лічнасць подвергнется опаснасці». Зусім інакшай становіцца маўленне Кручкова, калі ён закончыў судовую справу: «А ты, Марыся, любіш Грышку? Хочаш з ім дзяліць шчасце і гора?» Або: «Я ж сам шляхціц, вам родны, але што ж рабіць? Служба – не дружба. Законы, міленькія, законы! Годзячы вас, бяду на сябе бяру». У лексіконе Кручкова пры звароце да шляхты ёсць і ласкавыя (пане Ліпскі, панове шляхта-брацця), і грубыя словы (стары хрэн, стары хрыч).

Кручкатворства, самавольства, махлярства, нахабніцтва Кручкова выяўляюцца не толькі ў яго ўчынках, але і ў маўленні. Каб запалохаць цёмную і непісьменную шляхту і надаць справе законны выгляд, станавы прыстаў нібыта апіраецца на розныя ўказы і законы. Выкарыстоўваючы прыём гратэску (перабольшання), сатырык укладвае ў вусны Кручкова такія, напрыклад, перлы-алагізмы: марта 69-га дня, окцябра 45-га чысла, сенцябра 75-га дня, па ўказу всеміласцівейшай гасударыні Елісаветы Петроўны 49-га апрэля 1893-га года і всеміласцівейшай Екацярыны Вялікай от 23-га сенцябра 1903-га года. Гэты камедыйны прыём перабольшання, безумоўна, не павінен наводзіць чытача на думку, што Кручкоў — невук, хоць такія сцвярджэнні часам сустракаюцца[16]. В. Дунін-Марцінкевіч не ставіў за мэту паказаць невуцтва судовага чыноўніка. Драматург іранізуе над абмежаванасцю і непісьменнасцю шляхты: яна не толькі не заўважае блытаніны дат у маўленні Кручкова, а захапляецца талентам «судовага чалавека», які «ўсе ўказы і законы як рэпу грызе і не заікнецца». «Гратэскавае завастрэнне паводзін Кручкова выкрывала тупасць шляхты, а не Кручкова... Кручкоў — хітры, выкрутлівы чалавек, які свядома карыстаецца духоўным убоствам шляхціцаў» [89, с. 36-37].

У «Курсе сучаснай беларускай літаратурнай мовы» (Мінск, 1961, с. 181) сцвярджаецца, што В. Дуніным-Марцінкевічам у «Пінскай шляхце» «былі падвергнуты рэзкай крытыцы» імкненні беларускай засцянковай шляхты стварыць свой асобны жаргон «з неарганічнай сумесі скажоных беларускіх і польскіх, слоў». Праз 30 гадоў амаль тое самае паўторана ў навучальным дапаможніку «Сучасная беларуская літаратурная мова: Лексікалогія, фанетыка, арфаграфія» (Мінск, 1993, с.68): «У дарэвалюцыйны час беларуская шляхта ўжывала свой асаблівы жаргон з сумесі беларускіх і польскіх слоў. Такі жаргон высмеяў В. Дунін-Марцінкевіч у камедыі...». Ні ў першай, ні ў другой кнізе аўтары не прыводзяць ніводнага прыкладу ў пацвярджэнне сказанага. Аднак лінгвістычны аналіз камедыі не пацвярджае, а адмаўляе гэта сцвярджэнне. У «Пінскай шляхце» няма ні аднаго скажонага беларускага ці польскага слова. Як ужо гаварылася, у п’есе выкарыстана толькі 17 польскіх слоў. Прычым пераважна ў вершаваных радках, што матывуецца патрабаваннямі рытму і рыфмы і назіраецца ў многіх іншых творах В. Дуніна-Марцінкевіча, скажам, у оперы «Сялянка», у маўленні селяніна Навума:

 

Ой, ведаю прыгаворку:

Не ўтаіш шыла ў ворку...

 

I скажы мне праўду шчэру:

Любіш? не? а я паверу.

 

Што да паланізмаў непасрэдна ў рэпліках шляхты, то яны, як, зрэшты, і русізмы, з’яўляюцца стылістычна не абумоўленымі маўленчымі сродкамі. Пратасавіцкі, Ліпскі, Куторга і іншыя шляхціцы толькі фармальна, на паперы, належаць да шляхты, а на самай справе гэта звычайныя хлебаробы, сяляне з беларускімі імёнамі: Ціхон, Іван, Грышка, Цімох, Базыль, Харытон. I гавораць яны па-беларуску. Увогуле ж маўленне персанажаў-шляхціцаў індывідуалізавана мала. Можна адзначыць такую асаблівасць маўлення Ціхона Пратасавіцкага, як вельмі частае ўжыванне грубага выразу хрэн табе (яму) у вочы, які ў яго выступае выказваннем і абурэння, і прыкрасці, і здзіўлення, і захаплення, і згоды. Ужо гаварылася, што вылучаецца шматлікімі параўнаннямі (бы швед пад Палтавай, як ліхі татарын, як Хадкевіч пад Кіргольмам і інш.) маўленне Куторгі, «чалавека бывалага» і, відаць, адзінага пісьменнага сярод непісьменнай шляхты.



[1] Гэты назоўнік, утвораны ад лічэбніка восьмы, павінен пісацца з мяккім знакам пасля с. У многіх выданнях камедыі, у тым ліку і ў Зборы твораў В. Дуніна-Марцінкевіча (1958, с. 71), мяккі знак у слове асьміна адсутнічае.

[2] Падаецца ў слоўніку I. Насовіча са значэннем ‘па крайняй меры’. Параўн. у сучаснай польскай мове: przynajmniej – ‘прынамсі’.

[3] Гэта слова (у форме просоки) занатавана (з пытальнікам на канцы) толькі ў слоўніку У. Даля (з паметай старое і значэннем ‘разведка, ваеннае апазнанне’).

[4] Параўн. гаваркое прозвішча станавога прыстава: Кручкоў.

[5] Прыметнік відны са значэннем ‘прыгожы’ ёсць толькі ў «Матэрыялах для слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак» (Мінск, 1977, с. 27).

[6] Падаецца толькі ў зборніку «Народнае слова» (Мінск., 1976, с.9).

[7] Параўн. у польскай мове: zlękńąć sie—’спалохацца’.

[8] Параўн. у «Краёвым слоўніку ўсходняй Магілёўшчыны» I. К. Бялькевіча (Мінск., 1970, с. 354): прыстырэкыць — ‘марудзіць з работаю за размоваю’.

[9] Слова тагды шырока ўжывалася ў беларускай савецкай літаратуры 20–30-х гг. Напрыклад, у байцы К. Крапівы «Сава, Асёл ды Сонца», у выданнях 1928 і 1934 гг., было: «Як згіне прыкрае святло, дык ты й ляці сабе ў дупло тагды памалу».

[10] Гэтыя, як і амаль усе іншыя радкі з раманса,што спявае Куторга,– варыяцыя макаранічных вершаў, упершыню апублікаваных у кнізе А. Рыпінскага «Беларусь» (Парыж, 1840):

Дам я тобе зэгар – а велькі, як рэпа,

Нех пшы твоім сэрцы завшэ моцна клепа,

Хай напамінае, цо я ці поведзял,

Што і ўдзень і ўночы – неспакойне седзял.

Як адзначаецца ў хрэстаматыі «Беларуская літаратура XIX стагоддзя» (Мінск, 1971, с. 349–350), макаранічныя вершы «ўзніклі на ўзмежку дзвюх моўных стыхій – беларускай і польскай» і «даволі шырока бытавалі перш за ўсё ў асяроддзі тагачаснай «краёвай» інтэлігенцыі». В. Дунін-Марцінкевіч, скампанаваўшы ў адзін раманс вершы «Плач пакінутага каханай» і «За пенкнай паненкай аж душа сумуе», пакінуў у ім толькі 5 польскіх слоў: жалосна, улечы, цетраў, зэгар, клепа.

[11] Некаторыя з названых паланізмаў выкарыстаны і ў іншых творах пісьменніка. Так, частотнасць слова ядыначка —4 [25, с. 19].

[12] Радок з’яўляецца варыяцыяй ужо ўпамянёнага макаранічнага верша «Плач пакінутага каханай»:

Ды ўжо ж насохся! — як лапаць на печы!

Горкая доля!.. А кту ж ме полечы?!

[13] Гл. пра рэалізацыю аж чатырох значэнняў дзеяслова драць (і зноў-такі ў мове Куторгі) на с. 53.

[14] Амаль у такой форме гэты варыянт занатаваны ў працы М. Федароўскага «Люд беларускі на Русі Літоўскай» (Варшава, 1935, т. 4, с. 236): Як наварыў піва, так пі; Якога піва наварылі, такое п’еце.

[15] Параўн. у зборніку У. Даля «Прыказкі рускага народа» (М., 1957, с. 174): Что черно, что бело, вызолоти–всё одно. Або Денежка всё переделает.

[16] У «Нарысах па гісторыі беларускай літаратуры» (Мінск, 1956, с. 81) чытаем: «Мова Кручкова — тыповая мова невука і хабарніка. Ён страшэнна блытае гістарычныя даты, розныя судовыя ўлажэнні, не ведае нават, колькі ў месяцы дзён». Аднак параўн. у «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, с. 118): «Кручкоў, безумоўна, не вялікі грамацей, але ён і не такі ўжо, відаць, наіўны дурань, каб не ведаць, колькі ў месяцы дзён».